Цёмны анёл темный ангел повесть раздел 3 11, 12

11.

  Дзверы кабінета ляснулі, і на парозе з’явілася высокая сівая жанчына ў строгім чорным «настаўніцкім» касцюме і манументальных акулярах на вострым носе. Кірыл адразу зразумеў, што гэта і ёсць Кацярына Віктараўна, сакратарка і распарадчыца мерапрыемства. Ніхто іншы папросту не мог бы так выглядаць.
– Усё гатова, – прамовіла яна і нездаволена азірнула памяшканне. – А пісьменнік што, затрымліваецца?
– Не, я не затрымліваюся, – усміхнуўся ёй насустрач Кірыл. – Я ўжо мінут дваццаць як тут. Мы нават думалі, што вы прынесяце нам кавы, але, паколькі вы былі занятыя...
– Вы ведаеце, што рабіць? – сакратарка рашуча палажыла канец размове пра каву.
– Думаю, выступаць перад студэнтамі, – развёў рукамі Кірыл.
– Вы што, не азнаёмілі таварыша з праграмай вечара? – сурова павярнулася Кацярына Віктараўна да Міколы Генрыхавіча.
– Азнаёміў, азнаёміў, – залыпаў той вачыма. – Не хвалюйцеся, усё ў парадку.
– Мяне толькі трохі бянтэжыць тое, што дыспут будзе праходзіць у актавай зале, – зазначыў Кірыл. – Мне здавалася, што для шчырай размовы аб сучаснай літаратуры лепш падышло б іншае памяшканне, напрыклад, чытальная зала бібліятэкі...
– Вы савецкі пісьменнік, а разважаеце, як чужаземец, – холадна прамовіла сакратарка.
– Праўда?! – шчыра здзівіўся Кірыл. – Вось ніколі б не падумаў, што жаданне размаўляць аб кнігах у зале бібліятэкі – гэта сведчанне буржуазнага светапогляду!
– І ўсё такі, мы чакаем ад вас больш адказнага падыходу да нашага мерапрыемства, – праігнараваўшы ягоныя апошнія словы, дадала Кацярына Віктараўна. – Хочацца спадзявацца, што вы не будзеце размаўляць са студэнтамі пра Салжаніцына, Пікуля, Рыбакова. Не забывайце, усё павінна быць у строгай адпаведнасці з адукацыйнай праграмай.
– А што, з імі ўжо нехта размаўляў пра Салжаніцына? – ахнуў Кірыл, ужо папросту забаўляючыся. – Але гэта ж яшчэ страшней, чым брашуркі з камерцыйных кіёскаў! А чаму пра Рыбакова нельга? Пра «Корцік», пра «Прыгоды Кроша»?
– Няўжо вы самі не разумееце, што ў падобным выпадку абавязкова паўстане пытанне і пра «Дзяцей Арбату»? – абурылася сакратарка.
– А вы самі гэтую кнігу чыталі? – пацікавіўся Кірыл.
– Я не чытаю тых, хто злоснічае супраць савецкай улады, – заявіла Кацярына Віктараўна. – Савецкая ўлада дала народу бяплатную адукацыю, я працую ў савецкай навучальнай установе і, пакуль я тут працую...
– Ну, наконт бяплатнай адукацыі, а таксама медыцыны і гэтак далей, дык тут вы проста не вельмі ўважліва вывучалі Маркса, – перапыніў яе Кірыл. – А то б вы ведалі, што менавіта Маркс у сваім «Капітале» тлумачыў нам, што нічога бяплатнага не свеце не бывае. Калі за нешта не плоціце вы, значыць, за гэта ўжо заплаціў нехта іншы. У нашым выпадку за адукацыю афіцыйна плоціць дзяржава, а кошты дзяржавы, у сваю чаргу, заўсёды складаюцца з падаткаў, акцызаў, а ў нас яшчэ і з палітыкі цэнаўтварэння. Так што ў канчатковым выніку за адукацыю ўсё роўна плоціць не хто-небудзь, а студэнт. Або, у лепшым выпадку, бацькі студэнта – падаткаплацельшчыкі, спажыўцы тытуню і алкаголю, а таксама тыя, хто атаварвае талёны ў нашых крамах па вызначаных дзяржавай цэнах. І не глядзіце на мяне так, калі ласка. Гэта не прапаганда радыё «Свабода». Гэта марксізм, усёмагутны, таму што слушны. Калі сумнеяцеся, я магу вам нават старонкі ў «Капітале» назваць, дзе пра гэта ідзецца. А яшчэ я магу вам назваць старонкі, на якіх асабіста Ленін гаворыць аб тым, што пры сацыялізме такое паняцце, як праца, натуральным чынам адамрэ, паколькі яна з’яўляецца прадуктам капіталістычнай фармацыі і пад ёю разумеецца паднявольная, рабская праца на гаспадара. Пры сацыялізме ж кожны атрымае зямлю і волю і будзе працаваць толькі на сябе. Вы чыталі ранняга Леніна?
– Мне здаецца, нам ужо час ісці ў залу, – прыйшоў сакратарцы на дапамогу Мікола Генрыхавіч, бачачы, што Кацярына Віктараўна яўна не памятае, ці сапраўды Ленін і Маркс гаварылі пра падобныя рэчы, а таму не ведае, што запярэчыць Кірылу, і то чырванее, то ****нее.
– Так, ваша праўда, – згадзіўся Кірыл, якому і самому ўжо надакучыла смяяцца з былой выкладчыцы навуковага камунізму. – Час яшчэ ёсць, але мне б хацелася, перад тым як усё пачнецца, паглядзець на сцэну, зарыентавацца. Хадземце, калі ласка.
І ён рашуча ўстаў з крэсла.

12.

Актавая зала знаходзілася на ўзроўні другога паверху, аднак трапіць у яе можна было, толькі спусціўшыся на першы паверх, прайшоўшы па доўгім калідоры і зноў узышоўшы па шырокай лесвіцы, пад якою мясцілася інстытуцкая сталоўка і вечна пахла студэнцкімі абедамі і прыгарэлым малаком. Менавіта гэты пах Кірыл ненавідзеў усёю душою яшчэ са школьных гадоў і цяпер, ідучы па прыступках следам за Міколам Генрыхавічам, мімаволі перасмыкнуўся ад агіды. Кацярына Віктараўна, што крочыла ззаду, канечне, заўважыла гэта, але ніяк не пракаментавала.
Праз асобныя дзверы яны ўтраіх увайшлі за кулісы, і Кірыл убачыў сцэну. Ад залы яе адгароджвала цяжкая чырвоная заслона, з за якой чулася гудзенне галасоў, што, несумненна, значыла, што аўдыторыя дыспуту ўжо на сваіх месцах, і аўдыторыя даволі вялікая. Падлога сцэны была засланая зялёным дываном. Пасярэдзіне стаяў нізенькі столік і два крэслы, на спінках якіх на доўгіх чорных шнурах віселі забытыя некім мікрафоны. З левага боку на краі была трыбуна. Заднік сцэны быў безгустоўна жоўтага колеру, і на ім красаваліся яшчэ больш безгустоўныя велічэзныя чырвоныя літары: «Слава КПСС!» Якое дачыненне яны мелі да сучаснай літаратуры, было незразумела.
– Вось тут і будзеце выступаць, – растлумачыла Кацярына Віктараўна і махнула рукой, паклікаўшы некага: – Наташа! Наташа!
З за трыбуны з’явілася маладзенькая дзяўчына ў чорным касцюмчыку, больш падобная да школьніцы, чым да студэнткі. З чырвонай папкай у руках яна борздзенька падбегла да строгай сакратаркі, убачыла Кірыла і заўсміхалася:
– Добры вечар, Кір Аляксандравіч!
– Ну, хоць вы мяне пазналі! – усцешыўся Кірыл.
– Гэта наш камсорг, выдатніца Наташа Пракаповіч, – не без гордасці адрэкамендаваў дзяўчыну Мікола Генрыхавіч. – Яна – вядучая сённяшняга мерапрыемства. Сядзець будзеце з ёю за столікам. Зараз мы на яго графін і кветкі паставім.
– Пра гэта трэба было падумаць яшчэ раніцой, – зазначыла Кацярына Віктараўна. – Кветкі купілі?
– Купілі, купілі! – паспешна заківала Наташа. – Валодзька толькі што прынёс. З раніцы яны б завялі ўсе...
– Дык нясіце, нясіце хутчэй! – замахаў рукамі Мікола Генрыхавіч.
З за кулісаў з процілеглага боку выскачыў бялявы цыбаты хлопец і паставіў на столік графін і вазу з трыма ружамі.
– Вы што, звар’яцелі, ружы купілі! – зашыпела, убачыўшы гэта, сакратарка. – Гваздзікоў што, не было?
– Не было, Кацярына Віктараўна, – збянтэжылася Наташа. – Кветачніцы кажуць, не сезон: на першае траўня ўсе гваздзікі павыдзіралі, а новыя не выраслі яшчэ.
– А мне ружы больш падабаюцца, – заступіўся Кірыл. – Разумею, кветка не пралетарская, можна нават сказаць, буржуйская, але я заўсёды ружы любіў. Дык з чаго мы будзем пачынаць дыспут, Наташа?
Дзяўчына ўзрадавалася, што пісьменнік аказаўся ненаравісты.
– Спачатку выйду я, – пачала бойка тлумачыць яна, – павітаюся і дам слова Кацярыне Віктараўне. Яна скажа ўступную прамову і потым перадасць слова вам.
– Разумею, – кіўнуў Кірыл. – А больш ад дэканата ніхто выступаць не будзе? Вось, напрыклад, вы, Мікола Генрыхавіч. Вы ж, наколькі я разумею, філёляг, вам і карты ў рукі, а Кацярына Віктараўна, па мойму, у мастацкай літаратуры не спецыяліст.
– Спецыяліст – вы, – праз стуленыя вусны выдушыла з сябе бледная ад злосці сакратарка. – Мы пагэтаму вас і запрасілі. А я буду выступаць толькі як арганізатар.
– Ага, тады прашу прабачэння, – схіліў галаву Кірыл. Ён сам не разумеў, што з ім такое сёння робіцца, але адчуваў, што спыніцца не можа. Яму было весела, як ужо даўнютка не бывала, а самае галоўнае, ён, можа, упершыню за шмат галоў гаварыў і не баяўся таго, што гаворыць. Гэта было непрывычна, але страшэнна прыемна.
– Ну, што, таварышы, можа, будзем пачынаць? – умяшаўся Мікола Генрыхавіч. – Ужо час, студэнты чакаюць.
– Канечне, давайце пачынаць, – падтрымаяго Кірыл. – Значыць, я пакуль што стаю за кулісамі, так? А пасля прамовы Кацярыны Віктараўны выходжу і саджуся за столік разам з вядучай? Я ўсё правільна запомніў? Тады, прашу вас, падымайце заслону.
Наташа з гатоўнасцю кіўнула, выбегла на сярэдзіну сцэны, узяла адзін з мікрафонаў, што віселі на спінках крэслаў, другі палажыла на столік, разгарнула перад сабою папку, устала ва ўрачыстую позу і коратка махнула камусьці рукою.


Рецензии