Цёмны анёл темный ангел повесть раздел 4 3, 4

3.

Вечарам неспадзявана затэлефанавала цётка Вера.
– Светка, – пачуўся ў трубцы яе хрыплы голас, – тут кліентка зноў прыбегла, раскрычалася, як рэзаная: калі ды калі, маўляў, вы прыйдзеце прывід з маёй кватэры выганяць? Ён там у яе, здаецца, зноў не слаба нахуліганіў.
«Няўжо пачалося?! – у душы ахнула дзяўчына. – Няўжо цёмны анёл сапраўды запанікаваў?!»
– Ты Барысу Сцяпанавічу званіла? – спытала яна.
– Ды ён трубку не бярэ, – паскардзілася цётка Вера.
– Як не бярэ?!
– А я адкуль ведаю! Не бярэ, дый годзе! Ты мне скажы, што з кліенткай рабіць. Яна ўсё яшчэ ў мяне сядзіць, раве немым голасам, дадому ісці баіцца.
– Госпадзі ж Божа мой!.. Ну, супакой яе чым небудзь. Валяр’янкі дай ці якія там яшчэ зёлкі ёсць... Мне цябе вучыць, ці што? Ну вось, а я зараз прыеду, што-небудзь прыдумаем.
Абнадзееная цётка Вера паклала трубку, а Святлана, не ведаючы, што і думаць, накруціла Барысаў нумар. На тым канцы проваду сапраўды ніхто не адказваў. Дзе мог падзецца Барыс у гэты час, дзяўчына ўяўлення не мела. Яна хацела была патэлефанаваць у Інстытут, але зірнула ў акно, за якім ужо густа змяркалася, і перадумала. Пасля здарэння з праходам між прасторамі яна ні ў чым не была ўпэўненая. Хто знае, можа, Барыс задумаў яшчэ якую-небудзь авантуру, пра якую начальства, магчыма, і не ведае, а пачаць шукаць Барыса ў Інстытуце, значыць, падставіць яго пад непрыемнасці. Гэтага Святлана ні ў якім разе не хацела. Выходзіць, справа ясная, трэба ехаць самой.
– Я з табой, – коратка заявіў Данька, калі дзяўчына растлумачыла яму, што здарылася і куды яна збіраецца.
– Няма чаго табе там рабіць. Сядзі лепш дома і пастарайся дазваніцца да Барыса Сцяпанавіча. Калі возьме трубку, скажы яму, каб таксама тэрмінова ехаў да цёткі Веры, – запярэчыла Святлана.
Хлопчык насупіўся:
– Дарэмна ты... Я ж дапамагчы магу.
– Чым? Адправіш нашу кліентку ў іншую галяктыку?
– Я сур’ёзна, а ты...
– І я сур’ёзна. Няма ў мяне часу з табой спрачацца.
– Паедзеш на кватэру кліенткі?
– Пакуль што не ведаю. Трэба будзе, дык паеду.
– Не ездзі адна. Гэта небяпечна. Калі анёл сапраўды раззлаваўся, я абавязкова павінен быць поплеч з табою.
– Ну што яшчэ за выдумкі!
– Не выдумкі. Мне так дзядзька Барыс сказаў.
– Што ён там табе яшчэ сказаў?! Калі?!
– Калі я вярнуўся з паралелі.
– Вы што, з дзядзькам Барысам дамовіліся мяне ў магілу ўвагнаць? Авантурысты няшчасныя! Нікуды не паедзеш! Хопіць з мяне вашых незаплянаваных прыгод!
– Ды ты ж нічога не разумееш, Свет...
– І не хачу разумець! Дзе вось твой дзядзька Барыс? Дзе яго шукаць на ноч гледзячы? Можа, ты ведаеш? Тады давай, каліся.
– Не ведаю я... Ён мяне не папярэдзіў...
– Мяне, сам бачыш, таксама. Тут справа сур’ёзная, а ён на званкі не адказвае! Кіраўнік называецца!..
– Не ездзі на кватэру! – Данька ўзяў яе за руку. – Калі ласка, не ездзі! І кліентцы туды вяртацца не варта. Няхай у якіх-небудзь сваякоў дзень-другі пажыве.
– А можа, да нас яе запрасіць? – з’едліва прамовіла раздражнёная Святлана. – Паслухаем яе істэрыкі з дастаўкай дадому, га? Даніла, у мяне сапраўды няма часу на твае выдумкі. Супакойся, я пазваню, калі прыеду на месца.
Данька апусціў галаву і нічога не сказаў.

4.

Святлана выклікала таксі і, з цяжкім сэрцам пакінуўшы хлопчыка аднаго, паехала супакойваць Ірыну Сяргееўну Лортман.
Ёй здавалася, што машына едзе па гарадскіх вуліцах вельмі павольна. У агульным патоку аўтамабіляў у вячэрнюю гадзіну-пік гэтая ілюзія была асабліва рэзкай, хаця на самай справе рух быў даволі ажыўлены, тым больш што таксіст стараўся падгадваць, каб не стаяць доўга перад светлафорамі. На пунсовым фоне зары на голых галінах дрэў сям-там чарнеліся гракі, якія нядаўна прыляцелі і зусім не баяліся шуму горада. Асабліва шмат было іх у скверы і на бульвары. Яны чамусьці заўсёды прыляталі на захадзе сонца. Адляталі таксама.
Цётка Вера разам з Ірынай Сяргееўнай на кухні пілі бражку – відавочна, гэта быў найлепшы спосаб, які патрапіла выдумаць гаспадыня, каб супакоіць кліентку. Распрануўшыся, Святлана таксама прайшла на кухню і села на табурэтку:
– Ну, што ў вас здарылася? Што за паніка?
– А, гэта вы... – прамармытала Ірына Сяргееўна, тужліва азірнуўшыся. Яна была ўжо парадкам пад чаркай, твар мела чырвоны, апухлы ці то ад бражкі, ці то ад слёз, а пад левым вокам у яе быў нармальны такі сіняк.
– Што ў вас з вокам? – пацікавілася дзяўчына.
– Гэта? – кліентка памацала сіняк пальцам. – Нічога, запудрыцца і не будзе прыметна... Гэта ён, мой сынуля, мне ў вока яблыкам запусціў...
– Якім яшчэ яблыкам?
– Белы наліў, здаецца... Я не разбіраюся... Учора на базары купіла... Два кіляграмы... Вялікія такія яблыкі...
– Наш прывід у яе кватэры ўсё параскідаў, шафу паваліў з кніжкамі, а яе яблыкамі абстраляў, – растлумачыла цётка Вера.
– І ўсе вашы камеры паразбіваў, – дадала кліентка. – Лепш бы вы іх туды і не ставілі!..
Яна ўсхліпнула і асцярожна пацёрла падбітае вока.
Святлана выйшла ў гасціную і затэлефанавала Даньку.
Хлопчык адразу ўзяў трубку:
– Свет, ну, што там?
– Ай, ліха... – паморшчылася дзяўчына. – Цётка Вера яе напаіла. Яна п’яная сядзіць.
– П’яная?
– Аўжож. А ты да Барыса Сцяпаныча не дазваніўся?
– Не. Што думаеш рабіць, Свет?
– Пакуль што пасяджу, паслухаю. Ты не хвалюйся, Данюк, тут нічога страшнага.
– А што зрабіў палтэргейст? Чаго яна так напалохалася?
– Падбіў ёй вока яблыкам.
– Чым?!
– Яблыкам. Белы наліў. Ну, добра, ты сядзі дома, я яшчэ пазваню, калі што якое. Ладушкі?
Данька мугукнуў. Святлана зрабіла ў трубку цмок-цмок, прыціснула пальцам рычаг тэлефона і зноў накруціла нумар – гэтым разам Пецеў.
– Прыязджай да цёткі Веры, я ў яе, – сказала яна, калі хлопец адгукнуўся на другім канцы проваду. – Тут прывід усе твае камеры перабіў. Трэба будзе з’ездзіць, асколкі сабраць. І параіцца трэба – Барыс недзе знік. Ты, дарэчы, не ведаеш, дзе ён? Не? Ну, добра, тады я чакаю.
Яна палажыла трубку і вярнулася на кухню. Там яна застала сярэдзіну размовы: трымаючы ў руцэ шклянку з бражкай, Ірына Сяргееўна скардзілася цётцы Веры:
–...і, што самае галоўнае, ніхто з суседзяў нічога не чуў. Я думала, зараз паклічуць міліцыю, але ніхто нічога... ні як падала мэбля, ні як біліся талеркі, ні як я крычала... Ён разграміў мне ўсю кватэру, але ні зверху, ні знізу, ні з боку – ніхто нічагуткі не чуў! Так ён, калі захоча, можа і мяне спакойна забіць – і ні да кога не дакрычышся!..
– Як вы думаеце, што магло яго так раззлаваць? – спытала Святлана, зноў сеўшы на табурэтку.
– Вы мяне пытаеце? – натапырылася кліентка. – Гэта я вас павінна спытаць, што ўсё гэта значыць!
Сказаўшы гэта, яна выцягнула з кішэні нейкую складзеную ў чатыры столкі мятую паперку і кінула яе дзяўчыне.
– Што гэта? – здзівілася тая.
– А вы пачытайце! А потым растлумачце мне, як гэта трэба разумець!
Святлана асцярожна разгарнула паперку. Гэта была звычайная старонка са сшытка ў клетку. Дробным почыркам, шарыкавай ручкай там было напісана наступнае:
«Прывітанне, Барыс (у тым, што гэта сапраўды ты, а не які небудзь жартаўнік, я не сумняюся – няма падставы). Цікавы ліст ты мне прыслаў пасля столькіх гадоў. Дзякую. Але, скажу шчыра, ён мяне не вельміта здзівіў. Я і сам ужо даўно падазраваў нешта падобнае. Ты хацеў дапамагчы мне ўспоміць праўду, каб з маіх вачэй, як ты пішаш, упала заслона. Што ж, ты дамогся свайго, яна ўпала. Але радавацца табе ўсё-такі не варта. Ты ведаеш, як я жыву. Так, магчыма, гэта не маё жыццё. Магчыма, я яго не заслужыў. Але яно мне падабаецца. Можаш назваць мяне здзіршчыкам або яшчэ як-небудзь – гэта не важна, я і сам сябе часам так называю. Але расставацца са сваім цяперашнім жыццём я не жадаю і, спадзяюся, ты мяне зразумееш. Далёка не кожнаму чалавеку шанцуе так, як пашанцавала мне. Я выцягнуў свой шчаслівы білет, дык няхай ён маім і застанецца. Мне, канечне, вельмі прыкра, што ты не можаш вярнуцца, але, не сярдуй, дапамагчы табе я нічым не магу. І калі ты паспрабуеш сілай адабраць у мяне тое, што я маю, я буду абараняцца. Хачу, каб ты гэта ведаў. Калі пасля гэтага ты не схочаш больш лічыць мяне сваім сябрам – справа твая. Але калі ты сапраўды мой сябар, ты пакінеш мяне ў спакоі і пашукаеш іншага спосабу, каб вярнуцца дадому. Згадзіся, ты ўсё-такі ў лепшым становішчы, чым я: у цябе і там, і тут ёсць дом, праца, людзі, якіх ты любіш. А ў мяне па той бок заслоны толькі магіла. Хай нават пустая. Але ты ж сур’ёзна не думаеш, што мне захочацца ў яе вярнуцца? Бывай здаровы! Твой Кірыл Цімафейчык».
На адвароце дзіцячым почыркам было дапісана:
«Матухна, не спрабуй пасварыць мяне с маім сябрам! Я магу па-сапраўднаму раззлавацца! Сяргей Багінскі».
Святлана павольна-павольна апусціла рукі:
– Адкуль гэта ў вас?!
– Знайшла, – растлумачыла Ірына Сяргееўна. – Атрымала яблыкам у вока, а потым знайшла. На маёй падушцы ляжала.
Святлана адчула, што сэрца яе стыне ад жаху.
– Госпадзі!.. – прамармытала яна. – Немагчыма!..
– Ты чаго такая белая? – спалохалася цётка Вера. – Кепска табе, Светка?
– Укляпаліся мы ў гісторыю, – прамовіла дзяўчына, паклаўшы паперку на стол. – Баюся, не здарылася б бяды, цётка Вера.
– А я не баюся, – з п’янай зацятасцю прамовіла Ірына Сяргееўна. – Хопіць ужо баяцца. Час дзейнічаць! Рашуча! У маёй кватэры пасяліўся прывід. Ён лічыць сябе ў ёй гаспадаром, але гэта ўсё-такі мая кватэра, і я маю права выкінуць з яе любога, каго мне не хочацца бачыць. Вы не можаце мне дапамагчы. Вельмі добра. У такім разе я заўтра ж пашлю тэлеграму ў перадачу «НЛО: необъявленный визит». Яны прыедуць усёй групай і хуценька навядуць у мяне парадак.
– А вось гэтага рабіць не трэба! – аж адхіснулася Святлана, заспетая неспадзеўкі такім абяцаннем. – Што хочаце, толькі не гэта!
– Чаму ж? – усміхнулася кліентка. – Канкурэнтаў баіцеся? Але яны, у адрозненне ад вас, супрацоўнічаюць з сапраўднымі вучонымі, экстрасэнсамі, спецыялістамі. А вы хто такія? У вашай арганізацыі нават назвы няма.
– Вы нават не ўяўляеце, як можаце нашкодзіць сабе, калі сапраўды звернецеся на тэлебачанне, – сказала Святлана, якой упершыню самастойна, без Барыса, даводзілася круціцца ў такой сур’ёзнай сітуацыі, і таму яна адчувала сябе абсалютна раздаўленай.
– Пазваніла б ты начальству, Светка, – параіла цётка Вера, напаўняючы чарговую шклянку бражкай. – Тут, я бачу, справа смярдзючая. Далажыць бы шэфу трэба. Хто ведае, як усё гэта скончыцца...
– Ды нельга цяпер шэфу дакладваць... – дзяўчына сціснула скроні далонямі.
– Чаму?
– Чаму, чаму... Таму што Данька надоечы ў паралель хадзіў. Нелегальна.
– Ды ты што-о!
– З гэтага ўсё і пачалося. І што цяпер Барыс робіць, я таксама ўяўлення не маю. А што калі ён зноў які-небудзь эксперымент выдумаў? А ты кажаш: шэф... Ды тут усё начальства на вушы ўстане, калі даведаецца!
– Вой, Светка, кепска гэта! Я ж, дурніца, толькі цяпер зразумела, наколькі кепска!
– А я пра што кажу!.. – Святлана страсянула галавою.
– Што там у вас кепска? Хто куды хадзіў? – зацікавілася кліентка.
– Вам лепш не ведаць, – уздыхнула дзяўчына.
– Ды хто ж яго пусціў у паралель гэтую?! – усклікнула цётка Вера сярдзіта.
– Сцяпаныч, – растлумачыла Святлана.
– Звар’яцеў ён, ці што?
– Былі ў яго прычыны. Потым раскажу.
– Ах ты, Госпадзі! – зусім расхвалявалася цётка Вера. – Выходзіць, наш Данька нават гэта ўмее?
– Умее. Бачыш, якая сітуацыя...
– Ды чаго там, бачу! Паслухай, Светка, а ці не фальшыўка гэтая паперка? Можа, дарэмна мы так напалохаліся?
– Ды не, не фальшыўка... – са скрухай адгукнулася дзяўчына, разумеючы, што маўчаць, як партызан перад фашыстам, у яе не выйшла і што свайго мілага Даньку яна фактычна падставіла, расказаўшы пра ягоную новую здольнасць. Канечне, цётка Вера была свая, але Ірына Сяргееўна... Не, яна да інстытуцкага начальства не дабярэцца, яна і дарогі туды не знае, і пра існаванне самога Інстытуту не здагадваецца, дый п’яная яна, як парася, – наўрад ці што-небудзь зразумела дакладна. І ўсё-такі Святлана адчувала сябе здрадніцай і ўжо гатова была разраўціся ад прыкрасці і злосці на сябе. – Не фальшыўка тут, цётка Вера. Гэта і страшна. Тут ужо не проста прывід у кватэры. Тут лёсы многіх людзей у небяспецы – і ў той, і ў гэтай прасторы. Разумееш?
Ірына Сяргееўна заварушылася, смуткуючы над пустой шклянкай:
– І ўсё-такі я не разумею, паедзеце вы выганяць прывід з маёй кватэры ці не?
Цётка Вера паспешна падліла ёй яшчэ бражкі і непрыкметна падмаргнула Святлане. Тая ўдзячна ўсміхнулася аднымі куткамі вуснаў – яна разумела, што цётка Вера слушна зарыентавалася ў сітуацыі і ўжо сур’ёзна ўзяла кліентку на сябе, вырашыўшы напаіць яе да поўнай непрытомнасці, каб не блыталася пад нагамі і не перашкаджала дзейнічаць. Што ні кажы, а на цётку Веру, пры ўсіх заганах яе нязноснага характару, можна было цалкам здацца, асабліва калі справа, як цяпер, станавілася зусім крытычнай. Святлана падумала, што, бадай, дарэмна раней ставілася да цёткі Веры так высакамерна і варожа.
– Канечне, я ўсяго толькі звычайная савецкая жанчына без блату, – гамзала тым часам Ірына Сяргееўна неслухмяным, п’яным языком, ні да каго канкрэтна не звяртаючыся, – я не магу разлічваць на спачуванне – ваша або чыё-небудзь яшчэ. Нікога не цікавіць, што ў мяне вышэйшая адукацыя і чырвоны дыплём хіміка, выдадзены МДУ. У нашым горадзе паважаюць толькі сваіх. Тут усе свае, а я чужая, хаця і жыву тут ужо трыццаць гадоў. І дваццаць з іх – гэтая праклятая фабрыка. Смаркатае дзяўчо, сакратарка, яшчэ і года няма, як у нас працуе, а ўжо атрымала на Восьмае сакавіка каляровы тэлевізар ад прадпрыемства! А ўсё за што? За тое, щто з нашым дырэктарам спіць пад бокам у жонкі... А мне, спецыялісту з дваццацігадовым стажам, – паперку, граматку ганаровую!.. Заслужыла! Ды вытры зад сваёй граматкай – патрэбна яна мне! Мне, зрэшты, і тэлевізар ваш не патрэбны, у мяне свой ёсць... быў... сёння яго мой сынуля разбіў... але ж прынцып, сумленне чалавечае...
Яна ціхенька заплакала.


Рецензии