Цёмны анёл темный ангел повесть раздел 4 5, 6

5.

У дзверы зазванілі – прыехаў Пеця. Святлана кінулася да яго, як да паратунку.
– Ды ціха, ціха, Светка! – замахаў рукамі хлопец, калі дзяўчына проста ў пярэдняй, не даўшы яму нават распрануцца, выпаліла ўсе свае страхі, тыцкаючы пальцам у знойдзены ў кватэры кліенткі ліст. – Што ты! Не такім нахрапам! Хадзем у гасіную. Сядай, супакойся, давай па парадку.
Яны селі на канапу, і Святлана распавяла яму пра ўсё. Дала пачытаць ліст. Пеця пачухаў патыліцу, шморгнуў носам:
– І чо?
– Што значыць «чо»? – аж падскочыла Святлана. – Ты што, нічога не разумееш?
– Ды разумею я. Ты пачакай, не гарлапань. Ты ўпэўнена, што гэты ліст з таго боку?
– Упэўнена. У ім такая энергетыка, што нават я адчуваю.
– Ну, тое, што ты адчуваеш, яшчэ нічога не значыць. Трэба было жаўнеру нашаму паказаць. Данька адразу ва ўсім разбярэцца.
– А вось Даньку сюды ублытваць зусім не абавязкова, – запярэчыла Святлана сярдзіта. – Анёл раззлаваўся і мае намер абараняцца. Гэта ўжо не жартачкі, мой мілы, тут вялікай бойкай пахне. А для бойкі я вам хлапчука не аддам. Маленькі ён яшчэ занадта, каб з раз’юшаным анёлам біцца. Толькі цераз мой труп, ясна?
– Дурніца ты. Каму твой труп патрэбны... – уздыхнуў Пеця. – Тут неадкладна дзейнічаць трэба, пакуль бяды не сталася, а без Данькі ў нас толькі два варыянты: або шукаць Сцяпаныча, або ехаць на кватэру самім. Ёсць яшчэ трэці: паведаміць начальству. Але, наколькі я паспеў зразумець, ты на гэта наўрад ці згодзішся.
– Правільна, не згаджуся, – кіўнула Святлана. – І калі ты мне сябар, ты таксама нічога начальству не паведаміш. А што тычыцца Барыса Сцяпаныча, дык тут мне нешта падказвае, што мы з табой яго больш не ўбачым ніколі.
– Няўжо ты сапраўды думаеш, што ён усё-такі ўцёк у сваю паралель?
– Думаю. Хутчэй за ўсё, так яно і ёсць.
– Але ён жа сам казаў, што гэта немагчыма.
– Казаць можна рознае.
– Па-твойму, ён нас папросту падмануў і кінуў на волю лёсу?
– Я з самага пачатку адчула, што і ён, і Данька нешта ад мяне тояць, – сказала Святлана. – Яны, канечне, стараліся, каб я нічога не заўважыла, загаворвалі мне зубы, але я ўсё-такі таксама біяэнергетык, мяне на мякіне не ашукаеш. Падобна, што Данька знайшоў для Барыса Сцяпаныча нейкі пастаянны партал для пераходу ў суседнюю паралель. Яны разам яго апрабавалі, а потым Сцяпаныч кінуў усё і пайшоў да сваёй сям’і, перачмуціўшы, такім чынам, усе прасторы і раззлаваўшы цёмнага анёла. Нам ён, вядома ж, нарабіў клопату, але, ведаеш, я яго ні ў чым не абвінавачваю. Хто знае, што б мы самі зрабілі на ягоным месцы...
– Ну, у такім разе, – прамовіў Пеця, памаўчаўшы, – нам нічога не застаецца, як ехаць на кватэру кліенткі самім.
– І што вы там будзеце рабіць? – на парозе гасцінай неспадзявана з’явілася цётка Вера. – Весці перамовы з цёмным анёлам, прасіць яго, каб ён супакоіўся і больш не хуліганіў? А можа, цыдулку яму напішаце: так, маўляў, і так, хопіць табе, давай жыць дружна?
Пеця і Святлана збянтэжана ўтаропіліся на яе.
– А што ты прапаноўваеш? – здзівілася дзяўчына.
– Дзеці вы, дзеці... – махнула рукой цётка Вера, – няцямлівыя... На адзін дзень пакінулі вас без нагляду, а вы ўжо і заплакалі, замітусіліся: ах, ах, як жа мы без дарослых!.. Куды вам у сур’ёзныя справы лезці! Не адпушчу я вас адных. Кліентка ў мяне ўжо без задніх ног, паложым яе, і яна да раніцы прадрыхне, як бервяно, нават не варухнецца. А на кватэру, калі што якое, я з вамі паеду.
– Але як жа без кліенткі? – разгубіўся Пеця. – Трэба ж ключ і ўсё такое...
– Возьмем і ключ, – тонка ўсміхнулася цётка Вера. – Ён у ейнай сумачцы.
– Але гэта ж зладзейства! У чужую кватэру без дазволу гаспадыні!..
– Ну, калі ты такі прынцыповы, – прамовіла цётка, – можаш застацца тут, кліентку папільнаваць, а мы са Светкай рукі запэцкаць не баімся. Праўда, Светка?
Святлана моўчкі кіўнула.
– Ды вы звар’яцелі! – усклікнуў Пеця. – Што начальства скажа!
– Нічога, калі ты яму не данясеш, – запярэчыла цётка Вера.
– Я данясу?! – абразіўся Пеця. – Ды за каго вы мяне!.. Ну, а што, калі раптам міліцыя? Або яшчэ хто-небудзь? Або сама кліентка ачухаецца і лямант падыме?
– Пакуль што не яна, а ты лямант падняў, – цыкнула на яго Святлана. – Чаго крычыш? Чуеш, яна там, на кухні, замыкала!
На кухні сапраўды нешта нечленараздзельна замармытала Ірына Сяргееўна. Цётка Вера спапяліла Пецю позіркам і пабегла да яе. Праз хвіліну яна пад рукі вывела ледзь жывую кліентку з кухні і пацягнула яе ў сваю спальню:
– Ну вось, а зараз спаткі-люленькі... Усё ў парадку, не трэба хвалявацца. Ну, перабрала трошкі, з кожным можа здарыцца...
У спальні зарыпеў ложак, потым Ірына Сяргееўна выразна мацюгнулася, і настала цішыня.

6.

Цётка Вера выйшла ў гасціную. Рашуча ўзялася ў бокі і спытала:
– Ну, дык што, бяром ключ ці не?
– Ды не, вы пачакайце, пачакайце! – зноў захваляваўся Пеця. – Узяць ключ – гэта адно. Але вось ты, цётка Вера, нас пытала, што мы будзем рабіць, калі прыедзем на кватэру. Ну, мы, скажам, не вельміта ясна гэта сабе ўяўляем, гэта праўда. А ты сама што, дакладна ведаеш, як трэба дзейнічаць у кватэры кліенткі?
– Я дакладна ведаю сёе-тое іншае, – прамовіла цётка Вера, апускаючыся ў фатэль. – Вы сядзьце і паслухайце мяне ўважліва, старую ведзьму. Я ж з дуру не скажу. Тут справа, можа быць, значна сур’ёзнейшая, чым вам здаецца. Тут спакойна трэба ўсё абмеркаваць, каб не наламаць дроў.
– Значыць, і ты ведаеш нешта такое, чаго не ведаю я... – без злосці, але з глыбокім смуткам уздыхнула Святлана. – Вы што, згаварыліся са Сцяпанычам? Ніколі раней не думала, што ён мне аж так не давярае...
– Давер ці недавер тут ні пры чым, дурненькая, – зусім па-добраму запярэчыла цётка Вера. – Сцяпаныч папросту хацеў, каб з табою нічога кепскага не здарылася, таму і маўчаў. Ён жа цябе, Светка, як дачку, любіць. Няўжо ты ніколі не заўважала? Ну, а што тычыцца мяне, дык я, калі што і ведаю, дык не ад яго. Я ні з кім не згаворвалася. Я і сама разумная. У мяне, між іншым, і маці была ведзьма, і бабуля, дык я ад іх паспела сяму-таму навучыцца. І вось што я вам у сувязі з гэтым скажу. Нікуды ад вас Барыс Сцяпанавіч не ўцякаў. Гэта было б здрадніцтвам, а ён не здраднік. Ён афганскі афіцэр, ён сваіх жаўнераў у цяжкую хвіліну ніколі адных не кінуў бы.
– Але, у такім разе, дзе ж ён? – спытаў Пеця нецярпліва.
– Дакладна не ведаю, – адказала цётка Вера, – але баюся, што ён у вялікай небяспецы. Магчыма, ён усю бяду на сябе ўзяў, цёмнаму анёлу аддаўся, каб вас абараніць.
– А што табе вядома пра цёмнага анёла? – насцярожылася Святлана.
– Больш, чым ты думаеш, – адгукнулася цётка Вера. – Не там мы яго шукалі, дзе трэба. Падмануў ён нас, а мы і паверылі. Нават Сцяпаныч паверыў спачатку. Потым, праўда, зразумеў, ды позна.
– Што ты маеш на ўвазе? – зусім спалохалася дзяўчына.
– Канечне, і я вінаватая, – уздыхнула цётка Вера. – Трэба мне было таксама лепш мазгамі варушыць і ўсё вам расказаць адразу. Але пабаялася я. Ніколі ў жыцці такога не бачыла, вось і пабаялася. Думаю, вы мне даруеце, калі зразумееце. Я ўсяго толькі ведзьма, мне ў такія нетры лезці забаронена, а я вось залезла... Я і цяпер баюся, між іншым, ды чаго там ужо...
– Ды пра што ты?! – канчаткова страціў цярплівасць Пеця. – Давай, распавядай, калі ўжо пачала, не цягні нервы!
– Цёмны анёл не ў кватэры кліенткі, – прамовіла цётка Вера. – Ён увесь час быў поплеч з намі, але так пераканаўча іграў сваю ролю, што мы і не падазравалі нічога. Гэта наш Данілка. Вось што я ведаю дакладна!
У Пеці адвісла сківіца.
– Адкуль ты гэта ўзяла?! – шэптам спытала ашаломленая Святлана.
– Ды я ж лячыла яго, – пасцепалася цётка Вера, – прастуду ягоную, на якую ён быццам бы захварэў... А я тых, каго лячу, заўсёды наскрозь бачу.
– І што ты ўбачыла?
– Душы ў яго няма, вось што, – адказала цётка Вера прыгнечана. – Ва ўсіх людзей ёсць, а ў яго няма. Я гэта адчула адразу, як толькі пачала замову чытаць. У мяне адна такая замова, вельмі моцная, я яе заўсёды чытаю, калі трэба чалавека як мага хутчэй на ногі паставіць. Яна мне яшчэ ад бабулі дасталася, дзейнічае не на цела, а на душу і адразу да кораня любой хваробы дабіраецца. А тут чытаю і бачу: не праходзіць мая замова. Спачатку да мяне не дайшло, у чым тут справа, а потым – як малатком па галаве: бацюхны, ды замове ж маёй папросту зачапіцца няма за што! А Данька мяне за руку ўзяў, глядзіць у вочы так спакойна, а ў мяне ў мазгах нібыта ягоны голас: «Ты, старая грахаводніца, нікому пра гэта не кажы. Не твая гэта справа. Зразумела і памоўчвай, а то ў пекле згнаю». Вось і згноіць ён мяне ў пекле за мой доўгі язык. Тады спалохалася, а цяпер яшчэ больш баюся. Я ж ведзьма, мне і так сваіх грахоў не адмаліць, а тут яшчэ перад самім анёлам грэшная стала...
– Госпадзі, ды што ты такое плявузгаеш! – аж ускіпеў Пеця. – Ты сама сябе паслухай: хіба можна верыць у тое, што ты распавяла! Сярэдневякоўе проста нейкае, а не канец дваццатага стагоддзя! Мы вучоныя, а не чарнакніжнікі!
– Ты, можа, і вучоны, – пакрыўдзілася цётка Вера, – а я чарнакніжніца ў трэцім пакаленні і сваю праўду ведаю. За гэтую праўду, між іншым, маю бабулю ў трыццаць восьмым годзе на без права перапіскі ўпяклі і толькі ў пяцьдзесят пятым нейкім цудам выпусцілі, а маці мая ўсё жыццё ў  псіхушцы на ўліку стаяла за тое, што аднойчы вылечыла ад наркаманіі сына сакратара абкаму.Так што ты мне пра сярэдневякоўе не кажы. Яшчэ невядома, хто з нас большы цемрашал.


Рецензии