Краем вока

Залатое лісце пад нагамі і яго ціхі шоргат у ап'яняльнай цішыні. Я іду, набіраючы поўныя грудзі ляснога паветра. Заўважаю нешта краем вока і каршуном кідаюся туды. Ёсць! З-пад ліста выглядае прыгажун-масляк, а навокал — цэлы россып яго сяброў, не заўважаных дагэтуль. І ўсе моцныя, чыстыя. Падрэзаўшы ножку апошняга, з асалодай разгінаю спіну і глыбока дыхаю. Як жа добра! Вельмі добра. Занадта добра.

Наляцелы вецер жорстка вырывае з рукі кошык. Бяссільна назіраю за паламанымі грыбамі, што рассыпаліся па паляне. Вецер мацнее, і вакол мяне ўздымаецца рудое падгнілае лісце, шалёны скрыгат галін раздзірае вушы. Побач зрывае з дрэва вялізны сук. Адзін, другі. Старая бяроза валіцца амаль на мяне, абдзіраючы пруткамі руку і бок да крыві. Я бачу, што ствол толькі выглядае здаровым і даўно струхлеў знутры. Вецер не сціхае, і дрэвы з падманлівай маруднасцю кладуцца на зямлю, пакуль мінаючы мяне. Аслупянеўшы, гляджу ў гушчар, што з кожным імгненнем робіцца цямнейшы. І ў ім запальваюцца вочы.

* * *

Абуджаны ўласным крыкам, я пачуў толькі сіплы стогн. Сапрэлы сяннік пад спінай узмок ад ліпкага поту. Цяжка і хутка дыхаючы, я намацаў вільготны камень сцяны і сеў, скрывіўшыся ад болю. Рука і бок. Глыбокія драпіны яшчэ крывавілі.

Ліхтар за кратамі варухнуўся.

— Гляджу, табе спадабалася, — твар наглядчыка расплыўся ў агіднай усмешцы. Ён павольна аблізаў вусны доўгім, як у каровы, языком, прагна назіраючы за кроплямі маёй крыві. Я сам ледзьве бачыў уласныя рукі ў гэтым паўзмроку, але яго вялізныя зрэнкі глядзелі скрозь цемру. Ліхтар тут быў патрэбны толькі мне. Каб бачыў. — Што трэба сказаць, ёлупень?

— Шчыра дзякую пану кату за навуку, — завучана прахрыпеў я.

— Ой, ну што ты, не трэба падзякі! — ненатуральна засаромеўся кат. — Не турбуйся, Вырадак, я яшчэ зраблю з цябе добрага раба. Яшчэ з паўгода навучання — і дурныя думкі цалкам цябе пакінуць. Будеш яшчэ паслухмяным падданым. Ну, што такое добра?

Я паспяшаўся ўзняцца на ногі, не трымаючыся (нельга! А так хочацца!) за сцяну. На мой жах, боль усё адно замарудзіў рухі. На шчасце, сёння ў ката быў добры настрой, і ён не пакараў мяне. Я хутчэй схіліў галаву ў знак пакоры, паклаў рукі на патыліцу ў знак добраахвотнага паслушэнства і адказаў:

— Добра — значыць у адпаведнасці з пажаданнем гаспадара.

— Што такое блага?

— Блага — значыць не выканаць пажаданне гаспадара.

— Што такое шчасце?

— Шчасце — значыць прынесці задавальненне гаспадару.

Пытанняў было шмат, яны паўтараліся ў розных варыянтах і вярталі да адной думкі: мары аб добрым для сябе прыносяць толькі боль. Калі табе занадта добра, боль будзе найбольшы — у прыкладах кат быў майстрам. І толькі мары аб добрым для гаспадара робяць шчаслівымі абодвух. Я добра вывучыў штодзённы абрад і дазваляў думкам крыху пабыць у спакоі, адказваючы хутка, бясстрасна і, галоўнае, правільна.

Задаволена хмыкнуўшы, наглядчык бразнуў міскай, прасунутай праз пруты, і пайшоў далей. Я хутчэй кінуўся да крат, пакуль ліхтар не схаваўся за выгібам калідора. Паспеў! Міска была ў маіх далонях, і, калі абрынулася цемра, пацукі толькі незадаволена заскавыталі з кутоў.

У камеры насупраць нехта заварочаўся на сенніку і застагнаў. Яшчэ адзін выхаванец. Чамусьці мой сусед ніколі не прачынаўся, і я бачыў у святле ліхтара толькі доўгія зблытаныя валасы, ці то цёмна-русыя, ці то чорныя. Спачатку здавалася, што ён не працягне і тыдня, але мінуў ужо добры месяц, а насупраць нічога не змянілася. Кат нават не заходзіў туды, нібыта чакаў, калі сусед прачнецца сам.

Намацаўшы ў цемры свой нікчэмны ложак, я асцярожна лёг на здаровы бок і хутчэй выцягнуў паўразмоклы сухар з ледзьве цёплай размазні. Лыжкі не было, і я вымачаў кашу гэтым кавалкам. Можа, і добра, што святла не пакідалі: калі б яшчэ і бачыў гэтую агіду, страўнік пэўна б узбурыўся.

— Як жа я стамілася ад усяго гэтага... Можа, пайсці да лекара? — ціхі жаночы голас у маёй галаве прагучаў выразна, быццам яго ўладальніца была зусім побач. Сэрца закалацілася. Новая пакута? Не падобна, тыя пачыналіся ў самых розных месцах, але заўсёды прыгожых і шчаслівых. Не тут. Баючыся выдаць сябе, я стрымаў дыханне і вярнуў міску на месца — у яе адразу ўлез самы шустры пацук. Не звяртаючы на яго ўвагі, я адпоўз да ложка і сеў, паказваючы магчымым назіральнікам, што не сплю. Прыслухаўся да сябе.

— Але ці ж я вар'ятка? Жыву, працую, плачу падаткі. А ўсё гэта проста на краі зроку. Загоняць яшчэ ў дурку, ім абы план выканаць.

Я набраўся духу і паспрабаваў даслаць невядомай жанчыне сваю думку:

— Ты не вар'ятка. Ты бачыш іншы сусвет краем вока. Не ўглядайся! Ні ў якім разе не ўглядайся! Не выдавай сябе! Або ён і цябе зацягне!

Голас спуджана сціх. Але я адчуваў, што сувязь захавалася, і працягваў:

— Не шукай мяне побач. Ты чуеш не голас, а думкі.

— Х-хто ты?

— Падобны на цябе, я таксама бачыў нешта іншае на краі зроку. Але я неяк выдаў сябе і трапіў у турму. Цяпер мяне тут перавыхоўваюць, каб я мог зрабіцца жыхаром іх сусвету. Іх рабом.

Яна сапраўды была падобная на мяне. Не адмежавалася, пераадолела жах цікаўнасцю, засыпала пытаннямі і думкамі. Пра сусвет на краі зроку і тых нешчаслівых людзей, што звяртаюць на яго занадта шмат увагі. Пра навучанне пакутамі. Пра нашу незвычайную сувязь...

* * *



Кволая, няўмелая надзея падымаецца ў маім сэрцы. І яна спраўджваецца! Разам мы ствараем складаны, але хітры план — і вось, кат ляжыць непрытомны ў маёй камеры, а я крадуся па калідорах турмы. За яе межамі мне рабіць няма чаго, трэба вярнуцца ў свой сусвет. Таму я не іду да выхада, а шукаю — і знаходжу! — партал, праз які мяне і выцягнулі сюды. Кідаюся ў яго пад тупат вартавых, за мной пралятае ненавісны кат — і калі толькі апрытомнеў! — і партал закрываецца ўжо ў нашым сусвеце.

Я ўцякаю з усіх ног, а кат страляе з пістолі. На маё шчасце, тут іншасветная куля ляціць зусім па іншых законах і ў мяне не трапляе. Кату хапае розуму прызвычаіцца да новай траекторыі, і цяпер ён цэліць зусім у іншы бок, а кулі лятуць у мой. Я ледзьве ратуюся раз, другі, і раптам пераследнік накіроўвае рулю на сябе. Ён усё добра разлічыў: па новых законах куля паляцела б у мяне; але на яго, як на жыхара таго ж сусвету, дзейнічаюць старыя законы. Гучыць стрэл — і кат завальваецца набок з чорнай дзіркай у лбе. Усё. Няўжо ж усё?!

Ціхі завулак старой Прагі. Маленькая кавярня з адзіным столікам каля ўвахода. Мы сядзім з маёй чорнавалосай збавіцелькай і прагна разглядаем адзін аднаго і наваколле. Ніводнага чалавека. Чысцюткі брук. Старыя дамы. Шыкоўнае піва з уласнай піваварні і брумбаракі — чэшскія дранікі. Смаката! Аж не верыцца, што ўсё так добра. Вельмі добра. Занадта добра.

З абодвух бакоў вуліцы выбягаюць агідныя істоты з нечалавечымі рыламі і зрэнкамі амаль на ўсё вока. Бліжні ўмомант далятае да дзяўчыны і паласуе ёй па горле жудасным вышчарбленым лязом. Мой крык абрываецца разам з другім лязом, што ўваходзіць у маё сэрца.

* * *

У вуснах застаўся толькі сіплы стогн. У грудзях булькатала, па рэбрах сцякала кроў.

— О, сёння я пераўзышоў самога сябе! — шчасліва данеслася ад ліхтара. — Дзе твая падзяка, Вырадак?

— Шчыра дзякую пану кату за навуку, — я адказаў самым гучным шэптам, на які быў здольны мой голас.

— Вось і цудоўненька. Што такое добра, раб?

* * *

— Я ўсё чула. Ён перахапіў тваю ўвагу, калі я паспрабавала знайсці сэнс у нашай сувязі.

— Знікні, здань! Добра — значыць у адпаведнасці... Блага — значыць не выканаць... Шчасце — значыць прынесці...

— Маўчы! Слухай! Пакуль... пакуль яно адбывалася, я шукала звесткі пра нашу хваробу ці што гэта там яшчэ. І знайшла! Гэта сіндром Стэфана. Хворыя на яго бачаць нешта незразумелае краем вока, потым пачынаюць углядацца і цалкам трапляюць у сусвет сваёй хваробы, каб пакутаваць ад кашмараў да скону. Хвароба рэдкая, ёй прафесійна займаюцца толькі ў адным шпіталі ў Гаўлічкувым Бродзе ў Чэхіі. І я знайшла цябе ў спісе хворых, Данік.

Данік. Данііл Верас. Я зарабіў на лячэнне, звольніўся, атрымаў візу і паехаў у Чэхію. І ў першую ж ноч апрытомнеў у камеры. Я памятаю!

— Чаму я тут? Я звар'яцеў ад лекаў?

— Горш. Ты выдаў сябе. Зрабіў тое, што забараніў рабіць мне. Угледзеўся ў іншы сусвет, калі вырашыў, што ў шпіталі цябе абароняць. Там гэта лічаць хваробай, клапоцяцца аб тваім целе, але больш нічога зрабіць не могуць. Табе трэба ратавацца самастойна.

— Здзекуешся? Я больш не рызыкну нічога рабіць! Прэч, дурныя думкі! Добра — значыць у адпаведнасці...

— Воля твая, Данік. Я толькі растлумачу, што кажуць на форуме такіх, як мы. Тых, хто не пажадаў ехаць у дурку. Прыпадкі знаходзяць, калі зацікавіцца. Тое, што было на краі зроку, паступова пашыраецца і займае ўсё жыццё. Таму трэба стрымліваць сябе і не ўглядацца.

Я хрыпла засмяяўся, амаль адразу захаркаў і адчуў у паднесенай да рота руцэ нешта цёплае і вільготнае.

— Мне ўжо позна пра гэта расказваць, дзяўчо.

— Ганна. Маё імя — Ганна, — я не чуў голасу, але нават думкі здольныя быць ціхімі і самотнымі. Мой сусед насупраць ізноў застагнаў і заварочаўся, упершыню перакруціўшыся ў мой бок. Па сцяне калідора чыркануў водбліск святла. — Хутчэй, ён вяртаецца. Каб ізноў змяніць сусвет, трэба зрабіць тое самае! Гэта цяжэй, бо ў нашым свеце табе было нудна і нецікава, а іншы прыцягваў увагу, пакуль не авалодаў ёй. Але ты па-ранейшаму можаш глядзець краем вока! І аддаць увагу роднаму сусвету, разумееш?

Я змаўчаў, баючыся, што кат можа зблізу пачуць і думкі. Не тое што краем вока, я і цэлым вокам даўно нічога дакладна не бачыў. Але... Белы росчырк па каменні сцяны. Яшчэ адзін. Так, калі глядзець краем вока, сцены белыя, быццам тут ёсць іншая крыніца святла, акрамя клятага ліхтара. Край ложка — чыстага! Лямпа. Тут ёсць столь!

Крокі набліжаліся, і я засяродзіўся на новых адчуваннях, заклінаючы сябе не слухаць шаркання ў калідоры. Кропельніца ў руцэ. Нейкая брыдота ў носе. Я пачуў шалёны роў з-за вугла, і святло ліхтара заліло калідор, крыху асвятліўшы абедзве камеры. Краем вока я паспеў заўважыць, што насупраць ляжаў не сусед. Суседка. Чорнавалосая дзяўчына.

Я выцягнуў з носа празрыстую трубку і сеў на ложку. Звычайны пакой шпіталя. Нешта нязручнае пад азадкам. Падгузак?!

Ніколі. Ніколі яшчэ я так не рагатаў.

* * *

— Ведаеш, яны збегліся на мой голас усім аддзяленнем. Лапаталі «Нэ-нэ» ды «Ё-Ё!», пыталі пра нейкія патравіны. Потым знайшоўся лекар, які размаўляў па-англійску, і мы нарэшце зразумелі адзін аднаго. Я падзякаваў за добрае лекаванне і растлумачыў, што вельмі добра сябе адчуваю. Ні слова пра турму. Яшчэ два тыдні — і я быў настолькі здаровы і разумны з пункту гледжання любога медыка, што мяне з палёгкай выпусцілі. Да апошняга чакаў падвоху, жудасна было выходзіць. Дзякуй, што сустрэла!

Ціхі завулак старой Прагі. Невялічкая кавярня з парай столікаў каля ўвахода. За адным ужо засела сям'я з мурзатым дзіцем, і мы хутчэй занялі другі. Ганна адмовілася ад брумбаракаў і заказала веправа калена. А я абраў сырнае асарці (з гермелінам!) і вырашыў нарэшце пакаштаваць бехераўку. Даўно збіраўся.

Вецер нёс па бруку непрыбраныя паперкі, на сцяне старога дома чарнеў незразумелы (здаецца, не надта прыстойны) надпіс. Нас раз-пораз міналі турысты — завулак хоць і ціхі, але не бязлюдны, такіх не бывае ў старым горадзе. Было добра. Вельмі добра.

На краі зроку лупаты кат знясілена лупіў кулакамі па кратах. Нашы двайнікі задаволена прыцмоквалі праз сон і шчасліва ўсміхаліся ў адказ.

13-18.06.2017
II месца на конкурсе апавяданняў газеты "Звязда"


Рецензии