Раздзел 4

Раздзел 4.

Весела размаўляючы пра розныя дробязі, старыя сябры выйшлі з аэрапорта на прасторную плошчу, залітую святлом незлічоных ліхтароў і абкружаную шматпавярховымі будынкамі гатэляў для праязджаючых.  На аўтастаянцы іх ужо чакаў шафёр гьёра Дальца Томас, які пры прыбліжэнні графа і барона радасна ўсміхнуўся і шырока расчыніў дзверцы бэжавага шасцімеснага «Шаліто».
Апынуўшыся ва ўтульным, мяккім і цёплым салёне аўтамабіля, прапахлым усё тым жа дарагім адэкалёнам, што і футры гаспадара, гьёр Оллард адчуў, што добры настрой канчаткова ўкараняецца ў ягонай душы, і падумаў: «Так, прафесар Дархан меў рацыю: мне сапраўды трэба было вярнуцца на радзіму».
Дачакаўшыся, пакуль чамаданы барона будуць належным чынам уложаныя ў багажнік машыны, гьёр Дальц адпусціў насільшчыка і сказаў, усаджваючыся на сядзенне поплеч са сваім сябрам:
– Я, канечне, вельмі добра разумею, дарагі барон, што вы парадкам-такі здарожыліся і, несумненна, хацелі б як мага хутчэй апынуцца дома і адпачыць. Але тым не менш я асмелюся папрасіць вас аб адной паслузе.
– Для вас – усё, што вы толькі захочаце, мілы граф! – з гатоўнасцю адгукнуўся гьёр Оллард.
– У такім разе я б вельмі хацеў спадзявацца, што вы не адмовіцеся ненадоўга заехаць да мяне, перад тым як адправіцца да сябе. Вы стары халасцяк, і таму, вярнуўшыся пасля доўгай адсутнасці, не знойдзеце ў сябе дома нічога цяплейшага за прафесійную ветлівасць слуг. У нас жа вас чакае сардэчны сямейны прыём і выдатная дамашняя вячэра. Маю вам прызнацца, што мая жонка проста-такі згарае ад нецярплівасці, жадаючы як мага быстрэй сустрэцца з вамі. Калі я адпраўляўся ў аэрапорт, яна строга наказала мне прыкласці ўсе намаганні, для таго каб абавязкова ўгаварыць вас у першую чаргу завітаць да нас у госці.
– І як вы толькі маглі падумаць, што я адмоўлюся ад такой цудоўнай прапановы! – дабрадушна засмяяўся гьёр Оллард. – Мы зараз жа едзем да вас!
– Вось і слаўна, вось і выдатна! – заззяў граф. – Томас, паехалі!
Машына плаўна кранулася з месца. Томас быў першакласны вадзіцель – «Шаліто» слухаўся яго, нібы жывы, адклікаючыся на самаменшы рух руля.
– Як здароўе вашай дарагой жонкі, мілы Дальц? – пацікавіўся барон, калі яны выехалі з плошчы на шырокую, ярка асвечаную вуліцу.
– О, дзякую, зусім не кепска, – адказваў граф. – Эліна па-ранейшаму цвіце. Нягледзячы на свае пяцьдзесят тры гады, яна ўсё такая ж вясёлая і таварыская. У яе цудоўны характар – яна здольная радавацца і здзіўляцца з самай нязначнай дробязі, і гэты робіць яе душою любой кампаніі.
Чнестр праплываў за вокнамі машыны перад вачыма барона велічна і няспешна, ззяючы мільёнамі агнёў, рассыпаных прыгаршчамі пад начным небам. У безупынным патоку аўтамабіляў «Шаліто» графа здаваўся малюсенькім самадастатковым светам, які абгароджваў сваіх пасажыраў амаль ілюзорнымі сценамі адчужанасці і даваў магчымасць быць, хаця і часова, усяго толькі гледачом, а не ўдзельнікам жыцця. Гэтае адчуванне бяспекі і недатычнасці супакойвала і настройвала на сузіральны лад.
– Вы пазнаяце горад? – спытаў граф пасля паўзы, бачачы, з якою цікавасцю і ўвагай гьёр Оллар глядзіць у акно машыны. – Ён зусім не змяніўся за гэтыя паўтара года, праўда?
– Так, так, абсалютна не змяніўся, – адгукнуўся барон. – Ведаеце, яшчэ зусім нядаўна мне, шчыра кажучы, ні каплі не хацелася вяртацца сюды з Цабасіі. Але прафесар Дархан настаяў, і я ўдзячны яму за гэта. Якою б прыгожай ні была Цабасія і якім бы ласкавым ні быў яе клімат, усё-такі там усё было для мяне чужым, а тут... Прызнацца, я думаў, што за такі доўгі тэрмін паспеў ужо адвыкнуць ад Чнестра і ён напалохае мяне сваёю грандыёзнасцю, але цяпер бачу, што памыляўся. Я адчуваю сябе абсалютна ў сваёй талерцы.
– Я ад шчырага сэрца рад за вас, дарагі барон. І ўсё-такі шкада, што вы не прыехалі трошкі раней і спазніліся на навагоднія святы. Ведалі б вы, як цудоўна прайшлі яны сёлета ў нашай паўночнай сталіцы!
– Я ўяўляю сабе гэта, таму што ў Зюлейху рэпартаж з Чнестра перадавалі па тэлебачанню.
– Што тэлебачанне ў параўнанні з асабістым удзелам у такой феерычнай падзеі! Паверце, вы атрымалі б калясальнае задавальненне, калі б самі прысутнічалі пры ўсіх урачыстасцях. Не ведаю, як там, у Цабасіі, але ў нас усё прайшло з неймаверным размахам. Асабліва ж успанялым быў баль у герцага ў Перынхосе, і, галоўным чынам, ад таго, што на ім упершыню ва ўсім сваім бляску паявілася графіня Одэнбург.
– Одэнбург? – перапытаў барон. – Ніколі не чуў пра такую.
– І не дзіва! – з энтузіязмам усклікнуў гьёр Дальц. – Прысутнасць графіні ў Чнестры з самага пачатку абкружана такім таямнічым арэолам, што многім яна папросту здаецца казачнай прынцэсай, невядома адкуль занесенай у наш прагматычны свет.
– Вось як? І што ж у ёй такога асаблівага?
– О-о, дарагі мой сябар, двума словамі тут не раскажаш! Трэба бачыць на ўласныя вочы, каб зразумець усё ў поўнай меры. Справа ў тым, што графіня Одэнбург зусім нядаўна прыехала да нас з Кларыд, а правільней, з аднаго маленькага астраўка ля кларыдскіх берагоў, які належаў яе нябожчыку бацьку, а цяпер, натуральна, належыць ёй. Там яна нарадзілася і да апошняга часу жыла амаль бязвыезна, так што менвіта пагэтаму пра яе практычна нічога не ведаюць у нашых колах.
– Падумаць толькі! – пакруціў галавой барон.
– Вось і я тое ж самае кажу! – падхапіў гьёр Дальц. – Увесь Чнестр літаральна трызніць графіняй. Яна здолела пакарыць сталіцу ўсяго за некалькі дзён, і цяпре пра яе гавораць на кожным рагу. Нават сам герцаг Чнестрскі звярнуў на яе асаблівую ўвагу пад час балю і запрасіў на тур вальса, а гэта велічэзная пашана, тым больш што для графіні гэта першы ў яе жыцці вялікі баль.
– Дык значыць, графіня вельмі маладая асоба?
– Зусім яшчэ дзяўчынка! Ёй толькі што споўнілася сямнаццаць гадоў!
– І што прывяло яе з сонечнага кларыдскага вострава ў наш халодны паўночны Чнестр?
– Яна прыехала, каб выйсці замуж за маркіза Шона.
– За маркіза Шона? За маладога Артура-Аўгуста?
– Так, так, менавіта за яго. І маю вам прызнацца, што гэты шлюб стане не толькі сардэчным, але і фінансавым шчасцем маркіза.
– Дык графіня багатая?
– Казачана багатая! Калі ёй споўніцца васемнаццаць, у яе поўнае распараджэнне пяройдзе ўся спадчына, пакінутая ёй нябожчыкамі бацькамі, а гэта нешта каля двух мільярдаў гуціпераў плюс каля дваццаці мільёнаў штогадовага даходу ад прадпрыемстваў і земляў, якімі яе бацька валодаў у Кларыдах і Этчлёстры.
– Ого! Някепска, нічога не скажаш! Проста нейкая казка пра графа Монтэ-Крыста, дый годзе!
– Вось іменна, дарагі барон, вось іменна! Такое параўнанне прыйшло ў галаву не толькі вам. Багацце, якое трапіць у рукі графіні пасля яе паўналецця, ужо на языках усіх плеткароў сталіцы, тым больш што юная Одэнбург і цяпер мае права свабодна распараджацца трацінаю вышэйпамянёнай сумы. Менавіта на гэтыя грошы яна купіла ў Чнестры раскошны асабняк, былы дом Гольба на Рудэнштроме, і вядзе цяпер незалежнае, хаця і даволі-такі замкнутае для свайго ўзросту жыццё, толькі зрэдку паяўляючыся на людзях.
– Што ж, я бачу, фінансавае шчасце маладога маркіза і сапраўды забяспечанае. А калі графіня яшчэ і прыгажуня...
– Маляваная прыгажуня, можаце мне паверыць! Наўрад ці калі-небудзь вам даводзілася сустракацца з такою дасканаласцю. Уявіце сабе: мініяцюрная зграбная шатэнка з чароўнымі зялёнымі вачыма, высокім ілбом і каралавымі губкамі! Сапраўды ж, кожны, хто хаця б раз бачыў яе, ужо ніколі не пазбавіцца ад захаплення, слова гонару!
– Ну, у такім разе я магу толькі сказаць, што маркіз Шон і сапраўды найшчаслівейшы юнак на свеце, раз ужо яму дастаўся такі скарб і ў прамым, і ў пераносным сэнсе. І што, графіня і ён па-сапраўднаму кахаюць адно другога?
– Што тычыцца Артура-Аўгуста, то я магу вам, як старому сябру, з усёю шчырасцю заявіць, што ў мяне ёсць усе падставы падазраваць, што яго цікавяць грошы і толькі грошы. Наогул, мне здаецца, што ён не вагаючыся ажаніўся б нават з якою-небудзь стогадовай бабкай, калі б у той знайшоўся добры пасаг. Апошнім часам фінансы маркіза прыйшлі ў сур’ёзнае расстройства, ён парадкам прайграўся і завінаваціўся цэлую кучу грошай, а ягоныя крэдыторы ўжо даўно пагражаюць у судовым парадку патрэбаваць ад яго выплаты па вэксалях, так што гэты шлюб нагадзіўся вельмі дарэчы. Пагэтаму маркіз так і спяшаецца з вяселлем, не жадаючы чакаць, пакуль нарачонай споўніцца васемнаццаць. Ну, а пра графіню я магу сказаць толькі тое, што яна з Шонам вырасла разам і, будучы дзяўчынай вельмі рамантычнай, пакахала яго яшчэ ў дзіцячым узросце і кахае дагэтуль.
– Як? Хіба маркіз Шон таксама жыў на загадкавым кларыдскім востраве?!
– Ну, не жыў, канечне ж, але прыязджаў туды штогоду, каб прабавіць у трапічным клімаце нашу суровую зіму.
– Падумаць толькі, колькі ўсяго цікавага адбылося ў Чнестры, пакуль мяне не было! Я адчуваю сябе зусім адсталым ад жыцця.
– А ўсё ад таго, мілы барон, што вы вельмі рэдка званілі і яшчэ радзей пісалі мне. Я, канечне, разумею, што вам было не да таго...
– Ну-ну, граф, прашу вас, не крыўдуйце, – усміхнуўся гьёр Оллард. – Я прымаю вашы папрокі, але ўсё-такі спадзяюся, што вы, як чалавек, які знае мяне ўжо вельмі даўно, не надаяце маёй няпамятлівасці надта вялікага значэння. Прашу вас, расказвайце далей, я слухаю вас з пільнай увагаю.
– А што расказваць, дарагі барон! У вас неўзабаве будзе магчымасць асабіста пазнаёміцца з графіняй. Заўтра ў Французскім клюбе адбудзецца вячэра, на якую маркіз Шон запрасіў графіню, а я запрашаю вас.
– Я вельмі ўдзячны вам за гэта, – адказваў гьёр Оллард, – але вы забываеце, што я насілу гавару па-французску.
– Гэта не вялікая бяда, – суцешыў яго гьёр Дальц. – Паводле новых правілаў, прынятых у нас не так даўно, запрошаныя ў клюб ягонымі членамі маюць права на гэтак званыя «льготы гасціннасці» і могуць гаварыць і атрымліваць адказы на сонскай мове. Так, мінулі ўжо тыя часы, калі за выпадкова вымаўленае сонскае слова ў нашым клюбе вас штрафавалі на два гуціперы.
– Што ж, у такім выпадку я з задавальненнем прымаю ваша запрашэнне.
– Вельмі рад, дарагі барон, вельмі рад. Абяцаю, што вам не давядзецца нудзіцца ў гэты вечар, тым больш што ўсе вашы старыя знаёмыя (а іх там збярэцца нямала, бо кожнаму ж хочацца лішні раз паглядзець на славутую графіню) будуць шчаслівыя зноў сустрэцца з вамі пасля доўгай разлукі. Няхай ваша паяўленне ў клюбе будзе для іх прыемным сюрпрызам. Дык значыць, заўтра а сёмай гадзіне я заеду па вас, і мы адправімся. Будзьце ж гатовы.
– Абавязкова!
– Вось і цудоўна!
«Што ж, вось і зноў пачынаецца маё старое жыццё, – падумаў барон, гледзячы ў акно машыны. – Не паспеў я ступіць на сонскую зямлю, як мяне ўжо запрашаюць на велікасвецкую вячэру. Рад я ці не? Бадай што рад. Ва ўсякім разе, абцяжараным я сябе не адчуваю. І не павінен адчуваць! Я ж прыехаў дадому, вакол мяне мой улюбёны горад, поплеч са мною мой дарагі сябар – дык чаго ж яшчэ жадаць і на што можна наракаць?»
І ён ціхенька ўздыхнуў і расслабіўся – яму было добра.


Рецензии