Цыгарэты
Вось самі глядзіце. І не першы раз ужо такое здараецца. Хоць і кажуць, што снарад у адну варонку двойчы не трапляе, а ў нашай сітуацыі, -- дык гадамі лупіць і лупіць, цэліць у адно і тое ж месца.
Вам, можа, і смешна, і не зразумела будзе тое, але глядзіце збоку і паразважце… Уключыце правае паўшар’е, і выключыце левае.
Бо вось што атрымліваецца. Вось. Мы смалім з жонкаю цыгарэты. Раней кожны паліў сваю марку, але апошнія гадоў дзесяць адначасова палім адны і тыя ж, каб змікшыраваць магчымыя праблемы і не ствараць лішніх праблем. Прыйшла да нас такая гармонія і аднолькавае разуменне: адны цыгарэты палім, адно і тое ж віно ці піва любім і п'ём, адны і тыя ж кніжкі чытаем... Нават іншы раз і фільмы аднолькавыя глядзім. І вось цяпер для падцверджання апошні выпадак...
Курцы ведаюць, што час ад часу хочацца змяніць марку цыгарэт. Перайсці на іншыя. Калі ў жыцці мала што мяняецца, дык хоць цыгарэты іншыя пачнеш пыхкаць, ужо нейкія змены. Гэта бадзёрыць і адкрывае новую перспектыву, надае іншы сэнс існаванню... Бывае, што і цана цыгарэт іграе ролю...
Усё ўзаемазвязана і ўзаемазалежна. Гады паўтары пасля доларавага "Монтэ-Карла" перайшлі на "пяцідзесяціцэнтаваю" жоўтую тонкую "Карону". Усё было выключна. Ніякіх праблем. Але надакучыла. Тыдні два таму вырашылі змяніць марку. Спыніліся на "НЗ"-Голд тонкія, бо Вераніка ўзяла аднойчы колькі пачкаў і патрафіла ў масць. Спадабалася, крута! Тыдзень курым. Другі смалім, ніякіх праблем. А далей што вы думаеце? Толькі-толькі прывыклі і палюбілі новыя цыгарэты, як яны адразу ж зніклі з усіх магазінаў, крам, шапікаў, кіёскаў... Нідзе не знойдзеш! І, заўважу, гэта ўжо не першы раз такое вычвараецца. Так што мы з Веранікай рашылі: што некаму здаецца, што яны могуць упраўляць намі, або што яны могуць стварыць для нас невырашьныя праблемы, і ўсім сямействам кірдыкнемся ад гэтых праблем, і надыйдзе край…
Сёння цэлы дзень бегаў па гораду, можа ў 13-ці кропках хацеў купіць “НЗ-голд, тонкія…” Няма, зніклі… Пачак паказваю: няма! Чорныя ёсць, голда няма… Так выбегаўся па Менску, што нават інтэрв’ю на Плошчы Перамогі змаглі ўзяць у мяне. Нешта пыталіся пра беларусаў, пра тое, ці любяць беларусы працаваць… Тэлеканал “Мір”, нешта там наплявузгаў, аператару падабалася, бо свяціўся ўсмешкай на 32 зубы. Ды і вядучая, сімпатычная такая дзяўчынка мне спадабалася, бо пасля маёй роднай мовы і сама пачала саскокваць на беларускую.
Дык вось пад фінал факт. Рэальны факт. Толькі ў краме перад метро Плошча Перамогі знайшоў свае цыгарэты. Да касы падыходжу і кажу:
- Так, прыгажунькі!! Мне вілы! Калі няма ў вас “НЗ-голд, тонкія”, то куплю вяроўчыну, мыла і павешуся. Возьмеце грэх на душу.
Доўга шукалі, але ўсё ж такі нешта знайшлі. Кажу ім:”Дзесяць!”
- Толькі шэсць ёсць.
- Добра, давайце хоць шэсць.
Прыехаў дахата і, самае смешнае, Вераніка таксама купіла апошнія шэсць пачкаў “НЗ-голд, тонкія”. А мы з Веранікаю ведаем, калі апошняе, дык гэта стоадстокава НАША!!!
І вы будзеце мне казаць, што нас з Веранікаю не пасе кантора? Будзем падаваць у суд… Мы іх выведзем на чыстую ваду, каб не лазілі па сметніцах і не глядзелі, якія мы цыгарэты выкідваем. Вось так, шаноўныя. На гэтым усё!
Але ўсё будзе добра. Бо нас не возьмеш за панюшку табака.
Свидетельство о публикации №218082700813