16 юр-iкау

"16 ЮР-ІКАЎ"
Учора ў майго сябра Юрыя Кур'яновіча быў юбілей, 50-цігоддзе. Былі запрошаны з Веранікаю ў кафэ...

З Юрам я пазнаёміўся 12 гадоў таму пасля вядомых падзей 2006 года, увесь час сябруем, перазвоньваемся, сустракаемся, і толькі на Дні беларускага пісьменства даведаўся, што мы нарадзіліся ў адзін дзень, 5-га верасня.

Вёў імпрэзу паэт Віктар Лупасін, усё было настолькі прадумана, што я пашкадаваў, што Юра не запісаў (хаця б на аўдыё!) усю вечарыну. Бо столькі ўсяго было гаворана і пра юбіляра, і пра Лошыцу, і пра гісторыю... Юра выдаў цэлую манаграфію пра "гісторыю крымінальнага вышуку", і сам ён былы падпалкоўнік МВД. Таму і на свяце было яшчэ тры падпалкоўнікі, адзін з якіх працягвае службу. Віктара Патапенка (здаецца, ён таксама падпалкоўнік?), які сядзеў насупраць я ведаў у твар, але ніколі не быў знаёмы і не ведаў, што ён таксама сябруе з Кур'яновічам. Дык вось Віктар Патапенка, калі вучыўся на журфаку БДУ жыў у інтэрнаце насупраць пакоя маёй сястры Надзеі. Таксама насупраць мяне сядзеў пісьменнік Уладзімір Барысевіч, які шчыльна сябраваў і перасякаўся з Міхасём Шэлехавым. Быў мастак па прозвішчу Васюкевіч, забыўся імя (здаецца Сяргей) -- падарыў юбіляру дзве карціны. Уся бяседа павольна цякла на роднай мове. Уставаў Лупасін і аб'яўляў чарговага выступоўца. Такім чынам, усе 13 (з жанчынамі без дзяцей было столькі), перазнаёміліся і пасябравалі. І ўсё дзякуючы імянінніку. Юра папрасіў, каб я ўзяў гітару і мне далі слова самаму апошняму. Выканаў ці не дзевяць песень, на свае вершы, на верш Сыса, Купалы і Шэлехава. Я рады і ганаруся, што ўваходжу ў кола блізкіх Юравых сяброў.
Назад вярталіся на таксоўцы, тым болей што кошт за праезд падзялілі напапалам, бо з намі вяртаўся і Валеры Герасімаў, нашу сусед. І паеў на халяву, і выпіў, і паспяваць далі...

У сувязі з гэтымі падзеямі ўспомнілася, што дзесці ў чарнавіках ёсць паэма, якая засталася недапісанаю (О, Божа мой! А можа яна згубілася? Бо ў 2006 годзе я пасеў быў пакет у метро, заяву пісаў у міліцыю... Некалькі сваіх кніжак, штодзённік і чарнавік. Не знайшлі. Ах, няўжо яна пасеялася нелапісаная паэма, пасеялася ў вечнасць... Падумаў так толькі што - і ў пот кінула). Адным словам, паэма называлася "16 Юр-ікаў!" - галоўны герой, ён жа аўтар, увесь час па ходу тэкста ікае і ўспамінае чаргава свайго знаёмага Юрыка. Пачынаючы з Юрыя Гагарына, з майго нараджэння, і далей па жыцці і тэксту Юра Грушэўскі, Юра Сіманенка, Юры Завацкі і пад самы фінал - Юры Кур'яновіч.
У той час, калі пісалася паэма, мяне з усіх бакоў атачылі і абкружалі адны Юрыкі, у мяне часта па жыцці так бывае, напрыклад у 2017 годзе акружылі шчыльным колам і ўзялі ў палон Зміцеры. А тыды Юрыкі. Дык вось на юбілеі я паабяцаў Кур'яновічу, што знайду ў чарнавіках тую паэму, дапішу яе і ахвярую юбіляру. Шкада будзе, калі яна ўсё ж такі згубілася цалкам з тым пакетам у метро. Бо без чарнавіка немагчыма будзе ўкруціцца ў тую стыхію, а з чарнавіком вельмі проста было б увайсці ў той творчы стан.
Ай-яй-яй!
Можа таму ўчора я і ахвяраваў Юры апавяданне "Аб'есціся блёкату...", што падсвядомасць выдатна ведала, што няма болей ніякага чарнавіка...
06.09.2017 г.


Рецензии