Якуб Колас пад забаронай?

Як Якуб Колас трапіў пад забарону?
Мне сапраўды было забаронена ў Янове на Дзень беларускага пісьменства праспяваць песню на верш Якуба Коласа. Забаронена Аленай Стэльмах. Наколькі ведаю, яна намеснік Мікалая Чаргінца. Яна і забараніла. Распавяду з першых вуснаў, як і што адбывалася. Таму што сказаў аднаму, другому… І паняслося.
Было так. За колькі дзён да мерапрыемства я папрасіў Міхася Пазнякова, каб мяне ўключылі ў афіцыйную праграму, калі будуць выступаць пісьменнікі. Бо Янова для мяне не чужое, там добрую палову жыцця працавала мая сястра, якая цяпер з’ехала ў Амерыку, амаль цэлы год і я там працаваў і жыў. Многія іванаўцы мяне ведаюць. Ён спаслаўся, што сцэнарый ужо зроблены і на 30 чалавек, якія будуць выступаць, адведзена толькі 40 хвілін.
- Хто будзе спяваць?
Ён давай пералічваць, назваў некалькі прозвішчаў, у тым ліку і майго суседа Сяргея Краўца, які спявае песні на вершы Пазнякова.
- Міхась Паўлавіч, мне толькі адну песню, калі скажаце, там і праспяваю, у сярэдзіне, у канцы…Я разумею, але пры чым, напрыклад, Кравец, або іншы хто, калі я член саюза, паэт, бард, празаік і выйду з гітараю.
Я быў упэўнены, што ёсць у сцэнарыі, што мяне ўключылі. Але калі прыйшоў у парк у 14.00 даведаўся, што мяне ў сцэнарыі няма. А я ўжо і гітару расчахліў. Як гэта мне могуць не даць праспяваць, калі я тут? Я басанож праз увесь Мінск да самога прэзідэнта хадзіў, і хто мне можа забараніць, нейкая Стэльмах, якую я нават не ведаў асабіста? За колькі хвілін да пачатку знаходжу Стэльмах. Тлумачу… Пачаў браць на понт, што ўстрою скандал. “Вы п’яны! – гаворыць яна мне, -- я зараз міліцыю выклічу”.
-Выклікайце! І гэтая міліцыя вас і забярэ. Увогуле, калі не дадзіце мне паспяваць тут, то са скандалам выйду з Саюза пісьменнікаў, нахрэн здаўся такі саюз, калі мне не даюць выступіць перад роднымі людзьмі.
Андрэй Скарынкін, чаго не чакаў ад яго, таксама агрызнуўся, маўляў, Толя, ну няма цябе ў сцэнарыі, чаго ты лезеш.
-Ламайце сэцэнарый! Я буду выступаць…
Пачаў канцэрт Андрэй Скарынкін, паспяваў “Спадчыну” на верш Купалы і яшчэ нешт, здаецца, таксама на вершы Купалы. Во, думаю я, акурат і мая песня на верш Якуба Коласа добра пойдзе. А то на вершы Купалы заўсёды спяваюць, а Якуба Коласа, неяк абмінаюць заўсёды і замоўчваюць, як бы адсоўваюць на задні план пасля Багдановіча і Купалы. А ў яго ж ёсць больш магутныя вершы, чым у таго ж Купалы. У яго турэмны вопыт за плячыма, і ён сцвердзіў сябе не толькі як паэт-летуценнік, ён сцвердзіў сябе як чалавек, як семянін. Тры дубкі ў гонар сыноў пасадзіў…
Гэта я ўсё думаў, седзячы ў зале, бо канцэрт ужо пачаўся. Падымаюся на сцэну і зноў навісаю над беднай Стэльмах. Кастусь Цыбульскі дапамог, нейк пераламіў сітуацыю, пачаў схіляць: Алена, маўляў, давайце дадзім чалавеку праспяваць.
- Што вы будзеце спяваць? Які тэкст.
- На вершы Якуба Коласа.
- Што за верш.
І тут язрабіў памылку. Не трэба было мне цытаваць гэты верш. Бо пасля другога слупка яна замахала рукамі: “Не трэба! Не трэба нам тут ніякай палітыкі”.
- Добра. Магу на Багушэвіча “Хмаркі”… Давайце тады праспяваю свае “Атрасіны”
- Добра. Я вас пачула. Але ж глядзіце, не падвядзіце мяне…

Вось тэкст гэтага верша Коласа. Амаль сто дзесяць гадоў таму напісаны, але застаецца актуальным і па сёняшні дзень.
Як лёгкі дым, як тонкі пар,
Расталі ў небе кучы хмар.
Ой, гладзь нябёс далёкая,
Крыштальная, глыбокая!
Як моцны гук, прызыў вясны
З тваёй пачуўся вышыны!
Прастор, прастор і воля там,
Але ня нам яны, ня нам!
Запёрты мы, прыдаўлены,
I краты нам прыстаўлены.
Высок, высок паркан-сьцяна,
Нам песьня волі не чутна.
Ня нам вясна, ня нам прастор, —
Нам мур сыры, нам цесны двор.
Гады ў няволі адцьвітуць…
Ня плач, душа, вясну забудзь!

https://www.youtube.com/watch?v=GiDn_Faf9uQ


Рецензии