Н чога, усё будзе добра

“Полымя” №1 2002


Мікола Захаранка
 

НІЧОГА, УСЁ БУДЗЕ ДОБРА
   1.
   Раніцай пятага дня зімовага месяца студзеня 2001 года на трох “уазіках” і адным “жыгулёнку” ў Шчэрбаўку прыскочыў карны міліцэйскі нарад. Жахлівая вестка абляцела вёску роўна за трыццаць тры хвіліны і злавесным воблакам павісла над прыватнымі падворкамі і грамадскімі пабудовамі.
   Вёска прыйшла ў рух, замітусілася і стала на дыбкі.
   Кожны шчэрбавец спяшаўся ўратаваць сябе і свайго бліжняга. Пешкі, на конях, трактарах і матацыклах імчалі па заснежаных вуліцах і завулках да сваіх родных хат і пунек чорныя вяшчальнікі бяды.
   “Самагонку шукаю-у-уць!” — адчайна і нема крычала-прычытвала надвясковае паднябессе.
   На калгасным машынным двары ўдарылі ў набат — метровую чыгуначную рэйку, падвешаную на двух слупах з перакладзінай.
   Старая Халімоніха, кульгаючы і прысядаючы на кожным кроку, бегла ўздоўж сваёй, самай далёкай ад цэнтра вулкі і стукала, як войт, кійком у шыбы суседзям.
   — Людзі, аблава! Людзі ратуйцеся! Людзі!
   Насмерць перапалоханыя людзі хто ў чым выбягалі з хат, аднак, убачыўшы  Халімоніху, якую не без падстаў лічылі прыдуркаватай, супакойваліся.
   — Цьфу ты, гадаўка дурная! — уздыхалі з палёгкай. — Дурдом па табе плача.
   Потым, аднак, успомніўшы, што дыму без агню не бывае, на ўсялякі пажарны выпадак нібы жартам пыталіся ў Халімоніхі пра характар і мэту тае аблавы. І зноў жахаліся.    Выдавала на тое, што сёння Халімоніха была ў цвёрдым розуме і цвярозай памяці.
   Кідаліся назад у хату, трушком беглі да сваіх хлявоў і пунек, лазняў і варывень, лезлі на печ, пад печ, на гарышча і ў падпол — туды, дзе стаяла на той час учыненая брага або гатовы да ўжытку з яе напой, каб перахаваць у больш надзейнае месца. З лазні пераносілі ў пуньку, з печы — у падпечча, з сена — у салому, з гарышча — у падпол... I гэтак далей.
   Стары Вацак, удзельнік другой сусветнай вайны, пры слове “аблава” апынуўся душою ў гадах ваеннай маладосці і з пярэпуду ледзь не сканаў. На сваё шчасце, краёчкам згасаючага розуму Вацак, па мянушцы Ітой, заўважыў, што Халімоніха не тая гладкая маладзіца, якою была ў 43-м, а старая кульгавая баба. Вацакаў розум акрыяў і лагічна вывеў, што паліцаі, патызаны і эсэсаўцы — фантомы ваеннага мінулага. Яго душа хуценька вярнулася ў цела, цела шмыгнула ў сенцы, рукамі выкалупала з-пад масніцы абрэз, і Вацак у споднім пагнаўся з абрэзам за Халімоніхай. Тая ў апошні момант паспела зашчапіць на клямку свае веснічкі перад самым Ітоевым носам і, апынуўшыся ў поўнай бяспецы, пачала беспакарана варсаць кукішы праз штакет.
   — Ітой-Ітой, ідзі дамой! — яшчэ й дражнілася Халімоніха з-за плоту.
   Стары апрытомнеў, збянтэжана паглядзеў на свае трыкатажныя кальсоны і пакорліва рушыў дамоў.
   ...Тады, у 66-м, Вацака, як ваеннага ветэрана, запрасілі ў школу выступіць. Тады й нарадзілася яго другое імя.
   Перад тым злашчасным “выступленнем” Вацак “прыняў” крыху больш, чым неабходна дзеля сціплага красамоўя, і так распусціў язык, апісваючы звіліны сваёй ваеннай біяграфіі, што ў канцы нейкі руды паскуднік у чырвоным гальштуку нахабна спытаў:
   — Паважаны Вацак Язэпавіч, я не зразумеў... Дык вы былі партызан ці паліцай?
   Вацак разгубіўся, заблытаўся і ўрэзаў праўду-матку:
   — Дык... А я быў і той і той!
   Злавала, зрэшты, не так мянушка, як тое, што праз Халімоніху мог задарма аддаць Богу душу. Чаго спужаўся? Ужо ж мо тыдзень у яго ў хаце не было ані кроплі самагонкі ці хаця б тае брагі. А набліжаліся ж каляды! З іншага боку, не бывае ліха без дабра: сяго-таго ў вёсцы не шкодзіла б крыху патрэсці.
   Такіх зайздроснікаў, як Ітой, у Шчэрбаўцы назбіралася душ пятнаццаць. Спачатку яны таксама пакутавалі ад няведання: радавацца ці гараваць? Нарэшце аб'ядналі два простыя пачуцці ў адно складанае — злараднасць — і пайшлі прасіцца да міліцыянтаў у панятыя.

   2.
   Пра важнасць своечасовай інфармацыі ў справе выжывання на гэтым свеце ведаюць нават жывёлы з раслінамі...
   На той дзень у больш зручным становішчы апынулася верхняе і сярэдняе саслоўе: начальнікі, настаўнікі, канторскія, клубныя і савецкія работнікі — усе, у каго пераважна меліся хатнія тэлефоны. Яны перманентна тэлефанавалі дамоў, паведамлялі сямейнікам аператыўныя зводкі аб ходзе міліцэйскага рэйду, давалі неабходныя інструкцыі і канстультацыі. У выніку актыўнага ўжытку сродкаў электроннай сувязі, менавіта ў тых сем'ях, якія з розумам гэтыя сродкі ўжылі, высілкі міліцыянттаў звяліся на нішто.
   Калі б міліцэйскі кіраўнік аблавы ў спешцы не забыўся на запавет галоўнага бальшавіка аб тым, як важна бывае ў раптоўнай заварушцы захапіць пошту, тэлеграф і тэлефон, — ён бы найперш загадаў падначаленым захапіць мясцовую АТС. Тады, несумненна, аперацыя мела б шматкроць большы поспех і розгалас, а сам кіраўнік нарэшце прасунуўся б на адну прыступку па нялёгкай службовай лесвіцы, а то і на дзве! А так...
   — Алё, Валодзя? — са школы турбавала мужа настаўніца прыгожай славеснасці.—  Праспаўся ужо? А каб цябе халера! Слухай, міліцыя трасе. Што? Ну, самагонку. Ну.   Зрабі, што трэба, і замкніся. Ну!
   — Што ты яго трывожыш з самага рання? — двухсэнсоўна, з сальным падтэкстам пажартавала матэматычка.
   — Не трывожу, а турбую — ёсць розніца? — пагардліва сказала, як адрэзала, пільная да моўных нюансаў “славесніца”.
   — Яна яго ноччу трывожыць, гы-гы-гы, — недарэчы ўмяшаўся фізрук. “Славесніца” зірнула на фізрука, фізрук урос у падлогу.
   “Зачапіла заразу, хай цябе сарочка не чапае!” — мармытала матэматычка, выходзячы з настаўніцкай...
   — Алё? Соня? Пуньку замкнула? А баньку? Ведаеш ужо? Добра. А зараз сама замкніся   — і гамон! — інструктаваў жонку дзяжурны пажарнік Пеця...
   — Грыша, ты? Міліцыя шастае! Чаго-чаго... Трэба ёй! Ускінь на гной у хляве пару вілак сена. Дзе-дзе... Злева, як зойдзеш, у куце. Што там, што там... Не твой клопат. Зрабі, як кажу, і зашчапіся, — нешта хітрае раіла мужу загадчыца фермы...
   — Ленка? Во! Зараз жа вырубі тэлевізар! Міліцыя! — крычаў у трубку малады ветфельшар на сваю маладую жонку. — Які гук? Я табе сцішу! Вырубі зусім! Сцішыць яна... I каб ні адна жывая душа не ведала, што ты дома! Пры чым тут — раўнуеш? Пры чым тут Мішка? Міліцыя, кажу! Ну, цалую...
   — Надзюша, алё, гэта я... Ты тое, што ў калідорчыку... ну, сама ведаеш — што... пастаў у падпол, Ага. Замкніся на верхні замок. Ага. Сядзі, як мыш пад венікам.    Ага... — прасіў нехта нясмелы...
   — Алё! Вася? Ту-га! Вася? Якой ты хваробы там хрыпіш? Тэлефон... Сам гавары, як чалавек. Не! Стой, не гавары, слухай. Нас міліцыя абклала! Мі-лі-цы-я! Пачуў? Гну!   Сцягні з канапы пасцілку, так? I накрый флягі. А зверху прыкладзі дрывамі. Х-хэ! А ты не адчыняй. Як — уварвуцца? А-а... Гэта можа быць. А ты ў той бок, дзе брага, не глядзі, адводзь ім вочы. Што? Вочы, кажу, адводзь, каб яны табе павылазілі! — шумела ў падсобцы магазіншчыца...
   — Ніна, гэта я, — стрымана казаў у слухаўку ляснічы, прыпыніўшы нараду леснікоў.    — На гарызонце пагоны! — сямейным кодам, каб не разумелі леснікі, перадаваў ён жонцы. — Дзе ў нас варэнне стаіць? Так. Так. Так. А ласьён? Так. Так. Так. Добра, дзейнічай па варыянту нумар два. Не! Нумар адзін не падходзіць, яны на дванаццаці колах. На трох машынах, кажу! Што? I свае, і мінскія, і барысаўскія. Ды што ты мелеш! Каго ўгосцім? Яны цябе самі ўгосцяць! Што? Ды што ты мелеш? Хавай брагу за грубку і вон з хаты! — дарэшты раззлаваўся ляснічы. Леснікі зарагаталі...
   Калі б кіраўнік аперацыі ў свой час сур'ёзней паставіўся да метаду дэдукцыі ў крымінальным вышуку, пра які яшчэ ў міліцэйскім вучылішчы распавядаў яму генерал-маёр Грыб, то звярнуў бы ўвагу на адну, на першы погляд нязначную, акалічнасць: у той час, як правады электралініі звісалі пад цяжарам каляднай шэрані,    — тэлефонныя былі чыстыя, сухія і, здавалася, цёплыя.
   “А якую такую гарачую інфармацыю нясуць яны? А ці няма тут прычынна-выніковай сувязі з маім сюды візітам?” — дэдуктыўна разважыў бы ён і тады ўжо абавязкова вывеў бы АТС з гульні!
   На шчасце паспалітым людзям, кіраўнік аперацыі нічога не заўважыў і нічога такога не надумаў.

   3.
   Загартаваная ліхім XX стагоддзем Шчэрбаўка сяк-так падрыхтавалася да выратавання душэўнага гонару і матэрыяльнай маёмасці.
   Але бяда не ходзіць адна! У якасці бяды нумар два ў той дзень па хатах швэндалася кантралёрка з “Энерганагляду”...
   Калі ўдумацца — яна адна ўяўляла пагрозу не меншую, чым атрад міліцыянтаў. Умела заклінаваны электралічыльнік у спалучэнні з дапушчанай да яго кантралёркай утвараў такую выбуховую сумесь, ад якой умелец не тое што ў хаце — у вачах не бачыў святла...
   Адно было добра. Абедзве гэтыя пошасці вымагалі аднолькавых прыёмаў барацьбы: затаіся ў хаце або сыдзі з двара куды вочы глядзяць, хоць у лес, — і ты, лічы, адбіўся.
   А вось трэцяя бяда не ўлазіла ні ў якія рамкі. Зрэшты, іншым разам ніхто б і не здагадаўся, што гэта бяда.
   Прывезлі доўгачаканыя балоны з газам. Два месяцы не вазілі, а тут на табе — прывезлі! З аднаго боку — радуйся!.. А з другога? Спаткаць ля двара машыну, прыняць поўны балон, здаць пусты, заплаціць грошы — звонкая публічная працэдура! Услед за газавіком з балонам у хату маглі прасачыцца і міліцыянт, і кантралёрка, і жук, і жаба.
   У самае сэрца білі газавікі!
   — Што рабіць? — лямантавала ў настаўніцкай матэматычка, спрабуючы вусна рашыць невырашальную задачу. — Не будзе газу — не выганіш той няшчасны трохлітровік, будзе газ — не будзе з чаго выгнаць... Дылема ў мяне, калегі, ой дылема! — заломвала яна рукі.
   — Ва ўсіх дылема, — філасофскі заўважыў стары гісторык.
   — Валодзя! — зноў турбавала мужа “славесніца”. — Чуў, што газ возяць? I што рашыў? А каб цябе халера. А што — я? Рашай сам, ты мужчына ці я?
   — Альтэрнатыва, блін, — хмыкнуў фізрук са значэннем.
   — Дыялектыка, — уздыхнуў гісторык, таксама са значэннем. — Адзінства і барацьба процілегласцяў, як той казаў...
   — Алё, Соня? — як на пажары хваляваўся пажарнік Пеця. — Пуньку замкнула? А баньку? Ну, ціха-ціха, не крычы. Тут нейкая мымра ходзіць, свет нравярае, сячэш? Ты гэта... выцягні плёнку са шчотчыка. Ужо выцягла? А хто цябе прасіў? Я казаў табе замкнуцца? Ну! Дык навошта было лезці не ў сваё? Што, газ? Начорта табе той газ! Яны табе зараз з трох бакоў так загазуюць, што!.. А я тут пры чым? Ды пайшла ты!..
   — Грышка, алё! А чаму гэта ў цябе язык не варочаецца? Га? Дык я ж чую! Ты сена на гной ускінуў? Што?!! Я цябе прасіла? Я цябе прасіла гной выкідаць? Ой, Божачкі, знайшоў, гад! Ой, Божачкі, начорта мне такая жызня з п'яніцам! — загаласіла загадчыца фермы...
   — Надзейка, алё, балоны возяць, што рабіць? I я не ведаю... А ты злаўчыся як-небудзь... Ну, як-небудзь... Толькі глядзі, асцярожна, каб пад лягавага не падлезла. Ну, чаго ты, чаго ты. А я й не кажу, што ты прасьцітутка, — апраўдваўся нехта нясмелы...
   — Алё! Вася, чуеш? У нас балон поўны? А запасны? Вось трасца ліхая! Чаго ты там хрыпіш, зараза, газ прывезлі! Што? Не-не, не вылазь. Не вылазь, кажу, гад! Усё!    Вася, Вася, алё! Зрабі так: апрані салдацкую ватоўку і керзавыя боты абуй. Як пад'едзе газ — вылазь. Што, міліцыя? Ну, калі, не дай Бог, прыскочаць — не прызнавайся, кажы: я тут не жыву. Кажы, што ты сам газавік. Што? Павераць, не бойся, яны, кажуць, барысаўскія. Што? А які сабака цябе ў Барысаве ведае?..
   Ляснічы ўбачыў праз акно “газавозку” і пачаў ліхаманкава накручваць тэлефонны дыск, каб памяняць варыянт нумар два на нумар чатыры. Але паводле варыянта-2, дома жонкі ўжо не было...
   Газ у вёсцы — вялікая спакуса цывілізацыі... Маладая ветфельшарка адчыніла-такі маладому газавіку. Пакуль пазнаёміліся, пакуль ён шукаў па кішэнях новую пракладку, пакуль ставіў балон, пакуль тое, накуль сёе... Яна і не заўважыла, як двое ў форме, прынюхваючыся, лезуць на печ.
   — Ухайдохалася галубка, гатовая... — сказаў адзін у форме, адкінуўшы накрыўку флягі.
   — Самая пара ціснуць! — згадзіўся другі, маючы, як і першы, на ўвазе кандыцыю знойдзенай брагі.
   — Што вы сабе дазваляеце! — успыхнула малодка, памылкова прыняўшы каментарыі міліцыянтаў на свой кошт. — Я мужу раскажу!
   — Ага, раскажаш, — цынічна адазваўся міліцыянт, агідна-красамоўным позіркам правёўшы да дзвярэй газавіка Стасіка...
   Старая Халімоніха зноў пабыла ў “цэнтры” і зноў кульгавым подбегам рухалася ўздоўж платоў.
   — Ну, што там чуваць? — спытаўся ў Халімоніхі Ітой, як нічога і не было.
   — Калоцяць, Вацак, ой калоцяць! — весела адказала Халімоніха.
   — Няхай калоцяць, — раўнадушна зацягнуўся самасадам Ітой. А сам падумаў: вось, бобікі! Гэта ж цяперака, каб і было за што якую пляшку купіць, дык трасцу купіш, не будзе ў каго.

   4.
   Дзяўчынка Таня другі год запар хадзіла ў першы клас, таму ў школе ёй было нецікава. Таня чырыла нагамі па снезе, пакідаючы за сабою звілістую “лыжню”, як раптам яе дагнала незнаёмая цётка ў скураным паліто, з такім, як у Тані, жоўтым партфелем і з доўгім, як у Бураціна, носам.
   — Дзевачка, а, дзевачка, ты з гэтай дзярэўні? — спыталася цётка.
   — Ну, — адказала Таня насцярожана.
   — А можаш паказаць, дзе хто жыве?
   — Магу, — узрадавалася Таня, адчуўшы вабную перспектыву дня. — Я ўсіх-усіх ведаю!
   — А табе... у школу не трэба? — з надзеяй у голасе пацікавілася цётка.
   — Не-а, наша настаўніца памёрла, — знайшла што адказаць Таня.
   Так, сабе на радасць, кантралёрка атрымала нечаканага павадыра...
   Імпульсіўная 36-гадовая прыгажуня Любка па мянушцы Мадона памкнулася пацалаваць мужа Жору на развітанне. Жора груба адпіхнуў Любку, бо спазняўся на працу ў гараж.
   — Каб цябе адтуль на насілках прынеслі! — са слязьмі пажадала яму наўздагон пакрыўджаная Любка-Мадона. Не паспеў Жора завярнуць за вугал, а Мадона ўжо ведала апошнія навіны дня. “Суседка, родная крывіначка, дай ёй Божа!”
   У “актыве” ў Мадоны дзве вываркі саспелай, як вінаградная гронка, брагі, на лічыльніку трохмесячнае запазычанне за “свет” і пусты газавы балон. Наяўнасць першага і другога “напружвалі” Мадону, але не так моцна, як іншых шчэрбаўцаў. Трэцяе     — хутчэй радавала яе, чым прыгнятала. Дзякуючы хамскім паводзінам Жоры, газавая дылема “адчыняць — не адчыняць” вырашалася адназначна: не адчыняць!
   “Нічога, нагамі з райцэнтра прыкоціш, на руках прынясеш, — помсліва думала Мадона ўслед знікламу з вачэй Жору. — Не хочаш мяне насіць — насі балоны!”
   Так што дзверы на замок і — у краму, у гушчу падзей!
   Мадона выскачыла на вуліцу і — нос у нос — сутыкнулася... з кантралёркай.
   — Здрастуйця, — сказала кантралёрка. — Я хачу зняць паказанні з вашага шчотчыка, вы... — яна зазірнула ў сшытак, — Грынеўская Любоў Мікалаеўна?
   Маланкава зрэагавала імпульсіўная Мадона!
   — Ой, што вы, не, якая я вам Грынеўская? Мая фамілія Маеўская, — нявінна адказала яна і борздзенька пакрочыла па вуліцы далей ад граху.
   Кантралёрка разгубілася і з дакорам паглядзела на сваю павадырку.
   — Не верце, цётачка, яна ніякая не Маеўская, яна Грынеўская! — горача зашаптала першакласніца Таня і перахрысцілася. — Каб я з гэтага месца не сышла.
   “Ах, так!” — падумала кантралёрка і назіркам рушыла ўслед за падманшчыцай.
   У краме было поўна бежанцаў. Кантралёрка праціснулася да Мадоны і голасна, каб усе чулі, прамовіла:
   — Вы сказалі, што вы Маеўская, так? А вы не Маеўская, а Грынеўская. Вось і дзевачка пацвердзіць! — урачыста паказала пальцам на неадлучную Таню кантралёрка.
   Твар прыгажуні Мадоны заззяў пяшчотным ружовым святлом.
   — Дзевачка? Якая дзевачка? — ліхаманкава шукала выйсця злоўленая Мадона. — А-а, дзевачка... А я падумала, што вы пытаецеся, якая мая дзявочая фамілія... А так, канешне, я Грынеўская, гэта маё такое прозвішча па мужу.
   - Хадземце, пакажаце шчотчык, — суха сказала кантралёрка.
   Мадона выходзіла з крамы нібы пад канвоем, але горда ўзняўшы галаву і незалежна віляючы сцёгнамі.
    -- Дзявочую фамілію ўспомніла... — з замілаваннем усміхаліся мужчыны, задуменна сузіраючы стройныя ножкі Мадоны ў чырвоных боціках і гожую яе фігурку ў прыталеным палітончыку.
   — А каб табе, бессаромніца, — узрушыліся бабы. — Шаснаццатка знайшлася!
   Мадона ўзышла на свой ганак, адамкнула дзверы і азірнулася. Побач з кантралёркай і першакласніцай Таняй стаяў... міліцыянт.
   — А мы да вас! — гучным радасным голасам паведаміў служылы.

   5.
   Усяго ў той дзень міліцыя ўпалявала тры самагонныя апараты, сем дэкалітраў брагі і дзевяць трохлітровікаў першаку, што і было потым вывезена ў невядомым напрамку і знішчана “па акту”.
   Кантралёрка ў сваю чаргу “заактавала” сем электралічыльнікаў, наглуха заклінаваных умельцамі; у чатырох дамах злосных неплацельшчыкаў “адрэзалі” святло.
   Агаломшаная вёска затрашчала пад цяжарам буйных грашовых штрафаў і карных санкцый.
   — Дзесяць мінімалак! — плакала баба Зіна, — якая тая наша пенсія? Дзе я ім набяруся тых мінімалак?
   — Скажы дзякуй, што не максімалак, — заўважыў здуру ейны шалапутны дзед Кузьма.
   Стрэс, перанесены ахвярамі калатнечы, штурхаў пад рэбры, шукаў выйсця, патрабаваў разрадкі. Назаўтра, на куццю, шостага студзеня Шчэрбаўка гула, як развернуты вулей. I не дзіва — сапраўдная колькасць пацярпелых не супадала са справаздачнай колькасцю міліцэйскага кіраўніка і насатай кантралёркі, а была большая, як мінімум, утрая. Хаця і ўскосна, ад навалы пацярпелі і тыя шчасліўчыкі, якія ўратаваліся, ахвяраваўшы газавым балонам. “Шчасліўчыкі ў двухкоссях”, — як трапна выказалася настаўніца-“славесніца” на пазачарговым надзвычайным педсавеце.
Стрэс лютаваў.
   Яшчэ перад канікуламі “славесніца” загадала двоечніку Воўку Шчарбаку прыйсці шостага студзеня ў школу на дадатковыя заняткі. Воўка ўзяў і прыйшоў! Аднак “славесніца” была не ў стане распавядаць яму пра непераходныя гуманітарныя каштоўнасці на прыкладзе літаратурных твораў і, каб адчапіцца, загадала пісаць сачыненне на вольную тэму.
   — А пра што я вам буду пісаць? — бурчэў бандзюкаваты пераростак Воўка.
   — Гэта твае праблемы, — раздражнёна адмахнулася “славесніца”, але потым, зірнуўшы на Воўку, успомніла, што раздражняцца непедагагічна.
   — Ну, напішы, напрыклад, “За што я люблю міліцыю”, — пажартавала “славесніца”, неабачліва паспадзяваўшыся на Воўкава пачуццё гумару.
   У Воўкі з гумарам было прыкладна гэтак жа, як і з прыгожым пісьменствам. Ён разгарнуў сшытак і напісаў: “За што я люблю міліцыю”. I ніжэй, з чырвонага радка: “Я не люблю міліцыю за то што яны сукі пасадзілі маего атца нізашто. Канец”.
   Шакіраваная “славесніца” хуценька адпусціла Воўку з Богам на ўсе чатыры бакі...
   Загадчыца фермы ўчыніла смяротную бойку з мужам-п'яніцам і пры дапамозе дубовай засаўкі лёгка перамагла...
   Пажарнік Пеця вярнуўся з дзяжурства і — у пуньку. Малайчына жонка... нечапаная!    Пунька нечапаная! Кінуўся да лазні — і лазня нечапаная! А ў пуньцы брага цукровая, як шампанскае пеннае, а ў лазні апарат з нержавейкі новенькі, шваграм на заводзе ў  Барысаве звараны... Вярнуўся Пеця ў пуньку, папіў брагі, сеў на цэбар, прыпаліў цыгарку, зацягнуўся салодкім дымам і, адпачываючы душою і целам ад дзённай трывогі, пачаў успамінаць свой з жонкай мядовы месяц у падрабязнасцях... Захмялеў Пеця ад незразумелага шчасця, кінуў недакурак у кут, на старую ватоўку, і пайшоў да роднай цесцевай хаты вызваляць сваю Соню з палону, выпускаць на волю галубку.
   Ноччу з пятага на шостае пунька гарэла чырвоным, а брага сінім полымем...
   Малады ветфельшар сутыкнуўся ў сваіх цёмных сенцах з Мішкам Абрэзам і без дай прычыны прыраўнаваў да яго жонку. I хаця Мішка кляўся і бажыўся, што ўсяго толькі прыходзіў пазычыць запалак і солі, — ветфельшар збіў Мішку на горкі яблык...
   Непітушчы ляснічы і пяцёра леснікоў кінуліся ў запой...
   — Чаму мяне адну гэтак моцна аштрафавалі? —выступала ў чарзе па хлеб дырэктар Дома культуры. — Хіба я адна прадаю? У нас усе прадаюць, у нас толькі той не прадае, хто купляе!
   Іншым разам жанчыны нагадалі б культработніцы, што “такіх сучак, як яна, няма нідзе на белым свеце, што яна сваёй смярдзючай “чачай” спойвае мужыкоў і ўдзень, і ўночы, што не адзін ужо добры малойца ляжыць праз яе чорны гандаль у сырой зямельцы!” Іншым разам яе б і за валасы адцягалі — даўно збіраліся. Але сёння было не да таго.
   — Гэта нехта свой навёў, адкуль бы яны ведалі, што ты на продаж гоніш? — з'едліва разважыла адна маладая ўдава, і культработніца змоўкла.
   Баба Яня ўзнавіла гутарку.
   — Каб не тая насатая лярва, я б ад міліцэйскіх схавалася, яйбогу! А так — цераз яе не паспела, яна мне галаву задурыла. Кажа, пачаму ў вас, жэншчына, нету бломбы?   Думаю, якой бломбы? Я падумала, яна пра тую бломбу гавора, што ў зубы ўстаўляюць.   Ой, дзетачка, кажу, я ўжо й без бломбаў неяк дажыву, цяперака дабіся да той бальніцы, калі аўтобус то ходзіць, то не ходзіць. Не, канешне, калі б зубы балелі, дык, можа б, і на карачках папаўзла, а не баляць, кажу, дык навошта тая бломба? А яна мне: вы мне зубы не загаворвайце, чаму ў вас шчотчык не круціць? А халера яго ведае, чаму ён не круціць, я, кажу, па шчотчыках не вучылася, у чалавека майго папытайся... Будзеце, кажа, жэншчына, плаціць штраф! Вось так... А тут газ! А тут міліцыя! І вось яшчэ гэтая лярва насатая! Села я на прыпечак, склала вось так рукі і думаю: рабіце, што хочаце! А ў самой сэрца: тах-тах, тах-тах!..
   Учарашнія здрадніцкія паводзіны першакласніцы Тані прымусілі вёску моцна задумацца. “Якое пакаленне мы гадуем!”
   — От, гадасць, — казалі настаўніцы. — З двоек не вылазіць, а людзей прадае!

   6.
   — У доме няма хлеба, — змрочна сказаў Жора. — Ты павінна ісці па хлеб.
   Мадона не варухнулася. У разварочанай міліцыянтамі хаце было холадна, як у душы ў    Мадоны. Д'ябал нашэптваў ёй на левае вуха: “Паглядзі на Жору, ён табе не даруе, тваё жыццё пайшло прахам, у цябе няма выйсця, няма выйсця...”
   Мадона зірнула на Жору — чорт ведаў, што казаў!
   - Ты мяне кахаеш? — спыталася Мадона ў Жоры дрыготкім ад мёртвага адчаю голасам.
   — Не, — змрочна адказаў Жора.
   — Я пайду павешуся! — шчыра ўсклікнула імпульсіўная Мадона.
   — Куды пойдзеш? — недачуў Жора.
   “У пекла!” — шэптам прагаварыўся д'ябал і спахапіўся, спадзеючыся, што яна не начула. Але Мадона пачула. I завагалася.
   — Куды-куды... На кудыкіну гору, — сказала яна ўжо не так імпульсіўна і зусім лагодна дадала: — Пень глухі, ёлупень дурны!
   Жора быў не глухі і не дурны, ён быў мудры і змрочны.
   — Паміраць збірайся, а хлеб купляй, — прыблізна працытаваў Жора народную мудрасць.
   У Мадоны адлягло ад сэрца. Яна плюнула ў памыйнае вядро са смеццем, пад якое зашыўся нячысцік, і пайшла па хлеб.
   Каля крамы тулялася галодная першакласніца Таня.
   — Папалася, зараза? — схапіла яе за каўнер Мадона і тройчы цопнула на мяккім месцы. — От табе! От табе! От табе!
   Таня пабегла дадому жаліцца, а Мадона зайшла ў краму далучылася да чаргі.
   Праз тры хвіліны ў краму ўварвалася запыханая даярка Валя-Валянціна, Таніна маці, і падступілася да Мадоны.
   — Якое ты маеш права рабёнка біць?
   — Заслужыла, дык і атрымала! — спакойна адказала Мадона.
   — Калі заслужыла, дык заяві ў сельсавет, а рабёнка біць не маеш права!
   — Ты, грахаводніца, мяне павучаць будзеш? — рушыла на Валю-Валянціну Мадона, падштурхнутая імпульсам гардыні.
   — Я грахаводніца, бо мой муж у цюрме, а вось ты!.. — адступіла на крок Валя-Валянціна.
   — Што — я?
   — Сказала б, ды прамаўчу.
   — Кажы, я не баюся.
   — Ат, лепей прамаўчу.
   — Ах ты, падсцілка шчэрбаўская! — пайшла ў наступ Мадона. — Прамаўчыць яна! А за што твайго Толіка з ясляў выгналі, не скажаш? Ну, дык я скажу: за тое, што па тры месяцы грошай не плоціш!
   — Я не плачу, бо мой муж у цюрме. А вось ты чаго пры жывым мужу па тры месяцы за свет не плоціш?
   — Ага, на мужа пазайздросціла!
   — Ой, было б на каго зайздросціць! Ён цябе па суботах, як сучку, таўчэць за бяздзетнасць. Даўно з сіняком хадзіла? А я — во, чысценькая, — павяла далонню па твары Валя-Валянціна.
   Валіны словы балюча секанулі па закаханаму ў Жору і збалеламу па мацярынству сэрцу Мадоны. Яна схапіла з прылаўка чэрствы бохан.
   — Зараз гэтай буханкай — ды ў морду!
   Так бы й было. Але чарга абурана заварушылася.
   — Не-не, хлебам нельга!
   — Ты ёй так чым-небудзь, а хлебам — грэх!
   — Калісьці мы ў вайну кожную скарыначку...
   Ля вокнаў спынілася сіняя іншамарка.

   7.
   — Што за шум, а дракі нет? — уваліўся ў краму вясёлы чужы мужчына прыемнай знешнасці.
   Чарга павярнула твар да вясёлага прыхадня. Мадона таропка паклала бохан назад на прылавак і абтрэсла спаднічку.
   — А мы людзі мірныя, — какетліва нажартавала Мадона.
   — Нашто нам тая драка, нам дзяліць няма чаго, — какетліва падтакнула Мадоне Валянціна.
   Прыхадзень усміхнуўся і падміргнуў абедзвюм.
   — Неўжэлі такія бедныя? — прытворна здзівіўся ён і па-блюзнерску выразна агледзеў абедзвюх з галавы да пят, намякаючы гэтым на багацце іх цялесных форм. — А я бы не сказал...
   — Былі не бедныя, да ўчарашняга дня, — груба ўмяшалася ў распачаты нявінны флірт магазіншчыца.
   — Не п-понял, прашу аб'ясніць, — запатрабаваў разняволены прыхадзень.
   Чарга, перабіваючы сама сябе, хуценька, за якіх дзесяць-пятнаццаць хвілін растлумачыла прыхадню сэнс туманна-загадкавых слоў магазіншчыцы.
   — Ітак, у вас был бальшой шмон, — абагуліў пачутае прыхадзень.
   — Бальшой! — дружна згадзілася чарга. — Шманалі, аж кішкі павывярналі!
   — Хм! Так вам і нада, — раптам сказаў прыхадзень.
    Чарга сумелася.
   — Чаму гэта, так нам і нада? — задзірліва пакрыўдзілася яна. — Мы чэсныя людзі, у нас рукі ў мазалях!
   — А галовы? — здзекавалася навалач.
   — Што — галовы? — не зразумела чарга.
   — А то! Вы за каго галасавалі? — прыжмурыў вока прыхадзень.
   Чарга насцярожылася.
   — А пры чым тут гэта?
   — Пры тым, — перадражніў чаргу прыхадзень. — Какая ваша уласць, такая ваша жызнь.    Прашу пардону! — ён нахабна праціснуўся да прылаўка. — Мне, пажалуста, бутылачку шампансакага і шакаладку “Алёнушка”.
   — Не дам! — жалезным позіркам спыніла нахабную навалач магазіншчыца Вера.
   Усе чакалі, што прыхадзень пачне “качаць правы”. Але ён толькі паціснуў плячамі, засмяяўся і пайшоў да дзвярэй.
   — Дуры! — сказаў ён, азірнуўшыся, хаця ў чарзе, між іншым, акрамя баб было двое мужчын: Ленік і Бронік.
   — Ідзі-ідзі, таварыш, пакуль не накастылялі, — сказаў Бронік.
   “Таварыш” паслухаўся, але так бразнуў дзвярамі, што з прамтаварнай паліцы звалілася лялька Ларыса і сказала “Ма-ма!”
   — Шампанскага яму з шыкаладкай! А хрэн табе ў рыла, — сказаў Лёнік.
   — Уласць яму вінаватая! — сказаў Бронік. — На мерсадэсах катаюцца, а ім уласць вінаватая, х-хэ!
   — Страляць іх усіх, мля! — сказаў Лёнік.
   — Ой, бабы, — пачалі бабы, калі мужчыны скончылі, — ён, можа, засланы адкуль, а мы тутака вушы развесілі ды слухаем!
   — Можа, бэнээф які?
   — Наўрад... Ён па-руску гавора.
   — Як сабе хочаце, бабы, а гэта ўсяроўна нейкі справакатар!
   Апошняе сказанае было самае слушнае. У тым сэнсе, што прыхадзень сваім прыходам справакаваў новы рэцыдыў стрэсу.
   У мёртвай цішыні прыгнечаная чарга разбірала хлеб. Хапіла ўсім.

   8.
   Сцямнела рана і хутка. Шэрае хмарнае неба зрабілася непраглядна-чорным, і калі б нехта ў вёсцы чакаў першай зоркі, каб разгавецца, ён бы не ведаў, што рабіць. Але такіх не было — усе разгавеліся яшчэ ў мінулым тысячагоддзі, на польскія Каляды.
   Засвяціліся вокны ў хатах, пагарэлі з гадзіну й патухлі. Сяк-так павячэраўшы, людзі клаліся спаць. I калі б па вёсцы пайшлі начныя калядоўшчыкі, то не ведалі б да каго паткнуцца. Але яны не пайшлі, бо разумелі, што ўчарашнія дзённыя “калядоўшчыкі” ніякіх шанцаў ім не пакінулі.
   Чорнае крыло ночы агарнула людзей забыццём. Людзі снілі кашмары, у сне плакалі дзеці, на падворках вылі сабакі.
   Марудна набліжалася поўнач.
   У гэты скрушны час памёр Вацак-Ітой.
   Душа лёгка прайшла наскрозь старэчую грудзіну, нізкую столь, дзіравы дах і павісла над комінам.
   “Як з карцэра ўцёк!” — весела заазіраўся навокал Ітой, адчуваючы незвычайную лёгкасць і ўзнёсласць.
   З вышыні птушынага палёту Шчэрбаўка выглядала, аднак, непрывабна і наводзіла сум.   Таму Ітой рашыў палётаць над мясцінамі сваёй баявой славы. Прамінуўшы вільчык крайняй, Халімонішынай, хаты, Ітой прыкмеціў у хмызах нейкае варушэнне і спікіраваў уніз.
   Па вузкай сцежцы паміж хмызоў крочыў малады гладкі дзяцюк у папасе з чырвонай стужкай наўскасяк і з нямецкім “шмайсерам” на шыі. Дзяцюк цягнуў на вяроўцы карову, а ўслед бегла-прыпадала якаясь маладзіца ў лахманах і нешта адчайна, бачна было на вуснах, выкрыквала. Вось маладзіца перагнала карову і схапіла яе за рогі. Дзяцюк павярнуўся, таксама нешта сказаў бязгучнымі губамі і торкнуў ствалом “шмайсера” маладзіцу ў грудзі. Тая ўпала, зайшлася плачам і болей не чаплялая да дзецюка.
   “Што ж ты робіш, гад!” — нема закрычала Ітоева душа, але вядома, што не была пачутая.
   Раптам душу скаланула здагадка:
   “Ды гэта ж я, Вацак! Бляха-муха! А маладзіца — Халімоніха! Гэта ж сорак трэйці, зіма! Бляха-муха... А карову звалі Суботка!»
   — Суботка, Суботка! — паклікаў Ітой, але партызан, маладзіца і карова расталі, як прывідныя здані, у напластаваннях мінулага часу.
   “Ах, ты ж, ах, ты ж! — занудзіўся Ітой, успомніўшы і іншыя свае паходжанні. —  Гэта ж трэба, столькі ўсяго награшыў, а не ведаў, пакуль не памёр.
   Душа памкнулася ўгару, прасіць прабачэння ў Бога. Але чорнае неба непрыязна адштурхнула ад сябе Ітоя, і ён бездапаможна завіс паміж небам і зямлёю.
   Зрабілася холадна, і голая душа затрэслася, ак авечы хвост.
   “Не, мусіць, рана мне туды”, — разважыла яна і тою ж самай дарогаю вярнулася ў сваё, яшчэ не астылае цела.
   — Няма дурных, пажыву яшчэ тутака, — ажыўшы, мармытаў Ітой, падцягваючы да барады кажух. — Заўтра папрашуся ў Халімоніхі... Скажу, Наталля, карову я ўжо табе не адкуплю... Навошта табе цяперака тая карова... Ты мне так даруй...

   9.
   Роўна апоўначы па мясцовым шчэрбаўскім часе, які амаль супадаў з віфлеемскім, над   Віфлеемам загарэлася Зорка, а хмарнае неба над Шчэрбаўкай умомант зрабілася чыстым.
   Сонныя людзі глыбока ўздыхнулі і ўсхліпнулі. Мірна засаплі дзеці. Змоўклі сабакі.
   Над Зарэцкім лесам, на паўднёвым усходзе, паўстала залаціста-блакітная Божая Маці з Немаўляткам на руках. Вялізнымі вачамі Яна доўга і пільна ўглядалася ў твары вяскоўцаў з журбою і жалем.
   — Нічога, нічога, — шаптала Божая Маці, — усё будзе добра. Даруй ім, Божа!
   Позірк Яе затрымаўся на Любчыным твары.
   “Мадона!.. — усміхнулася Божая Маці. — Якая ты яшчэ Мадона, трэба ж такое людзям прыдумаць!” Любка неспакойна паварушылася ў ложку.
   — А ведаеш што, сястрыца... Няхай будзе па-іхняму! У цябе народзіцца сыночак, я вымаліла табе. У Яго, — паказала Божая Маці на Немаўлятка вачамі. — Толькі гэта сакрэт, тс-с-с! — прашаптала Яна Любцы на вушка і разам з Немаўляткам растала ў зорным і месячным небе.
   Грынеўская Любка, па мянушцы Мадона, не прачынаючыся, павярнулася на правы бачок і левай ручкай ашчапіла Жору. На яе ружовых вуснах заблукала шчаслівая ўсмешка.
   Жора чмыхнуў носам. Яму снілася, што яны з Любкай бягуць і бягуць па роснай траве да самага сіняга мора — купацца.

   2002
   “Полымя” №1 2002


Рецензии
На это произведение написаны 4 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.