Шэсце

Настаўніца Марыя Ахрамовіч, якая выкладала спевы ў цэнтры дадатковай адукацыі для дзяцей, не магла дачакацца выхадных. У канцы снежня пачынаўся яе двухтыднёвы адпачынак. Планаў было шмат. Навучаная жыццём, сарака пяці гадовая жанчына ведала, што жыць трэба так, каб не заставалася ніводнай хвіліны на сум. І Марыя Ахрамовіч жыла... Жыла пераважна на працы. Доўга даводзілася заседжвацца ў цэнтры, асабліва ў перадсвяточныя дні. А дзён тых у календары – вунь колькі! Але сёлета Марыя Ахрамовіч паслухала свайго мужа і ўзяла адпачынак зімой. Ён жа рабіў так заўсёды, часта ў кампніі сяброў расказваў, чаму адпачывае зімой, а не летам:
- Летам самі падумайце: агарод трэба, тое трэба. А зімой што?..  Ляжы сабе на пузе, пстрыкай каналы па тэлевізары.
Зрэшты, Віктар Ахрамовіч ніколі не перарабляў і летам. Усё сваё жыццё ён правяраў лічыльнікі газу. Звычайна свой абыход ён сканчваў да абеду, пасля ішоў дадому і спаў. Калі прыходзіла жонка, ён увесь пакамечыны ўскокваў і казаў, што нядаўна прыйшоў і вельмі стаміўся. А жонка верыла. Бо і камплекцыяй Віктар паходзіў на спрацаванага мужчыну. Ён быў хударлявы, здавалася, што есць раз на дзень, затое Марыя ўмяшчала ў сябе тры такія Віктары. Часам ён з яе  нязлосна жартаваў: “Прасцей перапрыгнуць, чым абысці”. Марыя напачатку іх замужжа злавалася, але пасля прывыкла. Пагатоў, яна лічыла, каб не яе такая камплектацыя, ці як яшчэ называла – канстытуцыя, не было б у яе такога голасу.
Жанчына сядзела за сталом у фатэлі і крэмзала накіды таго, што яна збіраецца рабіць у час адпачынку. Праўда, яна была дакладна ўпэўнена, што перачытваць запісы не будзе, а крэсліць іх так – абы было. Але ж трэба было нешта напісаць у штодзённіку, які быў пусты: за цэлы год ні радка. Якраз летась  іх аддзелу падарылі штодзённікі. Марыін так і праляжаў без справы. Толькі аднойчы яна брала яго на раённае паседжанне настаўнікаў дадатковай адукацыі. Заўсёды на падобных сходах штодзённік на каленях і позірк разумнага чалавека робяць сваю справу. Але тады Марына так нічога і не запісала. Прамовы былі пустымі, і здаецца, набор слоў і змест быў такі ж самы як і год, і дзесяць таму…
Думкі былі недзе далёка, ды раптам загудзеў тэлефон. Марына вярнулася, няспешна падняла тэлефон:
- Алё!
- Марыйка, гэта я. Святлана Міхайлана, – праспявала дырэктрака іх установы.
- Што здарылася?
- Зайдзі на хвілінку. Пагаварыць трэба.
- Іду.
Марыя паклала тэлефон, і цяпер усё набыло адценне рэальнасці. Запульсавалі думкі: “Што там магло здарыцца? Можа, нешта не здала? Але ж святы хутка… Мо так чаго? Дый голас спакойны быў… Калі Святлана Міхайлаўна злая,  дык раве басам”.
Дайшоўшы да кабінета дырэктаркі, Марыя супакоілася, пагрукала з дзверы, зайшла. Святлана Міхайлаўнка, ці як яе называлі падначаленыя паміж сабой, Святуся, размаўляла па тэлефоне і нешта пазначала ў нататніку. Убачыўшы Марыю ў дзвярах, кіўнула ў бок крэсла і працягвала адказваць у слухаўку:
- Ага… ага. Так... Мг... Зробім. Атож! Ага. Ну… І Вам усяго!.. Шчаслівенька!
Скончыла размову, выдхнула:
- Усё... Стамілася нешта. Зноў гэтыя з горада званілі. Ад кожнага раёна трэба па Дзеду Марозу. А дзе я яго вазьму, таго Мароза, калі ў нас у цэнтры і мужыкаў, акрамя Саныча, няма. Хай у яго нос заўжды чырвоны – мазаць фарбай не трэба і на барадзе зэканоміць можна: па пуп ужо адгдаваў… Але яму толькі ролю гнома даверыць можна. Ну, граў гады два таму ролю баравіка на раённым мерапрыемтсве па ахове прыроды. Нават нейкі дыплом зарабіў. Але які з яго Мароз?..
Марыя слухала гэта ўсё, трохі ўсміхалася. І тут дырэктарка перавяла на яе позірк:
- Машуня, вось што… Давай мы цябе за Дзеда Мароза паставім у калону. Там работа нескладаная. Трэба будзе прайсці па праспекце, і пакуль будзеш ісці – будзеш махаць рукой. Твар вясёлы можна не рабіць: усё адно пад барадой ніхто не ўбачыць. Ну, Маш, зробіш, га?
- Святлана Міхайлаўна, у мяне адпачынак ад заўтра. Не магу я.
- Ай… Я што ў цябе адпачынак краду? Адзін дзень мне ўслужы.  Там жа на пару гадзін работы. Пройдзешся – ды дома сядзі. Я б і сама Марозам рада была прайсціся, але  папер вунь колькі… і ўсё тэрмінова трэба.
- Не ведаю, Святлана Міхайлаўна. Які з мяне Мароз... А касцюм дзе браць?
- У мяне ёсць. Прынясу. Дома вісіць, мой пару разоў напяльваў, як дзеці малыя былі. Мо і больш бы пацягаў, дык сын у пяць гадоў угледзеў, як бацька апранаўся Марозам. Ну, і ўсё… Касцюм стаў непатрэбны.
- Не ведаю я…
- Ну, што ты не ведаеш? Якія там у цябе планы на 28 снежня, што ты не можаш прайсці ў калоне?
- Ды пакуль ніякіх…
- Ну, вось! Ды не пераймайся ты! Пару гадзін – і свабодная. Ну?..
- Добра. Угаварылі…
- Вось і ўсё!

***
28 снежня, як і было запланавана, адбывалася шэсце Дзедаў Марозаў. Народу сабралася процьма. У паветры кружляў заразны вясёлы настрой. На галоўнай сцэне перад палацам спявалі песні. Адна зорка замяняла другую. Усе хіты былі пра Новы год, зіму. Адна прамёрзлая спявачка выканала кранальную песню:

Пахкі мандарын
Замёрз у снезе,
А ты шукаеш елку
У цёмным лесе.

Некаторыя плакалі. Нядаўна гэта песня заняла першае месца ў раённым хіт-парадзе. Марыя, пачуўшы песню, сама сабе падумала, што голас у дзяўчыны неблагі і песня закранула, нават плакаць хацелася. А можа, гэта проста стан душы?
Жанчына зайшла ў палац, каб пераапрануцца ў Дзеда Мароза. Учора Святлана Міхайлаўна асабіста прынесла ёй касцюм дадому:
- Маруся, я так рада, так рада за цябе. Ты нават не ўяўляеш… Гэта ж такі гонар прайсціся ў калоне Дзедаў Марозаў. Ну, глядзі, Марыйка! Каб усё было добра! Глядзіш – і спадабаецца, традыцыяй стане раз на год у шэсці паўдзельнічаць.
Аддаўшы касцюм, дырэктарка хуценька пабегла ўніз па прыступках, нібыта збыла з сябе нейкі клопат на іншага.
У Марыі Ахрамовіч не было жадання прымяраць касцюм, яна проста паглядзела на чырвоны аксамітны халат чырвонага колеру, такую ж шапку, на аблезлую белую бараду і паклала гэта ўсё ў пакет.
Муж, якія ў гэты час глядзеў тэлевізар, чарговы раз пажартаваў:
- Во. Жыў з бабай, цяпер буду жыць з дзедам! –  і зарагатаў на ўвесь пакой
- Каб ты скіс! – адсекла яго Марыя, але на душы было неспакойна і ў той жа момант абыякава.
Зайшоўшы ў палац, Марыя заўважыла, што і тут было чуваць музыку, якая даносілася са сцэны, толькі  гучала яна прыглушана. Жанчына скінула з сябе  зімовае паліто і накінула аксамітны халат. І якое ж было расчараванне… “Божа! Ён жа не сыходзіцца…” Марыя паглядзела на сябе ў люстэрка, халат ахапіў толькі дзве траціны яе цела.  Сіні зімовы світар выбіваўся на паверхню. Але адступаць позна. Хутка выхад на людзі. Неабходна было нешта прыдумаць. Але што?.. Жанчына тузала крысо халата, цешыла сябе марнай надзеяй, што гэтак расцягне яго да патрэбнага памеру, але нічога не ратавала. І тады Марыя вырашыла: “Хай будзе як будзе! Чорт з ім, з гэтым халатам!” Начапіўшы бараду і трохі падперазаўшы халат, бо і завязкі апынуліся не такія доўгія, як хацелася, жанчына выйшла вонкі з памяшкання палаца.
Дзедаў Марозаў пачалі пускаць за агароджу, паабапал якой стаялі людзі, якія хацелі на свае вочы пабачыць парад. Марыя стала ў сярэдзіне калоны. Вядоўца, які знаходзіўся на сцэне, сказаў, што само шэсце пачнецца праз пятнаццаць хвілін, яго будуць асвятляць на ўсю краіну,  і нават за яе межамі ахвочыя могуць пабачыць такі цуд, які праходзіць толькі раз на год. Марыя стаяла і думала пра сваё. Нават цяжка сказаць пра што былі тыя думкі, ніякай канкрэтыкі, проста развагі пра ўсё і ні пра што. Марыя агледзела ўсю калону, немагчыма было сказаць, дзе яна пачыналася і сканчвалася. Як ёй здалося, усе наўкола Дзеды Марозы думалі таксама пра нешта сваё. Некаторыя даставалі свае чароўныя тэлефоны, замотаныя ў гірлянду і фатаграфаваліся. Хвіліны плылі, здавалася, яны стаяць тут вечнасць, яшэ з мінулага года.
Пачаўся адваротны адлік: дзесяць, дзевяць, восем… Натоўп мінакоў лічыў разам з імі… Адзін…
- Старт! – выбухнула грамада, самы галасісты быў, безумоўна, вядоўца. У яго ж мікрафон!
Калона няспешна рушыла. “Толькі не забывай махаць рукой! Не забывай махаць рукой! – віравала ў Марыінай галаве. – Проста махай рукой, можаш нават не ўсміхацца.” Так Дзеды Марозы ішлі хвілін дзесяць, пакуль не звярнулі ў двары адной з гандлёвых крам, дзе сваіх ахвяр ужо чакалі журналісты, каб запытацца пра адчуванне свята і ўсяго такога.
Да Марыі таксама падбег адзін журналіст і пачаў тыцкаць у твар мікрафонам, нешта запытваўся. І толькі праз некалькі секунд Марыя расчула яго пытанні, якія сыпаліся без перапынку:
- Вы самы Немарозны Дзед Мароз… Вы апрануты так, каб кінуць выклік грамадству?..  Гэта ваша пазіцыя?.. Вы супрацоўнічаеце з нейкімі партыямі, які прадстаўляюць лета?..
Жанчына не ведала, што адказаць. Але пасля падумала: “Усё адно няма чаго губляць”. І адзінае, што ёй застаецца, гэта атрымаць задвальненне ад сённяшняга дня. Усё пайшло не так яшчэ на мінулым тыдні, калі дырэктарка запрасіла яе да сябе ў кабінет. А цяпер надышоў канец пакутам:
- Так, гэта выклік! Гэта мая партыя! Гэта мая пазіцыя! – не памятаючы сябе крычала Марыя.
Спалоханы журналіст адступіў, ён ніколі не натрапляў на такіх асоб. Юнак толькі выдавіў:
- Дзякуй за адказ!..


***
Назаўтра ў газетах выйшаў артыкул, дзе на першай старонцы быў фатаздымак Марыі і надпіс: “Антымароз”. Святлана Міхайлаўна, дазнаўшыся пра гэта, адразу ж патэлефанала Марыі і запыталася, што там адбылося. Марыя расказала ўсё як было. Нічога крамольнага Марыя за сабой не вызначала. Дырэктарка толькі павохкала, бо на наступны год зноў трэба будзе шукаць Дзеда Мароза сярод падначаленых. Парад Дзедаў Марозаў яшчэ тыдні два круцілі па каналах у кароткай нарэзцы, вось толькі Марыі, якая трапляла туды пару разоў за ўвесь дзесяціхвілінны ход, чамусьці выразалі, і замест яе аблічча быў чорны квадрат. Мясцовыя кажуць, што гэтага дамагліся яны, каб у людзей быў святочны настрой і вера ў цуды, што Марозы – гэта не людзі розных прафесій, а сапраўдныя чараўнікі.


Рецензии
Дзякуй, павесялілі!

Канчатак невясёлы. Але ў нас па-іншаму здаецца і быць не магло.
А дырэктарка, як той казаў, за што змагалася, на тое і трапіла. :) Ці сама яна зразумела што адбылося? :)

Валерий Ясень   04.10.2018 07:50     Заявить о нарушении