Адкрыццё крамы
- Заўтра ж памятаеце, што краму будзем адкрываць? Дык вось… У дзесяць сорак пяць, каб былі. Пад абед журналісты прыедуць.
- Дык а чаго так рана прыпірацца? – недаўмявалі многія.
- Ну, пакуль збярэмся, пакуль тое… Ай, ну ці мала што… Карацей, не падвядзіце: каб прыйшлі мне!..
І хоць быў халодны восеньскі дзень, але зранку пачалі збірацца людзі. Ішлі і старыя і малыя, каціліся таўставытыя, кульгалі спрацаваныя жыццём. Вакол адчувалася нейкая святочнасць. Каля крамы, ледзь не на самай дарозе, гайдалася тоўстая чырвоная стужка, якая трымалася на дзвюх металёвых слупах, здавалася, што яны паваляцца ад ветру, але стужка, нібы той штандар змацоўвала іх сілу. Яны былі заадно, як герб і сцяг.
Сушкевіч вітаў усіх сваёй усмешкай, якая застыла на яго твары. Ён прамёрз на столькі, што сагнаць яе ужо не мог. Старшыня быў на месцы яшчэ а сёмай гадзіне, прынёс два драўляныя слупы, якія дапамаглі ў час адкрыцця дома культуры год дзесяць таму, але пасля усё ж падумаў, што людзі прыедуць важныя, таму драўляныя не падыдуць. Разбудзіўшы свайго памагатага Яўгена Ражковіча, які ўзначальваў ідэалагічны аддзел, удвух сталі думаць, каб на што людскае пачапіць стужку.
І тут Ражковіча нібы ляснуў хто:
- Удазіміравіч, дык што тут думаць?.. У нас жа прадпрымальнік жыве, агароджы робіць на магілы. З нержавейкі… А хто там адрозніць што за яно?..
Сушкевіч спачатку не прымаў ідэю, але пасля пагадзіўся: усё адно лепшага не падвернецца.
Запэўніўшы прадпрамальніка, што слупы прынясуць, Сушкевіч і Ражковіч, узяўшы іх, пабеглі да крамы.
Адкрыццё крамы рэч важная, безумоўна, асабліва калі ўлічыць, што ўжо тры гады да іх у вёску два разы на тыдзень прызджала аўталаўка. А чаму так сталася, старшыня не любіў гаварыць. Была сабе раней крама, стаяла, людзі прыходзілі набываць тавары, пагаманіць, а пасля спусцілі зверху паперы, што прыбыткаў ад гэтай крамы няма, адныя выдаткі: то ацяпленне, то яшчэ якая трасца… І вырашылі яе ліквідаваць. Страшыню проста выклікалі ў раён і там у белым доме далі даручэнне. І вось зноў пасля трох гадоў бяскрам’я, будзе ў іх цывілізацыя. Крама размясцілася ў тым жа ж будынку, у якім была старая. Мясцовыя адкрыццё такога аб’екта ўспрымалі, як рэч, якая нават абмеркаванню не падлягае, бо яшчэ не забылі той час, калі без іх дазволу, прыйшлі і закрылі. Сушкевіч жа наадварот: ён быў задаволены навіной пра новую краму і лічыў сябе пераможцам.
Людзі збіраліся ў групы, нешта абмяркоўвалі, чуліся жарты, шморганне насоў. Малыя цягнуліся да паветраных шарыкаў, якія агромістай брамай знаходзіліся па той бок стужкі, але бацькі пярэчылі: “Пасля, пасля ўсё скончыцца –возьмеш!”
Праз хвілін дзесяць прыйшоў мясцовы ансамбль, Старшыня выйшаў да іх:
- Ну, як?.. Песню вывучылі?
- Атож! – коратка, але зразумела адказаў кіраўнік ансамбля Палонік. Ён як настаўнік вёў за сабой чатыры музыкі і столькі ж спявачак. Калісьці ўсе яны прадстаўлялі раён на абласным конкурсе творчай самадзейнасці, занялі другое месца. Да іх прыязджалі журналісты, бралі інтэрв’ю. Ансамбль грымеў на ўсю рэспубліку. Але так працягвалася нядоўга, хутка раён забыўся на гэта, патрабаваліся новыя ахвяры і іншыя конкурсы.
Натоўп пачаў варушыцца – людзі мерзлі.
- Колькі там яшчэ чакаць?.. Падарункі будуць хоць якія? – выкрыкваў хударлявы дзядок, які трымаў унука за руку.
- Ага, і бліны на лапаце! – азваўся малады ветэрынар і тым самы павесяліў людзей.
- Супакойцеся, усё будзе – спакойна сказаў Сушкевіч.
Счакаўшы яшчэ колькі часу, людзі ўбачылі, як да месца іх сходу набліжаецца чорная машына.
- Едуць!.. Едуць! – занерваваўся Сушкевіч. – Пятровіч, давай музыку.
Палонік па-дырыжорску растапырыў рукі і даў указанні свайму ансамблю:
- Мікітаўна, ты вельмі не пішчы. Сяргей, бі ў бубны з усяе сілы, а то ты заўжды саромеешся. Бі, нібыта апошні раз б’еш… Ну, усё!.. Пачалі!
І музыка загучала, галасы паліліся. Не ведаючы сябе, музыкі намагліся спяваць усё грамчэй, гармонік разрываўся у руках Максіма, а Сяргей як ачмурэлы біў у бубен, хістаючы галавой. Жанчыны заліваліся:
У нас будзе свая крама,
А пад плотам мята.
Дзякуй старшыні раёна
За такое свята.
Машына пад’язджала ўсё бліжэй, людзі глядзелі толькі на яе. І калі яна спынілася каля крамы, натоўп замёр. Адчыніліся заднія дзверы, адтуль паказалася правая нага і голас незадаволена выгукнуў:
- Фу… Паскудная гравійка… Усё, бляха, прыехалі!
Сушкевіч, пазнаўшы голас старшыні раёна, кінуўся да адчыненых дзвярэй, падаў руку начальніку. Квохтаючы і абапіраючыся на руку, старшыня раёна паціху пачаў вылазіць сваім тулавам. Рука ў Сушкевіча напружылася, ён і сам увесь дрыжэў ад такой сілы старшынёвага цела.
- Рады бачыць, Аляксей Вітальевіч! – шчаслівы Сушкевіч трос сваёй знямоглай рукой такую пульхную і наліўную руку Бярозавіка. – Як даехалі?
- Лепш не пытайся… Ехаў ды тросся, як у цягніку.
- Ну, дарога такая… Нам каб асфальт сюды…
- Дарога… Я табе казаў, што няма грошай з бюджэту на вашу дарогу. Няма… Вось… Скажы дзякуй, што краму вам зрабілі.
- Ну, то так. Вы нават не ўяўляеце, які гэта гонар для нас. Вунь колькі людцоў сабралася. Мы ж так рады!.. Дзякуй усяму раёну за гэта і вам асабіста!..
- Ну, добра… Добра… Слухай што, Сушкевіч, калі там тыя журналісты прыедуць?
- Ды праз хвілін пятнаццаць-дваццаць мусяць быць. А што?
- Ды не, так проста… Пачакаем. Ну, і людзей сабраў!
- Яны самі прыйшлі!
- Ай, ведаю я цябе… Агітатар.
Нядоўга пагаварыўшы пра сваё, Сушкевіч пачуў нейкі гул, павярнуў галаву ў той бок, адкуль яны даносіліся і ўбачыў два аўтамабілі. Адзін з іх быў грузавы, на ім значылася сімволіка абласнога канала.
- Журналісты прыехалі! Журналісты!.. Ну, усё пакажуць па канале… - заварушыліся людзі.
З легкавой машыны вылезла двое і пабеглі да грузавой, адтуль падаставалі ўсю неабходную апаратуру, падышлі да Бярозавіка, якому ў гэты час Сушкевіч папраўляў гальштук. Павіталіся, і работа пачалася.
Журналіст сказаў пару ўводных слоў на камеру, павярнуўся да людзей:
- Знача так… Зараз мы вас будзем здымаць на камеру, вы рабіце выгляд, што не бачыце, як вас здымаюць. І яшчэ што: твары шчаслівыя зрабіце.
Людзі, з пазелянелымі ад холаду тварамі, паківалі і сталі глядзець хто куды, абы не натрапіць вачыма на камеру, толькі некаторыя пажылыя ўтаропіліся на яе, як на нечуванае дзіва. Аператар з хвіліну пахадзіў каля людзей, браў іх буйным планам, але яны не здаваліся, не звярталі ўвагу на гэта д’яблава вока з хвастом. Калі працэдура была зроблена, журналіст падышоў да Бярозавіка даў яму ўказанні:
- Як будзеце пераразаць стужку, у камеру пагледзяце толькі, як будзеце рабіць апошні надрэз. Зразумела?
- Так! Але я думаў там увесь час на яе глядзяць…
- Не! Толькі ў канцы. Зразумела?
- Мг.
Сушкевіч падышоў да журналіста:
- А мая якая функцыя?
- А… Вы ж яшчэ. Падасце гэтаму таварышу нажніцы.
- І ўсё?
- І ўсё!
Гэта было ўдарам для Сушкевіча, ён думаў, што пачэсную місію пераразання стужкі давераць яму, ну, калі не пераразаць, то можа што іншае, значнае скажуць рабіць. А тут вунь што… “Усе вы заадно!” – пранеслася ў галаве старшыні.
Аператар расставіў ногі на шырыні плеч, падаў да людзей сваёй пукатай часткай цела і націснуў на кнопку камеры. Як толькі пачаўся запіс, Сушкевіч перадаў нажніцы Бярозавіку, і чамусьці нават глядзець у кружок камеры ў гэты час не хацелася, Бярозавік, усміхаючыся ўсімі трыма падбароддзямі, вокамгненна разрэзаў чырвоную стужку і зірнуў на камеру.
- Запісана! – задаволена прасвістаў аператар.
- Цяпер засталося апошняе, –сказаў журналіст да ўсіх прысутных, – натоўп ідзе да дзвярэй крамы, хто можа бегчы – няхай бяжыць. Усё, паехалі! Вадзік, падрубай.
І Вадзік падрубіў камеру зноў.
Здранцвелыя людзі ледзьве пасунуліся да дзвярэй, нібы толькі ўчора навучыліся хадзіць. Пра бег нават і гаворкі быць не магло. Журналіст, бачачы гэта, сказаў ціха да аператара:
- Нічога, хуткасць павялічым пры мантажы.
- Зробім! – адгукнуўся Вадзік.
Дайшоўшы да дзвярэй, людзі спыніліся. Аператар выключыў камеру, журналіст падышоў да натоўпу.
- А далей што?.. Куды?.. Дзверы зачыненыя ці што?.. Дзе ключы, Уладзіміравіч? – запытваліся людзі ў саміх сябе і ў начальства.
Сушкевіч падбег да дзвярэй:
- Ключы пры мне.
- Адчыняй тады!
Старшыня адчыніў дзверы, рассунуў іх, людзі падаліся ўнутар, але спыніліся. Там нічога, акрамя паліц, не было. Крама была пустая.
- Уладзіміравіч, што гэта?
- Дык не прывезлі тавар! – апраўдваўся Сушкевіч.
Журналіст стаяў раззлаваны:
- І што мы знімаць будзем?
- Нас! – хацеў пажартаваць Сушкевіч. – Калі тавар будзе тое Аляксей Вітальевіч ведае. Трэба ў яго запытацца.
Нехта кінуўся вонкі, каб знайсці Бярозавіка, але яго самога і машыны на вуліцы не апынулася.
Людзі стаялі падманутыя і разгубленыя.
***
На наступны дзень выйшаў рэпартаж па мясцовым тэлебачанні, як у адной з вёсак адкрывалі краму. Вясёлыя людзі кідаюцца да дзвярэй, а там… поўна тавараў. Вадзік змантажаваў ўдала, толькі вось у саму вёску тавар Бярозавік абяцае прывезці заўтра. “Пакуль толькі на аўталаўцы, а вось праз тыдзень... Дакладана праз тыдзень! Завалю ўсе паліцы павер мне, Уладіміравіч!”
Свидетельство о публикации №218100601594