Сильвестров день

СІЛЬВЕСТРАЎ ДЗЕНЬ

   Я ніколі не любіў выхадныя дні. Горад вымірае, і толькі рэдкія мінакі павольна соўгаюцца па вуліцам, грэючыся восеньскім сонцам. І ім не да тваёй асобы, кожны неяк сам па сабе. Асабліва я не люблю ў выхадны дзень апынуцца ў паўночнай частцы Мінска, адразу за Свіслаччу. Раптоўна накатвае дэпрэсія, якой звычайна не бывае ў будзённыя дні, і з гэтым нічога не зробіш. Можа таму, што менавіта з гэтай часткай горада звязаны непрыемныя ці цяжкія успаміны. Можа таму, што ён энергетычна цябе не падсілкоўвае, а толькі забірае энергію. Можа яшчэ што небудзь. У паўднёвай частцы сталіцы, і тым больш ў цэнтры пачуваю сябе больш камфортна. Можа таму, што яна бліжэй да бацькоўскага дома і да сёняшняго месца майго жыхарства. Тут больш жыцця, і ты становішся ўдзельнікам вулічных падзей. І тут больш блукае адзінокіх. А яны паміж сабой усе роўныя.
  На пляцы Волі чуецца музыка, барабанны дробат, крыкі, смех. Там, каля ратушы праходзіць фестываль вулічных тэатраў. Шмат жывых скульптур, дзівосных персон, разявак і багемнага выгляду публікі. На пляцоўцы выступаў тэатр на хадулях, які адлюстроўваў нейкі класічны сюжэт на сучасны лад і які гатовы іграць што заўгодна: ад Шэкспіра да Андэрсэна - абы была ўстойлівасць на тых хадулях. Падыхожу да сцэны. Вядучая аб'яўляе, што зараз выступіць Майстэрня абрадавай творчасці "Спас" з харэаграфічнай кампазіцыяй "Сільвестраў дзень". Выдатна ведаю гэты калектыў па многіх выступах, але названую кампазіцыю бачу першы раз. "Сільвестраў дзень" - курынае свята, на якое чысцілі куратнікі, замаўлялі на воду, выганялі злых духаў. На сцэне - дванаццаць сясцёр-ліхаманак кружацца ў чорна-чырвоным пярэстым аддзенні, скачуць, ускідваюць рукі, пагражаюць навакольнаму свету. На заднім плане ўзнікае невялікая група выканаўцаў, апранутая у светлыя нацыянальныя строі. Павольна рухаюцца яны на месцы, шэпчучы свае замовы. У руках кожнага выканаўцы невялікія конаўкі з вадой. Паступова іх рухі становяцца больш упэўненымі, рашучымі. Галасы мацнеюць, на сясцёр-ліхаманак паляцелі пырскі замоўленай вады. Пачуўся барабанны дробат, ліхаманкі ужо качаюцца па падлозе, выгінаючы свае тулавы. Сціхае апошні акорд замовы. Ліхаманкі коцяцца да краю сцэны, саскокваюць і знікаюць у натоўпе крыху збянтэжанай публікі. А на сцэне ўжо гучыць ўрачыстая ўзнёслая музыка, выканаўцы ў светлых строях запаўняюць сцэнічную пляцоўку, узнімаюць рукі да неба, славяць неўміручае сонца.
  Мне на хвілінку стала светла на душы і я падняў галаву, як і увесь натоўп. Там, над горадам, над пляцом Волі лятаў рой птушак. Ці то іх прывабілі магічныя дзеянні спектакля, ці то ліхаманкі ператварыліся ў птушак, і усё ніяк не хочуць пакінуць тое месца, дзе яны з'явіліся перад гледачом. І тут мяне апанаваў страх. Стала няўтульна на душы, і захацелася хутчэй пакінць гэтае месца. Пачаў выбірацца з натоўпу. І тут я ўбачыў яго. Чалавек у чорным адзенні і ў чорных акулярах. Ён стаяў непадалёку і пазіраў на мяне. Людзі навокал як быццам не заўважалі яго, хаця гэтая істота занадта выдзялалася з натоўпу. Моё страх узмацніўся, я выбраўся з натоўпу і хуткім крокам пашпацыраваў у бок праспекту. Каля павароту я азірнуўся. Чалавек у чорных акулярах ішоў за мною. Твару яго было не відаць, як у таго дэментэра. Толькі чорныя валасы, чорнае адзенне і чорныя акуляры. Я павярнуў каля ГУМа і хутка пайшоў па праспекту. Мяне падганяў страх, якім напоўнілася кожная клетка майго арганізму, і які адлюстраваўся ў гэтым чалавеку ў чорным. А можа камусьці ёсць справа да мяне, з прычыны, што мог нечага натварыць, не тое зрабіць, ці здейсніць злачынства, якому не прыдаў значэння. У разважаннях дакрочыў да цэнтральнай кнігарні. Чалавек не адставаў. Я хутка зайшоў у кнігарню і пачаў назіраць праз вакно. Можа выпадковасць, і гэты чалавек пойдзе некуды далей па сваіх справах, і  пераслед,  прыдуманы мною пад уздзеяннем магічнага спектакля скончыцца. Чалавек у чорным звярнуў з тратуару і зайшоў у кнігарню. Хацелася падыйсці і спытаць, што патрэбна гэтай істоце без твару і ў акулярах. Але калі ўжо пайшла такая гульня ў кошкі і мышкі, то вырашыў згуляць да канца. Я нырнуў праз парцьеру ў службовае памяшканне, дзе заўважыў лесвіцу ў падвал. Хутка я быў ужо у падвале, пайшоў па цьмянаму калідору. Другогога выхаду з падвалу не было відаць. Было толькі некалькі дзвярэй. Рызыкуючы аказацца ў пастцы, я пачаў тузаць дзверы. Усе яны былі зачыненыя. Я пачуў крокі па лесвіцы. Хутка гэты дэментар спусціцца сюды, і ніякага паратунку ўжо не будзе, бо пастка зачыніцца. Засталіся апошнія дзверы. Я тузануў іх з усяе сілы ... і яны адчыніліся. Хутка зайшоў і зачыніў дзверы за сабою.
  Перада мною была цемра. Я пасвяціў ліхтарыкам мабільніка і ўбачыў доўгі калідор. Асцярожна пайшоў па ім, дыхаючы смуродлівым затхлым паветрам. Ішоў некалькі хвілін, не ведаючы, куды прывядзе гэты шлях. Як быццам ен вёў у бок Нямігі. Хутка заўважаю ў канцы доўгага калідора святло электрычнай лямпачкі. Нарэшце я падыйшоў да дзвярэй і .. яны адразу адчыніліся. Я выйшаў з паўпадвальнага памяшкання, падняўся па прыступках наверх на свежае паветра. Каля уваходу сядзеў вялікі чорны кот, які свідраваў мяне сваімі засцярожанымі вачыма. Вось, зноў яшчэ адна чорная істота на маім шляху! "Псік!" - крыкнуў я на ката. Кот не зварухнуўся і працягваў назіраць за мною. Можа вартуе гэты ўваход, то не трэба чапаць гэтага д'ябла, вырашыў я.
  Трэба выбірацца з гэтай гісторыі і хутчэй ехаць дадому. Але тут мае вушы запаўняе музыка. Гучыць знаёмы марш. Чуваць крыкі, недзе спяваюць. Можа свята вулічных тэатраў ахапіла ўвесь горад і дабралася да адноўленай і гламурнай Нямігі. Але будынкі навокал былі шэрымі і непрывабнымі. Дзе гэта такое засталося ў Мінску? Выбіраюся з захламленага двара і бачу вузкую вуліцу, па якой ідзе натоўп людзей з транспарантамі. Ідуць не стройна, больш хаатычна. Іх падганяюць, крычаць у рупар. На плакатах камуністычныя лозунгі. Заўважаю год 1968. Людзі апрануты па старой модзе тых часоў. Можа кіно здымаюць маскоўцы. Але запрасіць столькі статыстаў? Вось і указальнік "Вуліца Няміга". І сама вуліца такая вузкая з майстэрнямі і невялічкімі крамамі. Я якраз ішоў па гэтай вуліцы ў калоне дэманстрантаў у 1968 годзе, калі паступіў у палітэхнікум. Мы тады ішлі да канца Нямігі, потым паварочвалі налева і ішлі да праспекта, дзе пачыналася асноўнае шэсце. "Стоп! Я што, папаў у той час?" - думка апякла мяне. На мяне ужо пачалі звяртаць увагу і хутчэй незвычайным было маё адзенне. "Хутчэй туды, на праспект!" - думка гнала мяне на тое месца, дзе я толькі што быў. Старая Няміга, якой заставалася быць такой не доўга, засталася ззаду.
  Мінуючы кінатэатр "Перамога", я выйшаў на праспект каля Цэнтральнай кнігарні, якая была зачынена. На будынку шыльда "Праспект Леніна". Па самому праспекту стройнымі радамі рухаліся дэманстранты. Дзесці наперадзе на плошчы гучалі здравіцы і крычалі "Ура!". Я пайшоў па тратуары ў бок Акцябрскай плошчы, якая тыды мела назву "Цэнтральная". Дайшоў да ГУМа. Далей ужо не пускалі. Далей рухаліся толькі камуністычныя лозунгі і людзі, якія іх няслі. Людзі былі узрушаныя і вясёлыя . Мора транспарантаў, мора усмешак, мора радасці. Я стаяў і чакаў, калі пойдзе калона політэхнікума. І дачакаўся. Пад расцягнутым транспарантам з назвай маёй навучальнай установы ішлі выкладчыкі і моладзь. Некалькі твараў сярод выкладчыкаў падалося знаёмымі. Моладзь я не пазнаў, колькі гадоў ужо прайшло. Але праз некалькі радоў  мне кінуўся ў вочы знаёмыя твары маіх аднакурснікаў. І тут я ўбачыў сябе - зусім яшчэ маладога і непаўнагадовага. Кволы хлопчык з усмешкай на твары, які не ведае, што яго чакае наперадзе. "Дзіця супраць веку", як гаварыла мая маці. Нашы позіркі сустрэліся. Я сталы і я непаўнагадовы глядзелі адзін на аднаго. Калона прайшла і я малады азірнуўся. Я сталы усміхнуўся маладому і той усміхнуўся ў адказ. "Усё у цябе будзе добра, хлопча!" - у думках паслаў сігнал сабе маладому. І тут я успомніў, што гэты выпадак сапраўды быў у той час. Я тады на дэманстрацыі сустрэўся з позіркам дарослага мужчыны, які мне кагосці нагадваў.
  Я пайшоў назад па праспекту. Насустрач рухалася мора дэманстрантаў. Усё навокал шумела, грала музыка. Але трэба неяк выбірацца з мінулага часу. А то, не дай бог, застануся тут. Заўважаю, што адчынены "Ласунак" - кандытарская крама. Захожу і адразу пападаю ў іншую рэчаіснасць. Пах шакаладу змешаны з пахам кавы. На вітрыне цукеркі таго часу. У зале гучыць песня "Аб чым плачуць гітары" малдаўскай групы "Нарок". З цікавасцю разглядваючы вітрыны, рухаюся ў бок кафетэрыя. Заспяваў Валеры Абадзінскі: "Что-то случилось, чувствуем мы. Что изменилось, мы или мир. И всё вокруг словно тогда. Откуда вдруг эта беда?". Добра знаёмая песня, якую любіў слухаць у маладосці. Раптам заўважаю чыйсці позірк на сабе. За круглай стойкай кафетэрыя стаяла сімпатычная жанчына элегантнага ўзросту. На галаве быў такі старамодны капелюш. Яна піла каву з маленькай філіжанкі. На сподачку красаваліся два пірожных розных гатункаў. Я крыху разгубіўся, але ветліва ўсміхнуўся і рашыў выйсці на вуліцу.
- Дык гэта Вы прайшлі партал перада мной? - раптоўна спытала жанчына.
- Што, што? - не зразумеў я
- Я адразу зразумела, бо дзверы там у падвале былі не зусім зачынены. Я ж думала, што толькі адна я ведаю пра той партал часу. А як даведаліся Вы?
Тут я пачынаю разумець, аб чым ідзе гаворка. Дык яна таксама прыйшла з майго часу, ды вось бавіць тут час з кавай і пірожнымі.
- Не, я не ведаў пра партал. Гэта вышла выпадкова. Я ўцякаў ад, ад... дэментара.
 Жанчына усміхнулася.
- Гэта Вы Гары Потэра начыталіся і прыдумалі сабе страшылку. Можа у вас панічная атака ці парушэнне псіхікі?
- Хутчэй гэта сон, бо я ніяк не змагу паверыць у тое, што адбываецца.
- Ну, дык вы тады саснілі і мяне. Калі прачнецеся, то успомніце Элеанору. Так, дарэчы, мяне завуць.
Я прадстаўляюся.
- Хочаце, я замоўлю і вам кавы з пірожнымі. Яны тут смачныя, натуральныя. А у мяне захавалася шмат грашовай дробязі з савецкіх часоў. Вось вандрую ў часе і паціху збаўляюся ад дробязі. Адзін раз разлічвалася і выпадкова папалася капейка з нашага часу. Дык так здзіўлена паглядзелі на мяне. Але ж выкруцілася - усміхнулася Элеанора. - А вось вы апрануты не па мінулым часе і выглядаеце як іншапланецянін. Не рызыкуйце так! Я ж апранаюся як раней, каб не кідалася ў вочы. Вось, бабулін капялюш і матчыные паліто надзела.
Я адмаўляюся ад кавы з пірожнымі. Калісьці я менавіта тут пакаштаваў упершыню чорную каву. У "Ласунку" былі сучасныя на той час венгерскія кававаркі. Але кава мне падалася занадта горкай, і смак не змаглі ўратаваць і некалькі лыжак цукру. Але я хадзіў і піў, пакуль не прызвычаіўся. Бо само месца вабіла, як  пахамі, так і самой атмасферай. Каву піла творчая і навуковая інтелігенцыя. Тут на некаторы час выпадаў з рэчаіснасці.
 У зале загучаў голас Эдзіт Піяф. - "Жыццё ў ружовым колеры" - як сімвалічна" -  прамовіла Элеанора.
Яна скончыла піць каву і мы вышлі з "Ласунку".
- А як вы знайшлі партал? Ён увесь час адчынены? - спытаў я
- Не, не ўвесь час. Як знайшла? - задумалася Элеанора.- можа так як і вы - зусім выпадкова
- Вы таксама хаваліся ў падвале?
- Не маю звычкі ад кагосьці хавацца і чагосьці баяцца. Жыццё - кароткая з'ява, і бавіць час на страх - раскоша. Час трэба бавіць на асалоду - зарагатала Элеанора. - у мяне ёсць прадчуванне ці інтуіцыя знаходзіць такія месцы і ведаць, калі яны будуць даступныя. А можа я таксама сплю, як і вы і ў сне мы спаткаліся.
- Ці ёсць у Мінску яшчэ парталы часу?
- Ведаю, што ёсць, але я карыстаюся пакуль гэтым. Іншымі карыстаюцца іншыя. Я нават іх сустракала, як вас сёння. Таксама трацяць савецкія грошы ці вандруюць як турысты па мінулым. А можа хто імкнецца паўплываць на свой далейшы лёс - абаяльна усміхнулася Элеанора.
- Як вам гэта ўдаецца? Можа Вы - экстрасэнс ці вядзьмярка?
- Ну, можа крыху і вядзьмярка. А экстрасэнсорныя ўласцівасці сапраўды маю. Я мала жыву матэрыяльнымі каштоўнасцямі, не трачу на гэта сродкі і сілы. Хіба толькі на смачную каву з пірожнымі. Тады табе многае адкрыецца. Ты многае станеш заўважаць і адчуваць. Нават зразумееш мову раслін і жывёл. Ну, не тое, што зразумееш вербальна, але адчуеш таемныя знакі, якія іншыя не заўважаць.
 Дэманстрацыя рухалася па праспекце. Я і загадкавая Элеанора стаялі на тратуары і пазіралі на бясконцы рух натоўпу
- Вось гляньце ўгару, крыху вышэй дэманстрантаў. Бачыце?
Я нічога не бачыў.
- Дык прыгледзьцеся пільна. Бачыце?
І тут я заўважаю над радамі дэманстрантаў туманныя постаці, якія рухаліся радамі паралельна з людзьмі.
- Гэта анёлы-засцерагальнікі. А цяпер глянце вышэй, у неба.
І тут я заўважаю птушыную зграю. Іх амаль не відаць, толькі трэба добра прыгледзецца. Чорныя у тумане цені хаатычна ляталі над галовамі анёлаў і спрабавалі пікіраваць на людзей, але ў іх нічога не атрымоўвалася.
- Дык гэта ж яны - дэментары! - з жахам прашаптаў я
- Як яны называюцца, не мае значэнне. Але калі ў чалавека добры анёл- засцерагальнік, то яны не нападуць. Ці калі людзі згуртаваны, як сёння. Але мне гурт не трэба. Я  моцная і сама па сябе.
- І абаяльная - дадаў я
- Дзякуй вам! Калі жадаеце, то можам яшчэ раз наведаць мінулае.
- Было б цікава. Толькі дайце ваш нумар тэлефона - я дастаў свой мабільнік
- Вы звар'яцелі! Схавайце свой шпіёнскі перадатчык, ці вас арыштуюць!. Запомніце, мой нумар лёгкі на памяць. Дарэчы, нам трэба вярнуцца, а то хутка партал закрыецца. А можа вы хочаце застацца ў мінулым часе?
- Я тут і так ёсць. Нядаўна прайшоў з калонай дэманстрантаў. Кожнаму ўзросту - свой час.
- О, я таксама недзе магу быць тут. Тады была школьніцай малодшых класаў, і мяне бывала тата браў на дэманстрацыю.
- А дадому спрабавалі хадзіць, калі вярталіся ў гэты час?
- Не, не спрабавала. У мяне няма цягі да мінулага ці настальгіі. Я - звычайная турыстка. Было многа прыемнага, але і адмоўнага таксама хапіла, асабліва на той дзіцячы закамплексаваны розум. Цяпер я маю права выбару, і сама вырашаю, куды мне трэба, куды не.
  Мы рухаліся ўніз па вуліцы Камсамольскай і паступова набліжаліся да двара, дзе быў партал.
- Элеанора, а ёсць партал, цераз які можна папасці ў будучае?
- Дык мы зараз у яго і пападзём, адкуль прышлі. Значыць ёсць і такі, адкуль з нашага часу можна папасці ў будучае. Я нават ведаю, дзе ён.
- Ну і як, ёсць жаданне?
- Не, адна я не рашуся. Ну, хіба толькі з вамі - усміхнулася Элеанора.- Тэлефон мой у вас ёсць.
 Мы падышлі да парталу. Кот па ранейшаму сядзеў на сваім месцы і глянуўшы на нас, пазяхнуў сваёй пысай і адвярнуўся.
Мы ўвайшлі ў падвальнае памяшканне, прайшлі па доўгаму калідору, адчынілі дзверы ў падвал Цэнтральнай кнігарні.
- Вось ён - партал - ціха сказала Элеанора, і дзверы зачыніліся.
 Мы падняліся ў кнігарню, прайшлі праз дзверы бакоўкі пад позірк здзіўленай прадавачкі і выйшлі на вуліцу. Набліжаўся вечар, але надвор'е было цудоўным.
- Хачу запрасіць Вас, Элеанора, у "Ласунак" пакаштаваць сучасных пірожных і выпіць кавы.
- Дзякуй! Але не! Ужо напілася і наелася. А Вы схадзіце. Вам трэба падсілкавацца пасля такога падарожжа. І нікога больш не бойцеся. Будзьце моцнымі!
Элеанора развіталася і пайшла у бок ГУМа на метро.
Я зайшоў у "Ласунак". Узяў каву-амерыкана, двое пірожных і падсілкаваўся.
 Хутка я сядзеў у сваёй маршрутцы, якая рухалася на поўдзень ад Мінска да майго дому. Сонца яшчэ не села, ў паветры была разліта восеньская цеплыня. І на сэрцы таксама было цёпла.

  Крупіца, кастрычнік, 2018г.
 
 
 


Рецензии