Варона

Стой, хто ідзе! Што, напалохалася? Ды жартую я, жартую. Не крыўдуй. Засумавала я ў самоце, а тут ты. Шкандыбаеш праз ельнік сярод ночы, маладая дзеўка, адна. Пашанцавала табе, мяне сустрэла, а калі бы урка падышоў, або налётчык які? Я-то налётчыкаў не баюся, я ўзброеная. Не, не міліцыянтка. Бяры вышэй.

Цябе як завуць? Дар’я? І чаго ты, Дар’я, поначы ў лес паперлася, у грыбы ці не пазнавата? На электрычку? Дык гэта, дзетачка, у іншы бок. Зусім ты заблукала, я гляджу. Давай я цябе праводжу, балазе тут недалёка. На апошнюю акурат паспееш.   

Чаму так запазнілася, калі не сакрэт? Прызнавайся, з хлопцам сядзела? А, рэпартаж рабіла. Інтэрв’ю? Угодкі камсамола? Газетчыца, значыць. Ведала я аднаго газетчыка, сусед мой па камуналцы. От жа паскудны быў! Валасы напамаджаныя, вочы пажадлівыя, штодня адэкалонам абліваўся, а ўсё роўна ад яго смярдзела, як ад казлішча. Экспертам сябе называў, па прыўкрасным поле. Усіх дзевак ў акрузе перамацаў, і мне праходу не даваў, то па азадку ляпне, то за грудзі ўшчыкне.  Я трывала да часу, а потым надакучыла. Узяла яго за руку ды так крутанула, што ў яго косці затрашчалі, сам ззелянеў, заскуголіў, як пабіты сабака. А я яму кажу: “Я табе зараз руку выкруціла, а наступным разам нешта іншае адкручу. Не лезь!”  Ён потым хадзіў з рукой на тальмаху, а чапіцца да мяне перастаў. Я толькі баялася, што ён начальству паскардзіцца, будуць непрыемнасці, ды ён, відаць, сам напалохаўся, маўчаў, а неўзабаве з камуналкі з’ехаў.

Дамаганні і эксплуатацыя? Ну ты ўкруціла! Хаця феміністак я паважаю. І з перажыткамі патрыярхату я сутыкалася.  У камітэце  я была адзінай дзяўчынай,  мяне спачатку браць не хацелі, маўляў, не жаночая работа. Мне прыйшлося даказваць, што я не горшая, што таксама магу. І даказала. Я ж фізкультурніца, страляю добра, і з пісталета, і з вінтоўкі, а галоўнае – ідэалагічна падкаваная. Я з Маркса ды Энгельса ўсё прачытала, цэлыя старонкі цытавала па памяці. Так, я камуністка. Канешне, ідэйная. Які Чэ Гевара? А, кубінцы. Не цікаўлюся.

У цябе, Дар’я, цыгарэткі не знойдзецца? О, гэта правільна. І не пачынай. Я вось курыла многа, затое спірытусу ў рот не брала. Сам камандзір нас заахвочваў перакуліць чарачку для смеласці, але я такога не разумела. Хлопцы нашы заўсёды былі п’яныя ў сраку, я адна як шкельца. Я так мяркую: калі не можаш рабіць сваю справу цвярозым, значыць, гэта не тваё. І працавала я акуратна. Іншыя завэдзгаюцца, як свінні, боты ў лужынах адмываюць, а на мне ні плямкі, ні парушынкі. Камандзір мяне паважаў, казаў, што мяне чакае вялікая будучыня, трэба толькі “корачкі” атрымаць.

Накіравалі мяне ў школу працоўнай моладзі. Вось там я з ім і сустрэлася. Вацлаў яго звалі. Вацлаў Пятровіч. Афіцэр, удзельнік вайны, пасля ранення выйшаў у адстаўку, стаў выкладаць у вучылішчы. Пакахала я яго, Дар’я. Утрэскалася па самыя вушы, а прызнацца ўсё не магла. Ён настаўнік, я вучаніца, сама разумееш.

На майскія ўсё  адбылося. Паехалі мы на рэчку Перашамай святкаваць, вучні ды настаўнікі, усе разам. Спачатку правялі маёўку, затым віно дасталі, каўбасы, белы хлеб. Я дачакала, пакуль усе зробяцца падвясёленыя, падышла да яго, узяла пад руку: “Вацлаў Пятровіч, хадземце”. Адышлі мы да затокі, дзе бэз квітнеў. Я стала ля бярозкі, блузку расшпіліла: “Давайце!” А ў самой калені трасуцца. Я ж дзеўка была, з мужчынамі ні-ні. Нават зазлавала на сябе. Ноччу мне ў ельніку не страшна, страляць не страшна, а тут забаялася. А ён паглядзеў, памуляўся і кажа: “Не, я так не магу, я ж не гвалтаўнік. Нам варта крыху пачакаць”. Так мы ўсю ноч пад той бярозкай і праседзелі, за рукі ўзяўшыся. А калі над затокай заззяў першы прамень сонца, паклаў ён далонь мне на калена і пацалаваў. У шчаку.

А далей, Дар’я, нічога цікавага. Пачалі мы сустракацца. Разам гулялі па праспекце, у парк хадзілі, у кінатэатр, ён купляў мне шакалад і кветкі. Вершыкі чытаў. Зваў мяне Мінервай. Ведаеш, хто такая Мінерва? Бач ты, адукаваная. Я вось не ведала, ды ён растлумачыў. Багіня-цнатлівіца, так. Ён антычнымі міфамі захапляўся.

Не было ніякага вяселля. На Вацлава напісалі данос. Нацыяналіст ён, працаваў на заходнюю выведку і рыхтаваў узброены мяцеж. Я сама папрасіла камандзіра, каб ён запісаў мяне ў тройку. А ты як думала? Я ж яму паверыла, цягалася з ім, вершы дурацкія слухала, ледзь не аддалася яму душой і целам, а ён аказаўся ворагам народа. Камандзір ухваліў, сказаў, што я паступіла як сапраўдная чэкістка. А мяне, ведаеш, апанавала дробнабуржуазная цікаўнасць, спытала я ў камандзіра, хто данос напісаў. Ён кажа: "Газетчык адзін, усё перадавіцы керпае. Хлюст такі, валасы лаёвыя, і адэкалонам ад яго нясе так, што вочы рэжа".

Ды як звычайна, Дар'я. Падштурхнула я Вацлава да яміны, узняла наган. А ён абярнуўся, зірнуў мне ў вочы і cказаў: "Яся, я на цябе не крыўдую. Ты добрая, апантаная толькі, як усе яны". Я націснула на курок. Ведаеш, я ім заўсёды ў патыліцу страляла, а тут усадзіла кулю проста ў твар, і запырскала мяне ўсю крывёй. У тую ноч я напілася ў вусцілку, упершыню ў жыцці. А праз год пачаліся чысткі, забралі нашага камандзіра, і ўсіх хлопцаў, і мяне таксама. Закапалі ў гэтым самым ельніку разам з іншымі. Ператварылася я ў варону, сяджу на яліне, дзе мой любы закапаны. Я ж, ведаеш, усё яшчэ кахаю яго. А раз на год, у апошнюю ноч кастрычніка, ператвараюся я ў чалавека.

Ну, што маўчыш? Ідзі ўжо. Вунь вакзал віднеецца, яшчэ паспееш на электрычку. А мне далей нельга. Бачыш слуп? Што на ім напісана, чытай. "Капаць забаронена, ахоўная зона". Правільна, забаронена. А калісьці тут капалі, капалі ды закопвалі, усё імем рэвалюцыі, а калі падумаць, то на халеру? На-кррралеру! Кра-крра-кррра!

Бяжы, бяжы, газетчыца. Злякалася? Атож. Не кожны дзень убачыш, як дзеўка ператвараецца ў варону. Бяжы, дурніца, пішы свой рэпартаж. А я палячу, сяду на яліну, буду свайго каханага аплакваць. Часу ў мяне – цэлая вечнасць.


Рецензии
Пранізлівае апавяданне. Быццам адразу адчуваеш тую эпоху. І наогул прыемна ўспомніць родную мову, хаця некаторые словы, нажаль, прыгадаць і не магу. Напрыклад, "апантаная" ("одержимая"). Дзякуй за аповяд.

Александр Чепа   17.12.2018 14:11     Заявить о нарушении
Дзякуй, Аляксандр!
Я ў мову прыйшла хоць і не "з асфальта", тоё-сёе ведала на ўзроўні сярэдняй школы, аднак граматыка з лексікай кульгалі моцна,давялося папрацаваць.

Нероли Ултарика   24.12.2018 10:01   Заявить о нарушении
На это произведение написаны 2 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.