Празрыстасць

Задумана, як перадрэцэнзія да Віцечкінай "Ночы". Цяпер можна пачынаць чытаць. Ура! Рэцэнзію сапраўдную потым можа напішу.

1.Скат у сіці

Я ляту шпарка і ўпэўнена па адной з цэнтральных вуліц, амаль не дакранаючыся брутальнымі грувасткімі боцікамі  да зямлі, я ляту нястрымана, як страла, напрамак выдадзены мне загадзя, засталося толькі пераадолець дыстанцыю за патаемна канкрэтны кароткі час. Шкляныя дзверы самастойна расхінуліся перада мною, сходы лісліва пападстаўлялі свае трывалыя спінкі - я правальваюся пад зямлю і ляту хутчэй, яшчэ хутчэй сярод мінакоў, што падобныя на дрэвы ў сваёй застыласці і маркоце. Але, якія ў сіці дрэвы? Я здзекліва рагачу ўголас і прыспяшаюся, пазаставіўшы за сабою ў паветры на долю секунды хіба што асобнага кудзеру лёккі завіты след .
Мне хораша, бадзёра і захапляльна.
Людзі на мяне не глядзяць увогуле – гэта сёння строга забаронена. І мне не трэба аніякага д’ябальскага крэму ані мяцёлкі высока ў нябёсы, не трэба распранацца нагола ці лямантаваць: “Нябачная! Нябачная!” Ніхто мяне ўсё роўна не заўважыць, жахнецца ўглядацца, бо сёння я надзвычай папастаралася. Я рагачу выпісанымі па-мастацку вуснамі чатырох колераў, якія вільготна і пераможна адлюстроўваюць кожнае самае цьмянае сустрэчнае святло, а вейкі мае сіметрычна штучна ўшчыльненыя металічным чырвоным бляскам, які нагадвае святочную мішуру і распаўсюджвае вакол чырвоненькіх дробных зайцоў. Ах!
Скураное крыссё майго занадта доўгага чорнага плашча энэргічна ўздымаецца ў паветра, шапоча, парыпвае, пляскае, траскучыя маланкі вольна гойсаюць праз яго і я плыву, пераліваючы хупавыя хвалі, як вялікі электычны скат, небяспечны чорт марскі з ядавітаю йголкай. Сцеражыся дакрануцца позіркам маех чорных зрэнак, маех дзёрзкіх сцёгнаў ці кален, пульсуючых рытмічна бялявымі вочкамі праз дзіравыя разрэзы вельмі, вельмі цесных джынсаў.
Большасць з тых сустрэчных паслухмяна хавае вочы, інстынктыўна адсоўваецца, вароціць насы; плынь святлафораў зелянее мусам – а мо захавальнай магіяй: нельга мне спыніцца на скрыжаванні, нельга затрымаць свой засяроджаны рух, каб не было магчымасці мяне разглядаць. Забаронена! Я вільготнае  акварэльнае сфумата, самазнішчальны атрамант, празрысты прывід.
У велькім горадзе празрыстасць пачынаецца з кідкага дзівацтва.
Яшчэ нядаўна ў сваім вузкім асяроддзі камандзіровачных я мела ўпэўненую масу і вагу, я была адчувальная і цёплая, роўна да той пары, пакуль я не адчыніла свой чамадан-нечаканчык, касметычку з чорцікам і не ўключыла свае драпежныя на валоссе шчыпцы. Усе гэтыя рэчы паступова расфакусавалі, сцёрлі мяне з асяроддзя, іншыя-правінцыйныя пастрачвалі да мяне ўсялякую цікаўнасць, патрошку паўставалі і павыходзілі з пакою.  Хоп!
-Хлоп! – ужо другія дзверы адказваюць мне, я зацякаю лужынай ў асветлены знутры палац і раптоўна матэрылізуюся ўвышыню, падобная сярод падобных, фрык сярод фрыкаў. Дзе я, хто я – хто захоча, той ведае, у несамавітым тусовачным палацы, прыглядаючыся, можна зваліцца з ног ці ў ногі, але не болей, тут разрад  мякчэйшы. Прыкладна напалову.
Я здзіраю плашч скураны, як вампіра-кажана з плячэй, шпурляю яго лакею і застаюся ў сплашных безбаронных лялечных крэмавых карунках і металічных заклёпках на раменьчыках, а з гэтага яшчэ болей тут я бяспечная і моцная ў зноў звычайнай масе і вазе, прыстасаваная да атачэння, як вуза ў арганізме, як гармон у крыві. Відавочная роўна выверанай дазіроўкай, не атрутаю, не дэфіцытам, не сігналам. Бінга.

2.Метро

У метро мне падабаецца разглядаць людзей. Іх так многа, несамавіта многа. Я ўглядаюся пільна, пільна і думаю: можа нехта з іх піша вершы ці апавяданні, а нехта стварае музыку, можа малюе, гравіруе, ці танчыць самотна на даху сярод зор. Я ўляўляю, як яны абіраюць адзенне і аксэсуары, як забаўляюцца на сямейных святах, як паводзяць сябе падшафэ. Я спрабую казыткім позіркам, сваёй скатавай іголкай злавіць, зачапіць бісерынку сярод мноства, але бісер далікатна рассоўваецца, саслізгаецца, цячэ рознакаляровай ракой і выклікае кружэнне галавы і млоснасць. Я нікога не памятаю. Ніколі. Нікога! Жуда.
Аднойчы ў метро са мною здарылася нешта несамавітае. Снежань быў занадта гарачы і безумоўна хаатычны, чорнабуры ліс на маёй шыі ціхенька кпіў з перажаранай мяне, з маёй цёплай шарсцяной спадніцы да пят і з маёй важкай, аб’ёмнай правінцыйнай торбы. Абодва гэтыя ворагі мае перамаглі і знясілілі мяне, я сядзела ў вагоне, асуджана ўзіраючыся ў пасажыраў, нібыта немаўля з пясочніцы на бязмежна далёкіх, недзе ў вышыні аб нечым важным размаўляючых дарослых. Празрыстасць мая дасягала ўзроўню стоадсоткавай, а раптам я сустрэлася з вачамі цікаўскімі і пасмешлівымі, якія прачыталі мяне і зразумелі да самай коркі. Дзяўчына стаяла ў сумежным вагоне і ў сэрцы снежня, недзе ля каляд была апранутая ў яскрава-зялёны, расшпілены трэнчкот над жоўтаю блузкай і найлягчэйшы ружовы “вырві-глаз” паўпразрысты шыфонавы шалік. Гэта крайнасць была супрацьлеглая, але можа, яна на той момант шукала холаду болей, чым я награвалася. “Вясна,”- падумала я пяшчотна і здалася ўва ўладу гэтых цудоўных вачэй. Так мы ехалі і ехалі, сканцэнтраваўшыся ў прасторы, гайдаючыся дзвюма супраціўнымі малекуламі, і весела пазіралі адна на адну праз падвойнае шкло двух сумежных вагонаў метро, і ўсміхаліся так проста і адкрыта, як гэта толькі ўвогуле магчыма. Мы патаемныя змоўшчыцы, мы - людзі з душою. Потым мы раптоўна страціліся назаўсёды.

3.Празрыстасць

У буйных гарадах людзі амаль не бачаць неба, яны не заўважаюць гэтага, але ходзяць сярод высокіх пабудоў, вежаў і асобных дрэў, азіраючыся на шматлікі раптоўны транспарт, што няўмольна скрадае празрыстасць паветра і нябёсаў; а дзеля раўнавагі роўна на столькі павялічваецца празрыстасць чалавека ў горадзе. У натоўпе сярод гмахаў ці ў падземцы гэта ўжо не чалавек, а цень.
У малых гарадках ці раёнах сталага пражывання ёсць магчымасць стаць меней празрыстым дзеля некага, хто штодзённа сустракае цябе ў магазіне ці на прыпынку грамадскага транспарту. Таксама канцэнтраванне чалавека адбываецца на працоўным месцы, дзе яго трошкі болей ведаюць.
На вёсцы непразрыстаць асобы дасягае нейкіх несамавітых памераў. Чалавек раздзімаецца і ўзрастае, як велікан, рысы ягонай знешнасці і характару выпінаюцца, прамалёўваюцца, нібыта старанным студэнтам-мастаком, які цісне жорстка сваю паперу тоўстым тлустым алоўкам, потым брудна неахайна сцірае гумкаю, а потым дадае паверх яшчэ і яшчэ, слой за слоем лініі, штрыхі, пацірае пальцам, слініць і зноў пацірае. Чорная постаць выбухвае кожным рухам і цела свайго і душы, і цямнейшаю, выразнаю надзвычай выглядае ў навакольным небе.
Вясковае неба чыстае і звонкае, і ёмістае, і касмічнае ў неабсяжнасці сваёй. Велічна спявае яно на сто тысяч анёльскіх галасоў, і манка чакае, і мардуе чалавечае сэрца сваёй прыгажосцю і шчасцем. Яно паўсюль, яно заўсёды побач, яно ўзіраецца і кранае. Божа.
Я ведаю, чаму вяскоўцы любяць хадзіць у лес – там яны хаваюцца ад вачэй неба, робяцца драбнейшымі і цмянымі з палёгкаю і ўдячнасцю дрэвам.

4.Вясковы ўрач

Урач на вёсцы – гэта чалавек непразрысты на сто, дзвесце адсоткаў. Канцэнтраванне дасягае такой шчыльнай ступені, што пачынаецца ззянне. Я свячуся! Кожны ведае, дзе я, куды пайшла і што раблю. За мною цягнецца паўночная неонавая стужка, як за вясёлкавым слімаком.
Я зашываюся ў кватэры праскокваючы ў яе шпарка, я зачыняю дзверы на ключ і да, я не маю ані тэлефону, ані сеціва. Я ўсаджваюся проста на падлогу пад вакном, бо я маю патрэбу ў самоце, я жадаю чытаць, маляваць, я фізічна хачу цішыні сваех думак і мараў. Чорт! Сцяна пад вакном, да якой я прыціснулася спіною, сталася празрыстай, а я вылучаюся на ёй, як радыяктыўная пляма. Ужо бразгае шкло над маёй макаўкай, я здзіўлена ўзнімаю вочы і бачу віхраватую галаву, якая асуджальна і зласліва ківае ў мой бок: схавалася, анягож! Як не сорамна! Яны ўстаюць адно аднаму на плечы, каб браць штурмам спачатку маё вакно а потым мяне, усаджваць на матацыкл і звезці некуды на хутар з маёй трывожнай скрыначкай.
Я рагачу, вецер няшчадна калмаціць мае вільготныя валасы і лёккую начнушку пад швэдрам. Мне гэта чамусці вельмі падабаецца.
Амбулаторыя, якой я валодаю, стаіць проста сярод поля, на даху ў яе гняздуюцца буслы, да яе вядзе сапраўдная ліпавая алея, а навокал несамавітая цішыня, чысціня і прастора, навокал каляровыя нябёсы захавальным купалам, і я ў цэнтры сусвету, як ззяючы анёл.
Раніцай я выходжу на сваю маленечкую Плошчу і ўзнімаю над ёю Сцяг Беларусі. А потым іду ў залю сваёй амбулаторнай кватэры і сядаю ля вялізнага акна, пазіраю на сваю асабістую Плошчу, папіваю гарбату з жасмінам. І чакаю паўстанцаў.

5.Сеціва

Калі нехта быў вясковым урачом, ён альбо прызвычаіўся да сваёй непразрыстасці, альбо не. Я дык не прызвычаілася. Я патрабую празрыстасці болей чым на пяцьдзесят адсоткаў, я заўсёды шчыльна занавешваю вокны, я люблю схавацца ўсё-ткі ў гушчыню лістоты самага высокага дрэва ў джунглі, як сціплая птушка, якую ніхто ніколі не бачыў у сапраўдным жыцці. Ці нават як блошка ў пер’і гэтай птушкі. Калі я невідочная у кароне найвышэйшага дрэва, мне падаецца, што я набліжаюся да празрыстасці і свабоды нябёсаў. Ці нехта спрабаваў злавіць іх у сеціва? Гэта параўнальная празрыстасць, гэта адчувальны спакой. Нічога таямнічага, насамрэч.
На сённяшні дзень і час я існую без смартфону і без вайберу ды соцсетак. У мяне ніколі не было смартфону.
Мая чароўная празрыстасць у сеціве дасягае адсоткаў васьмідзесяці ў лепшым выпадку, бо можа нечага я папросту не ведаю.
Мне гэта чамусці вельмі падабаецца.


Кліп "Пряткі" Бутусова.
https://www.youtube.com/watch?v=XE4g3mUzVvg


Рецензии
Гэта прынцыпова новы ўзровень, здымаю капялюш!

ПС Надоечы прапаноўвалі мне ўзяць яскрава-зялёны трэч, а я... адмовілася.

Нероли Ултарика   11.11.2018 18:55     Заявить о нарушении
Цытата з "Ночы": "Ці знайсці пад зацяганым да дзюраў “Клічам Ктулху” — абсалютным хітом новых часоў — сціпленькую сіненькую кніжыцу..."

Йіі-хіхі. Йіііі-хіхіхі.

Слухай, я чытаю тваё таксама ўважліва. У мяне нават ёсць думкас на яшчэ нешта кшталту ці то фанфіку ці рэалістычнага рэпартажу... але так жудасна, што не ўпэўненая, што вырашуся на гэткае. Гэта раз. А па другое, паспазнялася на гады з вершамі некаторымі... свярбяць, трэба папрацаваць.

Плёнаў нам усім.
(Йііі-хііі)

Има Иро   12.11.2018 09:22   Заявить о нарушении