Тузiн графаманау

Тузін графаманаў


- Прывітанне, мая дарагая!
- О, мая мілая, вітаю! Даўнютка цябе не было, я ўжо надзею страціла.
- Сапраўдны профі можа працаваць і без майго нагляду. Ну што, закурым, сяброўка?
- Гэта шкодна для здароўя.
- Тады вып'ем чаю. Нальём бурштынавы напой у фаянсавыя кубкі, пасядзем у фатэлі-гушкалкі, закруцімся ў пледы, і пацячэ аповед бурнай рэчкай.
- Не-не-не, гэта забаронены прыём, так пішуць дылетанты.
- Засвойваеш правілы, як я пагляджу. Ухваляю! Абыдземся без чаю, давай да справы. Ну, і што ў нас тут пішацца?
- Прабач, я не магу працаваць, калі мне зазіраюць цераз плячо.
- Тады чытай услых.
- "Стромкія шпілі зікуратаў праціналі пахмурнае неба..."
- Так, хвілінку, гэта што? Гэта як? Ты зікурат, наогул, бачыла? Якія шпілі?
- Авохці, сапраўды! Чорт, я ж ведала. На аўтамаце напісалася.
- І часта ў цябе такое, на аўтамаце? Кульгавую арфаграфію і памылкі друку яшчэ можна дараваць. Але калі аўтар піша пра шпілі зікуратаў ці там, напрыклад,  "віначэрп наліў віна ў свінцовыя рэторты" – гэта, братцы, катастрофа.
-  Мажліва, аўтар мае на ўвазе нейкі адмысловы сусвет, дзе віно п'юць выключна з рэторт.
- Гэта павінна быць зразумела з кантэксту. Чытач не абавязаны мучыцца думкай, што хацеў сказаць аўтар. Ты чытала Стывена Кінга "Як пісаць кнігі"? Што карыснага ты пачарпнула з гэтай манаграфіі?
- Не трэба лічыць чытача ідыётам.
- Вось! Менавіта! Паважай свайго чытача і не лічы яго дурнем – калі толькі ты не постмадэрністка, ха-ха, жартую.  Дык што там у нас з сусветам?
- Жыў-быў Творца. Аднойчы ён засумаваў і вырашыў стварыць сусвет.
- Алюзіі на Стары Запавет? Гэта заўсёды мае эфект. Прымаецца!
- У тым сусвеце ёсць планета, на планеце каралеўства, а ў каралеўстве не ўсё ладна.
- А ці не замахнуцца нам на Уільяма, так бы мовіць, Шэкспіра? Годны патэрн, прымаецца.
- У каралеўстве ўладу захапіў Узурпатар і заняволіў горды і свабодалюбівы народ.
- Класіка. Прымаецца!
- А тым часам недзе далёка-далёка за межамі каралеўства, у выгнанні нараджаецца прынцэса, якой наканавана скінуць Узурпатара і вызваліць свой народ.
- Вось гэта чэлендж! І як прынцэса гэта зробіць?
- Яна прыручыць агнядышнага цмока, на цмоку прыляціць у каралеўства, разбурыць палац Узурпатара і вызваліць усіх з рабства.
- Не арыгінальна. Скажу больш – гэта плагіят. Перапісвай!
- Тады, тады...Дай падумаць... О! Узурпатар мае ворагаў сярод прыдворных. Саветнік яго ненавідзіць і рыхтуе пераварот. А каб адцягнуць увагу Узурпатара, саветнік на ўласныя сродкі арганізуе лагер баевікоў, якія ладзяць дыверсіі па ўсім каралеўстве. Тым часам  у каралеўства інкогніта прыбывае прынцэса і выпадкова трапляе ў трэніровачны лагер. У яе ўлюбляецца камандзір баевікоў, тыя пасылаюць саветніка, пераходзяць на бок прынцэсы і б'юцца ўжо за яе.
- Ну ты накруціла, нават я заблыталася. Прасцей трэба быць, прасцей, і да цябе пацягнуцца людзі. То-бок, чытачы.
- Ой, тады не ведаю. Праўда, не ведаю. Халера, у мяне творчы крызіс, я ў тупіку!..
- Без панікі! Звярніся да гістарычных крыніц. Шукай прэцэдэнт. Схадзі ў бібліятэку, папрацуй ў архіве або зазірні ў Вікіпедыю. Вывучай біяграфіі рэальных гістарычных асоб, якія некаторы час былі ў эміграцыі, а потым вярнуліся на радзіму і ўзялі рэванш – гэта і будзе патэрн!
- А можна я заўтра пашукаю? Палова на трэцюю ўжо, а мне на працу ўставаць рана,  на мне два праекты вісяць, дэдлайн, загадчык сектара злуецца.
- Вось ён, лёс творчай асобы – ноччу паэзія, днём качагарка. Кладзіся, спі. Раніцой на свежую галаву, бывае, такія ідэі прыходзяць, сама ведаеш.
- Дабранач, мілая Муза!
- Дабранач, аўтарка. Сустрэнемся на ўручэнні Нобелеўкі па літаратуры. Ха-ха, я не жартую! Чаму б не? Пайду і я далей па візітах – мяне чакае адна паэтка, адзін аўтар дэтэктываў ды тузін графаманаў з Сеціва. І ўсе патэнцыйныя нобелеўцы. Лячу да вас, мае даражэнькія, лячу-у-у-у-у!


Рецензии
Гэтая школа ці мае нейкі бложык ці там што? Пачытала б таксама, цікава. ?
Дзе там тыя Музы атарабарыліся. Там адэпты вылятаюць ці не? Раскажы.

Стыманасць і дысцыпліна. Стрыманасць і дысцыпліна.
Цікава, калі ўжо шандарахне?

Има Иро   19.11.2018 00:47     Заявить о нарушении
На Фэйсбуку закрытая суполка "для сваіх" - слухачы і выкладчыкі.

Я ўжо думала, усё, аўтарскі затык назаўжды. А яно як шандарахнула))

Нероли Ултарика   19.11.2018 08:42   Заявить о нарушении
А, ужо.)))

Има Иро   20.11.2018 10:36   Заявить о нарушении