Апошняя гастроль

   Увесь лес пад падрэз,а дзве лясіны вышай.
   Што ўжо казаць пра людзей!Характар -ён у кожнага праяўляецца,а тым
больш нападпітку.Адных ад шклянкі гарэлкі цягне на спевы,другіх -на
сон,трэціх - пабіцца.
   А вось дзядзька Ягор браў тады сваю двухрадку ды ішоў у вёску.
   У ёй у пасляваенныя гады мужчын амаль што не было,музыкі-таксама,
слёз-невычарпанае мора.Вось і хацелася п'янаму павесяліць трохі ўдоў
ды дзевак -векавух.
   А таму спыняўся ён над нейчымі вокнамі,расцягваў гармонік,мог нейкую
прыпеўку праспяваць,а потым яшчэ і загалёкаць:
   -Гэй,гаспадыня,адчыняй хацінку,падару дзяўчынку!
   Цяперашнія кабеты,напэшна,адчынялі б яму.А ў тых,ранейшых -іншае
выхаванне было.Не запрашалі яны дзядзьку,казалі:
   -Ідзі,Ягорка,да хаты.Заўтра прыходзь.Як будзеш цвярозы.
    Дзядзька згаджаўся,але ж дамоў не ішоў:пачынаў "канцэрт" пад вокнамі
другой удавы,затым -трэцяй.Глядзіш -усю вёску і абыдзе.
    Колькі гадоў так доўжылася,сказаць не бяруся,але ж канец "гастролям"
настаў,прытым-чаканы.На Водахрышча адна з удоў запрасіла такі чалавека
ў хату,пасадзіла за стол.Удваіх яшчэ па кроплі выпілі,-справа,як быццам,
"да дзяўчынкі" дайшла.
    -Дачушка-гэта добра,-уздыхае ўдава,але ж мне б,Ягорка,хлопчыка.
сынка.Можа,ён хоць некалі,хоць не скора,ды памочнікам стаў бы:дроўцаў
мне насек,агарод узараў,сена кароўцы назапасіў.Дужа ж цяжка самой! А
ўжо і збрыдзіла.
    Слухае гэта Ягор,з усім згаджаецца ды між волі носам клюе-і раз,
і другі,і трэці.А потым і наогул -галаву на стол і спіць.
    Гаспадыні трэба нешта рабіць,а што?Будзіць?Дык сам жа ён на вуліцу
не пойдзе.Яна яго таксама не вынесе.Да таго ж пажартаваць з чалавека
ахвота.Карацей,разула яго ўдавіца,палажыла на ложак,коўдрачкай накрыла,
паглядзела на гадзіннік.Чатыры дня там.Нецікава,адкруціла стрэлкі на восем,
як быццам раніцы ды пайшла на вячоркі.
    А таму ж госцю не спіцца-прачнуўся і сваім жа вачам не верыць:хата
чужая,грубка чужая.А валёнкі ўжо ягоныя сушацца.І гармонік на камодзе
таксама яго.
    Падхапіўся дзядзька,абуўся,апрануўся,двухрадку схапіў-і ходу.
    Але ж не тут тое было:дзверы замкнутыя.У чалавека мароз па скуры: "Дзе я?
Колькі праспаў?З кім?"
    На шчасце,гаспадыня вярнулася.І адразу ж да яго.
   -Як спалася,Ягорка?
    Дзядзька вачымв лыпае,пытаецца:
   -Чаму я тут,Маруся?Нічога не помню.Паміж намі нешта было?
   -А як жа,каханенькі-родненькі!Усё! І чарка,і скварка.Ты ж другія суткі
ў мяне.
    Ягор аж спалатнеў.
   -Быць не можа!
    Гаспадыня ў рогат:
   -Ды пажартавала я,-кажа,-анічогачкі не было і быць не магло.А што да
гадзінніка,-дык ты не бойся:я стрэлкі адкруціла.Ты ўсяго з гадзіну паспаў.
    У Ягора пасля гэткіх слоў камень з душы зваліўся-акрыяў.Сказаў:
    -Добрая ты жанчына,Маруся!Я табе -за тваю дабрыню -валёначкі зраблю
(а ён,трэба сказаць,майстр быў - на ўсю акругу!).
    Удавіца хацела запярэчыць яму:прызнацца,што не з яе гэта шчасцем абновы насіць,што на тыя валёначкі няма ў яе ні воўны,ні грошай,каб за працу заплаціць.Але Ягор гнуў сваё.
    -Ад цябе,Маруся,я нічога не вазьму.Зраблю і падару,-паабяцаў дзядзька і,заціснуўшы пад пахай гармонік,ледзь не подбегам рушыў дамоў.
    Думаеце,падмануў?Не,бо не такі ён чалавек быў:зрабіў Марусі  валёнкі!
    А ўжо якія цёплыя,лёгкія,прыгожыя-на зайдрасць усім адзіночкам.Пад
вокнамі якіх дзядзька на гармоніку больш не іграў,прыпевак не спяваў і ў хаты не прасіўся ні з "дзевачкамі",ні без.
      

 
   


Рецензии