Перапалох

   Было гэта пасля вайны,людзі яшчэ не адвыклі ад страху і ліхалецця,ад
бамбёжак.
   За рэчкай,якая працякала непадалёку ад нашай вёскі,распасціраліся
калгасныя палі,і ўсе яны засмечаны спрадвеку малымі і вялікімі камянямі.
Былі нават такія,што трактар не мог зварухнуць.Яшчэ з восені па дамоўленнасці
старшыні мясцовага калгаса і з адной вайсковай часцю вяліся работы на гэтых
палях па ачышчэнню іх ад валуноў.Салдаты пры дапамозе ўласнай тэхнікі выкарчоўвалі і сцягвалі гэтыя валуны на край поля,а дробныя адразу грузілі на машыны і адвозілі да сябе ў часць.Гэтыя камяні ім патрэбны былі на нейкае
будаўніцтва.
  І вось аднаго разу вясной ваенныя зноў завіталі ў калгас.Прыехалі на вялікіх машынах.Быў ясны цёплы дзень,на небе ні адной хмаркі.На палях калгаса кіпела праца.Жанчыны амаль ўсёй вёскай перабіралі бульбу ля капцоў.
  І раптам у небе пачуўся гул самалёта.Спачатку на гэта  ніхто не звярнуў
увагі.І толькі тады,як загрымелі адзін за адным моцныя выбухі са звонкім сухім трэскам і з-за гары паплыў дымок,усе раптам заціхлі,а потым меней як праз хвіліну кінуліся 'хто куды.Адны з перапугу заляглі ў канаву ля капца,іншыя на галаву паадзявалі свае вёдры.Адна жанчына нават падняла спадніцу,ускінула яе на галаву і гэтак сядзела ля капца і нешта шаптала пра сябе.Маланкай узняліся з месца і вароны на могілках і закружылі з крыкам у небе.
   Такі ж перапалох быў і ў вёсцы,дзе засталіся малыя ды старыя.Людзі залазілі пад падлогу,хаваліся ў скляпы з крыкам і лямантам: "Вайна". Каровы,якія пасвіліся на лугу,каля рэчкі,пазадзіралі хвасты ўгору,панесліся ва ўсю прыць з ровам да вёскі.Усё гэта адбылося,можа,за нейкіх пяць хвілін.Прагучалі дзесяць выбухаў,а затым стала ціха і маркотна,толькі дым з пылам паплыў уздоўж ракі,ды вароны з крыкам кружылі над могілкамі.
   У гэты момант да капца верхам на кані спакойна пад'ехаў брыгадзір.
   -Што гэта было?Можа зноў вайна?-Усхвалявана з трывогай пыталіся жанчыны.
   -Ды салдаты каменне рвуць толавымі шашкамі за ракой,потым будуць вывозіць,-растлумачыў брыгадзір  і пачаў абурацца,што ўсе пакідалі працу і
сядзяць.
    І толькі зараз жанчыны ўспомнілі пра салдат і чаму праўленне калгаса не
папярэдзіла жыхароў - я не ведаю,радыёкропак на вёсцы тады яшчэ не было.
    Пасля гэтага перапалоху вяскоўцы яшчэ шмат часу ўспаміналі,хто,як і
куды "хаваўся ад вайны",і смяяліся ад усёй душы адзін з аднаго.


Рецензии