Калядоушчык

Калядоўшчык 

Чалавек адзiнокi ў горад гэты прыйшоў.
Ён шукаў па сьвеце шчасьця,
Але покуль не знайшоў.
Змораны, стомлены
Але верыў упарта
Ў тое, што будзе яму цуд
На Каляды.
Аляксандр Памідораў "Цуд на Каляды"

1.

Горад патанаў у шчыльным тумане. Было сыра і зябка, у паветры вісела халодная імжа, зоркі хаваліся за абложнымі хмарамі. Зноў гэта хлюпота, а ён так спадзяваўся, што на Каляды будзе снег. Белае Раство. White Christmas. Не выпадае, значыць. Ну і ладна. Пакорпаўшыся ў заплечніку, ён выцягнуў  пару хімічных грэлак і сунуў іх у берцы. Занесці ў нататнік: зімовыя чаравікі. А лепей кросы для зімовага трэйлу. Трэ будзе пашукаць у магазінах ці на складах. Будзем лічыць гэта падарункам на Раство. Зіма сёлета гнілаватая і слотная, але пару разоў шандарахаў мароз пад мінус дваццаць.  Ратаваўся салянымі грэлкамі – і кавай.

Ён не адмовіўся ад гэтай звычкі, нават калі ўвесь свет паляцеў пад адхон – штодня выпіваць кубачак-другі чорнай, гарачай, моцна заваранай кавы. Абавязкова з двума кубікамі цукру. Пасля апакаліпсісу гэта стала для яго новым сэнсам жыцця. Заварваць каву – у “турцы”,  чайніку,  каструльцы,  кацялку, ці проста ў бляшанцы з-пад кансерваў, якую падвешваеш на дроціку над вогнішчам з трэсак і смецця, раскладзеным у дзіравым вядры. А потым піць густы гаркавы напой, смакуючы кожны глыток. Raison d';tre. Тое, дзеля чаго варта жыць. Калі запасы кавы канчаюцца, то проста мяняеш лакацыю.

Дарэчы, наконт кавы. Яны рухаюцца марудна, і ў яго досыць часу, каб выпіць кубачак. У тэрмасе засталося яшчэ на раз.  Спяшацца не трэба. Усё належыць рабіць дыхтоўна, "з пачуццём, толкам і расстаноўкай", як кажа наш дарагі шэф. Дастаць тэрмас. Адкруціць накрыўку, напоўніць яе да краёў. Халера, пальцы замерзлі. Гэта не ёсць добра – хутка прыйдзецца страляць, ціснуць на курок. Нічога, зараз сагрэемся.  Першы глыток, самы салодкі. Не губляючы, аднак, пільнасці. Яны, хоць і павольна, але набліжаюцца.

Аднойчы ён так схібіў. Падпусціў іх занадта блізка. Вінтоўка  дала асечку,  і ён, кінуўшы бескарысную зброю,  ірвануў быў наўцёкі, ды зачапіўся шлейкай заплечніка за арматурыну. Проста збег акалічнасцей. У іншых абставінах гэта падалося б яму смешным. Тады, канешне, было не да смеху.

Апрытомнеўшы, ён убачыў святло, такое яркае, што забалелі вочы. Над ім схіляліся фігуры, якія здаваліся цёмнымі і размытымі ў зыркім ззянні.
–  Я памёр? – спытаў ён, захінаючы вочы далонню.
– Віншуем. Ты жывеш, – пачулася ў адказ.

Цяпер у яго ёсць адмысловая мэта ў жыцці. Місія. Новы, праабгрэйджаны Raison d';tre. Новы-вішнёвы.  Каву, аднак, ніхто не адмяняў.

Яны ішлі, кульгаючы і валюхаючыся. Ён бачыў іх за туманам – выскаленыя зубы, бялёсыя вочы без радужкі, абліччы ў трупных плямах, сатлелая  адзежа вісіць лахманамі. Бадзяжнікі. Так жывыя цяпер завуць мерцвякоў. Жывых мерцвякоў. Дурацкае словазлучэнне. Мярцвяк – ён і ёсць мярцвяк... Ці ўсё-ткі не? У Цэнтры ўсё спрабуюць намацаць гэту кропку незвароту. Пакуль тканкі не закранула разлажэнне, шансы ёсць. Гэтыя, на жаль, прагнілі наскрозь. Без варыянтаў. 

Зрабіўшы апошні глыток, ён адставіў тэрмас і зняў з пляча штурмавую вінтоўку. Пяць секунд, каб ацаніць становішча. Зграя  не з самых вялікіх – да трыццаці асобін наперадзе, прыкладна па дваццаць з флангаў, на даляглядзе чыста.
– А можа, усё ж ткi нам будзе цуд, на Каляды, –  прамовіў ён напаўголаса і з ляскам  перасмыкнуў затвор.

2.

Ідэя адзначыць Каляды прыйшла спантанна. Алег, зірнуўшы на гадзіннік, абмовіўся, што, між іншым, сёння пярэдадне Раства. Цяпер, калі ўсе гаджэты на Зямлі даўно паздыхалі, яны асочвалі час па механічным “лучаўскім” гадзінніку з календаром. Файная рэч. Гэта надзвычай важна – ведаць дакладна, колькі часу і які сёння дзень. Хоць нейкі парадак у прорве хаосу, у якую зваліўся свет. У Волі меўся папяровы каляндарык з рэпрадукцыяй “Сланечнікаў” Ван Гога, ды год закончыўся,  а новых не надрукавалі. І не надрукуюць. Сімвалічна. Будучыні няма.
– Дарма! Затое свята на парозе.
– Дзелімся лайфхакамі – як зладзіць елку ва ўмовах пост-апакаліпсісу.
– Можна скруціць з калючага дроту.
– Брутальна.
– Затое з шыльнікам, ха-ха!
– А можна саставіць конусам кавалкі арматуры і абматаць мішурой.
– Або паўбіваць у сценку цвікі, каб атрымаўся сілуэт елкі, і на цвіках паразвешваць гільзы.
– І Дзеда Мароза пад елку. Калі знойдзецца.
– Я дзесьці тут бачыла фігурку Буды.
– Па фэнь-шую? Падыдзе!..

Адвячоркам, калі на дварэ пачало шарэць, Алег закінуў за спіну ружжо і выйшаў за парог, сказаўшы Волі, што збіраецца напаследак абысці квартал. Так, на ўсякі выпадак. Вярнуўся ён праз паўгадзіны, цягнучы на плячы зялёную, пухнатую, разгалістую елачку.
– Воля! З надыходзячым, – крыкнуў ён з двара, а яна запляскала ў далоні, як дзяўчынка...

Воля здрыганулася, калі звонку пачуліся стрэлы. Садзілі з “калаша”, здаецца, дзесьці зусім побач, за пару кварталаў ад сквота. Упадабанае слоўца Алега. Ён называў “сквотам” кожны закінуты будынак, у якім яны спыняліся. У апошнім яны планавалі акапацца аж да вясны. Катэджык ў элітным пасёлку, што можа быць лепш?  Дом выглядаў па-багатаму: фасад у стылі ар-нуво з высокім ганкам і каванымі парэнчамі, барочныя балкончыкі,  а па баках дзве стромкія вежкі, нібы ў рыцарскім замку. Унутры, праўда, як Мамай прайшоўся – відаць, тут рабавалі не аднойчы, і ўсё прапахла сырасцю ды цвіллю.

Раён затое чысты, ніводнай зграі ў наваколлі. Адзінага мерцвяка, які бадзяўся паміж катэджамі, Алег “супакоіў”, сунуўшы заточку яму ў скронь кароткім адпрацаваным рухам – натрэніраваўся за апошні год. Цела адцягнулі ў лясок, што атачаў пасёлак,  і там кінулі. Пахаванняў як такіх даўно не ладзілася. Затым яны заняліся домам – павыкідвалі на вуліцу заплеснелыя дываны, дыванкі, парцьеры і падушкі, забарыкадавалі вокны і дзверы, расклалі спальнікі. Жыць можна. То-бок, выжываць. Жыццё было да эпідэміі. Алег вучыўся на пятым курсе філфака БДУ, пісаў дыплом па творчасці Джэка Керуака. “На дарозе”. “Бадзягі Дхармы”. Воля была трэцякурсніцай педагагічнага, выдатніцай вучобы, актывісткай, спартсменкай-камсамолкай. Хто яны цяпер? Бадзягі адхармы(1). Ежа для мерцвякоў…

Стрэлы сцішыліся. Цікава, колькі іх там? Будзем спадзявацца, што ў катэджны пасёлак яны не сунуцца. Дажыліся, называецца. Жывых мерцвякоў не так баішся, як проста жывых. Ні міліцыі, ні арміі больш не існуе, затое ўсюды швэндаюцца марадзёры і ўзброеныя хеўры, крый божа нарвацца. Хаця здавалася б, эпідэмія, катастрофа сусветнага маштабу, чалавецтва мусіць аб’яднацца перад абліччам агульнай пагрозы. А вось хрэну. Людзі раз’ядналіся канчаткова. Цяпер кожны сам за сябе,  і чалавек чалавеку воўк.

Воля абцерла спацелыя далоні аб джынсы і ямчэй перахапіла стрэльбу з абрэзаным ствалом. Можа, патушыць свечкі? Вокны пазабіваны дошкамі, але святло прабіваецца скрозь шчыліны, і звонку могуць заўважыць. Хаця – якая цяпер розніца? Ну, убачаць, прыйдуць, і што? Знойдуць тут мерцвяка ды насмерць перапалоханую дзяўчыну. Або дзяўчыну, ужо напалову з’едзеную, і жывога мерцвяка. Ці двух мерцвякоў – патронаў досыць, галоўнае, каб хапіла смеласці… А свечкі няхай гараць. Сёння свята… 

Удваіх яны ўбіралі каляднае дрэўца. Ёлачных цацак не было, і на галінкі чаплялі ўсё, што ўдалося раздабыць падчас кароткага марш-кідку па суседніх катэджах. Дэкаратыўныя чайныя лыжачкі. Каляровыя паштоўкі. Фарфоравыя коцікі, аленікі і балерынкі – крыху пакоцаныя, але нічога, сыдзе. У адным з дамоў яны знайшлі доўгую нізку жэмчугу і цэлы россып пярсцёнкаў, завушніц ды бранзалетаў з бліскучымі  каменьчыкамі. Упрыгожанні былі параскіданы па падлозе, рабаўнікі на іх не спакусіліся. І не дзіва. Цяпер эпоха бартару – мяняеш ежу на бензін, бензін на зброю, зброю на лякарствы. Ювелірка не каціруецца. Затое на елачку павесіць – у самы раз. Напаследак Воля прыцягнула  стосік глянцавых часопісаў і ўзброіўшыся нажніцамі, навыразала папяровых анёлкаў, снегавічкоў, мядзведзікаў і нават цэлую гірлянду са сняжынак і зорак. І апошні штрых – свечкі. Падчас нядаўняга рэйду ў гіпермаркет яна набрала іх поўную скрыню – белых, жоўтых, чырвоных, зялёных, юлёвых, памяранцавых, з водарам ванілі, карыцы і цытрусавых. Воля парасстаўляла свечкі па ўсім пакоі – на паліцах, на падаконніках, пад елкай.  Алег, смеючыся, паставіў пад каляднае дрэўца нехлямяжую, папсовую фігурку Буды, які сузіраў Пустэчу і ўсміхаўся. Альтэрнатыўны Дзед Мароз. 

Сабраць на калядны стол яны не паспелі. Алегу зрабілася кепска. Накрыла яго неяк раптоўна, нібыта выдахлася батарэйка. Хіснуўшыся, ён без сіл апусціўся на канапку і ўраніў галаву на рукі.
– Алег, ты чаго? – з трывогай спытала Воля.
Ён зірнуў на яе – ні крывінкі ў твары, у вачах нездаровы бляск – і сказаў з вінаватай усмешкай:
– Я ўсё.
Ён адцягнуў рукаў байкі. Рука ля запясця была заматана бінтамі, і над павязкай ужо  распаўзалася чарната. Воля адступіла.
– Дзе  і калі? – спытала яна.
– Заўчора, на складзе.
– Ясна.
Заўчора яны рабілі вылазку ў гэты чортаў гіпермаркет. У гандлёвай зале было як вымецена, – разрабавалі дашчэнту – і Алег прапанаваў агледзець склад. Адсунуўшы жалезныя дзверы, яны пасвяцілі ўнутр ліхтарыкамі – пакеты, скруткі, скрыні штабялямі. Памяшканне здалося ім “чыстым”.

Яны памыліліся. Там былі два бадзяжнікі. На падлозе, пад пустымі каробкамі. Пэўна, даўно не жэрлі і добра саслаблі, але  ўчуўшы свежаніну,  зрабіліся надзвычай жвавымі. Воля адчула, як штосьці ўчапілася ёй у калашыну. Яна падскочыла, нібы спружына – ліхтарык упаў на падлогу і згас. Схапіўшы абрэз, Воля прынялася паліць усляпую – госпадзі, толькі б не трапіць у Алега!.. Усё, што адбывалася потым, паўставала перад ёй у кароткіх выблісках, нібы нарэзка каляровых слайдаў.
Стрэл.
Алег на падлозе, спрабуе адштурхнуць ад сябе мерцвяка.
Стрэл.
Проста  на яе нясецца істота – жаўтлявыя выскаленыя зубы, учарнелыя пазногці, бессэнсоўныя белыя зенкі.
Стрэл.
Хрась! Чэрап  расколваецца, як кавун, ва ўсе бакі ляцяць шматкі мазгоў і згнілай плоці.
Цішыня.
Воля намацвае пад нагамі ліхтарык, уключае. Алег на каленях з заточкай у руцэ, перад ім, распластаўшыся, ляжыць мярцвяк, ужо супакоены.
– Алег, ты не паранены?
– Я ў парадку.
У цэлым вылазка атрымалася ўдачнай. Яны  панабіралі поўныя заплечнікі правізіі – кансервы, сухафрукты, чай, кава, шакалад. Свечкі. І Алег схлусіў, сказаўшы, што ён у парадку.
– Чаму ты маўчаў?!
– Спадзяваўся, што ў мяне будзе яшчэ дзень. Хацеў адсвяткаваць Каляды. Апошні раз у жыцці, разумееш?  Пачалося раней, чым я думаў…

Воля помніла, як усё гэта пачыналася. Спачатку – чуткі ды пагалоскі. Жудасныя фоткі ў Інстаграме. Шакуючае відэа на Ютубе. Заўзятыя спрэчкі ў соцсетках – фэйк ці не фэйк? Неўзабаве з’явіліся  афіцыйныя паведамленні. Пандэмія. Нейкая новая форма шаленства, вакцыны супраць якой не існуе. Перадаецца цераз кроў. Пасля кароткага інкубацыйнага перыяду, што працякае бессімптомна, пачынаецца скарацечная ліхаманка, якая заканчваецца лятальным зыходам. Просьба не паддавацца паніцы і захоўваць спакой. Сываратка ў стадыі распрацоўкі. Умацоўвайце імунітэт і пазбягайце кантактаў.

Навіны на тэлебачанні былі, як заўсёды, “лучазарныя”. Усюды лютуе злаякасная ліхаманка – Расія, Еўропа, Злучаныя Штаты – і толькі ў нас астравок стабільнасці. Выпадкаў шаленства не зафіксавана. У мэтах прафілактыкі ў рэспубліцы будзе зачынена  паветраная прастора, а таксама  ўзмацніцца кантроль на мяжы. 

Людзі казалі зусім іншае. У краіне пачалася эпідэмія. Бальніцы перапоўнены. Пад Мінскам зрабілі гета для заражаных, якое ахоўваецца аўтаматчыкамі. Вакцыны няма. Урад тайна эвакуіраваны. З дня на дзень будзе ўведзена ваеннае становішча… Потым ва ўсім горадзе абрубілі інтэрнэт. Затым знікла мабільная сувязь. Прапала электрычнасць. На вуліцах з’явіліся “бэтээры”. Ваенныя перакрылі выезды са сталіцы. Ашалелыя натоўпы штурмавалі блок-пасты, а вайскоўцы стралялі на паражэнне…

А потым прыйшлі яны. Неспакойныя мерцвякі, якія ходзяць  зграямі і палююць на жывых. Яны не мысляць і не адчуваюць, у іх згасаюць нават прымітыўныя інстынкты, застаецца толькі голад, які  гоніць іх наперад. Зрэшты, ад зграі можна ўцячы або адбіцца. Горш, калі вірус патрапіць у кроў. Укушаныя – усе без выключэння – неўзабаве звальваюцца з ліхаманкай.  Потым смерць і пераўтварэнне...

Іх уцёкі пачаліся год таму, калі яны з боем выдзіраліся з абложанага Мінска. А скончыцца ўсё тут, у пустым разрабаваным доме, на ўскрайку чужога мёртвага горада, што патанае ў тумане і цемры. Алег, непрытомны, ляжыць на канапцы пад спальнікамі, яго трасе ліхаманка. Дзяўчына ў джынсах, берцах і байцы з капюшонам сядзіць на падлозе і  не адчувае холаду. У руцэ яе стрэльба са спілаваным ствалом. Пасярод пакоя – убраная калядная елка, гараць рознакаляровыя свечкі, пахне шыльнікам, ваніллю і мандарынамі. Дзяўчына чакае – на цуд? Будзе цуд, калі ў пакой увойдзе мама, патрасе яе за плячо і скажа: “Воля, уставай, лекцыю праспіш”, і ўсё акажацца проста жахлівым сном. Толькі гэтага не будзе. Воля не ведае, дзе яе бацькі, і сноў яна больш не сніць.


Воля не стане страляць у Алега – свайго сябра, каханага, абаронцу, разам з якім прайшла такі доўгі шлях. Яна дачакае таго моманту, калі Алег знікне, і з канапы падымецца выскаленае нешта з бялёсымі вачыма. Вось тады яна зробіць стрэл. Воля так і не навучылася абыходзіцца з гэтай заточкай. Затое страляе добра. Спартсменка-камсамолка…

3.

– Добры вечар у хату!
У шыбу пагрукалі. Воля падхапілася і накіравала абрэз у бок акна.
– Хто там?
– Калядоўшчык.
– Што?
– А ці дома-дома сам пан гаспадар, святы вечар добрым... Выбачайце, забыў словы. Увайсці можна?
– Нельга. Тут заражаны.
– Ды я бачу. Спадарыня, вам патрэбна дапамога.
Воля зірнула на Алега, які пластом ляжаў на канапе. Перад тым як страціць прытомнасць, ён папрасіў яе зрабіць усё да таго, як пачнецца пераўтварэнне. Сказаў, што хоча памерці чалавекам. Пажартаваў, што цяпер разумее, чаму мерцвякі такія злосныя – холадна ім, чартоўскі холадна. Ён увесь гарэў, але ніяк не мог сагрэцца.
– Вы там адзін? – спытала Воля.
– Як пень у лесе.
– Добра. Чакайце.
Не выпускаючы з рук стрэльбу, Воля адсунула шафку, якой быў забарыкадаваны ўваход, зняла засаўку і адчыніла дзверы. На парозе стаяў мужчына гадоў трыццаці – сярэдняга росту, цёмныя валасы падстрыжаны "вожыкам", зімовы камуфляж, заплечнік, вінтоўка за спінай. Вочы схаваны за акулярамі з глухімі чорнымі шкельцамі. Дзіўна. На халеру гэтыя шоры? І так цёмна, хоць іголкі збірай. Мабыць, рагавіцы пашкоджаны...
–  Я чула стрэлы. Гэта вы?
Ён кіўнуў.
–  Так,  паблізу абівалася зграя. Магчыма, некаторых з іх можна было ўратаваць, але я не меў часу разбірацца. На жаль.
Калядоўшчык увайшоў, агледзеўся. Зняў з пляча вінтоўку і паставіў яе ля парога.
– Тут ёсць яшчэ людзі? – спытаў ён.
– У пасёлку? Не, толькі мы.
– Тады да справы,  як кажа наш дарагі шэф.
Воля, апусціўшы рукі, глядзела, як чалавек у камуфляжы схіляецца над Алегам – той не варушыўся і здаецца, ужо не дыхаў. Калядоўшчык дакрануўся да яго лба, памацаў пульс і асцярожна разляпіў яму сплюшчаныя павекі. Волю перасмыкнула – вока зрабілася мутным і бялёсым. Вось і ўсё.
– Ну што ж, з божай дапамогай пачнём, – Калядоўшчык пацягнуўся да заплечніка.
– Пачакайце, не трэба, – Воля паклала далонь на затвор стрэльбы, рукі яе дрыжэлі. – Я лепш сама гэта зраблю.
– Вы ўмееце ставіць кропельніцу?
– Якая кропельніца?! – выклікнула яна з неўразуменнем. – Ён пераўтвараецца, хіба не бачыце? Трэба зрабіць стрэл у галаву, знішчыць мозг, пакуль...
Калядоўшчык усміхнуўся.
– Спадарыня, вы не зразумелі. Ні ў каго страляць не трэба. У мяне вакцына.
Воля замёрла.
– Як вы сказалі?
– Строга кажучы, гэта рэверс-вірус. Штам з паламаным ДНК, які паводзіць сябе, як "пацучыны воўк". Атакуе сабе падобных, – цярпліва тлумачыў Калядоўшчык. – Вакцыну  сінтэзавалі зусім нядаўна, у Цэнтры, гэтым займаецца група вучоных з усіх канцоў свету. Поўны, так бы мовіць, інтэрнацыянал. Зараз у нас місія – спрабуем выцягнуць чалавецтва з багны, куды яно, відавочна, само сябе і загнала... Ды кіньце вы гэту дубальтоўку! Яна вам не спатрэбіцца, прынамсі, цяпер.  Калі сапраўды жадаеце дапамагчы, патрымайце кропельніцу.
Раскрыўшы заплечнік, Калядоўшчык выцягнуў адтуль пластыкавы флакон, напоўнены густой празрыстай вадкасцю зеленкаватага колеру, якая цьмяна свяцілася ў паўзмроку.
– Мая каштоўнасць, – сказаў ён, пасміхаючыся. – Завецца "Хантэр-Зэт" у сэнсе "Паляўнічы на зомбі-вірус". Разумею, гучыць жахліва, нібы ў танным коміксе, ды што зробіш, назву прыдумляў наш дарагі шэф, а густы ў яго спецыфічныя. Ведаеце, напачатку ён хацеў назваць вакцыну "Асасін" ці "Біявоўк", ды на шчасце, перадумаў.
Госпадзі, ды хоць "Ружовы Аднарог". Якая розніца, як гэта завецца? Калі вакцына сапраўды працуе...
– А ці не занадта позна? – спытала Воля. –  Вы бачылі, што стала з яго вачамі.
 Ён  паківаў галавой.
– Спадарыня, у падобным стане я прабыў не менш за тыдзень. Гэта не прысуд. Зірніце.
Калядоўшчык  зняў акуляры, і Воля зразумела, чаму  ён  хавае вочы пад чорнымі шкельцамі. Радужкі не было – толькі белата з чорнымі зрэнкамі.
– Вы мярцвяк?
– Я жыву.
– Як гэта магчыма?
– Пасля пераўтварэння мозг жыве некаторы час. Гэта выявілі вучоныя з Цэнтра. У бадзяжнікаў працэсы разлажэння замаруджваюцца за кошт паступлення пратэінаў...звонку. Вакцына падаўляе вірус, і арганізм вяртаецца ў нармальны стан, які быў да заражэння. Толькі колер радужкі аднаўляць пакуль што не навучыліся.
Воля кіўнула.
– Я зразумела.
Ён надзеў акуляры і дзелавіта прамовіў;
– Аднак, давайце зоймемся справай. Балазе працэс пераўтварэння не завершаны і сэрца яшчэ б'ецца, потым будзе складаней, пацыента прыйдзецца фіксаваць рамянямі і рабіць ін'екцыю ў спінны мозг, але спадзяюся, да гэтага не дойдзе. Спадарыня, зрабіце ласку, падайце мне жгут, трэба перацягнуць яму вену.

Стрэлкі "лучаўскага" гадзінніка паказваюць палову на дванаццатую. Гадзіннік ляжыць пад елкай побач з фігуркай Буды. Міргаюць свечкі. Пахі ігліцы, ванілі і гарачага воску змешваюцца з водарам свежазаваранай кавы. На падлозе валяецца разадраны пакет з-пад інфузійнага набору  і шматок праспіртаванай ваты. Воля сядзіць на краёчку канапы і трымае ў выцягнутай руцэ флакон са святлівай вадкасцю. Вакцына, кропля за кропляй, пераліваецца Алегу ў вену. Ён па-ранейшаму без прыкмет жыцця, аднак пераўтварэння аж дагэтуль не адбылося. Напэўна, гэта добры знак. Воля перамяняе флакон з адной рукі ў другую і кідае позірк за акно. У шчыліны між дошкамі глядзяць вострыя ледзяныя зоры. Хмары на небе разышліся, і на дварэ, здаецца, пахаладала. Колькі яшчэ чакаць?..

Чалавек у камуфляжы сядзіць на перакуленай скрыні, трымаючы ў далонях конаўку, напоўненаю гарачай кавай. Воля сама зварыла яе на спіртоўцы, кінуўшы ў каструльку палачку карыцы. І кава, і карыца – з таго злашчаснага гіпермаркета, дзе яны з Алегам натрапілі на бадзяжнікаў.
– Вы сказалі, што ёсць нейкі Цэнтр, – гаворыць Воля. – Дзе гэта?
– На Альманскіх балотах.
Ён падносіць да вуснаў конаўку і робіць глыток – павольна, з асалодай. Ніякі не мярцвяк – проста чалавек, які вельмі любіць каву.
– Чаму менавіта там?
– Бяспечная лакацыя. Мерцвякі не могуць туды дабрацца. Тонуць у багне.
– Ясна.
– Зараз па ўсёй краіне ствараюцца "астраўкі жыцця" – умацаваныя раёны. Найбліжэйшы знаходзіцца ў трыццаці кіламетрах адсюль. Завецца "Гервяты-два". Я пакіну вам карту. Галоўнае – дабрацца да чыгункі. Там ходзіць дрызіна. Вас падбяруць.
– Адкуль, наогул, узялася гэта дрэнь? – пытаецца Воля, памаўчаўшы. – Ну, вірус.
– Банальна да непрыстойнасці. Біялагічная зброя. Ваенны эксперымент, які выйшаў з-пад кантролю. Сакрэтная лабараторыя размяшчалася пад Мінскам, не дзіва, што ўлады маўчалі так доўга. Пагадзіцеся, нешта ў гэтым ёсць –  пандэмія пачалася ў Беларусі, а зараз у беларускіх балотах нараджаецца новае жыццё. Дзіўны новы свет, як той сказаў.
– А кім вы былі да эпідэміі?
Калядоўшчык усміхаецца.
– Не мае значэння. Важна, хто я цяпер.

– Воля...
Яе сэрца на імгненне замірае, а потым пачынае шалёна калаціцца. Алег расплюшчвае вочы. Позірк яго ясны, і радужкі не каламутныя, а валошкавыя, якімі былі заўсёды. Працэс пераўтварэння не паспеў завяршыцца.
– Алег, ты як? – Воля, ледзь не плачучы, гладзіць яго па шчацэ.
Той спрабуе прыўзняцца на локцях.
– Неяк дзіўна. Я што, памёр?
– Віншую, ты жывеш, – адказвае Калядоўшчык.
– Колькі часу?
– Дванаццаць. Паспеў на Каляды, – чалавек у камуфляжы адстаўляе ўбок конаўку і падымаецца на ногі.   – Ну, мне пара. Дзякуй за каву.
Ён таропка надзявае заплечнік і падхоплівае  з падлогі вінтоўку. 
– Пачакайце... – кажа Воля.
–  План мясцовасці, – Калядоўшчык кладзе пад елку ксеракопію карты ў празрыстым файле. – Тут усё наглядна, зарыентуецеся. Помніце – чыгунка.
Зрабіўшы крок да парога, ён спыняецца і глядзіць на хлопца з дзяўчынай, якія, абняўшыся, сядзяць на канапцы. Абое жывыя. "І вось такім вось спосабам зрабіўся я шчаслівым"(2).
– Са святам, – кажа Калядоўшчык і зачыняе за сабой дзверы.

*
А ці дома, дома
Сам пан гаспадар,
Святы вечар добрым людзям...

На Каляды надвор'е памянялася. Сівер прагнаў гнілую слату, нанёс хмарак з поўначы, і паваліў снег. Вось вам і Белае Раство, як на заказ.
– Цуд адбыўся, – гаворыць Калядоўшчык.
Пульхныя сняжынкі падаюць і растаюць на яго далоні, жывой і цёплай. Ён ідзе, усміхаючыся, і за ім па свежым снезе цягнецца ланцужок слядоў.


------
1. Дхарма (санскр.: «закон», «правіла») – індыйскі філасофскі або рэлігійны тэрмін, які выкарыстоўваецца для абазначэння маральнага абавязку, абавязкаў чалавека ці, у больш агульным значэнні – шляхі набожнасці. Антонімам дхармы з'яўляецца адхарма – тэрмін, які можна перакласці як «несправядлівасць або «амаральнасць».

2.З песні гр.  Нейра Дзюбель "Время распрощаться"


Рецензии
О! Мілата, я лічу, мімішная.)))
Са святамі надыходзячымі, добры чалавек.
Найлепшага натхнення і шчаслівага Раства.

Има Иро   24.12.2018 02:05     Заявить о нарушении
Дзякуй!
З надыходзячымі:)

У "Пісьменнікаў" калядныя гісторыі атрымаліся шыкоўныя, шкада, у сеціве не выкладваюць (дарма, ой, дарма)

Нероли Ултарика   24.12.2018 10:09   Заявить о нарушении