Электразёлкавы фэст з Бела-Колай

3 студзеня
Пасля навагодніх свят не ўлажу ў джынсы. Тлушч звісае з бакоў недадзьмутым плавальным кругам, брыдка глядзець. Стала на вагі і жахнулася – стрэлка няўмольна паўзе да адзнакі «шэсцьдзесят». Жоржык здзекуецца. Ушчыкне і рагоча: «Во, якія бодзіпазітывы наела!» Усё, вырашана, буду худнець. Гартаю Інстаграм, разглядаю фоткі фітнес-мадэляў. Натхняюся. Уяўляю сябе сухой і жылаватай, без кроплі тлушчу, з напампаваным азадкам і кубікамі прэса, якім пазайздросціў бы сам Шварцэнегер часоў сваіх алімпійскіх трыумфаў. Я змагу! Галоўнае – паспець да лета.

24 студзеня
Здаровы лад жыцця – гэта нескладана і няцяжка. Штодня перад працай зарадка: прысяданні, адцісканні ад падлогі, скручванні на прэс. Тройчы на тыдзень бегаю трушком вакол квартала – і ў снег, і ў дождж, пасля гарачы душ, такая асалода! Абмежавала тлустае, салодкае і бульбу. Раз на тыдзень дазваляю сабе зефір або цёмны шакалад. Пачуваюся цудоўна. Калі атрымаецца скінуць пяць кілаграмаў, узнагароджу сябе паходам у любімую кандытарскую за вуглом.

3 лютага
Упершыню за месяц стала на вагі. Поўны правал. Столькі намаганняў, а скінула ўсяго паўтара кіло. Жоржык нічога не заўважыў. Надоечы назваў мяне «брыёшкай». Гэта булка такая. Мне вельмі крыўдна.

25 лютага
Жудасна хочацца шакаладу, яблыкаў і простага жытнёвага хлеба, але стрымліваю сябе. Харчуюся варанымі курынымі грудкамі, абястлушчаным тварагом і зялёнай салатай без алею. Трэніруюся двойчы на дзень. Пацягнула цягліцу. Сёння падчас прабежкі паслізнулася, ледзь не ўпала і расплакалася ад крыўды. Вось і цяпер – пішу гэтыя радкі і плачу. Баляць галава, плячо і нага. Вага стаіць на месцы, не ўдалося скінуць ані грама. Гэта нейкі праклён. Я ў адчаі.

27 лютага
Кажуць, у «ліхія дзевяностыя» ў аптэках абсалютна легальна прадавалі цуда-траўку, якую везлі аднекуль з Азіі. Траўка мела непрыемную пабочку накшталт адыкцыі і галюцынацый, затое ад яе худнелі. За тыдзень злятала ад пяці да дзесяці кіло без дыет і аэробікі. Гэтым зеллем карысталіся супермадэлі, зоркі эстрады і кіно, а таксама ўсе, хто хацеў хутка і без высілкаў скінуць лішнюю вагу. Пасля таго, як некалькі чалавек трапілі ў вар'ятню, цуда-траўку забаранілі. Шкада, што цяпер не дзевяностыя. Дзіўнаватыя былі часы, але цікавыя.

29 лютага
Мела непрыемную размову з Жоржыкам. Ён сказаў, што са мной стала цяжка падтрымліваць стасункі. Апошнім часам я паводжуся, як істэрычка, не разумею жартаў і ў адказ на самую нявінную заўвагу пачынаю крычаць, вішчаць і рваць усё ў шматкі. Карацей кажучы, Жоржыку са мной нецікава і няўтульна, а я яшчэ і тоўстая. Ішла дадому, ледзь не плачучы. Напаўдарозе спынілася каля вітрыны кандытарскай і, што называецца, «заліпла». Удыхала водар кавы і свежай выпечкі, глядзела на рознакаляровыя макаруны, складзеныя пірамідкамі, капкейкі пад крэмавымі каптурыкамі, глазураваныя булачкі з карыцай і круасаны, пасыпаныя цукровай пудрай і пялёсткамі міндалю. Хацелася капучына і макарунаў з салёнай карамеллю – пакутліва, да дрыжыкаў у руках. Высілкам волі стрымала сябе. Сарвуся цяпер – страчу ўсё і ніколі не схуднею, Жоржык мяне кіне, буду тоўстай, самотнай і няшчаснай. Прыйшла дахаты, пераапранулася і пайшла бегаць па цёмных вуліцах, закарэлых ад галалёду.

13 сакавіка
Натрапіла ў сеціве на рэкламу нейкай Алесі Луцык, патомнай вядзьмаркі. Яна прапануе патэнтаваны сродак для пахудзення і прыгажосці, прыгатаваны з зёлак і карашкоў, сабраных у шасці абласцях Беларусі. Кошт дэмакратычны, першая спроба бясплатна. Гучыць заманліва, але мне неяк боязна. Не давяраю я гэтым вядзьмаркам-варажбіткам. Трэба падумаць.

20 сакавіка (раніца)
Сёння бачыла Жоржыка ў буфеце разам з гэтай каровай з бухгалтэрыі. Яны сядзелі за столікам, пілі какаву з маршмэлоу і жэрлі чызкейк, круасан з шакаладам і эклеры. Гэта ўсё. Мне больш няма чаго сказаць.

20 сакавіка (вечар)
Пасля працы зайшла ў кулінарыю і купіла кураня-грыль, два беляшы, салат з кальмарамі, веганскі плоў, сушы «Філадэльфія», слоік каперсаў, лаваш і торт «Казка». Дома села перад тэлевізарам, уключыла нейкі тупы серыял і з’ела гэта ўсё, запіваючы «Бела-Колай». Ела і плакала, плакала і ела. Я няўдачніца. Я нікчэмнасць. Я жыву дарэмна.

9 красавіка
Сустрэлася з Алесяй Луцык. Была прыемна здзіўлена. Надзвычай мілая, інтэлігентная жанчына з шырокім кругаглядам. Выгляд мае вытанчаны і строгі. Ніякіх стракатых спадніц, пярсцёнкаў і бранзалетаў. Ніякіх высушаных заячых лапак, шаманскіх бубнаў, магічных шароў з маланкамі ўнутры ды іншай лухты ў стылі «Бітвы экстрасэнсаў». Нардычная бландзінка. Даволі мініяцюрная. Апранута ў модны трэнч, спадніцу-аловак і туфлі-лодачкі на нізкім абцасе. Мінімум касметыкі, акуратная стрыжка, акуляры ў тонкай аправе. Тыпаж разведчыцы або жанчыны-следчага. Дарэмная я баялася.
Сустрэча наша адбылася ў кавярні на чыгуначным вакзале. Спадарыня Луцык у Мінску была праездам з Тамбова ў Люксембург, і нягледзячы на шчыльны графік, выкраіла хвілінку для мяне. Мы пілі капучына з карыцай і марцыпанавымі сэрцайкамі і гаманілі, як старыя сяброўкі, пра ўсё на свеце, ад мужчын да фемінізму. На развітанне яна дала мне папяровы крафтавы мяшэчак, перавязаны канапляным матузком. Бясплатна, як і было абяцана.
У мяшэчку парашок насычанага зялёнага колеру. Пахне сухацветам, чабаром і мятай. Паводле рэцэпту, яго трэба перасыпаць у кубак з гарбатай або кавай і размяшаць. На смак даволі прыемна, нагадвае бальзам «Беларускі».

10 красавіка
Лятаю! Супер!

12 красавіка
Звязалася па Скайпе з Алесяй Луцык і паведаміла, што жадаю прайсці поўны курс пахудзення. Вядзьмарка адказала, што сустрэцца асабіста, на жаль, не атрымаецца, бо яна ў Венецыі, заўтра вылятае ў Франкфурт-на-Майне, але я магу звязацца з Гэлачкай, яе ўпаўнаважанай, вось каардынаты, аплата прымаецца гатоўкай, інтэрнэт-банкінгам і сістэмай «Разлік». Дзякуй, спадарыня, Луцык!

19 красавіка
Зелле працуе! Я палягчала. На вагі не станавілася – і так адчуваю. Не хаджу, а лётаю, ледзь дакранаючыся зямлі. Скура значна палепшала, разгладзіліся зморшчынкі, зніклі расцяжкі, прышчы і цэлюліт. Валасы блішчаць і віюцца, прапала сівізна. Пазногці больш не крышацца і не слаяцца. Дыхаецца лёгка, ва ўсім целе неймаверная энергія ды моц. Адчуваю, як сэрца пампуе кроў па жылах – тух, тух! Гляджу ў люстэрка і любуюся тым, што ў ім бачу. Упершыню з часоў свайго выпускнога балю – а было тое без нечага дзесяць год таму. Жах, да чаго я была дакацілася. Як толькі я жыла? Калі апошні раз я танчыла пад поўняй? Сустракала світанак у дзікіх дзюнах, у лесе ці ў гарах? Калі, калі… І на чорта мне гэты Жоржык? У яго пралысіна і пуза, глядзець праціўна. Цьху!

28 красавіка
Я чую шэпты зорак у абшарах Космасу. Чую, як расце трава – голас кожнай былінкі – іх мільёны, мільярды, яны зліваюцца ў суцэльны хор, поўны абсалютнай гармоніі. Я чую пошум ветру ў галінах спрадвечнага Дрэва, чые карані сыходзіць у царства мёртвых, а вершаліна дакранаецца кольцаў Сатурна. Бачу сатурнянак – яны аглядаюць цёплыя пячоры ў нетрах усепланетнага Вулкана. Там яны прабавяць доўгую сатурніянскую зіму, а калі знадворку пацяплее і схілы гор пакрыюцца смарагдавай муравой, яны выйдуць са свайго сховішча і разам з барадатымі жрацамі прывітаюць Каралеву-Вясну. О, наш сусвет такі дзівосны, пярэсты, шматаблічны! Як я жыла дагэтуль, не заўважаючы гэтага хараства?

1 траўня
Сустрэла сёння Жоржыка з ягонай бухгалтаркай. Смешна было назіраць за іх рэакцыяй. Жоржык задраў галаву, угледзеўся, прытрымліваючы акуляры, пазнаў мяне, збялеў, ззелянеў, пераступіў няўклюдна, нібы стрыножаны конь, і асеўшы на азадак, выдыхнуў: «Ну ні фіга ж сабе!..» Бухгалтарка выпусціла з рук сумачку і прынялася нема вішчаць. А я, зрабіўшы вакол іх кола гонару, накіравала ўгору дзяржальна мятлы і, зарагатаўшы, рванула да зорак, у галавакружныя вышыні, куды не сягаюць хмарачосы. Бывай, Жоржык. Любі сваю бухгалтарку. Ты мне цяпер – як леташні снег.

Дзесьці летам
Мяне завуць Тамар-Ядвіга Брыёш Дэ Мансаро. Так, гэта псеўданім. Маё імя ў пашпарце было занадта банальным, і яго забыла. Я працую ў камандзе спадарыні Луцык. Нас многа – цэлы легіён. Мы лётаем вакол свету і дапамагаем жанчынам, якія страцілі смак да жыцця. Гэта наш бізнес і наша місія.
Скажу па сакрэце – спадарыня Луцык не тая, за каго сябе выдае. Ёй сто дваццаць гадоў. Яна дачка вадзяніка і млынарыхі з-пад Лагойска. У ноч, каля яна нарадзілася, здарылася месяцавае зацьменне, а на балоце за сялібай штосьці выбухнула. Вядзьмарству яна на ў каго не вучылася, гэта дар, дадзены ёй ад нараджэння. Дзевяноста дзевяць гадоў яна бескарысліва дапамагала людзям – накладаннем рук загойвала раны, замовамі лячыла прастуду, інтаксікацыю і шаленства ды наводзіла сурокі на зламыснікаў. У свой соты дзень народзінаў – такая ж юная і прыўкрасная, як у васямнаццаць – яна танчыла на кургане пад промнямі Венеры. З галін дуба-патрыярха, што рос на вяршыні кургана, спусцілася крылатая відма і ўсеўшыся на валуне, нашаптала рэцэпт цудадзейнага зелля. З тае пары Алеся Луцык кінула вядзьмарыць і занялася сеткавым маркетынгам.
Патэнтаваны сродак з натуральных інгрэдыентаў. Кошт дэмакратычны, першая спроба бясплатна. Аплата гатоўкай і карткай. Кантакты ў сеціве. Звяртайцеся! І так, ніякія мы не вядзьмаркі. Мы проста чараўніцы.


Рецензии