Змеябойца

Альтэрнатыўная назва 1: Калі планы бурацца
Альтэрнатыўная назва 2: Даўным-даўно, ў адным вельмі, вельмі альтэрнатыўным сусвеце (1)
(1)альтэрнатыўныя назвы запатрабаваў мой куратар - выконваю:)



За сямю морамі, за сямю горамі стаяў Царград тысячапалацавы, і ўладарыў там цар Гвідзіён Салтанавіч.

Была ў яго дачка-царэўна, Базіліса Прыўкрасная. Жыла яна ў высокім цераме з залатою страхой, аканіцамі смарагдавымі і прыступкамі лалавымі. Вакол церама рос прыгожы сад з яблычкамі наліўнымі, кветкамі дзівоснымі,  птушкамі заморскімі,  ды стаяў частакол са срэбнымі слупамі і пад сігналізацыяй. Было ў царэўны люстэрка чароўнае, якое паказвала, што ў белым  свеце дзеецца. Цэлымі днямі сядзела царэўна ў святліцы ля акенца, глядзела ў люстэрка, на далонь паклаўшы, і сумавала, бо ў Царградзе быў патрыярхат, і царэўну без нагляду нават у садочак пагуляць не пускалі, не тое што свет паглядзець.

Аднойчы прачнулася царэўна рана-ранічкой, употайкі са святліцы праз акенца выбралася,  без мамак-нянек і целаахоўнікаў у садочак выйшла, села пад яблыньку ды прынялася ў чароўнае люстэрка глядзець. Тут у небе штосьці  засвістала-зашумела, ясна сонейка пацьмянела, і немаведама адкуль наляцела чорная хмара-вінталёт. Апусцілася хмара на садочак, аж дрэвы прыгнуліся ды травы палеглі, і з хмары той выйшаў Змей. Схапіў ён царэўну, пасадзіў у вінталёт  ды панёс у сваё Змеева Царства.

Засмуціўся цар, склікаў  сваіх саветнікаў, саноўнікаў ды военачальнікаў на тэрміновую нараду.  Сталі яны радзіцца, як быць ды што рабіць –  ці то на Змеева Царства вайной ісці, ці то вырашыць праблему шляхам дыпламатыі.  Слова за слова – узнялася  спрэчка, генералы кажуць сваё, міністры сваё, так і глядзі бойка пачнецца, нібы тут не спаважныя рамеі, а, даруй божа, скіфы дзікія. Тады падняўся з крэсла непрыкметны чалавек у цёмнай туніцы, начальнік тайнага вышуку. Пакланіўся ён цару і кажа:
– Шпегі данеслі, Ваша Вялікасць, што зараз у Царградзе з неафіцыйным візітам знаходзіцца варвар – Іаан Змеябойца  з краіны неўраў. Вось хто дапаможа вырашыць пытанне і пазбегнуць адкрытай  канфрантацыі. У выпадку правалу ўсе прэтэнзіі будуць да неўраў.
Паразважаў цар ды пагадзіўся са шпегам.

*

Накіраваў цар да Змеябойцы-варвара пасольства. Пасланцамі прызначылі прыдворнага храніста, бо той многімі мовамі валодаў, у тым ліку неўрскай, ды начальніка палацавай варты дзеля забеспячэння бяспекі. Не надта ім хацелася па варвара ісці, ды што зробіш: цар загадаў – як божанька мовіў. Падрыхтаваў храніст пісчыя пёры з нататнікам, начальнік варты берцы зашнураваў, і пайшлі яны Змеябойцу шукаць.

Абышлі пасланцы Царград уздоўж ды ўпоперак, зазірнулі ва ўсе корчмы ды тэрмы – нідзе варвара няма. Нарэшце іншаземец-лацінянін, што на рагу індульгенцыямі гандляваў, падказаў:
– Шукайце на беразе марскім, дзе прытулак для бедных падарожнікаў пад назвай  “Алінклюзіюм”. Там ён. Дарэчы, індульгенцый не жадаеце? Дзве па цане адной, трэцяя ў падарунак…гэй, куды ж вы ўцякаеце?

Не падмануў лацінянін. Выйшлі пасланцы на бераг марскі, глядзяць – стаіць шэзлонг маляваны, над ім парасон каляровы,  у шэзлонгу варвар-неўр  ў адных сподніках, сандалях ды шкарпэтках, на галаве брыль саламяны,  у руках флейта неўрская, што па-іхняму завецца "жалейкай".  Сядзіць варвар ды на жалейцы грае.
Падышлі да яго царскія пасланцы. Начальнік варты пытаецца: 
–Ты Іаан Змеябойца?
– Сяджу сабе з краю, нічога не знаю, нікога не чапаю, і вы мяне не чапайце, – адказаў той і на жалейцы зайграў
Пераглянуліся пасланцы – відаць, варвар па-рамейску кепска знае. Выйшаў наперад храніст і паўтарыў пытанне на мове неўраў:
– Гэта ты Янка-удовін сын, пераможца цмокаў?
– Ну, я. А што?
Начальнік варты кажа:
– Справа ёсць.
– Я ў адпачынку.
Храніст яму тлумачыць:
– Гэта пытанне дзяржаўнай важнасці. Змей, пачвара басурманская, вераломна на Царград напаў ды скраў царэўну Базілісу Прыўкрасную, царскую дачку.
Тут варвар без дай-прычыны раззлаваўся, жалейку сваю кінуў і давай лаяцца, нібы той печанег:
– Бадай ты прапаў! Каб цябе свінні елі! А каб ты пад плотам ды калючым дротам!
– Ты гэта зараз пра каго – пра цара нашага?! – усклікнуў начальнік варты і за кабуру схапіўся.
– Ды не пра цара – пра Змея. Ну скажыце, хіба ён не скаціна? Раз у жыцці паехаў я на мора цёплае, пасяліўся ў гасцініцы трохзоркавай з варажскім сталом і скамарохамі, думаў, адпачну па-нармальнаму. Змей і тут мяне  дастаў. Пабурыў мне ўсе планы.  Знайду – галаву адкручу!
Храніст пытаецца:
– Дык што, неўр, пойдзеш Змея ваяваць? 
– Ладна, – уздыхнуў той. – Куды ад вас дзенешся? Зараз, толькі вышыванку надзену.

*

Апрануўся  варвар у кашулю вышываную, надзеў штаны картовыя, абуўся ў пасталы сырамятныя, світку сармацкім поясам падперазаў – і адразу дзівосным чынам перамяніўся. Дагэтуль выглядаў ён, як звычайны калдыр на пляжы, цяпер жа паўстаў ва ўсёй сваёй прыгажосці – сапраўдны Змеябойца, удовін сын-пераможца цмокаў! 
– Ну, збольшага я сабраўся, – сказаў удовін сын. – Вось толькі супраць Змея, як ведама, з голымі рукамі не папрэш, пазногцем яго не раздушыш. Зброя мне патрэбна адмысловая, зачараваная.
– Гэтага дабра ў нас валам! – сказалі царскія пасланцы і павялі яго ў арсенал.
 Арсеналам – царскай збарёўняй загадваў былы крыжаносец Ёхангрэг. Падчас крыжовага паходу прасякнуўся ён веліччу Царграда, перайшоў на службу да рамейскага цара і звацца стаў Ёхан-Грэк.
Водзіць  Ёхан-Грэк удовінага сына па арсенале, зброю паказвае:
– Дас іст дзіда з падводным стартам "Гаэ Болга". Прыводзіцца ў рух пальцамі ног.
Змеябойца патыліцу пачухаў:
– Неяк мудрагеліста.  А на шчупака з ёй можна?
– Не спрабаваў. Саманаводная прашча "Галіяф". Балістычны молат "Тор". Мнагамэтавая звышдакладная сякера "Тамагаўк".
– А прасцей што-небудзь ёсць?
– Нацюрліх! Меч-кладзянец. Лук-пастралец. Клявец. Грэцкі агонь-усім звяздзец.
– А ці ёсць Абушок-не хавай у мяшок?
– Ніхт, заўчора апошні забралі. Ёсць Булава-трэсні галава.
– Тое, што трэба, – узрадаваўся удовін сын. – Бяру!
– Вазьмі мяне з сабой, Змеябойца, – кажа храніст. – Хачу ўсё пабачыць на свае вочы і мемуары напісаць. Я ўжо і назву прыдумаў: “Хранаграфія Вялікага Паходу на Царства Змяінае”.
– І мяне вазьмі, – кажа начальнік варты. – Дзеля забеспячэння бяспекі.
– Добра, – пагадзіўся удовін сын. – Утрох у дарозе весялей.
Узваліў ён булаву на плячо, начальнік варты узяў на складзе  штурмавую вінтоўку, а храніст сказаў, што і так узброены – маўляў, вострае слоўца б’е мацней за дроцік. Селі падарожнікі на жалезных коней ды паехалі ў Змеева Царства.

*

Доўга ехалі ці коратка, адну правінцыю мінулі, другую, трэцюю – царства рамейскае  вялікае,  за дзень не праскочыш. І чым бліжэй падбіраліся яны да змеева краю, тым дарожка рабілася горшая – то яміна, то калдобіна, а наўсцяж палі занядбаныя, хаты пахіленыя і людзей не відаць. Пэўна, Змей усіх паеў.

Тут і дарожка канчаткова закалодзіла ды замуравела – сталі  жалезныя коні, пырхаюць, дым з вушэй пускаюць і з месца не рухаюцца. 
– Нічога не зробіш, далей прыйдзецца пешадралам, – сказаў удовін сын.
Спешыліся падарожныя, коней у хмызняк адагналі,  галінкамі замаскіравалі, каб разбойнікі не знайшлі ды падковы не паскручвалі, а самі пешкі пайшлі.

Доўга яны ішлі ці коратка, бачаць – рэчка чорная, а ў рэчцы хтосьці боўтаецца ды крычыць-лямантуе:
– Дапамажыце! Ратуйце! Утаплюся, да берага не дабяруся!
Пашкадаваў яго удовін сын, стаў на каменьчык, схапіў тапельца за каўнер і на бераг выцягнуў.  Той абтросся, адпляваўся,  падарожным у пояс пакланіўся:
– Дзякуй вам, людзі добрыя, вы мне жыццё ўратавалі!
– А хто ты ёсць? – падарожныя пытаюцца.
– Хіба самі не бачыце? Я – Янот Гаварушчы. Міфічная істота.
– Скажы, браце Яноце, ці далёка да Змеева Царства? – пытаецца ўдовін сын.
– Блізка, як рукой дастаць, – кажа Янот і лапкай паказвае. – Чорную рэчку па гаці пяройдзеце, на тым беразе чорны лес, а за лесам  Змеева Царства. Слухайце, падарожныя, вазьміце мяне з сабой!
А тыя:
– Нашто ты нам?
А ён:
– Бярыце, не пашкадуеце. Райдар у мяне сціплы, важу нямнога, жару мала. Абяцаю сядзець ціха і не адсвечваць.
– Ну што ж, залазь да мяне ў заплечнік, – сказаў удовін сын.
І рушылі падарожныя з Янотам далей.

*

Перайшлі яны па гаці чорную рэчку, увайшлі ў чорны лес, а там ні сцежак, ні дарожак, ні звяроў, ні птушак, адно балотныя яліны  ды хмызнякі калючыя.

Ломяць падарожныя  скрозь зараснікі, на хаду дарогу пракладваючы, удовін сын булавой карчы збівае, начальнік варты цесаком  вецце сячэ, а храніст усё старанна ў нататнік запісвае, каб, значыцца, нічога не ўпусціць і падрабязную справаздачу цару на стол пакласці.

Доўга ішлі – яліны ўсё вышэй ды вышэй, хмызнякі гусцей ды гусцей, а прасвету не відаць. Стаміліся падарожныя, згаладалі і нервавацца пачалі. Тут, як на злосць,  удовін сын няўдала булавой па карчы ляснуў, адляцела ад карча трэска ды начальніка варты па лбе выцяла. Раззлаваўся той і кажа:
– Дарма мы з табой, варвар, звязаліся.  Паўдня па лесе круцімся і ўсё без толку. Можа,  Іаан ты не Змеябойца, а Завядзі-ў-Багну?
– Іаан Бязглузды ён, – кажа храніст. – Эх, не патрапім мы ў Змеева Царства, вернемся ў Царград без царэўны, тут нам і галовы з плеч.
– Чакайце, дзецюкі, – кажа ўдовін сын. – Гляньце – вунь наперадзе штосьці бліскае.
Расступіліся елкі ды церні, і паўстала прад імі лясная паляна, а над  палянай лятучы карабель, з карабля ланцуг спускаецца і якар за вывараць зачэплены. Глядзяць падарожныя на карабель, дзівяцца, а самі думаюць: дзе ж гаспадар?
Тут у хмызняку штосьці зашастала,  і выйшаў на паляну вясёлы мужычок, на хаду штаны папраўляючы.
– Уга, – кажа, – варта на хвілінку адысціся, а ўжо набег цэлы натоўп. Так, хто ў нас тут – рамеі? І таўраскіф.
– З неўраў я, – паправіў яго удовін сын. – Іду ў Змеева Царства са Змеем біцца, і са мною мае памагатыя, прыдворны храніст ды начальнік палацавай варты. А ты хто?
Прыняў мужычок паставу маладзецкую, картуз зухавата  на вуха ссунуў і кажа:
– Я – Гервась Пясецкі. А гэта мой лятучы карабель “Фініст – Тысячагадовы Сокал”.  Лячу ў Змеяград, сталіцу Змеева Царства, вязу грамадзянам дэфіцытны тавар. 
Начальнік варты кажа:
– А, дык гэта ты, Гервась-Кантрабандыст? На цябе па ўсім Царградзе арыенціроўкі развешаны.
Засмяяўся Гервась:
– Ну-ну, папрашу без абраз! Не “кантрабанда”, а вольныя гандлёвыя перавозкі. Змеева Царства – таталітарная дзяржава з прамысловасцю, заточанай на гонку ўзбраенняў, але грамадзяне таксама хочуць насіць майткі з карункамі і дызайнерскія тунікі.
– Добры ты чалавек, Гервась, – сказаў удовін сын. – Зрабі ласку, падкінь да Змеяграда!
– Чаму ж не падкінуць? Залазьце!
Залезлі яны па вераўчанай лесвіцы на борт, Гервась якар падняў, узяўся за стырно, і паплыў карабель па-над аблокамі.

Вось і чорны лес скончыўся, пачалося Змеева Царства. Абнесена яно па перыметры жалезным частаколам, зверху калючы дрот наматаны, і ўсюды вышкі з аўтаматчыкамі.
– Чаму, Гервась, аўтаматчыкі па нас не страляюць? – пытаецца ўдовін сын.
Той ў адказ:
– А ў мяне з сілавікамі кансэнсус. Я ім долю адшпільваю, а яны робяць выгляд, што мяне не заўважаюць.
– Хітры ты жук, Гервась, – кажа храніст. – Хочаш да нас у Царград? Міністрам замежных спраў цябе зробім.
Гервась галавой пакруціў:
– Не, не хачу. Палітыка – справа брудная.
Доўга яны ляцелі ці коратка – дабраліся да Змеяграда. Гервась ля прадмесця карабель заякарыў і кажа падарожным:
– Ну, хлопцы, пара развітацца. Далей самі, а я па сваіх справах пайду.
Пакланіліся падарожныя яму ў пояс:
– Дзякуй, Гервась. Бывай! Няхай свеціць табе Вялікі Воз усімі зоркамі.

*

Пайшлі падарожныя ў горад Змея шукаць. Так сабе горад – дамы ўсе з бетону, ходнікі з цэменту, ні дрэўца, ні травінкі, усюды забараняльныя шыльды: “Туды нельга!”, “Сюды нельга!” і стражнікі з дручкамі стаяць. А людцы ў Змеяградзе сумныя ды панурыя, ходзяць, галовы ў плечы ўцягнуўшы – зусім, відаць, іх Змей запалохаў.
Ідуць падарожныя па вуліцы, у мінакоў пытаюцца:
– Скажыце, шаноўныя, як нам Змея знайсці?
Тыя толькі рукамі махаюць: "Свят, свят, свят!" і ўцякаюць. Ніхто не хоча з падарожнымі гутарыць.
– Гэтак мы да ночы тут прашвэндаемся, – кажа ўдовін сын. – Дзе ж нам Змея шукаць?
Тут голас пачуўся:
– Падайце, людзі добрыя, на самвыдат!
Глядзяць падарожныя – сядзіць на абочыне жабрак, нястрыжаны, няголены, увесь у каўтунах, і на ім плашч-палатка такая шырачэзная, што каня можна накрыць ды яшчэ месца застанецца.
Пашкадаваў яго ўдовін сын, падаў капеечку і пытаецца:
– Чаму ў вас, у Змеяградзе, людзі такія дзіўныя? Мы да іх ветліва ды з пашанай, а яны палохаюцца, уцякаюць.
Адказвае жабрак:
– Вы што, чытаць не ўмееце? Вунь шыльда вісіць: "Размаўляць з іншаземцамі сурова забаронена!"
– А ты чаму размаўляеш?
Усміхнуўся жабрак:
– Я паэт-дысідэнт, пішу забароненыя вершы. Пляваць я хацеў на іх забароны.
– Калі так, – узрадаваўся ўдовін сын, –  мо падкажаш, як нам Змея адшукаць?
– Чаму не падказаць – падкажу. Вунь, за вуглом, Змееў палац стаіць. Толькі вы туды не патрапіце, бо ўваход па спецпропусках. У вас спецпропуск ёсць? І ў мяне няма. Вось я туды і не сунуся. Ды не вельмі і хацелася.
Засмуціліся падарожныя:
– Што ж нам рабіць? Як да Змея дабрацца?
Кажа ім паэт:
– Спадабаліся вы мне, іншаземцы. Дапамагу вам.
Зняў ён з сябе плашч-палатку і падарожным падаў:
– Вось, бярыце. Гэта чароўны плашч-ненавідзімка. Як апранеце – вас так зненавідзяць, што пагрэбуюць нават затрымліваць.
– Дзякуй, паэт-дысідэнт, – сказаў удовін сын. – А сам ты як цяпер будзеш, без плашча?
Той рукой махнуў:
– Не пераймайся, мяне і так усе ненавідзяць. Як думаеце, чаму я зрабіўся дысідэнтам?

*

Закруціліся падарожныя ў плашч-ненавідзімку і пайшлі ў Змееў палац. Палац той абнесены плотам сталёвым з варотамі булатнымі, ды стаяць на варце салдаты – балваны жалезныя на паравой цязе. Як угледзелі балваны зачараваны плашч – аж затрэсліся, скарабаціліся, з галоў дым паваліў, і парассыпаліся яны на кавалкі, а з варотаў замок зваліўся.  Вось што робіць сіла цудадзейная, дысідэнцкая.

Увайшлі падарожныя, агледзеліся. А палац Змееў увесь з чыстага золата, са страхой дыяментавай, калонамі смарагдавымі, аканіцамі лалавымі ды дзвярамі сярэбранымі. Грамадзян, значыць, трымае Змей на казарменным становішчы, а сам на золаце з брыльянтамі сядзіць.

Прад ганкам палаца колле панатыканае, на калах чарапы чалавечыя, побач мерцвякі на рагацінах, у зямлі яміны выкапаныя, у ямінах вогнішчы раскладзеныя, у тых  вогнішчах кніжкі гараць. 

А пасярод двара стаіць кузня, з вокнаў жарам пыхае, з коміна дым валіць,  толькі чутна – “стук ды грук!”, і вакол прыслужнікі Змеевы  мітусяцца, бегаюць то з кузні, то ў кузню.
Спынілі падарожныя аднаго з прыслужнікаў, пытаюцца: дзе Змей-варажына?
Той ў адказ:
– Па справах паехаў, хутка будзе. Аддайце мне, падарожныя, плашч цудадзейны! У плашч закручуся, ненавідзімкай зраблюся, бо абрыдла мне Змею служыць, дзень і ноч у кузні молатам біць.
– А што куяце?
– Цар-Бомбу, – кажа прыслужнік. – Хоча Змей увесь белы свет у страху трымаць, з усіх народаў даніну браць. 
Тут навокал зашумела ды загудзела, застукала ды загрукала, расхінуліся вароты булатныя, і ўехаў на танку сам Змей – пачвара басурманская. На ім кіцель парадны з пагонамі генералісімуса, тулава, як у волата, а галоўка змяіная, трохвугольная, на тоненькай шыі.
Заглушыў Змей танк, прынюхаўся, ды як зараве:
– Фу-фу-фу, дысідэнцкім духам пахне!
Выйшаў наперад удовін сын, булаву ўзняў над галавой і кажа:
– Ну, прывітанне, Змей-зладзюга! Ці пазнаў ты мяне?
Змей глянуў, скрывіўся:
– Атож, пазнаў. Янка ты, удовін сын, не ў пору прыпёрся, ды яшчэ памагатых з сабой прывалок. То добра, я якраз збіраўся паабедаць. Зжару цябе з усімі костачкамі, начальніка варты на закуску з’ем, а храніста на дэсерт пакіну.
Пераглянуліся храніст з начальнікам варты – не спадабаўся ім такі расклад. Выхапіў храніст пяро завостранае, прыняўся складаць з’едлівую эпіграму на Змея. А начальнік варты зняў з пляча штурмавую вінтоўку, перасмыкнуў затвор і мовіў грозна:
– Аддавай, пачвара, Базілісу Прыўкрасную, царскую дачку!
Зарагатаў Змей, аж у палацы шыбы затрэсліся:
– Ты мяне просіш, але ты робіш гэта без павагі. Няма тут царэўны!
Падарожныя так разам і ахнулі:
– Як гэта – няма?!
– А так, – кажа Змей. – Яна, калі ў Царградзе жыла, у высокім цераме сядзела, у чароўнае люстэрка глядзела, а яно, подлае, паказвала праваабарончыя паблікі ды інстаграмы фем-актывістак. Згнюсілася царэўна, катлеты смажыць не хоча, вышываць не ўмее, ногі не голіць, плацці купляе ў старызніка. Носіць хвост, а не касу, есць без хлеба каўбасу. Веганскую. Карацей, выгнаў я яе.
Храніст аж нататнік упусціў:
– Авохці, на чорта нам такая царэўна?
– А мне падабаецца, – запярэчыў удовін сын.
– Ну што, падарожныя, гамон вам! – сказаў Змей і завёў танк.

*

Не пярун грыміць, не крумкач крычыць – б'ецца ўдовін сын з Пачварай-Змеем. Змей з танка шквальным агнём палівае, выбухамі аглушае, і Змеевы прыслужнікі з карабінаў пастрэльваюць. Ды стаіць удовін сын насмерць, булавой кулі са снарадамі адбівае. І памагатыя яго не лыкам шытыя – начальнік варты  садзіць з вінтоўкі кароткімі чэргамі, а храніст закідвае праціўніка антызмеевай прапагандай.

Біліся-біліся, у начальніка варты патроны скончыліся, а ў храніста атрамант. І Змею не соладка – боепрыпасы ўсе звёў, і прыслужнікі яго зброю пакідалі ды разбегліся. Спрацавала, відаць, прапаганда.
Кажа Змей:
– Мо перадых возьмем, Янка-удовін сын? У більярд згуляем ці ў шахматы.
Той ў адказ:
– Мы, неўры, у шахматы гуляем толькі са Смерцю. А ты, Пачвара-Змей, увесь адпачынак мне спаскудзіў, планы пабурыў. Не будзе перадыху!
– Тады літасці не чакай!
Схапіў Змей сваю ўлюбёную паліцу-моргенштэрн з калючкамі, і сышліся яны з удовіным сынам адзін на адзін.

Б’ецца Янка са Змеем лютым – зямля дрыжыць, сталь-булат звініць, а храніст і начальнік варты з прыкрыцця назіраюць. Злаўчыўся ўдовін сын, выцяў Змея булавой, па плячы яму трапіў – гуд пайшоў па наваколлі, а Змею хоць бы што, бо ў яго браня пад кіцелем. Зарагатаў Змей, узмахнуў булавой – увагнаў удовіна сына па калена ў сырую зямлю.

Думае ўдовін сын: “Збярыся, ануча, гэта Змеяград! Трэба Змею галаву знесці”. А галава ў Змея маленькая, пацэліць цяжка.

Злаўчыўся  ўдовін сын, булавой Змея выцяў, трапіў яму па пузе – гуд пайшоў па акрузе, а Змею хоць бы што. Браня ў яго моцная. Зарагатаў Змей, узмахнуў булавой – увагнаў удовіна сына па пояс у сырую зямлю. Бачыць Янка – справа кепска, перанесці б да Віц’ебска. З апошніх сіл узняў ён булаву, ударыў – па назе Змею трапіў.
Завыў Змей, заскакаў, за ступак узяўшыся:
– А-а-а, халера, наўпрост па мазалю! Схібіў я, трэ было жалезныя чаравікі абуць. А табе, Янка, зараз будзе карачун. Моргенштэрнам як гахну, мокрага месца не застанецца!

Узняў Змей булаву, размахнуўся…

 Тут навокал зашумела-зазвінела, загаманіла-заспявала – паваліліся вароты булатныя, і ўварваўся на Змееў падворак народ. Узброены людзі хто чым – каламі ды віламі, дубальтоўкамі ды косамі сялянскімі, а наперадзе едзе на белым кані дзеўка-краса, доўгая каса. То-бок, не каса ў яе, а хвост, з дрэдаў скурчаны.
У Змея вочы на лоб палезлі:
– Базіліса Прыўкрасная? Я ж цябе выгнаў!
Царэўна Змею ў адказ:
– Пакуль ты чужыя царствы танкам пляжыў, я падняла грамадзян на нацыянальна-вызваленчае паўстанне. Прыйшлі мы, Пачвара-Змей, цябе звяргаць, бо ты ўсім абрыд і апрацівеў.
Тут храніст з начальнікам варты з укрыцця выбеглі, Базілісе Прыўкраснай да зямлі пакланіліся:
– Вазьмі, царэўна, да сябе ў войска!
Кажа царэўна:
– Дзе ж вы раней былі? Ладна, бярыце вілы ды косы, станавіцеся ў шыхт. А цяпер, людцы, да бою! Дамо Змею перцу з імберцам! – і першая ў атаку паскакала.
Накінуліся людзі на Змея – б’юць яго, таўкуць, віламі колюць, косамі рэжуць. Змей ваўчком круціцца, моргенштэрнам адбіваецца, як печанег, лаецца. Не могуць Змея адолець, бо моц у яго вялікая.

Тым часам Янка-удовін сын з сырой зямлі выбраўся, булаву сваю падхапіў, злаўчыўся, размахнуўся – і знёс Змею галаву! Пакацілася галава змяіная – вачыма злосна  варочае, языком сычыць:
– Я яшчэ вярнуся!
А царэўна чаравікам сваім на галаву змяіную наступіла ды раздушыла.

Здох люты Змей!

Як сканаў Змей, то і чары яго рассыпаліся, прапаў залаты палац, і кузня з Цар-Бомбай, і жалезны плот, і калючы дрот, з-пад бетону траўка зялёная прабілася, на дрэвах пупышкі распусціліся. Вяселяцца грамадзяне, радуюцца, угору шапкі кідаюць, удовіна сына праслаўляюць:
– Дзякуй табе, пераможца цмокаў!
А ўдовін сын ім ў адказ:
– Вам дзякуй, добрыя людзі! Калі б не вы, нізавошта б я Змея не адолеў.
– Ну што ж, – кажа храніст. – Змея мы перамаглі, царэўну адшукалі. Пара дадому, у Царград.
Царэўна носік зморшчыла:
– Не хачу я дадому. У Царградзе сумна, патрыярхат там з вялікадзяржаўнасцю, зноў мяне ў цераме зачыняць. Я бы яшчэ пагуляла!
Начальнік варты ёй кажа:
– У нас прад царом абавязак. Перададзім цябе бацьку з рук у рукі пад распіску, а там ужо рабі, што сабе хочаш.
– Ладна, – пагадзілася царэўна. – Паеду з вамі, хоць не надта хацелася.

*

Праводзілі іх грамадзяне да мяжы, пасадзілі ў карэту самаходную ды развіталіся сардэчна:
– Бывайце! Ліхам не памінайце!
Паехала, пакацілася карэта па карчах ды калдобінах, як па роўнаму, давезла да таго месца, дзе падарожныя жалезных коней пакінулі. Там і перасадку зрабілі.

Коней добра схавалі – разбойнікі не дасталі, вось толькі падарожных разам з царэўнай чацвёра стала, а коней – тры.
Кажа ўдовін сын:
– Сядай, Базіліса, са мной на каня.
– Сяду, – кажа царэўна, – але з адной умовай: руліць буду я!
– А рулі! Падабаешся ты мне.
Паселі яны на коней ды ў Царград паехалі.
Доўга ехалі ці коратка – і тут немаведама адкуль голас пачуўся:
– Не едзьце, падарожныя, у Царград! Там пагібель.
Пераглянуліся падарожныя:
– Хто гэта сказаў?
– Не я!
– І не я!
– Відаць, прымроілася.
Едуць яны далей – зноў голас чуецца:
– Не едзьце ў Царград, там пагібель!
Пераглянуліся падарожныя – хто гэта сказаў? Ніхто не прызнаецца.
– Прымроілася, відаць.
Едуць далей. Зноўку голас чуецца:
– Вы, падарожныя, аглухлі ўсе, ці што? Трэці раз кажу: не едзьце ў Царград, а то гамон вам  будзе!
– Ды хто з намі размаўляе?! – усклікнуў удовін сын.
Заплечнік у яго за спінай заварушыўся, і вылез адтуль Янот Гаварушчы – на якога, прызнацца, ужо ўсе забыліся.
Кажа Янот:
– Вы мне некалі жыццё ўратавалі, цяпер я вас ратую. Пакуль вы тут прахалоджваліся, на Царград вораг напаў, цара прагнаў і сам на трон сеў.
Начальнік варты нахмурыўся:
– Крыжакі ці асманы?
Янот галавой пакруціў:
– Ні тое, ні другое. Змей люты!
– Ён жа здох! – усклікнуў храніст.
– Э, – кажа Янот, – у Змея галава-то не адна, а многа. Як удовін сын Змею галаву знясе, то ён з нычкі новую выцягне, прыкруціць і давай людзям ліха чыніць.
– Ці праўда гэта, Іаан? – храніст пытаецца.
Удовін сын  адно рукамі развёў:
– Праўда, хлопцы. Як ёсць, так ёсць.
– Ну, варвар, ведаў і маўчаў, – сказаў начальнік варты.
А царэўна ўзрадавалася:
– О, файна! Прыгоды працягваюцца.
 – Дык што рабіць будзем, Змеябойца? – пытаюцца храніст з начальнікам варты.
– У Царград едзем, Змея ваяваць, – адказаў удовін сын і булаву на плячо ўзваліў.
– Я з вамі, – кажа царэўна. – У мяне досвед барацьбы з таталітарнымі рэжымамі.
– І я! – заскакаў Янот. – І мяне вазьміце! Не пашкадуеце.
– Возьмем і цябе, – сказаў удовін сын. – Залазь, сябра, у заплечнік!

І пайшлі яны з Янотам у Царград.


Рецензии
На это произведение написаны 2 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.