Планктон

МІХАСЬ    ЗІЗЮК




РАЗВІТАННЕ
З ЛЕТАМ





АПОВЕСЦІ І АПАВЯДАННІ














АПОВЕСЦІ
КАРОЛЬ КАПАЙЛА І ЯГО АТАЧЭННЕ
     Па сухой і пыльнай, збітай безліччу босых ног  дарозе  марудна  паўзлі вазы з людзьмі, за імі варушыўся маўклівы натоўп. Уздоўж дарогі  ланцугом расцягнуліся легіянеры  ў металічных шлемах і з коп’ямі ў руках.  У  адным з вазоў везлі траіх асуджаных  да пакарання смерцю на крыжы. За імі везлі і ўсё астатняе, што спатрэбіцца да выканання прысуду:  слупы, вяроўкі, рыдлёўкі, сякеры. Уся калона ахоўвалася стражнікамі, якія ў душы пракліналі спёку і няшчасных асуджаных. Гарачыня даймала  ўсіх, але не стрымала цікаўных, якія ў вялікай колькасці сунуліся за працэсіяй,  каб не  прагледзець відовішчную з’яву ды яшчэ тых, каго пагналі сюды.  Яны ішлі за  вазамі і, здавалася, толькі і чакалі таго моманту, каб закрычаць у адзін голас:
    - Распні яго, распні!
    Ад калёс і людскіх ног падняўся пыл, які шэрым ценем асядаў на тварах усіх, хто ішоў у  натоўпе. Сярод асуджаных  асабліва цвёрдаю, вытрыманаю паставаю  выдзяляўся адзін, з доўгімі чорнымі валасамі, што сядзеў пасярэдзіне. Зняволены  быў яшчэ малады, недзе крыху больш за трыццаць год.   Пры ўсёй цвёрдасці і стрыманасці  ён  глядзеў на людзей  са  скрухаю, нейкім ціхім, змучаным позіркам і адначасова  з велізарнаю надзеяю, што свяцілася ў яго чорных жывых вачах.  І было ў яго позірку нешта незвычайнае: ці то нейкае вялікае  шкадаванне аб нечым назаўсёды страчаным,  ці то вера ў нешта вялікае, што хутка абудзіцца на грэшнай  зямлі. А, магчыма, і спадзяванне на тое, што людзі, якія  яшчэ не зведалі сілы і моцы сапраўднага слова,  вольнага духу, усё ж расплюшчаць вочы. Ён глядзеў некуды далёка, праз людзей, як бы ведаючы, куды ідзе і дзеля чаго.
    Лявон ішоў у натоўпе цікаўных. Яму было страшна, і ў той жа час цікаўнасць  як бы  падштурхоўвала  наперад. Да таго ж у плечы  піхалі тыя, што ішлі за ім. Ён  усвядамляў, што хутка працэсія прыбудзе на месца і пачнецца нешта жахлівае, што назаўсёды,  да смерці,  застанецца з ім. Але ён ішоў, ішоў за ўсімі, бо  шляху назад не было. Інакш пойдзе на крыж і ён. Ад   непазбежнасці такога выйсця   ногі рабіліся ватнымі, час ад часу пад грудзі падкочвалася нешта агіднае і цягнула на ваніты. Страшна хацелася піць, а ў роце нават не засталося сліны, каб глынуць і прагнаць той даўкі камяк. Унутры варушыўся клубок пачуццяў, якія ён ніяк не мог асэнсаваць…
-1-
    Лявон прыйшоў у сябе  і з напружаннем  прыўзняў неверагодна цяжкую галаву. Што з ім робіцца і дзе гэта ён быў?  Густая цемень стаяла перад вачыма, не было чым дыхаць. Хто цяпер зняволіў яго і  кінуў  у цёмны склеп, за што?  Ён памацаў галаву і сцягнуў  з сябе нейкую брудную анучу, заплюшчыўшы вочы ад яркіх сонечных промняў. Калі ж яны  пакрысе прывыклі да святла, стаў  аглядацца. Дзе ён, што тут робіцца?
    Лявон ляжаў у неглыбокай яміне  з розным смеццем, і ўсё наваколле, наколькі ён мог бачыць,  было засмечана. Горы смецця, малыя і вялікія, узвышаліся ўсюды – і за імі нельга было хоць нешта разгледзець.  У паветры кружыліся брудныя паперкі і яшчэ нейкая драбяза, востра пахла гарам і гніючымі адходамі, сіпла кігікалі птушкі. Ад аднаго позірку на такі малюнак станавілася  млосна і цямнела ў вачах. Зямля мая, што з табою нарабілася? Хто так здзекуецца  з цябе, хто  цябе пераўтварыў  у гэты велізарны  сметнік, у якім цяжка дыхаць? Няўжо выйсця няма, і ён  загіне тут, у бруднай яміне, бо сілы падняцца няма? А жыць так хочацца…
    - Ты хто?
    Пытанне прагучала  як збавенне, як вокліч з нябёс, бо ёсць тут нехта жывы, і гэты нехта дапаможа, не дасць загінуць у такім жудасным месцы. Лявон, усё яшчэ лежачы,  зноў падняў галаву.  Перад ім стаялі  кірзавыя боты, ладныя яшчэ боты, запыленыя, падношаныя, але моцныя. Уладальнік ботаў нецярпліва варухнуў наском аднаго з іх і зноў паўтарыў пытанне:
    - Ты хто?
    Крэкчучы і стогнучы ад  таго, што галава трашчала, як  перапоўнены цэбар, Лявон усё ж здолеў сесці. Насупраць яго стаяў немалады ўжо мужчына, бадай што пад пяцьдзясят, са строгім уладным позіркам, паголены, з вялікімі чорнымі вусамі,  адзеты ў  палінялую вайсковую форму.  Утаропіўшыся ў Лявона, ён чакаў адказу на сваё пытанне. А той  толькі з цяжкасцю вымавіў:
    - Піць.
    Мужчына  аднекуль выцягнуў пластыкавую бутэльку, кінуў  Лявону, які спрытна падхапіўшы  яе, адкруціў корак і закінуў галаву. Вось яно, імгненне шчасця! Вада як выратаванне ад усіх пакут: ад слабасці і млоснасці, ад цяжару і страху. Выжлукціўшы паўбутэлькі, Лявон з палёгкаю ўздыхнуў, выцер успатнелы лоб, закруціў корак і аддаў бутэльку мужчыне. Той паўтарыў пытанне  трэці раз:
    - Ты хто?
    - Хто я? - Лявон задумаўся. Сапраўды,  хто ён? Учора ён быў Лявонам
Сухадольскім, бізнесоўцам, не тое каб ужо буйным, але і не слабым. У свае сорак два гады трымаў  невялікую прыватную фабрыку па вырабе мэблі,  дзе працавала  каля трох дзесяткаў работнікаў і цвёрда стаяў на нагах.  Але  ўчора ўсё абвалілася. Пачалося з таго, што яму патэлефанавалі з аднаго абласнога цэнтра: фірма,  якой  ён паставіў  партыю мэблі без папярэдняй аплаты, абанкруцілася, яе дырэктара арыштавалі і цяпер невядома, як спагнаць грошы. Пасля гэтага  пасварыўся з начальнікам   падатковай інспекцыі, той прыстрашыў праверкаю і буйным штрафам. Прыехаўшы дахаты не ў пару, заспеў жонку з маладым палюбоўнікам, якога ледзь не забіў, ды той паспеў спрытна скокнуць у акно і збегчы. Збегчы то ён збег, але пакінуў пад вокнамі іхняй сядзібы сваю невялічкую машыну, нешта падобнае на “Аку”. Лявон са злосці пахвастаў тую  малюху, плюнуў на жонку, што апраўдвалася -  маўляў, нічога не было, ён не так усё зразумеў -  і паехаў у бар “Фартуна”.  Пакінуў машыну на платнай паркоўцы і засеў за стойкаю. Ад жонкі ён такога не чакаў: падабраў, можна сказаць,  на вуліцы, бо яна з беднай вясковай сям’і, мо толькі пару сукенак і мела. Калі пажаніліся, нарадзіла сына і сядзела дома. Лявон вырашыў, што лепш хай займаецца домам, сынам, а астатняе ён сам усё заробіць. Круціўся як мог, зарабляў грошы, сын  нядаўна ў школу ўжо пайшоў. А яна, паскуда,  бачыш што вытварае, за ўсё добрае аддзячыла. Выгнаць яе  на вуліцу, хай ідзе куды хоча.
    У бары, апустошыўшы бутэльку каньяку, Лявон пазнаёміўся з дзвюма  прыгожымі  дзяўчатамі. Эх, і дзяўчаты былі, салодкія, вясёлыя, маладыя! Ён паставіў ім каньяку і шампанскага, закусі нядрэннай. Потым  дзяўчаты прапанавалі паехаць з імі адпачыць. Ён пагадзіўся:  чаму б і не? Калі ёй  можна, то і яму не грэх.  Таксі знайшлося хутка, па дарозе дзяўчаты весела смяяліся, падлівалі  шампанскага, а потым… Што было потым,  ён ужо  не памятае, але з ім няма  ні дзяўчат, ні шампанскага, ні таксі. Цяпер ён сядзіць тут, у смецці, няведома дзе. Лявон  паляпаў па кішэнях. Так і ёсць: ні грошай, ні карткі, ні ключоў, ні дакументаў. Хто ён? І раптам думка, вострая і хуткая, як маланка,  працяла яго. А няхай будзе як будзе, няхай яна пакруціцца там, паспрабуе, як гэты хлеб здабываецца. Ён  жа знікне на нейкі час, проста знікне і ўсё, потым вырашыць, што з ёю рабіць. За які тыдзень з бізнесам нічога не зробіцца, за гэты час ніхто і нічога не зменіць, а ёй будзе нясоладка. Ці, можа, соладка?  А ён пакуль будзе ніхто і ніадкуль.
    - Хто я? - Лявон варухнуўся і зрабіў выгляд, што напружваецца,
    Успамінаючы, пакутліва зморшчыў лоб, пацёр скроні. - Нічога не памятаю. Памятаю, што нехта  б’е мяне  па галаве, потым правал, цемра – і я тут.
    - Добра, а зваць цябе як?
    - Не ведаю. Сапраўды, не ведаю, - Лявон разгублена развёў рукамі.-
Нешта круціцца ў галаве, а  нічога не выходзіць. І галава  моцна баліць.
    - Добра, пайшлі. Можа і праўда, нешта падобнае я ў кіно бачыў.
    Мужчына павярнуўся і пайшоў наперад. Лявон падняўся на ногі, яго хістанула ўбок, але ён утрымаўся і паціху паплёўся за сваім новым знаёмым.
    Яны прайшлі праз завалы, падняліся на грэбень, і  цяпер Сухадольскі змог добра разгледзець месца, у якое яго занесла. Гэта  быў палігон цвёрдых бытавых адходаў альбо  па простаму  вялізны гарадскі сметнік. Недзе далёка злева вуркацеў трактар, трамбуючы  смецце, з правага боку даносіліся нечыя крыкі, над сметнікам матляліся крыклівыя чайкі, у нос цягнула  лёгкім шызым дымам і смуродам.  Мужчына, крыху пастаяўшы на грэбні і  пільна паўглядаўшыся, павярнуў налева. Недзе з паўкіламетра яны  тупалі па старым, ужо ўтрамбаваным і прысыпаным зямлёю сметніку і выйшлі да  месца  заезду на палігон. Заезд  перагароджвала  доўгая металічная труба, пафарбаваная ў бела-чырвоны колер,  з ланцугом на канцы. Фарба на трубе месцамі  аблупілася, і ад гэтага  здалёк  здавалася, што на ёй засохлі крывавыя плямы. Каля  шлагбаума  прытулілася  невялікая цагляная будка з трыма  бруднымі акенцамі  і дзвярыма. Па абодва бакі ад будкі цягнулася шэрая бетонная агароджа, якая хавалася ў зарасніках кустоў і гары смецця. Мужчына рашуча пакрочыў да будкі, дзе схаваўшыся ад сонца, на зашорганым крэсле дыміў папяросаю  невысокі, хваравіты з выгляду, мужчына ў яркай з жоўтымі пальмамі кашулі.
    - Здароў,  Капайла, - гукнуў ён. - Каго гэта ты прывёў?
    - Здароў, Рэмба, - адгукнуўся мужчына ў вайсковым адзенні. - Ды    во, знайшоў сёння на тым баку, каля дарогі. Кажа, што нічога не памятае. Зараз разбяруся. Што ў нас сёння?
    - Абяцалі, што прыйдуць машыны з кандытарскай фабрыкі і завода металавырабаў.
    - Добра, я  зараз да сваіх, а пасля да цябе зайду.
    Мужчына, якога назвалі Капайлам, пакрочыў уздоўж палігона, так нічога больш і не сказаўшы Лявону.
    У хуткім часе яны выйшлі на нейкія пабудовы,  штосьці  кшталту чалавечага жылля. Тры  невялікія буданы, збітыя з кавалкаў драўніны,  з невялікім кавалкам шкла пасярэдзіне сцяны і жалезнай трубою над нізкім дахам, што  прыткнуліся тут жа, пад гарою смецця, былі падобныя на сабачую будку, толькі  большых памераў.  За буданамі  прыгарнуліся  дзве пабудовы,  якія ўвогуле  мелі толькі  сцены з кавалкаў фанеры і дах са старой толі, каля сцяны стаялі дзве старыя брудныя лядоўні. А крыху воддаль Лявон убачыў   невялічкую ладную хатку, абшытую  дошкамі, крытую старым пазелянелым  шыферам, з навесам над дзвярыма і сціплым  ганкам. Пакуль ён са здзіўленнем разглядаў незвычайную “вёсачку”, аднекуль павылазілі людзі, непаголеныя і заросшыя, ў патрапаным адзенні. Глянуўшы на іх,  Сухадольскі зразумеў, што перад ім  шасцёра звычайных бамжоў.   І тут жа з-за хаткі  выскачыў малы, чорны, з доўгай звалянай поўсцю сабачка. Ён залівіста забрахаў, кінуўшыся да Лявона.
    - Ціха, ціха, Чарныш, - цыкнуў на яго Капайла.
    - Чарныш, яшчэ крыху павурчаўшы, лёг на пясок, цікуючы адным вокам на незнаёмага чалавека. Тыя, што сабраліся каля Капайлы, хто ўважліва, хто з абыякавасцю, але разглядалі Лявона.
    - Та-а- ак, - працягнуў Капайла, абвёўшы людзей  учэпістым позіркам,-
усе сабраліся. Добра, слухайце загад. Па-першае, учора тут таўкліся нейкія тыпы з горада, а нам ніхто не патрэбен, бо гэта наш хлеб. Кныш, схаваешся сёння каля шлагбаума і ледзь каго ўбачыш – да мяне. Кныш, зразумеў?
    Кныш, высокі, худы, з рэдкаю барадою, у кароткіх нагавіцах невядомага ўжо колеру, хуценька кіўнуў галавою ў знак згоды.
    Капайла прадоўжыў:
    - Па-другое, сёння павінны быць машыны з кандытарскай фабрыкі  і завода металавырабаў. Карась, застанешся пакуль тут. Зразумела?
    - Ага, чаму ж не, - густым басам адазваўся Карась, яшчэ даволі малады мужчына з з буйнай грывай валасоў.
    - Карась і Кныш, дапаможаце  здаць  тое, што прынеслі  ўчора. Астатнія – за працу, - скончыў сваю ранішнюю планёрку мясцовы бос.
    - А што гэта за хлюст з табою, Капайла? -  выгукнуў з імправізаванага строю  Карась.
    - А  гэтага я сёння знайшоў каля старой дарогі. Кажа, што  стукнулі  па галаве, нічога не памятае. Нават імя свайго не ведае. Так? - звярнуўся да Лявона Капайла.
    - Так, так, - падцвердзіў той, - нічога не памятаю.
    - Калі так, то застанешся ў нас. Будзеш працаваць добра – не прападзеш, кавалак хлеба і вугал знойдзем.  Чапяла прыгледзіць за табою.
    Лявон  на ўсялякі выпадак кіўнуў галавою. Вырашыў маўчаць, бо нічога не зробіш, трэба неяк прыстасоўвацца да  часовага жыцця. Калі ён  правільна зразумеў, то гэты самы Капайла камандуе бадзягамі, і ўсе яны жывуць тут, на  сметніку. Так, Лявон Іванавіч, прыйдзецца і вам добраахвотна пабамжаваць.
-2-
    Капайла павярнуўся –   і ўсе  яго падначаленыя  сталі разбрыдацца ў розныя бакі. Лявону нічога не заставалася, як ісці за ўсімі. Спыніліся яны каля вялізнай кучы свежага смецця. Мясцовыя звыкла пасунуліся да кучы, а Капайла павярнуўся да Лявона:
    - Слухай сюды. Калі будзеш старанна працаваць, не ленавацца, слухацца мяне, то ўсё будзе добра. У адваротным выпадку, калі  я праганю цябе прэч, ты здохнеш з голаду. Зразумеў?
    - Так.
    - Добра. Сёння  разам з усімі будзеш працаваць тут. Складанага ў гэтай справе нічога няма: разграбаеш смецце, выбіраеш усё патрэбнае: паперу, металы розныя, шкло, бутэлькі,  старую бытавую тэхніку. Адным  словам, усё, што можна здаць і атрымаць за яго грошы. Бывае, што і яшчэ нешта патрэбнае трапляецца. Але не спрабуй схаваць што-небудзь ад мяне: усё роўна даведаюся. Толькі літасці потым не чакай. Калі ёсць пытанні, звяртайся да Чапялы: ён тут старэйшы. Усё, зарабляй на хлеб, бо дарэмна ніхто карміць не будзе. Зразумеў?
    - Зразумеў, - Лявон зрабіў выгляд, што ён разгублены і запалоханы,  згодны на ўсё, хоць яму і карцела адшыць гэтага Капайлу  куды падалей. Калі той, агледзеўшы сваю гаспадарку, пайшоў, Сухадольскі прыладкаваўся каля Чапялы, як быццам  не вельмі  старога, але сівага, як дзед, мужчыны, з такой жа сівай, акладзістай папоўскай барадой. Падначаленыя Капайлы павольна варушыліся, паціху складваючы каля сябе паасобку паперу, бутэлькі, кавалкі металу і  нават кавалкі нейкай ежы. Уздыхнуўшы, як бы шкадуючы, што ён пагадзіўся ўзваліць на сябе такую няпростую будучыню, Лявон стаў таксама разграбаць смецце. Галава пакрысе стала балець менш, і ён, прыцярпеўшыся, перастаў зважаць на яе, але хутка заныла паясніца, а забруджаныя рукі засмылелі ад драпін.   Тады, пакасіўшыся на суседзяў, падабраў нейкі дручок і ўжо  ім стаў разграбаць кучу.  Самае горшае было тое, што  даймаў непрыемны пах – нязменны спадарожнік  любога сметніка. Лявон спачатку стараўся хоць неяк схавацца ад яго: то хаваў нос за адварот кашулі, то дыхаў толькі ротам, але дапамагала гэта слаба. Каб неяк тут выжыць, трэба глядзець, як жывуць іншыя. Таму ён паціху аглядаўся на суседзяў: як і што яны робяць. Вось нейкі невысокі, з дробнымі, як птушыныя,  рысамі твару, бадзяга, выцягнуў аднекуль з сярэдзіны кучы  яблык і, выцершы яго аб свае брудныя порткі,  са смакам пачаў есці. Лявон гадліва зморшчыўся і адвярнуўся, адчуўшы, што страўнік адазваўся характэрным гукам: як-ніяк, а  з учарашняга ён яшчэ нічога не еў. Між тым, рэшткаў ежы траплялася нямала. Лявон заўважыў, што некаторыя, адшукаўшы штосьці прыдатнае для спажывання, складаюць яго ў свае торбы. Няўжо тут няма нічога іншага і яго чакае такое ж, “падножнае”, харчаванне? Не, ён не зможа есці гнілыя адходы. А як жа тады яго план? Прыйдзецца патрываць, а потым пацікавіцца ў Капайлы, чым той харчуецца. Вунь як выглядае у адрозненне ад астатніх насельнікаў сметніка – паголены, акуратна апрануты, жыллё нядрэннае. Мабыць, і ежа ў яго іншая.
    - Недзе праз гадзіну да іх прыйшоў Карась – той, што павінен быў дапамагаць Капайле. Яшчэ здалёк ён свіснуў:
    - Гэй, ханурыкі, пайшлі са мною, Капайла загадаў. Там машына  прыйшла з кандытарскай фабрыкі, ёсць чым падсілкавацца.
    “Ханурыкі” спешна пакінулі працоўныя месцы і пасунуліся за Карасём. Лявон зразумеў, што такі прывозы тут бываюць нячаста і ў яго ёсць магчымасць таксама нешта перахапіць. Сапраўды, каля машыны, якая толькі рыхтавалася выгрузіць смецце, ужо пахаджваў і сам Капайла. Як толькі грузавік ад’ехаў, усе насельнікі сметніка рынуліся да кучыы і з імпэтам узяліся вярнуць адходы. Лявон вырашыў не адставаць. Праз нейкую хвіліну ён змог адшукаць картонную скрынку пячэння, паламанага на дробныя і буйныя кавалкі, а потым  у дадатак яшчэ і загорнуты ў паперу, зліплы камяк  цукерак-карамелек. Усе ўдзельнікі  не засталіся без здабычы, выцягнуўшы нечага спажыўнага. Праз колькі хвілін Капайла гукнуў:
    - Хопіць, няма тут больш нічога. Карась і Кныш, аднясіце дахаты  здабычу, астатнія ідзіце працаваць далей.
    Сухадольскі паспеў пакласці сабе ў кішэню крыху ад здабытага: голад   не цётка, трэба хоць нечага паесці. І ён з задавальненнем укінуў у рот пячэнне, якое мела даволі прыемны смак.
    Па-летняму  цёплае вераснёўскае сонца паказвала за поўдзень, калі Чапяла буркнуў:
    - Досыць, пайшлі адпачнём.
    Моўчкі  за ім пайшлі ўсе астатнія. Капайла сядзеў на ганку і ляніва пакурваў, а каля яго  ляжаў Чарныш. Насельнікі мясцовай “вёскі” вынеслі ў пабітым эмаліраваным вядры вады,  павыцягвалі з торбаў прыпасы і сталі прамываць іх, выкладваючы на кавалак замызганай цыраты. Здабыча ва ўсіх была розная, але найбольш траплялася садавіна і гародніна:  крыху прыпсаваныя яблыкі,  агуркі, памідоры, быў нават кавун. Акрамя таго, на   цыраце Лявон заўважыў хлеб, кавалкі каўбасы невядомага паходжання, некалькі бляшанак кансерваў. Заўважыўшы, што ён стаіць воддаль, Капайла, зацягнуўшыся, сказаў:
    - Чаго стаіш, як слуп? У наш рэстаран заходзяць без запрашэння.
    Жарт начальніка спадабаўся бадзягам – усе засмяяліся, а адзін аж зайшоўся ад смеху, закінуўшы ўгору рэдкую рудую бараду.
    - Ідзі, ідзі, - больш лагодна запрасіў Чапяла, - яно толькі спачатку здаецца, што  гэта нельга есці. Ажно бачыш, ядзім, і нічога, жывём. Сядай, сёння мы пачастуем, а заўтра глядзі сам,  варон не лаві.
    Лявон прысеў. Так, падобна тое, што яму неяк прыйдзецца прывыкаць да такой ежы. Хоць, з іншага боку, некалі ў дзяцінстве, калі ён жыў у вёсцы, таксама ніхто асабліва не глядзеў на, так званыя, санітарныя нормы. Яны, дзетвара, выцершы яблык аб брудныя порткі, елі  яго і не хварэлі на жывот. І Лявон рашуча стаў выбіраць лепшыя кавалкі.
    - А як цябе зваць? - жуючы, звярнуўся да яго Чапяла, які, мабыць, вырашыў узяць над Лявонам нейкае шэфства.
    Лявон ледзьве не ляпнуў сваё імя, але своечасова ўспомніў, што па сваёй легендзе згубіў памяць, і прыкусіў язык. За яго адказаў Капайла:
    - Сапраўды, мы ж не ведаем тваё імя. Як жа нам цябе зваць?
    На некалькі імгненняў ён задумаўся, а потым выскаліўся:
    - Я знайшоў цябе ў пятніцу, таму будзеш Пятніцай, зразумеў?
   Лявон няпэўна сцепануў плячыма: што яму з таго. Капайла задаволена дадаў:
    - Вось і ў нас будзе свой Пятніца.
    - Які ты Пятніца, - ціха сказаў Чапяла, - ёсць жа ў  цябе імя, толькі ты не хочаш гаварыць яго. Гэты  мярзотнік усім мянушкі павыдумляў.
    - Як  цябе зваць на самай справе?
    - Як мяне зваць? - пытаннем адказаў Чапяла і на момант задумаўся.- Нікому не патрэбна маё сапраўднае  імя. Некалі мяне звалі Іванам, але тое было даўно і ці было яно.
    Чапяла сумна ўздыхнуў і змоўк, а Лявон вырашыў за лепшае не лезці пакуль са сваімі  пытаннямі: захоча чалавек – сам раскажа. Бадзягі сабралі рэшткі ежы  з цыраты і палеглі на траве. У зацішку за сметнікам, на сонейку, было нават горача, і Лявон схаваўся пад старою раскідзістаю вярбою. Чысцюткае, без адзінай аблачынкі, сіняе неба нічым не нагадвала аб тым, што восень ужо прыйшла. Сонца лагодна разлівала сваё цяпло на прыціхлае наваколле, у хмызняку ажыўлена пераклікаліся нейкія птушкі, заспакойваюча шапацела лістотай старая вярба. Толькі лёгкі ветрык, які абдаваў зусім не летняй прахалодай, нагадваў, што цёплыя дзянькі скончыліся і халады не за гарамі. Па лісці сям-там пракінулася жаўцізна, а ў невялічкім зарослым азярцы, што прыхавалася за высокай травой, матляўся пацямнелы чарот. Лявон заплюшчыў вочы, адагнаў непрыемныя ўчарашнія ўспаміны. Чаму ён, як і большасць людзей, увесь час некуды спяшаецца, імкнецца зарабіць як мага больш грошай? У дзяцінстве Лявон марыў аб неверагодных  прыгодах, цікавых падарожжах вакол зямлі па марах і акіянах. Але неяк склалалася, што паступіў на эканамічны факультэт, бо гэта добрая спецыяльнасць, потым працаваў на заводзе, пасля захацеў займець уласны бізнес. Увесь час круціўся, спяшаўся, нешта рабіў, з некім спрачаўся, падымаўся ўгору. І вось цяпер, лежачы тут, у цяньку,  і нікуды не спяшаючыся, можна аглянуцца назад і спытаць самога сябе:  ці задавальняе яго такое жыццё? Падспудна ён ведаў адказ і баяўся яго. Толькі як павярнуць сваё жыццё ў іншы бок памятаючы,  што ты ў адказе за лёс свайго дзіцяці. Лявон  цяжка ўздыхнуў: зноў усё вяртаецца да тых праблем, якія сёння ці заўтра, але прыйдзецца вырашаць…
    Пасля невялікага адпачынку Капайла зноў пагнаў бадзяг на сметнік. Калі яны праварушыліся там яшчэ некалькі гадзін,  з’явіўся сам і, агледзеўшы ўсё, ухвальна кіўнуў:
    - Для першага дня нядрэнна, Пятніца. Цяпер усё складаем, пакуем і пераносім да жылля.
    Зразумець, што да чаго, не ўяўляла асаблівай цяжкасці. Падначаленыя Капайлы пазвязвалі картон і паперу, склалі  паасобку ў брудныя мяхі бутэлькі і шкло, а таксама крыху нейкіх адходаў з металу, збоку ляжаў стары тэлевізар і два акумулятары.  Гэта быў іх увесь здабытак за цэлы дзень, калі не лічыць таго, што яны адабралі да свайго стала. Прыцягнуўшы мяхі і  пакункі да сваіх буданоў, бадзягі ўзяліся гатаваць вячэру. Не тое сказаць, каб вельмі дружна, але ўсё ладзілася ў агульны кацёл: нехта прыцягнуў бульбы, хтосьці  ўжо расклаў вогнішча, Чапяла варыў булён.  Лявон, каб не застацца ўбаку, пайшоў па сметніку шукаць дровы. У хуткім часе пад вярбою прыемна запахла наварыстым булёнам, Карась з таварышам  разаслалі цырату –  і мясцовае насельніцтва пацягнулася да стала. Чапяла недзе адшукаў  для Лявона пагнутую алюмініевую міску і моцна падрапаную лыжку. Да іх далучыўся нават Капайла з Чарнышом. Кухар урачыста напоўніў міску боса, і той са смакам стаў хлёбаць варыва. Чарныш,   атрымаўшы  сваю порцыю ў невялічкай іржавай місцы, весела закруціў хвастом, заглядаючы ў вочы гаспадару. Нейкі час за сталом панавала цішыня, чулася толькі гучнае хлёбанне, цмоканне ды бразганне лыжак па місках. Першым маўчанне парушыў Чапяла:
    - Вось яшчэ адзін дзень пражылі.
    - Хіба што пражылі, - буркнуў адзін з насельнікаў, невядомага ўзросту, у зашмальцаванай да бляску вопратцы, з ускудлачанымі валасамі.
    - А што табе не падабаецца, Сыч? - адазваўся Капайла. - Тут ты на волі, ёсць дзе жыць,  накормлены, нават нейкія грошы атрымліваеш. А бадзяўся б зараз у горадзе, загрэблі б цябе ў міліцыю, сядзеў бы на зоне ці зусім пад “вышку” пайшоў бы. У нас дыхай вольным паветрам.
    - Ага, вольным, толькі смуродным, - зноў буркнуў Сыч.
    - Тут  цябе ніхто асабліва не трымае, але  сам ведаеш, колькі тваіх  фота расклеена паўсюль. Таму лепш сядзі моўчкі. Памятай, хто тут кароль. 
    - Сыч, мабыць, вырашыў за лепшае пагадзіцца, бо змаўчаў. Яшчэ крыху пасядзеўшы і паслухаўшы размовы насельнікаў, Лявон пазнаёміўся з двума  апошнімі  незнаёмымі яму жыхарамі “вёскі” – Бугаём і Фрыцам. Чаму першаму Капайла даў мянушку Бугай, стала зразумела з першага погляду: той сапраўды меў нешта ад бугая, але не столькі ў сэнсе постаці і моцы, колькі ў адметным твары –  шырокая лабаціна, маленькія вочкі з чырвонымі пражылкамі, кучаравыя валасы і погляд спадылба. А вось чаму другога, таго, з птушынымі рысамі твару,  клікалі Фрыцам, невядома. Начныя прыгоды, нялёгкі дзень і сытная вячэра  так размарылі Лявона, што ён стаў кляваць носам, седзячы за сталом. Але, дзе прыткнуцца, не ведаў, самому ж прасіцца было неяк няёмка. Ды Чапяла, заўважыўшы, што новенькі засынае,  пацягнуў яго за руку:
    - Ідзі ў мой будан, там хопіць месца на дваіх.
    Сухадольскі паплёўся за ім, прымасціўся на брудным, прапаленым у некалькіх месцах  матрацы  і амаль адразу праваліўся ў глыбокі сон.
-3-
     Капайла  прачнуўся, як звычайна, рана, недзе каля паловы шостай. Спяшацца не было куды, і ён нейкі час  паляжаў, потым пацягнуўся за цыгарэтай, закурыў. Калі  падняўся  і  сеў на ложку, закашляўся. Ужо даўнавата душыць  гэты курэцкі кашаль, халера яго, неяк трэба было б развітацца  з дурной звычкай, але, уцягнуўшыся за столькі год, хіба кінеш…
    Курыць Кастусь Рахубовіч пачаў яшчэ ў школе, у дзясятым класе. Спачатку дзеля таго, каб быць як усе, трымацца хлапечай кампаніі, пасля ўцягнуўся яшчэ больш, калі пайшоў служыць. Трапіў спрытны і вёрткі хлопец на службу ў роту хімабароны, узводны  хутка  заўважыў яго,   прызначыўшы сваім намеснікам. А калі напрыканцы службы стараннаму і паслухмянаму старшаму сяржанту Рахубовічу прапанавалі паступіць у школу прапаршчыкаў, той пагадзіўся.  Здольнасці да навук, каб паступаць у ВНУ,  у Кастуся не было, як не было жадання вяртацца ў сваё глухое, акружанае балотамі роднае мястэчка. Праз паўгода новаспечаны прапаршчык стаў старшыной роты. Асвоіўшыся ў новай пасадзе, Кастусь скумекаў:  калі  служыць з розумам, то можна няблага жыць. Даволі хутка ён разабраўся, што да чаго, каму што выдаць, а каму недадаць. Сярод грамадзянскага насельніцтва таго невялікага гарадка, дзе размясцілася іх вайсковая часць, Рахубовіч  знайшоў сваіх пакупнікоў. Такая гандлёвая дзейнасць прыносіла прадпрымальнаму прапаршчыку стабільны прыбытак, але  гэтага было мала. Кастусь даўно марыў  жыць заможна, мець рахунак у ашчадным банку і машыну. Толькі вайсковая служба не магла ажыццявіць яго мару, хоць ён старанна насіў грошы на  ашчадную кніжку. А тут яшчэ, на бяду, яго перавялі старшыной роты ў полк, што стаяў у лесе, і бізнес  накрыўся медным тазам.  У той час Рахубовіч ажаніўся, потым  полк зноў перакінулі ў іншае месца. Пабадзяўшыся так, гадоў з дзесяць-дванаццаць і, зразумеўшы, што служба не зробіць яго заможным, ён ужо хацеў  звальняцца ды ехаць на якія-небудзь заробкі. Бо з жонкай  да трыццаці пяці  разышліся з-за таго, што Святлана абвінвачвала яго ў сквапнасці,  а ён яе ў несусветнай траце грошай. Былая жонка забрала дачку і з’ехала са службовай кватэры да бацькоў, прыхапіўшы з сабой усю іхнюю маёмасць. Якраз тады яго прызначылі начальнікам склада ракетна-артылерыйскага ўзбраення. Вось у той момант Кастусь зразумеў, што гэта Кландайк. Калі рабіць усё асцярожна і з розумам, камар носа  не падточыць. Ён умела афармляў спісанне боепрыпасаў і зброі, акуратна рабіў справаздачы, добра ладзіў з начальствам і быў на добрым ліку ў палку. Але, як кажуць, да пары збан ваду носіць. Пад выглядам пакупнікоў да яго з’явіліся афіцэры дзяржбяспекі і прапаршчык Рахубовіч трапіў за краты. Так у адзін момант Кастусь атрымаў немалы тэрмін і  пазбавіўся ўсяго: службовай кватэры, пасады, грошай і будучай вайсковай пенсіі. Было цяжка, ён ледзьве на зламаўся, але, як чалавек бывалы, Рахубовіч не здаўся, вытрымаў  і прайшоў калонію без асаблівых цяжкасцей. Пасля вызвалення трэба было ехаць у сваё роднае мястэчка, а гэта азначала страшэннае прыніжэнне, бо там  амаль усе ведаюць адзін аднаго. Вырашыў застацца ў вялікім горадзе, там лягчэй уладкавацца, згубіцца, там  кожны жыве сам па сабе. Але, як выявілася, нават пры наяўнасці вакансій,  знайсці прыстойную  працу былому зэку было вельмі цяжка. Са скрыпам  неяк пралез у прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі і, дапамагаючы ў вывазе смецця, трапіў сюды, на гарадскі палігон бытавых адходаў. Пабываўшы  тут усяго два разы, прадпрымальны Кастусь зноў скеміў: грошы ляжаць пад нагамі, трэба іх толькі падняць. Спачатку  спрабаваў збіраць картон, паперу і ўсё іншае сам, але зразумеў, што  вялікага поспеху мець не будзе, патрэбна каманда. Былы прапаршчык  прыплаціў мясцоваму міліцыянту, разагнаў канкурэнтаў-бамжоў, пакінуўшы тых, хто пагадзіўся працаваць на яго, Чапялу і Карася. Пасля натрапіў на Бугая і Фрыца, угаварыўшы іх пайсці да сябе.  Крыху меней  за год таму назад  у горадзе  сустрэў  двух былых зэкаў: Сыча і Кныша, якія бадзяліся без справы і грошай у кішэні. Выпадкова даведаўся, што Сыч знаходзіцца ў вышуку і даў зразумець: калі той хоча жыць не ў турме, хай ідзе да яго. А Кныш – худы і бязвольны, нічога не маючы за душой, пагадзіўся лёгка. У той жа час да Рахубовіча прыліпла  мянушка, якая стала новым прозвішчам.  А ўсё з-за таго, што ён меў звычку падганяць сваіх падначаленых:
    - Чаго стаім? Капайма, капайма.
    - Тады бадзягі, крыху перайначыўшы слова па-свойму,  сталі зваць яго Капайлам, што, прынамсі, не турбавала  былога вайскоўца: хутчэй забудуць сапраўднае прозвішча. Рахубовіч наладзіў добрыя сувязі з усімі, ад каго мог залежаць: з начальнікам палігона, мясцовым міліцыянтам, скупшчыкамі другаснай сыравіны, валодаў інфармацыяй  аб тым, што прывязуць на сметнік і ведаў, чым можна пажывіцца.  Некалькі разоў у тыдзень  прыязджала машына і вывозіла здабычу, а Капайла атрымліваў грошы. Нешта ён плаціў і сваім падначаленым, каб тыя працавалі з надзеяй на будучыню, тым больш, што на ўтрыманне працоўнай сілы значных выдаткаў не патрабавалася. Жыллё бадзягі зляпілі самі, раз ці два на тыдзень даваў падначаленым таннага   віна ці, як кажуць, “чарніла”, купляў ім танныя цыгарэты, а ежу тыя  знаходзілі на сметніку. На працягу года ён  збудаваў сабе маленькую хаціну і жыў тут жа, са сваімі падначаленымі. Капайла адчуў сябе гаспадаром жыцця: на сметніку былы прапаршчык  - некаранаваны кароль,  грошы паціху сцякаюцца, і, мяркуючы па ўсім, праз два-тры гады ён  нават зможа прыдбаць сабе  невялікую кватэру. Як не круці, а жыццё наладзілася.
    Капайла патушыў недакурак,  апрануўся і выглянуў на вуліцу: дзень абяцаў быць пагодлівым. Чарныш пачуў гаспадара,  ціха заскавытаў і заскробся ў дзверы. Рахубовіч адчыніў і ўпусціў сабаку:
    - Ідзі, ідзі да мяне, малы.
    Капайла прылашчыў  гадаванца, сабачка радасна закруціўся вакол яго, заглядаючы ў вочы. Адзіным, каго любіў і шкадаваў Кастусь на свеце, было гэтае малое калматае стварэнне. Знайшоў яго Капайла выпадкова тры гады таму назад, калі толькі стаў працаваць на сметніку. Абходзячы неяк зранку свежапрывезеную  кучу,  пачуў  адтуль нейкі  слабы піск. Калі  крыху развярнуў смецце, то знерухомеў ад жудаснага малюнка:  гукі падавала падрапанае і ледзь жывое шчанё. Невядомы жывадзёр, адняўшы ад сучкі шчанят, жыўцом кінуў іх у бак са смеццем, а цудам выжыць пашанцавала толькі аднаму, які яшчэ крыху варушыўся. Жаль  ахапіў Кастусёву душу, ён   выцягнуў няшчаснага сабачку, выцер шчанюка ад бруду і панёс да жылля. З тыдзень, як клапатлівая маці,  выхаджаваў спакутаваннае шчанё, паіў з соскі, залечваў драпіны і  ранку на шыі. Свайго гадаванца  назваў Чарнышом – той быў спрэс чорны, з калматай поўсцю.  Калі Чарныш падрос, то стаў самай адданай істотай на свеце, гатовай выканаць любы загад гаспадара. Падабалася Капайлу і  тое, што сабачка аказаўся на дзіва разумны. З ім ніхто не займаўся, але ён усё разумеў, як кажуць, з паўслова: калі Кастусь загадваў таму заставацца на месцы, малы чакаў,  калі ж  бачыў хоць якую пагрозу для  гаспадара, смела кідаўся на любога.
    Капайла выйшаў з хаты, зірнуў на бамжацкія буданы. Хутка павылазяць і яны,  будуць доўга чухацца і пазяхаць, бурчаць адзін на аднаго, потым  снедаць рэшткамі вячэры і  расказваць пра свае сны. Усё  гэта ён бачыць не першы дзень і не першы год. Сам жа, пасядзеўшы крыху з бадзягамі, пакіне Чарныша каля жылля і пойдзе ў штодзённы ранішні абход. Кожную раніцу, у любое надвор’е, ён  рабіў абход  гаспадаркі, каб  ведаць што адбылося за ноч на яго тэрыторыі. Як  было, напрыклад, учора, калі ён знайшоў гэтага навічка, якому даў смешную мянушку Пятніца. Што гэта за фрукт, Капайла яшчэ не раскусіў, але ён хутчэй за ўсё  нешта недагаворвае, хітруе,  хоць і не выключана, што ў яго нешта з галавою.  Ды нічога, хай папрацуе, а там будзе бачна, можа, і застанецца працаваць на карысць гаспадара, адрабляць свой хлеб. Калі ў яго ёсць нейкія прычыны, каб хавацца тут, хай сабе, рабочыя рукі спатрэбяцца.
    Сонца тым часам  паднялося вышэй, прыгрэла росную мураву на ўзгорку, і над травою  закурэла лёгкая пара. На вярбе аб нечым заспрачаліся вераб’і, парушыўшы ранішнюю цішыню гучным ціўканнем. Недзе ў траве завалтузіліся і адазваліся піскам палёўкі, прымусіўшы навастрыць вушы Чарныша. Чыстае яснае неба надавала настрою і бадзёрасці.  Капайла любіў вось такія ціхія раніцы, калі ніхто не перашкаджае застацца сам-насам, назіраць за  абуджэннем наваколля, паціху думаць пра сваё.  У крайнім будане нехта заварочаўся, і адтуль паказалася ўскудлачаная галава Карася.
    - А, не спіш ужо, - буркнуў ён, - а я б паляжаў яшчэ, каб не прыспічыла. -Уставай ды і гэтых будзі. Я прайдуся пакуль, а вы збірайцеся і не цяліцеся доўга: сёння працы шмат, - зазначыў Капайла.
    Карась нічога не адказаў, пазяхнуў і паплёўся ў бліжэйшыя кусты, а мясцовы начальнік, загадаўшы Чарнышу заставацца каля хаты, пайшоў на сметнік.
-4-
    Лявон прачнуўся ад таго, што на вуліцы нехта гучна лаяўся. За тонкаю дашчанаю сцяною былі добра чуваць адборныя мацюкі. Ён прыслухаўся: падобна на тое, што там лаяліся  паміж сабою Сыч  і Карась.
    - Я  не хацеў, ты сам падсунуўся, - апраўдваўся Карась.
    - Ды ты, шлындзік, яшчэ дзевак не мацаў, а ўжо зону таптаў, - крычаў  Сыч, густа перасыпаючы сваю мову крутымі мацюкамі.  - Глядзець трэба, куды кіпень нясеш, а то я табе хутка зрок папраўлю.
    Лявон вылез з будана і агледзеўся: бадзягі збіраліся снедаць. Чапяла каля будана хлябаў учарашні булён, Бугай і Фрыц нешта жавалі,  седзячы на траве, Кныш  асцярожна пасміхаўся з таго, як лаюцца Сыч з Карасём. Але тыя ўжо разышліся ў розныя бакі, каб таксама паснедаць.
    - А вось і яго вялікасць Пятніца, - спрабаваў было пакпіць з Лявона Карась, мабыць, дзеля таго, каб спагнаць  сваё раздражэнне. - Добрай раніцы, ваша вялікасць!  Як спалі? Можа, вам кавы з булкай?
    Ён дробненька засмяяўся, рассыпаючы гарохам свой смех, але Чапяла хутка абсёк яго:
    - Чаго  ты вяжашся да чалавека? Еш моўчкі, хутка Капайла прыйдзе.
    Карась змоўк, а Чапяла гукнуў Лявона:
    - Ідзі, паеш, да абеду доўга чакаць. Во, тут яшчэ крыху булёну засталося.
    Сухадольскі з удзячнасцю кіўнуў свайму абаронцу, падсеў да яго і плюхнуў у міску ўчарашняга варыва. У хуткім часе з’явіўся бос.  Як толькі той падышоў да буданоў, усе заварушыліся, падняліся і выстраіліся ў рад.
    - Так, - звыкла пачаў Капайла  развод на працу, - слухай мой каралеўскі загад. Сёння   павінна  усё ж прыйсці машына з завода металавырабаў. Як толькі  прыедзе – ўсе туды. Калі пашанцуе, то можам няблага зарабіць. Таксама павінны быць  машыны з малаказавода і, галоўнае, з мясакамбіната.
    Бадзягі дружнымі воклічамі падтрымалі прыемную навіну.
    - Таму я і кажу, - узвысіў голас Капайла, - у шапку не спаць. Працы на шмат. А цяпер   усе наперад, на сметнік,  калі што якое, сам паклічу.
    Лявон бачыў, што капанне ў смецці ўсім даўно абрыдла, але, мабыць, іншага выйсця не бачылі, бо адпачываць ніхто не садзіўся. На працягу ўсяго дзвюх гадзін працы  Капайла сам некалькі разоў нечакана з’яўляўся і глядзеў, ці не сачкуе хто. Хутчэй за ўсё  ён неяк караў сваіх падначаленых, таму яны нават не спрабавалі адпачыць дзе-небудзь у прахалодзе. Сухадольскі крыху прыцярпеўся да смуроду і міжволі паглыбіўся ў свае думкі. Так, мабыць, яго шукаюць і дома, і на працы – усюды вэрхал. Шкада, канешне, бацькоў. Хутчэй за ўсё, Валя шукала яго там, а потым ужо паведаміла ў міліцыю. Але нічога, хай  пабегае, хай пахвалюецца, бачыш ты, на дурніцу жыла, усё мела, і ёй мала. Можа, трэба было проста адлупцаваць яе? Не, ніколі ён не ўзнімаў руку на жанчыну і не будзе, лепш проста развесціся. Але  яна забярэ з  сабою  сына, вось што самае дрэннае. Нечакана яго думкі  спыніў крык Капайлы:
    - Усе сюды! З мясакамбіната прыйшла машына.
    Бадзягі навыперадкі, хто як мог, паспяшаліся за босам, што стаяў каля  свежай кучы. Звонку яна  нічым не адрознівалася ад іншых, але насельнікі сметніку, здаецца, ведалі, што іх можа чакаць. Яны з імпэтам узяліся  за працу і праз нейкі час выграблі з два дзесяткі палак каўбасы з пахам, яшчэ нейкіх адходаў, на якія Лявон раней і не глянуў бы. Цяпер жа ён разумеў, што калі гэта ўсё прамыць і адварыць, то будзе  даволі прыстойная ежа для мясцовых насельнікаў, якія за гадзіну працы паспелі знайсці з паўмяха мясных прысмакаў, хоць і ўмоўнай  якасці. Да абеду  яшчэ паспелі разгрэбці кучу смецця з завода металавырабаў, але здабытак там аказаўся не такім, як разлічваў Капайла: да вывазу старанна падрыхтаваліся там, на месцы. Хмуры  бос  незадаволена  касавурыўся на тое, што  змаглі знайсці падначаленыя: два невялікія скруткі дроту, некалькі металічных балванак  ды два вядры рознай драбязы.
    - Сёння не пашанцавала, - сказаў Бугай Сухадольскаму, -  а вось тым разам мы  ледзь перацягнулі  знойдзенае. Капайла няблага атрымаў, нам па бутэльцы чарніла даў і грошай крыху. Добра было.
    Ён аж прыцмокнуў ад прыемных успамінаў. Лявон уздыхнуў: вось і ўсё шчасце, ці шмат чалавеку патрэбна. Мо і яму не так шмат трэба?
    Абедалі даволі позна, недзе каля паловы другой. Перамыўшы  знойдзеную каўбасу, лепшую бадзягі адразу парэзалі на стол разам з памідорамі і агуркамі, у ход пайшло і ўчарашняе пячэнне. Пасля абеду Капайла недзе знік, і  насельнікі буданоў, карыстаючыся момантам, разлягліся хто дзе. Сухадольскі бачыў, што Чапяла ставіцца да яго  неяк больш добразычліва, чым іншыя, таму прымасціўся побач. 
    - Не спіцца? - варухнуўся Чапяла.
    - Ды не, сёння добра адаспаўся. А вы чаго не спіце?
    - Таксама не хочацца.
    - Прабачце за пытанне, - Лявон зірнуў на субяседніка. - Колькі вам год?
    - Колькі, пытаеш? Думаеш, стары надта, - усміхнуўся той. - Яно як лічыць: калі па гадах, то не надта,  калі па тым, што перажыў, то стары, а па дакументах, якіх няма, то пяцьдзесят толькі будзе. Жыццё састарыла.
    - Прабачце, калі што не так.
    - Не, нічога, ты добры чалавек. Павер, я шмат  пабачыў за сваё жыццё. Але, ведаеш, калі б мне ў дваццаць год сказалі, што некалі  буду жыць на сметніку, я б са смеху памёр. Бо жыў пры добрых, адукаваных бацьках, у класе  быў камсоргам, боксам займаўся. Праз  яго ўсё і пайшло. Пасля школы паступіў у тэхнікум, з дзяўчынай сустракаўся. Неяк мы гулялі з ёю, а да нас кампанія прычапілася, абразілі яе, слова за  слова, я заступіўся і таму, што чапляўся да дзяўчыны, паказаў, сапраўдны  бокс. Як гэта бывае ў бойках, не разлічыў сілу і зламаў яму сківіцу. А ў таго бацька – пракурор горада,  і мяне  ўпяклі на два гады. Пакуль сядзеў, дзяўчына пайшла замуж. Выйшаў, стаў думаць, куды дзецца, бо пра навуку прыйшлося забыцца,  мяне адлічылі з тэхнікума.  Цяпер, тых хто адсядзеў, не надта хочуць на працу браць, а раней – тым больш. Сяк-так уладкаваўся ў рэмбудтрэст спачатку простым рабочым, пасля вывучыўся на шафёра, стаў вазіць на аб’екты будматэрыялы. Праз некалькі месяцаў да мяне падыходзіць загадчык склада, партыйны, дарэчы, ды і кажа: маўляў, ты хлопец неблагі, таму прапаную простую схему: я загружаю табе лішнія матэрыялы, а ты адвозіш, куды скажу, зразумела, не бясплатна. Я адказаў, што красці не буду і паабяцаў, што калі яшчэ паспрабуе падысці, то  патэлефаную  куды трэба. А ён мне ў адказ кажа, што я  зэк. Таму не трэба рабіць з сябе нявінную авечку. Я не стрымаўся, даў яму па вуху, а ён, гад, гэтага не забыўся. Недзе праз месяц выязджаю праз прахадную, а мяне міліцыя затрымлівае, знаходзіць матэрыялаў без дакументаў на немалую суму. Выявілася, што нехта патэлефанаваў начальніку трэста і паведаміў, што на маім аўтамабілі будуць вывозіць крадзенае. Адразу стала ясна, чыіх рук гэтая справа, але мне  ніхто, канешне, не паверыў: там жа член партыі, сумленны і паважаны чалавек. Так я зноў трапіў за краты. Адсядзеў пяць год і вырашыў, што больш у горад не паеду, досыць з мяне гэтых партыйцаў і пракурораў. З адным таварышам, што разам тэрмін адбывалі, паехаў у вёску, лёгка ўладкаваўся ў калгас шафёрам. Спачатку працаваў на “газончыку”, потым даверылі калгасны аўтобус, бо не піў, працаваў старанна. Як быццам, пайшло жыццё наладжвацца, з жанчынай пазнаёміўся, сталі жыць разам. І вось неяк у сакавіку загадаў старшыня везці вяселле ў суседнюю вёску, а да яе, калі па дарозе, – больш за пяцьдзесят кіламетраў, калі напрасткі, праз рэчку, – усяго пяць. Таму на мяне ўсе накінуліся: давай праз рэчку, маразы зімою моцныя былі, лёд вытрымае. Я, як адчуваў, сказаў, што не буду рызыкаваць, але маладыя сталі мяне ўпрашваць так настойліва, што прыйшлося пагадзіцца. Паехалі, хвалююся сам, а яны ўсе п’яныя, песні спяваюць.Ужо недзе бліжэй да другога берага аўтобус раптам правальваецца пад лёд. Яно не надта і глыбока там, нават крыху верх аўтобуса быў бачны, ды ўсе п’яныя, пакуль валтузіліся, спрабавалі дзверы і вокны адчыніць, утапіліся. Я каго змог выцягнуў, але загінула дзесяць чалавек, у тым ліку і маладыя. Не ведаю, як вытрымаў такое, хацеў на сябе рукі накласці, але людзі не далі, выцягнулі з пятлі. Што ні кажы, а вінаваты ўсё роўна  я.  На судзе прасіў, каб мяне расстралялі, бо не мог глядзець бацькам маладых у вочы. Мне ж толькі далі васямнаццаць год. Адсядзеў пятнаццаць, крыху раней выпусцілі за прыкладныя паводзіны і  я адразу паехаў у вёску, на могілкі. Прыбраў магілы ўсіх, хто загінуў падчас той аварыі, кветак купіў і з’ехаў. Ведаеш, нікога не хацеў бачыць, хацелася схавацца  як мага далей ад людзей, каб яшчэ каму не нашкодзіць. Вось тады я і зламаўся.  Бадзяўся спачатку, не ведаў, куды сябе дзець, а потым неяк асеў вось тут, на сметніку. Потым з’явіўся Капайла, прыйшлося, каб не шукаць іншае месца, падпарадкавацца яму. Так  вось і жыву на гэтым свеце – з болем,  без надзеі, але гэта мой лёс, мой крыж, таму я ні на каго не наракаю.
    Лявон, уражаны балючай споведдзю, не знайшоў патрэбных слоў і нейкі час маўчаў. Як жа, бывае, бязлітасна б’е жыццё людзей, а ён ускіпеў ад пазаўчарашніх абставін:  самая сапраўдная дробязь гэта ў параўнанні з тым, што расказаў Чапяла, не-не, Іван, ніколі ён не будзе зваць гэтага чалавека недарэчнай мянушкай, а толькі па імені.
    - А чаму вы не паехалі дахаты? - асцярожна пацікавіўся ён у Івана.
    - Спачатку не змог, каб не  рабіць бацькам балюча, бо ім пад семдзесят  ужо, толькі паведаміў  пісьмом, што жывы. А цяпер і не хачу, каб яны нават ведалі дзе я: хай лепш спадзяюцца, што недзе жыву і ў мяне ўсё добра. Толькі ці жывыя яны яшчэ? Даўно не пісаў ім.
    Побач, закінуўшы рукі пад галаву, ляжаў Карась і жаваў зялёную сцяблінку.
    - Стары знайшоў свежыя вушы, вось і пляце свае байкі, - усміхнуўся ён,- нямала я наслухаўся іх.
    - Вядома наслухаўся, - пагадзіўся Чапяла без ценю крыўды на  кпіны Карася.  - Мы тут жывём не першы год, ты пра мяне ўсё ведаеш, я пра цябе.
Чаму б і табе не расказаць?
    - А што мне расказваць? - Карась паціснуў плячыма. - Гэта ў цябе суцэльныя прыгоды: бокс, турма, трупы, а ў мяне ўсё проста: дзетдом, калонія, сметнік.
    - А чаму цябе Карасём завуць?- спытаў Лявон.
    - Як чаму?  - фыркнуў той. - Бо  прозвішча маё  Карасёў.
    - Ты бацькоў зусім не памятаеш?
    - Чаму гэта не памятаю? - шчыра здзівіўся Карась. - Я ў дзіцячы дом  трапіў  у адзінаццаць год. Мае бацькі пілі страшна і іх пазбавілі бацькоўскіх правоў, забралі нас усіх чацвярых. Спачатку мне вельмі спадабалася ў дзетдоме: кармілі добра, апраналі, з намі займаліся выхавальнікі, гулялі ў розныя гульні. А дома што – елі раз у дзень, а то і радзей, насілі абноскі нейкія, у хаце зімой холадна, п’яны  тлум.  Але, самае цікавае, праз год ці меней засумаваў я па доме, па таварышах сваіх, захацелася бацькоў пабачыць, хоць тыя ні разу не наведалі нас. Уцёк дахаты, даехаў, а там – хаты няма, згарэла, куды бацькі падаліся, ніхто з суседзяў не ведаў. Крыху пабадзяўся, потым мяне злавілі, адвезлі зноў у дзетдом. Да мяне там інакш пачалі ставіцца, я рабіў усё на злосць выхавальнікам, чым далей, тым больш. Тады я зноў уцёк, трапіў у кампанію такіх жа, як і я, мы паціху кралі, пакуль нас аднойчы не затрымалі. Потым было яшчэ шмат падобнага, бо рабіць я нічога не ўмеў і не хацеў. А потым (не памятаю калі ўжо)  неяк сышоўся во з гэтым, старым, Чапялою, падаліся сюды, абжыліся. Усё нядрэнна было, вольна жылі, ніхто не турбаваў, пакуль гэты не з’явіўся…
    Карась скрывіўся і плюнуў, відаць, Капайла яму нечым насаліў.
    - Што, з ім нясоладка?
    - Ды ну яго, - зноў скрывіўся Карась, - прывык, як у сваім войску:
станавіся,  раўняйся, наперад – усё па раскладу. Яго толькі грошы цікавяць, вядома, кусок, ён і ёсць кусок.
    - Капайла – былы прапаршчык? - здзівіўся Лявон.
    - Аняго ж,  але адкуль табе ведаць.  Гэта мы з Чапялою ветэраны сметніка, нам няма  куды ісці,  а вось чаго цябе сюды прынесла?
    - Сам не ведаю.
    Лявон і сапраўды разумеў, што ў нейкім сэнсе ён пагарачыўся, усё можна было вырашыць без лішніх прыгод. Але цяпер назад не павернеш,  не ў яго характары адступаць: калі вырашыў правучыць Валю, то правучыць, хай сабе і яму  нявыкрутка. Мо гэта нават і дп лепшага.
    У хуткім часе з-за рагу сметніка паказаўся Капайла і зароў:
    - Чаго разлегліся? Я ў вас пытаю: чаго разлегліся? Не скажаш, не пакамандуеш, дык яны да вечара ляжаць будуць. А ну, марш на працу.
    Неахвотна падняўшыся,  бадзягі пацягнуліся на абрыдлы сметнік.
    Працоўны дзень зноў скончыўся недзе а дзевятнаццатай гадзіне. На гэты раз Карась з дапамагой Лявона заняўся прыгатаваннем вячэрняй стравы. Сыч з Кнышом, пакінуўшы працоўнае месца крыху раней, накапалі недзе бульбы, і Карась з Лявонам меліся  стаўчы яе, прыправіўшы дробнапарэзанымі кавалкамі каўбасы. Капайла ў задуменні сядзеў на сваім ганку і курыў, Чарныш  ляжаў каля яго, цікуючы адным вокам за тым, калі згатуюць вячэру. Астатнія  насельнікі  “вёсачкі” на чале з Сычом з гучнымі воклічамі  рэзаліся ў карты. З  азярца, парослага аерам і  чаротам,  пацягнуўся туман, збіваючыся ў лёгкія клубы, а над палянаю таўкла мак  дробная машкара.   Барвовае сонца  ўжо больш як напалову схавалася за  тонкай рысай чарнеючага ўдалечыні  лесу, калі Карась паклікаў усіх вячэраць. Бульба разышлася ў момант, галодныя бадзягі ўмялі амаль усё, што было згатавана. Бугай,  вылізаўшы лыжку і заўважыўшы, што бос палагоднеў пасля вячэры, гукнуў:
    - Слухай, Капайла, можа заўтра выдзеліш нам пакрыху, ужо два дні нічога не было.
    - Ага, - падтрымаў яго Сыч, - у горле перасохла.
    - Халера вас не возьме, - буркнуў у адказ начальнік, - не зарабілі яшчэ.
    - Не зарабілі?! - ускочыў Сыч. -  Ты гавары ды не загаварвайся!
    І  брудна вылаяўся.
    - Закрыйся, Сыч, - зноў буркнуў Капайла, - заўтра будзем бачыць.
    Калі сцямнела, усе пайшлі спаць, а Лявон  доўга сядзеў каля вогнішча, варушыў дубцом вуголле і задумліва  сачыў, як ляцяць у неба яркія іскры.
-5-
    З раніцы  Капайла  чамусьці  пакінуў пры сабе  менавіта Лявона  і Бугая: сказаў, што тыя пойдуць здаваць з ім нарыхтаванае.  Пакуль бос хадзіў да шлагбаума, Сухадольскі з напарнікам, выцягнуўшы пакункі і мяхі, сядзелі чакалі яго загаду. Бугая, як падалося Лявону, нічога не цікавіла ў жыцці, апроч ежы і выпіўкі. За  некалькі дзён, што ён бачыў гэтага бадзягу, той мала ўступаў у размовы, а калі нешта казаў, то  яно тычылася толькі  дзвюх, вышэйназваных, рэчаў. Вось і цяпер Бугай  сядзеў каля пакункаў, заплюшчыўшы  маленькія вочкі, і драмаў, ці, прынамсі, рабіў выгляд, што дрэмле. Здалёк даносіўся шум аўтамашын, слабае кігіканне чаек і лёгкі пах гарэлага смецця.
    - Спіш? - Лявон гукнуў напарніка.
    - Не, так сяджу. А што больш рабіць? - ляніва адазваўся той
    - Даўно тут?
    - Трэці  год.
    - Чаму ты тут, хіба няма дзе жыць?
    - Раней было, а цяпер няма, - усё так жа ляніва адказаў Бугай, не расплюшчваючы вачэй. - А ты як тут апынуўся?
    - Сапраўды не ведаю. Памятаю, як нехта  б’е па галаве, потым цемень, а прыйшоў да сябе, то не памятаў, хто я, дзе жыў, што рабіў.
    - Зразумела, - коратка адказаў суразмоўца , а Сухадольскі так і не зразумеў, паверыў той яму ці не.
    - А ты што раней рабіў? - пацікавіўся Лявон.
    Бугай  паварушыўся, як нехаця  расплюшчыў вочы.
    - Недзе ў вёсцы маці яшчэ жыве, але  туды ехаць не хачу. Там,  побач братава хата, пачне зноў ганяць, біцца будзе, а участковы мяне зноў у ЛПП здасць. Я ўжо два разы там быў, болей не хачу.
    - Ты ніколі не працаваў?
    - Ды не, ў калгас крыху хадзіў, але якія там грошы. Я  болей  выпіваў,  спачатку з заробку маці, а потым з пенсіі. А брат, перадавік хрэнаў, - Бугай пагардліва скрывіўся, - чапляўся да мяне –  пабіліся мы. Участковы некалькі разоў кінуў мяне на суткі, а потым і  ў ЛПП. Год я там адбыў, прыехаў і далей стаў піць, а мяне  зноў туды, дзе быў, але ўжо на два гады. Я вырашыў не ехаць дахаты, бо ведаў, што чакае. Некаторыя  у ЛПП па пяць-шэсць разоў пабылі. Я  з Фрыцам сышоўся і мы падаліся ў горад, вырашылі асесці, можа, пашанцуе, уладкуемся дзе. У Фрыца  былая жонка  там жыла, дзіця ёсць. Яна яго  з-за п’янкі здала ў ЛПП, нават развесціся паспела. Але Фрыц  такі: куды папіхнеш, туды і пойдзе.
    - А чаму Фрыц?
    - Дык прозвішча ў яго нейкае не нашае, - расплыўся ва ўсмешцы Бугай, -
нямецкае – Лейнер. Сам казаў, што яшчэ з дзяцінства так клічуць, і ён не  крыўдзіцца. Ну вось паспрабавалі  мы папасці ў кватэру, а яго былая нас вытурыла. Ды яшчэ прыгразіла, калі будзем лезці, патэлефануе ў міліцыю. Куды было ісці? Мы крыху пацягаліся каля вакзала, неяк хаваліся, выжывалі, а потым на нас Капайла натрапіў, і цяпер мы тут. Ведаеш, я неяк прывык ужо, нічога, жыць можна. Ежы хапае, гэты кусок нам крыху грошай падкідае, жыць ёсць дзе, ніхто не чапае. Дрэнна толькі тое, што зімой халаднавата, бо калі яшчэ намерзнешся за цэлы дзень, увесь вечар адаграешся. Але Капайла тады нам часцей чарніла даваў – і  нічога, зімавалі.  Галоўнае – што ніхто цябе не турбуе:  ні міліцыя, ні брат –  ніхто.
    - Дык ты лічыш, што тут можна ўсё жыццё пражыць?
    - Уга, куды ты загнуў, хто ведае, колькі ён пражыве. Ты вось сам, добра жывы яшчэ, а калі б табе, як кажаш, па чарапку добра цюкнулі, то сёння са мною і не размаўляў бы, - зусім цвяроза выказаўся Бугай.
    Пакуль яны размаўлялі, паказаўся Капайла:
    - Гэй вы, цягніце ўсё да шлагбаума.
    Узваліўшы на плечы мяхі і схапіўшы па немалому пакунку макулатуры, сагнуўшыся ад цяжкасці, яны пабрылі за босам. Наперадзе бег Чарныш, раз-пораз азіраючыся на гаспадара і весела цяўкаючы на чорных груганоў, што сядзелі на ўскрайку сметніка. Прыйшлося схадзіць па некалькі разоў. Цяжка сапучы, яны закінулі пакункі і мяхі ў белы грузавы мікрааўтобус, а Капайла  адышоўся з гаспадаром аўтамашыны ўбок. Сухадольскі  бачыў, як той дастаў з кішэні грошы, каб разлічыцца за груз.
    Сёння бадзягі  грэбліся каля вялізнай кучы, туды, пэўна,  высыпалі не адну машыну смецця. На Лявона з Бугаём  ніхто не звярнуў увагі, усе паціху корпаліся, зрэдку спыняючыся, каб пакурыць. Пакапаўшыся ўсяго некалькі хвілін, раптам ускрыкнуў Лявонаў напарнік:
    - Ого, нядрэнна я капнуў!
    Каля яго ляжаў электрарухавік ад нейкага станка. Бугай задаволена дадаў:
    - Не, хай Капайла раскашэльваецца, за такую знаходку  сама меней мне
бутэлька зверху павінна быць. Тут жа столькі жалеза, ды яшчэ і медзь ёсць.
    - Часта такія знаходкі бываюць? - Сухадольскі прысеў каля рухавіка.
    - Не вельмі, але часам бывае, - адказаў за Бугая Чапяла. - Часцей  пральныя машыны знаходзім, старыя лядоўні, тэлевізары ды шмат чаго яшчэ,  а там  каляровыя металы, разбіраем, і Капайла здае. Так што іншы раз прэміяльныя нам перападаюць, не без гэтага.
    - Памятаеш, - падаў голас Кныш, - летась стары матрац знайшлі, а ў ім поўна грошай. Шкада, халера, што савецкія яшчэ, а то б  ого-го…
    Што хавалася за тым  ого-го, ён не ўдакладніў.
    - От, каб чые залатыя запасы знайсці,  тады можна было б зажыць, - падтрымаў гаворку Сыч.
    - Што з таго золата, калі розуму няма, - адазваўся на яго словы Чапяла.
    - Затое ты разумны вельмі, - пакпіў Сыч, - сядзіш на гэтым сметніку колькі год і здохнеш тут. А я, каб былі грошы і менты не шукалі, адразу б махануў за мяжу. Там не прападзеш.
    - А  я кажу: калі няма розуму, то і вялікія грошы дабра не прынясуць,ад іх толькі няшчасці і смерць. Багацце – гэта калі сям’ю добрую маеш, сваю хату, дзяцей. Вось што такое шчасце, - стаяў на сваім Чапяла і, цяжка ўздыхнуўшы, закурыў.
-   Шчасце мне знайшоў – дзяцей, - ускіпеў Сыч.-  Ды ты не ведаеш,  як яно выглядае. Шчасце – калі ў цябе поўныя кішэні грошай і перад табою ўсе сцелюцца, заглядаюць у рот: ах, як вы, Пётр Сцяпанавіч, што вам падаць? А ты адпіхваеш іх нагою: пайшлі прэч, свінні, я адпачываю.
    - Чаму ты так людзей ненавідзіш? - не стрымаўся Лявон.
    - О, у новенькага голас прарэзаўся, - зыркнуў на яго Сыч. - А ты адкуль
ведаеш, сука, пра жыццё?  Можа, успомніў штосьці? Ці табе дапамагчы?
    - Не, не ўспомніў, але так, як ты хочаш жыць, я не хацеў бы.
    - Дык і маўчы, разумнік знайшоўся, - паспрабаваў падняць сварку Сыч, але яго ніхто не падтрымаў і спрэчка  неяк сама па сабе заціхла.
    Сыч, яшчэ крыху пабурчаўшы, стаў вяла, без усялякай ахвоты, корпацца ў кучы. Што казаць,  няма з кім гаварыць, хіба яго зразумеюць гэтыя дурныя бадзягі, якія не ведаюць смак грошай? Вось ён ведае. Калісьці, у дзіцячым узросце, Пятрусь Сычоў вельмі зайдросціў  суседу,  Толіку Бяспаламу, які за бойку паспеў пабываць у месцах не вельмі аддаленых. Толік каралём хадзіў па двары, меў сваё кола сяброў і знаёмых, нейкі бліскучы пінжак, залаты зуб наперадзе і, галоўнае, грошы ў кішэні. Дзе ён іх браў, Пятрусь не ведаў, бо Толік нідзе не працаваў. Ён бачыў: яго бацькі, працуючы на фабрыцы і гадуючы траіх дзяцей, не могуць дазволіць сабе таго, што можа сусед: хадзіць у рэстаран, шыкоўна прыбірацца, спяваць у двары  блатныя песні. Петрусю вельмі хацелася спадабацца крутому Толіку: ён круціўся вечарамі каля суседа, слухаў песні “пра далёкі Магадан”. Аднойчы той папрасіў  аднесці нейкі пакунак  свайму знаёмаму, што жыў у цэнтры горада, і хлопчык мігам выканаў даручэнне, за што атрымаў цэлых пяць рублёў – такое багацце! Праўда, праз год  Бяспалага зноў пасадзілі  за кватэрныя крадзяжы. Але Петруся такое развіццё падзей не збянтэжыла.  Ён зразумеў, што за прыгожае жыццё трэба плаціць, затое які аўтарытэт: рэстараны, дарагія цыгарэты, модныя прыкіды.
    Скончыўшы школу, Сычоў адразу пацягнуўся да Толіка, які з паўгода целяпаўся на волі. Толік не адмовіў у сяброўстве суседу і ў хуткім часе новенькі пайшоў на першую “справу”.  Пятрусь  нервова курыў цыгарэты і часта аглядаўся, аднак хваляванні аказаліся марнымі: усё прайшло на найвышэйшым узроўні. Сыч  асмялеў і хутка стаў “працаваць” на ўзроўні са сталымі зладзеямі. Пятрусь цвіў ад гонару, курыў самыя дарагія цыгарэты, купіў шыкоўны пінжак і нахабна падміргваў маладым дзяўчатам у рэстаране. Самае горшае было тое, што яго павінны былі забраць у войска, на тэрміновую службу, але гэтага не здарылася: за месяц да прызыву Сычоў апынуўся за кратамі. Адбыўшы пакаранне, ён узяўся за старую справу і праз год зноў трапіў у калонію. Калі ж адбыў і гэты тэрмін, то пацягнуўся за сябрукамі ў сталіцу: там лягчэй схавацца і пракарміцца. Спачатку ўсё ішло добра, удала “ўзялі” дзве “хаты”, а потым фартуна павярнулася да іх пятай кропкай. Хто ж ведаў, што на той кватэры, якую яны прыкмецілі  ўдваіх з Босым, жыве яшчэ і нейкі міліцэйскі маёр. Ён, на сваю бяду,  нарваўся на іх, калі зладзеі  пераварочвалі маёмасць у пошуках золата. Маёр выцягнуў пісталет, паставіў іх да сцяны і стаў званіць у дзяжурную частку. Не, так па- дурному папасціся і зноў ісці за краты Петрусю зусім не хацелася і, міргнуўшы  саўдзельніку, ён накінуўся на маёра, але той не збіраўся здавацца:  неяк выкруціўся і стрэліў. Ён трапіў у Босага, сябрук Сыча грымнуўся на падлогу, але Пятрусь паспеў стукнуць міліцыянта па галаве цяжкай крыштальнай вазай. Схапіўшы зброю і вырашыўшы, што Босы нежывы ( той быў увесь у крыві), ён кінуўся наўцёкі. Але хто ж мог падумаць, што маёр сканае, а  саўдзельнік Сыча, наадварот, застанецца жывы. Так Сыч стаў асабліва небяспечным злачынцам, якога шукала  міліцыя па ўсёй краіне: ледзь не на кожным слупе вісела яго фота. Хаваючыся ад міліцыі, Пятрусь выпадкова пазнаёміўся з учарашнім зэкам Кнышом, разам з ім неяк перабіваўся каля месяца, пакуль на іх не натрапіў Капайла. Той прапанаваў пайсці з ім, папрацаваць крыху, абяцаючы ўзамен нейкія грошы і  бяспеку, бо на сметнік ніхто не палезе, у яго, маўляў, усё схоплена. Абдумаўшы Капайлавы словы, Сыч зразумеў: гэта найлепшы варыянт, трэба залегчы на дно на нейкі тэрмін, пачакаць пакуль усё аціхне і пра яго забудуць. Тады можна будзе паслаць куды падалей гэтага сквапнага  да грошай ваяку, можна нават “замачыць  і зажыць, як раней. Канешне, корпацца ў смецці і жэрці чорт ведае што – не лепшы варыянт, прыйдзецца паступіцца гонарам злодзея. Ды была яму ў той час  нявыкрутка, а пасля ён яшчэ пагуляе, паціскае баб у рэстаранах, у яго ўсё яшчэ наперадзе. Тым больш, што ён  едзе на  запалоханым Кнышу: той палову свайго барахла аддае яму, працуючы за Сыча і за сябе.
    Увечары Капайла выдаў бадзягам чаканую пайку: па бутэльцы чарніла кожнаму. Лявон  аддаў сваю бутэльку Чапяле. Праз некі час Бугай пакрыўджана зароў:
    - Капайла, я ж сёння знайшоў рухавік, мне прэмія павінна быць.
    - Абыдзешся, другім разам.
    - Калі так, то, другім разам, я закапаю знаходку ў сметнік, - яшчэ больш
пакрыўдзіўся Бугай.
    - Ты мне не пагражай, - вызверыўся бос. -  Тут я кароль і  сам магу  любога з вас закапаць, лепш смакчы сваю бутэльку і маўчы.
    Бугай  насупіўся і адвярнуўся, але праз хвіліну Капайла чамусьці  перадумаў і гукнуў яго:
    - Ідзі, бяры, так і быць, памятай маю дабрыню.
    Той моўчкі ўзяў бутэльку і пасунуўся да будана. У гэты вечар разамлелыя   і падабрэлыя насельнікі сметніка доўга сядзелі ля вогнішча, распавядаючы адзін аднаму даўно вядомыя гісторыі са свайго жыцця. Лявон з цікавасцю слухаў   байкі, ў якіх  праўда  часта перапляталася з вымыслам. Капайла сам не піў, і не толькі з бадзягамі, але і ўвогуле рэдка ўжываў спіртныя напоі, бо лічыў, што алкаголь дрэнна ўплывае на розум. А той яму вельмі патрэбны, каб складаць рубель да рубля, каб зарабляць і збіраць грошы – самае галоўнае ў яго жыцці.
-6-
    З ночы хмурылася і як бы паказвала на дождж, але хмары расцягнула халаднаватым пранізлівым ветрам, неба пасвятлела, бліснуўшы адчужанымі восеньскімі промнямі. Вецер сціх, а лёгкая, ледзь улоўная смуга, якая павісла над наваколлем, накрыла зямлю  ціхім сарамлівым сумам і лагоднаю шчымліваю журбою. Зрэдку у вышыні сумным рэхам  адзываліся далёкія  галасы птушыных чародак, што адляталі ў вырай. Усё гэта напаўняла сэрца  і душу неверагодным жалем да праляцелага лета, няпэўнай будучыні  і свайго няўдалага лёсу. Кныш адышоўся па патрэбе  крыху ўбок ад кучы смецця і спыніўся, узіраючыся ў верасеньскае неба. Што яно прынясе яму, што будзе з ім далей? Эх, жыццё…
    Кныш – а гэта прозвішча прыляпілася да Сяргея Каношкіна яшчэ са школы – колькі сябе помніў, заўсёды нечага баяўся. Чаму Сяргей  нарадзіўся такім баязліўцам, ён і сам не ведаў, але пераадолець сваю слабасць  не мог. У дзяцінстве  баяўся заставацца адзін у цемры, палохаўся розных ценяў, рэзкіх гукаў, нават певень іншы раз ганяў яго на ўласным надворку. Маці так часта вадзіла яго да нейкай сівой бабулькі выбіраць пярэпалах, што тая здзіўлялася:
    - І што гэта за хлопец у цябе, Настасся, далібог, як дзяўчынка.
    У школе яго крыўдзілі ўсе каму ні лень. Таму Кныш рос ціхім, забітым і непрыкметным, вучыўся слаба, і настаўнікі проста дацягнулі яго да заканчэння школы. Пасля школы  цэлы год працаваў у калгасе і з жахам уяўляў, што будзе, калі яго забяруць у войска. Пра “дзедаўшчыну” шмат расказвалі хлопцы, якія паспелі адслужыць тэрміновую.  Сяргей вельмі баяўся, што з яго будуць здзекавацца. Яго прадчуванні спраўдзіліся яшчэ на перасыльным пункце, дзе  два нейкія  хлопцы адабралі ў яго грошы. У войску на першым месяцы, да прысягі, Кныша ніхто не чапаў: дысцыпліна была жорсткая. Затое потым, калі іх, “духаў”, далучылі да старэйшых прызываў, “дзяды” паднялі маладых у першую ж ноч. Сяргей не вытрымаў, калі  білі бляхай  па грудзях, пусціў слязу, хлюпаў носам  і гэтым прынізіў сябе ў вачах усёй роты. З таго часу яго лічылі мамчыным сыночкам, кідалі на самую брудную працу, піхалі ў плечы і здзекаваліся з баязлівага і слабавольнага хлапца. Не вытрымаўшы, Кныш уцёк з войска, бадзяўся некалькі месяцаў, пакуль яго не злавілі  і далі паўтара года дысцыплінарнага батальёна. Пасля, калі ён даслужваў у часці, за месяц да  звальнення ў запас, “дзяды” пацягнулі яго з сабою на начную дыскатэку, а адмаўляцца Сяргей пабаяўся. Там завязалася бойка з мясцовымі,  і, хоць Кныш з самага пачатку забіўся ў вугал, міліцыя затрымала іх усіх як зачыншчыкаў. Да ўсяго падчас бойкі моцна збілі аднаго хлопца і ён застаўся інвалідам. Доўга не разбіраючыся, усім пяці салдатам далі па тры гады, у тым ліку і Кнышу. Падчас адбывання пакарання адбылося зусім неверагоднае: зэкі ўчынілі ў калоніі бунт, і, пакуль не было спецназа, некалькім дзесяткам зэкаў удалося збегчы. У іх ліку, канешне, апынуўся і Кныш, якога ўцекачы пацягнулі за сабою, а адмовіцца той, як заўсёды, пабаяўся. Зэкі разбегліся ў розныя бакі. Спачатку Сяргей хаваўся ў таварным цягніку з аднакамернікам Вальтэрам, але па дарозе той недзе адстаў. Кныш бадзяўся ў пошуках ежы і жылля, бо дахаты вяртацца баяўся, а потым сустрэўся з Сычом. Сыч хутка падгроб яго пад сябе, разам ім было лягчэй выжываць, затым іх прыгрэў Капайла. Тут Сяргей  таксама стараўся нікуды не лезці, чакаў, што ўсё гэта скончыцца само па сабе, як страшны сон, і ён вернецца дахаты, у сваю вёску.  Сёння, гледзячы на восеньскую смугу і далёкае халоднае неба, Кныш успомніў, што дома, мабыць, ужо выкапалі бульбу, маці недзе цярэбіць буракі, а па вёсцы разносіцца пах спаленага бульбоўніку. Так, пэўна маці чакае яго, працуючы, азіраецца назад: ці не ідзе яе  Сярожка, яе сыночак. Калі ж яна дачакаецца?
    Кныш, выцершы тыльным бокам далоні няпрошаныя слёзы, падыбаў да кучы: трэба рабіць, боязна – нарвецца часам Капайла, будзе крычаць. Ён  падняў свой кіёк, прыладкаваўся каля Лявона і хуткімі рухамі стаў разграбаць смецце. Кій раптам упёрся ў нешта  цвёрдае. Кныш яшчэ раз добра варухнуў кучу і ўбачыў, што гэтае цвёрдае – не што іншае, як запэцканы  тонкі чорны  дыпламат. Зацікаўлены, ужо рукою  разгроб смецце і выцягнуў знаходку, якую заўважылі  і іншыя бадзягі. Усе пацягнуліся да Кныша, а той стаяў і глядзеў то на іх, то на дыпламат. Сыч адразу падышоў да Кныша:
    - Чаго стаіш? А ну, давай праверым, што там.
    Ён прысеў, спрытна шчоўкнуў замкамі і адкінуў верх. Ад убачанага бадзягі знерухомелі, стаіўшы дыханне, цішыню парушалі толькі крыкі чаек і хрыплае карканне груганоў: дыпламат быў спрэс набіты далярамі, складзенымі ў пакункі, шчыльна прыціснутымі  адзін да другога. Цяжка сказаць, колькі там ляжала грошай, але нават з першага позірку было зразумела, што шмат. Цяжка дыхаючы, Сыч павярнуўся да іх тварам:
    - Мужыкі, гэта ж такое багацце, вы разумееце? Тут на ўсіх хопіць,  нават я ніколі столькі грошай не бачыў. Ну, Кныш, ты даеш.
    Кныш разгублена ўсміхаўся, не верачы сваім вачам і неяк жаласліва паўтараў:
    - Як жа так, адкуль жа гэта, хлопцы, га?
    Хлопцы і самі не маглі зразумець, адкуль такія грошы на сметніку, хто іх мог выкінуць вось так проста.
    - А можа,  яны фальшывыя? - падаў голас Карась.
    - Сам ты фальшывы, - адказаў Сыч, уважліва агледзеўшы купюры, - я грошай  нямала пабачыў, не тое, што вы – фраеры недатоўчаныя. Карацей так: Капайле нічога не кажам, дыпламат зараз прыхаваем, а потым усё падзелім пароўну. Згода?
    - Згода, - пачулі ўсе за сваімі спінамі голас Капайлы і аж страпянуліся ад нечаканасці. А той працягнуў:
    - Што гэта вы тут сабраліся дзяліць без мяне, а ну, пакажыце.
    Усе расступіліся. Сыч, нядобра глянуўшы на боса, толькі крыху пасунуўся ўбок. Капайла спачатку знерухомеў, убачыўшы грошы, у яго аж заняло дыханне і пацямнела ўваччу: ці магчыма такое? Але хутка прыйшоў да сябе, нахіліўся, зашчоўкнуў дыпламат і павярнуўся да бадзяг:
    - Усё правільна, зараз прыхаваем, а вечарам  падзелім па-брацку.
    Кажучы гэта, ён націснуў на апошнім слове, і яно прагучала як пагроза. Кныш баязліва зморшчыўся, Чапяла пераглянуўся з Лявонам, Фрыц нервова варухнуў кадыком, Карась сціснуў кулакі, Бугай шумна ўздыхнуў, і толькі Сыч уголас адрэагаваў на такое развіццё падзей:
    - Гэта не тваё, Капайла, не чапай, гэта наша, мы знайшлі дыпламат.
    - Па-першае, вы працуеце на мяне, і калі ты забыў,  то усё знойдзенае
павінны аддаваць мне. Па-другое, я не збіраюся забіраць усё сабе, я сказаў, што падзелім, трэба пачакаць. Бо, па-трэцяе, можа аб’явіцца і гаспадар гэтага багацця, і я лепш, чым вы, магу з гэтым разабрацца, - суха працадзіў скрозь зубы начальнік.
    - Мы не верым табе, падла, - выгукнуў Сыч, - ты  можаш сабе хапнуць.
    - Ты на каго рот разявіў? - вочы у Капайлы звузіліся, і ён павярнуўся да
былога зэка.  - Забыў, хто цябе прыгрэў? Каб не я, даўно б парыўся на зоне ці, нават, расстралялі б. Хочаш,  зараз пайду і патэлефаную, куды трэба? Таму лепш маўчы  і слухай, што кажу. Я ж сказаў: падзелім.
    І бос абвёў падначаленых разгневаным позіркам. Сыч раззлавана сплюнуў, астатнія прамаўчалі, а Капайла з дыпламатам пайшоў да жылля.
    - Уцячэ, гад, як піць даць, уцячэ з нашымі грашыма, - Сыч павярнуўся да
сваёй  суполкі.  - А мы будзем маўчаць? Не, лепш я зараз пайду і прышыю гада, пакуль не збег. Вы са мною?
Яго пытанне павісла ў паветры. Адзін Чапяла, крыху памаўчаўшы, паспрабаваў супакоіць раззлаванага Сыча:
    - Нікуды ён не дзенецца, я яго крыху ведаю. Супакойся.
    Сыч вылаяўся і закурыў. Працаваць пасля такой знаходкі ніхто ўжо не хацеў. Бадзягі  закурылі, прыселі каля кучы, абмяркоўваючы апошняе здарэнне.
    - Як толькі атрымаю грошы, адразу выраблю пашпарт і махану адсюль за мяжу. Там з грашыма ты чалавек, ніхто цябе не чапае, - зазначыў Сыч.
    - А я куплю кватэру ў сталіцы,  машыну, буду адпачываць і хадзіць у  самыя крутыя рэстараны, - са смакам зажмурыўся Карась.
    - Навошта раскідаць грошы, - выказаўся Бугай, - я лепш куплю добрую хату ў вёсцы – і тады мне хопіць на гарэлку да смерці. І яшчэ заплачу хлопцам, каб адмалацілі ўчастковага, што ўпёк мяне ў ЛПП. І будзе жытуха…
    Маленькія вочкі бадзягі аж засвяціліся ад будучага задавальнення.
    - Я куплю самую лепшую кватэру ў горадзе, адзену дарагі касцюм і да сваёй былой.  Пыхну у нос цыгарэтай, патрасу далярамі і паеду дахаты  на мерседэсе. От тады хай яна пашалее ад зайздрасці, - выдыхнуў Фрыц.
    - І я, мужыкі, куплю сабе кватэру, зраблю новы пашпарт, каб мяне ніхто  не адшукаў і забяру да сябе маці. Буду жыць  ціхенька, сам па сабе, - нясмела агучыў сваю мару Кныш.
    Пасля яго павісла цішыня.
    - А вы чаго маўчыце, ці вам грошы не патрэбны? - звярнуўся Сыч да Лявона і Чапялы.
    Стары  падумаў нейкі момант і адказаў:
    - Што мне з тых даляраў? Яны не дадуць ні шчасця, ні здароўя, а хадзіць па рэстаранах я не прывык. Мне б крышку грошай, каб паставіць добрыя помнікі на магілах тых людзей ды адаслаў бы бацькам, калі яшчэ жывыя.
    Лявон, пакуль усе прысутныя марылі пра тое, як распарадзяцца з нечакана зваліўшымся багаццем, думаў: сапраўды, а што б ён рабіў са сваёй доляй? У яго ёсць  свая хата, машына, ён  не збіраецца нікому помсціць.  Сапраўды, што рабіць з грашыма, калі атрымае? Не тое, каб ён вельмі багаты, грошы заўсёды спатрэбяцца, але мае рацыю стары Іван – не ў грашах шчасце, а, як ён казаў, у надзейнай і трывалай сям’і, каханні, добрых дзецях, здароўі, у самых простых рэчах. А гэта разумееш толькі тады, калі губляеш. Некалькі складаемых, але ўсе яны вельмі важныя, каб адчуваць сябе шчаслівым, няма аднаго – і шчасце няпоўнае, а гэта ўжо не тое. Таму ён не ведае, што рабіў бы з далярамі са сметніка.
    - Гэй, а ты, фраер, ты што рабіў бы са сваёй доляй? - вывеў яго з задумення голас Сыча.
    - Не ведаю, пакуль не ведаю, - шчыра прызнаўся Лявон.
    - А што з цябе ўзяць, - грэбліва зморшчыўся Сыч, - мазурык балотны. Усё, мужыкі, баста, кідай працу, хай той сквалыга сам цяпер грабецца ў смецці. Мы цяпер маем грошы,  у нас сёння свята, будзем гуляць. Пайшлі.
    Бадзягі дружна падтрымалі яго, сметнік даўно абрыдзеў ім. Загалдзеўшы, як чародка патрывожаных гракоў, яны павярнулі да буданоў. Як толькі ўсё аціхла, з кучы смецця высунуўся тлусты шэры пацук з даўжэзным хвастом, прыўзняў угару вусатую пысу і, асцярожна панюхаўшы паветра, маланкаю сігануў некуды ў глыбіню сметніка.
-7-
    Капайла ўпэўнена крочыў да сваёй хаты, адчуваючы, як прыемна абцяжарвае руку чорны дыпламат. Не, вагі ў ім няшмат, але колькі каштуе такая вага! Вось яно, шчасце, не дарма сядзеў у калоніі, не дарма гніў на  сметніку з бадзягамі – цяпер ён узнагароджаны за ўсе свае пакуты. Ён пакуль і не ўяўляў, з чаго пачне сваё новае жыццё і куды паедзе, але гэта і не істотна. Галоўнае, што багацце ў яго руках, ён валодае цэлым дыпламатам даляраў, толькі ён. Тое, што ніхто больш нічога не атрымае, Капайла ведаў з таго самага моманту, як убачыў грошы. Ці ж яны, нікчэмныя бамжы, зэкі, маюць якое права на гэтае багацце, яго багацце? Не, і яшчэ раз не, бо толькі ён мае права быць каралём жыцця. А гэтым трэба толькі адно – пляшка чарніла. І яны яе атрымаюць. Сёння ён дасць ім яго ўволю, хай жаруць, глыкаюць, а потым, цёмнаю ночкаю,  калі яны ўсе паснуць, былы вайсковец Кастусь Рахубовіч, былы зэк і  некаранаваны кароль сметніка Капайла згіне назаўсёды, каб пачаць сваё новае жыццё, якое так доўга яго чакала. А дыпламат, пакуль што трэба прыхаваць у патаемным месцы. Ён пакруціўся  каля хаты: дзе ж схаваць, каб ноччу без цяжкасці адшукаць грошы, але каб  ніхто  іншы не змог на іх натрапіць? Падумаўшы, скіраваў да крайняга будана, адлічыў ад яго дзесяць крокаў, спыніўся і  разгроб пясок каля нізкага, даўно струхлелага  пня. Вось так, кругом роўненькі шэры пясочак, ніхто не здагадаецца, што тут нешта ляжыць. Задаволена хмыкнуўшы,  пайшоў назад. Чарныш недаўменна сачыў за гаспадаровымі рухамі: чаго гэта таму ўздумалася грэбціся ў жвіры? Ён падбег да схованкі, уважліва абнюхаў усё і, не знайшоўшы там нічога цікавага для сябе, на ўсялякі выпадак  падняў заднюю нагу. Капайла прысеў на ганку і з выглядам чалавека, які скончыў цяжкую і адказную працу, закурыў.
    Бадзягі вярнуліся да буданоў, як ніколі рана і з шумнай гамонкай: яны ўзмахвалі рукамі, аб нечым спрачаючыся. Сычу вельмі хацелася, каб Капайла зачапіў іх, спытаў, чаму яны зарана вярнуліся, але той змаўчаў. І тады ён гучна, каб чуў іхні бос, звярнуўся да Бугая з Фрыцам:
    - Дык што, у нас сёння свята, так, мужыкі? Па бутэлечцы ды будзем  дзяліць нашы грошы.
    Ён падкрэсліў апошнія словы. Капайла адрэгаваў на яго вокліч спакойна, нават абыякава:
    - Чаму б і не адзначыць, я не супраць. Цягніце, што ёсць на стол, а выпіўка за мною, зараз будзе.
    Ён устаў, крутнуўся ў хату і праз хвіліну вынес цэлую торбу моцнага напою: акрамя шасці бутэлек таннага віна, на стале выстраіліся і чатыры бутэлькі гарэлкі. У Бугая і Фрыца загарэліся вочы, а Капайла, абвёўшы ўсіх загадкавым позіркам, спыніўся  на Лявоне і Чапяле
    - Калі свята – то гуляюць усе, я падкрэсліваю – усе.
    Сказаўшы гэта, ён дадаў:
    - Нам  няма куды спяшаццца, таму, калі ласка, усё гэта ваша. А потым, калі ўсе будуць у добрым настроі, падзелім грошы, нікуды яны не дзенуцца.
    - А ты? - запытальна глянуў на яго Сыч.
    - І я разам з вамі, гуляем усе, - Капайла згодна хітнуў галаваю.
    Лявон бачыў, што Сыч не давярае босу і, мабыць, мае рацыю, бо і сам не асабліва верыў у праўдзівасць слоў былога прапаршчыка. Але ён і не спадзяваўся на тое, што яму  перападзе нейкая частка гэтых, невядома адкуль з’явіўшыхся, даляраў. Сапраўды, як дыпламат мог апынуцца на сметніку? Хутчэй за ўсё, грошы маюць нейкае дачыненне да крыміналу. А вось тое, хто іх уладальнік і ці будзе ён шукаць сваё дабро, пытанне адкрытае. Толькі хай яны тут самі разбіраюцца  з грашыма, яму ўсё роўна. Цікава толькі  адно: што будуць рабіць далей і сам Капайла, і бадзягі. Пэўне, што мясцовы кароль не захоча дзяліцца, але і гэтыя не лыкам шыты: вунь як зыркае спадылба Сыч ды кідае кароткія позіркі на боса Карась.
    Тым часам мясцовае насельніцтва  балявала, гучныя спрэчкі і размовы падпітых мужчын  кароткім рэхам разносіліся па наваколлі.  Апустошыўшы бутэлькі з “чарнілам”, бадзягі ўзяліся за гарэлку. Капайла з кілішкам сядзеў воддаль ад кампаніі,  але іншы раз уставаў,  падыходзіў да іх  і прапаноўваў чарговы тост:
    - Давай, хлопцы, за нас, за наша багацце!
   “Хлопцы” дружна падрымлівалі яго, але не ўсе: Сыч піў няшмат, крыху прыгубіўшы, ён адстаўляў кубак  у бок і хмурыўся, Карась як быццам піў, але не хмялеў. Затое Фрыц з Бугаём, дарваўшыся да дарэмнага, паспелі добра прыкласціся да бутэлькі – абодва ўжо ледзь-ледзь варочалі языкамі. Кныш яшчэ трымаўся, але і ў яго галава абвісла, як пераспелы памідор. Расчырванелы стары Чапяла ў спрэчкі, як звычайна, асабліва не ўцягваўся, болей слухаў і глядзеў нечага ў неба. Капайле, які хоць і выпіў мала, гарэлка ўсё-такі цюкнула ў галаву, і ён ужо сам палез нешта даказваць Сычу.
    - Ты думаеш, што я  звер, гэтакі гіцаль, здзекуюся з вас, нажываюся? Наадварот, я падтрымаў усіх вас, не даў загінуць, усё вырашыў.
    - Не ведаю, што ты вырашыў, але ж гарбацімся мы амаль задарма, - незадаволена  адгыркнуўся Сыч.
    - Бо я кароль, разумееш, кароль тут, а вы ніхто, і маё слова – закон!
    - Бачыў я такіх каралёў, - зморшчыўся, як ад зубнога болю, Сыч. -  Ты давай, цягні грошы.
    - Хочаш паказаць, які ты разумны? Ты ўвесь час ваду баламуціш мне,  забыўся, што я цябе прыгрэў, схаваў ад ментоў. Вось яна, падзяка, за мае турботы, - Капайла скрушна паківаў галавою.
    - Якія там турботы, даў некалькі рублёў на лапу – і ўжо дабрадзей.
    - Добра-добра, пабачым…, - ціха сказаў Капайла і сеў на ганак.
    Раптам Чарныш завурчаў, потым падскочыў і зайшоўся тоненькім залівістым  брэхам. Па сцежцы ад шлагбаума да іх размашыста крочылі чацвёра дзецюкоў моцнага целаскаладу. Усе ў чорных акулярах, з каменнымі тварамі – яны выглядалі нейкімі тэрмінатарамі з галівудскага блакбастэра. У Лявона заныла пад лыжачкай: гэта яны. Дзецюкі, не зважаючы на брэх Чарныша, які пераходзіў у енкат, набліжаліся да буданоў.
    - Чарныш, да мяне, да мяне, каб цябе халера! - гукнуў сабаку гаспадар.
    Той паслухаў і вярнуўся назад, спыніўся каля ног Капайлы, працягваючы пагрозліва вурчаць. Бадзягі недаўменна глядзелі на незнаёмцаў.
    - Глядзі, гуляюць, - сказаў адзін з “тэрмінатараў”. - Гэта добра, мабыць, мы прыйшлі па адрасе. Хто тут Капайла?
    - Напрыклад, я, - азваўся той. - І што з гэтага?
    - Вельмі добра, - дзяцюк весела ўхмыльнуўся, - што ўсе на месцы. Ты аддасі тое, што належыць нам,  і можаш гуляць далей.
    - Што я павінен вам аддаць? - здзівіўся Капайла.
    - Бачыш, не разумее, - дзяцюк уздыхнуў. - Гэта, канешне, горш, але яшчэ
не позна. Зараз паспрабую патлумачыць. Сёння ноччу наш чалавек  павінен быў атрымаць “тавар” і аддаць за яго грошы. Але, на жаль, нехта здаў нас ментам і нашаму чалавеку прыйшлося ратавацца. Каб грошы не папалі да іх, ён кінуў дыпламат  у кантэйнер са смеццем. Папасці на месца мы змаглі толькі пад раніцу, але кантэйнер аказаўся пустым. Дасведчаныя людзі шапнулі нам, што ты ўсё ведаеш пра смецце, сёння, думаю, вы знайшлі тое, што належыць нам. А чужое трэба аддаваць. Я добра патлумачыў?
    - Нічога не ведаю, тут смецце прывозяць з усяго горада. Мы можам пашукаць, канешне, але ж на гэта патрэбен час. Прыязджайце заўтра.
    - Шкада, што ты не разумееш нашай дабраты. Тады мы  пастраляем тваіх
хлопчыкаў, а апошнім цябе. Згодзен? Не адказвай, я і так бачу, што згодзен. Штыр, займіся.
    Дзяцюк, якога назвалі Штырам, выцягнуў пісталет, падышоў да знямелых бадзяг, паўглядаўся і схапіў за каршэнь Кныша. Той імгненна працверазеў, спалохана залыпаў вачыма і, цяжка дыхаючы, зашаптаў:
    - За што…, як жа…, я  ж не вінаваты, не чапайце мяне.
    Штыр трасянуў Кныша і тыцнуў яму ствалом у галаву:
    - Дзе грошы, бомжык?
    - У мяне няма, праўда, я не ведаю, дзе яны, - збялелы Кныш быў гатовы страціць прытомнасць.
    Невядомая сіла падняла Лявона на ногі:
    - Адпусці яго, чуеш? У яго няма вашых грошай.
    - Ого, тут смелыя ёсць, - здзівіўся Штыр, але адпусціў Кныша, які снапом зваліўся вобзем.  - Значыць, ты ведаеш?
    - Капайла, аддай ім дыпламат, - гукнуў Лявон, - бо яны так не пойдуць.
    - Няма ў мяне нічога, адчапіцеся, - злосна крыкнуў той.
    - Як няма? - падняўся Сыч. - Ах ты, гад, сабе ўсё хочаш загрэбці?!
    - Вось мы і разабраліся, - галоўны “тэрмінатар” валюхаста падышоў да
Капайлы. Чарныш зноў нядобра завурчаў, ашчэрыўшы зубы. Бандыт  выцягнуў зброю, клацнуў затворам і накіраваў ствол на сабаку.
    - Не чапай, сволач, сабаку! - Капайла засланіў сабою свайго гадаванца.
    - Грошы і хутчэй, бо ты мне надакучыў. Баюся, што маё цярпенне скончыцца раней, чым ты іх прынясеш.
    Прыніжаны бос, коса глянуўшы на бандыта і цяжка ступаючы, накіраваўся да схованкі, разгарнуў пясок і выцягнуў дыпламат.
    - Гад, прыхаваць  ужо паспеў, - ціха прабурчаў Сыч.
    - Бандыт адчыніў дыпламат, агледзеў грошы і апусціў крышку:
    - Усё на месцы, толькі гэта і ратуе вас ад пакарання, бамжы смярдзючыя.
    А можа, пастраляць вас, каб не псавалі паветра?
    Раптам адусюль: зверху, са сметніка,  аднекуль з бакоў як пацукі з кладоўкі,   пасыпаліся людзі ў камуфляжным адзенні і чорных масках з  крыкамі:
    - Усім  ляжаць, тварам уніз! Ляжаць! Кінуць зброю! Ляжаць, каму кажу!
    Амапаўцы – а тое, што гэта былі яны, Лявон не сумняваўся – са зброяй у руках і гучнымі крыкамі запаланілі палянку. Адзін з бандытаў спрабаваў уцячы, раптоўна кінуўшыся ўбок, але яго тут жа збіў з ног шыракаплечы амапавец, у дадатак добра таўхануўшы ботам у плечы. Усе бадзягі і бандыты ляжалі на зямлі, не ўзнімаючы галавы. Лявон пачуў, як Чарныш, які спачатку спалохаўся вялікай колькасці людзей і зашыўся пад ганак, раптам голасна забрахаў і на некага кінуўся. Сухадольскі асцярожна павярнуў галаву: на паляну выйшаў яшчэ адзін  міліцыянт без чорнай маскі, відаць, кіраўнік аперацыі па затрыманні бандытаў. Ён ішоў якраз у бок Капайлы, і сабачка, мабыць, вырашыў абараніць гаспадара. Чарныш з гучным брэхам  смела кінуўся на амапаўца і схапіў таго за нагу. Хутчэй за ўсё ён укусіў крыўдзіцеля, бо той ускрыкнуў ад нечаканасці,  безвынікова спрабаваў зачапіць сабаку,  потым вылаяўся і выхапіў пісталет.
    - Ах ты, падла! - закрычаў  ён і  стрэліў у Чарныша, які  спачатку
з енкатам зваліўся на траву, потым заскавытаў і хутка заціх.
    - Ты што нарабіў, гад!?
    Абураны Капайла падскочыў, у адно імгненне апынуўся каля міліцыянта і з усёй сілы стукнуў таму па твары. На былога прапаршчыка тут жа кінуліся амапаўцы, павалілі на зямлю і сталі біць нагамі. Нечаканай замінкай скарыстаўся Штыр:  убачыўшы, што за ім не сочаць,  падняўся і пабег уздоўж сметніка. Ён паспеў прабегчы  толькі каля дзесяці метраў: амапавец даў чаргу з аўтамата яму пад ногі і бандыт спыніўся, упаўшы на калені. Каля Лявона заварочаўся стары Чапяла, якому мулялі бок пустыя бутэлькі. Ён прыпадняўся, адкінуў іх і сеў.
    - Ляжаць, гад! - дужы амапавец стукнуў нагою старому па рэбрах.
    Той, глуха застагнаўшы, з перакошаным ад болю тварам, паваліўся на зямлю.
    - Сволач, завошта б’еш старога чалавека?
    Лявон падхапіўся, баронячы Чапялу, але больш не паспеў нічога сказаць.
    - І чаго вам не ляжыцца, бамжы праклятыя, - выгукнуў амапавец і з развароту так стукнуў Лявону, што той адляцеў да сцяны будана і праламаўшы яе сваім целам, зваліўся разам з дошкамі і  толлю. У яго перахапіла дыханне, пацямнела ўваччу, а ў галаве нешта зазвінела – і ён  паляцеў у чорную бездань…

    Сонца пякло няшчадна і ў гэтым пекле цяжка было зрузумець, дзе рэчаіснасць, а дзе дрыготкае, як багна, мроіва.  Натоўп падаўся яму нейкімі манекенамі, а мо і мерцвякамі, што  паслухмяна  ідуць да нябачнай мяжы, на якой, як па загадзе, закрычаць:
    - Смерць яму, смерць! Распні, распні!
    Тады яны атрымаюць асалоду, назіраючы, як будзе паміраць у пакутах ахвяра, бо іх жыццё, як ім здаецца, не менш пакутнае, але яны не змогуць ніколі зразумець, што ўжо даўно не жывуць, даўно памерлі, і ўсе іхнія радасці прывідныя. Лявон зноў зірнуў на таго асуджанага, што  яшчэ раней прыцягнуў  яго ўвагу, і ўсю істоту як токам працяло: ён ведае хто гэта! Гэта ж ЁН – той, што прыйшоў выратаваць іх, усіх: і Лявона, і паслухмяны натоўп, і бяздушных правіцеляў, і крыважэрных катаў. ЁН прыйшоў, каб паказаць ім свет у цемры і шлях да выратавання, не даць  застацца жывымі мерцвякамі, прынёс тое, чаго не ставала людзям – ВЕРУ. І цяпер ЁН толькі чакае, калі каты прыб’юць ЯГО цвікамі да крыжа, добраахвотна чакае страшнай і пакутлівай смерці, каб  разарваць цемру і паказаць святло.  Нешта ўзарвалася ў Лявонавай галаве. Нельга так рабіць з ІМ, людзі могуць і павінны зразумець Ісціну без такіх страшэнных, жахлівых з’яў, бо яны маюць вялікую сілу – мову і розум. І ён рашуча спыніўся. У яго ўтыкнуўся наступны, за ім яшчэ адзін, пасля яшчэ, хутка спыніліся ўсе, у тым ліку і тыя, хто ішоў наперадзе. У непаразуменні ўсе глядзелі адзін на аднаго: што здарылася, чаму спыніліся? Каты і стражнікі захваляваліся: як так, парушаецца парадак. І яны, выцягваючы шыі, сталі ўзірацца ў натоўп: хто асмеліўся спыніць працэсію? Гарачая хваля ўзнялася ў Лявонавых грудзях: не, не ўсё яшчэ згублена, ёсць надзея, што ён не адзін.
    - Стойце, спыніцеся! Што ж мы робім – хочам забіць Збаўцу! Мы людзі 
і павінны выратаваць яго! – закрычаў ён.
    Натоўп завагаўся, нейкі рух хваляю прайшоўся па шэрых запыленых ценях,  і, здавалася, вось-вось, яшчэ крышку – і манекены расплюшчаць вочы, стануць людзьмі. Але праз іх шэрагі ужо прарваўся тоўсты ўзмакрэлы стражнік з азвярэлым  выразам твару  і, цяжка сапучы,  выцяў парушальніка спакою плашмя мячом па галаве. Свет разарваўся на тысячы дробных асколкаў і паглынуў Лявона…
    Ён прыйшоў да свядомасці ад таго, што нешта балюча кусала яго. Расплюшчыўшы вочы,  перавярнуўся на спіну і сеў. Аказваецца, Лявон  ляжаў побач з невялікім мурашнікам і злыя чырвоныя мурашы паспелі добра пакусаць яго за жывот. Вечарэла, сонца хавалася за гарызонт, на траве павіслі доўгія цені ад высозных таполяў, промні заходзячага сонца застылі ў ціхай утульнай азярынцы. Дзе ж ён знаходзіцца? Што з ім было на самай справе? Дзе ж усе астатнія, што з імі? Пытанні, на якія ў яго няма і, хутчэй за ўсё, не будзе адказаў.
    Уздыхнуўшы, Лявон падняўся і агледзеўся. Ён  стаяў на ўзбочыне, на скрыжаванні дзвюх дарог.  І куды яны вялі – невядома. Але трэба ісці, некуды вяртацца. Так ці інакш трэба выбіраць сваю дарогу, бо чалавек павінен зрабіць выбар.  Заўсёды.

МУРЗІКАВА ДАРОГА
-1-
    Вечарэла. Вецер паспакайнеў,  і вакол прыкметна  пацішэла. Прыціхлі галасістыя птушкі, скончыўся глухі пошум лесу, перасталі калыхацца калючыя кусты ядлоўцу і нават бойкая сарока, што нядаўна круцілася і трашчала, як недарэзаная, недзе знікла. Ад сцішанасці яму адразу зрабілася  спакайней і ўтульней, неяк адразу апалі  сум і трывога, што валодалі ім у апошнія дні. Тут ніхто не пагоніць і не патрывожыць, а зверу ён не баіцца, хутчэй наадварот.  Ноч не спяшалася на зямлю, вечар неяк нэндзіўся і паціху, спакваля, укрываў вершаліны сосен і бяроз. Нізкае барвовае  сонца  ўквеціла чырванню вяршыню тоўстай разгалістай асіны,  і яе верх нечым нагадваў  той  кавалак мяса, які  неяк даўно ён сцягнуў з надворку   Маразюка. Маразюк – дужы, шыракаплечы мужчына,  які займаў пасаду загадчыка фермы – прыцягнуў з  кароўніку  разабраную тушу забітага цяляці, якое, хутчэй за ўсё,  спісаў на падзёж. Пакуль  загадчык  нечага хадзіў  у хату, ён  пралез пад зламанай штакецінай  у  плоце і забег у хлеў, які гаспадар пакінуў адчыненым.   Схаваўшыся  потым за  старою канюшняю,    добра паласаваўся смачнай і пахучай ялавічынай. Ніхто нават і не даведаўся, што гэта быў ён.  А Маразюк  з-за гэтага мяса  пасварыўся з суседам, справа ледзьве не дайшла да бойкі,  бо ў таго таксама быў сабака і надта пранырлівы,  але неяк  усё  скончылася мірам. Відаць, загадчык  пабаяўся, што на  яго могуць данесці і не стаў лезці на ражон. Так, даўно здарылася тое, а сёння, мабыць,  прыйдзецца начаваць галодным   вось тут, у лесе,  пад надакучлівы камарыны піск.
    Стомлены, ён ляжаў пад кустом  заплюшчыўшы вочы.  Да таго ж,  балюча торгала заднюю лапу ў тым месцы, дзе  нехта дапяў да яго з той   зграі, што напала   ў  канцы шэрай і пыльнай вёскі. Ён, канешне, мог бы мінуць вёску. Ды яму падалося, што там нічога  не пагражае, бо не адчувалася ніякай небяспекі. Яна  выглядала пакінутай,  на вуліцы  нікога не было. І недзе  якраз пасярэдзіне выскачыла зграя. Важак – высокі перахляблены сабака невядомай пароды – адразу гыркнуў на яго:
    - Чужы? Чаго ты швэндаешся па нашай тэрыторыі? Правучыць яго!
    Нічога не заставалася, як ратавацца ўцёкамі – цэлую зграю ніяк не адолець. Але нехта ўсё ж паспеў даляцець да яго. А мінуць вёску  не мог,  ён чуў пах, які зваў яго  менавіта туды, наперад, праз яе. Згубіць пах нельга, бо можна згубіць і след.  Ён  ужо  губляў дарогу,  даводзілася варочацца, шукаць яе, што вельмі няпроста,  бо па дарогах скрозь носяцца вялізныя  зялёныя машыны, падымаючы клубы густога шэрага пылу пылу, з’явілася шмат  нейкіх  новых людзей. Іншы раз ён хаваецца ад іх – невядома што яны нясуць з сабою.  Колькі яму яшчэ ісці? Калі знойдзе сваіх гаспадароў, з якімі так няблага жылося з імі  ў той вёсцы? А цяпер?  Засталіся толькі ўспаміны…
    Самыя раннія ўспаміны  – самыя прыемныя. Ён памятае цёплае матчына ўлонне, тугія пахучыя саскі з якіх смактаў найсмачнейшае ў свеце малако, салодкае задавальненне ад  першых пяшчотных дотыкаў, калі маці вылізвала яго  вільготным шурпатым языком.  Тады з ім штурхаліся яшчэ дзве сястрычкі і брат. Насмактаўшыся ўволю малака яны прымошчваліся каля цёплага матчынага жывата і  спалі. А потым, прачнуўшыся, елі, гулялі і свавольнічалі. Хутка гэтае бесклапотнае жыццё скончылася. Як толькі шчанюкі  навучыліся  самастойна есці і сталі  бегаць па двары, яго адабралі ад маці. А ён спачатку і не зразумеў, што ўжо больш ніколі не ўбачыць  ні яе, ні сястрычак і брата. У той дзень, як звычайна,  яны гуляліся  адзін з адным. У двор, разам з гаспадаром,  зайшоў  яшчэ даволі малады мужчына,  прысеў на кукішкі і паманіў:
    - Цю-цю-цю.
    Ён насцярожыўся: незнаёмы чалавек падаўся яму варожым і  таму,  завурчаўшы, паспрабаваў забрахаць на яго. Атрымалася, мабыць, вельмі няўмела і пацешна, бо мужчына засмяяўся:
    - Ах ты, падшыванец, ужо і голас падаеш. Малайчына. Так і быць,
    Пятро, бяру вось гэтага.
    - Бяры, Васіль.
    Гаспадар наблізіўся да  яго, падхапіў  і аддаў  Васілю. Той  прылашчыў шчанюка і пасадзіў за крысо пінжака. Праз нейкі час малы сядзеў у незнаёмым двары, а каля Васіля стаяла двое дзяцей: хлопчык і дзяўчынка. Яны з цікавасцю разглядалі шчанюка:
    - Тата, ён такі харошанькі, такі прыгожанькі! - шчабятала дзяўчынка.
    - А як мы яго назавём? - спытаў хлопчык.
    - Вось давайце і прыдумайце. Што скажаш Наста? - засмяяўся Васіль.
    - Тата, глядзі – ён сам белы ў чорных плямах. І на твары плямы, быццам
ён замурзаўся. Давай назавём яго Мурзікам?
    - Няхай будзе Мурзік.
    Так ён атрымаў сваё імя. Потым Наста прынесла яму малака ў сподку, але Мурзіку аднаму  было страшна і холадна. Ён дрыжаў, ціха скуголіў і не піў малака. Наста ўзяла яго на рукі, стала супакойваць:
    - Ціха, Мурзічак, не бойся, мы цябе не пакрыўдзім.
    - Не бяры яго на рукі, - запярэчыў хлопчык, - інакш ён будзе баязлівым.
    - Не камандуй, Паўлік. Бачыш – ён  яшчэ маленькі.
    Мурзік, сагрэўшыся, перастаў дрыжаць. На ноч яго пакінулі ў сенцах. Там ён успомніў пяшчотныя матчыны дотыкі, утульную цёплую буду і зноў стаў скуголіць. З хаты выйшаў Васіль:
    - Чаго ты енчыш? Што, цяжка аднаму? Нічога, прывыкнеш. Сядзі ціха, хай людзі адпачываюць.  Зразумеў?
    Ён захутаў Мурзіка ў лахманы і пайшоў. Малы яшчэ нейкі час  паскуголіў, а потым, сагрэўшыся, непрыкметна заснуў.
    Так пачалося яго жыццё ў сям’і  Краўцэвічаў. Ён хутка прывыкнуў да ўсяго, палюбіў добрага і спагадлівага Васіля, яго працавітую жонку Люду, ласкавую Настачку і не па гадах сур’ёзнага Паўліка. Кармілі Мурзіка добра, гаспадар зрабіў яму ладную прасторную   буду, а па надворку, на першым годзе, ён бегаў вольна. Праўда,  спачатку  гаспадарскі кот Цімка спрабаваў яго зачапіць, але малы не даў сябе ў крыўду. Ён забрахаў і смела кінуўся на ката. Той фыркнуў, выгнуў спіну дугою і скочыў на лаву. Пасля гэтага  больш  не чапляўся да Мурзіка, а потым паміж імі і ўвогуле ўсталяваліся сяброўскія адносіны. Мурзік паціху гадаваўся  і да году  вырас  у дужага, прыгожага і разумнага сабаку. Прынамсі, так на яго казалі ўсе, хто наведваў Краўцэвічаў.
-2-
   
    Калі мінуў трэці год яго жыцця ў Краўцэвічаў, Мурзік добра асвойтаўся з вёскай і збольшага ведаў наваколле. Іншы раз яго бралі пасвіць каровы, калі-нікалі бегаў з дзецьмі  ў лес па грыбы. Размераная і спакойная плынь яго жыцця парушылася гэтаю вясною. Канец красавіка выдаўся гарачым, ці, нават, і спякотным.  Сонца прыгрэла, як летам, людзі параспраналіся, паскідалі світкі,  ва ўсю заварушыліся на агародах. Яблыні адгукнуліся на цяпло белым і ружовым цветам, мігам  пайшла ў рост крапіва пад плотам, усюды – ў траве і агародзе – павытыркаліся далікатнай зеленню неўміручыя дзьмухаўцы,   а куры з ахвотаю купаліся ў пяску. З  Мурзіка аблазіла старая поўсць,  і гарачыня  з-за гэтага даймала яшчэ больш. Тою ноччу ён спаў каля будкі – зямля прыемна халодзіла і не так дакучалі блохі. Ён ужо добра прыдрамаў, калі  недзе апоўначы  ўдалечыні, за вёскаю,  пачуўся  страшэнны грукат і гул. Потым у цёмным начным небе мільганулі барвовыя водсветы, а на паўнеба палыхнула полымем. На шум адгукнуліся ўсе сабакі ў вёсцы, падняўшы вэрхал. Мурзік ужо ведаў, што такое навальніца. Але гэта зусім не было падобна на яе.  У суседзяў, Сцепанчукоў, запалілася святло ў двары. Праз нейкі час з хаты выглянуў і ўстрывожаны  Васіль, нейкі час паўглядаўся ў неба і паціснуў плячыма. Мурзік падыйшоў да гаспадара і вінавата зазірнуў у вочы,  быццам ён быў вінаваты ў гэтай грымоце і ў тым, што яго прабудзілі.  Васіль прылашчыў яго:
    - Што, Мурзік, і  табе не спіцца? Што ж там  нарабілася? Не ведаеш?
    На нейкую хвіліну ён змоўк, углядаючыся ў далёкае зарава, уздыхнуў і зноў прамовіў, як бы сам сабе:
    - Што за халера?
    Гаспадар пайшоў спаць, а сабака  яшчэ доўга ўслухоўваўся ў парушанную начную цішыню. Трывога павісла ў паветры, а цішыня перастала быць добрай, злавесныя цені невядомай бяды залуналі над вёскаю.
    Назаўтра Васіль, як заўсёды, пайшоў на машынны двор – ён працаваў механізатарам. А ўжо вечарам Мурзік чуў, як ён перагаворваўся з суседам, Міколай Сцепанчуком:
    - Кажуць – на атамнай станцыі рванула. Не чуў?
    - Як не чуў?! Мне наш ветэрынар расказваў, што дазваніўся да стрыечнага брата, той жыве ў Прыпяці. Казаў, што тушаць рэктар з верталётаў і патушыць не могуць. Людзі  там быццам бы пагінулі. А яшчэ кажа, што дабром усё гэта не кончыцца – з рэактара нейкая радыяцыя прэ. Страшная зараза.
    - От, што робіцца. У нас не лепш, чым на той станцыі. Я надоечы поле абрабляў. Дык пылу наглытаўся так, што дасюль не магу адкашляцца, яшчэ ўсё горла дзярэ. А што з той радыяцый, што без яе – нам усё роўна рабіць.  Вось што далей будзе?
    - Каб жа я ведаў.
    Мурзік не разумеў пра якую станцыю і рэактар ідзе размова, але адчуў, што адбылося нешта нядобрае. Бо Васіль, калі даваў яму паесці, быў нечым заклапочаны і невясёлы.  Пышна расквітнелі сады,  пах бела-ружаватых   яблынь тлуміў галаву.  Весела пераклікаліся на  ліпе шпакі, свісталі ў зарасніках бэзу салаўі, клекаталі на воданапорнай вежы буслы. Толькі ўсё гэта чамусьці не радавала вока і слых. Мурзік адчуваў, што над  вёскаю навісла насцярожанасць і чаканне нечага невядомага, што хутка прыйдзе сюды. Ён не спаў, а калі засынаў, то ўстрывожана ўздрыгваў ад любога гуку.
    А праз некалькі дзён  паплылі трывожныя слухі аб тым, што радыяцыя накрыла вёску і што усіх, магчыма, будуць вывозіць у бяспечную зону. Мікола зноў паведаміў Васілю, што з Прыпяці вывезлі  людзей аўтобусамі, не далі  забраць нават пажыткі. Васіль пацямнеў з твару і ўсё больш кашляў, дзеці прыціхлі,  нават Паўлік менш выходзіў гуляць. Па вясковых вуліцах стала ездзіць  шмат грузавой тэхнікі. Каля Краўцэвічавай студні аднойчы спынілася такая ж машына, з яе павылазілі запыленыя людзі ў зялёным адзенні. Мурзік  палічыў, што гэта яны прынеслі ўсю бяду і ад іх сыходзіць нябяспека. І ён  так з’едліва накінуўся на незнаёмцаў, што тыя  міжволі адступіліся. На яго брэх выглянула Наста.
    - Дзяўчынка, прышпілі, калі ласка, свайго ваўкадава, дай нам вады набраць, - папрасіў адзін з прыезджых.
    - Не бойцеся, Мурзік добры, ён вас не зачэпіць, - адказала дзяўчынка.
    Але паслухала і ўзяла сабаку за ашыйнік. Мужчыны абмыліся з вядра, напіліся і набралі з сабою вады. А Мурзік  неўзлюбіў усіх, хто насіў такое ж вайсковае  адзенне,  канчаткова вырашыўшы, што  гэта яны   разбурылі такое добрае, спакойнае і звыклае, жыццё.
    Прайшоў нейкі час. Вёска жыла, як на іголках. Розныя слухі  палохалі людзей. Днём  па вёсцы часта  ездзіла незнаёмая тэхніка, а па начах, нібы  ад прадчування бяды,  падвывалі сабакі. Цёплым пагодлівым надвячоркам усіх вяскоўцаў пазвалі на сход. Мурзік    учапіўся за Васілём,  радасна пабег за ім, то адстаючы, то даганяючы гаспадара. Іншы раз  спыняўся каля слупа, паднімаў нагу і пакідаў  на сваёй тэрыторыі  паведамленне для іншага сабакі. Як заўсёды, калі  бег па гэтай  вуліцы, Мурзік не ўпусціў момант, каб падражніць Барса – сабаку  старшыні калгаса Ёсіпава. З  Барсам, якога  амаль ніколі не адвязвалі з ланцуга і з-за таго ён зайдросціў  іншым  сабакам, што  тыя маглі вольна бегаць па вуліцы,  у іх было ўзаемнае  непрыязнае пачуццё. Мурзік, калі прабягаў міма старшынёвага надворка, заўсёды спыняўся менавіта насупраць Барса, крыху скуголіў, каб прыцягнуць увагу апошняга і старанна паднімаў нагу. Старшынёў улюбёнец ад такога нахабства заходзіўся шалёным брэхам, а задаволены Мурзік бег далей. Сёння ён паўтарыў малюнак да дробязей і кінуўся даганяць Васіля. Каля праўлення сабралася ледзьве не ўся вёска, прыйшлі і старыя, і дзетвара.  Усе чакалі пачатку сходу і чамусьці перагаворваліся ціха, нібыта ў хаце з нябожчыкам. Гнятлівую цішыню парушалі толькі кароткія мужчынскія размовы ды спалоханы жаночы шэпт.  Наперадзе стаяў дзед Ігнась – высахлы, худы, як жэрдка і трос сівай нястрыжанай галавой:
    - Як гэта пайсці? Куды? Няма такога закону.
    - Дзед, ты адстаў ад жыцця, - нешта даказваў яму Мікола Сцепанчук, - за нас ужо ўсё вырашылі. Дваццаць чатыры гадзіны на зборы – і ўсё.
   - А я нікуды не пайду, - упарціўся дзед Ігнась.
 Мур   зік не разумеў, хто і куды збіраецца: навошта, калі і тут добра? Што людзі ўдумалі? Праз нейкі час з будынка праўлення выйшаў старшыня калгаса Ёсіпаў,  старшыня сельвыканкама Гняздзілін, калгаснае кіраўніцтва і яшчэ нейкі незнаёмы  чалавек. Ёсіпаў выглядаў  крыху разгубленым, яго вочы бегалі па натоўпу, як быццам  некага шукаючы ў натоўпе. Пасля зацягнутага адкашлівання, ён выступіў наперад:
    - Паважаныя таварышы калгаснікі! Усе вы ведаеце, што здарылася бяда – узарваўся рэактар на атамнай станцыі і адбылося радыёактыўнае забруджванне тэрыторыі пэўнай колькасці населеных пунктаў. Але камуністычная партыя не кінула нас у бядзе. Савецкім і партыйным кіраўніцтвам прынята рашэнне аб адсяленні тых вёсак, якія знаходзяцца на нябяспечнай тэрыторыі. Такім чынам, мы таксама трапілі ў гэты спіс.
    Нейкі час панавала маўчанне, быццам вяскоўцы не паверылі старшыні. Потым цішыня ўзарвалася:
    - Як гэта вырашылі?
    - Маня, ты чула – ехаць невядома куды?
    - Дык мы ж бульбу, агароды пасадзілі, людцы!
    - Ёсіпаў замахаў рукамі і стаў спрабаваць перакрычаць людзей:
    - Таварышы, таварышы, ціха! Зараз выступіць прадстаўнік райкама партыі, ён усё патлумачыць. Таварышы калгаснікі, захоўвайце парадак.
    Натоўп паступова ўціхамірыўся. Прадстаўнік райкама – невысокі мажны мужчына з лысінай на ўсю галаву – выступіў больш рашуча:Таварышы! Усё робіцца дзеля вашай бяспекі. Радыцыя  - яна нябачная, але пагроза ад яе рэальная.  Падстаў для хвалявання няма. Вас адселяць на чыстую тэрыторыю, дзе пабудуюць  новыя хаты. Дзяржава кампенсуе увесь урон  і выдзеліць грошы для набыцця новай маёмасці і жывёлы. Усю жывёлу прыйдзецца здаць на мяса.
    Натоўп зноў загудзеў, захваляваўся. Некаторыя жанчыны загаласілі, запрычыталі, некаторыя  звыкла зашморгалі носам. Дзед Ігнась, выскачыў наперад і ўзняў спрацаваныя мазолістыя рукі:
    - Я, калі з фронту вярнуўся,  вось гэтымі рукамі будаваў хату, хлеў, гумно. Колькі сіл пакладзена на сад, агарод. А ты кажаш усё пакінуць. Каму? Чорту лысаму? Хоць страляйце – не паеду.
    І зноў віхура закруціла людзей. Прадстаўнік райкама, відаць па ўсяму, быў стрэляны верабей і правёў не адзін такі сход. Ён спакойна чакаў, калі ўсе адкрычацца, выкажуць свае думкі і эмоцыі згаснуць. Так яно і адбылося. Паступова крыкі сціхлі, людзі паспакайнелі і зноў іх позіркі скіраваліся на кіраўніцтва. Райкамавец  зноў, але больш мякка і настойліва патлумачыў:
    - Ваша вёска не першая і не апошняя, абжывецеся на новым месцы  і прывыкнеце. Працай усіх забяспечым, дзеці будуць хадзіць у школу. У некаторых, дарэчы,  я бачыў тут зусім старыя хаты з гнілым дахам. А там атрымаеце новыя, крытыя шыферам. Усё будзе добра, таварышы. Савецкая ўлада прымае належныя меры.
    Людзі яшчэ некалькі разоў паднімаліся, але паступова запал прайшоў. Мужчыны зацята курылі, некаторыя жанчыны ражком хусткі выціралі слёзы. Вяскоўцы не маглі ўявіць, што прыйдзецца пакінуць вякамі абжыты кут і амаль добраахвотна паехаць на голае месца, хай сабе і з абяцаным жыллём. Ды яшчэ пакінуць усю нажытую маёмасць. Станавілася страшна і крыўдна ад бездапаможнасці. Мурзік  мала што  зразумеў з гэтых размоў, але  ўсёй сваёй істотай адчуў  людскі страх і разгубленасць. Ён ціха заскуголіў, прыціснуўся да гаспадара і лізнуў яму руку. Васіль моўчкі курыў, думаў аб сваім, не звяртаючы на яго ўвагі.
    А потым прыйшоў той, самы  жахлівы для Мурзіка  дзень, калі  ён застаўся адзін. У той дзень вёску сталі адсяляць і за людзьмі прыехалі аўтобусы. У хатах і на вуліцах падняўся страшэнны перапалох і гармідар.  Жанчыны галасілі, кідаліся з клункамі у аўтобус, цягнулі ўсё, што маглі.  Яны не хацелі разумець, што трэба пакінуць той даўнішні матчын пасаг, прыхаваныя ручнікі і сукенкі, коўдры і просціны. У старых бабуль было не адарваць клункаў з адзеннем, падрыхтаваным на смерць. Жанчын не пускалі ў аўтобус з увязаннымі дзяружкамі, ад чаго пачынаўся несусветны гармідар і крык. Бабы плакалі каля  пустых хлявоў, бо жывёлу вывезлі раней. Мужчыны разгублена хадзілі па надворку, не ведаючы за што брацца, дзеці ўстрывожана пераглядаліся на вуліцы. Засталіся толькі каты і сабакі, але і  іх не надта  дазвалялі браць у аўтобус. Між іншым,  тыя і самі лічылі за лепшае на нейкі час схавацца і перачакаць гэты шум, бо вясковая жывёла баіцца шуму і далёка не кожны кот ды сабака палезе ў машыну. Мурзік таксама  спачатку  спужаўся  таго гвалту, што рэзаў вуха і схаваўся ў будку. Спахмурнелы і ўчарнелы Васіль гнаў сплаканую Люду і дзяцей  у аўтобус.   
    - Мы без Мурзіка не паедзем, - Наста нахмурыла бровы.
    - Не паедзем, - патрымаў яе Паўлік.
    - Вам  жа сказалі –  не дазваляюць браць. Чаго вы ад мяне хочаце? - крыкнуў Васіль. - Хай пакуль застаецца на месцы, а пасля я пастараюся вярнуцца і забраць яго. Папрашу ў Міколы матацыкл і прыеду.
    - Ага, пакуль  ты прыедзеш, Мурзік можа з голаду памерці. А мы схаваем яго у аўтобусе.
    - Як? Як вы яго схаваеце? - раззлавана выгукнуў гаспадар.
    - Схаваем, - упарта паўтарыла Наста.
    Васіль махнуў рукою: рабіце, што хочаце. Паўлік паклікаў Мурзіка, той неахвотна вылез з буды. Спачатку  сабака  пайшоў за ім. Але каля аўтобусаў рабілася такое, чаго ён яшчэ ніколі не бачыў: крык, шум, слёзы і мітусня. За  сваё нядоўгае жыццё яму яшчэ не даводзілася чуць у вёсцы такога ляманту. Спалоханы Мурзік кінуўся наўцёкі. Толькі ён не пабег у сваю буду, а хуценька звярнуў на суседнюю вуліцу і зашыўся ў напаўразбураным будынку старой канюшні. Ён не ведаў, што  Наста з Паўлікам вярнуліся за ім дахаты, але так і не знайшлі.  Мурзік жа спадзяваўся, што ўся гэта навала хутка скончыцца, бо  гаспадары,  напэўна,  усяго ад’язджаюць на нейкі час. А потым   зноў усё будзе, як і было.  Як толькі ў вёсцы сціхла і асеў пыл ад машын,  ён вярнуўся на свой  надворак, залез у буду і стаў чакаць.

-3-
    Праз некалькі гадзін  на вясковых вуліцах так пацішэла, што Мурзік чуў, як шашаль точыць старую дзеравіну ў хляве. Толькі  на ўскраіне, дзе вуліца выходзіла на шашу,  прагучала некалькі стрэлаў. Мурзік насцярожыўся: хто б гэта мог быць? Ён вылез з буды і выбег праз адчыненыя веснічкі на вуліцу. Там, як вымерла: скрозь, да самага павароту на майстэрні, не было відаць ніводнай жывой душы. Ён няспешна прабегся да хаты старшыні калгаса: Барсава буда апусцела. Ёсіпаў забраў таго з сабою. Да Мурзіка падбег маленькі  калматы Жучок – сабака Паўлюка Макуцкага. Жучок таксама  спалоханы і не ведаў куды падзецца. Ён прыйшоў за парадай да Мурзіка, а што яму параіць, калі  самому моташна. Пастаяўшы крыху з Жучком, ён вярнуўся  дахаты.
    Дзень хіліўся да вечара. У гэтую часіну звычайна прыганялі з пашы статак. Сёння ж пустую і доўгую вуліцу ніхто не трывожыў. Доўгія цені ад дзвух старых клёнаў, што  густой зялёнай купай высіліся насупраць, праз дарогу,  падалі   аж на Краўцэвічаву  хату. Трава павільгатнела, а ў нізінцы, за хлявом, маленечкаю хмаркаю павісла  дробная машкара. Над дзвярамі у хляве, дзе зусім нядаўна рыкала Чарнуха, вылез маленькі шэры  павучок і стаў плесці сваю сетку. Мабыць, ён ужо адчуў тут  сябе гаспадаром, калі так вольна стаў  паводзіць сябе. На светла-зялёнай  ігрушы, што расла ў суседнім Міколавым надворку, весела пасвіствалі шпакі. А недзе праз вуліцу даносілася доўгае і жаласлівае  кацінае мяўканне: кінутая котка звала сваіх гаспадароў. Мурзік ціха ляжаў і думаў, што рабіць далей. Хутчэй за ўсё яшчэ некалькі дзён  пачакае сваіх гаспадароў. А калі ж яны так і не вернуцца, пабяжыць іх шукаць. Без іх ён не зможа.
    Ноч прайшла спакойна. Як толькі ўзыйшло сонца, ён  вылез з  буды,  старанна пацягнуўся, пачухаў за вухам і сеў. Жывот падціснуўся і есці хацелася ўсё  мацней. Пацягнуўшы носам паветра,  заглянуў у сенцы. Там застаўся непрыбраным чыгун з мешанкай для свінней, якая добра ўжо ўкарэла, але яшчэ не мела дрэннага паху. Яно, канешне, зусім не тое, чым  прывык харчавацца – ён заўсёды грэбаваў свінячым кормам –  але надта ж хочацца есці. Падсілкаваўшыся,  выйшаў на вуліцу. Цёплае яснае сонейка прыгрэла росную мураву каля ганку і над ёю закурэўся пар. Мурзік лёг на траву і стаў чакаць. Глядзіш, раптам  пачуюцца знаёмыя галасы і ў двор увойдзе Васіль з Людаю, убяжыць Наста, а за ёю Паўлік. Сонца падымалася ўсё вышэй, але ніхто не ішоў. Стала горача і тады  перабраўся пад дрывотню. Потым захацелася піць і ён вяла патрусіў да бліжэйшага вадаёма – неглыбокай балоцістай  сажалкі каля старой канюшні. Цягнуўся праз вёску і не мог паверыць, што яна пакінутая назаўсёды, што сюды больш ніхто і ніколі не вернецца. Як жа можна пакінуць такую прыгажосць, такое ўсё, да болю знаёмае? Вось школьны пляц, дзе ён не раз  чакаў Паўліка, калі той гойсаў з сябрамі ў футбол.  Вось стары раскідзісты явар, пад якім ён першы раз счапіўся з вопытным і дужым Рэксам. Чорная прыгажуня Смолка сабрала тады каля сябе ці не палову вясковых  сабак. І ён быў у тым ліку.  Рэкс нікому не збіраўся ўступаць сваё месца і ўсе прытулілі свае хвасты, ведаючы яго круты нораў і вострыя іклы. Але Мурзік вырашыў не саступаць. Па-першае,  не хацеў быць баязліўцам, як усе астатнія, па-другое, Смолка так спакусліва-юрліва паглядвала ў яго бок,  што  ўстрымацца было нельга.  І калі ён стаў круціцца каля Смолкі, а тая адказала  ўзаемнасцю.
    - Прэч, падшыванец! - узарваўся Рэкс. - Я парву цябе на дробныя кавалкі. Бяжы адсюль, пакуль я яшчэ добры.
    - І не падумаю, - адказаў Мурзік.
    Ён ужо крыху ведаў слабыя месцы саперніка: зраненае правае вуха і  незагоеную рану на баку. Таму, калі раз’ятраны Рэкс  кінуўся на яго, Мурзік смела ўступіў у бойку. Зграя расступілася. Праз імгненне па зямлі качаўся клубок з двух распаленых нянавісцю  сабак.  Рэкс, як стары і вопытны баец, адразу ж спрабаваў схапіць яго за горла, але ён не даўся. Затое  злаўчыўся і шматануў саперніку зраненае вуха. Той узвыў ад болю, але ў адказ  нічога не здолеў зрабіць – адно   вырваў  жмут поўсці. Перавага, як быццам, была на яго баку ды  Мурзік  умела разлічыў свае сілы і добра  абараняўся. Яму хапіла некалькіх хвілін, каб зваліць саперніка. Праз нейкі час скрываўлены Рэкс быў вымушаны адступіцца, зграя прызнала новага важака, а Смолка аддала яму сваё каханне.
    Наталіўшы смагу,  вярнуўся дахаты, але там, як і раней, нікога не было. Тым часам, голад усё больш даваў знаць аб сабе. У жываце смактала і сціскала кішкі, а рот напаўняўся слінаю. І ён пайшоў шукаць хоць нейкую спажыву. Апусцелыя, як вымерлыя, вуліцы не давалі ніякай надзеі, што нехта з’явіцца тут,  каб кінуць хоць  кавалак  хлеба пакінутаму сабаку. Ён нетаропка прабегся да сярэдзіны вёскі. Як і чакаў - нікога і нічога. Тады вырашыў звярнуць на ўскраіну, за агароды. Там засталася леташняя сцірта саломы і можна будзе паспрабаваць папаляваць на мышэй. Некалі ён займаўся паляваннем на  вёрткіх палёвак. Гэта было тады, як Васіль першы раз узяў з сабою пасвіць каровы. Мурзік  -  яшчэ дурнаваты  і  нявопытны шчанюк – паддаўся на ўгаворы больш старэйшага Матроса. Таго ўзяў з сабою пасвіць статак калгасны пастух Стрыкевіч. Матрос абнюхаў дзве норкі палёвак і прапанаваў Мурзіку адкапаць мышэй: ты, маўляў, капай, а я пасачу, каб не збеглі.  Потым падзелімся па-брацку. Пакуль Мурзік старанна гробся ў зямлі, завадатар стаіўся каля другога, запаснога,  выхаду. Палёўкі кінуліся наўцёкі  якраз туды, дзе стаяў Матрос. Мурзік зразумеў, што яго абдурылі толькі тады, калі пачуў, як хрумсцяць косці ў зубах Стрыкевічавага сабакі. Пасля гэтага ён сам стаў разумець, што і як рабіць, каб мышы папаліся ў пастку.
    Ён спыніўся, панюхаў паветра і прыслухаўся. Каля сцірты, у некалькіх метрах ад яго, пачуўся  піск. Ён навастрыў вушы і стаіўся. Са сцірты, да норкі, пабегла мыш. Адным скачком Мурзік накрыў яе, прыціснуў лапаю, а потым вокамгненна схапіў у зубы – нават піскнуць не паспела. Уважліва абнюхаўшы траву ён знашоў мышыную нару і запасны выхад. Праз некалькі хвілін  дамогся свайго – яшчэ тры мышы сталі ягонай спажывай. Калі вярнуўся дахаты, было недзе крыху за поўдзень.  Адзінота стаміла яго і ён схаваўся ў буду, быццам хацеў схавацца ад суму і непаразумення.  Разважаў ды так і не мог даразумецца – навошта людзі пакінулі свае абжытыя хаты і гаспадарку, куды падаліся, пакінуўшы ўсё? Няма ж ніякай небяспекі. Ён, канешне, не так і шмат часу пражыў, мажліва, яшчэ не  ўсё разумее ў людзях і ў іх паводзінах. А іх  Мурзік падзяліў на  тры катэгорыі. Першая -  добрыя,  тыя, хто любіць сабак – кшалту Насты; другая – якая  не любіць іх і ўвогуле  любую жывёлу  ды трэцяя кэгорыя, абыякавая да ўсяго.  З першай усё проста – іх не трэба баяцца. Такія нават пачастуюць яшчэ нечым альбо хоць прылашчаць.  Другая катэгорыя  вельмі небяспечная, ад іх чакай кухталя,  выспятка ці камяня  спадцішка.  А трэція – так сабе, яны не лаюццца, не чапаюць,  але і добрага не чакай. Сваіх, вясковых, Мурзік добра вывучыў і ведае, хто і на што здатны. Вось сусед Мікола – добры чалавек. Свайго сабакі не мае і заўсёды падкіне   костку, іншы раз прылашчыць. Затое Міколава жонка, Анюта,  не любіць ні сабак, ні катоў, можа  шпурнуць грудай зямлі ці зрабіць што горай. Так было летась, калі яна абліла варам нечыю котку. Тая сядзела ў гародчыку і цікавала за курыцаю з куранятамі. А Анюта падкралася і лінула на яе кіпнем. Бедная жывёліна енчыла на ўсю вуліцу. Потым недзе знікла ўвогуле, мабыць не выжыла. Мурзік ведае пра гэта і  ветліва сустракае Міколу  на Краўцэвічавым надворку. А на Анюту кідаецца, і тая заўсёды ідзе з кіем да суседзяў,  ды яшчэ кліча каго-нібудзь каб патрымалі сабаку, калі ён адвязаны.  Яшчэ часта людзі п’юць нейкую непрыемную пякучую вадкасць і потым шумна спрачаюцца, спяваюць песні. Адзін з Васілёвых знаёмых неяк памачыў кавалак хлеба ў гэтую вадкасць і кінуў Мурзіку. Яму так апякло язык і забіла нос, што ён некалькі гадзін не адрозніваў ніякіх пахаў. Як яны глытаюць такую атруту? Што яны робяць, да чаго імкнуцца?  Не, пакуль яшчэ ён не ўсё зразумеў у людскіх паводзінах. Хоць, дзеля праўды, Краўцэвічы вельмі добрыя людзі. А як яго любяць Паўлік і, асабліва, Наста. Яна заўсёды клапацілася аб ім, каб ён быў накормлены, вычэсвала вясною старую поўсць, калі тая вылазіла. Тут яго ніхто і ніколі не ўдарыў. Аб лепшых гаспадарах не трэба і марыць. Але  чаму і куды яны зніклі? Мабыць, ім было нявыкрутка. Менавіта так.  Толькі без іх і яму нельга, ім нельга здрадзіць. А як жа ён адзін будзе жыць? Пра тое, каб знайсці новага гаспадара, ён нават і не думаў.  Праз колькі гадзін роздуму Мурзік канчаткова вырашыў:  пачакае яшчэ адзін дзень, не больш.

-4-
    Ён выйшаў на вуліцу, спыніўся і ўзняў пысу. Пах, амаль няўлоўны, пах самых дарагіх яму людзей, як бы яшчэ вісеў у паветры і вёў яго туды, управа па дарозе. Па той дарозе, што выводзіла на гасцінец. І яшчэ нешта, што круцілася ў  галаве,  падсказвала яму, што менавіта туды і трэба ісці, менавіта там будзе яго сям’я. Мурзік пабег. Спачатку спешна, як быццам там, за вёскаю,  яго ўжо чакалі, а потым перайшоў на лёгкую хаду. Гарачыня стала крыху спадаць. Уздоўж дарогі  ціха калыхалася  зелянцава-жаўтлявая збажына, цвіркалі птушачкі і нічога не нагадвала аб тым, што недзе можа быць  тая пагроза, з-за якой дюдзі пакінулі сваё жытло. Праз нейкі час  выбраўся на гасцінец. Тое нешта, што кіравала ім,  зноў павяло яго далей.  Не паспеў Мурзік пратрусіць і некалькіх кіламетраў, як яго стала даганяць цэлая калона вялізных машын. Добра, што ён якраз дабраўся да запыленага бруднага  ляска, дзе можна было прыхавацца. Калонна прасунулася міма, абдаўшы наваколле шумам, хваляй гарачага паветра і воблакам пылу. Калі ён прабегся яшчэ крыху, паказалася вёска. І тут, на вясковай вуліцы, ён згубіў дарогу. Пах гаспадароў, як бы знік, невядома куды. Ён разгублена закруціўся на месцы: што рабіць, куды бегчы далей? Мурзік вярнуўся назад,  узняў пысу, стаў нюхаць паветра. І тады зноў прыйшло тое невядомае пачуццё, што павяло яго наперад. За першыя суткі  без перашкод і прыгод мінуў некалькі вёсак. Адна была дык і надта вялікая. Але яе  паспяшыў пераадолець, як мага хутчэй –  ён баяўся шуму і тлуму, што панаваў на яе вуліцы. Мурзік спакайней адчуваў сябе сярод поля ці ў лесе. Тым часам голад усё больш напамінаў аб сабе, але ніхто з сустрэчных не звярнуў ніякай увагі на бадзялага сабаку.
    Яшчэ досвіткам ён вылез з кустоў і рушыў далей.  Другі дзень яго шляху абяцаў быць пагодлівым.  За рэдкім і зрудзелым сасоннікакам паказаліся шэрыя і недагледжаныя хаты нейкай вёсачкі. Вёска, як вымерла: ніводнага чалавечага гуку, ніводнага руху. Яму зрабілася страшна: што ж гэта робіцца на зямлі? Куды  ўсё жывое знікае? А мо і гаспадары зніклі гэтак жа, назаўсёды? Не, не можа быць, ён адчувае, што яны недзе наперадзе. І Мурзік рушыў далей. Вось якраз тады выляцела тая самая зграя, а  хтосьці  з сабак дапяў да яго. Мурзік  ледзьве не кульнуўся праз галаву, але паспеў агрызнуцца на даганяючага і той адстаў.  Цяпер засталася боль у лапе, як напамінак аб той сустрэчы. К зыходу дня  ён дабраўся да людской стаянкі. Каля дарогі стаяла некалькі вялізных шэра-зялёных брызентавых буданоў, каля іх прыткнулася з дзесятак ці болей машын. На стаянцы соўгаліся людзі, чуліся  галасы і воклічы. Гэта былі тыя самыя людзі ў зялёнай вопратцы, якіх ён лічыў небяспечнымі і  таму асцерагаўся набліжацца да іх. Але ж сёння устрымацца і пайсці далей было цяжка, амаль немагчыма  –  адтуль патыхнула ежай, такой смачнай, што ў яго закружылася галава. Мурзік  аблізнуўся і спыніўся. Канешне, ён мог бы заставацца  незаўважаным  і далей, але пах цягнуў да сябе, завабліваў: чаго ты думаеш, ідзі хутчэй да мяне. Магчыма, яны не такія і злыя і табе нешта перападзе.  Перабіраючы непаслухмянымі лапамі, якія больш не падпарадкоўваліся яму,  наблізіўся да людзей. Каля крайняй будыніны тупалі двое мужчын. Адзін з іх – сярэдняга росту з рыжымі пракуранымі вусамі – гукнуў суседа:
    - Глянь, Пятрусь, сабака прыбіўся.
    - Ды тут іх цяпер няведама колькі бадзяецца, - абыякава адазваўся Пятрусь – худы, невысокага росту са стомленым выразам твару. - Хай бы хоць перастралялі, каб не цягаліся.
    - Скажаш тожа, - незадаволена выказаўся першы. - Я, брат, шкадую іх: не ведаюць, бедныя, дзе прыткнуцца. У мяне дома сабака ёсць, але пародзісты, паляўнічы. Разумны, халера. Гэй, чаго стаў, ідзі сюды!
    Ён прысеў на кукішкі і паманіў:
    - Цюцька, ідзі, не бойся. На, бяры хлеб.
    Ага, такі Мурзік дурны, пойдзе зараз. Яшчэ  атрымае па рэбрах, чаго добрага. Але ж есці  так хочацца.
    - Баішся? Не бойся, на, еш.
    Вусаты мужчына  кінуў яму пад ногі кавалак хлеба. Сабака зрабіў асцярожны крок, панюхаў хлеб, узяў у зубы, і крыху адыйшоўшыся, стаў са смакам есці.
    - Разумны, не кідаецца на ежу, - ухвальна сказаў мужчына. - Дзе там нашы аб’едкі? Давай аддадзім, няхай есць.
    Ён павярнуўся да будыніны, нешта пашукаў, потым падыйшоў бліжэй да Мурзіка і паклаў ежу на зямлю:
    - Еш, хто ж цябе болей пакорміць. Бедалага.
    Мурзік ужо смялей наблізіўся і стаў есці  рэшткі вячэры спагадлівага чалавека. Падсілкаваўшыся, аблізнуўся,  удзячна зірнуў на мужчыну і падаўся на дарогу.
    Заначаваў  у кустах  побач з гасцінцам. З першымі промнямі сонца  устаў, пацягнуўся, пазяхнуў і выйшаў на дарогу. Было ціха, лес толькі прачынаўся. Дзе-нідзе ўжо чуваліся птушыныя галасы, лёгкімі бязважкімі палоскамі веселі парэшткі туману паміж высокіх гонкіх сосен. На кустах малінніку і  блішчала і пералівалася  ранішнімі кроплямі набрынялае за ноч павуцінне. Тоўсценькі шэры павучок прабегся з канца ў канец свайго дывана і схаваўся пад кару. Недзе абудзіўся дзяцел і парушыў ранішнюю цішыню. Мурзік  рушыў далей.
    Дзень абяцаў быць пагодлівым, а дарога, пакуль што, яшчэ не напоўнілася шумам і грукатам. Ён паціху бег  і думаў аб тым, як далёка паехалі Краўцэвічы. Можа і не надта, тады ён вельмі хутка трапіць да іх і на гэтым усе прыгоды скончацца. Інакш трэба будзе ўвесь час думаць, чым падсілкавацца, як выжыць сярод незнаёмых людзей, ды і ўвогуле дзе прыткнуцца, бо немагчыма  ўвесь час жыць у лесе. Як жа цяжка прывыкаць да  цяперашняга становішча. У хуткім часе, адразу за лесам, паказалася вёсачка –  невялікая, двароў на трыццаць. Калі ўжо  мінуў  палову хат,  сутрэў малога сівога дзядка, які пераліваў ваду са студні ў сваё вядро. Вуліца  была даволі вузкая. Мурзік спыніўся. Дзядок паставіў вядро і глянуў на яго:
    - Заблукаў, мабыць? Чый жа ты будзеш? У нашай вёсцы такіх сабак няма. Чаго стаў, ідзі да мяне, не бойся.
    Мурзік падазрона агледзеў старога: як быццам той яму нічым не пагражае, але падыйсці бліжэй не рашыўся. Прабегчы побач  крыху  боязна –  невядома,  што ў яго у галаве –  але магчыма. Толькі  можа стары хоча яго пачаставаць нечым? Было б вельмі добра. Мурзік  прысеў, гледзячы чалавеку ў вочы. Дзядок, тым часам, гукнуў у двор:
    - Малання! Чуеш ты ці не? Вынесі мне якую скварку, ды хутчэй!
    Праз хвіліну з-за веснічак паказалася  такая ж малая худзенькая бабулька ў квяцістай чорнай хустцы:
    - Чаго табе?
    - Скварку прыхапіла?
    - Што ты ўдумаў, стары? Навошта табе той сабака? Яшчэ ўкусіць – будзеш ведаць.
    - Маўчы. Глянь які – малады, дужы, а ў нас няма добрага сабакі. Давай скварку хутчэй. На, на, мой харошы, на, ідзі да мяне.
    Дзядок паклікаў яго скваркаю. Мурзік  пацягнуў носам. Ах, як прыемна пахне падсмажанае сала, якая спакуса! А вочы ў старога такія добрыя, голас такі спагадлівы. А што, калі падыйсці і ўзяць? Нічога ж не будзе. Ён толькі з’есць сала, крыху падсілкуецца – і ўсё. У старога ў руках, здаецца,  няма нічога,  акрамя сала. Мабыць,  добры чалавек, нечым нават падобны на дзеда Ігнася.  Мурзік асцярожна наблізіўся, стары паклаў кавалачак  каля сваіх ног і зрабіў крок назад. Калі  сабака  з’еў, дзядок працягнуў яму новы кавалачак, прапануючы з’есці з рукі. Мурзік асцярожна памкнуўся за салам. У гэты час стары спрытна схапіў яго за ашыйнік і пацягнуў да сябе. Мурзік рвануўся, але стары моцна трымаў яго. Потым спрытна і жвава – не сказаць, што і стары –   выхапіў з кішэні доўгую тонкую вяроўчыну, хуценька перакінуў яе праз ашыйнік і, на ўсялякі выпадак, адскочыў ад сабакі. А той ірвануўся, заскывытаў, але дзед моцна трымаў вяроўку.
    - Чаго ты, ціха, супакойся. Пасядзіш, абвыкнешся і будзеш жыць у мяне, - загаварыў ён лагодным голасам.  - Я буду цябе карміць, глядзець. Чаго табе бадзяцца? Ну, пайшлі у двор.
    Ён пацягнуў сабаку за сабой.  Малання ўважліва сачыла за ягонымі рухамі. Сабака ўпіраўся і скавытаў, але дзядок упарта валок яго. Да Мурзіка дайшло, што стары не збіраецца адпускаць  і яго ахапіла злосць. Не, так проста нельга ісці ў палон. Ён аскаліў іклы, загырчаў  і кінуўся на таго, хто хацеў стаць ягоным гаспадаром.
    - Вой, Ваня! - толькі і паспела  крыкнуць Малання, спешна  схаваўшыся за агароджай. Стары  таксама  паспеў  скочыць за веснічкі, але вяроўку  не  ўпусціў. Мурзік  стаў брахаць на яго.
    - Ціха ты, ціха, - паўшчуваў яго Іван, - дурны, чаго ты разыйшоўся?
    - Я ж табе казала, стары дурань, кінь ты гэтага сабаку. Дык не, так і хоча, каб яго пакусалі, - падала голас раззлаваная старая.
    Дзядок не адказаў ёй. Ён аказаўся не з палахлівых. Нацягнуўшы,  прывязаў  вяроўчыну да  веснічак і скоранька  пабег у хату. Рухавы стары прынёс з сабою ланцуг і дзяружку. Мурзік не супакойваўся, брахаў на дзеда, раз-пораз паказваючы  яму вострыя зубы. Іван выйшаў з-за веснічак  і,  калі Мурзік  памкнуўся да яго, ён накінуў на сабаку дзяружку.  Потым смела прасунуў руку пад яе і замацаваў ланцуг за ашыйнік. Пасля гэтага адкінуў дзяружку, падхапіў сабаку за ашыйнік і павалок у двор. Мурзік зразумеўшы, што перад ім вопытны і спраўны чалавек, з якім  у дадзены момант ніяк не паспрачаешся і  мусіў саступіць. Каб паказаць, што ён усё-роўна не здаецца, працягваў спрабаваць гырчаць і брахаць, хоць гэта было і няпроста: ланцуг цяжка сціскаў шыю.
    Праз нейкі час навязаны Мурзік ляжаў каля дрывотні і сумна назіраў, як па двары  паважна пахаджвае певень, цікуючы на яго і нешта балбочучы сам сабе. За ім цягалася з дзесятак  белых і рабых курэй, а ў старым металічным карыце  плюхалася качка з качанятамі. Заставацца тут Мурзіку ні ў якім разе не хацелася, але выйсця ён пакуль не бачыў.

-5-
    Надвячоркам Іван вынес яму ў місцы ежы: булёну з хлебам, запраўленага здорам  і скваркамі, паставіў вады. Мурзік нават і не зірнуў на ўсё гэта.Стары дастаў цыгарэту, закурыў і прысеў каля яго:
    - Злуешся? Дарэмна. Я ж табе дабра жадаю. Буду цябе карміць, а ты будзеш двор ахоўваць. А то цяпер свет змяніўся, бог ведае, што робіцца. Як гэты Чарнобыль узарваўся – спакою няма. Усе некуды ўцякаюць, бягуць. Кажуць, нейкая рацыя. Што за халера такая? Ніхто яе не бачыць, а ўсе баяцца. От свет пайшоў, усялякай трасцы напрыдумлялі. А куды нам, старым, дзявацца, чаго цягнуцца ды абіваць чужыя парогі. Навошта?  Лепшага месца  няма, як свой кут. Так і табе кажу: куды ты пацягнешся? Давай, еш, не крыўдуй на мяне.
    Ён  уважліва выслухаў Івана. Хай сабе стараецца паддобрыцца, нічога ў яго не выйдзе, не на таго напаў. Як ён можа здрадзіць сваім родным гаспадарам? Нізавошта. І есці гэты  булён не будзе. Іван яшчэ нейкі час пасядзеў каля яго і пайшоў у хату. А Мурзік ляжаў і думаў: што рабіць? Ланцуг моцны, металічны, яго не перагрызеш. Надзеі на тое, што стары яго адпусціць – няма. Як жа  выбрацца?
    Неўзабаве сцямнела. Ноч агарнула спачатку двор, затым накрыла покрывам старую бярозу за плотам, што высілася вялізным, на паўнеба, шатром  і пасля патанула ў цемры ўсё наваколле. Запаліліся ў небе маленькія светлыя ліхтарыкі, а вёска заціхла. Начную цішыню парушалі толькі цвыркуновы спевы і гучнае  кумканне жаб  з блізкага вадаёма. Ды яшчэ іншы раз спрасонку нечага ўскрыквалі і валтузіліся вароны ў сваім гняздзе на старой бярозе. Неўпрыкмет, за думкамі і развагамі, плюскаючы вейкамі,  ён прыдрамаў. І прыснілася яму, што ён зноў дома, ў сваім родным двары. Васіль лашчыць яго, а ён аж млее ад гаспадаровых дотыкаў. Наста з Паўлікам кружацца ў карагодзе, а Люда нясе вядро пеннага і пахучага сырадою. Усё такое роднае і знаёмае. Раптам ён адчуў нейкі незнаёмы пах і  шум, што прабудзіў яго. Ён расплюшчыў вочы. Невядомы шэры кот   з круглымі  вялікімі  вачыма, што нейкай злавеснай жаўцізной  паблісквалі ў начы, падабраўся да міскі з ежаю, цягаў адтуль скваркі  і са смакам хрумстаў імі. Вось жа брыда! Мурзік не стрываў, прыпадняўся і гучна брахнуў. Ката, як карова языком злізала, адно толькі зашыпеў, бы вужака, уцякаючы. Сабака падыйшоў да міскі з вадою, пахлябтаў і зноў лёг. Што ж за насланнё такое! Яму ўсё толькі прыснілася. Ён у незнаёмай вёсцы, у чужым двары без надзеі на вызваленне. Як жа балюча!  І ён не змог трымаць гэты боль у сабе: узняўшы пысу,  спачатку ціха і жаласліва заскавытаў, а потым завыў. Выў голасна, падбрэхваючы. Было ў тым выцці і шкадаванне аб сваім нешчаслівым лёсе, што так жорстка абыйшоўся з ім, і туга па роднай вёсцы, і кліч – толькі ці пачуюць яны – да сваіх гаспадароў. Яму паспачуваў невядомы сабака, што жыў праз два-тры двары і таксама стаў падвываць.  Калі іх сумеснае бедаванне скончылася, Мурзік зноў лёг і, як бы стаміўшыся,  заплюшчыў вочы.
    Летняя ноч скончылася  хутчэй, чым ён паспеў яшчэ раз што-нібудзь прысніць. Усход набрыняў чырванню і паступова там стала яснець. У цесным курніку чарговы раз загаласіў певень, закешкаліся, пэўне, дзюбаючы адна адну, куры. Рыпнулі дзверы і з хаты паказалася старая Малання. Нават не глянуўшы на яго, яна выпусціла курэй і схавалася за хлявом. Потым вярнулася ў хату, з коміну паваліў дым,  а на вуліцы  выбраўся  Іван. Ён доўга пырхаў і кашляў, а адкашляўшыся закурыў, падыйшоў да Мурзіка:
    - Не стаў есці? Дарэмна ты так. Але, нічога, голад – не цётка. Жыццё даражэй за волю. Во ты думаеш мне лепш было, калі мяне ў сорак сёмым заперлі ў Карлаг –  свет нямілы быў. Катаржная праца, холад, сцюжа, увесь мокры, з ежы – баланда з буракоў ды напаўгнілыя селядцы. Але ж жыць хацелася – дык і выжыў. Так што і ты будзеш жыць. Дзень, другі – і прывыкнеш.
    Мурзік  асабліва не ўслухоўваўся ў яго гаворку. Няма  даверу да старога. Адзін раз зманіў, то і яшчэ можа. Дзень, тым часам, стаў убірацца ў сілу: сонца паднялося вышэй, па вуліцы праехала некалькі аўтамашын і трактар, загучалі галасы. Калі пераваліла за поўдзень, каля студні спынілася  грузавая аўтамашына з брызентавым верхам на кузаве. З яе вылез  кіроўца, следам паказаўся яшчэ адзін мужчына. Мурзік падняўся: ён пазнаў у кіроўцы таго самага чалавека, што пазаўчора вечарам  падкарміў яго. Раптам ён дапаможа вызваліцца яму, бо, відаць, што  добры. І сабака падаў голас: раз, другі. Чалавек зірнуў на яго і ўсклікнуў:
    - Глянь, Пятрусь – той самы сабака! Бачыш, пазнаў мяне. Ну, малайчына. Што, гэта твой двор, га?
    “Якое там“ , - так і хацелася адказаць яму, ды хіба ж ён зразумее? Вось каб прыйшоў ды адпусціў. Мурзік зноў забрахаў. На яго брэх выглянуў Іван.
    - Здарова, дзед, - паздароўкаўся мужчына. - Твой сабака?
    - Мой. А табе якая справа? - буркнуў стары.
    - Ды не, я нічога не маю. Толькі глядзець трэба такога разумнага сабаку. Пазаўчора ён за некалькі кіламетраў ад вёскі бегаў.
    - Бегаў – дык трэба было, значыць. А табе што? - зноў пакасіўся Іван.
    Мужчына нічога не адказаў. Яны набралі ў студні вады і машына паехала.
    - Малайчына, - пахваліў сабаку дзядок, - на чужых трэба брахаць.
    Праз нейкі час  ён прынёс Мурзіку свежай ежы, але той зноў не падыйшоў да міскі. На гэты раз Іван прамаўчаў.
    Хутка наваколле прыціхла. Сонца пакрысе схавалася за аблокамі і гарачыня спала, але на зямлю звалілася парнасць і Мурзіку стала цяжка дыхаць. Ён зашыўся пад плот. У  неба пацямнела, падняўся вецер і куры сталі хавацца пад хлеў. Цёмная, як ноч, хмара паказалася з захаду, пагрозліва пасунулася на хаты. Вецер узмацніўся і шпурнуў у двор нейкае смецце. Бяроза зашумела, сукі жаласліва зарыпелі, а вароны паднялі гармідар,  шукаючы паратунку ад надыходзячай навальніцы. Малання выглянула з дзвярэй, палахліва перажагналася, сашморгнула з плоту нейкія анучы і  хуценька шмыгнула ў хату. Бліснула агромністая зыркая маланка, раскалоўшы неба  напалову,  а праз нейкі час па наваколлі працяжна і раскаціста пракаціліся грымоты. Потым моцна стрэліла яшчэ раз і паліў дождж: моцны,  з тугімі касымі хвалямі, ён сцёбаў па сабаку, змушаючы хавацца. І ў гэты час Мурзік зразумеў, што дождж можа паспрыяць яму ў вызваленні.  Раскіслы і аслаблены ашыйнік  можна паспрабаваць сцягнуь з мокрай шыі. Ён стаў з усёй моцы  турзацца і  кідацца наперад, напінаючы галаву. Ашыйнік упіраўся ў грудзіну, балюча пераціскаў шыю, але паступова расцягваўся. Дождж, тым часам, паліў як з вядра, касымі хвалямі лупіў па хаце, надворку і хляве. Расцягнуўшы ашыйнік, Мурзік стаў адступаць назад, апусціўшы галаву,  каб сцягнуць яго. Той, хоць  балюча рэзаў шыю і галаву, але неяк сцягваўся. Сабака напяўся яшчэ больш, не зважаючы на боль. Чарговы раз грымнула – і ў гэты момант  ён затрос вольнай галавой. Узрадаваны Мурзік шчасліва скавытнуў, абтросся і кінуўся ў адчыненыя веснічкі. Цяпер яго ніхто не затрымліваў.

-6-
    Дождж  скончыўся.   Дарога  поўнілася  маленькімі  і вялікімі лужынамі, у якіх весела пабліскавалі сонечныя промні. Абапал дарогі  ішло поле з маладою  зялёнаю порсткаю  кукурузаю.  Ён упарта бег  у той бок, куды вяло яго  тое невядомае пачуццё. Яно падсказвала і нашэптвала: так, туды, туды. Спазнаўшы няволю ў чужым двары, ён хацеў, як мага далей адбегчыся ад вёскі, каб ніхто болей не схапіў  і не пасадзіў яго на ланцуг.  Хоць голад і напамінаў аб сабе, Мурзік стараўся не зважаць на яго. Галоўнае – ён вольны і можа працягваць свой шлях.
    Насустрач сунулася цэлая калона грузавых аўтамашын і ён мусіў уцякаць з дарогі, каб не трапіць пад колы. Скочыўшы ў прыдарожны быльнёг, адразу адчуў, як задняя лапа ўторкнулася ў нейкае жалеза і яе працяла  рэзкім пякучым болем. З віскам таргануў лапу назад, але  тое нешта  моцна  і балюча трымала яе  ў сваіх абдымках. Азірнуўшыся,  убачыў, што ў быльнягу ляжыць запчастка ад невядомай сельскагаспадарчай машыны і ён умудрыўся трапіць у яе. Лапа паранілася аб востры выступ і аказалася заціснутай паміх дзвюх рабрыстых металічных пласцін, што сыйшліся яшчэ шчыльней, пасля таго, як ён ступіў на іх. З раны сачылася кроў.  Не зважаючы на боль, спрабаваў пацягнуць лапу, але безвынікова: стала яшчэ горш.  Чаму ж так не шанцуе? Ён заскывытаў ад болю, а найперш ад жалю, што так хутка трапіў у новую пастку.
    Сонца садзілася за гарызонт. На траву асядала вільгаць, а з дарогі яшчэ патыхала дзённым цяплом. Над полем гучалі жаласлівыя спевы: спаць-пара, спаць-пара.  Здаецца, начаваць прыйдзецца тут. І застаецца  спадзявацца толькі  на людскую дапамогу, бо сам ён не выберацца.  Мурзік лёг так, каб заціснутая лапа, якую турзаў пульсуючы боль,  магла ляжаць вальней і сцішыўся. Ён зноў застаўся пры сабе, пры сваіх думках. Што яго чакае далей, якія выпрабаванні? Ці яму прыйдзецца пагінуць у гэтым быльнягу?  Ноч апусцілася ціха і хутка. Цёмнае, без зорак, неба  як агаломшыла яго. Пасля той калонны праехала толькі яшчэ адна машына і больш ніхто не парушыў прыдарожную цішыню. Прыцярпеўшыся да болю,  паціху драмаў. Некалькі разоў яго трывожылі  зайцы, што прабягалі па полю, хацелася піць,  але ўвогуле ноч прайшла спакойна. Ён цярпліва чакаў.
    Калі  ўжо добра развіднела,  на дарозе паказалася машына. Мурзік узняўся:  з быльнягу віднелася толькі яго галава. Нарэшце людзі! Ён забрахаў, каб прыцягнуць увагу.  Аўтамабіль, абдаўшы яго чадам і смуродам, паехаў далей. Мурзік правёў яго доўгім позіркам і стаў зноў чакаць. Праз гадзіну паказалася яшчэ тры машыны, але і тыя панесліся  не спыніўшыся. Ён  гучна, з падвываннем, забрахаў. Чаму так, чаму людзі такія няўважлівыя да чужой бяды? Адказу ў яго не было. Калі ўдалечыні нешта затараторыла і паказаўся  чалавек на зялёным матацыкле, ён узняўся без усялякай надзеі і толькі раз ці два жаласліва, са скывытаннем, падаў голас. Але – о, цуд –  матацыкл спыніўся. Яго заўважылі. Заглушыўшы сваю тэхніку, сюды падаўся чалавек  у гумовых ботах.  На баку ў  невядомага  матлялася  сумка з чырвоным крыжам. Чалавек прысеў побач, уважліва агледзеў Мурзіка і прамовіў са шкадаваннем:
    - Як жа ты трапіў сюды, бядак? Чаго ты палез сюды? Трэба ж.
    Ён яшчэ раз агледзеў сабачую лапу і ціха сказаў:
    - Што, трэба, мабыць, цябе ратаваць. Але трывай, будзе балець, нічога не паробіш. Ты ж разумееш, так?
    Ён асцярожна паднёс руку да Мурзіка і той паслухмяна схіліў галаву. Чалавек прылашчыў яго і зноў звярнуўся да сабакі:
    - Малайчына, разумнік. Табе пашанцавала, што мяне сёння якраз вызвалі у суседнюю вёску. Там карова захварэла. Нічога, выратуем і табе.
Ветэрынар – а тое, што гэта быў ён, Мурзік зразумеў адразу, бо ад чалавека  патыхала пахам розных жывёл і лекаў – працягнуў руку да жалязякі, пакратаў яе і асцярожна, але з сілай, націснуў на адну пласціну. Тая пайшла ўніз і сабачая лапа вызвалілася.
    - Вось і ўсё. Малайчына. Дай я табе апрацую рану.
    Сабака паслухмяна ляжаў і чакаў пакуль ветырынар нечым памазаў лапу і нават павязаў зверху бінтом.
    - Разумнік, разумнік, - пахваліў яго ветырынар. - Не ведаю, чый ты, але малайчына. Можа, да мяне паедзеш? Знойдзем табе добрага гаспадара. Ну,  давай, пайшлі.
    Мурзік даверліва глянуў на яго, але так і застаўся ляжаць. Чалавек зразумеў.
    - Не хочаш? Тады глядзі, не трапляй больш у такія пасткі. А я паехаў, няма не часу з табою прахалоджвацца.
    Матацыкл затрашчаў, пыхнуў сізым дымам і паехаў. Мурзік з удзячнасцю паглядзеў услед  добраму незнаёмцу, падняўся і паціху пашкандыбаў далей.  Лапа балела і ён амаль не прыступаў на яе, найбольш прыскокваючы на трох здаровых. Трэба ісці.
    Праз колькі часу  даклыпаў да першых хат. Перад вёскаю ўволю напіўся чыстай і надзіва смачнай вады з нейкай вялікай лужыны, што трапілася  пры дарозе каля аўтобуснага прыпынку. Ён хлябтаў, хлябтаў і не мог наталіць  смагу. Сам здзіўляўся, як у яго столькі ўлезла. Вёска, што  цягнулася доўгай зялёнай вуліцай уздоўж дарогі, жыла сваімі, простымі і звыклымі  клопатамі. У адным з двароў нехта кляпаў касу, у другім  сівая хударлявая жанчына корпалася ў градах, там дзяўчына ў лёгкім рабенькім халаце развешвала бялізну. Праз колькі хат ён трапіў на дзіцячую кампанію. Некалькі хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце  каля сямі-дзесяці год, прачарцілі нечым вострым  рысу на зямлі і гулялі  ў нейкую гульню каля будынка сельскага дома культуры. Завадатарам  у іх быў таўставаты чарнявы хлопчык у светлай кашулі, шэранькіх штаніках і лёгкіх сандаліках. Ён стаяў крыху ўбаку і нешта пакрыкваў на  дзяцей. Усе астатнія, у адрозненне ад гэтага хлапчука, былі апранутыя прасцей і бегалі басанож. Калі Мурзік  спыніўся,  таўстунчык  першым убачыў яго і закрычаў:
    - Гляньце, нейкі сабака прыблудзіўся! Давайце яго каменнем паганяем. Цур, я першы пачынаю.
    І ён стаў вачыма шукаць каменне. Астатнія нерашуча затапталіся на месцы. І толькі невысокая худзенькая дзяўчынка ў вылінялай жоўценькай сукенцы кінулася да сабакі. Яна так хутка падбегла і абшчаперыла яго за шыю, што Мурзік  не паспеў не тое, што адбегчыся, але  нават і адхіснуцца. Дзяўчынка крыкнула:
    - Не дам!  Не чапайце яго. Вы што, не бачыце – ён жа паранены.
    - Дык і добра, далёка не ўцячэ, - скрывіўся ў нядобрай усмешцы тоўсценькі хлопчык.
    - Пецька, не чапайце, калі ласка, -  папрасілася  дзяўчынка.
    А той ужо знайшоў нейкі каменьчык і падкідваў у руцы. У гэты час ад купкі аддзяліўся яшчэ адзін хлапчук і падыйшоў да дзяўчынкі:
    - І праўда, не чапай сабаку. Што ён табе зрабіў?
    - Абаронцы, - зноў нядобра скрывіўся Пецька і раптам  адмовіўся ад першапачатковай задумы. - Ну і цалуйцеся са сваім здыхлявым сабакаю. Патрэбен ён мне.
    Ён адвярнуўся, згубіўшы ўсялякую цікавасць да іх і захацеў, мабыць, працягнуць гульню, але дзетвара абступіла Мурзіка, які падняў галаву, заглядаючы ў вочы хлопчыкам і дзяўчынкам. Тая, малая, што першай кінулася яго выратоўваць, была нечым падобная на Насту: такая ж невысокая з русявымі валасамі і добрым, чыстым позіркам. Дзеці наперабой загалдзелі:
    - Глянь, які худы.
    - У яго лапа параненая.
    - Мабыць, нічый, ашыйніка няма.
    - Сам ты нічый. Можа, яго білі і ён уцёк.
    - Давайце яго пакормім.
    Гэту прапанову ўсе падтрымалі і дзеці разбегліся. Пецька таксама некуды знік. З Мурзікам засталася толькі тая самая дзяўчынка. Яна пагладзіла сабаку і, гледзячы ў вочы, шчыра абяцала:
    - Не бойся, я цябе не дам у крыўду. Ты харошы, харошы. Я вазьму цябе да сябе. Ты будзеш маім сабакам.
    Потым  яна змоўкла і сумна ўздыхнула:
    - Толькі тата, мабыць, не дазволіць. Але нічога – я цябе схаваю за хлявом, пад стогам. Добра? Не бойся.
    - Сталі збягацца дзеці. Тут ужо дзяўчынка стала распараджацца:
    - Не ўсе адразу. Давай ты, Васілёк, спачатку.
    - Чаго гэта ты раскамандавалася, Светка? - пакрыўдзіўся хлапчук з доўгім чубам і адтапыранымі вушамі.
    - Бо ён цяпер мой, - безапеляцыйна заявіла Светка.
    Мурзік,  тым часам, не ўслухоўваючыся ў дзіцячыя спрэчкі, стаў есці. Згаладнелы,  са смакам трушчыў духмяныя свіныя рабрынкі, скваркі, зжаўцелае сала  і нават  паласаваўся, кімсьці прынесенымі, дзвюма  добрымі  кавалкамі смажанага шчупака. Да таго ж дзетвара нанесла хлеба, але хапіла і без яго. Малыя абступіўшы, моўчкі глядзелі, як ён есць. Наеўшыся,  падняўся,  павіляў у знак падзякі хвастом і аблізнуўся. Даўнавата  так смачна і сытна не еў. Раптам ён заўважыў, што ўсё паднялі вочы і глядзяць некуды наперад, за яго, а Светка, наадварот, апусціла позірк і прыціхла. Мурзік азірнуўся. У некалькіх кроках ад іх стаяў дужы высокі чырвонатвары  мужчына,  а за ім, хітра і зласліва ўсміхаючыся, Пецька.
    - Света, адыйдзі ад гэтага бадзялага і вашывага сабакі, - сурова запатрабаваў ён. -  Не хапала каб ты яшчэ падхапіла якую заразу.
    - Тата, ён не заразны, ён харошы. Яму нават нехта лапу перабінтаваў, бо ён кульгае.
    - Тым больш – значыць, заразны. А ну, пайшоў прэч! - мужчына замахнуўся на сабаку.
    Мурзік  не збаяўся:  ён глуха загырчаў і аскаліў зубы.
    - Ах ты, паршывец, ты яшчэ будзеш на мяне адгырквацца?  - раззлаваны мужчына  пашукаў вачыма, каб дзе што схапіць і ўдарыць сабаку.
    Не адшукаўшы нічога, ён схапіў кавалак цагліны і шпурнуў у Мурзіка. Той адскочыў і гучна забрахаў.
    -Тата, тата, не трэба, не чапай яго! - адчайна закрычала Светка. Мурзік
з гучным брэхам смела кінуўся на крыўдзіцеля. Мужчына спалохана адскочыў да плоту і схапіўся за штакетнік, спрабуючы вырваць штакеціну. Але сабака праскочыў міма і  даволі шпарка  пабег па вуліцы, іншы раз крыху прыступаючы на параненую лапу.

-7-
    Вёска даўно схавалася за пагоркам. А ён паціху ішоў далей. Падсілкаваўшыся,  адчуваў сябе больш бадзёра, а настрой палепшыўся, нягледзячы на тое, што лапа ўсё  яшчэ балела.  Цяпер, калі сустракаліся  аўтамабілі, ён больш не кідаўся  ўбок, а загадзя сыходзіў з дарогі, праводзячы іх сумным позіркам. Недзе на адной з такіх жа машын зніклі і  гаспадары, пакінуўшы яго на волю лёсу. Але ён разумеў, што яны не па сваёй ахвоце кінулі яго і адчуваў, што яны не здрадзілі яму. І калі ён вернецца, яму будуць рады ўсе. Мурзік бачыў, што дзеці, Васіль і ды і Люда любяць яго. Проста яны вымушаны былі так зрабіць: так склаліся абставіны. Але не,  нічога, ён сам зможа знайсці да іх дарогу.
    Калі за доўгім бульбяным палеткам паказаўся бярозавы гай, які цягнуў да сябе зялёнай свежасцю і прахалодай, ён вырашыў збочыць і крыху адпачыць. Вершаліны высокіх маладых бяроз ледзь прапускалі сонечнае святло і ад таго промні толькі лёгка прыгравалі, а рэдкія павевы ветрыку прыемна казыталі поўсць. У высокім, светла-блакітным, бясхмарным небе адзінока лунаў каршун.  Бярозы ціха і супакойваюча шапацелі лістотай, з розных куткоў лесу даносіліся мілагучныя птушыныя  спевы. У траве сноўдалі нястомныя мурашы, пераляталі з кветкі на кветку бесклапотныя матылькі, сярдзіта гудзелі, калыхаючыся на  кветках светаянніку,  чмялі. Камароў амаль не было, адно толькі данімала некалькі аваднёў, якія круціліся і бзыкалі вакол яго. Сапнуўшы недзе каля гадзіны, ён падняўся. Мурзік адчуваў тым самым невядомым пачуццём, што  яму засталося няшмат, што хутка ён павінен знайсці тых, каго шукае. І гэта надавала яму сілы. Высунуўшы язык і кульгаючы, рушыў далей.
    Калі сонца хілілася на захад, ўдалечыні зноў паказалася вёска. Спачатку ён спыніўся і хацеў абыйсці яе, каб, часам, не трапіць на якую-небудзь непрыемнасць. Але яна раскінулася далёка ўшыркі, таму мінуць двары і палеткі было б вельмі складана. Ужо каля першых хат, яго нагнаў легкавік. Мурзік прывычна збочыў з дарогі. Легкавік з шумам спыніўся. Адтуль, хістаючыся, выбралася трое  падпітых маладых юнакоў. Адзін з іх трымаў у руках нешта падобнае на стрэльбу.
    - Во, Санёк, - сказаў, мацюкнуўшыся,  круглатвары хлапец з доўгімі валасамі, - жывая мішэнь. Што  такое – стрэлы па бутэльках? То ж дзіцячая забава. Зараз праверым, хто з нас самы лепшы снайпер. Давай,  я першы. Пасля мяне – Кеша.
    Ён схапіў стрэльбу, ўзвёў курок і стаў цэліцца ў сабаку. За сваё не вельмі доўгае жыццё  Мурзік амаль не сутыкаўся з стрэльбамі, паляваннем і ўсім, што звязана са зброяй. Ён толькі адчуваў нешта нядобрае, што сыходзіла ад падпітай моладзі, але не ўсведамляў той небяспекі, што пагражала яму. Таму  спакойна глядзеў, як п’яны малойчык водзіць ствалом. Грымнуў стрэл.  Куля, апёкшы вуха, прасвістала ў яго над галавою. Спалоханы Мурзік заенчыў і кінуўся наўцёкі. Уцякаць назад не было як, і ён пабег на вёску.
    Мазіла, - зарагатаўшы, сказаў нехта з п’янай кампаніі, - зараз я пакажу клас. Сядаем. Санёк, давай наперад, гані яго за вёску.
    Страх гнаў сабаку  наперад. Цяпер ён добра ўсвядоміў, што ад гэтых людзей сыходзіць небяспека. І  стараўся збегчы, схавацца, як мага далей ад легкавіка і тых юнакоў са стрэльбаю. А яны не адставалі, з гіканнем і крыкамі гналі яго па вуліцы. Нешматлікія вяскоўцы, што трапляліся па дарозе, са здзіўленнем углядаліся ў машыну, не зусім разумеючы, што адбываецца. Вёска заканчвалася, а ён не ведаў, куды схавацца. Легкавік  ехаў у некалькіх кроках за ім, хлопцы шумелі і нешта крычалі. Калі скончылася вуліца, зноў грымнуў стрэл. На гэты раз куля паляцела ў невядомым накірунку. Мурзік адчуваў, што сілы пакідаюць яго: з параненай  нагою  ён  трухаў цэлы дзень.  Збочыць  нікуды не мог, бо з аднаго боку дарогі цягнулася вузкая доўгая сажалка, а з другога – калгасная майстэрня, абнесеная плотам. Да таго ж цяпер ён прыклаў столькі намаганняў, каб збегчы ад легкавіка, што растраціў і тыя сілы, што заставаліся. З вуха сачылася кроў. У гэты момант наперадзе  ён заўважыў  хату, што стаяла крыху воддаль ад вёскі.  Яна  не кідалася ў вочы,  бо ўся патанала у зеляніне саду, а агароджы, пазелянелай ад часу ды непагадзі і  заросшаю высокаю травою, дык і ўвогуле было амаль не бачна. Мурзік з апошніх сіл памкнуўся туды ў надзеі знайсці хоць якую схованку. Зноў грымнуў стрэл і таксама ў паветра. Вось  яна, старая, абшалёваная, але даўно нефарбаваная хата. У агароджы былі і веснічкі, і вароты. Ля расчыненых варот стаяў пажылы – гадоў пад шэсцьдзесят – мужчына  і ўглядаўся на дарогу. Мурзік, ужо ні на што не зважаючы, кінуўся яму пад ногі і схаваўся за адной з прыадчыненых палавінак варот. Легкавік спыніўся, юнакі  п’яна загалёкалі:
    - Дзе ён там? Давай выкурым.
    Мужчына зрабіў крок наперад:
    - Вы што вырабляеце, га? Падурэлі, ці што? Сярод вёскі страляніну ўсчалі. А ну, вяртайцеся назад, а то я ў міліцыю паведамлю.
    - Ціха, дзед Астап, не шумі. Мы зараз прыкончым гэту псіну і ўсё.
    - Я вам прыкончу, - прыгразіў дзед Астап.  Потым  ён звярнуўся да некакага з юнакоў:
    - Саша, едзь і пакінь машыну ў двары. Бо я пайду і патэлефаную твайму бацьку.  Хай паглядзіць, што вы тут вырабляеце.
    Хлопцы нешта пабурчалі, легкавік стаў разварочвацца. Але ад’ехаў недалёка: праз нейкія паўсотні метраў машына чмыхнула і заглохла. Паганяўшы стартэрам рухавік і пашумеўшы, падпітыя бэйбусы пакацілі легкавік у вёску. Гледзячы ім услед дзед Астап цяжка ўздыхнуў і павярнуўся да Мурзіка:
    - Што, дасталася табе? Чый жа ты будзеш?
    Прысеўшы на кукішкі, мужчына ўважліва агледзеў сабаку. Ускалмачаны і мокры, з перабінтавай нагой і параненым вухам, той цяжка дыхаў і неяк вінавата глядзеў на гаспадара хаты. Дзед Астап  зноў  ўздыхнуў і пайшоў у двор. Падняў з зямлі  вялікую бляшанку, спаласнуў яе і, набраўшы вады, паставіў перад сабакаю. Мурзік прыўзняўся, удзячна зірнуў на мужчыну і стаў хлябтаць. Пасля зноў лёг каля агароджы. Калі гаспадар зачыніў вароты, ён толькі прыўзняў галаву. Зразумела, што тут яму нічога не пагражае і ён можа спакойна пераначаваць у гэтым двары.
    Прыцемак накрыў наваколле. Дзед Астап завіхаўся па гаспадарцы, каля яго ног цёрся чорны кот, падазрона косячыся на сабаку, а Мурзік усё такжа ляжаў каля варот. Ён заўважыў, што ў двары, акрамя мужчыны, больш нікога няма. Той сам даіў карову, карміў курэй, даваў парсюку. Управіўшыся з гаспадаркаю, дзед Астап прынёс у місцы недаедзенага булёну з косткаю:
    - Ляжыш? На, паеш.
    Сабака ўцягнуў паветра, аблізнуўся і асцярожна наблізіўся да міскі. Дзед Астап закурыў, абапёрся аб веснічкі і моўчкі стаяў, гледзячы ў ноч. Потым загавырыў не то сам з сабою, не то з Мурзікам:
    - Каб ты ведаў, як цяжка на свеце аднаму. Хоць, пэўне, ты ведаеш.  Так? Во, нават і словам няма з кім перакінуцца. Цяжка. Яшчэ і сарака дзён няма, як мая Дуня памерла.  Амаль сорак год мы разам пражылі. Пакінула яна мяне, а  мне аднаму што рабіць? Дзеці ў горадзе і сюды не паедуць, а я адзін застаўся, нікому не патрэбны.  Заставайся  хоць ты тут, куды  пабяжыш? Я цябе не пакрыўджу. Маўчыш? Так, ты ж нічога не адкажаш, хоць і ўсё разумееш. Такая ваша доля.
    У каторы раз ўздыхнуўшы, дзе Астап пайшоў у хату. Сабака пакруціўся і, уладкаваўшыся на месцы, цяжка ўздыхнуў, зусім, як нядаўна гаспадар хаты. Кроў з параненага вуха даўно перастала сачыцца, і яно асабліва не турбавала. Адно нылі толькі ўсе ногі ад той напругі, што давялося сёння перажыць. Над галавою віліся, надакучліва звінелі, камары. Ён, іншы раз, уздрыгваў і плюскаў вейкамі, адганяючы асабліва нахабных, калі тыя  спрабавалі сесці на яго. Недзе ў вёсцы грымела музыка, а на захадзе бліскалі зараніцы. Ды яшчэ было чуваць, як  у глыбіні сада, то павышаючы, то паніжаючы інтанацыю,  енчаць адзін на аднаго каты. Ноч увайшла ў свае правы.
-8-
    Спаў ён неспакойна, часта прачынаўся, падымаў галаву і зноў засынаў. Але ці не ўсю ноч цёхкалі салаўі,  і  іхнія спевы як бы супакойвалі яго. Ужо добра прыснуў  пад раніцу і нават не пачуў, як з хаты выйшаў дзед Астап. Мурзік навастрыў вушы толькі тады, калі рыпнулі дзверы ў хляве і гаспадар выпусціў карову. Тады ўжо падняўся і ён, добра пацягнуўся, адчуваючы ледзь не кожную мышцу ў целе. Параненая лапа балела крыху менш, а на вуха   не зважаў:  ціхі цягучы боль  ніяк не замінае яму. Дзед Астап падаіў карову, навязаў вяроўку за рогі павёў за вароты. Мурзік памкнуўся ўслед.
    - Усё ж пойдзеш? - мужчына спыніўся. - Не хочаш заставацца? Што ж, мабыць,  так трэба. У цябе свая дарога, у мяне свая. Ідзі. Толькі глядзі – асцерагайся  розных дурняў. Ну, пайшла, пайшла, каб цябе, усё табе мала,  ніяк  не нахапаешся.
    І ён пацягнуў карову. Тая  неахвотна адарвалася ад маладой травы  і скубянуўшы каля  агароджы  напаследак  яшчэ раз, павольна пайшла за гаспадаром.  Мурзіку было крыху шкада  спакойнага і дабразычлівага дзеда Астапа. Але ж ён павінен ісці, бо ўпэўнены, што яму засталося  не так і шмат да таго месца, дзе ён абавязкова знойдзе сваю сям’ю.
    Сонца паднялося даволі высока і стала прыпякаць, калі ён выбраўся на нейкае скрыжаванне перад  яшчэ адною буйнаю вёскаю. Злева ад дарогі пасвіўся статак кароў. Яшчэ здалёку ён прыкмеціў, што пры дарозе, каля тэлеграфнага слупа, сядзіць пастух з сабакаю. Параўняўшыся з імі Мурзік міжволі спыніўся: побач з пастухом  ён заўважыў прывабнаю маладую сучку. З роўнай гладзенькай  рудой поўсцю, востранькай  прагожай пыскай  і прыемным пахам – яна так і вабіла да сябе. А пах – які пах! Яшчэ не той час, канешне, калі у іх могуць узнікнуць больш блізкія адносіны, але ж і сёння яна выглядае вельмі ж хораша.  Заўважыўшы незнаёмага сабаку, тая  сама выйшла на дарогу і прыязна павіталася.
    - Ілма, куды пайшла? - строга гукнуў яе гаспадар. Сучка спынілася, але
Мурзік сам памкнуўся  да яе. Абнюхаўшы сучку, ён даведаўся, што яна  ўжо два гады жыве з гэтым пастухом, які  пасе калгасных кароў. Вёска, што ён бачыць наперадзе – цэнтр  буйнага калгаса. А ўвогуле Ілме жывецца няблага, яна ўсім задаволена. Да таго ж,  як бы  не супраць завесці сабе такога  кавалера, як ён. Так, яно б і яму  нядрэнна было займець гэтакую  прыгажуню. Але ж няма магчымасці затрымацца. Мажліва, яны яшчэ ўбачацца.
    - Ілма, да мяне! - загадаў гаспадар.
    Сучка вінавата вільнула хвастом, запрашальна паглядзела на Мурзіка  і пайшла да  пастуха. Мурзік зрабіў некалькі крокаў за ёю і спыніўся. Пастух паглядзеў на яго, пакапаўся ў сваёй торбе і кінуў яму кавалачак хлеба. Сабака абнюхаў, асцярожна ўзяў у зубы і  акуратна з’еў хлеб.
    - Бачыш ты, ганаровы, - не то са здзіўленнем, не то з павагай сказаў мужчына. - Хто ж цябе выгнаў з дому, гэтакага ганаровага?
    Хіба яму нешта патлумачыш? Мурзік азірнуўся на Ілму  і выбраўся на дарогу. Узняўшы пысу, абнюхаў паветра і сэрца радасна страпянулася:  невядомае пачуццё падсказвала яму, што Краўцэвічы павінны быць недзе тут, у гэтай вёсцы. Ён з радасцю кінуўся наперад. На скрыжаванні  не пабег далей, а звярнуў  на вясковую вуліцу. Як магнітам яго цягнула далей, у самы канец, дзе свежай цэглай бялелі новыя, крытыя шыферам, хаты. Так, пах вядзе яго туды, ён не памыляецца. Хутчэй, хутчэй! А хаты ўсе адна ў адну, падобныя, як блізняты. Ды не бяда, цяпер ён ужо дакладна не згубіць след. Мурзік спыніўся. Не, яму трэба на другую вуліцу, тут іх няма. Прадчуваючы  хуткую сустрэчу і не зважаючы на боль, пабег, што ёсць моцы. Вось і тая, другая вуліца. Каля чацвёртай хаты па правым баку ён спыніўся. У двары нікога няма. Няўжо  памыліўся? Мурзік адчайна забрахаў. Дзверы адчыніліся і адтуль выглянула… Наста. Як бы не  верачы сваім вачам, яна застыла ў парозе. Ён зноў забрахаў – на гэты раз ад радасці.
    - Паўлік, Паўлік, ідзі хутчэй сюды!  Мурзік знайшоўся! - з крыкам Наста паімчалася да сабакі
    Яна абшчаперыла яго і прыціснула да сябе, прыгаварваючы:
    - Мурзічак, Мурзічак, які ты малайчына, што прыйшоў! Я  верыла, я ўсім казала, што ты вернешся, ты знойдзеш нас.
    Гладзячы яго, яна незнарок прыціснула параненае вуха. Мурзік спачатку віскнуў ад болю, а потым вінавата зірнуў на Насту, што дазволіў сабе такое. Тады дзяўчынка адпусціла яго  і агледзела. У гэты час да іх падбег Паўлік і хацеў схапіць сабаку ў абдымкі.
    - Стой, Паўлік. Глядзі – ён паранены. І лапа, і вуха, і каля шыі. Бедны Мурзічак. Прабач нас! Мы цябе больш ніколі не кінем!
    Прысеўшы, дзяўчынка з хлопчыкам асцярожна абнялі яго, а шчаслівы Мурзік расплыўся ва ўсмешцы. Як жа цяпер не быць шчаслівым, калі  ён вярнуў сваю сям’ю, сваіх гаспадароў, свой двор і дадатак да гэтага недзе тут, побач, яго чакае прыгажуня Ілма.

СЦЯНА

-1-
    Вольга звыкла  перамывала, потым выстаўляла  на полку чыстыя даільныя апараты, а думкі яе былі далёка адсюль – тачыла  трывога за Зміцера.  Яшчэ ўчора, калі клалася спаць, спрабавала  датэлефанавацца  да яго, але безвынікова. Тое самае было і сёння раніцай.  Хутчэй за ўсё, ён  не паслухаў яе і пайшоў на плошчу. А пра тое, што там  адбывалася,  яна збольшага  ведала ад Веркі,  у якой  стаіць спадарожнікавая  талерка, і тая  глядзела ўчора навіны па некалькім каналам. Самой Вользе было не да тэлевізара: разбалелася галава, было неяк нядобра і тлумна на душы, яна прылегла і прыснула.  Але недзе  ў глыбіні   цеплілася надзея: магчыма, ён проста не падзарадзіў свой старэнькі мабільны тэлефон, пайшоў да сяброў  абмяркоўваць  апошнія падзеі і забавіўся там.  Ёй вось купіў новенькі тэлефон, як падарунак да дня нараджэння, а сам абходзіцца  старым. Шчыра кажучы, Вольга заўсёды ганарылася сынам. Ён з дзяцінства рос такім – клапатлівым, добрым і працавітым.  У школе вучыўся сам, без усялякіх напамінкаў і праверак урокаў, сам паступіў у інстытут на бюджэт.  Грошы ад яе стараўся браць, як мага радзей. Неяк зусім нядаўна зноў была падобная гаворка, а Зміцер адказаў:
    - Мне, мама, пакуль не трэба. Стыпендыю атрымаў ды  чарцёж адзін вялікі зрабіў – мне заплацілі.  Да таго ж, на адну тваю зарплату трэба нас дваіх з Алёнкаю цягнуць. Купі лепш што сабе.Сынок, якая там  твая стыпендыя. А мне што купляць? Куды я хаджу? З фермы дахаты ды з дому на ферму – там і ватоўкі з гумовікамі хапае. Вось хіба да твайго вяселля куплю што лепшае, - ужо пажартавала яна, як бы спрабуючы нешта выведаць пра адносіны сына з дзяўчатамі.
    - Не, - рашуча адказаў сын, -  пакуль не стану на ногі – жаніцца не буду.
    Ён  ніколі не гаварыў, што ў яго ёсьць дзяўчына, маўчаў. Але неяк нядаўна  прыязджаў з сваім лепшым сябрам-мінчуком – Алегам і той прагаварыўся, што Зміцер ужо амаль год сустракаецца з дзяўчынай-прыгажуняй і што ў іх  ўзаемнае каханне, усё вельмі сур’ёзна. Вольга пастаралася выпытаць у Алега ўсё, што змагла. Але даведалася толькі тое, што дзяўчыну  завуць Аксана Круглова, яна равесніца Зміцера  і  вучыцца ў лінгвістычным універсітэце. Сам жа Зміцер не любіў размаўляць на гэту тэму, на яе асцярожныя пытанні  стараўся аджартоўвацца.   З успамінаў яе выцягнула гучная размова суседак па працы: Валі Сцяпуры ды  Галі Такмановіч, якая мела  смешную вясковую мянушку Каза. Некалі ў дзяцінстве  яна ніяк не магла вымавіць слова  страказа і казала коратка – каза. Дзеці смяяліся з  яе, і мянушка прыклеілася да Галі. У той даўно і прозвішча іншае, і дзеці свае амаль дарослыя, а мянушка засталася.  Валя  гучна, нібы стараючыся некага перакрычаць, распавядала пра ўчарашнія падзеі на плошчы:                - - Ты што, там такое  паказвалі, такое рабілася – людзей процьма, траха  не было сценка на сценку. У тэлевізары казалі, што  там і нейкая зброя ў запасе была. Добра, што паспелі ўсіх разагнаць.
    - Няўжо?  - дзівілася праставатая і недалёкая Каза.
    - Я табе кажу, - даводзіла ёй Валя, - так паказвалі. Але вось людзі  ўсё бунтуюць. І чаго ім не хапае ў гэтых гарадах? Жывуць жа не раўня нам – на ўсім гатовым.  А я так думаю – менавіта ад таго, што лодарнічаюць. Хай бы парабілі з нашае. Хоць і нам цяпер  лепш стала:  заробак паднялі,  сена даюць,  выхадныя ёсць.
    - Потым яны перайшлі на іншую тэму, а ў Вольгі ў вушах гучала чамусьці гэтае Валіна “сценка на сценку” і сэрца зноў заныла ад трывогі за Зміцера. Пад высокаю пацямнелаю столлю кароўніка  вуркацелі надзьмутыя галубы, а праз бруднае запыленае аконнае шкло прасочвалася кволае ранішняе святло. Вольга пацягнула на сябе заінелыя цяжкія вароты і выйшла на вуліцу, пакінуўшы за плячыма спёртае, прапахлае гноем, сіласам і каровамі, паветра. Раніца паціху разганяла шэрае сутонне, але прыцемак яшчэ трымаўся за  нізкае свінцовае неба. Кружыліся рэдкія сняжынкі, паміж маўклівых застылых будынін фермы пасвістваў рэзкі і халодны вецер. Вольга сцепанула плячыма ад холаду, шчыльней падвязала хустку,  і  скіравала ўлева, да занесенай снегам кучы вялікіх пачарнелых скрыняў – тудою зручней было ісці.  Сёлета ў калгасе меліся зладзіць новую зернесушылку, але нешта не зраслося і запакаванае  абсталяванне засталося ляжаць на вуліцы да будучага лета. Пратоптаная сцежка вяла на вясковую вуліцу. Дома, пэўне, ужо павіскваюць за агароджай  галодныя парсюкі ды пора рагамі  ў  дзверы наравістая карова па мянушцы Ліса. Гэта Зміцер некалі даў ёй такое імя – цялушка, якую яны  пакінулі ад старой каровы, была спрэс рудая. Ліса аказалася з норавам, даіцца падпускала толькі Вольгу, ды і тую магла спрабаваць таўхануць рогам ці  вывярнуць вядро. Не раз раззлаваная гаспадыня хацела ўзяць больш пакладзістую карову, але заўсёды спынялася:  у Лісы добрыя надоі, а  малако высокай тлустасці. А больш паклапаціцца пра гаспадарку няма каму – дачка Алена, як і Зміцер, ужо студэнтка, а  з мужа аніякага толку. Эх, Іван, Іван…
    Яна пайшла за Івана па каханню. Спраўны, жвавы хлопец, які граў на гармоніку, падабаўся многім дзяўчатам. Ён жа  панаравіў Вольгу. Спачатку Іван не запіваў, а Вольга не надавала асаблівай увагі таму, што ён  амаль кожныя выхадныя граў то вяселлі, то хрэсьбіны, адтуль прыносіў якія-ніякія грошы.  Ды і клопату хапала – Зміцер нарадзіўся, за ім Алёнка, дом, агарод. Іван  хадзіў  у калгасе  ў поле – у брыгаду, як у іх казалі.  Калі Зміцеру было каля сямі год, Вольга заўважыла, што без гарэлкі муж абыйсціся ўжо не можа: ён так і стараўся знайсці прычыну, каб недзе выпіць. Яна спрабавала змагацца сама з гэтым злом спачатку ўгаворамі, потым пагрозамі разводу, а пасля  і яго бацькоў прасіла, каб паспрыялі. Усё дарэмна. Івана хапала на дзень-два цвярозага жыцця.Участковы,  якога Вольга  таксама прасіла, мог толькі пагаварыць з мужам, бо выпіўшы, той не  скандаліў, як некаторыя, а браўся за гармонік і граў. Нярэдка так і засынаў з ім. Лячыцца Іван катэгарычна не згаджаўся –  лічыў ганьбай  для мужчыны і не прызнаваў сябе алкаголікам. Ці то не хапіла ў Вольгі характару, ці то цярплівасці, але, праваяваўшы колькі год,  яна чамусьці змірылася з тым, што муж – п’яніца. У апошнія гады ён зусім перастаў сачыць за сабою і, каб не Вольга, даўно мог бы недзе замерзнуць альбо згібець пад плотам. Можа з-за таго, што Іван  піў і не глядзеў за гаспадаркаю, Зміцер і рос такім самастойным:  змалку стараўся браць на сябе самую  цяжкую працу, рабіў усё, каб маці было лягчэй. Сын вырас шчырым і адказным чалавекам,  што прыемна радавала Вольгу. А  ў старэйшых класах, калі яго равеснікі спрабавалі віно і гарэлку, ён ці не адзіны з класа адмаўляўся  ад спіртнога і не курыў: прынамсі, так ёй расказвала іхняя класная. Мабыць, так яно і ёсць, бо на вёсцы цяжка ўтаіць нешта, усё навідавоку. Ды і яна ніколі не бачыла сына з цыгарэтаю ці нападпітку.  Вось такі яе Зміцер. Пры ўспаміне аб сыне ў душы  разлілася гарачая хваля пяшчоты. Вось жа пашанцуе нейкай дзяўчыне  з мужам  – яе сынам.
2-

    Як толькі Вольга  адчыніла веснічкі, да   ног кінуўся маленькі чорны клубочак – сабака Чарлік. Ён завіляў хвастом, радасна цяўкнуў некалькі  разоў і закруціўся каля ног.
    - Пачакай, Чарлік, пачакай, - адмахнулася Вольга, - пакармлю і цябе.
    Той, як зразумеўшы, адыйшоўся і сеў каля парога.  Яна увайшла ў хату. Іван сядзеў каля акна і смаліў цыгарэту. Яго апухлы непаголены твар   хмура глядзеў на зімовую вуліцу, а рука, якая трымала цыгарэту, дробна дрыжала – прыкмета таго, што яму неадкладна  патрэбна апахмелка. Пасля ўчарашніх прэзідэнцкіх выбараў  ён сам не дайшоў дахаты – аднекуль  прывёз Вользін стрыечны брат Андрэй. І за гэта дзякуй, што не кінуў на вуліцы. Зімою на працу Іван амаль не хадзіў, але выпіць  заўсёды недзе знаходзіў. Добра, што яшчэ з хаты нічога не выносіць, як гэта робяць некаторыя мясцовыя апівуды, яго так званыя “сябры”.   Нічога не кажучы, яна распаліла ў печы, замяшала тоўчанай дробнай бульбы з мукою для падсвінакаў, наліла ў міску ўчарашняга булёну з косткаю для сабакі, аднесла  корму курам.  Выліла вядро енчыўшым – бы тыдзень не елі – свінням, выпусціла з хлява  Лісу, прыбрала за ёю лепяхі, крыху падаслала саломаю  і зноў  загнала на месца. Потым паставіла перад кароваю  падрыхтаваны цэбрык з мешанкаю і ўзялася даіць. На добры лад яно можа і не патрэбна ўжо ёй тая Ліса – няма каму піць малако, але ж прывыкла да каровы ды крыху нейкая капейчына  перападае ад здадзенага.  Падаіўшы, вярнулася ў хату, паставіла патэльню з салам на агонь, закалаціла мукі для бліноў. Яшчэ трэба нешта на абед зварыць.
    - Дай на віно, - буркнуў раптам Іван.
    - Дзе ўчора піў – там сёння і пахмяляйся, - зазлавала яна. - Думай сам, дзе браць, усё роўна галава больш нічым не забіта. Вунь сынаў тэлефон маўчыць, а табе і клопату няма.
    - Нічога з ім не зробіцца – загуляў недзе, дзела маладое.
    - Гэта толькі ты можаш загуляць – дваццаць год ужо гуляеш.
    - А такім, як ты,  актывісткам, ўсё трэба, - нечакана зазлаваў і Іван, успомніўшы яе былое дэпутатцтва. - Во і Зміцер у цябе ўдаўся.
    - Добра, што не ў цябе, - агрызнулася яна.
    - Бо нечага лезьці куды не просяць. Трэба было сына вучыць гэтаму. А то лезе ў палітыку, а ў самога малако на губах не абсохла. І гэтыя ўсе, ў тэлевізары –  спрачаюцца, мітынгуюць, б’юцца. Чаго? Якая, хрэн розніца, за каго галачку накрэмзаць і каго там выберуць. Усе аднолькавыя, усе крадуць ды пад сябе грабуць.
    Яна прамаўчала.  Спрачацца з  Іванам не хацелася. За гэтыя дні  столькі наслухалася пра  выбары, што ад іх аж вярнула. Спрачаліся і гаварылі  ўсе, хто толькі мог: ад вясковых алкаголікаў да яе галоўнага начальніка -   мясцовага  заатэхніка. У іх на ферме жанчыны  таксама не раз заводзілі размову пра кандыдатаў у прэзідэнты,  але заканчвалася ўсё адным – кпінамі і смехам у адрас Васі Калодкі па мянушцы Прэзідэнт, а потым перамываннем касцей іншым аднавяскоўцам. Вася – былы трактарыст, пазбаўлены правоў за п’янку – прыдбаў незвычайную мянушку некалькі год таму назад. Як часта бывала, ён недзе п’яны зваліўся пад плотам і заснуў. Пакуль ён спаў нейкі мясцовы шалапут ці шалапуты  прыляпілі яму на спіну шыльду з надпісам  “прэзідэнт”. Вася так і прайшоў праз усю вёску з надпісам. З таго дня мянушка прыклеілася да яго, як смала да порткаў. Вось і ўчора жанчыны пасля дойкі  зноў успомнілі спачатку  пра выбары, пра галасаванне, пра Васю,  а скончылася размовамі аб тым, як  жонка гнала паленам жулікаватага агранома-бабніка  Кулакоўскага ад  удалай развядзёнкі Арыны  Спірыдонавай, што гаспадарнічала ў сельскай бібліятэцы.   
    Сама  ж Вольга  даўно не цікавілася палітыкай і тэлевізар часцей глядзела толькі  зімою, калі было больш вольнага часу, хоць некалі і яна была ў дэпутатах. Яшчэ  год дзесяць назад  яе, як перадавую даярку, нехта з уладнай вертыкалі загадаў вылучыць у раённыя дэпутаты. Яе абралі, як ўсіх, каго вылучылі. Вользе нават прыйшлося некалькі разоў зездзіць  на тыя паседжанні, хоць ад  іх не засталося асаблівых успамінаў, бо помняцца  толькі вялыя даклады, панурыя прамоўцы і  нейкая пустая балбатня. А што тычыцца сына, то Зміцер слухаў яе ва ўсім, акрамя аднаго – сваіх поглядаў на палітыку. Яшчэ на першым курсе ён уступіў у нейкую маладзёвую суполку, стаў размаўляць на чыстай беларускай мове, чытаў  невядомыя ёй газеты. Калі яна стала ўшчуваць яго, каб не лез у групоўкі, бо дабром усё гэта не скончыцца, сын адказаў:
    - Мама, ты ж не ведаеш, якія там хлопцы – з імі хоць куды! Іх сапраўды хвалюе лёс дзяржавы. У нас няма тых, для каго галоўнае – гэта так званае “бабло”.  За мяне не бойся, мы нічога супрацьзаконнага не робім.
    - Сынок, ты ж малады, навошта яно табе? У нас жа на ўсё могуць артыкул знайсці.
    - Мама, я не магу быць староннім назіральнікам.
    Як яна не  спрабавала пераканаць яго адступіцца, але Зміцер цьвёрда стаяў на сваім. Перад выбарамі ён казаў, што збіраецца разам з сябрамі пайсці на плошчу і падтрымаць свайго кандыдата. Ад гэтых думак  сэрца сціснулася і яна прысела на ўслон. Не, трэба паспрабаваць зноў. Вольга ўзяла мабільны тэлефон, націснула кнопку, паднесла апарат да вуха. Усё так жа, спадзяванні аказаліся марнымі. Што ж рабіць? Як агаломшаная, прасядзеўшы некалькі хвілін, паднялася і прымусіла сябе нешта рабіць. Трэба і свінням  падрыхтаваць на вечар, і карове, і сабе на абед  не зварана. Што  той абед, калі яшчэ нават  не снедала.
    Снедала ў адзіноце. Іван, пакуль яна хадзіла па ваду ў калодзеж, недзе пасунуўся. Хай ідзе, што з ім гаварыць. У яе даўно ўжо няма ні злосці, ні дакору на мужа, настолькі збрыдзеў яго п’яны твар. Дзеці, дзякуй Богу, ўсё разумеюць і падтрымліваюць, як могуць. Так, няма чаго грашыць, у яе добрыя дзеці. Вунь Алёнка – толькі паступіла, а  стараецца вучыцца, часта тэлефануе, прыязджае пры першай магчымасці дапамагчы па гаспадарцы. Прызналася нядаўна, што нават  кавалера  займела, Алегам зваць. Тут Вольгу, як токам працяло. Дык жа  Зміцераў сябар – Алег! І яго нумар недзе  запісаны ў яе на тэлефоне. Яна схапіла  мабільнік, хуценька знайшла патрэбны нумар і той адказаў роўным гудзеннем. Дзякуй Богу, на сувязі! –
    - Слухаю Вас.
    - Алег, гэта ты?
    - Так, гэта я, Вольга Пятроўна.
    - Малайчына – бачыш, пазнаў мяне. Можа, Зміцер недзе побач? Нешта яго тэлефон не адказвае.
    - Тут такая справа, Вольга Пятроўна, - Алег  замяўся і на нейкую  хвіліну змоўк. - Не ведаю, як вам сказаць… Не хачу  маніць. Карацей кажучы, Зміцера ўчора схапілі на плошчы. Вы, мабыць ведаеце, што там адбывалася. Я змог  неяк уратавацца, а ён не паспеў.
    - У Вольгі пацямнела ў вачах. Так і думала – трапіў у бяду. Цяпер жа могуць не толькі пакараць, а і таго горш –  адлічыць з інстытута. Што ж тады будзе?
    - Паслухай, сынок, Алежка, а дзе ён цяпер?
    - Дакладна не ведаю. Бо мы сёння шукалі сваіх, усіх, каго затрымалі – усе знаходзяцца ў розных месцах. Зміцер, па маіх звестках, павінен быць у  ізалятары  на Акрэсціна. Але дакладна я пакуль не ведаю
    Думкі віхурай змітусіліся ў галаве. Не, так жа нельга пакідаць. А што, калі яго і сапраўды адлічаць? Трэба ехаць у інстытут, прасіцца, маліцца, пакуль не позна. Няўжо там не людзі, не зразумеюць яе.  І Зміцер там недзе галодны, халодны сядзіць за кратамі. Ехаць, трэба ехаць. Да сына павінны пусціць. Алег цярпліва чакаў, пакуль яна маўчала.
    - Паслухай, Алег. Я сёння ж выеду ў Мінск. Чуеш? Ты толькі дакладна  даведайся, дзе Зміцер. Чуеш?
    - Добра, Вольга Пятроўна, я зраблю. Тэлефануйце, я вас сустрэну.
    Яна падхапілася і тут жа села. З чаго пачынаць? Па-першае, трэба сабраць сыну цёплыя рэчы, у турме, пэўна, холадна. Потым паесці чаго сабраць. Яна кінулася да шафы, стала выцягваць  вязаныя  шкарпэткі, світары. І зноў, як зняможаная, апусцілася на ложак. Зусім забылася – а каровы, ферма? Хто за яе пойдзе на дойку? Хто дагледзіць гаспадарку дома? Не, не, яна павінна гэта вырашыць. Вольга знайшла нумар загадчыка фермы Якоўчыца.
    - Сцяпанавіч, добры  дзень. Выручай. Мне трэба тэрмінова  ў Мінск  на дзень-другі.
    - Вольга, ты думаеш, што кажаш? Каго я пастаўлю на тваё месца? І так тры даяркі ў водпуску. Няма кім замяніць, сама ведаеш. Не магу.
    - Сцяпанавіч, колькі разоў я цябе выручала, га? Забыў? А я калі прасілася? Першы раз. Мне тэрмінова трэба, разумееш?
    - А потым прыгразіла:
    - Не адпусціш – на мяне больш не спадзявайся, калі спатрэбіцца.
    У тэлефоне было чуваць, як Якоўчыц цяжка ўздыхнуў:
   - Ладна. Але толькі на два дні. Чуеш, на два дні?
    - Дзякуй, Сцяпанавіч, дзякуй, міленькі.

-3-
    Праз нейкую гадзіну яна бегла да Андрэя. Яго жонка, Галя, дагледзіць гаспадарку, а Андрэй падкіне  ў  райцэнтр. Яшчэ не позна, аўтобусы да Мінска павінны быць. Руку адцягвала цяжкая валізка, у якую яна напакавала цёплых шкарпэтак, паклала світар, чыстай бялізны. Пад імі ляжала крыху сала, два колцы дамашняй кілбасы, паляндвіца ды яшчэ тое-сёе. Яшчэ чаго потым прыкупіць на месцы. Галоўнае – дабрацца, а там разбярэццца.
    Андрэй быў дома. Ён не стаў аднеквацца і праз паўгадзіны яго чырвоненькі “фольксваген” пад’ехаў да  спанураннага і маўкліва-халоднага аўтавакзала. На  пустым засівераным  пероне стаяў адно  невялікі белы аўтобус ды курыў, закутаўшыся ў пярэсты шалік, высокі чарнявы хлапец. Пакуль Вольга бегала ў касу за білетам, брат  чакаў яе ў машыне. Аўтобус  павінен быў адпраўляцца праз  паўтары  гадзіны. Андрэй дапамог ёй аднесці валізку ў зал для пасажыраў і Вольга, з палёгкаю  уздыхнуўшы, прымасьцілася на шырокім драўляным сядзенні. Хоць бы ўсё было добра.  Як там Зміцер? Прыгадала чамусьці, што малым ён вельмі любіў дэкламаваць вершы, якія давалі завучваць у школе. Як запраўскі артыст,  узбіраўся на табурэт і старанна паўтараў:
Не сядзіцца ў хаце хлопчыку малому,
 Кліча яго рэчка, цягнуць санкі з дому.
       Мамачка, галубка – просіць сын так міла,
 Можа б ты на рэчку пагуляць пусціла.
    Тады ўсе пляскалі ў далоні, а ён радасна ўсміхаўся. Праўда, потым  перарос сваё захапленне і,  пасталеўшы, наадварот, стаў больш сарамлівым, ціхім.  У пятым ці шостым класе  стаў шмат чытаць і Вольга, баючыся, каб ён не пасадзіў зрок, нават ганяла яго ад кніг. У школе Зміцера ставілі ў прыклад і, для яе стала нечаканасьцю, калі аднойчы ён прыйшоў з запісам у дзённіку. Яе вызывалі ў школу, бо сын разбіў шкло ў класе. На  папрокі і пытанні ён упарта маўчаў. Дырэктар, праўда, аднёсься не вельмі строга да таго здарэнння, улічваючы ўсе абставіны: і тое, што сын ніколі раней не быў парушальнікам, і тое, што Вольга была ў ліку лепшых даярак раёна. Толькі праз некалькі гадоў яна даведалася, што тое шкло разбіў не яе сын.  Гэта выпадкова зрабіў яго сябар Васька  Бартосік і, спалоханы, заплакаў. Бартосік-старэйшы быў вельмі строгі,  нават жорсткі чалавек, лупцаваў  сына за малейшую правіннасць.  Зміцер па-сяброўску ўзяў віну на сябе і нікому ў гэтым не прызнаўся.
    Гучны пранізлівы голас з вакзальнага дынаміка абвясьціў аб прыходзе чарговага  аўтобуса. Побач, на лаўцы, гаманілі дзве жанчыны  пенсійнага ці перадпенсійнага ўзросту з туга напакаванымі валізкамі. Яны абмяркоўвалі ўчарашнія выбары і да Вольгі даляталі абрыўкі іх гутаркі:
    - А я кажу дабром не скончыцца… як лобам у сцену…, - давозіла адна.
    - Так, так, - пагаджалася другая, - абы ціха ды мірна… палучкі добрыя, чаго там.
    Вольга адвярнулася  ад іх і глянула на гадзіннік. Хутка і яе аўтобус. Што яе чакае далей? Ці зразумее хто яе?
    Мерна гудзеў рухавік аўтобуса, у салоне было ціха, сусед – дробны, з рэдкімі вусікамі, бы хлапчук, мужчына – заплюшчыўшы вочы, драмаў ці рабіў выгляд, што дрэмле. Праз  напаўзамёрзшае шкло  праглядваліся засьнежаныя дрэвы, потым  мільганула вёска і пайшло белае поле.  Вольга падаткнула хустку, пасунула ногі крыху ўперад і засяродзілася на сваім. Успомнілася, як улетку да Зміцера прыязджаў Алег. Часам яны бурна спрачаліся: галовы маладыя, гарачыя. Канешне, ёй не было часу асабліва ўслухоўвацца ў іхнія размовы, але сёе-тое ўсё роўна чула. Гаварылі яны пра падтрымку нейкага іхняга  будучага кандыдата, пра тое, як і што будуць рабіць. Яна неяк за вячэрай зноў не вытрымала і ўмяшалася:
    - Ой, хлопцы, маладыя вы яшчэ, даверлівыя, не раўнуючы, як тыя мае цяляткі-немаўляткі – сунеце галаву абы куды.  Навошта вам патрэбна гэта палітыка? Во, вучыцеся сабе, дзяўчат шукайце ды жывіце. Нашто яна вам? Што яна вам дасць?
    - Вольга Пятроўна, калі не мы – то хто будзе будаваць нашу будучыню? Мы хочам жыць у еўрапейскай дзяржаве, разумееце? - адказаў Алег.
    - Ой, не ведаю я гэтыя вашы “еўропы”, але і ў нас, калі рабіць, то можна жыць. А ад гэтых кіраўнікоў адна карысць. Вунь у нас адзін прадсядацель быў  - краў, цяпер другога паставілі – і той  сыну хату ў горадзе будуе за калгасныя грошы. Што змянілася?
    - Мама, калі нічога не рабіць і маўчаць, то дакладна нічога не зменіцца. Цябе задавальняе такое жыццё? - ужо не змаўчаў сын.
    Вольга  няпэўна паціснула плячыма, бо ніколі не задумвалася над такім пытаннем, не да таго было. Пытанне ў  другім:  ці   бачыла яна  іншае? Што яна можа думаць і казаць, калі падумаць пра гэта няма часу: ферма, дойкі, агарод, бульба, сена. Ды шмат чаго яшчэ. Яна цяжка ўздыхнула.
    - Вось, мама, мы і хочам, каб ты магла  працаваць, каб жыць, а не жыць, каб працаваць. А гэта можа быць толькі ў свабоднай беларускай дзяржаве, дзе ніхто і нікога не баіцца.
    Тая размова неяк забылася і во сёння чамусьці прыгадалася. Хто яго ведае, можа і трэба нешта мяняць, але ж жыццё адно. Пакуль будзеш пяцца, ўпрагацца –  гады  прабягуць. А яшчэ, не дай Бог, артыкул знойдуць, то ўвогуле будзе дрэнна.  Яны, маладыя, не думаюць,  што  можа быць далей.  Як лёс з самага пачатку зруйнуеш – то потым цяжка папраўляць, усё роўна былое будзе вылазіць і чапляцца за цябе. Вунь сын іхняга суседа,  Пятра Жоўгалы. Добры хлопец быў, вучыўся нядрэнна, а нешта ўтварыў у войску, пасадзілі яго. Пасля, як адсядзеў,  і інстытут браць не хацелі, і работы добрай не знайшоў: памыкаўся ў горадзе ды вярнуўся ў вёску. Цяпер нечага –  мабыць, духам упаў – выпівае, робіць у калгасе праз пень-калоду. Анягож, з такім кляймом цяжка жыць. Яна разумее, што Зміцера не пераканае, бо ён надта балюча рэагуе на любую несправядлівасць і будзе да канца адстойваць сваю думку. А яе, несправядлівасці, сёння паўсюды вунь  сколькі. Хоць, дарэчы, і раней было не лепш. Але ж нічога, жылі людзі. У каго ж сын такі ўдаўся? Мабыць, у дзеда – яе бацьку. Той усё жыццё, колькі яна памятае, ваяваў з калгасным начальствам,  рэзаў праўду-матку ў вочы. За гэта бацьку і не любілі: з брыгадзірства  знялі, ды і потым падножкі ставілі не раз. Затое ў вёсцы яго паважаюць, ніхто дрэннага слова не скажа.
    Калі аўтобус, ціха вуркочучы, спыніўся на скрыжаванні на чырвоны свет, яна ачомалася: трэба ж патэлефанаваць Алегу. Той, як чакаў – тут  жа адказаў. Дамовіліся, што ён прыедзе на аўтавакзал. У вакзальнай мітусні яна крыху разгубілася: забыла,  калі апошні раз і была ў Мінску. Падняўшы валізку, стомлена  пакрочыла ў будынак, бо Алег, пэўне, не паспеў яшчэ даехаць. Але доўга чакаць не  прыйшлося, сябар сына з’явіўся літаральна праз пяць хвілін пасля таго, як яна увайшла ў зал чакання. Стрымана павітаўшыся, юнак працягнуў руку да яе валізкі:
    - Давайце я, Вольга Пятроўна. Паедзем да нас, пераначуеце. Мая мама  чакае. А ўжо заўтра пойдзем…
    Не дагаварыўшы, Алег пайшоў наперадзе, а яна за ім. На прыпынку было шматлюдна, і ў натоўпе Вольга ледзьве не згубіла яго з поля зроку. Юнак спыніўся каля лаўкі.
    - Можа ты даведаўся, дзе знаходзіцца Зміцер? – нейкім крыху надтрэснутым, як не сваім, голасам спытала яна.
    - Так. Як я і казаў, ён знаходзіцца  ў  ізалятары на Акрэсціна.  Заўтра сходзім туды, магчыма атрымаецца аддаць перадачу.
    - А пабачыцца?
    - Не ведаю, - Алег паціснуў плячыма. - Бо да гэтага часу з затрыманымі нічога не вырашылі. Прабачце, не хачу вас палохаць, але скажу шчыра: наўрад ці штрафам  абыйдзецца. Могуць некалькі сутак даць. А, ўвогуле, не ведаю. Прабачце.
    Нядобрыя думкі зноў палезлі ёй у галаву: напэўна, калі дадуць сутак, выключаць з інстытута.  І тады ўсё -  гэта ж і ганьба, і жыццё хлопцу зруйнуюць. Вось нарабілася.
-4-
    На ліфце яны падняліся на чацвёрты паверх.  Алег  шчоўкнуў замком і гасцінна расчыніў дзьверы перад Вольгаю,  уключыў святло, потым дапамог распрануцца.  У вітальню заглянула   цемнавалосая  жанчына год сарака  ў дамашнім халаце.
    - Знаёмцеся, Вольга Пятроўна – гэта мая мама, Ала Іванаўна, - ветліва  прадставіў  Алег.
    - Вельмі  прыемна, - кіўнула Вольга.
    - Праходзьце ды будзем вячэраць. Алег, пакажы госьці дзе рукі памыць,- прыязна ўсміхнулася Ала Іванаўна. Яе вочы свяціліся цеплынёй.
    - Вольга  выйшла з прыбіральні і схамянулася, што з’явілася з пустымі рукамі. Яна адчула сябе няёмка. Вярнулася ў вітальню, выцягнула з валізкі колца дамашняй кілбасы і прынесла яго на стол:
    - Прабачце, неяк не падумала, нічога не купіла з сабою.
    - Што вы гаворыце нешта такое, - махнула рукою Ала Іванаўна, - нічога і не трэба. Сядайце, калі ласка. Прыгубіце крыху  за знаёмства?
    - Не, можа вы самі, калі што, - рашуча адмовілася Вольга, - бо я не надта да гэтага. Хай яна гарам гарыць.
    - Тады і я не буду, - падтрымала і гаспадыня, - я ж толькі дзеля прыліку прапанавала. То давайце вячэраць.
    Нейкі час яны маўчалі, нібы кожны думаў аб нечым сваім, хоць можа яно так і было. Вольга ўявіла, што сын сядзіць недзе за кратамі і там ужо напэўна ніхто не пакорміць яго гарачай вячэрай. І чаму ж усё так складваецца? Хай бы лезьлі іншыя, мо ў іх бацькі больш багатыя, могуць дапамагчы у такіх абставінах. Яна ж нічым не дапаможа, хіба толькі што прасіцца ў начальства.
    - Алег, чаму ты так мала ясі? - Ала Іванаўна паглядзела на сына. - Нешта здарылася?
    - Ды не, ўсё нармальна.
    - Ох, бачу, не ўсё ты мне кажаш, - уздыхнула маці. - Шкада, што бацькі няма, можа ён з табою пагаварыў бы.
    - А дзе ж ваш гаспадар? - спыталася Вольга.
    - У Расію на заробкі паехаў. Зманулі яго сябры, што там атрымліваюць больш, чым у нас у два разы. А сын мяне зусім слухаць не хоча.
    - Мама…, - з дакорам працягнуў Алег.
    - Што мама? Вось чаго вас пагнала на тую плошчу?А цяпер клопату мне, ды і ёй во, - кіўнула гаспадыня на Вольгу. - А далей што?
    - Калі ўсе будуць сядзець  у кватэры ці хавацца за спіны іншых, то ніколі і нічога не зменіцца. Як ты гэтага не разумееш, - з запалам выгукнуў Алег. - Кастусь Каліноўскі   за свабоду на шыбеніцу пайшоў.
    - Калі ж тое было, успомніў, - Ала Іванаўна вяла махнула рукою. –Свабода,  свабода… Эх, дзеткі, не разумееце вы, як маткам прыходзіцца. Калі б ведалі, то дзесяць разоў падумалі перш, чым ісці туды. Але ж нездарма кажуць: каб маладосць ведала, а старасць магла.
    Зноў  усе прымоўклі. Потым гаспадыня схамянулася:
    - Што ж я сяджу, давайце гарбаты з печывам пап’ём.
    - Мама сядзі, я сам, - падхапіўся Алег.
    Папіўшы гарбаты, ён пайшоў  пасядзець за кампутарам – рыхтавацца да экзаменаў, а жанчыны засталіся адны. Вольга, стомленая дарогай і цяжкімі роздумамі, маўчала. Маўчала і гаспадыня, пацягваючы гарачую гарбату.
    - Добры ў вас сын, - прамовіла яна, - адказны і клапатлівы.
    - Ды і ў вас таксама добры хлопец, - адказала Вольга. - Калі яны са Зміцерам да нас прыязджалі, я заўсёды радавалася, што ў сына такі сябар.
    - Мабыць, так. Але вось трэба ж было ім лезці ў гэту палітыку. Не хацела пры Алегу казаць, ды  здаецца мне, не скончыцца дабром яно, - Ала Іванаўна раптам ўсхліпнула.
    - Чаго вы, не трэба, - стала суцяшаць яе Вольга, хоць у самой унутры ўсё абарвалася пасля гэтых слоў. - Алега ж не затрымалі, дзякуй Богу. Так што ўсё будзе добра.
    - Вы проста не ўсё ведаеце, - сумна хітнула галавою Ала Іванаўна. - Мне знаёмая тэлефанавала і казала, што прыходзяць дахаты і затрымліваюць тых, хто быў на плошчы, асабліва актывістаў. Дзяўбла ж я яму – не лезь, ды дзе там.
    - І я не раз казала Зміцеру, - падтрымала  яе Вольга, -  толькі і ён мяне не паслухаў.  Галовы гарачыя, лічаць, што больш за нас ведаюць. З аднаго боку, яно так, ведаюць  і бачаць шмат –  цяпер моладзь адукаваная, не мы,  цёмныя. Але ж не разумеюць таго, што мы жыццё  ўжо пабачылі, хай сабе і крыху іншае.
    Яна  прымоўкла і задумалася. Пасля жанчыны  яшчэ крыху пагаманілі. Вользе спадабалася маці Алега: спакойная, добрая і спагадлівая жанчына. З ёю было лёгка і проста размаўляць,  Вользе падалося, што яны бачацца не першы раз і даўно знаёмыя. Потым Ала Іванаўна адвяла Вольгу ў пакой, паслала ложак і, пажадаўшы добрай ночы, выйшла. Вольга, не гледзячы на стому, доўга ляжала і не магла заснуць. Што будзе заўтра? Ці  ўбачыць яна сына? Ці стануць яе слухаць у інстытуце? Паўздыхаўшы,  павярнулася на бок і непрыкметна заснула.
-5-
    Па даўно заведзенай звычцы Вольга прачнулася рана:  на вуліцы, тым больш у кватэры, панавала цішыня. Яна паднялася, падыйшла да вакна і глянула на гадзіннік: так і ёсьць, яшчэ толькі палова  шостай. Зыркае святло вулічнага  ліхтара  выхапіла з цьмянай цішыні чорныя верхавіны дрэў, радок прыпаркаваных уздоўж ходнікаў машын  і маўклівыя прамавугольнікі камяніц. Большасць гараджан яшчэ спала. Вольга чамусьці адчула сябе чужой і пакінутай у гэтым вялікім і амаль незнаёмым горадзе. Тут усё халоднае, адчужанае: і дамы, і вуліцы, і людзі. І няма дзе прытуліцца воку, пагрэцца погляду на нечым сваім, знаёмым і блізкім.  Дзіўна, як людзі прывыкаюць да мітусні і тлуму, да мноства незнаёмых, абыякавых  твараў, цесных і халодных сцен. Навошта ўся гэта мітусня і беганіна? Хай сабе і цяжка ў вёсцы, але сэрцу лепей.
    Па вуліцы праімчалася машына і як бы вывела яе стану здранцвення.  Спаць ужо не хацелася, але  каб не турбаваць Алу Іванаўну з Алегам  раней часу, яна  ціха прылегла ў ложак. Можна і паляжаць, калі ў яе такое бывае, што не трэба хуценька падымацца, падходжвацца па гаспадарцы, спяшацца на ферму. Сёння нялёгкі дзень будзе. Са слоў Алега, яшчэ ўчора  лёс  затрыманых заставаўся невызначаным. Магчыма, што сёння павінна нешта вырашыцца. Калі ўсё будзе добра і  будзе прынята нейкае канчатковае рашэнне, то могуць даць  згоду на кароткачасовае спатканне. Прынамсі, такі  расклад абмаляваў Алег. А, можа, дарэмна яна хвалюецца, можа ўсё абыйдзецца? Дадуць Зміцеру тых некалькі сутак, адсядзіць і выйдзе. Раней жа за дробны арышт ніколі  не выганялі  з інстытута.  Тым больш сын на добрым  рахунку, добра вучыцца ўжо чацвёрты год. Не можа быць, каб такое не ўлічвалі.  Ад гэтых думак яна павяселела, паднялася і пайшла ў ванны пакой, тым больш, што ў суседнім пакоі празвінеў будзільнік.
    Паснедаўшы, яны з Алегам выйшлі з кватэры. Ала Іванаўна, развітаўшыся, пайшла на працу яшчэ раней. Вольга ж меркавала пасля паездкі на Акрэсціна  з’ездзіць у інстытут і пагаварыць у дэканаце пра сына, і потым, вырашыўшы ўсе гэтыя пытанні, адправіцца на аўтавакзал. Заняткі ў Алега пачыналіся ў другую змену, таму ён бесперашкодна мог пабыць з ёю увесь той час, пакуль яна будзе займацца сваімі справамі, бо Вользе цяжка было арыентавацца ў Мінску. Да таго ж юнаку і самому хацелася – калі такое будзе магчыма –  пабачыцца з сябрам,  падтрымаць таго.
    Мякка шчоўкнуўшы, дзверы ў пад’езд  зачыніліся. Твар  адразу ж абдала сіверам і стыласцю, вільготнае паветра, як бы прыціснула да зямлі. Шэрая імглістасць яшчэ хавалася ў закутках паміж камяніцамі і пад’ездамі, панура сцішыліся прысыпаныя снегам машыны. Алег перакінуў у правую руку даволі цяжкую Вользіну  валізку, зрабіў некалькі крокаў наперад. Яна паспяшалася за сынавым сябрам. У гэты момант з-за вугла будынка выехаў міліцэйскі “Уазік” і аглушальна віскнуўшы тармазамі спыніўся каля юнака. Пярэднія дзверы адчыніліся, з іх высунуўся міліцыянт:
    - Грамадзянін Карпеня?
    - Так, - крыху разгублена адказаў Алег.
    - Вы павінны праехаць з намі, - міліцыянт вылез з машыны,  узяў юнака пад локаць. Заднія дзверы адчыніліся, з іх вылез яшчэ адзін чалавек уцывільнай  вопратцы і падыйшоў да Алега з другога боку.
    - А ў чым справа? - усхвалявана выгукнуў хлапец. - Чаго вы ад мяне хочаце? Я нічога не парушаю.
    - Вам прыйдзецца праехаць з намі ў раённае упраўленне ўнутраных спраў, там усё патлумачым, - цярпліва адказаў міліцыянт.  - Я ваш участковы інспектар.  Сядайце ў машыну і не трэба паднімаць гвалт.
    - Пачакайце, я аддам валізку, - Алег вырваў сваю руку і  павярнуўся да жанчыны. - Вольга Пятроўна, прабачце, я не змагу паехаць з вамі.  Вы ідзіце наперад паміжі дамамі, там будзе аўтобусны прыпанак. Спытаецеся,  як даехаць да вуліцы Акрэсціна, нехта падскажа. А там, на месцы, сёння будзе шмат народу, любы вам скажа, што рабіць далей. Там усе нашы, разумееце? Усё будзе добра.
    - А… а як жа ты? - выціснула з сябе разгубленая жанчына.
    - За мяне не хвалюйцеся, праўда.  Яшчэ сустрэнемся, - абнадзеіў яе юнак. Ён паставіў валізку на дарогу, злёгку паціснуў ёй руку і сеў  у машыну. Гучна ляпнулі дзверы, аўтамабіль таргануўся, праехаў некалькі метраў па дарожцы, потым звярнуў  у цемру пад аркай і  знік.  Вольга адчула, як унутры нешта сціснулася, перахапіла дыханне і ёй падалося,  што яна  можа заплакаць. Некалькі слязінак самі па сабе  скаціліся на твар, нечакана  абудзілі хвалю роспачы і бяссілля.  Хацелася кінуць усё, сесці проста на гэты заезджаны асфальт і заплакаць. Не, толькі не цяпер. Ды і ўвогуле нельга плакаць. Не хапала, каб яе бачылі слабай. Яна павінна дапамагчы сыну. Але чаму, за што  забралі Алега? Што  робіцца?
    Невысокая гаваркая жанчына  пенсійнага ўзросту ў тоўстай вязанай шапцы спрабавала было патлумачыць ёй, як даехаць да таго самага ізалятара, а потым, схамянуўшыся, кінулася да пад’ехаўшага тралейбуса. З таго, што ёй расказала жанчына, Вольга так і не зразумела, як дабрацца да патрэбнага месца. На шчасце побач стаяў высокі і худы мужчына, з сівой шчэццю на твары, які сам прыйшоў ёй на дапамогу:
    - Сядайце са мною во ў гэты аўтобус. Я якраз у той бок  еду і падскажу, дзе вам перасесьці.
    Яна з удзячнасцю зірнула на незнаёмца і праціснулася за ім у аўтобус. Аўтобус  праехаў колькі прыпынкаў і мужчына гукнуў яе:
    - Выходзім.
    Калі яны выйшлі, мужчына ахвотна  патлумачыў:
    - Адсюль вам тры прыпынкі, можна і пехатой, калі ісці ўлёгцы,  але ў вас цяжкая валізка. Сядайце на любы нумар і даедзеце.
    Ён сабраўся было ісці, але нечакана павярнуўся, прыязна ўсміхнуўся Вользе і з цеплынёю ў голасе прамовіў:
    - Удачы вам.
    Падзякаваўшы, Вольга глянула на гадзіннік: палова дзевятай. Добра,  якраз паспее да дзевяці. Яна села ў першы ж аўтобус.
-6-
    Патрэбны будынак шукаць  не прыйшлося.  На выхадзе з аўтобуса яна зноў спытала дарогу  і  хутка трапіла да ізалятара. Сцяна, са скручаным калючым дротам паверсе, доўгая і высокая, як варожая крэпасць, цягнулася уздоўж на  сотні метраў. У адным месцы, недзе пасярэдзіне, цямнелі высокія металічныя вароты, а каля іх  вытыркалася паўкруглая будка з дзвярыма і акенцам. На вуліцы стаялі міліцэйскія грузавікі,  а каля варот  невядомыя людзі ў чорным: ці то міліцыянты-амапаўцы, ці то спецназаўцы.  А каб ніхто не сумняваўся, што  трапіў  у патрэбнае месца, увесь малюнак дапаўняла шыльда: прыёмнік-спецразмеркавальнік. Яе спачатку напалохала такая  колькасць  амапаўцаў: ці тут плануецца зноў нейкае выступленне? Калі так, то гэта ўсё невядома чым скончыцца. Але не, ніхто не мітынгаваў, большасць прысутных складала моладзь і жанчыны, якія вялі сябе спакойна.  Алег казаў, што выпадковых людзей каля ізалятара не будзе і ён, відаць, не памыліўся: у тых, што тут знаходзіліся, шмат у каго ў руках былі напакаваныя торбачкі і валізкі. Нехта стаяў каля ўваходных дзвярэй, іншыя разбіліся на купкі і вялі між сабою  гаворку.  Падобна на тое, што людзі стаялі ў вялікай чарзе. Вылучалася моладзь, якой было нямала, многія трымалі ў руках  фота кандыдатаў у прэзідэнты, мільгалі нейкія людзі з фотаапаратамі.  Зводдаль  ад усіх стаялі двое  добра апранутых мужчын і  смела  здымалі  прысутных на відэакамеру.   
    Вольга  спынілася: што далей, куды ісці,  да каго звяртацца?  Быў бы Алег, ён павёў бы куды патрэбна, а сама яна нічога не ведае.  Трэба, мабыць, да дзяжурнага, ў тое акенца.  Уздыхнуўшы, як бы набіраючыся смеласці, яна паціху пашыбавала да дзвярэй. Бліжэй да акенца, кутаючыся ў чорны шалік, стаяў мужчына сярэдняга ўзросту з невялікай акуратнай бародкай  і  нешта разглядаў у тэлефоне. Побач  маладая дзяўчына размаўляла  з хлопцам, злева ад іх курыў статны, з вайсковай выпраўкай, мужчына.
    - Прабачце, -  нясмела звярнулася Вольга да мужчыны з ваеннай выпраўкай, - ці пускаюць туды?
    - Туды пускаюць, а адтуль нікога не выпускаюць, - пажартаваў той.
    - Пакуль што чакаем, - дадаў мужчына ў шаліку.
    - І перадачы не прынімаюць?
    - Што вы, не. Учора павесілі аб’яву, што не прынімаюць па тэхнічных прычынах, а сёньня пакуль нічога не паведамлялі. Але пачакайце, павінна праясніцца. Мы тут усе стаім у чарзе.
    Вольга  адыйшлася, апусціла валізку. Колькі ж чакаць? Што ж,  людзі стаяць, пастаіць і яна. Трэба ісці ў канец займаць чаргу, магчыма, ёй і пашанцуе. Апошняй стаяла  стройная жанчына з ярка  падфарбаванымі вуснамі у прыгожай скураной дублёнцы. Вольга  спынілася каля яе:
    - Скажыце, вы апошняя?
    - Жанчына  неяк нядобра, як падалося Вользе  нават з пагардаю,  глянула на яе, але адказаць нічога не паспела.  У гэты момант у яе азваўся тэлефон. Суседка выцягнула яго з кішэні і паднесла да вуха:
    - Да, я здесь. Пока ничего. Да, вчера пыталась, да где там. Представляешь, ходила в милицию, пыталась что-то узнать. Я им говорю, что у нас не комендантский час, имеешь право гулять, где хочешь. За что хватать? Бесполезно, разве  докажешь,  это всё равно, что лбом о стенку биться. Да, ты не представляешь, это ужас – экзамены на носу.
    Тое, што жанчына гаварыла па тэлефону на чыстай рускай мове не здзівіла Вольгу, але неяк рэзала вуха, бо звычайна большасць размаўляе на “трасянцы”. “Таксама хвалюецца, некага і ў яе забралі, - са шкадаваннем адзначыла Вольга”. Каб неяк пабавіць час, яна запытала ў жанчыны пасля таго, як тая скончыла размову:
    - А ў вас каго забралі?
    Жанчына здзіўлена, быццам дзіва дзіўнае,  аглядзела яе, потым   з нечаканай злосцю перадражніла яе:
- Каго забралі.  Приедут вот такие сюда и начинают везде лезть со своею “моваю”. Говорила я своей дурочке: не связывайся с этими мужланами, они до добра не доведут. Она же у меня умница, двумя иностранными языками владеет, стихи пишет, на фортепиано играет. Всё было бы хорошо – так нет, эта деревенщина появилась, а моя в него втрескалась и уши развесила, попёрлась на  “плошчу”.  Надо  оно ей это –  “Жыве Беларусь”!
    Вольга спачатку анямела ад яе слоў, а потым абурылася: за што? Што  яна зрабіла  ёй, толькі  пацікавілася ж? Таксама, пані знайшлася! Бачыш ты яе: дзеравеншчына, мужланы. Нябось, хлеб з малаком ды мяса есць і не крывіцца, а тут вёска ёй дрэнная. І Вольга не змаўчала.
    - Вось вы тут пра вёску, пра мову кажаце. Ды каб вёска гэта вас не карміла, што было б? А тут, канешне, ўсё разумныя, фартэпіяны, інстытуты, вершы. Вось так: робім, робім, а нас памыямі абліваюць.
    Жанчына кінула ў яе бок здзіўлены позірк, памаўчала, а потым прамовіла ужо цішэй, як бы апраўдваючыся:
- Это вы зря, лично против  вас я ничего  не имею. Мне за дочку обидно: растила её, вкладывала всё, чтобы  интеллигентным человеком стала, а она полезла в эту муть. Зачем ей это? Вот скажите, как я могу спокойно относиться к том, что её задержали?
    - Я разумею вас,  у мяне сына таксама за гэта з плошчы забралі, - ужо спакайней адазвалася Вольга. -  І мне ўсё баліць. Не дай Бог адлічаць з інстытута, а ён жа бюджэце вучыцца, і добра вучыцца. Ведаеце, я за гэтыя дні столькі перадумала. Такія ўжо нашы дзеці, што не хочуць слухаць нас, але  гэта іх жыццё  і  яны самі яго выбіраюць. Трэба, мабыць, змірыцца з гэтым. 
    Памаўчаўшы, яна дадала:
    - Толькі ўсё адно перажываеш за іх: як там усё будзе? Цяжкая  наша жаночая доля: выпраўляць ды чакаць.
    Жанчына нічога не адказала і Вольга, сцішыўшыся,  паглыбілася ў свае думкі. Алег нешта ведаў, калі гаварыў, што дадуць суткі. Хай сабе, перажывеццца, абы горш не было. Хоць за што яго  караць? Яна выгадавала добрага сына і выдатна ведае, што той не ўзніме руку на чалавека, не кажучы пра што горшае.  А што людзі там такога  страшнага зрабілі?  Прайшлі па праспекту, выйшлі на плошчу, кажуць, нехта разбіў шкло ў дзвярах. І што? Караць за тое, што выйшлі на вуліцу? Не, тут іншае – яны пайшлі супраць улады, а ўлада не даруе такога. Ад гэтай нечаканай думкі яна жахнулася і рукі дробна закалаціліся.  Каб схаваць сваё хваляванне, Вольга стала папраўляць хустку, пальцы  забегалі па кішэнях, як бы нешта шукаючы. Калі яна правільна думае, то ўсё можа скончыцца значна горш, чым яна  сабе раней уяўляла. Няўжо такое магчыма? О, Божа, што ж тады будзе са Зміцерам, з яго вучобаю? Не, не, такога не павінна здарыцца, яе сын ніякі не злачынца.
-7-
    Наперадзе  абазначыўся нейкі рух, чарга ажывілася:
    - Як быццам, будуць прынімаць.
    - Так, першыя пайшлі.
    - Ну, то і добра, праз якія гадзіну-дзьве і да нас чарга дойдзе.
    Жанчына ў дублёнцы, мабыць,  паспела адыйсці  ад першапачатковага раздражнення. Крыху пасунуўшыся ў чарзе, яна першая загаварыла з Вольгаю:
    - Понимаете, ведь моя Оксаночка не сможет и дня прожить в таких ужас-ных условиях. А её бросили в холодную  вонючую камеру. Я представить себе не могу, как она там мучается: голодная, грязная.  О, это невыносимо!
    Жанчына нават ўсхліпнула.
    - Не перажывайце  вы так, - як магла стала супакойваць яе Вольга, - яна  там не адна. Мне здаецца, што дзяўчат трымаць доўга не будуць – не сёння-заўтра адпусцяць.
    - Вы так думаете?
    - Канешне, навошта ім дзяўчаты, вунь колькі нахапалі  і без іх. Гэта ж колькі людзей прыйшло да сваіх. А колькі яшчэ не.
    Вольга кіўнула  на чаргу.
    - Хорошо бы, - жанчына ўздыхнула, - а то у неё сессия скоро, готовиться надо. Я ведь в Оксаночку столько сил вложила – одна растила, можно сказать, разве что родители помогали немного.
    - А дзе ж ваш муж, прабачце?
    - Муж, - пагардліва фыркнула жанчына. - Где они есть,  настоящие мужчины. Мой сбежал, как только узнал, что я беременна. До сих пор так и не объявился.
    - Ўсялякае бывае, - пагадзілася Вольга, ўспомніўшы пра свайго Івана. -Але ж не ўсе аднолькавыя. А ваша дачка дзе вучыцца?
    - В лингвистическом университете. Между прочим, исключительно на «восемь» и «девять», - з гонарам паведаміла суседка.
     У Вольгі ад нечаканай думкі аж злёгку закружыла ў галаве. Няўжо такое магчыма? Не, такое толькі ў кіно бывае. Ці ўсё ж  спытаць у жанчыны? Ат, калі так ужо атрымалася, то няхай.
    - Прабачце, не ведаю як вас зваць?
    - Елена, - адказала жанчына.
    - А мяне Вольга. Скажыце, а як ваша прозвішча?
    - Что?
    - Ну, фамілія.
    - Странно. Зачем вам? Ну, допустим, Круглова, а что?
    - Ды не, нічога. Проста мой сын Зміцер сустракаецца з дзяўчынай, а яе зваць Аксана Круглова і яна вучыцца ў лінгвістычным універсітэце.
    - П-подождите, - злёгку заікнулася Алена  і загаварыла блытаючы рускія і беларускія словы. - Вы хотите сказать, что ваш Зміцер сустракаецца с моей Оксаной? Дык вы з  Забалаці?
    - Так.
    - О, Боже! Невероятно.
Алена войкнула,  прыкрыла рот рукою ў пальчатцы  і ўтаропілася ў Вольгу.
    - Прабачце, але я і сама ніколі не магла падумаць, што такая сустрэча  можа здарыцца, - Вольгу  ахапіла лёгкае хваляванне. - Мне сын нічога не расказваў. А пра Аксану я даведалася ад яго сябра, Алега.
    - Но как же так? Невероятно,  никогда не думала, что такое возможно. Хотя что говорить? - Алена слаба махнула рукою. - Оксана и слушать не хочет меня, а глядзіць толькі ў рот  вашаму Зміцеру. Но если у них всё настолько серьёзно, я не представляю, как она будет жить у вёсцы. Она то  была там  всего несколько раз.
    - Ведаеце, Алена, не такая ўжо вёска і страшная, як вам здаецца – людзі і там жывуць. Галоўнае, каб у іх было ўзаемаразуменне. Я не хачу хваліцца сваім сынам, але Зміцер адказны і сумленны хлопец, ён ніколі не пакрыўдзіць вашу Аксану. Да таго ж, яшчэ невядома, як яно ў іх там будзе, што казаць раней часу.
    - Согласна. Я видела Диму только несколько раз и не буду спорить – он мне понравился: воспитанный и порядочный.  Но я Оксана  у меня тонкая, ранимая. А  вы же видите, что творится вокруг. Куда они лезут?
    Чарга, тым часам, рухалася  наперад, Вольга з Аленай пасунуліся за ўсімі. А  за імі таксама паспеў выцягнуцца невялікі хвост. Алена хацела нешта яшчэ сказаць, але ў гэты момант заскрыгіталі вароты і адтуль паказалася  машына з металічным фургонам. Такія машыны Вольга бачыла па тэлевізару – у іх перавозяць злачынцаў. Позіркі  прысутных скіраваліся на аўтамабіль, які марудна выпаўзаў на вуліцу. Нечакана да машыны кінулася нейкая жанчына ў карычневым паліто і загаласіла:
    - Вярніце мне сына! Дзе мой сын?!
    Яна стала наперадзе, машына спынілася. Да яе падбеглі двое дужых малайцоў у чорным, падхапілі пад рукі і адвалаклі ў бок. Жанчына працягвала прычытаць і рвацца да варотаў. Але тыя, ў чорным, нібы сцяна, сталі перад ёю, не даючы магчымасці прайсці наперад. Вольгу ўразілі іх твары: цвёрдыя, халодныя і абыякавыя, нібы тая самая каменная сцяна з калючым дротам, што  варожа  натапырылася за спінамі спецназаўцаў. Людзі навокал  загаманілі, выказваючы сваё абурэнне. Нервы ва ўсіх, пасля нядзельнага вечара і ўчарашняга дня, былі нацягнутыя, як струна:
    - Што вы робіце?!
    - Колькі можна хапаць?!
    - Людзі вы ці не?!
    Але на гэтыя  гнеўныя воклічы “чорныя” ніяк не рэагавалі. Яны пачакалі пакуль машына праедзе, а потым вярнуліся да варот.
    - Что же  теперь будет? - чамусьці шэптам вымавіла Алена.
    - Як было, так і будзе, а далей час пакажа, - разважліва  адказала Вольга.
    - Цяпер галоўнае каб нашы дзеці хутчэй выйшлі адсюль. Я сёння яшчэ хацела паспець з’ездзіць у інстытут. Бо, калі не дай Бог, адлічаць, то дзе я буду браць грошы, каб заплаціць за вучобу.
    - Вы думаеце…, - не дагаварыла Алена.
    - Людзі казалі. А тым больш пасля гэтага, - вочы ў Вольгі затуманіліся ад болю  і няпэўнасці. Сапраўды, яна не хоча сабе нават і ўяўляць, што такое  магчыма. І каб было спакайней, трэба абавязкова пагаварыць з тым самым дэканам. Прынамсі, Зміцер казаў, што менавіта ён галоўны ў іх на курсе. А прозвішча  даведаецца, гэта не так складана.
-8-
    Калі дайшла  чарга  да  Вольгі, яна  працягнула сваю торбачку.
    - Фамилия, - грозна буркнуў з акенца нядобры твар.
    - Яна назвала. Твар нейкі час маўчаў, мабыць шукаў прозвішча ў спісе, потым  адазваўся, як нехаця?
    - Что у вас там?
    - Дык во – рэчы цёплыя, сё-тое. Нічога асаблівага.
    Пасля таго, як у яе забралі рэчы, ператрэслі,  твар зноў  буркнуў:
    - Следующий.
    - Вольга таропка зрабіла  крок  улева.  Алена чакала яе:
    - Пойдёмте на остановку, я провожу вас.
    На  прыпынку  ў метро  Алена  растлумачыла Вользе, як даехаць да інстытута, а потым дадала:
    - Вы не обижайтесь на меня, просто нервы сдали. Как представлю, где моя дочь и что с ней дальше может быть – страшно становиться. Я понимаю, что должно что-то меняться. И ничего не имею против белорусской мовы, хоть  привыкли все как-то к русскому. Но самое  главное –  жизнь одна. Вот зачем ей губить свою жизнь?
    - Не, што вы, я не крыўджуся на вас, ні ў якім разе. Вы цудоўная маці, бо выхавалі добрую дачку, хвалюецеся за яе. За што  тут крыўдаваць? А наконт астатняга… Думаеце і мне не баліць? Але я ведаю толькі адно – гэта жыццё майго сына, хай  сам выбірае сваю дарогу.   Каб даў Бог тут усё добра скончылася.
    Вольга з хваляваннем перажагналася. Яны цёпла развіталіся, Алена выйшла з вагона. “ Добрая жанчына, хоць спачатку я на яе дрэнна падумала. Усё ж  такі і яе жыццё не песціла,” - Вольга задумліва глядзела ўслед выходзячай Алене. Міжволі ўкраліся ўспаміны пра сваё жыццё: дзявочыя гады, першыя гады замужжа. Якім светлым і простым здавалася тады будучае жыццё! Не, яна не хоча скардзіцца на свой лёс: у яе добрыя дзеці, дагледжаная гаспадарка, у хаце ёсць усё, што патрэбна. Толькі што муж п’яніца, але гэтая бяда ў многіх. Але ж чаму да слёз шкада  тых даўніх мар, той лёгкасці ў рухах і свежасці ў думках, што зніклі пад магутным прэсам  будзённасці  і неадольнага бегу жыцця…
    На першым паверсе вучэбнага корпуса інстытута пажылая жанчына, што сядзела на вахце, выслухаўшы яе, ахвотна патлумачыла:
    - Я даўно тут раблю, ўсіх ведаю, ага, не сумнявайся. То, табе, даражэнькая, трэба ісьці ў другі корпус, наступны за нашым – там твой факультэт. Падымешся на другі паверх і запытаеш дзе кабінет Ігара Паўлавіча. Ён павінен быць там.
    Мабыць, якраз аб’явілі  перапынак, бо калідор быў запоўнены студэнтамі. Вакол стаяў шум  і гамана, моладзь бесперапынна таўклася з боку ў бок, і ў Вольгі аж паплыло ў вачах ад такога гармідару. Нейкі невысокі  бойкі юнак у акулярах паказаў ёй патрэбны кабінет. Вольга пастукала ў дзверы, прыслухалася, але адказу не дачакалася – хутчэй за ўсё гэтаму перашкаджаў шум з калідору – і адчыніла іх. За сталом, гледзячы на экран манітора, сядзеў даволі малады, не больш сарака гадоў, паўнаваты мужчына. Ён прыўзняў галаву, адказаў на яе прывітанне і прапанаваў сесці.
    - Слухаю вас.
    - Прабачце, што турбую, адрываю ад справы. Вы – Ігар Паўлавіч?
    - Так, вы не памыліліся.
    - Я – маці вашага студэнта Зміцера Карповіча. Вось хацела пагаварыць.
    - Аб чым жа вы хацелі пагаварыць?
    - Можа  ведаеце, што Зміцера затрымалі заўчора, на плошчы. Самі разумееце, маці заўсёды перажываюць за дзяцей. Яго ж, пэўне, хутка адпусьцяць, бо Зміцер ні ў чым не вінаваты. Дык я хацела прасіць, каб вы ўжо там яго не надта сурова каралі. Ён жа паслухмяны, добра вучыцца. А тое што было – дык гэта ж моладзь. Яны  такія –  іншы раз не паглядзяць, не падумаюць, - Вольга выпаліла ўсё гэта на адным дыханні.
    Ігар Паўлавіч моўчкі перагледзеў нейкія паперы на стале і адвёў вочы ўбок:
    - Так, нам патэлефанавалі, што ён арыштаваны. Канешне, пакуль мы не ведаем ступень яго віны за ўдзел у тых падзеях і не можам рабіць ніякіх вывадаў. Да таго ж я нічога не вырашаю, бо ўсе загады падпісвае рэктар – кіраўнік нашай установы. Так што, прабачце, але я нічога канкрэтнага вам не магу сказаць.
    - Але ж Зміцер вучыцца на вашым факультэце.
    - Так, на нашым факультэце. Але паўтаруся – ад мяне нічога не залежыць, - Ігар Паўлавіч развёў рукамі, усё так жа стараючыся не глядзець ёй у вочы.
    - Вы скажыце – яго не адлічаць? - яна не змагла сябе стрымліваць.
    - Гэтага я не магу вам сказаць, - дэкан ухіліўся ад прамога адказу. – Калі нам прышлюць матэрыялы, тады і будзем вырашаць.
    - Вы ж можаце пахадайнічаць.
    - Так, я магу нешта прасіць. Толькі вы мяне зразумейце – у мяне невялікія паўнамоцтвы і шмат студэнтаў. Да таго ж нада мною яшчэ шмат начальнікаў. Ды вы не хвалюйцеся так, яшчэ пакуль  ніхто і нікога не збіраецца караць.
    Зразумеўшы, што ад дэкана яна больш нічога не даб’ецца, Вольга паднялася:
    - То прабачце, што патурбавала.
    - Нічога, нічога, заходзьце калі трэба.
    На вуліцы яна спынілася і аглянулася на будынак інстытута, падумала пра Ігара Паўлавіча. Не, такі не стане прасіць, ён будзе трымацца за сваё месца. Да галоўнага,  да рэктара,  таксама не мае сэнсу ісьці, наўрад ці стане ён слухаць. Якія ж дробязныя цяпер ўсе тыя, хто ва ўладзе: нічога не хочуць бачыць далей свайго ўтульнага кабінета. Мо і без іх абыйдзецца. Там жа столькі моладзі было, няўжо ўсіх павыганяюць  ды пад суд аддадуць? Такога проста не можа быць.  Супакоенная гэтай думкай яна пайшла на прыпынак.
    Ужо ў аўтобусе, стомленая і спустошаная ад бегатні і хвалявання за гэты кароткі зімовы дзень, Вольга іншы раз заплюшчвала вочы, успамінала яго, нібы пражываючы пройдзенае  ўжо ў думках. Як ты там, сынок? Як твая Аксана? Мабыць, прыгожая і харошая дзяўчына,  калі  ты яе абраў. А што, можа і добрая была б пара? Калі жорсткі і бязлітасны лёс не развядзе іх па розныя бакі, калі яны змогуць захаваць цеплыню ў сваіх сэрцах, не пабудуюць сцяну ў сваіх пачуццях падчас сумеснага жыцця.
    Сцяна… Сёння кругом Вольга натыкалася на яе:  раніцай, калі забралі Алега, днём, каля  доўгай  мураванкі з калючкай, і тады,  калі гэтыя ў чорным стаялі нерухомай  раўнадушнай перапонай   перад беднаю жанчынаю. І тады ж нябачная сцяна нянавісці вырасла паміж людзьмі і прадстаўнікамі ўлады. Гэта так жахліва: бачыць, што сцены не памяншаюцца, не разбураюцца, а растуць. Растуць усюды: на вуліцах, паміж людзьмі, у сэрцах людзей. Яны, сцены, уяўляюць сабой страшную сілу, бо раз’ядноўваюць, робяць людзей ворагамі, разбіваюць на два процілеглыя  лагеры. А такога быць не павінна. Трэба тэрмінова нешта рабіць, каб  гэтых сцен не было.                Вольга задрамала. Ёй  прысніўся Зміцер: вясёлы і дужы, ён ішоў недзе па  вуліцы з незнаёмаю дзяўчынаю, а вакол іх  груганнём кружыліся чорныя цені. Вольга  заўважыла  гэта  і  кінулася адганяць пачвар. Яна махала рукамі, выбіваючыся з сіл, хацела крычаць ды не было моцы,  а яны зусім не баяліся яе,  нахабна кружыліся і кружыліся над сынам з дзяўчынаю. І тут яна ўбачыла, што маладзёны   ўсміхаюцца адзін аднаму, так добра, так хораша, што цені самі сталі адлятаць ад іх,  рушыцца ўніз  і валіцца нібы сцены, у прах. Тады, у сне,  з палёгкаю  ўсміхнулася і змучаная маці.
ПЛАНКТОН
-1-
     Паціху, неяк незаўважна – мабыць,  з-за таго, што ён мала зважаў на дарогу – сцямнела. Спачатку ранні студзеньскі прыцемак няспешна садзіўся на заснежанае поле, ціхае белае наваколле, потым паволі ўкрываў  шэрай засмужанасцю лес, што чарнеў паабапал, і толькі пасля апусцілася ноч,  цалкам  заўладарыўшы  над зямлёй.  Сонца сёння нават і не паказвалася з-за нізкага, навіслага над зямлёю неба, што і не дзіўна для  зімовай пары.  Але свінцовая шэрань неяк нядобра ціснула на скроні і вочы, а сэрца часам тужліва замірала,  услухоўваючыся, як дарога нашэптвае патаемныя думкі пра канечнасць чалавечага жыцця і  непазбежнасць смерці. Віталь сядзеў на заднім сядзенні з заплюшчанымі вачыма, адкінуўшы галаву. Няхай сябры думаюць, што ён дрэмле. Але спаць не хацелася. Чамусьці было трывожна і гнятліва на душы. Хутчэй за ўсё, з-за такога вось змрочнага і цяжкага надвор’я. Хоць магчыма, дрэнны настрой  яшчэ і з-за таго, што ўчора  ён пасварыўся з Іннай. Сустракаюцца  яны крыху болей за год, а Віталь ніяк не можа прывыкнуць да яе своеасаблівага характару і пераменлівага, як свежы першакрасавіцкі вецер, настрою. Пазнаёміліся яны адразу пасля таго, як стройная бялявая дзяўчына прыйшла на працу ў кампанію. Віталь  сустрэў яе ў офісе і ўпадабаў з першага позірку. Потым было знаёмства, першае спатканне, запрашэнне ў рэстаран, а далей… Далей ён закахаўся, нават збіраўся зрабіць прапанову рукі і сэрца, але  Інна паказала свой характар. Яна магла з-за нязначнай дробязі – не так паглядзеў на прыгожую дзяўчыну, не адказаў на тэлефонны званок – раздуць страшэнную праблему. Магла пасварыцца да слёз, а праз гадзіну прыйсці мірыцца, а магла шпурнуць у твар кветкі і не гаварыць з ім некалькі дзён. Ох, гэтае каханне, далося яно яму ў  знакі. Нават  Косця, яго блізкі сябар, заўважыў, што Віталь змяніўся: пахудзеў, стаў больш маўклівым і замкнёным.
    Планктон – ад грэч. Planktos (тыя, што блукаюць) – разнастайныя, у асноўным дробныя арганізмы, што свабодна дрэйфуюць у тоўшчы вады і не здольныя, у адрозненне ад нектону, супраціўляцца плыні. Планктон непасрэдна або праз прамежкавыя звёны харчовага ланцугу з’яўляецца ежай для большасці астатніх водных жывёл (звесткі з Вікіпедыі)
Офісны планктон – супрацоўнікі офісаў і устаноў кіравання ніжэйшага звяна: сакратары, менэджэры і г.д.
    - Гэй, офісны планктон, досыць дрыхнуць, прачынайся – хутка будзем на месцы, - гукнуў, азірнуўшыся на яго Максім.
     Віталь не азваўся. Не хацелася пачынаць размову і не надта падабалася, што Максім  спрабуе  прыклеіць яму новую мянушку. Ён  недзе  вычытаў гэты выраз і цяпер часта называе сябра новамодным славечкам.  Але Віталь не крыўдлівы па натуры і стараецца проста не звяртаць увагу: надакучыць, то і сам адчэпіцца.  Яму больш абрыдла музыка. Ледзь  ад’ехаліся ад Мінску, як  Максім уключыў блатны шансон і ад яго пухлі вушы. Віталь зрабіў заўвагу сябру каб ён змяніў гэта на што іншае, але той толькі ўхмыльнуўся:
    - Ты што, клёвы музон.
    Усю дарогу Максім гаманіў з Косцем, які кіраваў аўтамабілем, хваліўся сваімі любоўнымі поспехамі і раз-пораз гучна рагатаў.
    Віталь успомніў, як два тыдні таму яны ўсе разам святкавалі надыход новага, 2005 году, пілі і танчылі да пяці раніцы. Тады ж Максім і прапанаваў:
    - Мужыкі, а давай махнём на рыбалку, месцейка класнае ёсць.
    - Дзе? - ажывіўся Косця, які яшчэ да  тэрміновай службы ўцягнуўся ў зімовую рыбалку, а потым падахвоціў і сяброў. І трэцюю зіму запар яны   ездзяць на Косцевай машыне па розных рыбацкіх мясцінах. Віталь і сам не думаў, што захопіцца падлёднай лоўляй.  Але ж ні з чым не параўнаць тоё пачуцце, калі  стараешся схапіць паводзіны рыбы пад лёдам, калі цягнеш добрага акуня ці шчупака, калі адчуваеш у руках  важкую здабычу. А потым сядзіш, разамлеўшы ў цяпле,  цела ахутвае прыемная стомленасць,  дома  спіш, як забіты.
    - На вёску, да маёй бабулі.
    - А дзе жыве бабуля?
    - На Віцебшчыне.
    - Ну, ты замахнуўся, - зморшчыўся Косця, - гэта ж добры кавалак дарогі.
    - Затое рыбалка якая, - Максім пстрыкнуў недакуркам і замахаў рукамі перад Косцевым носам. - Вёска ў глушы, туды мала даязджаюць. А ў сямі кіламетрах ад вёскі, у лесе, возера. Рыбы там процьма. Я, калі ў школе яшчэ вучыўся, кожнае лета праводзіў у дзеда. І  з мясцовымі хлопцамі матаўся на возера. Там рыба, як дурная, клюе ледзь не на голы кручок. Адарвёмся, я табе абяцаю. Што нам – скінемся на бензін, у пятніцу сарвёмся крыху раней з працы, у бабулі заначуем, а з раніцы на возера. А прырода якая там – клас. Што скажаш, Віталь?
    - Я не супраць. А то вечна сядзім, дзе лунка на лунцы, рыбак на рыбаку.
Падумаўшы, Косця даў згоду.
    І вось машына едзе па глухой гравейцы, а Максім паказвае дарогу:
    - Во, а тут звярні направа. Усё, яшчэ некалькі кіламетраў і мы на месцы. Ну што, офісны планктон, адаспаўся? Што ноччу рабіць будзеш?
    - Ад цябе адпачываць, - азваўся Віталь, - галава гудзе ад твайго шансону.
    - Э, што ты разумееш, гэта ж жыццёвая музыка. У мяне на заводзе напарнікам працуе адзін – дзве ходкі мае. Так па фені шпарыць, што яго нават майстар пабойваецца, - Максім зарагатаў. - А ў перапынку чыфір пацягвае. Такое ўлётнае пойла, я табе скажу.
    Ён зноў гучна засмяяўся. Паказалася вёска – засыпаныя снегам прыземістыя стрэхі, маўклівыя дамы, пахіленыя шэрыя платы, калодзеж са старадаўнім жураўлём, доўгая вузкая вуліца. Увесь гэты малюнак высвецілі фары аўтамабіля, які растрывожыў спячую і забытую вёсачку. Дзе-нідзе вокны адсвечвалі  скупым жоўтым святлом ці  блякла сінелі экранамі тэлевізараў, але большасць з іх узіралася на вуліцу  глухімі, чорнымі, як сама ноч, вокнамі. Машына праехала амаль у канец вуліцы, а дыхтоўных, свежых дамоў і збудаванняў, якія сведчылі б, што тут яшчэ жывуць моцныя маладыя гаспадары, Віталь не заўважыў. Каля перадапошняй, невялікай абшаляванай і пафарбаванай хаты, яны спыніліся. Плот у двары месцамі пахіліўся, а веснічкі, падвязаныя шпагатам, коса павіслі да зямлі. У маленькім сціплым калідорчыку. прыбудаваным да хаты, свяцілася акно з вузенькімі і прадаўгаватымі па даўнішняй модзе шкельцамі.
    -  Вы давайце рэчы выгружайце, а я  пайду падрыхтую бабулю, - Максім расчыніў веснічкі і пайшоў у хату.
Віталь пацягнуўся, размінаючы зацёкшыя рукі ногі, і агледзеўся. Далей, за вёскаю, знерухомела заснежанае белае поле, а за ім праглядваліся абрысы чорнага лесу. Дыхалася лёгка, здавалася, што свежае марознае паветра само напаўняе грудзі пругкім патокам. Ён зрабіў некалькі крокаў і спыніўся.
    - Ты чаго? - азірнуўся Косця.
    - Цішыня, якая цішыня, - уздыхнуў Віталь. - Не заўважаеш?
    - Ну, цішыня, што ты  хочаш – глухая вёска. Пайшлі.
    Максім па-гаспадарску накрываў на стол. Побач завіхалася невысокая паўнаватая, але рухавая і жвавая жанчына год шасцідзесяці пяці.
    - Праходзьце, праходзьце, хлопчыкі. Гэта ж во, такі падарунак – унучак мой, Максімка, прыехаў. Тры гады яго не бачыла. Хоць патэлефанаваў бы, я б чаго прыгатавала, а так толькі трохі бульбы ў печы маю. Як жа так, - бедавала яна. - З дарогі і галодныя будзеце.
    - Не хвалюйся, бабуля, у нас усё з сабою, у момант стол арганізуем. Гэта мае сябры Віталь і Косця.
    - Ну і добра, распранайцеся, хлопчыкі, сядайце. Я зараз сальца з яешняю падсмажу, агурочкаў сваіх, капустачкі прынясу. Я зараз.
    Бабуля выскачыла ў калідорчык. Максім паставіў на стол пляшку гарэлкі:
    - Кідайце рэчы ды сядайце – шаснем па чарцы.
    Віталь паставіў рукзак у кут, сеў  на драўляны, пафарбаваны ў бура-чырвоны колер, услон. Хата дзялілася на тры палавінкі. Светлая, чысцейшая, частка займала амаль палову хаты, на другой  гаспадары  паасобку  адгарадзілі печ і закуток каля яе, а асобна зрабілі нешта кшалту сталовай. Там стаяў стол, услон уздоўж  акна, старая лядоўня, на сцяне вісела  некалькі зрудзелых шкапчыкаў.
    Хутка на стале сквірчэла сала з яешняю, напаўняючы хату прыемным пахам, горачкай  бялела хрумсткая квашаная капуста ў металічнай талерцы, курэла лёгкім парам бульба ў чыгунку. Хлопцы выклалі на стол і свае прыпасы, разлілі гарэлку.
    - Ну, мужыкі, за рыбалку, - Максім падняў чарку. - Як, бабуля, дарога за вёскай? Ці  даедзем да  возера?
   - Так, - сцвярджальна кіўнула жанчына, - нядаўна лясгас лес траляваў дык яны дарогу пачысцілі. А я во, нядаўна, дровы заказвала. Прывезлі, а пасячы некаму – мужыкоў, лічы, няма ў вёсцы. Усе старыя, ёсць у нас два лайдакі маладыя, то толькі прапіваюць матчыныя пенсіі. Іх не дапросішся.
    - Мы з раніцы можам вам дапамагчы, - адразу заявіў Віталь.
    - Можам, можам, - перадражніў яго Максім, - гэта табе толькі здаецца, што ў нас шмат часу. Можам  хіба ў нядзелю, калі атрымаецца. Бо заўтра  прыйдзецца машыну пакінуць на дарозе, а самім недзе з кіламетр ці больш па лесе да возера дабірацца – дарога ж занесена. І ўсё валачы на сабе, а снегу там будзе нямала, не сумнявайся. Так што паберажы сілы. А бабуля ў мяне шустрая, не прападзе.
    Пакуль яны вячэралі Людміла Міхайлаўна падрыхтавала  ложкі. У чыстай палове прыемнае цяпло ішло ад абліцаванай белаю  кафляю печкі. На сцяне вісеў стары  непрацуючы гадзіннік з гіраю, на ложках гарою высіліся падушкі.
    - Палова дзесятай, - адзначыў Косця, глянуўшы на свой гадзіннік, - будзем класціся ці як?
    - Пайшлі пакурым, а пасля, калі хочаце, можаце тэлевізар паглядзець, - адказаў Максім.
    Сябры пайшлі. Віталь сеў на ложак, зняў світар і адкінуўся на падушку. Быццам нічога сёння і не рабіў, а нейкая стомленасць адчуваецца ў целе. Магчыма, гэта больш эмацыянальнае, бо было шмат працы і  апошнім часам ён нават затрымліваўся ў офісе. Не, добра, што яны выбраліся на рыбалку – тут сапраўды спакойна, а заўтра  і ўвогуле будзе выдатна. Нечапанае возера, дзікая прырода, цішыня – душа адпачне. А вось пасячы дровы то трэба было б. Дзівак Максім: як жа так – адмовіцца  дапамагчы сваёй роднай бабулі. І ўвогуле, чым далей, тым больш сябар становіцца нейкім вульгарным, жорсткім. Дзіўна, што чалавек можа так мяняцца. Вось па сабе Віталь адчувае, што яго погляды не змяніліся, хоць ён і пасталеў. Ці яму гэта толькі здаецца?
    Сон адразу не ішоў. Ужо сцішыўся Косця, ледзь чутна пасвістваў Максім, варочалася на печы гаспадыня, а яму ўсё лезлі ў галаву нейкія думкі: то ўспамінаўся бацька, які стаў часта хварэць і заклапочаная маці, бо сёлета паступаць малодшаму брату, то ўзнікаў спахмураны твар Інны. Жыццё падкідае нейкія праблемы. Хоць, зрэшты, ў каго яно ўсё гладка. Бадай што не бывае жыцця без праблем, як не круці. А потым думкі заблыталіся і ён праваліўся ў глыбокае шэрае сутонне.
-2-
    Здаецца яшчэ толькі пачынала днець. Кволае зімовае святло ледзь-ледзь прасочвалася праз просценькія жоўценькія фіранкі, а ў двары нехта гахаў сякераю. Максім падняў галаву: Віталя не было на месцы. Глядзі ты, такі ўспароўся, гэты офісны планктон. Трэба яму тыя дровы – паляжаў бы, калі давядзецца яшчэ насалодзіцца спакоем і цішынёй, адаспацца. Бо яму, Максіму,  дома такой раскошы не выпадае.  У трохпакаёвай кватэры разам з ім і бацькамі жыве  сястра з мужам. Іхні малы, чатырохгадовы Кірыла, ранняя птушка: і сямі няма, а ён ужо лётае па кватэры, галёкае, што шалёны. Хіба там паспіш? А ў будні тым больш не паляжыш,  да васьмай Максім павінен  перасячы прахадную завода. Як хочаш, так і жыві, прасвету няма. Мабыць, трэба падымацца, а  то бабуля будзе дзяўбаць у галаву ўсю раніцу: ах,  які харошы ў цябе сябар, які малайчына. Яна ж прывыкла плакацца, што і тое ў яе не так, і тое не гэтак, а сама заўсёды спраўляецца. Во так, мабыць, і дзеда дапякла, калі пайшоў на той свет да шасцідзесяці. Праўда, дзед  мо залішне і  выпіваў, але добры быў, спагадлівы.
    Максім спыніўся за спіной у Віталя. Сябар спрабаваў выцягнуць сякеру з таўставатага яловага камля, націскаючы на тапарышча, але тая не ішла назад.
    - Дай сюды, офісны планктон, - усміхнуўся Максім, - гэта табе не за кампутарам сядзець, тут патрэбна ўменне і сіла.
    Задыханы Віталь моўчкі адышоўся. Максім падхапіў сякеру з камлём, узняў над сабою і, з лёгкім прысяданнем, некалькі разоў гахнуў абухам па дубовай калодзе. Цурбан  нехаця разваліўся на кавалкі, Максім стаў сячы яго на драбнейшыя паленцы. Пасекшы, дужы хлапец спрытна падхапіў наступны.
    - Чаго стаіш? - гукнуў ён Віталю. - У бабулі яшчэ адна сякера ёсць. Калі ўжо захацеў – то ўкалвай.
    Недзе   з паўгадзіны ці болей  яны яшчэ памахалі сякерамі, пакуль Максім не ўваткнуў  лязо ў калоду:
    - Хопіць на сёння, пайшлі снедаць, астатняе заўтра, а то і сіл не застанецца.
    Задаволеная Людміла Міхайлаўна  нахвальвала Віталя з Максімам, пачаставала сяброў сытным снеданнем і выйшла праводзіць за веснічкі.
    - Вы ж там, Максімка, не баўцеся доўга. Цямнее рана, каб яшчэ не заблукалі  дзе ў лесе.
    - Бабуля, - паморшчыўся той, - там няма дзе блукаць. Я каля возера  ўсе хады ведаю.
    Развярнуўшыся, яны паехалі праз вёску, якая быццам вымерла. Толькі ў самым канцы вуліцы ім трапіўся пажылы мужчына ў зялёным, падобным на вайсковы, бушлаце, які цягнуў на санках нейкі мех.  Максім пазнаў яго: здаецца, гэта бацька  аднаго з колішніх вясковых сяброў Адася Пячуркі. З  гэтым вясковым хлопчыкам яны разам  ездзілі на роварах на  рыбалку, разам латашылі чужыя яблыні і скручвалі  ў жніўні вялізныя жоўтыя капелюшы сланечніку на чужых агародах. Дзе цяпер той Адась, куды закінула яго жыццё? Успомніўшы  маленства, ён ледзь не правароніў паварот:
    - Ціха, не гані! Тут звярні.
    Косця  рэзка затармазіў і аўтамабіль занесла. Развярнуўшыся ўпоперак дарогі, машына  ткнулася носам у прыдарожную гурбу.
    - Што ты  сядзіш і спіш, - узлавана выгукнуў Косця, - ледзьз дарогі не зляцелі! Што, не мог раней сказаць?
    - Дык не зляцелі ж, чаго ты бурчыш. Зараз піхнём і паедзем.
Максім з Віталем вылезлі з машыны, падпіхнулі і, крыху газануўшы, Косця выкіраваў на дарогу.
    Паабапал вузкай, як размінуцца дзвюм машынам, лясной дарогі насцярожана застылі магутныя елкі, ніжнія лапы якіх прысыпала снегам. Праз нейкі час паказаўся вялікі прагал, здратаваны магутнай тэхнікай. Максім успомніў, што менавіта сюды яны з Адасем некалі хадзілі па лісічкі. Адась заўсёды ўмудраўся збіраць больш за яго і гэта вельмі злавала Максіма. Таму аднойчы, каб уцерці нос сябруку, ён насыпаў у кошык усялякіх грыбоў, што трапіліся пад руку, а зверху наклаў лісічак, што паспеў знайсці, і некалькі баравікоў. Трэба было тады бачыць выцягнуты Адасеў твар, калі ён убачыў паўнюткі вялізны кошык і пакет з грыбамі. Эх, залатая была пара – адзін у вёсцы, ніхто не чапаў, дзед асабліва не нагружаў працай і яны з вясковымі падшыванцамі прападалі то на возеры, то ў лесе. Тут сябрам яму быў Адась, а ў горадзе ён гойсаў з Косцем  і Віталем. Яны і дагэтуль сябруюць. Як быццам усе розныя, але ж неяк столькі год разам. Віталь – ціхоня,  хлюпік, больш паглыблены ў сябе,  з іхняй кампаніі толькі ён атрымаў вышэйшую адукацыю. Косця – флегматычны, спакойны, акрамя аўтамабіля і рыбалкі мала чым цікавіцца, а працуе на хлебазаводзе вадзіцелем. Максім жа самы спрытны і дужы, не тое, што Віталь, які нават па дзяўчатах не ходзіць. Увогуле, дзівак ён, запаў толькі на гэтую, не надта прывабную, Інну і сохне па ёй. Усе яны, бабы, аднолькавыя, адна трасца. Вось ён, Максім, стараецца падоўгу не сустракацца з адной і той жа – надакучваюць,  а пасля стараюцца з цябе грошай пацягнуць. А тут як самому ўзбіцца на гэтыя грошы каб быць незалежным ад бацькоў.
    Злева паказаўся магутны, ў два абхваты, дуб. Менавіта тут можна было б звярнуць і даехаць па лясной дарозе да возера, але ж цяпер не сунешся на машыне. Шкада.
    - Тармазі, прыехалі, - загадаў Максім.
    Хлопцы спакавалі рэчы, узвалілі на сябе.
    - Давай, Сусанін, вядзі, - усміхнуўся Косця, - толькі ты дарогу ведаеш.
    - А што тут ведаць? Вунь жа – відаць яна, толькі ідзі ды мясі снег. Добра, спачатку я першы іду, потым мяняемся. Як там нашы жыўцы?
    - Нічога, яны і нас перажывуць, калі шчупак іх раней не схопіць, - пажартаваў Віталь.
    Максім паціху пасунуўся наперад. І сапраўды, ён як у ваду глядзеў: снегу насыпала вышэй кален, да таго ж яго ўтрамабавала  некалькімі снегападамі, марозамі і вятрамі.  Ногі правальваліся і першаму ісці было цяжкавата. А вось надвор’е спрыяла ім. Трымаўся адносна невялікі, недзе каля пяці-шасці градусаў мароз, вецер сціх. Не рыбалка, а суцэльнае задавальненне. Трэба будзе потым касцярок зладзіць, бутэлечку раздавіць, якая нядрэнна пойдзе на свежым паветры.
    - Макс, - раптам спытаў у яго Віталь, - чаму тут навокал столькі нейкіх ям, канаваў? Нават пад снегам відаць.
    - Ямы, канавы, - перадражніў яго той. - Эх ты – цемра, а яшчэ ўніверсітэт скончыў. Тут жа такія страшныя баі ішлі. У сорак трэцім немцы ў гэтых мясцінах блакаду  праводзілі,  партызаны  прарываліся – бойня страшэнная была, а пасля, у сорак чацвёртым, наступленне нашых пачалося, каля возера  фашысты трымалі рубеж абароны. Мне дзед казаў, што тут пасля вайны жывога месца не было –  усё здратавалі выбухамі. Нават лес адсюль не бралі,  бо дрэвы нашпігавала кулямі ды асколкамі. Мы з вясковымі хлопцамі неяк нават спрабавалі капаць каб зброю знайсці.
    - Знайшлі?
    - Чаго захацеў, столькі год мінула. Адкапалі іржавы штык-нож і нешта круглае, падобнае на снарад. Хацелі распаліць вогнішча і кінуць у агонь – во бабахнула б. Ды нарваўся на нас ляснік, разагнаў усіх, бацькам паведаміў.
    - А што са снарадам?
    - Халера яго ведае: ці  ляснік зноў закапаў яго, ці мо сапёраў вызываў – не ведаю. Нам тады дома вушы добра накруцілі каб мы болей не капаліся.
    Хлопцы змяніліся, наперадзе пайшоў Косця, але далёка яму ісці не прыйшлося. Мінуўшы невялікую лагчынку, сябры выйшлі да возера. Белая снежная роўнядзь распасцерлася ўздоўж болей, як на кіламетр, а ўшыркі возера  было ледзь не ўдвая менш. Яго берагі ўкрывалі зараснікі алешніку і беразняку, дзе-нідзе пракідаліся кучаравыя  вершаліны зялёных  сосен.
    - Усё, прыйшлі, я нават упарыўся. Цяжка снег мясіць. Як тыя партызаны ваявалі зімой? - Максім зняў з плеч руказак.
    - А што, ў іх іншае выйсце было: ці яны фашыстаў ці тыя іх, - адазваўся Косця.
    - І як табе месца?
    - Нядрэнна. Галоўнае каб яшчэ рыба пайшла,
    - Будзе, не сумнявайся, - запэўніў Максім.
    - Але ж і сапраўды глухамань – нават мабільнік не цягне, няма сувязі, - сказаў Віталь, выцягнуўшы з кішэні тэлефон.
    - Дык радуйся, не будзе твая Інна дурыць  галаву, - рагатнуў Максім.
    Перакурыўшы, сябры пакінулі  рэчы на беразе і заняліся тым, дзеля чаго прыйшлі. Максім выбраў месца, дзе па яго меркаванню павінна быць рыба, і ўзяўся  разам з Косцем свідраваць лункі. Віталь стаў рыхтаваць жэрліцы і мармышкі. Ён паціху калупаўся, услухоўваючыся ў цішыню. Як жа здорава тут: ніводнай жывой душы, акрамя іх, ціха, прыгожа.
    Хлопцы прасвідравалі больш дзесяці лунак. Скончыўшы з жэрліцамі, Максім прапанаваў:
    - Пайшлі цяпельца раскладзём. Будзе дзе пагрэцца, потым перакусім, я і бутэлечку ўзяў.
    - Давай парыбачым крыху, а пасля ўжо, - не згадзіўся Віталь.
    - Сапраўды,  ідзі адзін па дровы, ты ж амаль вясковы хлопец, ведаеш, што да чаго,  а мы з Віталем пасядзім, - падтрымаў яго Косця.  - У мяне ўжо сверб пачынаецца, так і цягне да лункі.
    Максім пайшоў на бераг. Ён выбраў зручнае месца, перанёс туды рэчы. Потым узяў сякеру, зваліў сухую алешынку, расклаў вогнішча. Над зямлёю закурыўся сівы дымок, сцелючыся, паплыў над возерам, паступова растварыўшыся ў паветры. Максім адшукаў невысокую ялінку, насек лапніку, кінуў яго каля агню, падаслаў пад сябе кавалак брызенту і з задавальненнем расцягнуўся: хай яны там паловяць, а яго рыба нікуды не дзенецца. Ён ведае гэтыя мясціны лепш за іх і яшчэ паспее  ўзяць свае трафеі.
-3-
    Косці пашанцавала. Не прайшло і дзесяці хвілін, а ён ужо выцягнуў першага  ладнага акунька. Пасля,  аднаго за адным, яшчэ траіх. Віталь за гэты час задаволіўся толькі адным. А ў хуткім часе яны пакідалі мармышкі: амаль адначасова спрацавалі дзве жэрліцы.
    - Ух ты, во паваліла, - узрадаваўся Косця, - бяжым.
    Хлопцам пашэнціла, яны абодва злавілі па шчупаку. Віталь хутка выцягнуў свайго. На вока рыбіна пацягнула недзе каля кілаграма. Шчупак падскокваў на лёдзе, спрабуючы адшукаць ваду, але дарэмна. Віталь ад хвалявання злёгку ўспацеў – як жа, адразу такая ўдача. Затое Косця валэндаўся са сваёй здабычай: шчупак аказаўся ладным і ніяк не хацеў лезці ў лунку.
    - Максім, хутчэй сякеру!
    Віталь таксама  кінуўся на дапамогу.
    - Трымай, трымай! Давай, тут падсячы!
    Праз некалькі хвілін сябры абступілі рыбіну.
    - Клёва, кіло на чатыры, калі не болей,  пацягне, - прыцмокнуў Максім. - А я што вам казаў?
   - Згодзен, ты малаток, - шчаслівы Косця выцер ўзмакрэлы лоб. - Такога экземпляра  я яшчэ не выцягваў.
    Клёў працягваўся каля трох гадзін. За гэты час Максім злавіў два шчупакі і дванаццаць акунькоў сярэдняга памеру, Віталь, акрамя акунёў, таксама выцягнуў трох зубастых драпежнікаў, чацвёртага ўпусціў. А вось Косця  аказаўся  шчасліўчыкам: ён  змог узяць аж шасцярых, праўда, самым буйным аказаўся першы экземпляр. Потым клёў пайшоў на спад,  а задаволеныя сябры рушылі на бераг папалуднаваць і абагрэцца.
    - За такую рыбалку не грэх выпіць. Ды і кішкі марш іграюць, - Максім задаволена пацёр рукі. - А  вось касцярок затухае. Так, вязунчык, давай за мной па дровы, а Віталь хай стол рыхтуе.
    - Ёсць, бос, - жартаўліва казырнуў Косця.
Сябры пайшлі. Віталь разаслаў цыратку, стаў наразаць хлеб, каўбасу, адкрыў банку з кансервай, тушонку. Спакваля вярнуліся думкі пра Інну. Можа, ўчора і ён пагарачыўся, занадта рэзка пагаварыў з ёю, але назад не вернеш. Шкада, што  мабільны тэлефон не цягне, не пагаворыш. Хоць, магчыма, гэта і да лепшага: яны абодва астынуць і тады спакойна разбяруцца паміж сабою.
    Хлопцы прыцягнулі з сабою дзве сухастоінкі.
    - Уф, - Косця стомлена паваліўся на лапнік, - замарыўся я. А што, тут бліжэй дроў не было?
    - Дзе там, я праверыў, тут няма сухастою. Гэй, офісны планктон, досыць прахалоджвацца – папрацуй сякерай, - гукнуў Максім Віталю.
    - І што ты да яго прывязаўся? - заўважыў Косця. - Абзываеш Вітальку нейкім дэбільным выразам. Можа хопіць?
    - А што, не так хіба? - нечага вышчарыўся Максім. - Мы з табой – рабочы клас, зарабляем на такіх, як ён, інтэлігентаў.
    - Табе ніхто не замінаў вучыцца, - спакойна заўважыў Віталь.
    - Ды ў мяне мазгі іншыя, я не магу сохнуць над падручнікамі.
    - Алё, хопіць спораў, і сапраўды есці хочацца, - прымірэнча сказаў Косця.
    Максім плюхнуў у кілішкі гарэлкі, працягнуў сябрам.
     - Не, я не буду, - адмовіўся Косця.
     - Ты што, баішся? - Максім засмяяўся. - Ды там, у вёсцы, участковы толькі  раз у год з’яўляецца, а тут хто цябе спыніць? Бяры, сагрэйся.
    - Сказаў жа – не буду. Я прафесіянал і не буду мяняць сваіх прынцыпаў – за рулём ні-ні.
    - Дзівак, - Максім паціснуў плячыма. - А мы з Віталікам шаснем. Ну, за ўдалую рыбалку. Яшчэ  паедзем сюды?
    - Абавязкова, калі так будзе брацца і далей – то супер.
    Віталю не надта хацелася піць. Яму больш падабалася сядзець вось так, ціха, у  сваёй кампаніі, глядзець на агонь і разважаць пра сябе. Тады думкі плывуць паволі, прыходзіць душэўны спакой і раўнавага, а ўсе праблемы адсоўваюцца на задворак і не здаюцца такімі ўжо невырашальнымі. Мабыць, яшчэ і за такія хвіліны ён любіць выезды на рыбалку. Максім падліваў і, неўпрыкмет, за размовамі, сябры дапілі бутэльку. Максім устаў, падкінуў яшчэ дроў. Хутка ад вогнішча пацягнула жарам і хлопцам прыйшлося  адсоўвацца ад агню. Размораныя цяплом і спіртным, яны не спяшаліся  на лёд. Віталь адчуваў, што яго нават стала кланіць у сон. Не, спаць тут дакладна ніхто не будзе. Ён павярнуўся да агню спіной  каб жар не так паліў у твар. Максім, разлегшыся на лапніку,  няспешна курыў, разам з ім задуменна пускаў  дым у паветра і Косця, які сядзеў  каля вогнішча.  Выдатнае сёння надвор’е – спакойна, ціха, адплывае ўсё нядобрае, хочацца упасці на снег, раскінуць рукі і глядзець у шэра-сіняе неба. Віталь устаў.
    - Ты куды? - прыўзняўшыся, ляніва азваўся Максім.
    - Па патрэбе.
Віталь  паспеў зрабіць толькі два крокі, як раптам выбух  скалануў паветра, гарачая хваля шуганула ў спіну і невядомая сіла шпурнула яго вобзем. Апошняе, пра што ён паспеў падумаць: што гэта было? І ў гэты ж момант нечый прарэзлівы крык рэхам адазваўся ў  галаве, а  свядомасць  кульнулася ў чорную прорву. Неба абрынулася ўніз, укрыўшы яго цёмнай пярлінаю.
-4-
     Галава гудзела так, быццам там, унутры, хтосьці званіў у некалькі важкіх басовых бомаў.  На вушы ціснуў  гарачы пранізлівы боль і цененька звінела, як быццам там завёўся  камар, што адчайна вырываецца з пасткі і шукае паратунку. Язык прыціснуўся да нёба, у роце перасохла.  І ў гэты ж момант ён адчуў, як штосьці гарачае прыпякае ў спіну. Сабраўшыся з сіламі, Віталь перакуліўся на спіну і з цяжкасцю расплюшчыў вочы. Неба, шэрае і абыякавае, зазірнула яму ў вочы. У спіну пякло.  Ён прымусіў сябе падняцца, адпіхнуць галавешку, расшпіліць гузікі і зняць куртку. Пасярэдзіне яна прагарэла, утварыўшы вялізную праплешыну і тлела далей. Вушы, быццам заклала ватай, але ўсё ж ён пачуў, як  побач хтосцьці моцна стогне, мацюкаючыся скрозь зубы. Віталь павярнуўся. Убачанае прымусіла яго здрыгануцца. На месцы вогнішча чарнела варонка, што ўтварылася ад выбуху.  Востра пахла гарам. Белы снег запляміла зямлёю, вуголлем і галавешкамі, якія паціху тлелі шызым дымам. У некалькіх метрах ад вогнішча, бліжэй да Віталя, стогнучы,  ляжаў Максім і трымаўся  за скрываўленую галаву. Крыху бліжэй да варонкі ляжала нерухомае Косцева цела. Абапёршыся на рукі, Віталь узняўся і, хістаючыся, зрабіў некалькі крокаў да сябра. Косця ляжаў на баку, неяк недарэчна падкурчыўшы пад сябе руку. Яго твар, запэцканы зямлёй, выглядаў безжыццёвым, але крыві на ім Віталь не убачыў. Перавярнуўшы сябра на спіну, непаслухмянай рукой  ён паспрабаваў намацаць пульс. Спачатку  падалося, што сэрца не б’ецца.  Счакаўшы адчуў, што хоць і перарывіста, але яно адзываецца. Толькі цяпер  заўважыў, што на жываце ў Косці расплылася крывавая пляма.  Ён прыўзняў світар, убачыў скрываўлены і рассечаны бок. Трэба штосьці адшукаць каб перавязаць рану.
     Вушы паціху стала адкладваць, адно толькі па-ранейшаму звінела і ціснула на галаву, а яшчэ смылела спіна. Віталь падыйшоў да Максіма і дапамог прыўзняцца. Яго валасы былі ў крыві – галава і цяпер крывавіла –   куртку на плячы рассекла нечым вострым, але там рана выглядала неглыбокай, бядро таксама было паранена. Акрамя гэтага яму абпаліла твар: на ўсю шчаку чырванеў свежы апёк,  прыкметна прысмаліла валасы.
    - Што гэта было? - Віталь сеў каля Максіма.
    - Блін, ну трэба ж так трапіць, - Максім груба вылаяўся. - Хутчэй за ўсё, мы расклалі вогнішча над нечым, што ляжала з вайны: міна, снарад, граната ці яшчэ што, хто яго ведае.  Яно і рванула. У мяне галава баліць, кроў ідзе, плячо пасечана.  Што рабіць?
    - Там Косця непрытомны,  у жывот  паранены. Трэба яго перавязаць. У нас ёсць нешта такое?
    - Ды адкуль я ведаю? Я сам паранены – ты што не бачыш? - адчайна крыкнуў Максім яму ў адказ.
    Віталь устаў. Выбухам іхнія рэчы раскідала навокал. Ён падыйшоў да свайго рукзака, пакапаўся ў ім і знайшоў там чысты ручнік. Прыціснуўшы яго да Косцевай раны, ён перавязаў ручнік лямкай ад рукзака. Ён разумеў: Косці патрэбна тэрміновая медыцынская дапамога. Максім па-ранейшаму трымаўся за галаву, прыклаўшы да раны скрываўленую майку.
    - Макс, нам патрэбна дапамога, інакш Косця загіне.
    - І што я магу зрабіць? Сам ведаеш, што мабільнік тут не цягне. Чорт, чорт, - прастагнаў Максім. - У мяне кроў не спыняецца, я сам тут здохну.
    - Тады трэба выбірацца к машыне, а там у момант дамчым да вёскі і вызавем хуткую. Падымайся.
Максім, са стогнамі і пракляццямі, падняўся:
    - То пайшлі. Чаго стаіш?
    - Куды пайшлі? А Косця?
    - А што мы зробім? - закрычаў Максім і зморшчыўся ад болю. - Я паранены і не змагу панесці яго. Ты яго павалачэш?
    - Давай зробім насілкі і панясём Косцю да машыны.
    - Мы толькі час згубім. Ты ўяўляеш колькі мы будзем плесціся па снезе?
    - Макс, ты з глузду з’ехаў? Як можна пакінуць  яго ў лесе  аднаго, параненага і непрытомнага. Ты думаеш, што кажаш? Гэта ж лес: тут і звяр’ё  рознае, і вараннё наляцець можа. Або снег пойдзе? Ён жа загіне.
    - Табе добра казаць, ты не паранены. А я крывёю сплыву за гэты час.
    - Мы не пакінем Косцю. Табе гэта зразумела? - Віталь пагрозліва сціснуў кулакі. Нечакана востры боль пранізаў  галаву, ён са  стогнам сеў. У вісках запульсавала, сэрца хутка-хутка затрапяталася, а перад вачыма ўсё паплыло. Але імгненны боль, які пакінуў пасля себе слабасць у целе,   хутка прайшоў. Ён устаў, адшукаў вачыма сякеру і рушыў у лес. Напружваючыся ад болю ў галаве, які  вярнуўся, калі  ён стаў ссякаць маладыя бярэзінкі, Віталь зваліў і абцерабіў дрэўцы.
    - Дапамажы, чаго стаіш! - гукнуў ён Максіму.
Той моўчкі падняўся. Лёскай яны прымацавалі брызент да бярозак, асцярожна паклалі на насілкі сябра, які заставаўся  беспрытомным. Неба, тым часам, стала хмурыцца, вецер зашумеў вершалінамі, патыхнуў холадам  у твар.
    - Узялі, - сказаў Віталь.
    Яны паднялі насілкі. Віталь пайшоў наперадзе. У роце перасохла, моцна хацелася піць і Віталь пашкадаваў, што не напіўся з возера.  Як толькі сябры,  пайшлі галаву зноў сціснуў той самы боль, у вачах заскакалі разнакаляровыя кругі, у жываце  адгукнулася і падкаціла на ваніты. Хацелася легчы і не ўставаць. Сціснуўшы зубы і да крыві закусіўшы губу, Віталь павольна зрабіў першыя крокі.  Калі яны не выратуюць Косцю, ён сабе ніколі гэтага не даруе. Ні сабе, ні Максіму, які так незразумела стаў сябе паводзіць.
-5-
    Здаецца, баліць усё цела: галаву разрывае боль, ён адчувае, як кроў пульсуе і паціху сочыцца з раны, смыліць апечаная шчака, ные цягучым болем плячо, а яму адзываецца параненая правая  нага. Канешне, цяпер можна зваліць усё на яго:  гэта ж ён расклаў вогнішча на тым месцы, але адкуль жа Максім мог ведаць. Дый і ўвогуле ніхто б ніколі не падумаў, што  пад дзірваном  можа ляжаць нешта такое і яно выбухне праз столькі год. І Віталь, гэты здохлік слюнявы, раскамандаваўся. Яму  пашанцавала, цэлы застаўся, не тое, што ім. Ён жа, Максім, прапаноўваў добрую ідэю  ісці ўдваіх,  каб  хутчэй дабрацца да тэлефона.  А так дарога зойме болей, як гадзіну. А там яшчэ хуткую. чакаць.
    Яны спусціліся ў лагчынку, потым сталі падымацца вышэй. Нечакана Віталь спыніўся і, цяжка дыхаючы, хрыплым голасам сказаў:
    - Пачакай, давай на хвілінку станем.
    Паклаўшы насілкі, хлопец схапіў рукою снегу і  прагна стаў есці. Максім адчуў, што  яго таксама мучыць смага. Ён выбраў чысцейшага снегу і ўкінуў у рот, глытаючы халодную вадкасць. Вецер крыху памацнеў, падзьмуў у твар, у паветры закружыліся першыя сняжынкі. Мінуўшы болей паловы шляху, Віталь зноў сказаў:
    - Давай яшчэ раз сапнём.
Максім унурыў галаву. Падалося, што ў яго сіл паменшала. Страта крыві, мабыць, дае аб сабе знаць, а яе выцекла нямала – майка ўся чырвоная, а колькі на беразе страціў. Ён нават не ведае, колькі праляжаў беспрытомным.
Віталь падняўся, яны рушылі далей. Косця не падаваў прызнакаў жыцця, здаецца, яго твар нават пабялеў. Во будзе, калі  не выжыве. Іх зацягаюць, пэўна  зноў жа Віталь будзе валіць віну на яго.
    Дабраўшыся да машыны, хлопцы паваліліся без сіл.
    - Ключы дзе? - спытаў Максім, зморшчыўшыся ад болю.
    - Глядзі у Косці ў кішэнях.
    Максім праверыў кішэні ў штанах, у куртцы і пахаладзеў: ключоў ад аўтамабіля нідзе не было.
    - Няма, нічога няма! - зароў ён на Віталя.
    - Як няма?  - хлопец разгублена падняўся.
    - А так. Чаму ты не паглядзеў на месцы?! Чаму?!
    - Адкуль я мог ведаць, што іх не будзе. Я быў упэўнены, што ключы пры ім, бо Косця, здаецца,  паклаў іх у кішэню, сам бачыў. Давай  пагляджу.
    Віталь ператрос усю вопратку на Косці і  зняможана апусціўся побач з сябрам. Максіма ахапіў страх: гэта катастрофа, без машыны яны загінуць, ім не данесці Косцю да вёскі. Як звар’яцелы, ён накінуўся на Віталя, перасыпаючы свае словы адборным матам:
    - Куды ты глядзеў? Куды? З-за цябе мы тут усе здохнем!
    - Мог і сам паглядзець, - агрызнуўся Віталь, - нечага на мяне валіць.
    - Канешне, зараз можна ўсё на мяне спіхнуць – я ва ўсім вінаваты.
    - Перастань скуголіць, трэба думаць, што далей рабіць.
    - Я не ведаю.
    - Думаю, што трэба вярнуцца назад і паспрабаваць знайсці ключы. Яны будуць або недзе там, на месцы, або  выпалі недзе па дарозе.
    - А час будзе ісці. Пакуль сходзіш туды і назад – ты пра гэта падумаў?
    - У цябе ёсць лепшы варыянт? Слухай, а можа разбіць шкло і паспрабаваць завесці, злучыўшы правадкі. Я ведаю, што так робяць.
    - Ты ведаеш як? Не. І я тут не змагу, бо гэта табе не “жыгулі”, а японец. У гэтай машыне складаная сістэма запальвання, нічога не выйдзе.
    - Тады я пайшоў, глядзі за Косцем. Дарэчы, як ён там, трэба глянуць.
    Віталь расшпіліў куртку, падняў світар і прыклаў вуха да грудзей: сэрца, хоць і нерытмічна, з перабоямі, але білася.  Азірнуўшыся на Максіма, які ў роспачы нешта ціха мармытаў, Віталь пайшоў назад па слядах. Вецер крыху прысупакоіўся, але снег пабольшаў, пасыпаў буйнымі мяккімі сняжынкамі. А гэта вельмі дрэнна, калі ключы недзе вываліліся з кішэні, то мала шанцаў іх знайсці. Уважліва ўглядаючыся ў снег, разважаў: што сталася з Максімам? Так, сябар  паранены, але дужэйшы за іх і можа ісці, а не скуголіць. Неяк раней не заўважалася такое за ім,  заўсёды быў кампанейскім хлопцам. Хоць, зрэшты, штосьці было. Віталю ўспомніўся даўні, яшчэ школьны, выпадак. Недзе ў дзевятым ці дзесятым класе ў іх была сутычка з хлопцамі з паралельнага класа. Яны вырашылі пагаварыць па-мужчынску пасля ўрокаў за тэрыторыяй школы.  Як толькі  спусціліся ўніз, Максім з бегаючымі вачыма сказаў, што ў яго скруціла жывот,  не можа трываць. Сябар кінуўся назад, у прыбіральню, паабяцаўшы хутка іх дагнаць.  Віталь увогуле біцца не ўмеў, але ж не мог не пайсці – павінен ісці разам з усімі. Ім тады ўсім добра ўсыпалі, хоць абышлося без сур’ёзных траўм. Максім з’явіўся пасля таго, як усё скончылася, апраўдваючыся, што прасядзеў у прыбіральні. Хлопцам было не да яго і неяк тое здарэнне забылася.
    Віталь уважліва агледзеў месцы, дзе яны спыняліся, перагроб рукамі снег, але безвынікова. Яму самому захацелася закрычаць, завыць  ад такога фатальнага збегу падзей. Пранесці Косцю сем кіламетраў будзе  цяжка,  толькі справа  не ў гэтым. Чым пазней яны прыйдуць, тым менш шанцаў у сябра – ён зусім слабы.  У гэты час дзікі боль зноў сціснуў галаву так, што яму зрабілася млосна. Сэрца часта-часта затрапятался, у вачах запырхалі матылькі і Віталь асунуўся на зямлю, але адключка была кароткай, свядомасць вярнулася да яго амаль адразу.  Ён увесь пакрыўся потам, у роце перасохла, цела ахапіла слабасць. Крыху аддыхаўшыся, пайшоў назад.
    У каторы раз у думках Максім  праклінаў той дзень, калі прапанаваў сябрам з’ездзіць на гэтае праклятае возера. І на халеру яму яно здалося? Выехалі  б дзе-нібудзь побач са сталіцай, злавілі трохі чаго, выпілі, пасядзелі і ўсё было б добра. Дык не, захацеў пахваліцца, дагадзіць Косці. А што, калі Віталь не знойдзе ключы? Максім падумаў пра  гэта і  вылаяўся. Тады ўсё, не прыйдзе дапамога, ім канец, а ён сам памрэ ад страты крыві. А як жа хочацца жыць, жыць напоўніцу! Жывёльны страх ахапіў яго, затуманіў свядомасць. Такі страх ужо прыходзіў  да яго  аднойчы. У час службы ў войску, на складзе, калі ён дапамагаў начальніку склада   наводзіць парадак, на яго паваліўся стэлаж са скрынямі. Максіма прыціснула так, што  не мог дыхаць. І вось тады, калі смерць заглянула  ў вочы, жывёльны страх  прымусіў яго страціць свядомасць. Ачуняўшы,  убачыў над сабою збялелы твар прапаршчыка, які своечасова падаспеў з ломам і, з дапамогай другога салдата, вызваліў яго з-пад стэлажа. Максім сеў і ўбачыў, што ад страху   абмачыўся. Добра, што тады  начальніку  склада было не да гэтай ганьбы.   
    І вось цяпер Максім адчуў той жа страх, які амаль вымушае  ўскочыць і бегчы ў вёску, дзе яго выратуюць. Выжыць, любой цаной выжыць.  І толькі цвярозы разлік падсказваў: не спяшайся, Віталь можа прынесці ключ і тады ўсё будзе добра. А Віталя  не было.
    Прыцярушаны снегам, ён паказаўся з-за старой разлапістай елкі. Максім подбегам кінуўся да яго.
    - Ну што, знайшоў?
    Сябар адмоўна пахітаў галавою.
    - Чорт, чорт! -  здавалася, што Максім гатовы кінуцца на Віталя, як быццам гэта ён быў вінаваты ва ўсіх непрыемнасцях. - Усё, мы здохнем тут, здохнем!
    - Супакойся! Выбару ў нас няма. Сем кіламетраў – гэта не так і шмат, паціху данясём. Магчыма, каго сустрэнем па дарозе.
    - Каго, каго ты тут сустрэнеш? Тут ніхто не ездзіць.
Максім прыўзняў ручнік: кроў, як быццам, не цячэ, але ж ён адчувае слабасць, нага баліць таксама. А калі заражэнне? Не, ён тэрмінова павінен дабрацца да бальніцы. З насілкамі гэта зойме не адну гадзіну.
    - Віталь, у мяне ёсць ідэя. Ты з Косцем чакаеш мяне тут, а я пайду ў вёску – гэта ж нашмат хутчэй будзе, чым мы разам  пацягнемся.
    - Не нашмат яно будзе хутчэй, - засумняваўся Віталь. - Трэба ўсім разам дабірацца. Раптам,  што з табою здарыцца?
    - Не здарыцца, я дужэйшы за цябе. Пагадзіся, што адзін я хутчэй дабяруся.
    Віталь раздумваў.
    - Давай так. Ты ж менш пацярпеў, сіл у цябе болей. Калі хочаш – зараз падсцелем трохі лапніку, каб было мягчэй  і ты паціху пацягнеш Косцю на насілках, а я пайду. Зразумей, мы не павінны губляць ні хвіліны. Пагадзіся, што так  лепш. Ды і ты можаш прайсці нейкую частку шляху. Бяры маю папругу, прывяжы і цягні, калі хочаш. Думай хутчэй.
    - Добра, згодзен. Мабыць, так будзе лепш.
    Праз  хвіліну Максім  пайшоў. Віталь уздыхнуў, прыкрыў сябраў твар ад снегу,  захутаў сваім світрам  і, напружыўшыся, пацягнуў насілкі за сабою.
-6-
    Зрабіўшы некалькі крокаў,  Віталь падумаў: цягнуць не так і  цяжка. Ён падвязаў  пад палкі Косціны пальчаткі і  насілкі мякчэй слізгаюць па снезе. Цяпер Віталь  будзе паціху ісці, чакаць машыну хуткай дапамогі.  Пра сябе ён разлічыў, што крыху больш, як за гадзіну-паўтары Максім павінен дайсці, нават улічваючы яго раненне. Ад вёскі да гораду, калі ён не памыляецца, прыблізна сорак-пяцьдзясят  кіламетраў. Такім чынам недзе праз дзве гадзіны з гакам машына павінна быць тут. Тут яму падалося, што Косця ўпершыню за ўвесь гэты час застагнаў. Віталь кінуўся да яго:
      - Косця, Косця, як ты? Ты чуеш мяне?
    Але той  па-ранейшаму ляжаў з заплюшчанымі вачыма і не адгукаўся. Можа яму балюча? Хоць яны і падаслалі лапніку, але ж няроўнасці і выбоіны  цела напэўна адчувае. Можа, наадварот, трэба было сядзець і чакаць дапамогу: раптам  Косцю нельга цягнуць? Узважыўшы ўсе абставіны,  ён вырашыў ісці далей: усё ж рухацца наперад – значыць, выйграць час. Ды і сам не замерзне.  Трэба толькі  падаслаць яшчэ. Віталь спыніўся, агледзеўся. Паблізу расло адно суцэльнае  кустоўе, толькі ў глыбіні лесу праглядваліся высокія векавыя яліны, а вось далей, пры дарозе, расло маладых ялінак. Віталь спыніўся каля маладняку, пасунуўся ў глыбокі снег і стаў ламаць лапкі. Рукі задубелі і не надта слухаліся яго. Толькі цяпер ён адчуў, што ногі ў  ботах мокрыя, а пальцы адзеравянелі і сталі, як чужыя. Але такая акалічнасць чамусьці не ўсхвалявала яго –  бо не хацелася больш нічога. Ні ісці далей, ні цягнуць насілкі, ні старацца выжыць. Стомленасць, спустошанасць і абыякавасць запаланілі душу. Віталь сеў каля насілак. З Максімам у Віталя не было такіх блізкіх адносін, як з Косцем, якому ён давяраў усе сакрэты. Ён  яшчэ са школы трызніў аўтамабілямі і з тых часоў збіраў грошы. Паціху  нешта сабраў, штосьці падкінулі бацькі і  ён здзейсніў мару: купіў патрыманую іншамарку. Купіў не ў самым добрым стане –  бракавала грошай, але за кароткі час гэтак яе вылізаў і давёў да толку, што яна стала выглядаць не горш за значна навейшыя аўтамабілі. Косця некалькі разоў мірыў яго з Іннаю. Інна…
    Пазаўчора яны пасварыліся менавіта з-за таго, што яна не хацела, каб ён ехаў на рыбалку. Трэба  ж, усё роўна,  як прадчувала бяду. Так, характар ў яе няпросты, але ж яна па-свойму кахае  і перажывае за яго. Віталь бачыць гэта, пачуццё не падманеш. І вось сёння з ім магло здарыцца непапраўнае, Інна страціла б яго. Літаральна за адно імгненне. І ў жыцці любога чалавека кожны дзень можа стаць апошнім. Дык навошта разменьвацца на дробязі, сварыцца, псаваць нервы адзін аднаму? Дурань ён, адным словам. Трэба берагчы сваё жыццё дзеля каханых, блізкіх,  сяброў,   бо заўтра можа быць позна. Трэба выратаваць Косцю, бо і яго нехта любіць, чакае.  Дык што ж ён рассеўся тут, дазволіў сабе здацца, перастаў змагацца за сябе, за сваё каханне, за бацькоў, за Косцю. Не, трэба падымацца і ісці, ісці наперад.
    Перадуманае надало яму сілы. Віталь  падняўся  і з імпэтам пацягнуў насілкі. Надвор’е, тым часам,  пагоршылася. Вецер змяніўся, стаў парывістым і час ад часу шпурляў яму ў твар жмені калючых сняжынак. Віталь упарта ішоў па дарозе, не спыняючыся. Будзе ісці наколькі хопіць сіл, а  тады ўжо зробіць перапынак. Яму падалося, што на ўзбоччы слізгануў нейкі шэры цень. Спыніўшыся, азірнуўся па баках, але нікога не ўбачыў. Хутчэй, падалося, хто тут можа быць, акрамя іх. Хіба, які дзікі звер, кшалту зайца ці лісы. Прайшоўшы з сотню метраў, раптам падумаў: а калі не заяц і ліса, хто тады? Халадок слізгануў па спіне. Віталь азірнуўся. Непадалёк ад таго месца, дзе ён ламаў лапкі, стаяў шэры высокі звер, падобны на худога перахлябленага сабаку, і глядзеў на яго. Толькі гэтага не хапала! Няўжо ваўкі не баяцца людзей? І няма чым абараніцца, нават сякеры ці нажа не мае. Шэрая постаць толькі  раззлавала Віталя. Ён зляпіў снежны камяк, адбегся ад насілак і са злосцю шпурнуў сняжком:
    - Пайшоў прэч! Пайшоў!
    Воўк, як нехаця, схаваўся за ялінкамі. Увогуле чаго яго баяцца – калі ён тут адзін, то не павінен напасці. Магчыма, проста чакае, што людзі саслабнуць, упадуць на дарогу і стануць лёгкай здабычай. Не, не дачакаецца. Віталь пацягнуў насілкі далей, калі-нікалі аглядваючыся назад. Воўк, як быццам, знік. Хлопец паспакайнеў. Колькі ён прайшоў? Цяжка падлічыць, але не менш, як пару  кіламетраў. Гэта амаль трэць шляху. Галава ўжа не так баліць, толькі душыць нейкая сасмягласць і часам падцягвае на ваніты. Ды яшчэ, калі робіць рэзкія рухі, крыху кружыцца  ў вачах.
    У добрым тэмпе ён  прайшоў яшчэ з паўкіламетра і адчуў: трэба прыпыніцца, перадыхнуць, бо кожны крок стаў давацца цяжэй. Ад хады ногі крыху адыйшлі, сагрэліся, вось толькі вецер замінае. Віталь азірнуўся і знерухомеў ад нечаканасці. Каля тоўстай камлюкаватай бярозы, якую ён мінуў хвіліну назад, стаялі дзве шэрыя постаці. Чамусьці па-здрадніцку задрыжалі ногі, але ён пераадолеў страх. Глынуўшы сухі камяк, хлопец падыйшоў да невялікага ссохлага бярозавага камля і ударам нагі паваліў яго. Хай сабе гніляк, але ж хоць можна будзе ўдарыць. Ён зноў падбег у бок ваўкоў і, замахнуўшыся, закрычаў:
    - Прэч, свалата! Прэч, я сказаў!
    Ваўкі  крутнуліся і, угнуўшы галаву, схаваліся ў лесе. Ага, баяцца, значыць нападаць не будуць. Віталь узрадаваўся  сваёй думцы, быццам ён прагнаў драпежнікаў назусім. Трэба ісці, не спыняцца. Чым хутчэй ён наблізіцца да вёскі, тым большая верагоднасць, што ваўкі адчэпяцца, яны ж не пацягнуцца за ім да жылля. Пераадольваючы слабасць і стараючыся, як мага радзей спыняцца, ён ішоў і ішоў. Іншы раз  аглядаўся, але шэрых постацей за сабою пакуль больш  не бачыў. Ці то яны і сапраўды спужаліся, ці то палічылі, што здабыча не будзе такой лёгкай, але, здаецца, адсталі. Віталь супакоіўся, напружанасць знікла, але адразу ж зноў падступіла слабасць, цягнула прысесці, а яшчэ лепш прылегчы. Не, ён не можа дазволіць сабе такой раскошы. Колькі ён прайшоў? Пяць, шэсць кіламетраў?  Ён глянуў на левую руку: мінула болей, як дзве гадзіны з моманту адыходу Максіма. Але ж дзе  ён, дзе машына хуткай дапамогі?
-7-
    Надзея на выратаванне ўзмацнілася. Адзін,  за паўтары гадзіны,  ён павінен дабрацца да вёскі. Калі раней не ўпадзе непрытомным ад страты крыві. Такая акалічнасць  больш за ўсё турбавала Максіма.  Яму здавалася, што ногі не слухаюцца яго, а галава зноў стала кружыцца.  І зноў страх са сваё маладое жыццё ахапіў яго.
    Прайшоўшы нейкі адрэзак, хлопец заўважыў на снезе свежыя сляды: быццам нядаўна у гэтым месцы дарогу перабягаў сабака, бо снег яшчэ не паспеў прысыпаць след. Але адкуль тут сабака? Увогуле, тут могуць быць паляўнічыя, але ж сабачага брэху ён не чуў. Мо гэта воўк? Максім са страхам агледзеўся. Навокал  маўкліва  чарнеў зімовы лес, паныла пахіліліся пад снегам рэдкія кусты, павісла гнятлівая  цішыня, якую парушалі толькі яго асабістае цяжкае дыханне і вецер.  Супакоіўшыся,  рушыў далей. Але страх  душыў па-ранейшаму: то ён баяўся, што ўпадзе знясілены на дарозе, то здавалася, што за ім гоніцца зграя ваўкоў. І ён то спяшаўся наперад, то страхавіта спыняўся і аглядаўся. Праз нейкі час усё ж спыніўся перадыхнуць.  Прыгледзеўшыся, Максім зразумеў, што мінуў ужо палову шляху. Так, вось каля гэтых старых бяроз, што растуць на пагорку, будзе роўна палавіна дарогі. Дзед расказваў, што некалі  на гэтым месцы стаяў хутар. Але заможнага гаспадара  камуністы раскулачылі, назад ён не вярнуўся. Хата і ўсе гаспадарчыя пабудовы спалілі ў вайну фашысты, занядбанае  месца зарасло, здзічэлыя яблыні загінулі,  адно  толькі тры магутныя бярозы перажылі ўсе мірныя і ваенныя ліхалецці.
    Пахаладала. Снег пабольшаў, зноў падзьмуў парывісты і халодны вецер. Сіняватая смуга, што ўкрывала дарогу, паменшала, ранні студзеньскі вечар непрыкметна паглынаў і без таго слепаватае дзённае святло. Максім адчуў, як  пачынаюць дубянець рукі, памяншаюцца сілы. І толькі прага да жыцця прымусіла яго крыху падбавіць хады. Нічога, хутка лес павінен скончыцца, а за ім прагляне гравійка. Калі пайсці па ёй, то прыйдзецца дабірацца з паўкіламетра да вёскі, а потым яшчэ і па вёсцы ўдвая больш. Таму ён зверне з дарогі і пойдзе агародамі: хоць і брысці па снегу, затое там застанецца ўсяго метраў трыста. Выратаванне такое блізкае, трэба ісці.
    Вёска – падалося яму – нерухома застыла ў трывожным чаканні. Не брахалі сабакі, не свяціліся вокны, адно толькі  вецер тужліва падганяў калючыя сняжынкі па бязлюдным наваколлі. Прабіваючыся па снежным цаліку ў вясковым агародзе, Максім не мог паверыць, што  дайшоў. Бабуліны вокны ў светлай палавіне хаты прыветна мільгацелі сіняватым святлом ад экрана тэлевізара.  З апошніх сіл  піхнуў перакошаныя веснічкі, ўваліўся ў хату, асеў на парозе і, захлёбваючыся ад жаласці да сябе, прахрыпеў:
    - Бабуля!
   Яна тут жа паказалася ў дзвярах. Прыкрыўшы рот рукою толькі і выгукнула:
    - А божухна! Максімка, унучак, што с табою нарабілася?!
    - Не ведаю. Там, каля возера, нешта выбухнула пад нашым вогнішчам. Мяне параніла. Бабуля, скарэй  выклікай хуткую – я паміраю!
    І, больш не стрымліваючы сябе, захліпаў носам, як малое дзіця. Бабуля, галосячы, узялася тэлефанаваць. Рукі яе дрыжалі ад хвалявання, не слухаліся,  ад чаго яна нервавалася яшчэ больш. Нарэшце  змагла набраць дзве кароткія лічбы, блытаючыся праз прычытанні і словы, стала вызываць хуткую. Нешта там было не так, бо бабуля заенчыла:
    - Я вам кажу ўнук памірае. Як гэта няма машын? Дык адзавіце з з таго выкліку. Яму дрэнна. Так, малады хлопец, увесь у крыві. Даражэнькая, давайце хутчэй, ён доўга не можа чакаць. Так, так, мая хата ў канцы вуліцы.
    Максім расслаблена прысланіўся да сцяны: усё, ён выратаваны, засталося пачакаць нейкіх паўгадзіны ці крыху болей. Бабуля, ледзь супакоіўшыся, стала тупаць каля  яго, дапамагла сцягнуць куртку, світар, кінулася за ватай і ёдам, каб апрацаваць раны. Потым нагрэла гарбаты і ўзялася паіць яго.
    - Пі, Максімка, пі міленькі. Як жа так, мой ты бедненькі. Нічога, крышачку патрывай, зараз машына прымчыцца. А божа,  што ж гэта будзе?
    А Максім адчуваў, як спакайнее на душы і прыходзіць упэўненасць, што ён будзе жыць.
    - Прыляж на ложак, унучак. Што ж я, дурніца, на халоднай падлозе цябе трымаю. Вось так, давай я табе дапамагу. Вось зараз падушку падкладу.
    Раптам бабуля схамянулася:
    - Чакай, а дзе ж твае сябры?
    Толькі цяпер Максім успомніў, што недзе там, па дарозе, Віталь цягне Косцю.  Адзін, з беспрытомным. Нешта падобнае на сорам варухнулася ўнутры, але хутка схавалася: ён не вінаваты, што так атрымалася. Да таго ж моцна пацярпеў, а яны з Віталем удваіх так рашылі.
    - Яны ідуць самі, бабуля. Хутка будуць, - зманіў Максім.
    - Як ідуць? Чаму? А дзе ж машына?
    - Ключы згубілі.
    - Мой ты бедненькі, нацярпеўся. То чаму ж яны кінулі цябе аднаго?
    - Косця таксама паранены, я пайшоў каб хутчэй вызваць дапамогу.
    - Божухна, мае вы хлопчыкі. Ляжы, унучак, ляжы. Мне сказалі, што адправяць машыну, ледзь толькі  вызваліцца. На табе, горад – машын свабодных няма.
    Правальваючыся ў прыемнае цяпло, Максім расслабіўся: боль трохі аціх, не так пульсавалі раны, толькі зноў неадольна наваліліся стомленасць і слабасць. Ён чуў, як тупае бабуля, раз-пораз выбягае на вуліцу, каб не не прапусціць хуткую дапамогу. Мабыць,  ён нават паспеў ні то задрамаць, ні то адключыцца, бо гукі, якія раптам зніклі, зноў вярнуліся. Каля хаты гучна рыпнула тармазамі машына. Грукнулі дзверы.
    - Што ў вас?
    - А во, доктар, сюды. Трэба ж нарабіцца – унук на рыбалку паехаў ды нешта выбухнула пад вогнішчам. Бяда, доктар, ён увесь зранены, скрываўлены, глядзець не магу.
    Бабуля ціха запрычытала і шморгнула носам. Максім расплюшчыў вочы. Над ім нахіліўся высокі хударлявы мужчына ў чорнай куртцы, накінутай паверх белага халата. За доктаравай спіной, з медыцынскай сумкай, сонна пазяхаючы, стаяла чарнявая пухленькая   медсястра.
    - Як вы, малады чалавек?
    - Не ведаю, слабасць нейкая, дрэнна мне, - выціснуў скрозь зубы Максім.
    - Так зараз паглядзім.
   Доктар агледзеў яго, памацаў галаву.
    - Раны на целе, як бы не вельмі глыбокія, а вось на галаве мне не падабаецца.  Не вельмі добра тут. Прытомнасць страчвалі?
    - Так.
    Доктар палічыў пульс, яшчэ раз агледзеў галаву, загадаў медсястры зрабіць нейкі ўкол, а пасля  спытаў:
    - Сам дойдзеш?
    - Паспрабую.
    Максім прыўзняўся. Цела чамусьці стала чужым, адзеравянелыя ногі ледзьве сагнуліся. На дапамогу падыйшоў кіроўца  і разам з доктарам яны павялі яго да машыны, потым паклалі на насілкі. Максім чуў, як доктар загадаў кіроўцу:
    - Паехалі. Трэба яго хутчэй давезці:  крыві шмат страціў, а яшчэ і раненне ў галаву. Баюся каб…
Апошнія яго  словы заглушыў гук рухавіка. Але Максіму гэтага хапіла каб зразумець: яго жыццё ўсё роўна ў небяспецы. Так, хутчэй у бальніцу. А як жа Віталь з Косцем? Трэба ж іх забраць. Але тады яны згубяць каштоўныя імгненні, ад якіх, магчыма, залежыць яго жыццё. Віталь, напэўна, сядзіць і чакае.  Машына пакуль даедзе да іх па лесе, пакуль Косцю агледзяць, потым назад – колькі часу міне. Можа, лепш хай яго давязуць да бальніцы, а тады ён скажа, што там, у вёсцы, засталіся, сябры. І іх таксама забяруць. Але ў такім выпадку яго ніхто не зразумее: ні брыгада хуткай дапамогі, ні Віталь з Косцем. Максім вагаўся. Зараз машына прамчыцца праз вёску, зверне улева, а праз нейкіх метраў дзвесце-трыста будзе развілка: налева гравійка зверне ў бок той самай лясной дарогі, а направа – на горад. Трэба нешта вырашаць.
    Прастора вакол яго звузілася да памераў гэтай глухой лясной дарогі, знікла адчуванне часу.  Ён проста ішоў, крок за крокам, рабіць якія станавілася ўсё цяжэй, сілы  імкліва пакідалі яго. Страх ад таго, што на яго могуць напасці ваўкі знік, як знікла і боязь за сваё жыццё. Віталь цяжка дыхаў і ўсё часцей спыняўся адпачываць. Косця па-ранейшаму не прыходзіў у свядомасць і Віталева сэрца часам  сціскала роспач: ці паспее ён выратаваць сябра? І дзе ж хуткая дапамога? Няўжо штосьці здарылася з Максімам? Не, такога не можа быць, інакш ён даўно ўбачыў бы яго распрасцёртае цела. Віталю захацелася плюнуць ад прыкрасці, але не было чым: вось дурань, знайшоў пра што думаць. З Максімам усё добра, а машына вось-вось павінна быць, за гэтым паваротам.
    Лес расступіўся нечакана. Віталь ужо страціў надзею, што ён калі-небудзь выцерабіцца на гравійку, як за гэтым самым паваротам з’явілася надзея на выратаванне. У чорнай падсіненай засмужанасці паказаліся цёмныя абрысы вясковых хат. Да іх было рукой падаць. Так, вось тут, у гэтым месцы,   раніцай машына з’ехала носам на ўзбочча, тут яны піхалі яе. А вось там, далей, будзе   паварот на саму вёску. Але як жа так? Няўжо спраўдзіліся яго дурныя прадчуванні, і Максім не дайшоў? Няўжо ён ляжыць дзе-нібудзь, на дарозе, без прытомнасці? Інакш хуткая  ужо прыехала б за імі. Чаму няма машыны? Дурныя прадчуванні  падштурхнулі яго. Ні думаючы больш ні пра што, акрамя таго, як дайсці да вёскі, Віталь паскорыў крок. Так, цяпер галоўнае дайсці да павароту на на вёску, потым яшчэ трохі – ён на вуліцы. Раптам нейкі шум  прымусіў яго ўзняць галаву. У стылым маўклівым прыцемку высвеціліся фары невядомай аўтамашыны, якая рухалася з вёскі на гравійку. Па контуры Віталь зразумеў, што гэта машына хуткай дапамогі. Максім дайшоў! За імі едуць! Віталь быў гатовы крычаць і плакаць ад шчасця. Дзякуй богу, яны выратаваныя. Зняможаны,  хацеў толькі аднаго:  зваліцца побач з Косцем  на заснежаную дарогу і чакаць, калі іх падбярэ хуткая. Вось фары бліснулі па дарозе. Але што гэта, не можа быць?! На нейкае імгненне ў Віталя перахапіла дыханне: машына звярнула управа. Чаму?! Чаму іх кінулі?
    - Стойце! Вы куды?! Пачакайце!
    Ён не ведаў, адкуль яшчэ ўзяліся і сілы, бо пабег услед за аўтамабілем, махаючы рукамі. Спыніць, яго трэба спыніць.
    - Стойце! Пачакайце!
    І машына спынілася. Нібы не верачы сваім вачам, Віталь прабег яшчэ некалькі крокаў  і толькі тады стаў. Бліснуўшы чырвоным, пасля белым, аўтамабіль паціху паехаў назад. Ляпнулі дзверы, з машыны адначасова выйшлі кіроўца і высокі хударлявы мужчына.
    - Што ў вас здарылася, малады чалавек?
    - Як што?! - Віталь ад абурэння сціснуў кулакі. - Чаму вы нас пакінулі?
    - Не разумею ў чым справа, - здзівіўся мужчына. - Мы прыехалі па выкліку і вязём параненага маладога хлопца. Чаго вы ад нас хочаце – пра вас нам  ніхто не паведамляў.
   - Што?!
   - Гэта ж я вас заўважыў, - падцвердзіў кіроўца, - я  ў люстэрку ўбачыў, што хтосьці бяжыць за машынай і махае рукамі. Таму і спыніўся.
   - Дык што Максім нічога пра нас не сказаў? - Віталь не хацеў верыць пачутаму.
    - Дык гэта ваш таварыш? І вы былі разам? Вось яно што, - ўцяміў нарэшце доктар. - Не, пра вас ён нічога не  казаў.
    - Хутчэй, забярыце Косцю, ён вельмі дрэнны. Ратуйце яго, доктар, - Віталь кінуўся да сябра.
    Машына пад’ехала да Косці, кіроўца расчыніў дзверы, выцягнуў насілкі. Пасля  кароткага  агляду доктар нешта ўкалоў Косці і загадаў імчацца ў горад.  Віталь, які стаяў на на дарозе, сеў у машыну следам за імі. Максім, убачыўшы яго, прыўзняўся:
    - А, гэта ты. Ведаеш, а я адключыўся, не паспеў нічога сказаць пра вас. Шмат крыві страціў, разумееш. Дрэнна мне было.
Віталь узарваўся ад яго хлуслівых апраўданняў. І, наколькі хапіла сіл, прыўстаў. У яго было шалёнае жаданне стукнуць Максіма па твары. Ён адвёў руку,   але ўбачыўшы, што  таго перакасіла ад страху, апусціўся і толькі плюнуў засмяглым камяком  у бессаромныя вочы. Здзіўленая медсястра моўчкі назірала за імі.
    - Ды ты…, ды я…, ды я на цябе заяву напішу, - разгублена выдыхнуў Максім.
    - Пішы, але ведай: калі што здарыцца з Косцем – я цябе самога прыдушу.
 Уладкаваўшыся на сядзенні,  Віталь заплюшчыў вочы і ўрэшце дазволіў сабе расслабіцца. Толькі б Косця выжыў, толькі б з ім усё было добра, а болей нічога не патрэбна. І яшчэ памірыцца з Іннай, знайсці такія словы, каб яна зразумела: ім, як і ўсім людзям, трэба берагчы адзін аднаго. Дзеля сябе, дзеля жыцця.

ХАТА З АКАНІЦАМІ

-1-

    Машына плаўна ўпісалася ў паварот і набрала хуткасць. Мірон упэўнена кіраваў аўтамабілем. Увогуле ён быў упэўнены ў сябе, ў сваіх сілах і задаволены сваім жыццём. Як ён можа  быць нечым не задаволены, калі ў яго ёсць асабістая ўтульная кватэра амаль у цэнтры Мінска, дарагі аўтамабіль, добры бізнэс з устойлівым  прыбыткам,  невялікі офіс з супрацоўнікамі, моладасць і здароў’е.  Офіс – калідор і некалькі пакояў прыходзіцца арэндаваць, але гэта неістотна. Зразумела, што амаль усё  даў бацька, які мае добрыя грошы,  але ж і ён сам прыклаў нямала намаганняў для наладжання  справы. І ўсё ж галоўнае, што ён усім забяспечаны  і насалоджваецца жыццём: па вечарах – рэстараны, дзяўчаты, якія так і чапляюцца на шыю, калі бачаць грошы, паездкі з сябрамі на вясёлыя адпачынкі.  Зрэдку прыходзіцца выязджаць па справах у Гомель, а на месцы ўсё ідзе сваім шляхам.  Сёння ён таксама быў тут і збіраўся ехаць назад, але для канчатковага вырашэння пытання прыйшлося звярнуць у Мазыр, а пасля – па просьбе аднаго добрага знаёмага – у невялікі раённы гарадок. Цяпер усё завершана.
    Невялікая непрыемнасць здарылася сёння, калі  быў у дарозе недзе з паўгадзіны. Праязджаючы нейкую зялёную палесскую вёску ён своечасова  не заўважыў старую бабулю, што пераходзіла вуліцу. Толькі ў  апошні момант паспеў націснуць на тормаз. Выскачыўшы з машыны,  аблаяў  мясцовую жыхарку  апошнімі словамі і абазваў старою каргою. Прыгорбленая бабуля  ў просценькай гарошкавай хустачцы з кійком у руках  сумна пахітала галаваю:
    - Хто ж цябе так выхаваў, сынок? Ці ж так размаўляюць са старэйшымі?
    - Не тваё дзела, бабуля,  хто мяне выхоўваў, - адазваўся раззлаваны Мірон. - Ідзі і не сунься болей пад колы. А то з-за цябе меў бы кучу непрыемнасцей,  ды і ты раней часу трапіла б на той свет.
    - Ніхто не ведае, што яго чакае наперадзе, а вось чалавекам трэба быць заўсёды. Бывай з Богам. Ты яшчэ ўспомніш мае словы, - неяк загадкава сказала бабуля і адыйшлася ўбок.
    Мірон завёў рухавік. У люстэрка  бачыў, што старая глядзіць яму ўслед і як бы нешта шэпча сабе пад нос. Хай шэпча, карга. Машына падняўшы клубы пылу, сарвалася з месца ды панеслася далей. Хутка ён супакоіўся, падбавіў гуку і ў салоне загучала прыемная музыка. Ён пастараўся выкінуць з галавы гэтае здарэнне. Усё абыйшлося – і  добра.
    За чарговым паваротам  заўважыў стройную маладую дзяўчыну адзетую  ў аблягаючыя джынсы і  майку. Яшчэ здалёку было бачна, што яна трымае ў руках нейкі скрутак. Мірон міжволі збавіў  хуткасць,  углядаючыся ў дзяўчыну, якая  спрабавала галасаваць. Параўняўшыся з незнаёмкаю,  зразумеў, што скрутак – гэта немаўля, загорнутае ў пялюшкі. Мірон ужо з добрую сотню  метраў ад’ехаў ад дзяўчыны, але нейкая невядомая сіла ўнутры прымусіла яго спыніцца і здаць назад. Прыадчыніўшы шкло, гукнуў:
    - Вам куды, прыгажуня?
    - Мне тут, недалёка, кіламетраў з дзесяць-дванаццаць па дарозе, - ахвотна адазвалася дзяўчына.
    - Сядайце, падкіну.
    Тая не прымусіла сябе доўга ўпрошваць. Праз хвіліну яна сядзела на пярэднім сядзенні, а машына паімчалася далей. Мірон скоса, з пад цёмных акуляраў, азірнуў дзяўчыну і лёгкія дрыжыкі спакусы прабеглі па яго целу. Незнаёмка была сапраўднай каралевай: стройныя прыгожыя ногі, вабны стан, доўгія русыя валасы, акуратныя  і правільныя рысы твару. Ах, якая дзяўчына! Немаўля, негледзячы на  летняе надвор’е,  было загорнутае так, што ён не бачыў нават твару. Мірон  пацікавіўся:
    - Што ж гэта такая прыгажуня адна стаіць на дарозе?
    - Так атрымалася, - адказала незнаёмка і глянула на яго.
Ад яе погляду ён ледзьве ўтрымаў  стырно. Якія   чароўныя вочы! Зірнуўшы ў іх толькі раз, загінуў: такой глыбіні ён яшчэ не бачыў. Стрымаўшыся,  зноў спытаўся:
    - Чаму ж вас ніхто не падвёз? Як гэта вы адна з немаўлём? А дзе ж бацька?
    - Няма бацькі, - спакойна адказала дзяўчына, - як толькі даведаўся, што ў нас будзе дзіця, тут жа знік. А ў мяне нікога няма, толькі мама. Вось і жыву з ёю ў вёсцы.
    Мірон прамаўчаў. У яго  было некалькі разоў нешта падобнае, але ён прымусіў сваіх сябровак зрабіць аборт. 
    - Як жа зваць невядомую прыгажуню?
    - Алеся.
    - Цудоўнае імя, - сказаў Мірон і заспяваў. - “Живёт в белорусском Полесье кудесница леса – Алеся”. Гэта, мабыць, вам прысвяцілі песню? Прызнайцеся.
    - Не, што вы, - Алеся нечакана засаромелася і крыху пачырванела. - Пра мяне песні ніхто не складаў.
    - А мяне  клічуць Міронам. Вось і пазнаёміліся. Дык куды вам, кажаце?
    - Вунь каля таго аўтобуснага прыпынка я магу выйсці. А там па лясной дарозе яшчэ  тры-чатыры кіламетры і я на месцы, - ажывілася Алеся.
    За прыпынкам Мірон  звярнуў налева, куды паказала дзяўчына.
    - Што вы, я магу і сама дайсці, - слаба запратэставала яна.
    - Не, як жа я магу кінуць маладую маці. Дзіўна, што ваша немаўля спіць увесь час.
    - Проста яно ў мяне цяжка перахварэла нядаўна і зусім слабае яшчэ.
    - Прабачце, не ведаў.
    Машына ехала па глухой  лясной дарозе, абапал якой зялёнымі вершалінамі  узняліся ў неба гонкія векавыя сосны. Колы падскоквалі на карэннях, а дарогу віхляла паміж дрэў.
    - Як вы жывяце ў такой глушы? - запытальна глянуў Мірон на дзяўчыну.
    - Нічога, прывыклі, здаеца так і трэба. Да таго ж мне няма куды больш ісці. Я ж казала, што ў мяне  нікога няма акрамя маці.
     У хуткім часе машына выехала на прагал і ён сапраўды ўбачыў вёску: невялікую, двароў на дзесяць. Вакол усё зарасло, месцамі быльнёг падняўся ў чалавечы рост, з-за чаго  вёска падавалася закінутай і нежылой. Справа ад дарогі, за зялёным алешнікам, свяцілася  і заманьвала прахалодай  невялікае азярцо.
    - Прыгожа тут у вас, - зазначыў Мірон, - цішыня і прырода, толькі прыязджай і адпачывай.
    - Гарадскія ўсе так кажуць, ім падабаецца ў нас, - адазвалася Алеся.
    - Вось вазьму і застануся. Возьмяце на пастой? - пажартаваў хлапец.
    - Калі ласка, заставайцеся, - спакойна адказала дзяўчына. - Звярніце вунь туды, да той хаты.
    Яна паказала на  высакаватую, крытую па-старому – дранкай – хату, што месцілася крыху зводдаль ад астатніх. Двор быў агароджаны драўляным плотам, які ад часу і непагадзі месцамі згніў, адтуль  павывальваліся штыкеціны. Брамы ў плоце не было і ён заехаў у двор. Хата глядзела на Мірона цёмнымі шыбамі вакон з аканіцамі. Было відаць, што сінія вокны і белыя аканіцы даўно не фарбаваліся, фарба выцвіла, патрэскалася і месцамі аблупілася. Да хаты гаспадары прыбудавалі хлеў, дзверы ў які былі расчынены насцеж, і чорны праём зеўраў, нібы ўваход у пячору. Увогуле і двор, і хата здаваліся нежылымі з-за таго,  што  нідзе не было бачна звыклай для вёскі жыўнасці – курэй, індыкоў, качак ці гусей, сабакі. Малюнак запусцення  скрадваў  толькі чорны кот, які спаў каля ганку. Калі пад’ехала машына, ён ляніва расплюшчыў вочы, паўзіраўся ў прыехаўшых і зноў заплюшчыў.
    - Праходзьце, я вас хоць квасам пачастую ў падзяку і пакармлю, а то б я сама яшчэ доўга тэпала. Мая мама вельмі смачны квас робіць, - запрасіла Алеся.
    Мірон  азірнуў стройную постаць дзяўчыны, ўздыхнуў і пайшоў за ёю. У цёмных сенцах ён спатыкнуўся і  ледзьве не паваліўся. Каб не ўпасці,  прыйшлося схапіць Алесю за стан. Жаданне  ўспыхнула ў ім з новаю сілай, ён абняў маладую гаспадыню, прыцягнуў да сябе.
    - Не, не трэба, - Алеся свабоднаю рукою мякка, але настойліва вызвалілася  з  яго  абдымкаў. З цяжкасцю  стрымаўшы  сябе,   Мірон увайшоў  у хату з пэўнай надзеяй, што Алеся абавязкова скарыцца  яму.  Хата дзялілася на дзве роўныя палавіны. Адну трэць першай паловы займала печ, насупраць стаяў стол, лава, на ёй вядро з вадою. Усюды па сценах на цвіках віселі зёлкі,  якія напаўнялі хату  прыемным водарам, ад якога  лёгка дыхалася.  Дзяўчына зайшла ў другую палову, якая аддзялася ад першай тонкай сценкай з занавескай пасярэдзіне, пакінуўшы немаўля там. Хутка  яна вярнулася і стала завіхацца, накрываючы на стол.
    - Не турбуйся, я не галодны. Не супраць, калі мы будзем на ты? - Мірон зноў наблізіўся да яе.
     - Не, не супраць. Тады я прынясу квасу, - дзяўчына выскачыла ў сені.
    Яна вярнулася, трымаючы ў руках збанок, паставіла на стол і наліла ў кубак. Як толькі госць адпіў з кубка, па целу разлілася прыемная асалода і цеплыня, а ў галаве злёгку зашумела.
    - Выдатны квас. Ды не квас, а нейкае чароўнае зелле.
    - Так, смачны квас, -  пагадзілася дзяўчына.
    - Тваёй маці трэба зрабіць фабрыку па продажы такога гатунку. М-м-м, цудоўна, - Мірон дапіў з кубка.
    - Ды ну, скажаш таксама, - засмяялася Алеся.
    Хлапец заўважыў, што ў галаве чамусьці затуманілася,  вочы сталі зліпацца, а цела адолела млявасць.  Голас Алесі паступова аддаляўся, яго неадольна пацягнула ў сон і ён схіліў галаву на стол.

-2-
    Колькі ён праспаў, Мірон не ведаў. Прачнуўся ад таго, што ў хаце нехта размаўляў. Хацеў прыўзняць галаву, але яна,  гэтак жа як рукі і ногі, адмаўлялася падпарадкоўвацца яму. Ён прыслухаўся: гаварылі Алеся і яшчэ нейкая жанчына – мабыць, яе маці.
    - Дык кажаш, дачушка, усё атрымалася? - пыталася маці.
    - Так. Ён адразу ж спыніўся, захацеў мяне падвезці і  застацца тут. Усё, як ты казала. Твае замовы падзейнічалі, - нейкім сумным голасам адказала ёй Алеся.
    Маці дробна захіхікала:
    - Вось і добра. Хутка сцямнее і мы пацягнем яго на наша мерапрыемства. Выдатнага донара ты знайшла – малады, моцны. Нічыпар будзе задаволены. Эх, будзе сёння ночка, ночка купальская!
    Яна зноў хіхікнула, у хаце сціхла. Мірон  спрабаваў  прыпадняцца, але цела  так і засталося нерухомым. “Мабыць, тут нейкая секта або ведзьміна логава. Так, пэўне ведзьмы.  Апаілі  наркатою і хочуць нешта выразаць з мяне. Ці яшчэ якая трасцу надумалі? І нічога не паробіш”. Думка прамільгнула не вызваўшы ніякай трывогі, быццам усё гэта адбывалася не з ім, а са староннім чалавекам. Яго воля і эмоцыі былі паралізаваны, як і цела.
    Нейкі час у хаце было ціха,  і  ён чуў, як бзыкае і б’ецца ў шыбіну муха. Колькі гэта цягнулася, хлопец не мог зразумець, бо згубіў адчуванне часу. Потым уваходныя дзверы ціха адчыніліся і нехта увайшоў.
    - Трэба збірацца, - Мірон пачуў голас старой ведзьмы.
    - А ён ужо прачнуўся? - спытала Алеся.
    - Так, ён усё чуе, але нічога не можа зрабіць. Зараз пойдзе, як міленькі. Падымі яму галаву.
   Нечыя рукі асцярожна прыўзнялі яго галаву, у рот палілося гаркавата-саладжавае пітво. Ён адразу адчуў, што цела пачынае ажываць. Пасля голас старой ведзьмы нешта зашаптаў,  да слыху даляталі асобныя словы:
    - Па волі маёй, па ласцы Люцыпыра…, ідзі, як чорны цень  на чорны лес…, агонь гарыць, слова маё звініць…
    Як толькі яна скончыла, Мірон расплюшчыў вочы: перад ім стаяла Алеся ў  доўгай чорнай сукенцы, а каля яе маці – высакаватая і худая жанчына год пяцідзясяці з маршчыністым тварам. Старая ведзьма зіркнула на яго:
    - Уставай! Ты  будзеш слухаць толькі мяне! Зразумеў?
    - Так, - абыякава пагадзіўся хлопец.
    Мірон цалкам разумеў, што папаў пад уладу старой ведзьмы, але такі ход падзей  не вызваў у яго свядомасці ніякай трывогі.
    - Ідзі на вуліцу, - загадала ведзьма.
    Хлопец  пакорліва пайшоў за ёю. Цёплая летняя ноч ахутала зямлю, на небе сям-там паблісквалі зоркі. Як па загаду, з-за цёмнай хмаркі выглянуў месяц высвеціўшы  двор, хату, белыя аканіцы і чорнага ката, што цёрся каля ведзьміных ног.
    - Прэч адсюль! Сядзі каля хаты, не то я табе…, - гыркнула ведзьма.
    Кот гучна  зашыпеў і знік за вуглом. Ведзьма  пайшла, за ёю Алеся, а следам і Мірон. У яго не было нават і думкі, каб уцячы, скокнуць у аўтамабіль і збегчы адсюль – ён пакорліва паклыпаў у невядомасць.
    Спачатку ішлі па той самай дарозе, па якой ён сюды ехаў. Недзе ў цемры вухкаў філін, а над іх галовамі з шумам праляцела нейкая начная птушка. А з боку возера данесліся прыглушаныя ўскрыкі, затым смех і плюханне вады. Калі Мірон з ведзьмай і яе дачкою падыйшлі бліжэй, то ў месячным святле  ён разгледзеў голых маладых дзяўчат, што весела купаліся ў азярыне. Смеючыся, тыя аблівалі адна адну вадою, пырскаліся і гарэзнічалі. Здалёку ён нічога больш не мог разгледзець. Мірон спыніўся: якія могуць быць тут ноччу  дзяўчаты? Хто яны, чаму яны тут? Ці можа ён проста сніць усё гэта?
    - Ідзі, ідзі ўжо. Бачыш ты – спадабаліся яму нашы русалкі. А тыя павылазілі на Купалле, свавольніцы, - таўханула яго ведзьма ў бок.
    “Якія русалкі? Гэта ж казкі,” - падумаў Мірон, механічна перастаўляючы ногі. Месяц, тым часам, зноў схаваўся, а яны ўвайшлі ў лес. Было цёмна, толькі  ведзьма смела крочыла напрасткі, быццам добра ведала дарогу. Пад нагамі захлюпала вада. Мірон адчуў, што чаравікі прамоклі, але  нагам чамусьці не было холадна. Хутка нізіна скончылася, яны падняліся вышэй і хлопец разгледзеў наперадзе  невыразны свет. Свет ярчэў па меры таго, як яны набліжаліся туды. Мірон убачыў, што яны выйшлі на даволі прасторную паляну на якой гарэла вялікае вогнішча. Каля вогнішча сабраліся невядомыя людзі:  жанчыны рознага ўзросту і некалькі мужчын. Прысутныя адразу звярнулі на іх увагу і сустрэлі бадзёрымі воклічамі:
   - Аўдоцця! Рады бачыць.
    - Ну вось, нашых прыбывае.
    Адна з жанчын адбегла да Аўдоцці і абняла яе:
    - Прывітанне, дарагая. Я бачу, што ты выканала даручанае.
    - Так, Марго, я не падвяла Нічыпара.
    - Ох, зайдрошчу я табе, калі ты скінеш так год пятнаццаць.
    - Нічога, ты ж такое ўжо прайшла.
    - Ага, - адказала Марго і задаволена засмяялася, выскаліўшы белыя зубы.
    Мірон не мог даўмецца аб чым ведзьмы размаўляюць: як яны збіраюцца маладзець, пры чым тут ён, што за Нічыпар, якога Аўдоцця ўжо ўспамінала? Але тое, што ён трапіў на ведзьмакоўскі збор, Мірон не сумняваўся. Ён усведамляў, што з ім можа нешта здарыцца, толькі, як і раней, заставаўся абыякавым да ўсяго, адчуваючы, што поўнасцю знаходзіцца пад уладай Аўдоцці.
-3-
    Пакуль ведзьмы і ведзьмакі,  размаўлялі неба ачысцілася, на паляне стала светла, як днём: месяц заліў паляну мёртвым, халодным святлом. Мужчыны, ў дадатак,  расклалі  яшчэ чатыры невялікія вогнішчы ў такім парадку, што самае буйнае апынулася  ў цэнтры імправізаванага квадрата. Усе прымоўклі, некага чакаючы, а той  не прымусіў сябе доўга чакаць. Спачатку пачуўся лёгкі свіст, потым узняўся ветрык, а ў начным небе паказалася маленькая кропка. Яна хутка павялічылася, на траву  апусціўся высокі сівы мужчына з густымі кусцістымі брывамі, год пад пяцьдзясят. Ён уважліва агледзеў усіх прысутных, падняў галаву ўверх і завыў, як сапраўдны воўк. У Мірона ад яго выцця па скуры прабегліся мурашкі. А мужчына-ваўкалак трасянуў галавою і прамовіў:
    - Вітаю шаноўны ведзьмакоўскі сход. Бачу, што амаль усе сабраліся. Спадзяюся, што сёння добра пагуляем, і я, Нічыпар, аб’яўляю наш чарговы штогадовы баль адкрытым.
    У адказ зборышча адазвалася свістам, выццём і галёканнем. Нічыпар падняў руку, каб усе сцішыліся:
    - Пачнём з нашай звычайнай справаздачы. Кожны раскажа, колькі ён звёў людзей, жывёлы, што ўтварыў нядобрага.
    Першай  у цэнтр выйшла тая самая Марго, сяброўка Аўдоцці, злёгку пакланілася ўсім:
- Ой, як добра прайшоў гэты год. Я звяла са свету дзвюх жанчын і пяцёра мужчын, навяла псоты на цэлую вёску. Цяпер яны не ведаюць, як адкараскацца ад бедаў, - ведзьма засмяялася. Прысутныя таксама заіржалі, як табун коней, а Марго   працягнула:
    - Яшчэ я знайшла вучаніцу, вельмі здольную і сёння прывяла яе з сабою.
Да Нічыпара выйшла маладая, год трыццаці, жанчына, прысела перад ім на калені. Вядзьмак агледзеў яе, падняў галаву, зазірнуў у вочы, твар і адобрыў:
    - Глядзі, Марго, вучы яе, як мае быць. Давай далей.
    Адзін за адным  у цэнтр сталі выходзіць ведзьмы і ведзьмакі, выхваляючыся сваімі поспехамі ў знішчэнні і вывядзенні людскога роду, але  Мірон асабліва не прыслухоўваўся. Ён адчуваў, што ззаду на яго нехта глядзіць. Азірнуўшыся, убачыў  Алесю. Іх вочы сустрэліся. Хлопец глядзеў на дзяўчыну, як заварожаны і яна не адрывала погляду нейкі час. Алеся першая апусціла вочы, потым яшчэ раз зірнула на яго  і ўздыхнула з невыказанаю тугою. У гэты час зборышча загалёкала з новай сілай: адна з ведзьмаў падрыхтавала цікавае відовішча. Яна выцягнула з кошыка дзве мужчынскія галовы, паставіла  на бярозавыя калодкі, пырснула на іх нейкім зеллем і нешта прашаптала. Пасля яе слоў галовы расплюшчылі вочы і загаварылі.
    - Д’ябал, куды я трапіў? - спытала першая галава, варочаючы вачыма. – Што гэта за зборышча?
    Пасля гэтага яна брудна вылаялася.
    - Заткніся, пачвара, - басам адазвалася другая галава, - табе месца толькі на сметніку.
    - Сам ты пачвара. Гэта ўсё праклятая ведзьма: яна абпаіла мяне нечым і працягнула сюды. А казала выдатная медавуха. Жывёліна.
    Ведзьма злёгку пляснула галаве па твары.
    - Ты чаго б’ешся, старая гадаўка, - пакрыўджана закрычала галава. – Вось выйду адсюль – я табе падкіну.
    - Чакай, выйдзеш, - зноў загаварыла другая галава, - будзеш у ведзьмы ў двары на калу варон пужаць.
    І галовы ўсчалі сварку. Ведзьма схапіла іх ды зноў пакідала ў кошык, а ўся хеўра зайшлася ад рогату. Супакоіўшыся, ведзьмы і ведзьмакі прыняліся паказваць сваё  ўмельства.  Ведзьмы куляліся праз галаву, пераўтвараліся ў чорных кошак  і прыгажунь, паднімаліся ў паветра на мятле, ляталі над палянаю. Ведзьмакі пераўтвараліся ў шэрых ваўкоў, шчоўкалі зубамі і вылі, потым скакалі цераз вогнішча. Нацешыўшыся, ўся ведзьмакоўская шайка хуценька выцягнула  прынесеную з сабою розную ежу: збаны з зеллем, кумпякі, гародніну, рыбу. Некалькі хвілін на паляне было толькі чуваць хрумстанне, чвяканне і задаволены рогат. Алеся не пайшла да паходнага стала і стаяла калі Мірона. Пасля вячэры ўсе разбрыліся, нейкі час адпачывалі, размаўляючы паміж сабою. Нічыпар гучна ляпнуў у далоні, збіраючы прысутных да сябе:
    - А цяпер запрашаю  сюды паважаную Аўдоццю. Надыйшоў мой і яе час.
    Ведзьма піхнула Мірона ў плечы. Ён спыніўся каля галоўнага ведзьмака, а той ўтаропіўся ў хлопца. Пад пранізлівым позіркам Мірон апусціўся на калені, Аўдоцця стала хадзіць вакол яго і пырскаць  зеллем. Затым разам з Нічыпарам яны сталі шаптаць замову, спачатку шэптам, а потым усё  гучней і гучней. Мірон  як бы страціў свядомасць, яго калаціла ад холаду, цела пранізвалі тысячы іголак, а галасы гучалі ўсё далей і далей. Але ўсё гэта хутка прайшло, ён змог падняцца, адно толькі косці балелі, як пасля бойкі. Усміхаючыся, каля яго стаялі  Нічыпар і Аўдоцця, сапраўды  памаладзеўшыя, нібы яны скінулі па год пятнаццаць-дваццаць: у ведзьмы зніклі маршчынкі, твар пасвяжэў і яна сама пастрайнела, а ў вядзьмака знікла сівізна, твар памаладзеў, вочы заблішчалі. Хеўра нейкі час маўчала, а потым выбухнула воклічамі захаплення. Мірон з непаразуменнем глядзеў на ўсё гэта. Калі зборышча аціхла, Нічыпар узняў рукі:
    - Што ж, паважаны сход, на сёння ў нас усё. Хутка развіднеецца, пачнуць спяваць пеўні і нам час разыходзіцца. Чарговы баль праз год, рыхтуйцеся да яго. Крыху пазней я паведамлю каму прыйшла чарга амаладзіцца. Усім да сустрэчы.
    Ён нейкі час пастаяў з узнятымі  рукамі, ціха падняўся ў паветра і знік. За ім усе астатнія сталі разбягацца хто куды: адны паляцелі на мятле, другія пабеглі, перакінуўшыся ў кошку ці ваўка.
    - Чаго стаіш? - Аўдоцця пацягнула яго за руку. - Не глядзі, ўсё роўна нічога не будзеш памятаць. А за гады дзякуй.
    І  задаволена засмяялася, выскаліўшы белыя зубы. Вярталіся назад тым жа шляхам, праз лес,  Алеся ішла, апусціўшы галаву. Русалак у возеры ўжо не было, а каля хаты чакаў кот. Ён скочыў Аўдоцці пад ногі і пацёрся каля яе. Ведзьма пасадзіла Мірона на лаву.
    - Алеся, займіся ім, мне яшчэ трэба адну справу скончыць. Зрабі, як я цябе вучыла.
    Калі ж яна пайшла, Алеся задумліва ўзяла ў рукі збан, доўга глядзела на Мірона, потым нечакана заплакала. Але хутка супакоілася, дала яму нейкага горкага зелля, пасля яшчэ нейкага саладзейшага пітва і нешта зашаптала за яго спіною. Мірон адчуў, што да яго вяртаецца ранейшая моц, цела становіцца сваім. Галава ж зноў стала хіліцца да стала, ён стаў засынаць. Апошняе, што памятаў – руку дзяўчыны, што лашчыла яго валасы.
-4-
    Мірон прачынаўся марудна. Галава балела, як пасля пахмелля, а тулава – быццам яго ўчора нехта адмалаціў, у роце аддавала нечым горкім. Ён з цяжкасцю расплюшчыў вочы: як яму магло такое  прысніцца? Ведзьмы, русалкі, галовы. Гэта ж трэба. Крэкчучы, ён падняўся і стаў аглядацца. Тая самая хата, у якую яго прывяла Алеся, але выглядала яна інакш: паўсюль ляжаў тоўсты слой пылу, на вокнах вісела павуцінне – усё нагадвала, што тут даўно ніхто не жыве. Як жа так? Так, яму ўсё гэта проста прыснілася, проста неверагодна  жахлівы сон. Але навошта  тады Алеся яго апаіла? Машына! Проста нейкая шайка хацела завалодаць ягоным джыпам. Ён кінуўся ў двор. Машына стаяла на тым жа месцы, дзе ён яе і пакінуў. Чорт ведае што. Ён сеў у машыну, азірнуўся: свяціла сонца, зелянела трава, спявалі птушкі. Цікава, а дзе ж сама Алеся, ці была тут яе маці? Навошта ўвесь гэты цырк?  Халера з імі, трэба ехаць.
    Ён завёў джып і выехаў са двара. Мінуўшы пустыя хаты, скіраваў уздоўж возера. Па хаду паправіў люстэрка і ўбачыў, што з задняга сядзення на яго глядзіць нейкі стары і брыдкі дзед: змяты, з ускудлачанымі валасамі і непаголены. Мірон рэзка націснуў на тормаз: не, ніякага дзеда няма. Цьфу, прымроіцца ж такое. Выцершы халодны пот, паправіў люстэрка на сябе – на яго глядзеў той самы стары. Мірон правёў рукою па твары – стары таксама правёў па твары. Хлопец глянуў на свае рукі – яны былі спрэс у глыбокіх зморшчынах. Ён яшчэ раз глянуў у люстэрка: так і ёсць, ён стаў старым дзедам. Як жа так? Гэтага не можа быць. Тут да яго дайшло: гэта быў не сон. Так, Аўдоцця з Нічыпарам цягам нейкай варажбы і  нейкага зелля змаглі ўзяць яго маладыя гады, а ён пераўтварыўся ў старога дзеда. Раз’юшаны, развярнуў машыну і паімчаўся назад. Цяжка дыхаючы, убег у хату, праверыў усе закуткі, выскачыў на двор. Усё марна, нідзе нікога няма.Але ж яны тут былі!  Ён кінуўся па вясковых хатах: і першая, і другая, і трэцяя былі нежылымі. Роспач ахапіла  яго і  Мірон заплакаў, як малое дзіця. Што ж цяпер рабіць? Калі ён не знойдзе якога-нібудзь выйсця, то хутка памрэ ад старасці. Тут ён успомніў старую бабулю і тое здарэнне. Вось так, напрарочыла, успомніў яе. Сам вінаваты. Сапраўды, чаго ён тады накрычаў на яе, чалавека вельмі сталага ўзросту?
    Крыху супакоіўшыся, выцер старэчыя слёзы і стаў думаць. Тэлефанаваць бацьку? Але чым той дапаможа, бо на дадзены момант  знаходзіцца ў Амерыцы.  Калі ўсё гэта не сон, калі ёсць такія замовы, то, хутчэй за ўсё, ёсць і адмовы. Трэба толькі знайсці якога-небудзь знахара, экстрасэнса, які зможа зрабіць такое, толькі плаці грошы. Сам не раз чытаў такія аб’явы. Грошы ў яго ёсць, у офісе. Калі так, трэба ехаць.
    Праз нейкі час Мірон быў ужо ў Мінску. Ён пакінуў машыну  на стаянцы насупраць увахода  і накіраваўся да дзвярэй офіса. Ахоўнік, які дзяжурыў на  дзвярах, спыніў яго:
    - Куды ты, дзед?
    - Што, зусім аслеп? А ну, адыдзіся. Я – Мірон Лапіцкі, мой офіс на трэцім паверсе.
    - Я Мірона Пятровіча добра ведаю. А вось хто ты такі і чаму раз’язджаеш на яго машыне – зараз патлумачыш.
    Ён схапіў Мірона за каўнер і стаў вызываць па радыё начальніка аховы. Да хлопца дайшло, што цяпер яго ніхто не пазнае. А калі яшчэ заграбуць ды здадуць у міліцыю, то і ўвогуле можна развітацца з усімі надзеямі. Ён крутнуўся, вырваўся з рук ахоўніка і  што ёсць сілы пабег да машыны. Той паспеў толькі стукнуць па задняму шклу, калі Мірон  ад’язджаў.
    Ён паехаў  дахаты, бо там таксама ляжалі грошы, хоць няшмат, але іх павінна хапіць. Прыхапіўшы зялёныя купюры,  звярнуў у кіёск і купіў патрэбную газету. Так, вось гэта можа падыйсці: вядомы вядзьмак у трэцім пакаленні, маг вышэйшай катэгорыі, член міжнароднай ассацыяцыі экстрасенсаў вырашыць любыя праблемы. Рэклама вызывала павагу, як і фота самога мага. Хлопец вырашыў не тэлефанаваць, а ехаць неадкладна. Патрэбны  дом адшукаў хутка. Каля дзвярэй стаяў дужы мардаты ахоўнік:
    - Вам чаго?
    - Твайго гаспадара.
    - Ён прымае толькі па папярэдняму запісу, - буркнуў ахоўнік.
    - Я па тэрміновай справе, - Мірон сунуў яму ў рукі  купюру.
    -Добра, зараз далажу, - ажывіўся здаравяк.
    Хутка Мірон сядзеў ва ўтульным кабінеце перад шыракаплечым мужчынам у белай кашулі, які хітравата паглядаў на яго. У кабінеце  панаваў паўзмрок, на сценах віселі нейкія сюррэалістычныя малюнкі, а ў вуглу прытаілася чучала ваўка. Гаспадар першым падаў голас:
     - Слухаю вас.
    - У мяне такая справа.
    Мірон пераказаў ўсё, што з ім адбылося, апусціўшы непатрэбныя  і неістотныя моманты.
    А грошы маеце? Выпадак цяжкі і аплата наперад,  - заявіў вядзьмак.
    - Колькі?
    Мірон адлічыў і паклаў грошы на стол. Гаспадар тут жа прыбраў купюры ў сейф, выцягнуў тоўстую кніжку ў чорнай вокладцы і стаў нешта чытаць. Пры гэтым  у пакоі штосьці шчоўкнула, свет стаў мігаць, прамільгнулі нейкія сполахі, а вядзьмак затрос рукамі. Потым ён павярнуўся да хлопца:
    - Першы сеанс завершаны. Справа цяжкая, але ўсё зробім.
    - Мне здаецца, што нічога не змянілася, - адказаў Мірон.
    - Вы не хвалюйцеся, знешне нічога не змянілася, але ўнутры  працэсы пайшлі. Вы павінны іх адчуваць.
    - Нічога я не адчуваю, - хлопец зразумеў, што яго дураць. - Вярніце мне грошы назад.
    - Гэта немагчыма, - вядзьмак націснуў на кнопку перад сабой.
    У пакой  забег мардаты ахоўнік, скруціў Мірону рукі і выпіхнуў за дзверы. Хлопец вылаяўся, сеў у машыну і стаў думаць.  Па-першае, трэба шукаць надзейнага чалавека, не махляра.  Падумаўшы, ён успомніў, што недзе з паўгода таму назад на адной з прэзентацый яго пазнаёмілі  з народным лекарам, вельмі раілі звяртацца, калі што якое: маўляў, вылечваў ледзь не безнадзейных хворых. Візітоўка ляжыць на стале ў офісе. Так, трэба трапіць туды, бо і грошы там, але як? Перабраў памяці ўсіх сваіх сяброў, але так і не вызначыў такога, каму можна даверыцца. Стоп, у яго ж ёсць Лерачка, сакратарка. Здаецца, нават закаханая ў яго, толькі яна Мірону не па густу. Ён набраў Леру.
   - Лерачка, мілая, гэта  Мірон Пятровіч. Слухай, так здарылася, што я не магу прыехаць у офіс. Але мне тэрмінова патрэбны грошы. У маім стале ляжаць ключы ад сейфа і візітоўкі.  Шыфр я табе скажу. Вазьмі ўсе грошы,  візітоўкі і прынясі мне. Я буду чакаць за вуглом нашага будынка.
    - У вас усё добра? - голас Леры гучаў недаверліва.
- Не, не зусім. Але я не хачу каб мяне бачылі ў такім выглядзе. Разумееш, у мяне праблемы з тварам. Я… крыху гэта…, абгарэў. Разумееш?
    - Добра, Мірон Пятровіч. Чакайце.
    Мірон па’ехаў і стаў чакаць. Адчуў, як стаміўся за сёняшні дзень. Канешне, табе ж не дваццаць шэсць, ты – стары дзед.   
    Лера прыйшла, як і абяцала.  Мірон адвярнуўся і схаваў твар, як толькі змог.
    - Добры дзень, Мірон Пятровіч. Вось, - Лера працягнула пакунак.
    - Дзякуй табе, Лерачка. Пакінь усё на заднім сядзенні. Ты нікому нічога  не расказвай. А ўсім скажы, што я тэлефанаваў і нейкі час мяне не будзе. Як толькі падлячуся, то адразу вярнуся. Добра?
    - Добра.
    - Вось і разумніца. Дзякуй яшчэ раз.
    Лера пайшла, аглядваючыся на машыну.
-5-
     Гадзіннік паказваў  шэсць вечара. Хутчэй за ўсё, тэлефанаваць  таму лекару пазнавата, ды і стома  нагадвала аб сабе. Мірон  вярнуўся дахаты, павячэраў, адмок пад душам, пагаліўся і адчуў сябе значна лепш.  Лёг спаць, але сон прыйшоў не адразу. А калі заснуў некалькі разоў прачынаўся ад дрэннага самаадчування: балела сэрца.
    Раніцай ён звязаўся з лекарам і дамовіўся аб сустрэчы.  Калі сакратарка  ўпусціла Мірона ў кабінет лекара, той ад здзіўлення прыўзняўся:
    - Вы хто такі?
    - Не хвалюйцеся, Юрый Якаўлевіч, гэта я – Мірон Лапіцкі. Дазвольце,  я вам усё патлумачу, а потым вы будзеце гаварыць.
    - Добра, сядайце, - лекар запрасіў Мірона сесці.
 Той    зноў расказаў аб сваіх прыгодах. Лекар моўчкі выслухаў яго, затым падыйшоў да Мірона, прыклаў  рукі да яго галавы. Хлопец адчуў, як нябачнае цяпло ідзе ў яго галаву, станавілася  лягчэй. Лекар адыйшоўся і сеў:
    - Я веру вам, Мірон Пятровіч, - ён уздыхнуў і пацёр свой шырокі маршчыністы лоб. - У вас вельмі аслаблена біяполе, арганізм знясілены. Калі неадкладна не прыклаць ніякіх намаганняў, то баюся, што здарыцца непапраўнае. Медыцына тут не дапаможа.
    - Вось грошы. Я таму і прыехаў, каб вы дапамаглі, -Мірон працягнуў пакунак.
    - Мне не патрэбны  вашы грошы, - лекар рашуча адхіліў яго руку. – Я не змагу вам дапамагчы. У мяне, канешне, ёсць дар ад Бога лячыць людзей, але такое не ў маіх сілах. Гэта з разраду містычнага і тут патрэбен лекар з надзвычайнай сілай. Я такіх не ведаю.
    - Што ж мне паміраць? - у адчаі ўсклікнуў Мірон.
    - Супакойцеся, не губляйце веры. Дарэчы, вы ў Бога верыце?
    - Якое гэта мае значэнне?
    - Вельмі вялікае, паверце мне.
    - Як вам сказаць? - Мірон паціснуў плячыма. -. Ніколі над гэтым не задумваўся, але я заўсёды быў не супраць веры.
   - Не, так нельга, - лекар нахіліўся да яго і дабразычліва сказаў, - трэба змяніць свой светапогляд,  зірнуць на сябе збоку: ці так вы жылі, ці правільна ўсё рабілі. Магчыма, гэта знак таго, што вам трэба перамяніцца. Усё на зямлі робіцца з Божае ласкі, Божага дазволу. Мне таксама дадзена мая сіла звыш. Я мяркую, што вам  трэба пайсці ў царкву, раскаяцца, памаліцца. І тады, магчыма, Бог дасць вам нейкі знак, накірунак да таго, як усё выправіць.
    - Вам лёгка гаварыць, а як мне?
    - Толькі не панікуйце, - лекар падняўся. - Ведаеце,  на што я звярнуў увагу ў вашай гісторыі? Ведзьма казала, што вы нічога не будзеце памятаць, а вы нічога не забылі. Гэта не проста так, я ўпэўнены. І ў вас ўсё павінна атрымацца. Абавязкова схадзіце ў царкву. З Богам. Калі што – тэлефануйце,  чым змагу, тым дапамагу.
    - Дзякуй.
    Па парадзе лекара Мірон паехаў не ў сталічную царкву, а вярнуўся зноў туды –  ў глухі палесскі райцэнтр. Добра было б сустрэць тую самую бабулю, папрасіў бы прабачэння, можа гэта яна наваражыла. А, можа,   штосьці і параіла б. Але дзе яе шукаць?
    Царква была зачынена, і ён застаўся чакаць святара. Бліжэй да вечара з’явіўся і ён. Мірон падыйшоў да яго:
    - Добры дзень, айцец.
    - Слухаю вас, - прыязна ўсміхнуўся  малады святар, год трыццаці невялікага расточку з рэдкай барадою  і скручанымі ззаду з вузельчык валасамі.
    - Ведаеце, я хацеў бы зайсці, памаліцца,  паставіць свечку, нешта ахвяраваць вашай царкве, але не ведаю, як правільна  рабіць.
    - Вы хрышчаны ў царкве?
    - Так.
    - Галоўнае – ваша шчырасць перад Госпадам, шчырасць у пакаянні і змірэнні. Праходзьце, што спатрэбіцца – я вам патлумачу, - святар глядзеў на Мірона, як бы падазрона.
    Ужо ідучы  па дарожцы хлопец  зразумеў, чаму святар так глядзеў на яго:  той з цяжкасцю паверыў, што чалавек вельмі сталага ўзросту не ведае элементарных паводзінаў у храме. Яму стала сорамна: сапраўды, у паўсядзённай мітусні, дзяўчатах і рэстаранах, ён зусім забыў, што ёсць і іншае жыццё, ёсць не толькі матэрыяльныя, а і духоўныя каштоўнасці. Ён нават і не задумваўся, што вакол  мноства бедных і хворых людзей, якім патрэбна дапамога, а ён гуляў і жыў ў сваё задавальненне. Усе гэтыя думкі агулам пранесліся ў яго галаве за нейкае імгненне і Мірону зрабілася сорамна за сябе, горка за сваё разгульнае жыццё. Здавалася, каб ён быў тут адзін, то пусціў бы слязу. У прахалоднай  і насычанай пахам воску атмасферы царквы Мірон сцішыўся.
    Святар, патлумачыўшы яму, як і дзе паставіць свечку, дзе і каму можна памаліцца, адыйшоўся, бо  паступова храм стаў запаўняцца вернікамі, у большасці жанчынамі сталага ўзросту. Калі пачалося само богаслужэнне Мірон  з цікавасцю прыглядаўся да да незнаёмага дзейства,  але  яно заставалася для  яго малазразумелым.  Вернікі хрысціліся, ён таксама стараўся не адставаць. Словы малітв  разумеў слаба  і паступова  засяродзіўся на сваіх роздумах: што яму тут рабіць? Святар казаў аб шчырасці, аб пакаянні,   таму ён павінен прасіць у Бога даравання за ўсе свае грахі. Як гэта робіцца, Мірон, канешне, не ведаў, але ж галоўнае, як сказаў святар, шчырасць. Ён адыйшоўся ў дальні вугал царквы, спыніўся перад іконаю, крыху падумаў і ўкленчыў:
    - Божа, даруй мне за ўсе мае грахі. Я вінаваты перад табою. Даруй мне, бо я шмат чаго не разумеў у гэтым жыцці. Даруй мне і дапамажы  вярнуць мае гады назад. Абяцаю, што я стану іншым чалавекам і буду жыць па тваіх запаветах. Няўжо я заслугоўваю такога лёсу?  Можа я нешта прашу не так, як трэба, то даруй. Не пакінь мяне, Божа.
    Пад купалам луналі песнапенні, аддаваючыся грукотаю ў вушах і грудзях. Падняўшыся, ён зразумеў, што гэта расхадзілася старэчае сэрца. Летняя гарачыня  і хваляванне прымусілі ўспомніць пра ўзрост. Ён выйшаў на вуліцу і паклаў пад язык валідол. Калі крыху адпусціла, зноў вярнуўся ў храм. Богаслужэнне скончылася, людзі сталі расходзіцца.  Мірон падыйшоў да святара:
    - Айцец, не ведаю, ці так я рабіў, але я стараўся быць шчырым. Ведаеце, са мною здарылася бяда. Ці дапаможа мне Гасподзь?
    - Ён ніколі не пакідае ў бядзе сваіх дзяцей, тых, хто верыць і жыве па ягоных запаветах,  дапамагае так ці інакш, хоць мы гэта і не разумеем. А тое, што мы прыходзім да яго, калі ў нас нешта здарыцца, гэта дрэнна, - святар з сумам уздыхнуў. - Я мяркую, што Гасподзь пачуе вашы шчырыя малітвы.
    - Вазьміце гэта для царквы, - Мірон працягнуў грошы. - Хай ваш храм стане прыгажэйшым.
    - Дзякуй, - здзіўлены святар узяў даволі буйную суму грошай. - Мы якраз пачалі рамонт і грошы  нам дарэчы. Як вас клічуць, добры чалавек?
    - Міронам.
    - Вось, вазьміце,  Мірон, - святар узяў са стала крыжык з ланцужком. – Насіце  яго і не здымайце. Гэты крыжык асвечаны ў храме  Труны Гасподняй –  ён мае вялікую сілу.  А я памалюся за вас.
    - Дзякуй, айцец, - Мірон схіліў галаву і выйшаў з царквы.
-6-
    За горадам   яго зноў ахапіў адчай: куды ехаць, да каго? Час ідзе, яго застаецца ўсё менш, улічваючы праблемы з старэчым сэрцам,  а ён нават не ведае ў які бок  падацца. Паглыбіўшыся ў цяжкі  роздум, ужо ад адчаю ці  злосці, ён прыціснуў педаль хуткасці, нібы вырашыў скончыць назаўсёды з гэтым жыццём. Машына ўзвыла і панеслася ў невядомым напрамку. Сонца садзілася, на дарогу паціху апускаўся змрок. За чарговым паворотам дарогі ён раптам заўважыў жанчыну з сумкаю ў руках, што ішла ў спадарожным накірунку па праезжай частцы. Мірон заўважыў яе даволі позна, а хуткасць была вялікай. Толькі гэтага не хапала каб давершыць ўсе непрыемнасці! Ён рэзка націснуў на тормаз і машына спынілася літаральна ў сантыметрах ад застыўшай, як слуп, і  перапалоханай жанчыны. Мірон імгненна ўспацеў, выскачыў з джыпа і зароў:
    - Што, жыццё надакучыла? Хіба па ўзбоччы нельга ісці? Не, лезуць на дарогу. Колькі можна!?
    Са злосці ён хацеў яшчэ накрычаць на жанчыну, але асекся, ўспомніўшы нядаўняе здарэнне ў вёсцы  і ўбачыўшы перад сабою бабулю год сямідзесяці з ёмістаю торбаю. Яна вінавата моргала вачыма, не ведаючы, што адказаць такому ж старому, што хрыплым голосам крычаў на яе. Мірон ужо спакайней спытаў:
    - Што маўчыце, бабуля? Разумееце, я ж мог на вас наехаць.
    - Якая я табе бабуля, - раззлавалася ўжо жанчына, - ты ж маіх год будзеш. Сам нясешся, нібы шылам пырнулі ў адно месца, а на мяне крычыш. Ыйш ты, разыйшоўся.
    - Добра, не сярдуйце, - прымірэнча адказаў Мірон. - Так і сапраўды можна пад колы трапіць, тым больш цямнее.
    - Эх, даражэнькі, - уздыхнула бабуля, - па ўзбоччы цяжка ісці з торбаю ў руках. Я і так кіламетраў з чатыры пратэпала.
    - Сядайце, я вас падкіну, - хлопец узяў торбу ў рукі.
Можна і падвезці, горш, чым з Алесяй, ужо не будзе. Узрадаваная бабуля паспяшалася да машыны. Ён дапамог ёй сесці, ўладкавацца і падаў торбу.
    - Вось дзякуй табе. Мабыць, цябе сам Бог паслаў, - яна  перакрыжавалася. - А то я выбралася ў горад, а назад, на аўтобус, спазнілася. Прыйшлося ісці пехатою, не ведаю, калі і дайшла б. Ты, я бачу, не з мясцовых?
    - Не, зусім не адсюль.
    Прамільгнула рачулка, за ёю зноў пачаўся лес.
    - Нейкі ты невясёлы. Можа перажываеш за здарэнне, то не трэба – усё ж добра, - заспакоіла яго бабуля.
    - Не, што вы, гэта такая дробязь у параўнанні…
    Ён не дагаварыў, а старая прымоўкла, мабыць, абдумваючы яго словы.
    - Вой-вой, не гані, вунь ужо і мая вёска ў баку, я амаль што прыехала, - гукнула яна.
    Мірон дапамог ёй выйсці і развітаўся:
    - Шчасліва вам. І не хадзіце болей па дарозе – гэта небяспечна.
    - Пачакай ты развітвацца. Бачу, што нядобра ў цябе на душы. Можа дапамагу чым?
    - Не ведаю, але наўрад ці.
    - Я шмат каму дапамагла. Ты не бойся, даражэнькі,  раскажы.
    - Гэта доўгая гісторыя, каб яе тут, на дарозе, расказваць.
    - Калі ты не спяшаешся – пераначуй у мяне. Я ўжо год з дзесяць адна жыву – гаспадар мой памёр,   я адна дажываю. Толькі мне паміраць яшчэ  рана, трэба  чакаць.  Кіруй да маёй хаты. Павячэраеш і раскажаш, што там у цябе здарылася.
    Чаму б і не? Куды ён паедзе на ноч гледзячы? Мірон рашуча павярнуў на вёску. Джып праехаў па пыльнай вясковай вуліцы  і спыніўся каля невялічкай  утульнай хаты: патрэпанай гадамі і непагодай, але пафарбаванай і дагледжанай. Двор прыбраны, без лішняга і напатрэбнага хламу, як гэта часта бывае ў вёсках.
    - Вось мы і прыехалі. Праходзь, госцем будзеш. Вой, мы ж нават не пазнаёміліся. Мяне Надзеяй Васільенай зваць.
    - А мяне Міронам.
    - Прыгожае імя, цяпер такое рэдка сустрэнеш. А то цяпер дзяцям такія ўжо імёны даюць, што і не выгаварыць. Праходзь, зараз вячэраць будзем.
    З-за веснічак выбег невялікі кудлаты сабачка, радасна забрахаў, сустракаючы гаспадыню. Потым абнюхаў Мірона, заглянуў яму ў вочы і паспяшаўся за Надзеяй  Васільеўнай.
    - Мой найлепшы дружочак, - яна прылашчыла сабаку. - Так і заву – Дружок. Добрых людзей ніколі не чапае, пускае ў двор.
    Дружок, нібы зразумеўшы, што гаворка ідзе пра яго, гаўкнуў некалькі разоў.
    - Можа што дапамагчы? - пацікавіўся Мірон.
    - А ты мне вады з калодзежа прынясі, ды пасядзі крышку, думкі свае папарадкуй. У нас тут ціха, душа твая супакоіцца.
    Было і сапраўды ціха, адно толькі назойліва звінелі камары. Ён схапіў вядро, пайшоў да калодзежа. Натужна зарыпеў калаварот, зазвінеў ланцуг, у вядро палілася чысцюткая халодная вада. Мірон ўспомніў, што з самай раніцы ў яго роце  макавай расінкі не было. Паставіўшы вядро на зруб, ён доўга і з асалодаю піў сцюдзёную і смачную ваду. Аднёс вядро ў сенцы, а сам сядзеў на лавачцы пад вішняю і адчуваў, як адплывае неспакой, раздражненне, становіцца лягчэй дыхаць, як павольна паплылі думкі.   
    Сцямнела…  Толькі цяпер ён заўважыў, колькі на небе зорак. Яны высыпалі ў такой колькасці, як быццам гэта быў іх апошні дзень, і яны выбраліся пакрасавацца на развітанне ды паглядзець напаследак на матухну-зямлю. Месяц недзе схаваўся за хмару, нібы баяўся парушыць урачыстасць шыкоўна-серабрыстага  парада. Хараство  нябеснага малюнка  парушаў толькі рэдкі сабачы брэх аднекуль з вёскі ды надакучлівы камарыны піск. Як жа хораша і добра тут!
-7-
    Задумаўшыся, Мірон не заўважыў, як выйшла гаспадыня:
    - То пойдзем вячэраць.
    У хаце, над сталом, па-старадаўняму нізка,  вісела электрычная лямпачка ў квяцістым абажуры. Са сцен глядзелі даўнія фотаздымкі ў драўляных рамах, а з покуці вялікая ікона Божай Маці , убраная белым ручніком. Мірон зрабіў некалькі крокаў да стала, потым, нібы адумаўшыся, няўпэўнена перахрысціўся.
    - Сядай, сядай, калі ласка, - Надзея Васільеўна пасунула да яго талерку.
    - На стале дымілася гарачая бульба, горачкай ляжалі маласольныя агуркі, пыхкала яечня з салам, з міскі ішоў прыемны пах грыбнога булёну.
    - Еш, еш, усё з печы, гарачае. А на мяне не глядзі, мне шмат не трэба, - запрасіла гаспадыня.
    Калі ён наталіў голад і паціху разбіраўся з яечняю, яна раптам спытала:
    - Колькі ж год табе?
    - Дваццаць шэсць, - шчыра прызнаўся ён.
    - Вось я і думаю, што нешта тут не тое, - выдыхнула Надзея Васільеўна, - твае паводзіны ніяк не стасуюцца з  выглядам. Старыя зусім не так сябе паводзяць. Я спачатку думала, што ты хворы, ажно не. Што ж за бяда ў цябе здарылася?
    Мірон у чарговы раз пераказаў сваю гісторыю. На гэты раз на яго найшла такая шчырасць, што ён расказаў і пра сваё вясёлае разгульнае  жыццё, і пра дзяўчат, і пра здарэнне ў вёсцы, і як хацеў Алесю спакусіць. Жанчына слухала яго ўважліва, не перапытваючы.  Калі хлопец скончыў, яму адразу стала лягчэй, нібы з плеч зваліўся цяжар. Надзея Васільеўна стала ціха гаварыць:
    - Хапіла табе. Але не перажывай, усё магчыма выправіць: на іхнія ведзьмакоўскія замовы ёсць і адмовы. Вельмі добра сказаў твой знаёмы народны лекар: вера ў Бога – найвялікшая сіла. Людзі думаюць, што ўсё адбываецца само па сабе. Не, ні адзін лісточак не падае з дрэва без яго волі, што здараецца – тое і павінна было здарыцца. І табе Бог даў шанец – сустрэчу са мною.
    Яна на нейкі час змоўкла, потым працягнула:
    - Мая бабуля – царства ёй нябеснае – вядомая была ў наваколлі знахарка. Тады ж дактароў тых на вёсцы не было, большасць людзей лячылася народнымі сродкамі. Мая бабуля, Вера Ігнацьеўна, мела сілу ад Бога і ратавала людзей. Ніколі за гэта грошай не брала, бо грэх  – браць грошы за тое, што не тваё, а звыш дадзена. Да яе і партыйныя начальнікі крадком прыязджалі, дзетак сваіх прывозілі. Усім дапамагала, нікога не кідала ў бядзе. Яна нават ведала, калі памрэ. Справа ў тым, што сіла гэтая перадаецца ў нашай сям’і па жаноцкай лініі і толькі ад бабулі да ўнучкі. Таму мая мама не магла ўзяць ад яе той дар, ён перадаўся мне. Памятаю, было мне недзе каля дванаццаці год, заве мяне бабуля і кажа: так і так, унучка, сядай буду цябе вучыць, бо ў цябе ёсць мая сіла. Я і сапраўды з малых год нешта магла. Як вазьму якое куранятка нягеглае, патрымаю ў руках – яно ўраз здаравее, расце добра. Я цяпер павінна  свой дар перадаць унучцы і не магу пайсці на той свет, пакуль гэта не зраблю. Таму я табе і казала, што мне трэба чакаць, не паміраць. Справа ў тым, што ўнучка жыве ў горадзе і яшчэ не падрасла да таго ўзросту, калі можна ёй сілу аддаць.
    Дык вось, цяпер па тваёй бядзе. Мне бабуля неяк расказвала, што даўно, яшчэ ў дваццатыя гады, калі ў нас усіх у калгас зганялі, прыбіўся ў іхнюю вёску мужчынка, стары і сівы. Ён нічога не памятаў: адкуль і як зваць, дзе ён быў. А ў нас жанчына жыла, якая на картах умела варажыць. Дык ёй карты і паказалі, што быў той мужчынка маладым хлопцам, а яго ведзьмы абдурылі, як цябе. Толькі дапамагчы яму ніхто не змог, а ён хутка і памёр.
    - Выходзіць, што і мне ніхто не дапаможа? - апусціў галаву Мірон.
    - Пачакай, не спяшайся, я яшчэ не скончыла. Я толькі аднаго зразумець не магу: чаму ты ўсё памятаеш? Ты ж павінен быць такім, як той мужчынка. На гэта і робяць ведзьмы разлік – нічога не памятае чалавек, яго лічаць вар’ятам, ён хутка гіне. Толькі справа тут, мне здаецца, ў Алесі, у яе нейкі свой разлік быў. А нам гэта якраз і трэба. Дык вось,  бабуля змагла тады нейкім чынам выведаць у аднаго ведзьмака, як выратаваць чалавека ў такім выпадку. І яна мне навучыла.  Слухай.  Дзякуй Богу, што ты так хутка трапіў на мяне. Усё адбылося ў купальскую ноч, калі  ведзьмакоўскія замовы маюць вялікую сілу. Ты павінен вярнуцца ў тую хату  цягам трох дзён,  бо з кожным днём твае сілы будуць губляцца, а пазней увогуле  будзе вельмі складана, а то і немагчыма нешта адрабіць назад.  У хаце гэтай, бліжэй да поўначы, трэба запаліць дванаццаць свечак і расставіць роўным кругам вакол сябе. Потым, як наступіць поўнач,  трэба чытаць малітву і замову, якія – я табе напішу. Пасля гэтага тройчы паўтарыць: дзе б ты ні была, ў якім абліччы не хавалася, перада мною, ведзьма, з’явіся і ў абліччы сапраўдным пакажыся. Як толькі яна з’явіцца, накінеш ёй на шыю чырвоную нітку і пырснеш свянцонаю вадою. Вось тады яна стане табе падпарадкоўвацца. Ты ёй і скажаш: вярні мне мае гады і сілу, а калі не – то навек пакіну сядзець  у гэтай хаце ці прывязанай  да дрэва ў лесе. Бо без цябе ніхто не зможа замову зняць і вызваліць яе. А яна ўжо павядзе цябе да галоўнага ведзьмака. Толькі ён можа выканаць абрад вяртання. Ты і яму прыгразі, што людзям усю праўду расскажаш, што чуў і бачыў, бо ведаеш іх  імёны, на тваіх вачах адбываўся іхні сход.  Яны, канешне, могуць абяцаць табе залатыя горы, зрабіць такімі, як і яны, але ж ты не паддавайся на ўгаворы і не размаўляй з імі. Яны вымушаны будуць адступіць. Потым ведзьму гэту прывядзі назад у хату і трымай да трэціх пеўняў, адным словам, да ўсходу сонца. А тады можаш адпусціць – яна не зробіць табе ніякай шкоды. Вось такім чынам табе трэба рабіць.
    Мірон, неяк па-старэчы кашляючы, засмяяўся:
    - Калі б некалькі дзён таму назад мне нехта расказаў бы нешта падобнае – я б, у лепшым выпадку, проста пасмяяўся, палічыў бы за казку. А сёння мне не да смеху. Падумаць толькі: ведзьмы, ваўкалакі, замовы.
    - Што ж зробіш, спакон вякоў так было: супраць сілы божай стаялі сілы д’ябальскія. А гэта ўсё каб мы, людзі, шукалі правільны шлях, ішлі да Бога, а не спакушаліся на нячысцікавы чары, хоць ён і  абяцае залатыя горы. Нічога, усё будзе добра. Зараз яшчэ гарбаты пап’ём ды будзем класціся спаць.
    - А вы яшчэ лечыце людзей?
    - А як жа – людзі ідуць, трэба дапамагаць. Сілы ўжо не тыя, але ж паціху дапамагаю: каму хваробу падлячыць, каму загаварыць, а каму і адрабіць. Так, так  нярэдка і з гэтым прыходзяць. Вось, пі маю гарбату. Яна на такіх травах, што сілу і моц даюць.
    Ад кубка і сапраўды ішоў незвычайны водар, запаўняючы ўсю хату прыемным пахам. Мірон пацягнуў гарачай гарбаты і ўнутры разлілося прыемнае цяпло, у галаве паяснела і нават стала лягчэй дыхаць.
    Пасля вячэры ён выйшаў на вуліцу. Неба мігцела далёкімі халоднымі зоркамі, а двор патануў у цішыні. Мірон задумаўся: мо і невыпадкова ўсё гэта з ім адбылося? Можа, маюць рацыю і лекар той, і Надзея Васільеўна, што ён павінен па іншаму глянуць на сваё жыццё? А што яго чакае заўтра? Ці здолее ён зрабіць так, як трэба?
-8-
    Пабудзіў яго  ранішні  сонечны прамень, што заглянуў у вочы. Ад  яркага святла  прыжмурыўся, павярнуў галаву ўбок і толькі потым канчаткова прачнуўся.  Выглянуў у акно, што выходзіла на вясковую вуліцу. Цікаўная вясковая дзетвара круцілася каля яго джыпа, гледзячы  праз шкло  машыну і нешта абмяркоўваючы паміж сабою. Разам з імі  мітусіўся і Дружок, віляючы хвастом і заглядаючы кожнаму хлопчыку ў вочы. Раніца даўно ўжо наступіла, трэба хутчэй збірацца. Каля дзвярэй вісела люстэрка, на Мірона  глянуў той  самы змяты старэчы твар. Божа, як гэта жахліва, няўжо ён такім і застанецца? Не, і яшчэ раз не, ён павінен прыціснуць  да пазногця паганае  вядзьмарскае гняздо.
    Надзея Васільеўна ўжо поркалася ў агародзе.
    - Добрай раніцы, - прывітаўся Мірон.
    - Добрай, Міронка. Як спалася?
    - Дзякуй, вельмі добра. Але ж мне трэба ехаць.
    - Пачакай, паснедаеш і паедзеш.
      - Паснедаўшы смачнымі гарачымі блінамі са смятанай і  пахучай гарбатай з булкаю, ён падзякаваў:
    - Залатыя ў вас рукі, Надзея Васільеўна, даўно так смачна не вячэраў і не снедаў. Можа вам што патрэбна, вы толькі скажыце.
    - Дзякуй, у мяне ўсё ёсць. А тое, што смачна – таму што згатавана з любоўю. Такая страва заўсёды смачная.
    - Дык можа вам грошай пакінуць?
    - Што ты, якія грошы.
    - Прабачце, не падумаў. То яшчэ раз дзякуй.
    Перад машынаю Надзея Васільеўна працягнула яму торбачку,  паперку, чырвоную нітку, пакунак  тоўстых доўгіх свечак і бутэлечку са свянцонаю вадою:
    - Вось малітвы, пачытай іх, пастарайся, каб добра ведаў. Запомніў усё, чаму я цябе ўчора вучыла?
    - Так.
    - То з Богам, дзіцятка.
    - Дзякуй вам за ўсё. Я абавязкова вярнуся каб яшчэ раз падзякаваць.
    Надзея Васільеўна  на дарогу перакрыжавала яго, нешта прашаптала. На тое, каб да поўначы паспець у ведзьміну хату, у яго хапала часу і ён не хваляваўся  за гэта. У добрым настроі мінуў ціхі райцэнтр, скіраваў у патрэбным напрамку. На скрыжаванні дзвюх дарог стаяў міліцэйскі аўтамабіль, а каля яго дзяжурыў інспектар ДПС з жэзлам у руках. Ён спыняў для праверкі ўсе машыны, не мінуў і Мірона. Міліцыянт падыйшоў да яго, нядбайна казырнуў:
    - Інспектар ДПС лейтэнант Мігалёў. Вашы дакументы.
    Лейтэнат узяў працягнутыя дакументы, разгледзеў, потым зірнуў на Мірона, глянуў у дакументы і зноў на кіроўцу. Мірон пахаладзеў: ён зноў упусціў з галавы, што выглядае цяпер зусім інакш.
    -  Не разумею, чые ў вас дакументы, грамадзянін, - іспектар нахмурыўся.
    - Таварыш лейтэнант, ведаеце, памылачка выйшла. Я спяшаўся і прыхапіў дакументы ўнука. Мы разам жывём, выпадкова атрымалася.
    - Зараз разбяромся. Выйдзіце з машыны.
    - Я праўду кажу, вельмі спяшаўся і проста паблытаў. Давайце дамовімся, - горача зашаптаў Мірон  і працягнуў міліцыянту грошы.
    - Вы што, ў турму захацелі на старасці гадоў за хабар? - інспектар рашуча пацягнуў дзверы на сябе. - А ну, выходзьце! Машына дарагая, можа быць скрадзеная.
    - Нічога не скрадзеная, я ж кажу, што ўнукава машына, - спрабаваў угаварыць лейтэната Мірон, але той быў няўмольны. Міліцыянт пасадзіў яго ў службовы аўтамабіль і загадаў напарніку вызваць машыну з райаддзела.
    - Ды не хвалюйся ты, дзед, - заспакоіў Мірона напарнік, - нічога страшнага. Зараз высветляць тваю асобу, выпішуць штрафу і паедзеш далей. Разумееш, мы не можам цябе адпусціць – сёння “Перахват” увялі. Скралі, праўда, не такую, як твая, машыну, але ж служба.
    У думках Мірон праклінаў усіх: і ведзьмаў, і міліцыянтаў, і сябе. Гэта ж канец. Як  ён падцвердзіць сваю асобу? Яго закрыюць на некалькі сутак, бо ён ніяк не зможа даказаць, што ён гэта ён. Што ж рабіць?
    Хутка прыехала машына  з горада. Мірона пасадзілі ў службовы “Уазік”, а на яго машыне паехаў міліцыянт. У дзяжурнай частцы іх сустрэў малады  русявы старшы лейтэнант. Той, што прывёз Мірона, паказаў затрыманаму  на крэсла, а сам паклаў перад дзяжурным  дакументы і ключы ад джыпа:
    - Вось, трэба высветліць асобу гэтага дзеда. Ехаў на машыне з чужымі дакументамі. Я пайшоў, нам яшчэ у суд трэба.
    Толькі ён пайшоў, як дзверы адчыніліся і нейкі міліцыянт з капітанскімі пагонамі ўпіхнуў у памяшканне п’янаватага мужычка ў бруднай вопратцы.
    - Во, з сямейнага скандалу прывёз. Вось пратакол, давай правярай ды кідай яго ў  малпоўнік.
    Але дэбашыр нечакана заўпарціўся. Як толькі дзяжурны стаў яго абшукваць, ён ударыў таму па руках. Старшы лейтэнант узарваўся:
    - Ах ты, казёл!
    І стукнуў мужычку па рэбрах. Той зароў, кінуўся на дзяжурнага. Міліцыянт, які прывёў дэбашыра, кінуўся на дапамогу дзяжурнаму. Мірон змікіціў, што лепшага моманту не будзе: ён хуценька зрабіў два крокі да стала, схапіў ключы і дакументы, і рвануўся ў дзверы. Міліцыянты, барукаючыся з сямейным  дэбашырам, нават не паглядзелі ў яго бок. Машына хутка вынесла яго за  горад. Каб мінуць пост даішнікаў, Мірон збочыў на іншую дарогу. Яму прыйшлося зрабіць круг кіламетраў на пяцьдзясят, але так  было бяспечней.
    Сонца яшчэ не села, калі ён звярнуў на тую самую дарогу. Сосны расступіліся, паказалася закінутая вёска. Спачатку ён заехаў у двор, але потым перадумаў. На ўсялякі выпадак вярнуўся і  схаваў машыну ў лесе пры ўездзе ў вёску. Дзверы ў сенцы лёгка адчыніліся. У хаце ўсё засталося ў такім жа выглядзе, як ён пакінуў: пыл на лаўцы, павуцінне, пусты стол.  Трэба чакаць. Мірон развязаў торбачку, што дала яму з сабою Надзея Васільеўна. Добрая жанчына паклапацілася, каб ён не застаўся галодным: туды яна паклала  кілбасы з хлебам, агуркоў, вараных яек, бутэльку з кампотам. Мірон з цеплынёю успомніў Надзею Васільеўну – яна клапоціцца аб ім, як родная маці. Не, калі сёння ўсё стане на сваё месца, ён  абавязкова знойдзе якім чынам аддзячыць жанчыну. Цяжка яму сёння  будзе? Бадай што, так. Застаецца  толькі паверыць Надзеі Васільеўне і спадзявацца на  Бога. Пры гэтым ён, як сапраўдны вернік, перакрыжаваўся.
-9-
    Зірнуўшы на гадзіннік, Мірон стаў рыхтавацца. Уладкаваў  і запаліў свечкі, паставіў у цэнтры стул, паклаў каля сябе нітку і свянцоную ваду. Потым стаў чытаць малітвы, якія былі напісаны на стараславянскай мове і якія ён ужо некалькі разоў паспеў прачытаць пра сябе. Чым далей чытаў малітвы, тым больш адчуваў: нібыта  побач  з’явілася нябачная сіла, гатовая падтрымаць яго. І сам ён быццам узняўся над сабою – такая лёгкасць і яснасць  ахінула яго. Вось і настаў той самы момант, калі ён крыху дрыжачым ад хвалявання голасам усклікнуў:
    - Ведзьма – з’явіся!
    Пасля яго слоў пол злёгку затрымцеў, па сценах прабегліся агнявыя сполахі, полымя свечак страпянулася, а хата прыняла той самы выгляд, калі  Алеся частавала яго квасам. І ў тое ж імгненне перад  ім узнікла  разгубленая Аўдоцця, якая з нейкім страхам глядзела на хлопца. Мірон змог узяць сябе ў рукі: ён накінуў на ведзьму нітку, пырснуў вадою. Тая завішчала тонкім галаском і закрыла твар рукамі. Крыху супакоіўшыся, яна апусціла рукі:
    - Ты?!
    - Не, цень бацькі Гамлета, - з’едліва адказаў хлопец. - Думала, што мяне ўжо пахавалі? Не, цяпер ты ў маіх руках.
    - Але як, як ты змог?
    - Гэта ўжо не твайго розуму справа. Я прыйшоў толькі дзеля аднаго – вярні мне маё.
    - Гэта немагчыма, - завішчала Аўдоцця, - мне гэта непадуладна і ты нічога не зробіш.
    - Памыляешся, цяпер я гаспадар, - ён турзануў за нітку. - Калі не – то магу пакінуць тут назаўсёды.  Яшчэ магу адвесці  цябе ў лес, прывязаць да дрэва і ты сканаеш там. Або  адвяду ў вёску да людзей – раскажу пра тое, як ты вяскоўцаў і іх жывёлу зводзіла. Уяўляю, што яны з табою зробяць. Выбірай.
    Ведзьма спрабавала вызваліцца, але не змагла нават і кроку зрабіць. Ад бяссілля і злосці яна дзіка завыла.
    - Супакойся, мама, - дзверы рыпнулі і ў хату увайшла Алеся. - Гэтым ты сабе не дапаможаш.
    Мірон падскочыў, а Аўдоцця закрычала:
    - Алеся – хапай яго, хапай хутчэй ды чытай замову!
    - Не, мама, - Алеся ступіла бліжэй да іх.
    У свеце трапяткога полымя свечак, з распушчанымі валасамі, у доўгай сукенцы і з бляскам у вачах яна выглядала незямной багіняй. Мірон нават разгубіўся і моўчкі глядзеў на яе.
    - Не, мама, цяпер я цябе слухаць не буду. Хопіць.
    З гэтымі словамі яна ступіла да Аўдоцці, паднесла рукі да яе  твару і нешта прашаптала. Старая ведзьма заплюшчыла вочы, нібы заснула.
    - Прабач  мяне, калі можаш,  за тое, што я цябе сюды зацягнула, - Алеся стала перад Міронам на калені.
    - Ды я… нічога, ты гэта…, падыміся, - Мірон адчуў сябе няёмка, а пачуццё злосці на Алесю  само па сабе знікла. - Ты як тут апынулася?
   - А так – гэта ж мая родная хата. Я тут нарадзілася і гадавалася. Бацькі свайго не ведаю, маці пра яго нічога не расказвала. Вёску наша і так невялікая, а з цягам часу і ўвогуле апусцела. Я хадзіла ў школу ў суседнюю вёску за пяць кіламетраў. Маці такой не заўсёды была – яна як з Марго  здружылася, так і пайшло. Мяне, калі  я школу скончыла, не пусціла нікуды паступаць, а стала вучыць сваім ведзьмакоўскім справам. Я не хацела гэтага, мне брыдка рабілася ад такіх заняткаў, а яна прымушала, казала, што я моцнай буду, лепшай за ўсіх. Маўляў, любога са свету звяду, калі  хто замінаць будзе. А неяк яна даведалася пра тое, што можна амаладзіцца і вырашыла прыкласці ўсе намаганні, каб зрабіць гэта. Яна ўгаварыла  галоўнага ведзьмака Нічыпара, а мяне прымусіла ісці на дарогу. Сказала, калі адмоўлюся – пракляне і я згіну. А яшчэ мне казала, каб не хвалявалася: таму чалавеку нічога не будзе, ён толькі крышку пастарэе. Я згадзілася. А як пасля цябе ўбачыла, то  жахнулася і зразумела, што чужое жыццё дапамагла загубіць.
    - Выходзіць, што дзіця і ўсе гэтыя гульні з хатаю – гульні тваёй маці?
    - Так.
    - А як выйшла, што я ўсё памятаю? Твая маці казала, што я ўсё забуду.
    - Разумееш, - Алеся апусціла вочы, - я адчувала сваю віну перад табою. Да таго ж ты мне вельмі спадабаўся.  Вырашыла насуперак  яе  загаду даць табе іншага адвару. І памяць твая засталася некранутаю. Я спадзявалася, што ты знойдзеш людзей, якія дапамогуць табе. Так яно і выйшла, хоць не ведаю, хто цябе навучыў гэтаму.
    - Ёсць добрыя людзі. А цяпер дапамажы мне вярнуць гады назад. Як нам знайсці Нічыпара?
    - Гэта толькі мама ведае.
    - А ты не баішся, што яна табе адпомсціць?
    - Хай, але так жыць я больш  не магу.
    - Тады прабудзі яе, час ідзе.
    - Змовіліся! - закрычала ведзьма, як толькі ачуняла. - Табе, Алеся, не дарую – роднай маці здрадзіла.
    - Досыць, - Мірон тузануў за нітку, - вядзі да Нічыпара. А не – здохнеш у гэтай жа хаце.
    - Не, не павяду.
    - Тады мы пайшлі.
    Як толькі Мірон пайшоў да дзвярэй, ведзьма гукнула:
    - Пачакай, каб ты згінуў, я згодна.
-10-
    У небе красавалася амаль што поўня. Пры такім свеце  ісці  было  не складана. З-за вугла выбег чорны кот і кінуўся Мірону пад ногі. Хлопец спрабаваў адфутболіць яго, але той спрыттна адскочыў, спрабуючы ўкусіць Мірона за нагу.
    - Пайшоў вон, абаронца!
    Мірон зноў прамахнуўся. Тады Алеся лоўка схапіла ката і закінула яго ў сенцы. Ведзьма  павяла Мірона з Алесяю тым жа шляхам, ўто і ў першы раз. Навокал стаяла нейкая жудасная цішыня: да слыху не далятала ніводнага гуку, не калыхаліся дрэвы і кусты, нібы ўсё замерла ў святле белай поўні, якая маўклівым спадарожнікам плыла за імі. Аўдоцця вывела на тую ж самую паляну. Мірон крыкнуў:
    - Заві свайго шэфа!
    Ведзьма  моўчкі зыркнула ў яго бок, адвярнулася, нешта прабубніла са злосці і стала шаптаць замову. На паляне адразу пацямнела, паветра быццам пацяжэла, а невядома адкуль узнікшы вецер зашумеў у вершалінах дрэў. Алеся прыціснулася да Мірона, хоць і таму было крыху не па сабе. Потым у паветры бліснула некалькі бязгучных маланак і перад Міронам узнік Нічыпар – са скрыжаванымі на грудзях рукамі, адзеты ва ўсё чорнае і з пранізлівым позіркам. Мірон інстыктыўна адхінуўся назад: вядзьмак выклікаў прымхлівы жах, а ад яго позірку хлопец пахаладзеў. Ён сабраў ўсе сілы і выгукнуў:
    - Глядзі, глядзі, толькі я цябе не баюся.Ты мне нічога не зробіш. А вось я магу расказаць людзям пра тое, што вы творыце, выведу вас на чыстую ваду. Калі не хочаш гэтага – вярні мае гады!
    Нічыпар нейкі час свідраваў позіркам  Мірона, Аўдоццю, Алесю, а потым дакорліва сказаў:
- Ты не разумееш,  з кім уступаеш у барацьбу. Усё не так проста – узяць і аддаць. Я ж прапаную табе стаць адным з нас, ты толькі знімі і выкінь гэты пракляты крыж, адмоўся ад сваёй веры. Усё роўна д’ябал мацней  за вашага Бога.Тады ты не толькі вернеш свае гады, але станеш утрая мацней, набудзеш такую сілу, аб якой просты люд і не марыць. А каб я змог паверыць табе – забі здрадніцу і яе маці. Вось тады ты атрымаеш усё, што я табе абяцаў.
    Ён аднекуль выцягнуў  вялікі бліскучы нож і, не адводзячы позірку ад Мірона, працягнуў яму зброю. Хлопец, як зачараваны, узяў у рукі нож, павярнуўся да Алесі, якая са страхам  глядзела на зброю. Мірон узняў нож над галовою, рыхтуючыся ўдарыць дзяўчыну. У гэты момант на целе варухнуўся крыжык, падараваны святаром і ведзьмакоўскія чары расталі. Хлопец жахнуўся: што ж я збіраюся рабіць? Ён павярнуўся да Нічыпара, кінуў яму зброю пад ногі:
    - Не, брэшаш, ніколі твая д’ябальская сіла не возьме верх над Хрыстовай верай. Хопіць выкручвацца, рабі, што я казаў. А інакш заўтра ўсё наваколле будзе ведаць  пра вашу хеўру.
    Вядзьмак з нянавісцю паглядзеў на яго:
    - Падумай. Я не ведаю, ці атрымаецца ў мяне і тады ты загінеш.
    - Мне ўсё роўна не жыць у такім выглядзе. Давай, дзейнічай.
    Нічыпар выцягнуў з кішэні нейкую траву, падпаліў яе, узяў за руку Аўдоццю  і стаў шаптаць. Дымок каля іх закруціўся ў невялічкі слупок, а Нічыпар з Аўдоццяю сталі злёгку разгойдвацца. Дымок ушчыльніўся і з яго праступілі абрысы рагатай галавы, якая паступова прынімала  ўсё больш выразны выгляд. У нейкі момант вядзьмак затросся ўсім целам, а ўслед за ім і Аўдоцця. Міронава цела спачатку злёгку пакалвала, а потым стала так балюча, нібы тысячы іголак ўпіліся ў скуру. Ён закрычаў ад болю, які тут жа знік. Дзіка ўзвыў вецер, раздаўся страшны рогат, а дым развеяўся. Мірон убачыў, што Нічыпар пастарэў яшчэ больш, чым раней, у час іх першай сустрэчы, а Аўдоцця ўвогуле пасівела. Вядзьмак бліснуў гнеўным позіркам, узняў рукі  і растаў у паветры. Мірон пацягнуў Аўдоццю за сабою.
    У хаце было ціха і спакойна, роўным светам гарэлі свечкі, толькі ў вуглу злосна вурчаў чорны кот. Як тоькі  Мірон расчыніў перад ім дзверы,  кот знік у цемры. Аўдоцця, як язык праглынула: прыгорбленая, яна моўчкі сядзела, гледзячы невідушчымі вачыма перад сабою. Алеся трэслася ці то ад холаду, ці то ад перажытага страху і хлопец  прыгарнуў яе да сябе. Ён адчуваў, што да яго вярнуліся сілы і  свой папярэдні, малады,  выгляд. Калі стала світаць, ён патушыў свечкі, зняў з ведзьмы нітку:
    - Ідзі і не рабі злога.
Аўдоцця нічога не адказала, пайшла да дзвярэй. Там яна спынілася, нейкі час глядзела на Алесю і пасля сыйшла. Дзяўчына сядзела на стуле, сіратліва прытуліўшыся  да печы. Мірон адчуваў, што яна запала яму ў душу, падабаецца, як не падабалася да гэтага ні адна дзяўчына.
    - Пойдзеш са мною? - ён працягнуў руку Алесі.
    - Так, - яе вочы ўспыхнулі ад радасці. - Забяры мяне адсюль.
    - Тады пайшлі, у нас шмат спраў.
    Сонца толькі-толькі паказалася над лесам, прыхарошваючы наваколле, разганяючы начныя страхі і ведзьмакоўскія чары. У першых сонечных промнях Алеся выглядала казачнай прыгажуняй і Мірон не ўтрымаўся: абняў і пацалаваў яе, а яна ў адказ прытулілася да яго.
    Праз некалькі гадзін ён спыніў джып каля хаты Надзеі Васільеўны і пасігналіў. Яна выглянула з дзвярэй:
    - А я думаю – хто гэта сігналіць. Бачыш,  які ты  прыгажун. Спраўны, далібог. Я вельмі рада, што ўсё добра скончылася.
    - Дзякуй, Надзея Васільеўна за тое, што вы для мяне зрабілі, - Мірон абняў жанчыну. - Вы для мяне цяпер другая маці.
    Ён стаў на калені перад ёю.
    - Што ты, падніміся, Міронка. А хто гэта? Ці не Алеся?
    - Так, яна. Знаёмцеся – гэта мая будучая жонка, а вас я запрашаю на вяселле і асабіста прыеду за вамі.
    - Што ж, я вельмі рада за вас. Цудоўная будзе пара, яна вельмі  прыгожая дзяўчына і сэрца ў яе добрае. Я гэта бачу. Дай вам Бог шчасця. Заходзьце, паабедаеце ў мяне.
      Пасля абеду Мірон з Алесяю завіталі ў царкву да святара: хлопец вырашыў абвянчацца менавіта тут.
    - Памятаеце мяне, айцец? - смеючыся, спытаў Мірон.
    - Не.
    - Гэта ж я, Мірон,  той самы дзед, што быў у вас некалькі дзён назад і грошы яшчэ даваў на рамонт. Успомнілі?
    - Дык жа…, як так? - здзівіўся святар.
    - А вось так, - весела адказаў хлопец. - Не буду стамляць вас падрабязнасцямі. Просім вас толькі, каб вы нас запісалі на вянчанне.
    - Калі ласка, буду вельмі рады.
    У машыне Алеся абняла Мірона і моцна пацалавала.
    - Паехалі, мой любы, паехалі  ў наша новае жыццё.

ДОЖДЖ НА ІЛЛЮ

-1-
    На нейкі час яму падалося, што гул машын з вуліцы прыціх  і даносіцца ўжо  аднекуль здалёк, а ён, сам-насам,  знаходзіцца  недзе ў баку ад  не змаўкаючага гарадскога тлуму. Можа,  вуліца і ўвогуле знікла ў дрыжачым засмужаным мроіве, а навокал засталася  толькі заспакойваючая зеленаватая плынь, лёгкі ветрык і такія ж лёгкія бязважкія белаватыя аблачынкі. Як жа даўно ён не ляжаў дзе-нібудзь на  ўзлеску,  бязвольна раскінуўшы рукі, расслаблена гледзячы ў светла-сіняе, як падсвечанае далёкім светам неба, у якое – здавалася ў такія моманты – ніколі не наглядзішся.  У дзяцінстве ён любіў  ляжаць на траве, у цішыні, марыць пра сваю будучыню,  шукаць у аблоках знаёмыя зямныя малюнкі. Глядзіш,  адна хмарка  нагадвае нечыю кудлатую галаву,  другая марудна паўзе белаю авечкаю,  але большасць з іх ні на што не падобная.  Тады фантазія дамалёўвае  ім нечыя абрысы і  па небе пачынаюць плысці  асілкі-вершнікі, вялізныя караблі, сунуцца страшэнныя малюскі. Цікава – думаў ён тады – а што надае воблакам такую форму? Вось каб падляцець туды хоць на хвілінку, зазірнуць за іх: што б ён там убачыў? Добра  так ляжаць,  даць волю  млявым і лёгкім, як летні дзень, мроям, ведаць, што табе няма куды спяшацца…
    Юрка паглыбіўся ў  сябе, абапёршыся аб шэры бетонны парапет на Свіслачы і няспешна зацягваўся цыгарэтай. Думкі луналі недзе самі па сабе, а невідушчы позірк  механічна перабягаў то на  качак у вадзе, то на дзяцей, што побач кідалі ім хлеб, то на шумлівую гарадскую вуліцу. Ён адчуваў сябе страшэнна стомленым, хоць яшчэ не прайшло і паловы дня. Халера яго ведае, з-за чаго гэта. Ці то заела праца: даўно ўжо не быў у водпуску. Ды і ўвогуле амаль ніяк не адпачываў. Можа з-за таго, што ўжо болей  як тыдзень у яго ў левым  баку нешта баліць. Не, не тое каб моцна, але ж   гэты невыразны  боль дае аб сабе знаць амаль увесь час. Неяк з вясны пачалося, цяпер баліць ці не штодзень. А што там баліць  - невядома, хоць бы не тая трасца пра якую і думаць не хочацца. А яе, анкалогіі, цяпер столькі… Трэба было б схадзіць у паліклініку ды праверыцца,  але ж тыя праверкі столькі часу аднімуць:  чэргі ў паліклініках немалыя. Ды і  шэф ганяе: то туды падскоч, то адтуль падвязі матэрыял, то пра гэта артыкул накідай. Вядома,  яму таксама несалодка: выдаткі цяпер немалыя, грошай не хапае і каб тыраж трымаць – трэба круціцца, а іхні часопіс не сказаць каб запатрабаваны. Так, як раней казалі: каму цяпер лёгка? Колькі год прайшло, а прымаўка засталася актуальнай.
  Можа плюнуць на ўсё і ўзяць водпуск?  Ён жа у маці быў паўгода таму назад пару дзён – на каляды. Схадзіць у лес па грыбы ці  проста пасядзець пад вішняю, адпачыць. Толькі хіба адпачнеш: меўся тады плот паправіць – не паправіў. Страха ў каровы падцякае – бедавала маці. Трэба рабіць. Бо старэйшая сястра жыве далёка і прыязджае рады ў гады.  Але ж  хочаш не хочаш, а  бадай што прыйдзецца яшчэ схадзіць да ўрача. Зацягнеш – можа горш быць.  Толькі  як падумаеш пра гэтыя  чэргі ў паліклініцы, то і ўвогуле не хочацца нікуды ісці…
    - Ігар, ты што – здурэў? Пусці! Пусці – каму кажу!
    Юрка азірнуўся. У некалькіх кроках ад яго малады хлопец, хутчэй за ўсё яшчэ школьнік, паставіў на парапет дзяўчыну і, як бы жартам, спрабаваў кульнуць яе ў ваду. Тая адбівалася: яна хоць і не ўспрымала  яго намер усур’ёз, але ж відавочна баялася. Хлопец  са смехам падхапіў дзяўчыну, абняў за стан і прыцягнуў да сябе.
    - Дурань, я ж магла ўпасці, - сяброўка злёгку пляснула яму па лобе.
    - Са мною не прападзеш, - зарагатаў хлопец. - Пайшлі, нас чакаюць.
    І маладзёны хутка пакрочылі уздоўж Свіслачы. Юрка зірнуў на іх і схамянуўся. Вось хто дапаможа – Ігар! Аднакурснік, з якім  прайшлі агонь, ваду і медныя трубы. Некалі  пазнаёміліся яшчэ падчас паступлення на факультэт журналістыкі і пасябравалі. Іхняе сяброўства цягнецца і па сёняшні дзень. Спачатку яны былі ўвогуле. як сіямскія блізняты – дзе адзін, там і другі, бо шмат чаго мелі падобнага: абодва з вёскі, русявыя, сярэдняга росту, аднолькава любілі кнігі і нават густы супадалі. На патоку і не маглі ўявіць, што хлопцы могуць рабіць нешта паасобку: нават з дзяўчатамі разам хадзілі. Але ж потым, пасля заканчэння, іх шляхі крыху разыйшліся. Ігараў цесць – а сябар ажаніўся перад самым выпускам –  змог знайсці сувязі і малады журналіст застаўся ў сталіцы. Ён пачынаў з простага супрацоўніка і вось, к трыццаці  гадам, дарос да рэдактара аддзела ў саліднай газеце. Цяпер у яго свая кватэра, машына, жонка, двое дзяцей і ўсё на мазі. Ігар аброс сувязямі, ўсіх ведае і ці не з усімі можа дамовіцца. Юрка і дагэтуль дзівіцца, як сябар з таго ціхага, сарамлівага хлопца ў старых джынсах, якого ён ведаў на пачатку першага курса, вырас у крыху распаўнелага,  ўпэўненага ў сабе, хвацкага мужчыну. Але адно, што не страціў Ігар дык гэта пачуцця сяброўства: ён не цураецца Юркі і заўсёды гатоў прыйсці на дапамогу. Яны часта сустракаюцца, іншы раз робяць па чарцы, і Юрка ў Ігаравай сям’і свой чалавек. Вось такі яго сябар. А што Юрка? А што Юрка..
    Ён па размеркаванню трапіў у невялікую раённую газету, дзе дабрасумленна адпрацаваў два гады. Набілі аскоміну надоі, прывесы, сяўба азімых і бадзёрыя рапарты аб раённых поспехах. Не, вёска была яму знаёмай,  блізкай, а вось тыя матэрыялы, што пісаліся амаль што пад капірку, адбівалі ўсялякую ахвоту да працы. Побач з рэдакцыяй месціўся будынак дзіцячай музычнай школы. Неяк золкім восеньскім ранкам – ішоў другі год  працы ў газеце –  на яго вачах, на ходніках каля школы, паслізнулася маладая дзяўчына.  Ён дапамог падняцца, зайсці ў будынак, потым яны пазнаёміліся. Святлана працавала выкладчыцай па класу фартэпіяна. Хутка іх адносіны перараслі ва ўзаемнае пачуццё –  прынамсі, так яму здавалася. Потым ён вазіў сваю абранніцу ў вёску. Маці будучая нявестка не спадабалася, але сыну пярэчыць не стала. Вяселле згулялі ў лютым.  Святлана  марыла  жыць у сталіцы і спадзявалася, што Юрка дапаможа гэта зрабіць. Яна была адзінай дачкой у бацькоў, а  тыя нічога для яе не шкадавалі. Юрка адшукаў сабе месца ў Мінску, маладая сям’я  перабралася ў сталіцу. Спачатку жылі на здымнай кватэры ў Серабранцы, затым яе бацькі сабралі грошай і купілі ім кватэру недалёка ад метро “Партызанская”. У гэты ж час у маладой пары нарадзілася дачка Валерыя. Але ж Святлана хацела прыгожага жыцця. А што мог даць ёй Юрка са сваёю  сціплаю зарплатаю? Вядома што. Спачатку з-за гэтага, далей больш – і пачаліся ў іх сваркі.  Сямейны карабель даў грунтоўную расколіну і  канчаткова патануў недзе  на пятым годзе сумеснага жыцця, калі Святлана заявіла, што не кахае яго. Яму прыйшлося пакінуць кватэру, якая была аформлена на цёшчу. Дачка вісла на шыі і плакала, але выйсця не было. З дапамогай Ігара Юрка знайшоў даволі нядрэнны пакойчык у інтэрнаце, дзе і жыве цяпер. З былой жонкаю, якая, дарэчы, праз паўгода выйшла ў другі раз замуж,  адносіны больш-менш наладзіліся, ён іншы раз бярэ Лерку на суботу ці нядзелю і гуляе з ёю па Батанічным садзе. Так выглядае яго біяграфія. Але не, ёсць яшчэ адзін факт – Юрка піша вершы, якія друкаваліся сям-там, мелі неблагія водгукі. Зноў жа з дапамогаю  сябра  ён прабіў шлях  і ягоны  першы зборнік надрукавалі. З якою радасцю ён трымаў у руках  тую кнігу! Сябар сказаў тады:
    - Гэта толькі пачатак – я ўпэўнены. Пішы, ў цябе добрыя вершы. Выдадзім яшчэ, не хвалюйся.
    Так, калі Ігар нешта абяцае, то менавіта так яно і будзе. Толькі нешта ў апошні час не пішуцца яны, усё роўна, як хто кісларод перакрыў. Моташна і на душы, і ў сэрцы пасля разводу.
    Вось ужо год, як  жыве ў інтэрнаце і перспектыў у яго ніякіх. Хіба што знайсці якую з кватэраю, толькі  пасля Светкі  нешта не цягне на жанчын –  бы зняверыўся ва ўсім жаночым родзе. Не тое каб зусім, але неяк сур’ёзна ні на каго не западае вока.  Яшчэ адно – заробак слабаваты. Мо і сапраўды падацца да Ігара ў газету? Той нядаўна, як крыху абабіўся на новай пасадзе, прапаноўваў яму пайсці да іх. Юрка ўявіў, як выцягнецца твар у іхняга галоўнага, калі ён скажа, што сыходзіць у іншую газету. Рэдактар прыўзніме акуляры, гляне на субяседніка паверх іх і кіне коратка:”Прысядзь”. Пасля скажа: ”Даражэнькі ты мой”, і далей пойдзе размова па сутнасці справы.  Аляксандр Пятровіч – чалавек старой заваскі, асцярожнічае, не лезе на ражон, можа лёгка адкінуць востры і цікавы матэрыял. Яго зразумець можна – да пенсіі нешта каля года. Затое да супрацоўнікаў ставіцца па-людску, калі трэба што – заўсёды адпусціць. Так, год назад у Юркі маці сур’ёзна захварэла і шэф без ніякіх  праблем даў яму некалькі дзён адгулаў. Толькі ён падумаў аб гэтым, як у баку зноў цягуча  заныла. Не, трэба праверыцца.
-2-
    Ігар  адразу не падняў трубку – адно толькі доўгія гудкі сведчылі, што гаспадар, хутчэй за ўсё, заняты нейкаю  важнаю справаю.  Юрка засунуў тэлефон у кішэню і думаў, куды ісці далей: у рэдакцыю альбо заскочыць куды перакусіць. Пакуль ён раздумваў, Ігар  ператэлефанаваў сам.
    - Прывітанне, Стаўбурок. Як справы?
    Сябар іншы раз называў Юрку старою студэнцкаю мянушкаю. А з’явілася яна яшчэ  ў самым  пачатку іхняй вучобы. На нечый дзень нараджэння  хлопцы сабраліся сваім колам, прынеслі крыху гарэлкі, закускі. Казік, сусед па пакою,  падняў бутэльку гарэлкі, страсянуў і крутнуў вакол сваёй восі – каб праверыць  гатунак.  Там адразу ж ўзнік лёгкі вірок.
    - Стаўборок ёсць, норма, - падцвердзіў Юрка.
    - Як ты сказаў?-  падняў галаву Казік.
    - Стаўборок. Мой дзядзька Пятрусь так заўсёды казаў,  калі трос пляшку – стаўбуром стаіць, - патлумачыў Юрка.
    - Стаўбурок, вы чулі? - зарагатаў Казік. – Стаўбурок! Ой, трымайце мяне, я не магу, я зараз памру ад смеху.
    Ён зайшоўся ад рогату, яго падтрымалі іншыя хлопцы. Юрка счырванеўся, пашкадаваўшы аб сказаным, але было позна. З таго вечара мянушка прыклеілася да яго, як жавальная гумка да порткаў.
    - Прывітанне. Так, у цэлым нармальна. Ёсць адно пытанне.
    - Ды кінь ты свае пытанні. Хто ж так вырашае  праблемы: трэба браць пляшку, закусь – тады і вырашаюцца ўсе пытанні, - пажартаваў  Ігар.  - Карацей так, сённня вечарам сустракаемся ў мяне. Стол будзе накрыты, а там і пагаворым.
    - З якой нагоды гэта?
- Эх ты… Відаць, запрацаваўся: ды ў Мікіты сёння дзень народзінаў. Я нешта закапаўся ў сваіх паперах і забыў табе патэлефанавааць. Збяруцца толькі свае – цесць з цёшчаю, сястра жончына. Ты ўсіх ведаеш. Так што чакаю.
    Цьфу ты, ён і сапраўды забыў: Ігараву сыну Мікіце споўнілася чатыры гады, дачцы Дар’і   роўна праз паўгода будзе   восем. Юрка добра ведаў гэтыя даты – сябар заўсёды запрашаў яго ці не на ўсе сямейныя святы.
    Так, цяпер новая праблема – што купіць Мікіце, як дагадзіць? Мала таго, што бацькі для дзяцей  грошай не шкадуюць, дык і бабуля з дзядуляй заўсёды гатовы залагодзіць унукаў: цесць Ігараў – чалавек не бедны, даўно ў мэблевым бізнэсе і грошы мае.  Таму Юрку трэба паламаць галаву і купіць нешта такое, каб малому спадабалася. Але першым  чынам у рэдакцыю – узгадніць з шэфам крытычны матэрыял па аднаму з даўгабудаў і аддаць два готовыя артыкулы. А потым можна будзе ехаць па падарунак малому. Уздыхнуўшы, Юрка глянуў на Свіслач і пакрочыў у бок метро.
    Аляксандр Пятровіч быў не ў гуморы і некуды спяшаўся. На Юркавы пытанні ён толькі кіўнуў:
    - Пакінь на стале, заўтра пагляджу.
    Шэф, схапіўшы са стала нейкія паперы,  хутка выйшаў з кабінета. Што ж, пакінь дык пакінь. Юрка  глянуў на гадзіннік: ў яго засталося ўсяго каля гадзіны часу. Трэба ісці за падарункам і ехаць да Ігара. За падарункам  вырашыў зайсці ў ЦУМ – даўнавата не быў там, можа і знойдзе, што цікавае. Грошы пакуль ёсць, да чарговай зарплаты павінна хапіць.
    Плошча сустрэла вірлівай плыню машын, а універмаг шумным натоўпам пакупнікоў. Крыху паблукаўшы па  аддзелу цацак,  Юрка нагледзеў даволі прыстойны для малога  – на яго погляд – падарунак: робата-трансформера з армейскай экіпіроўкай. Канешне, нешта такога кшалту  у Мікіты можа быць. Але ж, па першае – для дзіцяці новая цацка заўсёды цікавая, а па другое – падоранаму каню, як кажуць, у зубы не глядзяць. А калі да робата дадаць добрую кнігу, то лепшага падарунка і не трэба. А ў яго якраз ёсць такая: падчас апошняй кніжнай выставы ён набыў выдатную дзіцячую кнігу, ілюстраваную яркімі малюнкамі.  Шкада, што не было такой жа на роднай мове.  Але па яе прыйдзецца закочыць у свой халасцяцкі пакойчык.
    Ігарава кватэра знаходзілася ў прыстойным месцы: з яе вакон відаць Нацыянальная бібліятэка,  сам шумлівы, шырокі праспект. Хаця для сябра гэта быў не канчатковы варыянт з жыллём: ён збіраўся з цесцевай дапамогай пабудаваць катэдж за горадам. Юрка мінуў гаманлівую дзіцячую пляцоўку, груду нейкіх бетонных кавалкаў – адкуль яны тут узяліся – прайшоў між шчыльна  прыпаркаваных аўтамабіляў і паспеў заскочыць у пад’езд. Адтуль якраз выходзіла дзяўчына з рудым невялічкім сабачкаю і той затрымаўся, спрабуючы абнюхаць падазронага незнаёмца, але гаспадыня пацягнула яго за сабою. Юрка падняўся па лесвіцы на трэці паверх, уздыхнуў нечага, прыгладзіў валасы і націснуў на кнопку званка. Замок шчоўкнуў, у прыадчыненых дзвярах паказалася коратка стрыжаная Ігарава галава:
    - Здароў быў, журналюга-валацуга, - сябар ляпнуў яго па плячу. - Давай, праходзь – толькі сабраліся сесці за стол.
    На шум выскачыў малы і залямантаваў:
    - Дзядзя Юла, дзядзя Юла!
    - Так, хто ў нас імяніннік? - Юрка працягнуў пакунак Мікіце. - Трымай, брат. Са святам цябе.
    - А што сказаць трэба? - у вітальні паказалася Ігарава жонка Алена – прывабная светлавалосая і хударлявая маладая  жанчына.
    - Дзякуй, - гукнуў малы і панёсся у пакой пахваліцца чарговым падарункам.
    - Прывітанне, Юрка. Як справы? – усміхнулася Алена.
    - Лепш не бывае, але ніхто не зайдросціць, - пажартаваў той. - Нічога, прарвёмся.
    - Пасля пагаворым, пайшлі за стол, - піхнуў яго ў плечы Ігар, - а то душа прагне свята. Ды і кішкі марш іграюць.
    Юрка увайшоў у пакой, павітаўся з Аленінымі бацькамі, сястрой, працягнуў шакалад Дашы. Стол быў застаўлены рознымі закускамі, а пасярод  іх узвышалася пару бутэлек дарагога французскага віна і бутэлька “Абсалюта”. 
    - Прашу, - Ігар карцінна працягнуў руку, запрашаючы ўсіх за стол.
    У хуткім часе дзеці збеглі ў свой пакой разбіраць падарункі і глядзець тэлевізар, а дарослыя, развязаўшы языкі, пажвавелі. Размова за сталом ажывілася. Рэй вёў Мікалай Андрэевіч – Аленін бацька. Ён нядаўна прыехаў з чарговай замежнай камандзіроўкі з Італіі.
    - А вось дарогі мне там не спадабаліся, асабліва на поўначы. І ў гарадах бруднавата: месцамі горы смецця.
   - Дык у іх там нядаўна нейкая забастоўка была, - уставіў Юрка
- Можа і так, але ж непрыемнае ўражанне засталося, - зазначыў Мікалай Андрэвіч.
    - Добрыя і ў нас людзі, усялякіх хапае. Ты паглядзі, што робіцца хаця б на Мінскім моры пасля выхадных, - умяшалася Галіна Анатольеўна, яго жонка.
    - Бо трэба штрафы такія даваць, каб баяліся.
    - Бадай што адны штрафы не дапамогуць – трэба культуру з дзяцінства прывіваць, - зноў асцярожна ўставіў Юрка.
    - Ну ўсё, зноў спрэчкі. Пайшлі лепш пакурым, - пацягнуў яго за сабою Ігар.
    Заходзячае сонца залаціла наваколле. Здалёк гудзеў праспект, даносіліся дзіцячыя воклічы і гучная музыка з першага паверху.  У нагрэтай за дзень лоджыі  было душнавата і Ігар  адчыніў акно.
    - Ну як ты, расказвай, - сябар зацягнуўся цыгарэтай.
    - Нармальна – праца, дом, дом, праца.
    - А што за справа ў цябе?
    - Ды так… Карацей кажучы,  да нармальнага доктара мне трэба. Нешта баліць, а што – не ведаю. Каб паслухаў, паглядзеў, можа аналізы якія, на апараце якім праверыць. А то ў паліклініку пайсці – не адзін дзень змарнуеш, а мне не хочацца ў чэргах стаяць. Ды і часу асабліва няма. Шэф падкідае штодзень нешта новенькае.
    - Гэта дробязь.  Ёсць у мяне надзейны доктар, я зараз патэлефаную і мяркую, што заўтра з раніцы ён цябе прыме. Як сам, увогуле?
    - Быццам бы нічога, - паціснуў плячыма Юрка.
- Не, нешта ў цябе бляск у вачах знік, вершаў тваіх новых мы сёння не чулі - усміхнуўся Ігар.  - Мне здаецца, табе тэрмінова патрэбен адпачынак.
    - Мо яно і так, але ж хто яго мне цяпер дасць.
    - То давай на бальнічны – заўтра арганізуем, - весела падміргнуў сябар.
    Юрка пакінуў сябраву кватэру недзе пасля адзінаццаці. У метро ён прысеў на вольнае месца, стомлена заплюшчыў вочы і зноў аддаўся думкам. Яны паплылі павольна, не тоўпіліся і не лезлі адна наперад другой. На пачатку прыгадалася чамусьці вёска, мільгнуў матчын твар, потым з’явілася Лерка, а за ёю свой пакой у інтэрнаце. Следам узнік Ігар, іхняя сёняшняя размова і ў рэшце доктар у белым халаце пра якога казаў сёння сябар, чамусьці барадаты. Чаму? А хай сабе і з барадою, гэта нічога. Заўтра ён будзе  чакаць Юрку а дзявятай гадзіне – так паведаміў Ігар. А цяпер хутчэй дабрацца до ложка, хутчэй спаць.

-3-
    Праштурхаўшыся, Юрка трапіў у тралейбус, праехаў тры прыпынкі і подбегам кінуўся ў метро: ён відавочна пазніўся. На шчасце,  адразу ж скочыў у вагон і пасля, на выхадзе, таксама ледзь не бягом  кінуўся на аўтобусны прыпынак. Тут яму таксама пашанцавала і ён паспеў праціснуцца ў перапоўнены аўтобус. Усё ж такі няёмка спазняцца да чалавека, які цябе не ведае і якому пра цябе патэлефанавалі. На ўваходзе ў паліклініку  распытаў высокую немаладую жанчыну ў белым халаце і тая расказала, як трапіць да Сяргея Аляксандравіча. У калідоры ўжо тоўпіліся людзі. Юрка набраў на тэлефоне нумар урача, які яму ўчора даў сябар.
    - Слухаю вас, - прагучаў прыемны мужчынскі барытон.
   Юрка патлумачыў, хто ён такі.
    - А вы дзе цяпер?
    - Каля вашага кабінета.
    - Заходзьце.
    У кабінеце сядзела наведвальніца, пажылая поўная жанчына ў чорнай сукенцы і шырокай квяцістай блузцы,   збоку – маладзенькая медсястра нешта пісала ў картачцы, а тварам да дзвярэй сядзеў сам Сяргей Аляксандравіч. На выгляд ему было недзе каля пяцідзясяці. Доктар і сапраўды меў бараду: кароткую, акуратную, з сівізною.
    - Сядайце. Я зараз.
    Юрка прысеў і стаў разглядаць кабінет. Нічога  асаблівага, усё звычайнае: два сталы, шафа з паліцамі, некалькі вазонаў, на сцяне нейкая бляклая рэпрадукцыя, на падаконніку маленькі тэлевізар. Доктар хутка адпусціў жанчыну і скіраваў позірк на новага наведвальніка.
    - Слухаю вас.
    Юрка  стаў расказваць, што яго турбуе. Сяргей Аляксандравіч уважліва выслухаў яго, затым коратка кінуў:
    - Распранайцеся.
    Ён паціснуў на жываце ў адным месцы, затым у другім, потым пасыпаліся кароткія загады і пытанні:
    -  Адкрыйце рот, пакажыце язык. Павярніцеся.  Тут баліць? А тут? А калі больш баліць пасля ежы ці да таго, як паелі?Як часта баліць? Пякотка ці бывае? Ці маеце праблемы са стулам?
    Параспытваўшы Юрку, доктар загадаў апрануцца.
    - Я думаю, малады чалавек, нічога страшнага ў вас няма, але ўсё высветлім. Нічога не елі і не пілі? Не. То і добра. Зараз здадзіце аналізы, зробіце некалькі здымкаў і даследаванняў, а я назначу вам лячэнне. Патэлефаную Ігару і ён скажа, калі да мяне можна будзе наведацца. Алачка, правядзіце маладога чалавека.
    Медсястра паднялася:
    - Ідзіце за мною.
    Юрка хутка пасунуў пакет з каньяком і цукеркамі доктару пад стол і падняўся:
    - Дзякуй, Сяргей Аляксандравіч.
   - Што вы, не патрэбна было гэта.
    - Не, не, дзякуй яшчэ раз.
    - І вам дзякуй.
    Крыху болей, як праз гадзіну,  Юрка выйшаў з паліклінікі, зірнуў на гадзіннік і набраў нумар Аляксандра Пятровіча. Ён папярэдзіў шэфа, што будзе ў доктара, цяпер трэба выслухаць новыя распаражэнні.
    Дзень  прайшоў і скончыўся, як і ўсе папярэднія: паездкі, гутаркі, паперы, кампутар, падрыхтоўка артыкулаў, указанні шэфа. Пасля абеду боль зноў даў аб сабе знаць: у левым баку нешта тупа ціснула, але Юрка пастараўся забыць аб ім і паглыбіўся ў працу: Ігар патэлефануе і ўсё скажа.  Сябраў нумар высвеціўся толькі на наступны дзень.
    - Прывітанне. Расказвай, колькі мне там жыць засталося, - азваўся Юрка.
    - Гкм…, - нечакана закашляўся Ігар, - ну і жартачкі ў цябе, Стаўбурок. Як ты?
    - Усё, як звычайна. А ў цябе?
    - Ат, нешта закапаўся ў матэрыялах – вылезці не магу з кампутара, аслепну хутка. Слухай, заўтра выхадныя, мы збіраемся з’ездзіць да цесця за горад. Давай з намі.
    - Не, у мяне былі планы з Леркаю пагуляць, я ёй абяцаў, што неяк разам правядзём дзень-другі.
    - Ну і цудоўна – паедзеце з намі.
    - Не ведаю. Пабачым. А што, Сяргей Аляксандравіч не тэлефанаваў табе?
    - Але, ледзь не забыў: ён казаў, каб ты прыехаў да яго, калі можаш, то нават сёння.
    - Сёння  не паспею.
    - Ён прасіў каб ты не зацягваў.
    - І што ён так нічога не сказаў больш?
    - Не, не, нічога, - неяк паспешліва адказаў Ігар.
    - Э не, браце, не мані. Я цябе добра ведаю, хлусіць ты не ўмееш. Лепш  выкладай, што ён табе сказаў.
   Сябар памаўчаў нейкі час.
- Ён прасіў нічога табе не казаць, але ж… Ты толькі не хвалюйся, бо дыягназ пакуль яшчэ не падцверджаны, трэба рабіць больш грунтоўныя  даследаванні.
    - Ды не цягні ты ката за хвост, - у Юркі перасохла ў роце.
    - Ну, гэта, ён сказаў, што ў цябе падазрэнне на рак страўніка – здымак нешта там паказаў і аналізы дрэнныя, але ўсё гэта трэба правяраць. Ён казаў, што сам не верыць у гэта, бо ў цябе ніякіх прызнакаў такога і блізка не было. Разумееш?
    - Канешне, разумею.
    - Ты толькі не гарачыся, добра? У панядзелак разам пад’едзем да Сяргея Аляксандравіча і ўсё высветлім.
    - Само сабой.
    - Ты толькі не гарачыся. І наконт заўтрашняга падумай.
    - Добра, не хвалюйся, я ж не маленькі. Дзякуй за турботы. Убачымся.
    Вось і ўсё, Юрка, фініта ля камедыя. Нядобрыя прадчуванні спраўдзіліся і спадзявацца, што аналізы раптам палепшаюць, а здымак нічога не пакажа няма сэнсу. Сучасныя прыборы не могуць даць істотнай памылкі. Што цяпер: трэба нешта рабіць? Гэта значыць ісці да барадатага Сяргея Аляксандравіча і спрабаваць лячыцца.
    Лячыцца. Бачыў ён гэтае лячэнне. Некалькі курсаў  пакутлівай хіміятэрапіі, ад якой вылазяць  валасы, а ўсе глядзяць на цябе, як на нябожчыка. Потым апраменьванне ці яшчэ нейкі курс. І навошта? Каб працягнуць лішні год ці паўтара, бо яшчэ не факт, што ўсё гэта будзе мець станоўчы эффект.
    Божа, за што мне гэта? Я ж так мала пражыў, нічога яшчэ не бачыў. Юрка, хістаючыся падняўся, зрабіў некалькі крокаў і спыніўся. Куды ён ідзе? Але навошта кудысьці ісці?  Ат, усё роўна. І ён пайшоў.
-4-
    Ён ішоў, марудна перастаўляючы ногі, як на шпацыры, наўпрасткі, мінаючы двары шматпавярховак, запруджаныя аўтамашынамі, некалькі разоў пераходзіў дарогу разам з людскім патокам. Толькі два пытанні: няўжо гэта ўсё і што рабіць далей? Нейкі голас, прарываючыся з невядомых глыбінь спрабаваў яго спыніць: няўжо ты такі слабак? Няўжо гэтая навіна можа пераўтварыць цябе ў нікчэмнага чалавека? Не здавайся, Юрка. Але холад ад уяўлення страшнай хваробы перакрываў голас, заціскаў яго і страх ад невядомасці гнаў Юрку далей. Ён не памятаў колькі часу ішоў, колькі двароў мінуў. Яго спыніў нечый ціхі голас:
    - Гэй, мужык, цыгарэтай не пачастуеш?
    Юрка схамянуўся, узняў галаву. Ён стаяў на дарозе, ў ціхім і ўтульным зялёным двары, паміж некалькіх старых  пяціпавярховікаў. Злева ад яго месцілася пляцоўка з кантэйнерамі для смецця, а голас гучаў з правага боку, з зараснікаў бэзу, што разрасліся каля старой аднапавярховай аблезлай будыніны. З  кустоў высуналася кудлатая галава і  нецярпліва паўтарыла пытанне:
    - Дык што, ёсць у цябе цыгарэты ці не?
    - Ёсць.
    Кусты расхінуліся, адтуль вылез  патлаты мужчына няўцямнага ўзросту ў замызганай чорнай шапцы, падраным  шэрым світары і заплямленых сініх нагавіцах.  Юрка выцягнуў цыгарэты, працягнуў мужчыне, потым закурыў сам і даў запаліць незнаёмцу.
    - Дзякуй, - кіўнуў той. - Куды ідзеш?
    - Мабыць, нікуды.
    - Давай да нас. Сто грамаў будзеш?
    Юрка крыху падумаў і згадзіўся:
    - А-а,  давай.
    Ён нырнуў у кусты. За невялікім – на чацвярых – збітым з габляваных дошак столікам сядзелі яшчэ двое. Першы – з крыху прыпухлым тварам і засаленымі доўгімі  валасамі, млява разваліўся, абапёршыся аб ствол бэзу. Другі выглядаў больш прыстойна, нават салідна: у чыстай светлай кашулі з гальштукам, коратка падстрыжаны і паголены, але з асалавелым тварам. На выгляд яму было недзе за пяцьдзясят. На століку стаяла недапітая бутэлька гарэлкі,  пластыкавыя кілішкі,  хлеб, парэзаная кілбаса і агуркі, банка шпротаў. Юрка павітаўся. Той, што сядзеў  разваліўшыся, гэтак жа млява плюснуў вейкамі, а мужчына ў кашулі прыўзняўся і працягнуў далонь:
    - Ясь Іванавіч. А гэта мае сябры – Віктар і Даніла. Сядайце, калі ласка.
    - Давай, Іванавіч, па пяць кропель, - Даніла, які выглядаў самым цвярозым з усёй кампаніі, падсунуў яму кілішкі. - За знаёмства.
    Іванавіч наліў. Юрка перакуліў кілішак. Унутры запякло, але хутка прыемнае цяпло разлілося па целу, у галаве неяк нават праяснілася.
    - Вы закусвайце, не саромейцеся, - прапанаваў Ясь Іванавіч.
    - Дзякуй, - Юрка ўзяў кавалачак кілбасы.
    Даніла, зацягнуўшыся цыгарэтай, паказаў на бутэльку:
    - Малавата будзе гэтага, Іванавіч, га?
    - Вось, вазьміце, - Юрка паклаў на стол грошы.
    - О, гэта па-мужчынску, - Даніла падняўся, - Я хутка.
    - Чым займаецеся, малады чалавек? - Іванавіч хоць і выглядаў п’янавата, але гаварыў досыць цвяроза.
    - Журналістыкай.
    - Што ж, вельмі цікава. Калі ні сакрэт: пра што пішаце?
    - Працую ў галіновым часопісе  і пішу больш пра будаўніцтва.
    - А Іванавіч у нас вучоны, - раптам выгукнуў, нібыта драмаўшы да гэтага, Віктар. - Гэта табе не ў газету пісаць.
    - Віця, што вы? - Іванавіч паўшчуваў суседа.
    Юрка запытальна глянуў на Іванавіча. Той паківаў галавой:
    - Так, кандыдат гістарычных навук. Гісторыя, мілыя вы мае, гэта найскладанейшая навука. Каб нешта даведацца трэба процьму дакументаў падняць, вывучыць, прааналізаваць і толькі тады можна вызначыць прыблізную ісціну, толькі  прыблізную. Бо розныя крыніцы часта даюць абсалютна процілеглыя факты. І задача гісторыка разабрацца ў тым, дзе праўда, а дзе хлусня, данесці ісціну да людзей.
    - Усё брахня, Іванавіч: і гісторыя твая, і літаратура, і капіталізм з камунізмам. Праўды не было, няма і не  будзе. Вось мяне жонка з палюбоўнікам выжылі з кватэры, а я нікому нічога не даказаў, хоць праўда на маім баку. Вось табе і гісторыя, - Віктар адарваўся ад ствала і з усёй моцы ляпнуў далонню па століку. - Заб’ю некалі абодвух.
    - Віктар, вы параўноўваеце непараўнальныя рэчы. Толькі час і гісторыя ўсё расставіць на месцы, - Іванавіч лёсавызначальна ўзняў указальны палец.
    У гэты час зашамацеў куст,  на лаўку плюхнуўся Даніла. Ён паставіў на столік бутэльку гарэлкі, кавалак сыру і бляшанку кансерваў.
    - Я бачу вы ўжо  паспелі бліжэй пазнаёміцца. Я прапаную выпіць за нашу светлую галаву – Яся Іванавіча, - Даніла ліха скруціў верх на бутэльцы.
    - Не, - пахітаў галавою Іванавіч, - не, Даніла. Вы парушаеце нашу беларускую гасціннасць. Спачатку за госця.
    Усе выпілі. Іванавіч ветліва пацікавіўся у Юркі:
    - Якім ветрам вас сюды занесла, малады чалавек?
    - Не ведаю. Ішоў кудысьці, а трапіў сюды. Сёння я і сам не, куды ісці.
    - Разумею, - паківаў галавою Іванавіч, - душэўныя пакуты шмат цяжэй за фізічныя. Але час паставіць усё на месца. Паверце мне, малады чалавек.
    - Якая душа? - зноў улез у гутарку Віктар. - Вось мне жыць няма дзе. А ты кажаш – душа.
    - Вы занадта меркантыльны чалавек, Віктар. І ўвесь свет цяпер такі. Да навукі, інтэллекта, духоўнага пачатку няма павагі, а ўсім кіруе залаты цялец. А ў чалавека  духоўнае павінна мець перавагу над фізічным, інакш гэта будзе не чалавек. Вось, як гаварылі вялікія людзі, напрыклад Шэкспір: “ Што чалавек, калі ён заняты толькі сном і ежаю? Жывёліна, не больш”. А вось Дзяніс Іванавіч Фанвізін сказаў так: “Май сэрца, май душу і будзеш чалавекам у любы час”. Вы згодны, Юрый?
    - Безумоўна
    - Вось чаму я тут, з імі? Бо яны ўмеюць слухаць, яны паважаюць навуку, веды, у іх ёсць нешта тут, - Іванавіч паляпаў сабе па грудзіне,  потым  ткнуў пальцам некуды ў бок вуліцы, - а там мяне не паважаюць, як чалавека.  Выйдзі адсюль – і што? Толькі чуеш: грошы, грошы, грошы. Усім трэба грошы. А я так не магу. Для мяне перш-наперш чалавек, яго ўнутраны свет. Вось як яны, безсярэбранікі.
    - Эх, Іванавіч, давай ужо за цябе, - зноў прапанаваў Даніла.
    Той не адмовіўся. Юрка заўважыў, што Іванавіч, не гледзячы на выпітае, трымаецца адносна добра. А вось Віктарава галава павольна хілілася на стол.
    - Наш Іванавіч усё ведае, - зазначыў Даніла. - Эх, мне б такую галаву – я б зажыў тады.
    - Так ужо і ўсё? - засумняваўся Юрка.
    - Не верыш? А ну, давай, задавай любое пытанне. Давай, не бойся. Пра любога чалавека табе расскажа. Давай.
    - Напрыклад, хаця б  хай раскажа пра Сімяона Полацкага, - Юрка прыгадаў першае, што прыйшло ў галаву.
    Даніла паглядзеў на Іванавіча. Той урачыста паправіў гальштук, адкашляўся і пачаў:
- Сімяон Полацкі – знакавая асоба для Беларусі. Сапраўднае імя і прозвішча ў яго іншае. Розныя крыніцы даюць рознае імя. Я прытрымліваюся таго, што звалі яго Самуіл Гаўрылавіч Пятроўскі-Сітняновіч. Ён нарадзіўся 12 снежня 1629 года, спачыў 25 жніўня 1680 года. Вядомы багаслоў, мысліцель, пісьменнік і драматургэ, перакладчык. Вучыўся ў Кіеўска-Магілянскай калегіі, ў 1656 стаў праваслаўным мніхам. Вядомы яшчэ і тым, што выхоўваў дзяцей цара Аляксея Міхайлавіча.
    - Досыць, - пагадзіўся Юрка, - веру, што ведаеце.
    - А я што казаў? - радасна азваўся Даніла. - Давай яшчэ.
    - Не трэба – я ж кажу,  што веру.
    - Не, давай яшчэ, - заўпарціўся Даніла.
    Крыху падумаўшы і пакапаўшыся ў памяці, Юрка вырашыў ускладніць заданне.
    - А вось такое імя, як Трайдзень што-нібудзь гаворыць?
    Іванавіч наліў сабе крышку гарэлкі, выпіў, панюхаў кавалачак хлеба.
    - Трайдзень – вялікі князь Літоўскі, год нараджэння невядомы, а спачыў у 1282 годзе, на княстве сядзеў з 1270 па 1282 год, вёў барацьбу з Тэўтонскім ордэнам і Галіцка-Валынскім княствам. За гады свайго праўлення значна пашырыў межы ВКЛ. Напрыклад, у 1274 годзе захапіў Драгічын, які належаў Галіцкаму князю Льву. З найбольш вядомых яго бітваў – бітва пры Ашэрдаме, дзе разбіў немцаў.
    - Малайчына, Іванавіч! - Даніла свяціўся, нібыта  ён сам выдаў усю гэтую інфармацыю. Ён абняў і пацалаваў  Іванавіча  ў лоб. - Вось за што я цябе люблю і паважаю. Налівай.
    Пры слове “налівай” Віктар расплюшчыў вочы і падняў галаву. Ён нешта прамырмытаў, калыхаючыся  падняў кілішак  і выпіў гарэлку. Потым  абвёў усіх цяжкім позіркам,  спыніўшыся на Юрку.
    - Чаму ты выгнаў мяне з кватэры?
    - Віця, сядзь. А не – адвалаку цябе зараз у падвал, - загадаў яму Даніла.
    - А ты мне не ўказвай! - зароў Віця. -  Няма такога права – выганяць людзей з кватэры. Не дазволю!
    - Калі ўжо гэта скончыцца? - жаночы голас гучаў недзе паблізу. - З-за гэтай алкашні дзіця на вуліцу не выпусціш.
    - Заткніся! - груба абарваў яе Віктар і брудна вылаяўся.
    Жанчына войкнула і залямантавала:
    - Міліцыя! Надзя, тэлефануй у міліцыю! Хопіць трываць!
    - Я ж табе казаў сядзі – дык не. Цяпер папруць усіх, ідыёт, - Даніла стаў збіраць закуску і гарэлку.
Іванавіч жа  сядзеў моўчкі, быццам нічога не здарылася. Праз некалькі хвілін з вуліцы данесліся гукі сірэны. Юрка падняўся: не хапала толькі яшчэ трапіць у міліцыю. Віктар таксама устаў:
    - Яны, значыць, мяне з кватэры, а я маўчы. Заб’ю!
    Даніла падхапіў Іванавіча пад рукі:
    - Пайшлі хутчэй.
    Сірэна гучала недзе зусім блізка. Юрка вылез з кустоў, азірнуўся:  Даніла вёў Іванавіча да аднаго з дамоў, ззаду ішоў Віктар, размахваючы рукамі, некаму пагражаў. Падумаўшы, Юрка рушыў далей у двары – так бяспечней. Ён мінуў цэлы квартал, выбраўся на вуліцу, сеў на лаўку на бліжэйшым прыпынку.
-5-
     Малады кіроўца  упэўнена вёў аўтобус па перапоўненых мінскіх вуліцах, а для Юркі зноў, як і нядаўна, на Свіслачы, навакольны свет знік, паменшыўся да памераў невялічкага кавалка аконнага шкла, у якое  ён глядзеў і нічога не бачыў. Хмель памалу выветрываўся з галавы, у аўтобус заходзілі і выходзілі людзі, а ён ехаў у невядомасць. Схамянуўся, чамусьці, толькі тады, калі праехаў патрэбны прыпынак. Выйшаў на вуліцу, спыніўся і агледзеўся. Што далей? І раптам яму да гарачыні зрабілася сорамна за свае паводзіны: чаго ж ён гэтак раскіс, здаўся? Калі было такое каб ён так расслюнявіўся ці рассупоніўся, як сказаў бы дзядзька Пятрусь. Ды ніколі Юрка не пасаваў перад цяжкасцямі і цяпер не будзе. Што ж, калі так здарылася – трэба годна трымаць удар лёсу, годна пражыць адведзены табе час. Так, зрабіць усё, што планаваў: з дачкою не толькі проста пагуляць, а звазіць куды-нібудзь  каб памяць засталася, маці дапамагчы – абяцаў жа. Вось-вось, маці. Яна ж так старалася вывесці яго ў людзі, а ён забыў, ездзіць зрэдку, нават  плот не паправіў. Сорам.  Усё, першым чынам на вёску.
    Прынятае рашэнне падштурхнула  да дзеянняў. Ён рашуча пакрочыў у бок свайго жытла. На хаду патэлефанаваў галоўнаму, рыхтуючыся да таго, што той адмовіць яму ў тыднёвым водпуску, але тады   паедзе на вёску нават пад пагрозай звальнення.  Пляваць. Аляксандр Пятровіч амаль не пярэчыў. Ці то было нешта такое ў Юркавым голасе, што прымусіла галоўнага паслухацца, ці то ў яго  быў добры настрой, але прабурчаўшы нешта сабе і дадаўшы “адпрацуеш”, галоўны адпусціў яго. Юрка глянуў на гадзіннік: калі пастарацца, то  яшчэ паспее на апошні аўтобус да райцэнтра. А там да вёскі і пехам можна – усяго чатыры кіламетры. І ўжо ўподбежкі  ірвануўся сабіраць рэчы. Хоць якія там рэчы, але сёе-тое трэба ўзяць.
    У невялікім беленькім аўтобусе  сеў на сваё месца, і толькі тады адчуў сябе неяк вальней, нібы цяжар з плячэй зваліўся: паспеў. Вольных месцаў у салоне не было. Каля яго сядзела маладая дзяўчына, мабыць, студэнтка. Яна корпалася ў мабільніку, неяк смешна адтапырваючы мізінец з доўгім і, адмыслова нафарбаваным, пазногцем. У хуткім часе аўтобус выбраўся за горад ,  міма панесліся сустрэчныя аўтамабілі, лясы і жаўтлява-зеленаватыя палі са збажыною. Юрка адкінуўся на спінку, прыплюшчыўшы вочы. Дзіўна – сёння  бегае ці ні цалюткі дзень, а боль, як быццам, ні разу не патурбаваў. Мо гэта ад хвалявання, а можа проста так склалася. Не, лепш пра гэта не думаць. Хутка, зусім хутка ён будзе ў вёсцы. Спачатку пакажуцца  магутныя векавыя ліпы,  якія перажылі і войны, і ўдары стыхіі. Адной ліпе снарадам зрэзала верхавіну, але яна выжыла і  разраслася ў левы бок, пакінуўшы пасярэдзіне вялізны прагал. А ў другую некалі трапіла маланка і на вышыні чалавечага росту ў дрэве чарнела даволі буйнае дупло. Потым дарога паднімецца на ўзгорак,  вёска будзе бачная, як на далоні: ўся ў зеляніне, з высокай воданапорнай вежай  і бусліным гняздом на ёй. Дарога, мінуўшы ліпы, павядзе далей, у цэнтр. Якраз там адгаліноўваюцца яшчэ дзве вуліцы – на ўсход і на захад. На заходняй, каля перасыхаючай у спякотнае лета сажалкі, якраз і знаходзіцца яго хата. Яно так, іх вёска няшмат чым адрозніваецца ад многіх іншых беларускіх вёсак, але для яго яна самая найпрыгажэйшая.  Родная хата, родная вуліца, блізкія і дарагія  краявіды. Нечакана аўтобус рэзка затармазіў.  Юрка расплюшчыў вочы. А ён, аказваецца, нават драмануў крыху: яны прыехалі ў райцэнтр.
    Калі ён выйшаў за горад, сонца чырванела  за лесам вялізным барвовым  шарам. Навокал пацішэла, гарачыня спала. Недзе ўдалечыні працяжна замыкала карова, потым забрахаў сабака і зноў усё сціхла. Ад нагрэтай за дзень дарогі  патыхала  асфальтам і бензінам, а з поля падступала  лёгкая летняя прахалода.  Дзень сыходзіў у нябыт. На спадарожную машыну ў такі час Юрка не разлічваў, але  гэтая абставіна яго не турбавала:  улёгцы і за паўгадзіны паціху дойдзе, яшчэ да цямна. Дарога знаёмая, сюдою столькі разоў ходжана. Таму, калі за спіною пачуўся гук  аўтамашыны, ён толькі вяла махнуў рукою, так, на ўсялякі выпадак. Серабрыстая “аудзі” пранеслася было міма, пасля рэзка затармазіла, мільгнула чырвонымі “стопамі” і здала назад. Юрка адчыніў дзверцу.
    - Ну, здароў, пісацель.
    На Юрку глядзеў яго аднакласнік  і сусед па вёсцы Вася Пузынкоў, які таксама жыў у Мінску. Вася ляпнуў яму па далоні і моцна паціснуў яе.
    - Прывітанне, - адказаў Юрка.
    - Сядай ужо. А я еду з горада – маці паслала сяго-таго ў краме купіць – гляджу нехта ідзе. Потым у люстэрка зірнуў і цябе пазнаў. Што, як дзялы?
    - Нармальна.
    - Гы-гы, - рагатнуў Вася, - нармальна дык нармальна. Кніжкі пішаш?
    - Пакуль не.
    Вася пасля школы паступіў у сталічны тэхнікум, скончыў яго, адслужыў тэрміновую і вярнуўся ў Мінск. У сталіцы  прыжаніўся, разам з жонкаю неяк улез у прыватны гандаль. Паціху раскруціўся, цяпер у яго некалькі гандлёвых кропак у Ждановічах . Мае таксама два  аўтамабілі, кватэру, будуе катэдж, лятае адпачываць у Турцыю і Егіпет, набраў вагі пад цэнтнер і лічыць, што схапіў Бога за бараду. Аднаго разу яны выпадкова сустрэліся на Нямізе  і Вася запрасіў яго да сябе ў госці. У кватэры ён доўга паказваў наварочаную і дарагую тэхніку, мэблю,  а калі падпілі, стаў даставаць з бара па чарзе  бутэлькі з алкагольнымі напоямі і трэсці  перад Юркаю:
    - Ведаеш, колькі гэтая каштуе? Ды палова тваёй зарплаты. А вось гэтая? Ну, мо крыху менш. А гэтую я купіў у Польшчы, у нас такой не купіш.
    А калі даведаўся, што Юрка надрукаваў кнігу вершаў спачатку змоўк, потым спытаў:
    - Колькі ж табе заплацілі?
    Пачуўшы адказ, засмяяўся:
    - Ты лепш ідзі да мяне прадаўцом – больш заробіш.
    Вася  яшчэ некалькі разоў – звычайна нападпітку – потым тэлефанаваў яму, запрашаў у госці  і звяртаўся не інакш, як “пісацель”, як бы падкрэсліваючы нікчэмнасць яго занятку. Але Юрка больш не пайшоў да яго.
    - Да маткі прыехаў?
    - Так. Як яна там, дарэчы, ці бачыў?
    - Нармалёк, сёння бачыў і нават здароўкаўся.
    - А ў цябе што новага?
    - Гы, - зноў рагатнуў Вася, - дык машына новая. Старую прадаў, а гэтую нядаўна купіў. Хутка ў Турцыю паляцім. Добра там, адарвуся.
    - Што, сонца  грэе лепш, чым у нас?
    - Мне сонца тое да лямпачкі. Затое ляжыш каля бара і  глыкаеш колькі хочаш: усё на халяву. Ляжыш, пуза грэеш, нічога не робіш і брэндзі пацягваеш. Любата, - Вася нечага ўздыхнуў: ці то пашкадаваў, што мала выпіў падчас апошняга адпачынку, ці то з-за таго, што яшчэ не ў Турцыі.
    Яны памаўчалі. Мільгнулі старыя ліпы, паказаліся вясковыя хаты.
    - А ты, значыць, пішаш. Я ж казаў лепш ідзі да мяне прадаўцом – ужо купіў бы нешта і на сваёй ездзіў бы ў вёску. А так што з твайго пісацельства.
    На цэнтральнай вуліцы сям-там стаялі каля хат легкавікі, дзе-нідзе сядзела на лаўках дзетвара. Машына звярнула на Юркаву вуліцу.
    - Дзякуй, Вася.
    - Калі ласка, было б за што , - Вася пачухаў грудзіну і лена пазяхнуў. - А мо давай па сто грамаў зробім?
    - Не, ужо позна, ды і маці пакрыўдзіцца: толькі прыехаў і адразу за гарэлку.
    - Як хочаш. Пісацель.
    - Ведаеш, не хацеў нікому нічога гаварыць, бо яшчэ нічога не вырашылася, але ж табе скажу, - унутры ў Юркі ўсё кіпела, але гаварыў ён абсалютна спакойна і разважліва. - Я   казаў, што не пішу кніг, але гэта не так. Нядаўна скончыў новую кнігу і выдавецтва яе забрала. Быццам, пойдзе вялікім тыражом, абяцалі добры ганарар заплаціць.
    - Колькі? - Вася ажывіўся.
    - Пяцьдзясят тысяч даляраў.
    - Маніш!
    - Вася, я табе калі-нібудзь маніў? Не верыш – патэлефануй, правер.
    - Ды не, - выдыхнуў той, - але ж хто ў нас такія грошы за кніжкі плоціць?
    - За добрыя кнігі і больш не шкадуюць. Так што, бывай. І яшчэ раз дзякуй.
    Юрка адчыніў веснічкі і сам сабе засмяяўся, успомніўшы выцягнуты Васін твар. Так, зманіў, але ж  не змог болей трываць: проста збрыдзеў  гэты зняважлівы тон  былога  аднакласніка і  яго пахвальба  грашыма. Эх, мабыць меў рацыю Іванавіч калі гаварыў, што большасць цяпер аддае перавагу матэрыяльнаму, а не духоўнаму. Зрэшты, хутчэй за ўсё так яно было заўсёды.
    Ён зайшоў у  цёмныя сенцы, намацаў упоцемку клямку і адчыніў дзверы. Маці, нахіліўшыся над  чорнымі закопчанымі чыгунамі, рыхтавала назаўтра мешанку парсюкам. Азірнуўшыся, яна нейкі момант застыла, як здранцвела,  а потым стала выціраць рукі аб анучку:
    - Вой, сынок, як жа гэта ты? Я не чакала. Здарылася што?
    - Ды не, мама,  не хвалюйся, усё добра.
    -  Што ж ты не папярэдзіў?
    - Чаго папярэджваць? Дахаты ж прыехаў.
    Ён абняў маці, пацалаваў у шчаку і зняў абутак. Маці  замітусілася:
    - А божачкі, ты ж галодны. Я зараз – бульбачка засталася, падагрэю, малако ёсць, гурочкі, кілбаска свая яшчэ.
    - Мама, я сам, - Юрка усміхнуўся, - я ж дома і ведаю, дзе што ляжыць.
    - Не, не , я хутка. Я і думала, што нейкі госць будзе: з раніцы сініца дзяўблася ў акно.  Ажно ты. А мой ты сынок.  Я зараз.
    Узрадаваная маці выскачыла ў сенцы, ляпнулі дзверцы ў лядоўні, пстрыкнула газавая пліта. Юрка прысеў на ложак. Родная хата! Як прыемна кожны раз вяртацца сюды, дзе ўсё блізкае і знаёмае:  печ, старая шафа, ложкі, засцеленыя саматканымі дыванкамі, фіранкі на вокнах, пацямнелыя фотакарткі на сценах, пярэстыя палавічкі на падлозе.  Маці ўнесла ў хату талерку з гарачай бульбай, паставіла на стол парэзаныя гуркі, кілбасу, наліла кіслага малака.
    - Вячэрай, сынок.
    - Дзякуй. А ты?
    - Я даўно ўжо павячэрала. Як ты?
    - Усё добра, - Юрка адвёў вочы, - працую ў звычайным рэжыме. Але цяпер у мяне водпуск на тыдзень.
    - Як водпуск? Ты ж казаў, што недзе ўвосень толькі дадуць.
    - А я добра папрасіў. Трэба ж табе і плот паправіць, і страху, яшчэ можа што.
    - Ат, такой бяды. Можа здарылася што? Звольнілі?
    - Не, мама, ніхто мяне не звальняў,  я ж кажу не хвалюйся – толькі на тыдзень прыехаў. 
    - Ну, то добра, вячэрай.
    Пагаманіўшы з маці пасля вячэры, ён узяў зубную пасту і шчотку, выйшаў на вуліцу да летняга рукамыйніка. Яснае зорнае неба  ва ўрачыстай цішыні глядзела на вёску, дыхалася свабодна і лёгка.  Юрка задумаўся: што ж  яго чакае далей? Першапачатковы шок ад Ігаравай навіны і страх неяк адыйшлі. Як выйшла – так выйшла,  выходзіць, такі ў яго лёс і ад гэтага нікуды не дзенешся. Вось дачкі шкада – ён столькі не паспеў ёй даць, столькі сказаць, столькі зрабіць. А маці, бедная маці, ці вытрымае яна гэткі ўдар? Не, ёй пакуль ні слова не скажа, а потым будзе відаць. Што ж будзе? А нічога не будзе, жыццё працягнецца і без яго – такі няўмольны і жорсткі расклад падрыхтаваны ўсім. Толькі сэрца чамусьці сціскаецца ад невыказанай тугі  і невядомага жалю. Чаму гэта з ім? Чаму менавіта цяпер, а не пазней? А жыць хочацца, так хочацца жыць.
-7-
    Ён працаваў ужо некалькі гадзін, з самай раніцы. Плот і сапраўды патрабаваў замены: слупкі падгнілі і добрым ударам іх можна было лёгка паваліць, жэрдкі  месцамі зусім струхлелі. Юрка  агледзеў яго і зразумеў, што на гэту работу пойдзе не менш двух-трох дзён. Добра, што маці яшчэ пару год назад прызапасіла і слупкоў, і жэрдак, і штакетніку – дзядзька Пятрусь пастараўся. І цяпер сухі матэрыял ляжыць пад павеццю, адно толькі рабі. Так, гаспадарка ляжыць на маці. Бацьку Юрка памятае слаба. Калі яму было каля пяці год бацька загінуў у лесе – ён неяк няўдала зваліў хвойку, тая крутнулася  на пні і накрыла яго.
    Узяўшыся, Юрка забыў пра ўсё і так захапіўся працай, што адарваўся толькі тады, калі маці прыйшла на абед з фермы.
    - Адпачні, што ж ты так узяўся. Зробіцца. Зараз абедаць будзем.
    - Нічога, я не стаміўся, - ён выцер пот і прысеў у цяньку пад вішняю, якую некалі сам пасадзіў. З непрывычкі нылі ногі і рукі ды пабольвала паясніца. Заплюшчыўшы вочы, стомлена выцягнуў ногі.
    - Добры дзень, цёця Галя, - пачуў ён прыемны дзявочы голас.
    - Добры, Валечка, добры.
    Ён расплюшчыў вочы. Каля веснічак стаяла прыгожая стройная маладая дзяўчына ў лёгкай сукенцы. Кароткія каштанавыя валасы, загарэлы твар, іскрыстыя, задумлівыя вочы і зграбная постаць – усё гэта ён паспеў заўважыць першым кароткім позіркам. Маці стаяла на ганку з міскай у руках: сыпала курам. Дзяўчына зірнула на яго і таксама павіталася:
    - Прывітанне, Юрка.
    - Як бацька? - спытала маці ў дзяўчыны.
    - Ужо лепш, абяцаюць выпісаць праз некалькі дзён.
    - То і добра.
    - Я пайду, цёця Галя, усяго добрага.
    - А ты чаго заходзіла?
    - Не, я так, ішла мімаходзь, зайшла павітацца.
    Валя зноў глянула на Юрку і, заўважыўшы, што ён глядзіць на яе,  пачырванела, хуценька адвяла вочы, павярнулася і пайшла.
    - Хто гэта? - ён глянуў на маці.
    - Вось табе маеш – Валю Мазуркевіч не пазнаў.
Валя – яна ўсяго  на тры гады маладзейшая за яго. Але ж змянілася як: ён не бачыў Валі  пасля школы.  Тады гэта было нейкае кволае худое дзеўчанё, а цяпер сапраўдная каралева.
    - Прыгожая, - ціха сказаў ён.
    Маці пачула гэтыя словы.
- Канешне, не раўня тваёй Светцы. Учапіўся  за яе, а ў мяне не ляжала сэрца – чужая яна была, халодная і чужая. Казала ж тады,  не  паслухаў  мяне. А  Валя малайчына: скончыла педінстытут, у нашай школе працуе, любяць яе дзеці. Вось каго трэба было браць.
    У Юркі заныла сэрца: Валя яму вельмі спадабалася.  Даўно ўжо не западала ў яго  вока так, як сёння. Хутка маці паклікала яго абедаць. Не паспеў Юрка паднесці лыжку да роту, як грукнулі дзверы: на парозе паказаўся дзядзька Пятрусь – матчын брат.
    Невысокі, з рудымі пракуранымі вусамі, вечна крыху прыжмураны і  нязменнай цыгарэтай у роце, картовай кепачцы і ялавых ботах – колькі Юрка яго памятае, так дзядзька і ходзіць, як быццам гады на яго не дзейнічаюць. Трэба адзначыць, што дзядзька Пятрусь быў  яшчэ той “хрукт”, як ён сам пра сябе казаў. У яго на ўсё быў гатоў адказ, ён ведаў безліч нейкіх прымавак і жартаў і нават жонка не ведае, калі ён гаворыць праўду, а калі хлусіць. Дзядзька  любіў над пажартаваць над кім-нібудзь, а потым стаяць у баку і ўсміхацца. Неяк,  не паленаваўшыся, з’ездзіў у горад і купіць там адборнай рыбы. Пасля паклаў карпаў у брудны мех з-пад бульбы,  звярнуў на сенажаць. Мужчынам сказаў, што злавіў рыбу ў недалёкай  азярыне, хоць там зроду ніхто рыбы не спрабаваў лавіць. Мужчыны пакідалі працу, паслалі некага за таптухаю  і рынуліся мясіць балота ў азярыне. Дзядзька Пятрусь стаяў на беразе і, ціха пасмейваючыся, даваў парады:
    - Вунь туды, пад той корч зайдзіце, я там некалькі карпаў узяў. Ага, з таго боку павінны быць.
   А  калі ўвэдзганыя і злыя мужчыны, разагнаўшы ўсіх жаб,   вылезлі на бераг, дзядзька Пятрусь быў ужо ў вёсцы і усім расказваў пра “ўдалую” рыбалку. Дзеля праўды, трэба сказаць, што усе выхадкі і  жартачкі неяк  сходзілі яму з рук.
    - Здароў быў, племяш. Хлябаеш? Хлябай ды пра радню не забывай.
    - Сядайце, - Юрка падскочыў і павітаўся з дзядзькам. - Я толькі сабраўся палуднаваць.
    - А хто ж на сухую палуднуе, - дзядзька хітравата падміргнуў яму. - Што, Галя, выдзеліш пару кропель нам за сустрэчу, га?
    - А ты калі ўжо не вып’еш – не пражывеш, - без злосці буркнула маці.
    - От жа, каб далі свінні рогі нікому б не было дарогі, - дзядзька зноў падміргнуў Юрку. - Ён жа цяпер у цябе госць. А госць  у хаце – на стол пляшку, браце. Не скупіся, Галя. Калі я яшчэ з гэтым гарадскім хлопцам пабачуся.
    Маці крутнулася ў сенцы, моўчкі  паставіла на стол пляшку ў якой было крыху меней за палову празрыстай вадкасці, падсунула кілішкі і міску з булёнам ды талерку з кілбасою і агуркамі.
    - Ну, на бязлюддзі і дзяк чалавек, - дзядзька Пятрусь наліў у кілішкі. - Давай, племяннічак, за сустрэчу: каб нас не забываў і часцей прыязджаў.
   Пажаваўшы акрайчык ён глянуў на Юрку:
    - Расказвай, брат, як ты там?
    - Што расказваць? Нічога цікавага – працую, як і ўсе.
    - То ж ба  – што можа быць  цікавага ў вашым гарадскім тлуме. Ні прыжаніўся яшчэ?
    - Не, не паспеў.
   - Не паспеў – не бяда, паспееш знайсці хамут на шыю.
    Ён зноў наліў. Выпіўшы, дзядзька дастаў цыгарэту, прыпаліў і са смакам зацягнуўся. Юрка таксама прыпаліў і паляпаў па кішэнях, успамінаючы дзе падзеў мабільны тэлефон. Цьфу ты – учора, калі спяшаўся, пакінуў яго на ложку. Цяпер будзе без сувязі цэлы тыдзень. Але такой бяды, не патрэбен ён зараз,  спакайней будзе самому.
    - Плот перасыпаеш? - спытаў дзядзька. - Даўно трэба.
    - Ага, і хлеў гляну таксама, мо яшчэ што – цэлы тыдзень буду.
    - Давай, племяш, даб’ём гэтую заразу, - дзядзька выліў рэшткі гарэлкі. -  Ды пайду  пад кантору – пагляджу, як  будуць прадаваць канфіскаваны камбікорм. Кажуць,  сёння  цэлую машыну прывязуць і вельмі танны, амаль задарма.
    Ён кульнуў кілішак і хітравата падміргнуў Юрку.
    - Ой, Пятрусь, то і мне вазьмі хоць пару мяшэчкаў, бо я ж на ферму зноў пабягу, - схапілася маці.
    - Гэта, Галя, калі хопіць на ўсіх, - ён ўсміхнуўся ў пракураныя вусы. Юрка адразу сцяміў, што гэта чарговы дзядзькаў жарт.
    Дзядзька падзякаваў маці, развітаўся і выйшаў. Праз колькі хвілін у хату зайшла суседка Адасіха – зайдросная і сквапная жанчына год пяцідзесяці.
    - Добры дзень, Юрачка. Да маці прыехаў? Малайчына, не забываеш, во і плотам заняўся. Не тое, што мой лайдак Косцік – амаль год носу не кажа.  Ат, што за  дзеці цяпер пайшлі, - затараторыла яна. - Ты, Галечка, на працу? А я пабягу пад кантору: кажуць,  вельмі танны камбікорм прывязуць.
    - Хто казаў?
    - Дык твой Пятрусь.
    Юрка зайшоўся ад смеху, а маці, глянуўшы на яго, ўсё зразумела і толькі  паківала галавай:
    - От жа пустамеля, от жа круцель – ніяк не супакоіцца.
    Адасіха няўцямна  паглядзела на Юрку, на маці:
    - Дык што, зманіў хіба?  А я думала і сапраўды прывязуць.
    Крыху адпачыўшы, ён зноў узяўся за плот: трэба абавязкова скончыць гэтыя пяць пралётаў, што ад вуліцы, ды яшчэ потым прыбраць ламачча, папарадкаваць яго на дровы. Дзіўна, але сёння чамусьці нічога не баліць нічога, як быццам няма  ніякіх балячак.  Ці праўду кажуць, што родныя сцены дапамагаюць? Або, наадварот, для яго ўсё хутка скончыцца? Неяк не хочацца верыць у смерць, здаецца, што  ён вечна будзе жыць, як будзе жыць  мілая клапатлівая маці, і ўтульная ціхая вуліца, і зялёная вёска, і Ігар і ўсе астатнія. Чаму жыццё часта абрываецца на паўслове, чаму сыходзяць тыя, каго любіш, чаму сыходзіш ты? Несправядліва неяк уладкаваны свет. Нібы падслухаўшы яго думкі і сцвярджаючы іх,  хрыпла і працяжна каркнула варона, што прымасцілася на вільчыку, за нечым цікуючы.
    - Каб цябе немач, - Юрка шпурнуў у яе грудаю зямлі. Варона з цяжкасцю сарвалася з месца і, каркнуўшы напаследак, падалася ў бок сажалкі. Ён, замацаваўшы жэрдку і нацягнуўшы шнур,  стаў прыбіваць штыкетнік,  з невядомай злосцю замалаціўшы  па цвіках, быццам вымяшчаў на іх нейкую сваю крыўду.
    - Што  ты так размахаўся? Гэта ж табе не на кампутары па клавішах лупіць –  асцярожней трэба, каб па пальцы не ляпнуць.
    Юрка, змахнуўшы кроплі поту з лобу,  азірнуўся. За спіною,  пацягваючы піва,  стаяў Вася ў яркай майцы-баксёрцы і недарэчна кароткіх  шортах: у такім убранні  ён выглядаў, як перакормлены парсючок-сяголетка.
    - Гляджу, ты ўзяўся сёння.
    - Калі рабіць, то рабіць, - адазваўся Юрка.
    - Не, я чуў іншае: еш – пацей, працуеш – мерзні.
   І Вася засмяяўся, задаволены сваёю прымаўкай.
    - А ты чым займаешся?
    - Чым-чым – ды нічым: я ж адпачываць прыехаў. Мая  Каця вунь пад яблыняй загарае, а я, думаю, прайдуся. Давай па піву.
    - Скончыць трэба спачатку.
    - Тады лупі.
    Вася памкнуўся дадаць нешта яшчэ – мабыць, звыклае сваё “пісацель” – але прамаўчаў і пасунуўся далей  у бок цэнтральнай вуліцы.
    Да заходу сонца ён паспеў зрабіць усё, што спланаваў. Скончыўшы, прысеў пад вішняю і адчуў, як гудуць натруджаныя рукі і ногі. Але гэтая стомленасць прыносіла асалоду, незразумелую ціхую радасць ад зробленага і хацелася толькі аднаго: памыцца пад халоднаю вадою, выпіць кубак духмянага сырадою, павячэраць гарачаю сопкаю бульбачкай з маласольнымі  агурочкамі,  упасці на мяккае, пахкае свежае сена і заснуць, як у далёкім дзяцінстве, моцным бесклапотным сном. Усе яго жаданні спраўдзіліся. Маці зварыла маладой бульбы, паставіла крамяных хрусткіх бліскучых агуркоў, свежага сырадою  і прысела побач:
    - Стаміўся, бедненькі?
    - Не, мама, нічога. Я сёння на сенавале лягу – у хаце  крыху душнавата.
    - Кладзіся, я ж ведаю, што ты любіш там спаць. Ты, сынок, толькі заўтра нічога не рабі. Адпачні.
    - Чаму?
    - Заўтра ж Ілля - свята вялікае.
    Юрка дакурыў цыгарэту, зірнуў на далёкія зоркі і  палез па драбінах на сенавал. Было чуваць, як  злева, за суседняю сцяною, шумна  сапнула карова, а з правага боку  ціха рохкаюць парсюкі.  І салодзіць душу  пах сена. Што будзе заўтра? Ды заўтра  і будзе думаць, бо цяпер вочы зліпаюцца і думкі блытаюцца. Так, нешта будзе…
-8-
    Бом, бом, бом… Звоніць  звон, бягуць людзі. Бом-бом.  Гук ужо не падае цяжкім камяком, а плыве  меладычна і  мякка, як  зазыўна,  і тады  святлее навокал, і людзі не бягуць, а выстрайваюцца ў даўжэзную чаргу, і святлеюць твары людзей ад прадчування нечага добрага, як само святло. Юрка становіцца ў хвост чаргі, ён хоча атрымаць хоць маленькі кавалачак дабрыні. Бом-бом. А пасля – звонкае ку-ка-рэ-ку.
    Ён падхапіўся. На вуліцы, лопаючы крыллем,  разрываўся ад крыку гаспадар  матчынага  надворку – пярэсты і гарласты  певень. Мабыць, добра Юрка заспаў, калі  меркаваць  па яркім сонечным промням, што прабіваліся праз рэдкія дзіркі ў страсе. І прысніцца ж такое: звон, людзі. Раптам ён зноў пачуў зусім недалёкі мілагучны царкоўны звон: бом-бом, бом-бом. Што за халера? Хто гэта можа званіць у вёсцы? Царквы ў іх зроду не было. Пацягнуўшыся,  палез уніз. Дзянёчак выдаўся, што трэба: цёпла, сонечна, яшчэ пакуль не спякотна. У хаце  глянуў на гадзіннік: чвэрць дзесятай. Накрыўшы ручніком, маці пакінула яму снеданне: яешня са скваркамі, мучныя бліны, смятана. У печы яшчэ бульба ў чыгунку, наварысты булёнчык. Што ж, Юрка, адпачывай, выхадны сёння ў цябе.
    Ён прысеў на лавачцы, няспешна зацягваючыся цыгарэтай, абдумваючы чым заняцца. У Мінску ніколі не стаяла такога пытання, было ўсё спланавана загадзя, а збіраючыся сюды  не думаў, што будзе лайдачыць.  Падняў галаву і ўбачыў, што ў яго бок нехта ідзе. Прыгледзеўшыся, пазнаў дзядзьку Пятруся.
    - Здароў быў, - дзядзька прысеў побач з ім і выцягнуў з кішэні цыгарэты. - Прахалоджваешся?
    - Дык свята ж.
   - А-а, калі ў вёсцы свята бывае – адно рабі ды рабі.
    - Дзядзька Пятрусь, а што ў нас царкву пабудавалі? Бо раніцай чуў, як звоняць і не мог зразумець адкуль гэта.
    - Царкву не царкву, а нешта такое нашы бабы ўмудрыліся арганізаваць, - патлумачыў дзядзька. - Герасёву Ніну ды Пільчыкаву Раю памятаеш? Во яны, самыя актыўныя,  ўсіх паднялі, сабралі нейкія грошы ды выкупілі Каленікаву хату – яна ўжо некалькі год пуставала. Потым нашы мясцовыя хлопцы-камерсанты дапамаглі  і хату пад царкву перарабілі, нават звон аднекуль прывезлі, а бабы ікон сабралі, яшчэ таго-сяго. Цяпер іншы раз святар прыязджае, службы вядзе. Яно та  і нядрэнна: раней нават яйка тое пасвянціць і то трэба было ў горад плесціся, а цяпер ўсё на месцы.
    - Зразумела.
    - А ведаеш хто званаром там? -  дзядзька  ўсміхнуўся. - Век не здагадаешся – Іван Макараў. Усё жыццё камуністам быў, у калгасе парторгам рабіў, ганьбіў з трыбуны вернікаў, а цяпер сам паклоны б’е  перад іконаю. Во  як веру змяніў.
    - У жыцці ўсяляк бывае.
    - Што там бывае, - дзядзька скрывіўся. - Усе начальнікі цяпер са свечкамі стаяць – паказваюць, што яны  бліжэй да народу. Ведаем мы, як яны бліжэй сталі, нічога не змянілася і ў наш час: да Бога высока, да цара далёка.
    Юрка заўважыў маці, якая вярталася з фермы. Яна падыйшла, павіталася.
    - Во, Галя, ты ў час прыйшла – мы тут з племяннікам думаем, што за свята не пашкодзіць і прапусціць па кілішку. Так,  племяш?
    - Ат, не дуры галавы, - адмахнулася маці.
    - Не, я, мабыць, пайду ў лес, грыбоў пашукаю, - адмовіўся і  Юрка.
    - Якія грыбы, сынок, спякота стаяла, а даджджу даўнавата  не было. Адпачні лепш, паляжы.
    - Нічога, прыйдзе Ілля – наробіць гнілля, - зазначыў дзядзька.
    - Не будзе дажджу – сама чула,  як па тэлевізары казалі, - не пагадзілася маці.
    - А я кажу будзе. Ты, Юрка, схадзі за Гарэлае, недзе там мая Маня заўчора кошык лісічак назбірала.
    У хуткім часе Юрка   з кошыкам  крочыў  ужо за вёскаю ў бок Гарэлага – так называўся ладны кавалак лесу ў  кіламетрах дзвух-трох ад вёскі, які даўно, год дваццаць таму назад, выгараў ушчэнт. Вёску тады завалакло дымам ад пажару і яны, падшыванцы,  бегалі  паглядзець, як тушаць лес. Лета стаяла спякотнае, да месца здарэння было страшна падыйсці: полымя гуло, шугала высока ўверх, навокал  трашчала,  невядома адкуль узняўшыся вецер раздуваў агонь. Вялізны трактар цягнуў за сабою плуг, наразаючы шырокую баразну, а некалькі пажарных машын з брандспойтаў залівалі агонь. Сяк-так да вечара полымя ўтаймавалі і толькі чорныя абгарэлыя дзеравіны жудаснымі ценямі нагадвалі пра здарэнне. Усе гарэлыя дзеравіны паціху расцягнулі, але лес там чамусьці не пасадзілі.  З цягам часу на гэтым месцы разросся маліннік, разнатраўе ўкрыла чарнату, летам там усё буяла,  але назва прыжылася. За Гарэлым ішлі змешаныя лясы і грыбоў раней у іх хапала. З дзяцінства Юрка упадабаў грыбныя набегі. Калі надаваўся вольны час  браў кошык і кіраваў у лес. Ён любіў няспешна хадзіць паміж векавых елак, пастаяць пад шапаткімі бярозкамі, прайсціся па асінніку, заглянуць у свае патаемныя куточкі, дзе яго чакалі тугія крамяныя баравічкі. Менавіта там, у час грыбных паходаў, у яго сталі нараджацца першыя вершы. Цяпер, канешне, грыбоў асабліва не збярэш: горад блізка, ледзь не ў кожнага машына  і калі не падняцца яшчэ на досвітку, то можаш і ўвогуле нічога не прынесці. Але сёння  Юрку хацелася проста прайсціся, пабыць сам-насам, развеяцца, падумаць.  Думкі зноў засвідравалі галаву. Але ж,  бадай што, дурань ён,  пагарачыўся і махнуў на сябе рукою.  Можа, не так усё страшна і  лепш  паехаць назад, у Мінск, бо на самай справе хвароба не  запушчаная,  абыйдзецца хіміяй і ўсё будзе добра. І сапраўды,  чаму ён разбабіўся, сарваўся, як  быццам ён  ні на што не варты. Не, нельга здавацца, у  яго яшчэ малады, моцны арганізм і павінен справіцца з хваробаю. Усцешаны такою думкаю,  скіраваў у лес. Узгадаў Валю і ў грудзях прыемна заныла ад думкі пра яе: якая прыгожая дзяўчына вырасла, хто б мог падумаць.
    Хвілін з дзесяць не траплялася нічога, нават мухамораў. Але калі  зайшоў у нізінку, парослую асіннічкам, то адразу знайшоў некалькі абабкаў, а пасля яшчэ і чатыры тугія – аж прыемна ў рукі ўзяць – падасінавікі. Пахадзіўшы па сваіх мясцінках недзе калю дзвюх-трох гадзін,  назбіраў амаль цэлы кошык: былі там і лісічкі, і баравічкі,  але найбольш абабкаў і падасінавікаў.      Узбадзёраны, Юрка павярнуў дахаты. Кошык прыемна адцягваў руку, ды і настрой неяк палепшыўся. На вуліцы сустрэлася некалькі вяскоўца, ён з кожным павітаўся. Так, гэта не горад, тут усе адзін з адным вітаюцца, прыемна вось так сказаць кожнаму  “Добры дзень”, а табе таксама пажадаюць здароўя.  Вось насустрач ідзе нейкі незнаёмы хлопчык, год дзесяці. павітаўся, чамусьці спыніўся, уважліва гледзячы на яго.
    Юрка адказаў і зрабіў некалькі крокаў, але хлопчык павярнуўся да яго:
    - Дзядзя, а я вас ведаю.
    - Ну, - здзівіўся Юрка, - адкуль жа ты мяне ведаеш?
    - А я бачыў у школьнай біблітэцы  вашу кнігу з вершамі, на ёй ваша фота. Там  і пазнаў вас.
   - Вось як, - Юрка падыйшоў бліжэй да хлопчыка. - А ці спадабаліся табе вершы?
    - Не-а, - упэўнена адказаў малы, - я іх не чытаў, бо  не люблю вершаў. Мне больш падабаецца пра Рабінзона Круза, пра піратаў люблю кнігі.
    - Значыць, не любіш, - засмяяўся Юрка. - Нічога, брат, проста ты яшчэ не дарос  вершаў, але гэта не бяда.  А вось  кнігі чытай, малайчына. Ну, трымай краба, пірат.
    Ён паціснуў малому руку і, усміхаючыся, пакрочыў дахаты.
    Перабраўшы і памыўшы грыбы, ён аддаў іх маці, а сам выйшаў на вуліцу. Па дарозе, гучна гамонячы  паміж сабою і выбухаючы смехам,  прайшла купка падлеткаў. Яны зніклі і зноў стала ціха. Яснае зранку неба пакрысе зацягнула лёгкімі белаватымі хмаркамі, сонечны свет злёгку пабляк, але не паказвала пакуль на тое, што будзе дождж. Цішыня непрывычна рэзала вуха. Дзіўна, зусім нядаўна  марыў там, у горадзе, пра цішыню, пра тое, каб схадзіць па грыбы і пасядзець пад вішняю.  І вось  хутка мара збылася. Шкада, што толькі пры такіх абставінах. Ат, не трэба самога сябе напружваць. Паправіць плот і страху, зробіць яшчэ што і тады ў горад.  Ігар дапаможа. Эх, малайчына Ігар – не знайсці больш лепшага і надзейнага сябра. Раптам ён пачуў нейкі крык на вуліцы. Юрка падняўся і выглянуў. Каля сваёй бліскучай  прыгожай машыны круціўся раззлаваны Вася Пузынкоў, абмацваў нечага левы бок  і  гучна лаяўся:
    - Ну, шантрапа, усіх знайду і морды паразбіваю.
    Далей пасыпаліся мацюкі і пагрозы ў бок невядомай “шантрапы”.
    - Вася, што здарылася? - гукнуў яму Юрка.
- Ды шпана мясцовая, басота гэтая, ішлі тут і падрапалі крыло на машыне. Дзве свежыя драпіны зрабілі. Ну відаць жа, што наўмысна. Рукі паадкручваю  гэтай свалаце, - лаяўся былы аднакласнік.
    Да Васі выйшла жонка, агледзела машыну і буркнула:
    - Я ж табе казала – загані машыну ў двор, а ты паленаваўся. Сам вінаваты.
    - Ды заткніся ты…
    Вася зноў брудна вылаяўся  - цяпер ужо на жонку. Тая залямантавала:
    - Ідыёт, у цябе заўсёды  нехта вінаваты. Яшчэ і мяне крыеш. Божа,  дзе мае вочы былі, калі я за цябе  пайшла. Мама, вы чулі, як ён на мяне сказаў?
    Юрку  стала няёмка, што  міжволі слухае сямейную сварку, і ён падаўся назад пад вішню. Закурыў, пусціў у неба дым. Яму прыгадалася, як учора каля веснічак стаяла Валя – такая ціхая, прыгожая і сарамлівая. І злавіў сябе на думцы, што за ўчарашні і сёняшні дзень прыгадаў яе не адзін раз. З чаго б гэта, Юрка?
    Надвячорак непрыкметна апускаўся на вёску. Ад сонца застаўся бледны цень, а ў паветры павісла адчуванне блізкай ночы і напружаная цішыня. Яшчэ адзін дзень адыходзіў у нябыт.
-9-
    Сядзець у тэлевізары зусім не хацелася. І Юрка вырашыў схадзіць у вясковы клуб: улетку моладзі на вёсцы болей, магчыма, ўбачыць некага з аднакласнікаў. Не хацеў сабе прызнавацца, але ў падсвядомасці сядзела яшчэ адна думка:  магчыма,  Валя туды прыйдзе. Ды і маці, калі прыйшла з працы, сказала яму:
    - Схадзі, сынку, пагуляй, што ты будзеш са мною, старою, сядзець у хаце. Я нешта стамілася сёння, зараз і спаць лягу.
    На небе сям-там запаліліся рэдкія зоркі. Памыўшыся і глянуўшы на сябе ў люстэрка, ён рушыў на вуліцу. Калі  выйшаў на цэнтральную вуліцу да яго данесліся гукі музыкі, што гучала ў клубе: моладзь, пэўне, ужо  ва ўсю танчыць пад папсовыя шлягеры. Клуб, пабудаваны недзе год з сорак таму назад, захаваўся няблага, адно толькі атынкаваныя сцены дзе-нідзе аблупіліся ды пачарнеў крыты пафарбаванаю бляхаю дах. Раней там жа паказвалі і кінафільмы, бо ў клубе маецца кіназал недзе на сотню месцаў.  У свой час і Юрка бегаў сюды з аднакласнікамі, тут за вуглом крадком вучыліся курыць,   там жа ўпершыню паспрабаваў моцных напояў. Цяпер моладзі ў вёсцы паменела, але клуб застаўся адзіным месцам, дзе можна было сабрацца, таму ў выхадныя дні будынак ажываў. На цэментаваным ганку пад трыма высокімі калонамі курылі і вялі гамонку некалькі хлопцаў. З іх Юрка пазнаў толькі аднаго – малодшага на пяць год Колю Баранчыкава, які жыў у райцэнтры, дзе працаваў шафёрам на хуткай дапамозе. Юрка павітаўся з усімі  за руку і увайшоў у памяшканне. У ноздры ўдарыла пахам тытуню, бо курылі тут усе, хто хацеў і шызы дым вісеў высока ў паветры. У прасторнай зале пад рытмічную музыку хісталася з дзесятка паўтара юнакоў і дзяўчат  школьнага ўзросту, на драўляных лаўкаў з адкіднымі сядзеннямі за імі назірала яшчэ столь ж  гледачоў. Ні Валі, ні кагосьці  знаёмых ён тут не ўбачыў. Крыху расчараваны, Юрка вырашыў зазірнуць у бібліятэку, уваход у якую быў з залы, бо сядзець у накураным памяшканні ці танчыць з падлеткамі не было аніякага жадання. Тым больш, што загадвала бібліятэкай яго былая аднакласніца Света Збароўская, а  з ёю можна хоць пагаварыць. Света вучылася слабавата, але была бойкая на язык.  Скончыла школу і амаль адразу выскачыла замуж за маладога агранома, які прыехаў у іхнюю вёску. Пасля гэтага  нарадзіла дачку і сына, завочна скончыла тэхнікум і працуе ў сельскай біблятэцы. Юрка пацягнуў дзверы на сябе і сэрца страпянулася: за сталом разам са Светай сядзела і Валя.
    - Прывітанне, дзяўчаты, - бадзёра гукнуў ён, - сумуеце без наведвальнікаў?
    - Ой, Юрась, прывітанне. Даўно цябе не бачыла, - усміхнулася Света.
    -Прывітанне, Юрка, - ціха адказала Валя і нечага збянтэжылася, пачырванела, ад чаго стала яшчэ больш прывабнай.
    - Расказвай Света, што новага ў нас, - Юрка падсунуў крэсла, сеў каля дзяўчат.
    - Адчапіся, - уздыхнула Света, - штодзень адно і тое: гаспадарка, дзеці, агарод – будзённыя клопаты. Вось учора  Алеся мая запатрабавала новы тэлефон да дня нараджэння. Дакупіся, сам ведаеш якая ў мяне зарплата.
    - Колькі, дарэчы тваёй?
    - Ды дванаццаць ужо. А ты, я чула, развёўся?
    - Так.
    - Нічога, цяпер  ледзь не палова шлюбаў распадаецца. Да таго ж  дзяўчат халастых  хапае – знойдзеш. Вось вазьмі, напрыклад, нашу Валю – прыгажуня, разумніца, а мужа пакуль не мае.
    - Света, не пляці абы чаго, - умольна глянула на яе Валя.
    - А што я не так кажу? Што ж паробіш, як няму на вёсцы нармальных мужыкоў: яны больш у чарку заглядаюць, чым на дзяўчат. І  ў бібліятэку нікога з дзяцей не загнаць, усе сядзяць у кампутарах ці тэлевізарах.
    - Як табе, Валя, працуецца  ў школе? - Юрка вырашыў павесці гутарку ў іншы бок.
    - Нармальна, дзеці як дзеці.
    - А я цябе, дарэчы, не пазнаў тады, як ты каля нас праходзіла.
    - Што, пастарэла?
    - Ды не, наадварот, папрыгажэла.
    - Дзякуй за камплімент, - усміхнулася Валя.
    - Які камплімент? Я праўду кажу.
    - Во-во, і я кажу, - умяшалася Света, - хоць дзяўчына хоць куды.
    У гэты час з залы данесліся нечыя воклічы, свіст і музыка, якая было прыціхла, загучала з новай сілай.
    - Што гэта? - здзівіўся Юрка.
    - А-а, кампанія падцягнулася, - патлумачыла Света. - Сёння Якімовіч, загадчык амбулаторыі,  юбілей святкуе. Сабраў у нашым мясцовым бары з паўсотні чалавек. Вось з’явіліся патанчыць. А вы чаго седзіце – схадзіце, пагуляйце.
    - І сапраўды, Валя, пайшлі, - Юрка падняўся.
    Валя ўстала, стараючыся не глядзець на яго,  моўчкі пайшла наперад.
    У зале стала цесна: падагрэтыя алкаголем людзі ліха танчылі, падзадорваючы адзін аднаго. Юрка з Валяю  нейкі час пастаялі, назіраючы за ўсімі, але неўзабаве загучала павольная кампазіцыя. Юрка працягнуў руку Валі,  яна наблізілася да яго. Ад дзяўчыны ледзь улоўна пахла парфумай, а сама яна задуменна прытулілася да яго, адкрыўшы тонкую прыгожую шыю, пакатыя  загарэлыя плечукі. Юрка злавіў сябе на думцы, што яму нясцерпна хочацца цалаваць і гэтую шыю, і плечы,  увесь мілы і прыгожы твар – усё асыпаць пацалункамі.  Ад такой думкі яго кінула ў жар. Як нешта адчуўшы, Валя падняла галаву, на імгненне глянула яму ў вочы і папрасіла:
    - Давай выйдзем. Не  хочацца мне таптацца ў гэтым тлуме.
    Яны выйшлі на ганак.
    - Куды пойдзем?
    - Не ведаю, пайшлі проста па вуліцы, - ціха адказала дзяўчына.
    Юрка нечага саромеўся, нібы  вучань-старшакласнік на першым спатканні, не ведаў, як сябе паводзіць. Таму ён узяў Валю за руку. Нейкі час яны ішлі моўчкі. Ліхтары на вуліцы гарэлі рэдка, праз два-тры слупы і тады  цемра накрывала  яго з Валяю амаль цалкам. Рэдкія  зоркі скупа падсвечвалі шлях, але Юрка радаваўся гэтаму: ён баяўся, што дзяўчына  заўважыць яго хваляванне. Валя першай парушыла маўчанне:
    - А табе, як жывецца ў Мінску?
    Юрка хацеў адказаць звыклае: нармальна, жыву, працую, як і ўсе. І раптам зразумеў, што не хоча казаць банальшчыну, не хоча хлусіць, што ў яго ўсё добра.
    - Ведаеш, цяжкавата. Бо я там – адзін, сам па сабе, няма блізкага чалавека, калі не лічыць Ігара, майго сябра.  Ды і з жылля свайго не маю, а зарплата таксама не такая, як хацелася б, аліменты плачу. Не, не падумай, што я вырашыў паплакацца. Многім таксама прыходзіцца несалодка, не мне аднаму. Калі адным словам, то шчаслівым сябе не адчуваю.
    Памаўчаўшы, ён  з горыччу дадаў:
    - А ведаеш, чаму так? Я думаю гэта таму, што няма ў мяне  таго, што ёсць у многіх – добрай сям’і.
    І, блытаючы словы,  спяшаючыся,  ён стаў гаварыць, быццам баяўся, што не паспее ўсё  расказаць: пра сваё няўдалае каханне і  разбітую сям’ю, пра адзіноту і разгубленасць, пра тое, што згубіў веру ў заўтрашні дзень. Адно толькі не сказаў – пра свой дыягназ. Яны паціху ішлі па вуліцы, дзяўчына  маўчала і слухала. Калі  скончыў,  спыніліся бліз яе хаты. Загаварыла Валя:
    - Я нікому ніколі не казала пра свае пачуцці, пра іх ведае толькі мой дзённік. Сёння, здаецца, прыйшоў час расказаць. І каб не сёняшняя сустрэча,  хутчэй за ўсё, мая таямніца засталася б са мною. Вось ты мне сёння ўсё выказаўся, і я шмат даведалася пра цябе. Дзіўна, але ты амаль такі, якім я цябе ўяўляла. Я закахалася ў цябе, калі ты быў у дзесятым класе, але ты, канешне, не заўважаў мяне. Хто я тады была, я разумею – горкае дзяўчо, падлетак, але сэрца маё пакутавала ад таго, што ты мяне не заўважаў. Потым ты з’ехаў,  я лічыла,  назаўсёды. Пасля ажаніўся. А я плакала начамі, бо ведала, што ты ніколі не пакахаеш мяне. Да мяне заляцаліся хлопцы у інстытуце,  я сустракалася з адным, але я не змагла перасіліць сябе. Таму ў мяне так ніхто і не з’явіўся. За гэтыя  некалькі гадоў, што  працую ў школе, боль паціху адыйшоў, я звыклася. А як цябе ўбачыла зноў стала так балюча – ты не ўяўляеш. Толькі я разумею – сэрцу не загадаеш. Прабач, што я табе гэта ўсё расказала. Проста твая шчырасць так падзейнічала і на мяне. Прабач, Юрка. Бывай, я пайду.
    Валя вызваліла руку, павярнулася. Юрка скалануўся: ён не можа цяпер згубіць сваё каханне. Так, толькі цяпер ён зразумеў, што пакахаў Валю, па-сапраўднаму пакахаў. Але ж ён хворы і невядома чым яно ўсё скончыцца. Дык што, адмовіцца ад свайго шчасця, калі яно перад табою? Не, і яшчэ раз не. Лепш тады ўжо і не жыць.
    - Пачакай, - ён  схапіў дзяўчыну за руку. - Пачакай, Валя. Ты можаш не верыць мне, але выслухай. Я сёння пайшоў у клуб толькі дзеля таго, каб убачыць цябе. З таго моманту, з той хвіліны, як ты з’явілася каля нашых веснічак я толькі і ўспамінаю цябе. Спачатку не разумеў: з чаго б гэта? Бо пасля Светы мяне зусім не цягнула да жанчын, нікога не хацеў бачыць. І вось сёння да мяне дайшло: я закахаўся. У  цябе. Можаш не верыць, толькі не пакідай мяне, прашу. Я кахаю цябе, Валя. 
    Валя вызваліла руку, нейкае імгненне пастаяла, нібы не верачы яго словам,  і абняла Юрку.
    - Мой любы, няўжо гэта праўда. Ты не хлусіш?
    - Не, я кахаю цябе, як нікога і ніколі. Тое маё першае каханне было нейкім дурным сном – сляпым, несапраўдным. А цяпер у мяне ёсць ты.
 Яна з   найшла яго вусны. Юрка замёр ад шчасця. Колькі яны прастаялі – невядома, але ідылію парушыў дождж. Спачатку некалькі кропель звалілася на іх, затым яшчэ, потым зашапацела ліства на  дрэвах, па вуліцы дыхнула навальнічнай свежасцю і  неўзабаве па іх сцебанулі касыя струмяні.
    - Бяжым! - Валя радасна засмяялася і схапіла яго за руку. - Бяжым да нас на сенавал, а то вымакнем.
    Ціха рыпнулі веснічкі. Услед ім блісканула маланка, а за ёю пагрозліва завуркацела. Дождж набіраў моцы.
-10-
    Навальніца прайшла. Яшчэ паціху цурбанілі па шыферы важкія свежыя кроплі, яшчэ недзе далёка раскаціста пагрымвала, але  ўсё навокал заціхала,  супакойвалася і ўваходзіла ў свой звыклы лад. Юрка ляжаў адкінуўшыся на спіну,  а на яго грудзях ляжалі мяккія Валіны валасы. Жарсць прайшла, пасля блізкасці  свядомасць крыху затуманілася,  цела акутала прыемная лёгкасць і млявасць. А сэрца пакутавала: што ён нарабіў? Прызнаўся Валі ў каханні, дайшло да інтымнай блізкасці, абнадзеіў яе, а сам у невядомасці. Але і інакш не мог, бо шчыра пакахаў яе. Што цяпер рабіць, як сказаць дзяўчыне, якая так аддана прытулілася да яго? Валя раптам ціха прадэкламавала:
        Вось я лячу праз мора,
        а бачу вёску і сады,
        дзе спяваў далёкім зорам,
        што каханне – я і ты.
    - Ты чытала мае вершы? - Юрка прыўзняўся.
    - А як жа, і не адзін раз, - дзяўчына  павярнулася да яго, абняла і моцна прыціснулася. - Я папрасіла каб мне купілі тваю кнігу ў Мінску, чытала вечарамі, уяўляла нас разам, хоць не верыла, што такое магчыма. І вось збылося – мы разам, ты мяне кахаеш. Божа, якая я шчаслівая!
    Юрка ў роспачы апусціўся на сена: за што яму такое пакаранне? Не, маўчаць нельга, нельга ўсё пачынаць з маны. Раскажа, як ёсць, а яна хай вырашае.
    - Валя, ведаеш, мне трэба сказаць табе адну рэч: я мяне нядаўна знайшлі рак. Прабач, што не сказаў адразу – неяк так атрымалася ўсё хутка. Прабач.
    Дзяўчына адарвалася ад яго, села. У цемры ён не бачыў яе твару, але адчуваў, як яна напружылася.
    - Ты гэта сказаў толькі дзеля таго, каб мяне пакінуць? - яе голас гучаў на дзіва спакойна.
    - Валя, што ты, як ты магла такое падумаць? Дурненькая. Хіба ж такім жартуюць. Я як ніколі хачу жыць. Жыць з табою разам, разумееш?
    Хвалюючыся, што яна не зразумее яго, Юрка пераказаў  падзеі  апошніх дзён. Валя расслаблена апусцілася, зноў абняла яго:
    - А я падумала, што ты ўсё нагаварыў толькі дзеля таго, каб пераспаць са мною, а потым у кусты. Не, мой любы, мы з табою пераможам хваробу. Мы паедзем у Мінск, знойдзем лепшых дактароў. У мяне ёсць крыху грошай, я ўсё аддам. Я буду сядзець каля твайго ложку дзень і ноч,  сколькі спатрэбіцца, усё зраблю, каб ты паправіўся. Ты абавязкова выздаравееш. Інакш быць не можа, бо я цябе толькі знайшла. І прыкмета добрая: на наша першае спатканне, на свята, дождж пайшоў – значыць, усё будзе добра. Ты верыш мне?
    Расчулены, ён моўчкі абняў дзяўчыну і яны  зліліся ў доўгім пацалунку, а потым пачуццё  зноў авалодала  імі, распаліла целы новай жарсцю. Не, ніколі і ні з кім яму не было так хораша. Якое шчасце, што яны сустрэліся.
    Ледзь улоўны пробліск першых промняў асвяціў іхнія твары. Прыпухлыя ад пацалункаў Валіны вусны шчасліва ўсміхаліся. Юрка адзеўся і сеў.
    - Пойдзем?
    - Так. А што далей?
    - Ты ж казала – ўсё будзе добра. Ты паедзеш і  звольнішся з працы, я паеду ў Мінск, здыму  кватэру, пастараюся знайсці працу для цябе. А як вярнуся –  пададзім заяву ў сельсавет, распішамся. Можам і вяселле згуляць тут, на вёсцы. Ты ж згодная пайсці за мяне?
    Валя засмяялася, абняла яго і моцна пацалавала. Яны выйшлі  з хлява. Новы дзень абяцаў быць пагодлівым і ясным. Абмытыя дажджом, зіхацелі яркімі кроплямі кусты парэчак, падняў жаўлявыя галовы сланечнік, падавалі першыя галасы раннія птушкі. Надзеяй поўнілася паветра.
    - Да пабачэння, любы.
    - Да пабачэння.
    Яны яшчэ доўга цалаваліся, нарэшце Валя выслізнула з яго абдымкаў, пайшла ў хату, вярнулася, зноў пацалавала  і, радасна ўсміхнуўшыся, пабегла да дзвярэй. Юрка, нейкі час пастаяўшы, пакрочыў дахаты. Так, усё будзе добра, ён будзе жыць. Ён павінен жыць – дзеля яе, дзеля сябе.
Эпілог
    Юрка паспаў толькі дзве ці тры гадзіны: хацеў зрабіць, як мага больш. Трэба  скончыць усё, што запланаваў і хутчэй назад. Цяпер у яго столькі пытанняў, якія трэба неадкладна вырашаць, цяпер ён сэнс у жыцці, бо ў яго ёсць Валя. Таму ён хуценька паснедаў, узяў сякеру і лапату, рушыў да апошніх пралётаў, з якімі павінен, кроў з носу, сёння скончыць. Толькі ўзяўся за працу, як да хаты пад’ехалі зялёныя “жыгулі”. З машыны выйшаў Васіль Атаповіч – старшыня сельсавета, мажны, высокі і гаваркі мужчына год пяцідзесяці.
    - Здароў, Юрка.
    - Добры дзень, Васіль Уладзіміравіч.
    - Дык вось, значыць, ты куды схаваўся.
    Юрка з непаразуменнем  паглядзеў на яго.
    - Што ж ты, Юрый Аляксандравіч, збег і не паведаміў свайму сябру, а той цябе шукае. Ён мне з раніцы ўсе тэлефоны абарваў: ці ў вёсцы ты? Я кажу – не ведаю, пагляджу. Ажно ты сапраўды тут.
    - А-а, гэта, - Юрка усміхнуўся. - Проста тэлефон пакінуў у Мінску.
    - Бяры мой. Сябар твой прасіў, каб ты тэрмінова патэлефанаваў яму, - Атаповіч працягнуў яму мабільны тэлефон.
    Юрка набраў нумар. Ігар падняў адразу ж:
    - Ты!? Дзе ты знік, га?
    - Нікуды я не знікаў – паехаў у вёску, вырашыў зрабіць маці ўсё, што раней хацеў. Спяшаўся і забыў тэлефон у  пакоі.
- Ты каму гэта расказваеш, Стаўбурок хрэнаў? А то я цябе не ведаю. Набраў недзе да галавы і рынуўся, куды вочы глядзяць. Я цябе знайсці не магу – тэлефон не адказвае, рэдактар не ведае для чаго ты ўзяў тыднёвы водпуск, у інтэрнаце  цябе няма. Я ўжо, сам ведаеш, што падумаў. І круціцца ў галаве: во, сказаў сябру навіну, давёў да самагубства. А што мне было думаць?
    - Ды не, Ігар, не хвалюйся, ўсё нармальна. Нават больш – я жаніцца сабраўся.
    - Што?!
    - Так, потым раскажу.
    - Гэта я табе, дурню, раскажу. Мне з раніцы патэлефанаваў Сяргей Аляксандравіч і паведаміў, што памылка выйшла. Аказваецца, да іх яшчэ адзін пацыент звяртаўся, твой двайнік. Уяўляеш? Прозвішча, як у цябе, зваць Юрый Аляксандравіч, супадае дата нараджэння, толькі адрасы розныя. Гэта ў таго небаракі падазрэнне на рак, а ў цябе ўсяго толькі гастрыт абвастрыўся – і ўсё. Таму вашы аналізы паблыталі.  Ты здаровы, як конь,  разумееш гэта, Стаўбурок хрэнаў?
    - Разумею. Дзякуй, Ігар. Усё, прыеду –  убачымся, пагаворым.
    Юрка аддаў тэлефон старшыні і засмяяўся.
    - Ты чаго, Юрка?
    - Ён кажа, Стаўбурок, разумееце? Стаўбурок хрэнаў.
    І Юрка зноў засмяяўся. А над вёскаю падымаўся новы дзень: у полі стракаталі камбайны, завіхаліся жывёлаводы на ферме, ішла праца на палетках. І хоць яшчэ не было аніякіх прыкмет адыходзячага лета, але было зразумела –  яно пайшло на спад. Пойдзе, каб даць месца восені, а тая зіме, зіма зменіцца вясною. І зноў прыйдзе лета, запяе рознымі галасамі, закукуе зязюляю, каб засведчыць – жыццё ідзе, жыццё працягваецца.

ТАМ, ДЗЕ ЗЛІВАЮЦЦА РЭКІ
    Пра хараство зямлі нашай  складзена нямала песен, празаічных і паэтычных твораў, напісана розных журналісцкіх артыкулаў і нарысаў. Многія аўтары ўспявалі ці  ўслаўлялі нейкі свой куточак, блізкі і дарагі сэрцу. І кожны з іх мае рацыю, бо памяць аб тых мясцінах, дзе ты нарадзіўся і гадаваўся, ніколі не знікне з сэрца,  памрэ толькі з самім чалавекам. Але ж любім  сваю зямлю беларускую  не толькі мы, закранае яна  нейкай патаемнай прыгажосцю і нашых гасцей. А, некаторыя, дык і ўвогуле, захапіўшыся, закахаўшыся ў наш дзівосны край, застаюцца тут. Дык чым жа вабіць Беларусь, чым жа яна адметная, што і “з выраю жураўлі на Палессе ляцяць”? Адназначны адказ наўрад ці можна атрымаць, у кожнага чалавека, кожнай жывой істоты ёсць свае патаемныя куточкі  душы,  кожны адклікаецца на сваё, толькі яму блізкае: ці то блакітную азярынку, ці то  светлую прахалодную рачулку, ці буслінае гняздо каля хаты, ці  шэпт спелай  збажыны ў полі за вёскаю. Шмат  чаго яшчэ можна ўспомніць, калі ўяўляць сабе родныя прасторы. Адно дакладна ведаю: шмат у нас рэчак, шырокіх і вузкіх, вялікіх і малых, вірлівых і спакойных, але ўсе яны вабяць людзей сваёй непаўторнасцю, прыцягваюць  любога чалавека. У нас  налічваецца 20800 рэк і рэчак, а агульная іх даўжыня складае 90600 кіламетроў. Канешне, пераважаюць малыя рэкі (даўжыня да 100 кіламетраў) і ручаі ( даўжыня да 10 кіламетраў), якія складаюць  93 адсоткі ад агульнай колькасці і 53 адсоткі ад агульнай даўжыні.Толькі 9 беларускіх рэк маюць даўжыню болей, як 500 кіламетраў: Бярэзіна – цалкам працякае па тэрыторыі Беларусі, Нёман і Вілія – бяруць пачатак, Заходняя Дзвіна, Днепр, Сож, Прыпяць, Гарынь, Заходні Буг – транзітныя рэкі.
    Так склалася, што мне прыйшлося нямала павандраваць па тэрыторыі былога Савецкага Саюза. А нарадзіўся і вырас на Палессі – у Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласці. Мая родная вёска Лучыцы стаіць на высокім беразе пакручастай і хуткаплыннай рэчкі Пціч, успаміны аб якой дагэтуль грэюць мне душу. Але  цяпер гаворка будзе не пра яе, а пра другую, больш славутую раку – Нёман і яго прыток Бярэзіну, ці, як іншы раз пішуць, Заходнюю Бярэзіну  ( не блытаць з іншай, больш буйнай, Бярэзінай, што ўпаміналася вышэй). Мне пашчасціла не адзін раз сплаўляцца з сябрамі на плыце ў Нёман з Бярэзіны. А гэтая  малавядомая рэчка – адна з многіх беларускіх блакітных стужак, якія так выразна малююць прыгажосць і незабыўнасць нашай прыроды. Яно так: і ад крывасмокаў-камароў ды аваднёў, бывае, не адбіцца, а цяпер навала – кляшчы, якіх трэба асцерагацца, і непралазныя гушчары па беразе, а помніцца толькі лепшае. А лепшае – гэта непаўторная маляўнічасць рачулкі, некранутасць прыроды, цішыня, п’янючы водар чыстага паветра і светлая радасць ад кожнай раніцы.  У такія хвіліны  абуджаюцца самыя лепшыя пачуцці, а думкі  плывуць павольна, няспешна, не хочацца ні на чым засяроджвацца. Хочацца проста жыць. Аб гэтым і яшчэ шмат чым, што запомнілася,  я паспрабую  распавесці, успамінаючы нашы вандроўкі па Бярэзіне і Нёману.
ПАЧАТАК
    Для мяне ўсе плаванні пачаліся ў ліпені 2001 года. А за два гады да гэтага я пазнаёміўся з цікавым чалавекам, з якім пасля трывала пасябраваў – Аляксандрам Апановічам, карэнным жыхаром Навагрудка. Аляксандр у свой час прафесійна займаўся біятлонам,  уваходзіў нават у склад  зборнай  БССР, потым  працаваў трэнерам на швейнай фабрыцы. Але слабыя заробкі прымусілі змяніць месца працы, ён стаў вадзіцелем на адным з прадпрыемстваў горада. Трэба адзначыць, што ў яго залатыя рукі: не маючы ніякіх прафесійных навыкаў і ведаў, ён навучыўся сам выдатна рамантаваць аўтамабілі, складаць каміны і печы, выразаць з дрэва, рабіць вокны і дзверы,  і шмат чаго яшчэ. Здаецца няма такога, чаго ён не ўмее рабіць. Яшчэ Аляксандр вельмі любіць розныя паходы, вандроўкі  і аўтарскую песню. Ён натхніў мяне  навучыцца граць на гітары, каб я мог  выконваць свае ўласныя  песні. Таму ў трыцццаць сем гадоў я ўпершыню ўзяў у рукі музычны інструмент, нечаму навучыўся, і цяпер мае  сябры не ўяўляюць любых нашых падарожжаў ці сустрэч без гітары.
    Аляксандр і быў тым чалавекам, які стаяў ля вытокаў нашых падарожжаў. Ягоны стаж рачных вандровак складае каля трыццаці гадоў. Пачынаў ён яшчэ ў васьмідзесятых са сваім сябрам дзяцінства і суседам Віктарам Навагранам на гумовай  лодцы. З цягам часу  яны сабралі невялікую кампанію аднадумцаў і сталі  збіраць плыт. Аснова  рабілася з сасны ці елкі, бярвенне збівалася, а пад іх клалі, папярэдне напампаваўшы паветра, гумовыя балоны з трактарных колаў. Потым  ссякалі тоўстыя роўныя галіны ці маладыя дрэўцы ў якасці насцілу,  звязвалі ўсё  шпагатам і дротам, слалі тоўстыя дубцы, вецце, а наверх сена. Па баках  і пасярэдзіне плыта  прыбіваліся калы, на якія потым нацягваўся брызент ад дажду. Спераду  і ззаду мацаваліся два доўгія шырокія вёслы, каб кіраваць плытом. Такі вось атрымліваўся плаўсродак. Адна бяда – кожны раз плыт разбіраўся на дровы, нічога не захоўвалася і прыходзілася штогод зноў пачынаць усё спачатку. Таму ўжо пазней, калі і я здзейсніў не адно падарожжа, мы вырашылі зрабіць разборны плыт:  каркас з высушанага бруса мацаваўся з дапамогой доўгіх шрубаў, тыя ж надзіманыя балоны,  наверсе, па каркасу лёгкія доўгія дошкі, больш трывалыя і надзейныя апоры  для брызентавага даху, ладны стол з лаўкамі, які лёгка выносіўся на бераг. Трэба адзначыць, што плыт рабіўся немалы – тры метры ў шырыну і пяць у даўжыню. На ім месцілася ад шасці да дзесяці чалавек у розныя гады, а грузу  налічвалі да паўтары тоны. Плылі мы цэлы тыдзень з начоўкамі на беразе: ставілі палаткі, распальвалі вогнішча, гатавалі ежу, адпачывалі,  гулялі ў футбол, а пазней  і нават лазню рабілі.  Іншы раз спыняліся каб схадзіць па грыбы і ягады, рыбу лавілі з плыта спінінгам, а па вечарах на вуду. Таксама  калі-нікалі ставілі  ў зялёных стрэлках асакі  і лазовых кустах забароненыя, так званыя, ”тэлевізары”.
    Што тычыцца ўдзельнікаў нашых падарожжаў, то іх склад штогод мяняўся. На першым часе, яшчэ да майго ўдзелу, Аляксандр хадзіў у падарожжы з Віктарам, яго сябрамі Мікалаем і Фарыдам. Пазней да іх далучыўся Віктар Драчылоўскі – цяперашні наш надзейны і верны сябар, які служыў у расейскім войску у званні палкоўніка. Ён сам нарадзіўся і вырас у Навагрудку, скончыў ваеннае вучылішча і застаўся служыць у Расіі, жыве ў Падмаскоўі. Некалькі разоў Аляксандр і Віктар Драчылоўскі  бралі з сабою ў падарожжа сваіх жонак. З іхніх расказаў мне запомнілася некалькі момантаў. Уразіла  тое, што раней на Бярэзіне было процьма рыбы, пакуль браканьеры  амаль што не вынішчылі яе электравудамі. Сябры паказвалі мне фотаздымкі, на якіх плыт завешаны сушанымі шчупакамі. А ў дадатак да гэтага – казалі хлопцы – за плытом, на вяроўках, плыло яшчэ некалькі жывых шчупкоў. Аднойчы  ў іх было смешнае здарэнне. Нехта з жанчын памыў у кацялку посуд, а ваду пакінуў. Яна адстаялася. Віктар, не глянуўшы, зварыў у той вадзе локшыну з тушонкай. Калі ўсе сталі есці, то на зубах, канешне, затрашчаў пясок. Жанчыны сталі сварыцца і адмовіліся ад такой стравы. Мужыкам жа было шкада выкідаць такі прадукт, а плыць трэба было цэлы дзень. Жываты падцягвала і  выйсце прапанаваў сам Віктар:
    - А вы не сціскайце зубы. Яно і пойдзе.
    Мужыкі скарысталіся яго парадай,  локшыну па-флоцку даелі, а вось жанчыны  амаль суткі прынцыпова  прасядзелі на сухім пайку.
    У той час, калі я стаў удзельнічаць у вандроўках, нязменна ў склад нашага экіпажа ўваходзілі: Аляксандр, як гаспадар і капітан, я, Віктар Драчылоўскі і Віктар Навагран, амаль штогод вадзіцель раённых электрасетак Мікалай Фурса, а таксама сабака Аляксандра Лорд.  Пра Лорда трэба ўпамянуць асобна. Лорд – не пародзісты сабака, мяшанец,  шмат чаго меў ад коллі, а таксама своеасаблівы характар: мог падкрасціся спадцішка і ўкусіць таго, хто яму нечым не спадабаўся. Ад чаго Аляксандр не адзін раз меў непрыемнасці. Але пра Лорда  яшчэ гаворка будзе.
    Мая першая вандроўка пачалася 7 ліпеня 2001 года – акурат на Купалле. Каб паспець пачаць і завершыць доўгую, цяжкую працу па зборцы плаўсродка да трох гадзін дня,  мы выехалі з Навагрудка на дзвюх машынах яшчэ да шасці раніцы ў раён вёскі Бакшты Іўеўскага раёна. Да першай стаянкі плыць трэба гадзін з пяць, а працы шмат. Каманда сабралася немалая – восем чалавек і Лорд. У ліку членаў каманды было і трое дзяцей дванаццаці-пятнаццаці год. Павінен  быў з’явіцца і яшчэ адзін член каманды – Мікалай, вадзіцель раённых электрасетак, але ён, мабыць,  загуляў на Купаллі,  бо да ад’езду так і не прыйшоў. Пачатак нашага шляху – рэчачка Іслач. Выток Іслачы знаходзіцца каля вёскі Глушыцы Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці, даўжыня рэчкі 102 кіламетры і ўпадае яна ў Бярэзіну менавіта каля Бакштаў.  Іслач  вузкая і неглыбокая, вады ў спякотнае лета крыху вышэй за калені.  Але там, дзе мы збіраем плыт,  ёсць зручны пад’езд, а праз нейкі кіламетр рачулка ўпадае ў Бярэзіну.
    Вось машына  спынілася на бетонным мосце. Узрушаныя, усе выходзяць і ўглядаюцца на вузенькую рачулку – пачатак нашага шляху. Сцелюцца ў вадзе доўгія косы зялёных водарасцей, рэчка вабіць заспакоенасцю і прахалодай, а перад вачыма распасціраецца зеляніна лугу і лесу. Гляджу на ўсё гэта і адчуваю, як добра і хораша становіцца на душы. Як жа любая ты мне, родная зямля!
    Рэчы разгружаны, ўся каманда ідзе ў бліжэйшы лес. Пра зборку плыта я ўжо расказваў, толькі дзея адбываецца не так хутка, як пісалася. Да таго ж двум Віктарам было цяжкавата пасля ўчарашняга “святкавання”, а Аляксандр  падхапіў прастуду. Нашаму капітану было нялёгка  з тэмпературай, але ён працаваў не горш за астатніх. Стараліся і дзеці: насячы і нацягаць дубцоў на ўвесь плыт – справа  не з лёгкіх. А яшчэ дадайце сюды спёку – ў той дзень тэмпература была недзе за дваццаць пяць – кучы камароў і аваднёў, надзіманне ўручную вялізных гумовых балонаў. І тады атрымаецца поўны малюнак “радаснай” зборкі плыта. Ад спёкі і аваднёў ратаваліся, боўтаючыся  ў рэчцы. Але ніхто не скардзіўся, працавалі дружна, толькі Лорд адлежваўся ў цяньку, пакутуючы ад  гарачыні. Недзе пасля трох гадзін дня плыт урачыста спусцілі на ваду. Самыя цікавыя моманты гэтага нашага плавання, як і ўсіх наступных, здымаліся на відэакамеру.
БЯРЭЗІНА
    Пачынаючы наша чарговае  падарожжжа, мы заўсёды любаваліся  рэчкай, яе незабыўным і,  кожны раз непаўторным,  малюнкам. Бярэзіна са сваім норавам. пад яго трэба падладзіцца: яна  то  вірлівая, то спакойная, месцамі закручваецца так, што ледзь паспяваеш з вяслом, а месцамі русла ўшчыльную завалена лесам.  Вось такія звесткі можна знайсці пра рэчку. Яна  з’яўляецца правым прытокам Нёмана, пачатак бярэ каля вёскі Бортнікі Маладзечненскага раёна Мінскай вобласці, працякае па тэрыторыі Валожынскага раёна Мінскай вобласці, Смаргонскага, Іўеўскага і Навагрудскага раёнаў Гродзенскай вобласці. Даўжыня – 226 кіламетраў, шырыня ў верхнім цячэнні 5 – 20 метраў, у сярэдні – 25 – 30, а ніжнім – да 50 метраў. Мае чатыры прытокі справа (Крэўлянка, Гальшанка, Чэрніцы, Чапунька) і два злева (Іслач, Волка).  У месцы ўпадзення Іслачы ў Бярэзіну і на працягу першага дня нашага плавання сустракаецца некалькі вёсак. Берагі  і тут прыгожыя, але цывілізацыя, як бы  скрадвае першыя ўражанні. Такія невялікія рэчкі пакручастыя, яны часта мяняюць русла, падмываюць берагі.  І Бярэзіна не выключэнне. Аляксандр, вандроўнік са стажам,  не раз паказваў мне на які-нібудзь бераг:
    - Глядзі, вунь там дваццаць год назад было русла, цяпер расце лес.
    Рака ў адным месцы падмыла бераг, а ў другім нанесла пяску. З цягам часу ўсё зарасло кустамі, а потым і лесам. А недзе на трэці дзень нашага шляху мы  штогод праплываем адно цікавае месца: там Бярэзіна крута зварачвае ўлева, потым крыху віляе і ўжо бяжыць управа. Упершыню  наш капітан тады паказаў яго  мне падчас майго першага падарожжа.  Пасля таго, як  рака крута звярнула, мы плылі  недзе з паўгадзіны, ці болей, потым Аляксандр спыніў плыт:
    - Прычальваем!
    Выйшлі на бераг і аказалася, што праз  трыццаць-сорак  метраў з другога боку таксама цячэ Бярэзіна. Менавіта ў гэтым месцы яна зварачвае ўлева, а мы плылі з паўгадзіны, каб зноў трапіць амаль у тую самую кропку. Аляксандр упэўнена заявіў:
    - Яшчэ з дзесятак год  –  і вада праб’е сабе дарогу, а на Бярэзіне будзе вялікая выспа.
    Вось такія выкрутасы робіць рака. А ўвогуле назіраць з плыта за рэчкаю вельмі цікава. Трэба сказаць, што ўвесь час два чалавекі павінны знаходзіцца на вёслах, інакш плыт прыб’е да берага ці загоніць на корч і можна будзе прабіць балон, астатнія займаюцца, чым хочуць. Але ж нават, калі ты на “вахце” ці займаешся сваёю справаю, ўвесь бераг праплывае перад табою. А ён розны: то высакаваты, абрывісты, знізу  пясок і глей, а зверху адна мурава, то спрэс зарослы непраходным кустоўем, зялёнаю асакою ці высачэнным чаротам, то разгарнецца духмяны  лугавы  прастор, то наперадзе намалюецца кучаравая дубрава.  Таму, хто сядзіць спераду, трэба быць  уважлівым:  рака хавае нямала сюрпрызаў у выглядзе  патанулых дрэў, знесеных паводкаю. Часам іх і не заваўважыш, бо востры корч хаваецца пад вадою, а гэта пагражае  нашай плывучасці. Калі лета сухое, то карчы ўсе наверсе, іх стараемся абыйсці. Але нярэдка здараецца, што упаўшыя дрэвы перагараджваюць амаль усю раку. І тады прыходзіцца спыняцца, лезці ў ваду і пілаваць дзеравіну. Бывае такое, што рака падмывае бераг цэлымі пластамі. Тады ляжаць у вадзе дзеравіны адна за адною на паўсотні і болей метраў.   А колькі ляжыць  там  дубоў, сосен, бяроз ды елак – цэлыя гаі! Аляксандр неяк  з нашай дапамогай   адпілаваў кавалак каштоўнага  маронага дуба – таго, што дзесяцігоддзі праляжаў  пад вадою – і выразаў даволі цікавыя і прыгожыя  фігуркі. Карацей кажучы,  ў рэчцы ляжыць цэлае багацце, якое можа пайсці на экспарт. Праблема ў здабычы, бо тэхніка туды не дойдзе, месцы глухія.
    Бывае, што дрэвы на беразе звалены ўсюдуіснымі бабрамі, якія жывуць у шматлікіх затоках. Як вядома, бабры ствараюць нямала праблем і  для людзей. Для нас аднойчы яны стварылі небяспеку. У ліпені 2004 года Аляксандр вёз усю  каманду на “Камазе”. Мы ехалі  глухімі ляснымі дарогамі – так  карацей. У адным месцы дарога ішла па нізіне, сярод вады, а  дарожнікі зрабілі там  насып з гравію. Мы ўсе сядзелі ў кузаве разам з грузам пад тэнтам: ішоў дождж. Раптам машына рэзка спынілася і завалілася на правы бок, але не легла. На нас паляцелі скрыні і мяшкі. Калі ж  выбраліся, то ўбачылі, што  машына пярэднім колам правалілася ў яму. Як выявілася, бабры нарабілі праходаў пад насыпам і машына трапіла ў адну са шматлікіх нораў.  Нам пашанцавала, што Аляксандр ехаў марудна, а “Камаз” не кульнуўся набок, інакш наступствы маглі быць вельмі сур’ёзнымі.  Дружнай камандзе ўсе перашкоды па плячу. Мы хутка звалілі некалькі бярэзін, падмасцілі бярозавых плашак, паддамкрацілі, потым яшчэ раз паднялі, пасля піхнулі машыну ўсе разам. Затрымка склала недзе гадзіны з паўтары.
    З непралазных нетраў да вады вядуць добра ўтаптаныя  звярыныя тропы, на якія  натыкаліся неаднаразова. Іншы раз сустракалася і звяр’ё. У адным месцы на нашых вачах раку пераплывала бабраня. Трапляліся  ці то норкі , ці то андатры,  а каля вёскі Мікалаева Іўеўскага раёна заўважылі іх цэлы вывадак. Нярэдка сустракаюцца качкі. Я ўпершыню бачыў, як можа качка несціся па вадзе насупраць плыні з неверагоднай хуткасцю. А ў месцы, дзе Бярэзіна ўпадае ў Нёман,  дзеці аднойчы сутыкнуліся з ласём. Яны спалохаліся і крычалі так, што лось, мабыць, сам ледзь не памёр ад страху. Шмат траплялася вужоў, выдатных плыўцоў,  якіх Віктар Навагран не баяўся і не грэбаваў  браць у рукі. Але ў цэлым звяры стараліся абходзіць нас бокам.
    На Бярэзіне  прыходзіцца мінаць два драўляныя масты. Вядома, для байдарачнікаў  яны не перашкода, а нам трэба думаць пра гэта загадзя. Справа ў тым, што адзін мост стаіць нізка над вадою, а ў другім палі больш шчыльныя. І калі зрабіць плыт больш шырокім ці больш высокім – не прайсці. Але і менш нельга  рабіць, бо нязручна нам самім. Таму ўсё вымяраецца пры будоўлі  плаўсродка. Праўда, калі вада вялікая  і плыт ідзе высока, ўсё роўна прыходзіцца апускаць   цэнтральныя апоры.
    У 2003 годзе  на адной са стаянак Аляксандр знайшоў нешта такое, чаго мы не адразу зразумелі: над невялікай ямай на кавалках арматуры месціліся камяні. Было відаць, што там раскладалі вогнішча, а побач з ямай  тырчалі ўбітыя ў зямлю калы. І толькі наш капітан здагадаўся:
    - Гэта паходная лазня.
    Невядомыя падарожнікі раскладалі ў яме вогнішча, потым выграбалі жар, нацягвалі на калы брызент,  палівалі камяні вадою – вось табе і лазня. У той жа вечар Аляксандр напаліў нам лазенку. Усе атрымалі неверагоднае задавальненне: дзе такое можа быць, каб напарыўшыся свежым венікам,  скокнуць з берага ў рэчку. У наступным годзе наш капітан удасканаліў убачанае. Ён зварыў жалезны кошык, раскладны каркас для парылкі, падрыхтаваў пакрывала. Пасля мы бралі з сабою ўсё гэта начынне і каменне,  рабілі лазню ў любым месцы, балазе дроў па берагах хапае. Дайшло да таго, што  цяпер мы дружнай лазневай камандай  выязджаем   на бераг,  пачынаючы з красавіка, а  закрываем   сезон глыбокай восенню.
    Мне на Бярэзіне падабалася ўсё, але найбольш ціхія летнія вечары і такія ж ціхія раніцы. Вечарам, калі ў  лагеры рыхтуецца вячэра, прыемна сесці на беразе і, звесіўшы ногі, глядзець, як сядае сонца. Па вадзе сцелецца дым, перамешваючыся з туманам. Вада супакойваецца, плынь на вачах становіцца млявай і лагоднай, з ёю сцішваецца ўсё наваколле. Мякка, амаль нячутна, плынь б’ецца аб борт, закручваецца і хаваецца пад плытом. Ціха плёхае  каля берага дробная рыба, таўчэ мак машкара.  На другім, нізкім, беразе доўгімі палосамі садзіцца на траву туман.  Сонца вялізным барвовым шарам хаваецца за лесам і з’яўляецца пачуццё  іррэальнасці гэтага свету, здаецца, што ты недзе на іншай планеце, такой жа  чароўнай і прыгожай. Знікае пачуццё часу, хочацца сядзець і сядзець на гэтым беразе бясконца. Раніцай я любіў прачынацца  пакуль усе не падымуцца і не павылазяць з палатак. Тады кругом – ні гуку, толькі дзе-нідзе з елак і сосен   мякка звальваюцца цягучыя буйныя кроплі вільгаці. Самую большую асалоду  атрымліваеш ад цішыні, калі здаецца, што ты адзін на ўсім свеце, няма болей нічога, акрамя рэчкі, берага, сонца і лесу.  І толькі аглянуўшыся, заўважаеш палаткі, рэчы, плыт.  Парэшткі туману яшчэ сцелюцца па траве,  па рэчцы, вада  шапоча і бруіцца каля сухой елкі, якую некалі даўно паклала паводка. А потым купанне:  вада асвяжае і бадзёрыць, яна чыстая і ласкавая. Распальваецца вогнішча, паціху патрэскваюць дровы і так прыемна пацягнуць з кубка пахучай гарачай гарбаты, зноў жа звесіўшы ногі  з берага. Пачуццё асалоды застаецца надоўга.
    Але так ці інакш з Бярэзінаю прыходзіцца развітвацца, каб трапіць у абдымкі  больш павольнага бацькі Нёмана.
НЁМАН
    Нёман, успеты ў творах нашых класікаў і не толькі, выглядае ўжо інакш. Пра яго энцыклапедыі паведамляюць, што гэтая рака працякае ў Беларусі, Літве і Калінінградскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Пачатак яна бярэ к поўдню ад Мінскай узвышанасці, упадае ў Куршскі заліў Балтыйскага мора, ствараючы дэльту з выспамі. Даўжыня Нёмана 937 кіламетраў, мае ён каля 180 прытокаў, шырыня ў верхнім цячэнні складае 30 – 40 метраў, у сярэднім, каля Мастоў Гродзенскай вобласці – 120 – 150, у ніжнім 200 – 400 метраў, а месцамі нават і 640.
    Увабраўшы ў сябе новую сілу ад Бярэзіны, Нёман набывае прастор, берагі пашыраюццца і вёслы патрабуюцца радзей. Затое такі прастор стварае своеасаблівы калідор і, калі пачынае дзьмуць сустрэчны вецер, камандзе прыходзіцца несалодка – плыт не хоча ісці нават па цячэнню, нас зносіць да берага. У такіх выпадках прыходзіцца выбіраць: альбо цягнуць плыт па беразе на вяроўцы, альбо спыняцца і чакаць. Хоць ёсць і трэці варыянт. У 2001 годзе, калі ўсхадзіўся вецер, вандроўнікі днём адпачывалі, а плылі ўначы, бо ноччу вецер  амаль  заўсёды  сціхае. Берагі ракі ўжо далей ад плыта, на іх не ўсё і заўважыш. Плынь становіцца больш павольнай, спакойнай, а людзей большае.  На гэтых берагах сустракаецца шмат адпачываючых, рыбакоў, хоць вёсак на пальцах адной рукі можна перадічыць. Ад месца зліцця дзвюх рэк да маста, што перакінуўся праз Нёман каля Іўя, мы плывём тры дні – калі не спяшаемся. А вёсак на гэтым шляху ўсяго дзве – Мікалаева Іўеўскага раёна і Ляхавічы Навагрудскага. Шматлікія адпачываючыя і рыбакі аблюбавалі нёманскія берагі  таму, што яны даступныя – тут нямала дарог і рыба ёсць, у адрозненне ад Бярэзіны. Памятаю, як у 2008 годзе мы спыніліся на начлег недалёка ад  Мікалаева. Раніцай, калі адплылі, былі моцна ўражаны колькасцю рыбакоў: на працягу  кіламетра  людзі з вудамі стаялі ў чатырох-пяці кроках  кроках адзін ад аднаго.
    Тут нямала трапляецца такіх жа, як  мы вандроўнікаў. Многія ідуць і  па Бярэзіне, але большасць сплаўляецца па Нёману. Амаль усе праходзяць гэты шлях на байдарках. І толькі зрэдку трапляюцца нашы аднадумцы – на плытах. Тады мы дружна вітаемся і ўважліва прыглядаемся, параўноўваючы – у каго ж лепш. Часцей за ўсё нам з зайдрасцю кажуць:
    - А ў вас добра: трывала і надзейна.
    Яно так: на нашым плыце і машыну можна перавезці. З сабою ў нас акамулятар, таму маем добрае радыё  і святло па вечарах. Плывучы, абедаем за сталом, а хто хоча – можа паспаць на расцеленым спальніку. Толькі аднойчы нас абагнаў “круты” плыт – камерцыйны. Нехта зрабіў яго з самалётных паліўных бакаў, паставіў два магутныя рухавікі і стаў вазіць людзей па Нёмане. Праплываючы міма, гаспадар паглядзеў на нас з пагардай: драбяза, маўляў. Але  потым, ужо пазней, мы былі сведкамі таго, як гэты плыт узбіўся на мель і тыя “крутыя” валтузіліся, спрабуючы выбрацца. Нёман навучыў іх думаць, бо на хуткасці не ўсё ўбачыш. 
    Калі ж забыць аб тым, што на Нёмане трапляецца больш людзей, то ён прыцягвае менавіта сваёй велічнай няспешнасцю плыні. Адпачывае ўсё – і душа, і сэрца, і цела – калі плыт паволі ідзе ўслед за ракою. Самы час пасядзець, памарыць, палюбавацца тымі мясцінамі, дзе чалавек яшчэ не паспеў парушыць створанае прыродай. Тут трапляюцца абрывістыя высакаватыя берагі, дзе снуюць з неба да вады стрыжы. У крутым гліняным беразе мноства іхніх гнёздаў і заўсёды здзіўляешся: як яны, не спыняючыся,  знаходзяць менавіта сваё сярод соцень іншых? Загадка прыроды. Цікавы малюнак давялося назіраць падчас  вандроўкі ў 2007  годзе. Каля    стаянкі круціліся птушкі і нехта накрышыў  на траву  белага хлеба. Нашу увагу прыцягнула маленькая вяртлявая птушка падобная на вераб’я з даўгаватай і жаўтлявай шыяй. Здаецца, гэта была аўсянка. Убачыўшы батон, яна тут жа знікла, а праз нейкую хвіліну за ёю прыскакала другая птушка, крыху большая за яе. Прыгледзеўшыся, мы зразумелі, што гэта кукушаня, якое  аўсянка  даглядае. Нас здзівіла нахабства кукушаняці. Яно сядзела каля батона, але не клявала яго. Птушачка ж клявала батон і клала ў рот тоўстаму бэйбусу, а таму заставалася толькі глытаць. З хвіліну ці болей мы дзівіліся такой з’яве.
    Тут, каля Мікалаева – родных мясцін маёй мамы – Нёман робіць крутую луку. Правы бераг ад гэтага атрымаўся высокім, а левы залівае паводкаю. Летам там ўсё зелянее, буяе. Пасля таго, як вада сыходзіць, бераг патанае з аксамітнай траве,  Таму раней, у 2001 і 2002 гадах,  там пасвілі калгасных цялушак. І  калі мы  вельмі павольна праплывалі там, цялушкі ўсе, адна за адной, як па загаду, рушылі па беразе ўслед за плытом. Яны ішлі і ішлі за намі па беразе, утаропіўшыся ў плыт.
    - Вось табе і на, убачылі мужыкоў і не адстаюць, - пажартаваў нехта.
    - Не, нам столькі жанчын не патрэбна,  плыт не вытрымае ўсіх, - адазваўся Аляксандр.
    А ў гэты час  заходзіўся ад брэху Лорд, мы ж усе клаліся ад смеху. Відовішча і сапраўды было камічнае: больш, як дзвесце галоў цялушак, што дружна брыдуць за плытом і глядзяць на нас, шалёна брэшучы Лорд і ўчырванелыя ад смеху мужыкі. А перад гэтым  начавалі на высокім беразе. Каля шасці гадзін раніцы нас прабудзіў нейкі шум і брэх Лорда. Калі павыскаквалі з палатак, то ўбачылі, што ў  лагер забрыў статак кароў, а тыя гаспадарнічалі па-свойму: адны збіралі бульбяныя ачысткі, другія звярнулі стол у пошуках хлеба, а адна дык і ўвогуле спіхнула крышку з вядра  і даядала нашу юшку. Мы вытурылі нязваных гасцей, якія паспелі пакінуць пасля сябе кучы лепяхоў. І, канешне, ужо было не да сну.
    Паблізу Ляхавіч Навагрудскага раёна мы заўсёды спыняемся. Там, недалёка ад берага, ёсць даволі вялікі ўчастак з дзікімі клубніцамі. Так, менавіта з імі, бо некалі на гэтым месцы стаяў хутар, аб якім напамінаюць здзічэлыя яблыні і ігрушы.  І калі мы плывём на пачатку ліпеня, то яшчэ паспяваем сабраць вядры са два смачных ягад. Бо не мы адны ведаем пра такую ўдалую плантацыю – спознішся і  ягад не будзе.
    Яшчэ ўспамінаецца, як   ласаваліся картаплянымі блінамі, бо бульбы ў нас хапала. Калі хацелася нечага смачнага, дружна тарылі бульбу і пяклі бліны, ад якіх за вушы не адцягнеш. А неяк Віктар Навагран прапанаваў паесці грыбоў-парасончыкаў.
    - Спачатку ты паеш, а мы паглядзім: калі застанешся жыць, то і мы будзем, - пажартаваў Аляксандр.
Віктара такая перспектыва не спалохала. Ён назбіраў гэтых грыбоў, якія вельмі падобныя здаля на бледную паганку, падсмажыў іх на патэльні. Потым паспрабавалі і мы. Як выявілася, яны даволі нядрэнныя, а  нагадваюць па смаку смажаную рыбу. Пасля мы яшчэ некалькі разоў збіралі і гатавалі іх, хоць хапала і звычайных грыбоў: лісічак, белых, маслякоў.
СУСТРЭЧЫ І ЗДАРЭННІ
    Што ні кажы, а любыя падарожжы багатыя на сустрэчы з нечым цікавым: ці то з людзьмі, ці то са зверам і прыродай,  на долю любога вандроўніка выпадаюць самыя розныя здарэнні – вясёлыя, а часам  і не вельмі.  На нашым шляху таксама было такое, аб чым можна распавесці чытачу.
    Цікавы і вясёлы выпадак адбыўся падчас  падарожжа ў 2004 годзе. Звычайна, перад выхадам у Нёман, мы спыняемся на ўтульнай і прыгожай стаянцы на Бярэзіне. Адтуль да  месца зліцця дзвюх рэк пяць хвілін пехатою. Цёплым ліпеньскім вечарам у наш лагер завітаў мужчына год трыццаці пяці, ў кароткіх гумовых ботах, з роварам і сякераю на ім. Было відаць, што ён нападпітку.
    - Здарова, хлопцы! - гукнуў ён. - Вы не ведаеце, дзе тут мой абход?
    - Які абход?
    - Ды я ляснік, з Мільвы. Недзе тут павінен быць мой абход. Шукаю яго.
    Мы засмяяліся: што ж за ляснік, які шукае свой абход?
    - Уга, Мільва засталася далёка ззаду, - патлумачыў Аляксандр. - Мы болей, як паўдня, плылі. Як жа ты тут апынуўся?
    - У гасцях быў, у Хадасах( гэта Навагрудскі  раён – аўт.), - ахвотна адазваўся мужык. - А цяпер вяртаюся дахаты. Мільву ж ведаеце – там яшчэ Лелюкі недалёка.
    - Лелюкі? - зацікавіўся я. - Дык у мяне ж там сястра стрыечная жыве – Буяк Валянціна. Яна з мужам  Генадзем у школе працуе.
    - Валя? Генадзь? - ажывіўся мужык і стаў мяне абдымаць. - Генадзь – мой лепшы сябар.  Зямеля, якая сустрэча. Усё, п’ём.
    Потым ён спыніўся і дадаў:
    - Толькі ў мяне няма гарэлкі.
    І  зноў стаў абдымаць мяне. Усе нашы смяяліся з такога братання. Мы яго пачаставалі, крыху  выпілі.  Падпіўшы болей,  ляснік, якога звалі Сяргеем, стаў спяваць песні. А перад гэтым мы разгаварыліся,  і ён  паведаміў, што піша вершы. Я сказаў, што таксама пішу і прапанаваў аб’яднаць нашы намаганні ды выдаць кнігу з вершамі. Сяргей з радасцю пагадзіўся,  спытаў нумар майго тэлефону і, каб не забыць яго, падчас спеваў перыядычна паўтараў. Увесь наш лагер клаўся ад рогату, бо выглядалі яго спевы і сапраўды смешна:
    = Ой, мароз-мароз, не марозь меня – тры трыццаць чатыры восемдзесят, і майго каня  - тры трыццаць чатыры восемдзесят.
    І гэтак далей. Забягаючы наперад, скажу, што  Сяргей так і не патэлефанаваў мне, мабыць, нумар тэлефона ўсё ж забыў. Праўда, потым ён нас прыемна здзівіў. Калі Сяргею прапанавалі сказаць тост,  на  імгненне задумаўся і выдаў:
    - Давайце вось за гэту прыгажосць, за нашу зямлю, бо нідзе прыгажэй за яе няма. І мы нікому яе не аддадзім. Нікому, бо мы ўсе адзін народ.
    Так, ніколі не забыць той  цудоўны цёплы вечар, маляўнічы бераг,  сінявокую чыстую  рэчку, заходзячае  сонца. Як не пагадзіцца, што  наша зямля сапраўдны цуд.  Сяргей доўга яшчэ спяваў, потым  доўга развітваўся і, негледзячы на нашы ўгаворы, галёкаючы песні, пайшоў шукаць свой абход, хоць сонца амаль схавалася.
    На гэтую ж стаянку да нас некалькі год запар прыходзіў сівы барадаты мужчына са сваёю жонкаю, знаёмы Аляксандра. Сам ён, пенсіянер, з Бярозаўкі Лідскага раёну, але ўлетку жыў ў бліжэйшай адсюль і, самай крайняй вёсцы  Навагрудскага раёна,  Набярэжная. На беразе, пад соснамі, быў збудаваны столік. Барадач са сваёю жонкаю вельмі прыгожа спяваў. І калі яны садзіліся за столік, далёка па беразе разносіліся іх спевы, а мы з задавальненнем слухалі.
    У 2003 годзе нам прыйшлося ратаваць старэнькую бабулю. Тады спыніліся на апошнюю стаянку каля Ляхавіч, толькі на процілеглым правым, Іўеўскім, беразе. Дзеці і двое дарослых пайшлі ў лес па чарніцы, хтосьці лавіў рыбу, а мяне пакінулі ахоўваць лагер і гатаваць абед. Бліжэй да поўдня  заўважыў, што да стаянкі стомлена брыдзе нейкая бабуля.
    - Добры дзень, - павіталася яна. - А дзе ж гэта, дзеткі, я знаходжуся?
    Я патлумачыў. Бабуля жахнулася і стала плакаць. Распытаўшы яе,  даведаўся, што яна з Мішуковіч Іўеўскага раёна, да якіх адсюль кіламетраў з дзесяць, калі не болей. Бабуля паехала з дзедам на кані па грыбы і заблукала. Хадзіла яна аж з шасці раніцы, ужо выбілася з сіл і не ведае, што рабіць далей. Мы з Аляксандрам доўга раіліся, але так нічога лепшага і не прыдумалі, як пераправіць бабулю на лодцы ў Ляхавічы, а там бы яна патэлефанавала, каб за ёю хтосьці прыехаў з вёскі  на аўтамабілі. У гэты момант я заўважыў, што з лесу на роварах выехала купка хлапчукоў і пайшоў да іх. Дзетвара прыехала  з вёскі Старчаняты Іўеўскага раёна,  да якіх кіламетры два-тры лесам,  купацца ў Нёман. Пагаварыўшы з хлапчукамі, мы пасадзілі бабулю на ровар і  дзеці павезлі яе ў вёску. А адтуль яна магла патэлефанаваць, тады  нават яе дзед змог бы забраць бабулю канём.
    У 2004 годзе на Бярэзіне мы спыніліся на ноч каля цяністай зялёнай дубравы. Пакуль усе ставілі палаткі, раскладалі вогнішча, Аляксандр  у зялёнай, нібыта вайсковай вопратцы, разам з верным Лордам   пайшоў  разведаць наваколле. У адным месцы заўважыў лёгкі дымок. Калі ж падыйшоў бліжэй, то ўбачыў, што там месціцца самагонны апарат, а ў глыбіню леса ўцякаюць двое мужчын. Аляксандр гукнуў іх:
    - Не бойцеся, я не міліцыя і не ахова прыроды.
    Мужчыны вярнуліся і на радасцях пачаставалі Аляксандра самагонкаю. Потым наш капітан вадзіў на экскурсію Віктара Драчылоўскага і той вярнуўся добра захмялелы. А назаўтра мы ўсе зайшлі  паглядзець  на прылады старадаўняга рамяства, бо тыя мужыкі зрабілі сваю справу і пакінулі ўсё, як ёсць.
    Людзей, калі яны бачаць журавоў і чуюць іхнія галасы, заўсёды цягне да гэтых незвычайных птушак. А мяне аднойчы, падчас нашага плавання, растрывожыў жураўліны крык. Звычайна я сплю вельмі чуйна і не магу заснуць, калі побач штосьці шуміць, раздражняе мяне. І той ноччу – было гэта на Бярэзіне – прачнуўся ад таго, што недзе ў лесе крычаў адзінокі журавель. Ён курлыкаў так адчайна, як крычыць дзіця, што згубіла маці. Часам  сціхаў, а потым пачынаў зноў. Што гэта было: ці сапраўды здарылася бяда ці проста малады  журавель   згубіўся – засталося невядомым. Але я заснуць не мог і ляжаў, услухоўваючыся ў жаласлівы жураўліны крык. А галаву адразу палезлі нейкія радкі, з якіх можна было скласці верш. Ад гэтых думак  ў душу закраўся сум, мне стала чамусьці  журботна і адзінока, як той невядомай  птушцы. Толькі пад самую раніцу, калі сонца стала паднімацца, ён сціх, а я змог крыху прыдрамаць. Так і не выспаўшыся,  хацеў сесці і напісаць верш, але тое, што атрымалася,  збракаваў і ўвогуле закінуў. Цяпер, часам, паднімаючы старыя запісы і гледзячы на тыя радкі,  ўспамінаю  адзінокага  самотнага жураўля.
    Кожнае плаванне ў нас адзначалася невялікім і неаднаразовым фейерверкам. Драчылоўскі Віктар, які служыў   у расейскім войску на даволі высокай інжынернай пасадзе ў Генеральным штабе, мог лёгка “дастаць” розных вайсковых ракетніц. Штогод ён браў водпуск у ліпені, а мы падстрайваліся пад яго. Віктар прывозіў з сабою ёмістае запакаванне піратэхнікі. І амаль кожны вечар мы назіралі святочны салют, што было не даспадобы Лорду, але аб гэтым ніжэй. З-за гэтых салютаў у нас выйшла два сур’ёзныя здарэнні.
    Першае, крыху кур’ёзнае, адбылося на той самай утульнай стаянцы недалёка ад месца ўпадзення Бярэзіны ў Нёман. У той вечар, пасля вячэры,  мы сядзелі каля вогнішча і размаўлялі на розныя тэмы, бавячы час. У цемры ціха бруілася рэчка, часам гучна брохала буйная рыба, а ў небе гулліва паблісквалі зоркі.
    - Мне здаецца, што надыйшоў час для фейерверка, - сказаў Аляксандр і ўзняў над сабою ракетніцу.
    Пад воклічы захаплення неба ўспыхнула зялёным агнём, пырснула лёгкім дожджыкам іскраў, след пайшоў да зямлі  і ўсё згасла. Мы зноў паселі каля агня. Не прайшло і пяці хвілін, як хтосьці   заўважыў на процілеглым беразе касцёрчык, які паціху стаў павялічвацца.
    - Глянь, нехта расклаў вогнішча на тым беразе. Цікава,  там жа нікога не
было, - здзівіўся ён.
    - Якое вогнішча! Гэта ж пажар ад нашай ракеты! - пасля лёгкага  замяшання здагадаўся сам Аляксандр.
    - Бяжым хутчэй, тушыць трэба! - падтрымаў Віктар.
    Усе кінуліся да вады. У тым месцы шырыня ракі не такая і вялікая, каля дваццаці пяці-трыццаці метраў, але плынь яе даволі імклівая. І ўсё ж пераплысці яе не так складана, калі рукі вольныя. Я ж схапіў вядро – бо як ты інакш патушыш полымя. Аляксандр з Віктарам схапілі па кацялку, а хто і так – усе кінуліся на той бераг. Я спрабаваў грэбці адною рукою, але плынь зносіла  мяне. Тады я адзеў вядро на галаву, яно напоўнілася вадою і пацягнула мяне ўніз. А яшчэ ж спяшаўся. Адным словам, пакуль  даплыў да берага, ледзьве не ўтапіўся і паспеў  хлебануць вады, хоць і плаваю нядрэнна. Полымя, тым часам, паспела добра ўгарэцца. Усе стараліся, як маглі, бо добра разумелі, якую  небяспеку стварылі сваёю забаваю. Агульнымі намаганнямі мы ўтаймавалі яго і выправілі сваю памылку. Потым, каля кастра, дружна смяяліся над тым, як  “нехта расклаў цяпельца  на другім беразе”, і як мы пераплывалі рэчку.
    У другі раз   той фейерверк ледзь не каштаваў жыцця аднаму з нашых таварышаў – Табола Сяргею. Ён  спусціўся з берага ўніз, стаў на плыт, каб запусціць ракету над ракою. Дарэчы, той момант зняты на відэакамеру і, пераглядаючы яго,  мы толькі  пасля добра ўсвядомілі, чым  магло ўсё скончыцца. Сяргей узняў руку  і выстраліў. Па невядомай прычыне ракета, спачатку ўзмыўшы ўверх, слізганула назад, на Сяргея і прайшоўшы літаральна ў сантыметрах ад яго цела, упала ў ваду. Там, пад вадою, яна яшчэ нейкі час гарэла і поўнасцю згасла толькі недзе праз паўхвіліны. Усе былі ў лёгкім шоку. Калі б ракета трапіла ў чалавека, мы нічым не змаглі б яму дапамагчы, бо знаходзіліся ў лесе і ніяк не  вызвалі б хуткую дапамогу. Праўда, тое здарэнне так і не прымусіла нас адмовіцца ад сваёй забавы.
СМЕХ ДЫЙ ГОДЗЕ
    І, канешне, за той час, што мы пападарожнічалі было нямала  смешных выпадкаў. Пра некаторыя, што запомніліся ці былі занатаваны мною, як штатным летапісцам, хочацца расказаць.
    У Аляксандра  ёсць племяннік-мінчук, таксама Сашка. У тыя гады, калі  ён быў яшчэ падлеткам, Аляксандр пастаянна браў яго з сабою ў нашы падарожжы, бо хлопчык  усё лета праводзіў у Навагрудку,  у  бабулі. А бабуля – Аляксандрава маці, былая настаўніца – жыве разам з сынам. Вельмі жвавая і рухавая, хоць і  даўно размяняла  дзевяты дзесятак, яна старалася апекаваць унука-сіротку – яе дачка, маці Сашкі, памерла колькі год таму назад. А пасля школы Саша збіраўся некуды паступаць і рыхтаваўся да   экзаменаў. Пакуль мы складалі рэчы, бабуля бегала і крычала на  ўнука:
    - Куды ты сабраўся? Сядзі дома, рыхтуйся да экзаменаў.
    - Падрыхтуюся і там, час будзе, - не здаваўся Сашка.
    - Дурань, вось паедзеш з імі, ўтопішся і не здасі экзамены, - падвяла выснову бабуля.
    Мы палеглі ад рогату. Потым, увесь тыдзень, кпілі з Сашкі: глядзі, не лезь у ваду – утопішся і не здасі экзамены.
    З нашымі падлеткамі быў яшчэ адзін смешны выпадак. Сашка з Арцёмам, навучэнцам ПТВ,  плылі  за намі  на гумовай лодцы. Потым яны захацелі перабрацца на плыт і Сашка налёг на вёслы. Арцём учапіўся пальцамі  за плыт, толькі  Сашка не справіўся з вёсламі, лодка стала адплываць. Арцём расцягнуўся, стараючыся ўтрымацца, але яна  адплыла. Арцём у адзенні і красоўках плашмя плюхнуўся ў ваду. Усе так выбухнулі рогатам, што Лорд падскочыў і  ўсхвалявана забегаў па плыту. Арцём, выкручваючы адзенне,  смяяўся разам з усімі.
    Так, як мы здымалі  вандроўкі, усе самыя цікавыя моманты нашых падарожжаў на відэакамеру, то патрабавалася раз у два-тры дні шукаць вёску, рабіць прыпынак і падзараджаць батарэю, а таксама і свае мабільныя тэлефоны, калі яны з’явіліся. Адбылося гэтае здарэнне  ў 2007 годзе. Аднойчы нехта прыдумаў, што батарэю з відэакамеры  можна падзарадзіць ад нашага акамулятара. Хлопцы паспрабавалі зрабіць так і спалілі яе. Прыйшлося тэлефанаваць каб нас выручалі. Аляксандр знайшоў сувязь з Мінскам, сын Сяргея Таболы быў там і забраў батарэю. А мы якраз падплывалі да месца зліцця дзвюх рэк, дзе рабілі стаянку. Адтуль да вёскі Дзяляцічы Навагрудскага раёна недзе  хвілін з сорак пехатою. Пасля абеду мы ўдваіх з Сяргеем пайшлі ў вёску, каб забраць батарэю і падзарадзіць свае тэлефоны. У той час я ездзіў па вёсках і  займаўся гандлем, таму мясцовыя бабулі мяне добра ведалі. У адной з іх я папрасіў пакінуць     свой      тэлефон. Уваткнуўшы зараднае ў разетку,  выйшаў на вуліцу, дзе мы чакалі машыну з Навагрудка. Не прайшло і дзесяці хвілін, як з вакна высунулася бабуля і стала гукаць:
    - Міша, Міша, ідзі хутчэй сюды! Там нехта крычыць, я баюся!
    Я пабег у хату. Справаў тым, што на маім тэлефоне  ў якасці мелодыі вызава стаялі смешныя і гучныя воклічы кшалту: “тын-дын, ты што не  чуеш?  Вазьмі тэлефон!” І на той час мне хтосьці патэлефанаваў. Калі я ўбег у хату, то спалоханая бабуля стаяла ў сенцах і паўтарала:
    - Нехта крычыць, так крычыць! Я ж не ведаю што рабіць.  А божухна!
    Разабраўшыся, я  пастараўся ўсё  патлумачыць жанчыне і яна, як бы крыху супакоілася. Але калі  папрасіў пакінуць на ноч батарэю да відэакамеры, бабуля адмовілася:
    - Не, я баюся. Яшчэ раптам зноў нехта будзе крычаць. Ты лепш так да каго занясі.
    Прыйшлося несці батарэю ў іншую хату.
    Аднаго году каля Ляхавіч  мы заўважылі пасярод Нёмана тоўсты высокі кол, які адметна выдзяляўся на вадзе.
    - Цікава, навошта яго тут забілі? - азваўся нехта.
    - Ды гэта ж фарватар абазначылі, - адказаў Навагран Віктар, як бывалы падарожнік.
    - Які  можа быць фарватар – тут жа толькі на лодках плаваюць.
    - А я кажу фарватар, - упарта настойваў Навагран.
    Ён якраз спрабаваў вылавіць шчупака і закідваў ў рэчку спінінг. Калі ж блешня трапіла ў бок таго кала, то за нешта зачапілася. Віктар даў камусьці з нашых спінінг, а сам боўтнуўся ў ваду – не адрываць жа дарагую прыладу. Там, каля кала,  ён ублытаўся ў браканьерскую сетку – менавіта за кол яе і прывязалі. Віктар доўга плюхаўся, нахлябаўся вады і потым пляваўся, а мы смяяліся з яго: што ж ты фарватар прапусціў.
    З блешняю  ў Віктара быў яшчэ адзін смешны выпадак. Бліжэй да месца ўпадзення Бярэзіны ў Нёман  рыбакі сустракаюцца часцей. І вядома ж, многія спінінгуюць. Але не думаюць, што побач шмат пахіленых і патанулых дзеравін за якія так лёгка чапляюцца блешні. Мы ж, калі праплываем на плыту і бачым адарваныя рыбацкія прылады, то з вады лёгка здымаем іх. Аднойчы Віктар заўважыў на пахіленай  алешыне  такую блешню. Ён кінуўся да дрэва і павіс на ім, спрабуючы дацягнуцца да бліскучага прадмета. Я заўважыў, што голле патрэсквае:
    - Ох і гопнецца зараз Віця: і сам вымакне, і блешню не здыме.
    Плыт  адплыў, а ўсе моўчкі назіралі. Віця падцягнуўся і здавалася вось-вось ён  здабудзе жаданую цацку. Але ўверсе хрупнула і Віця з кучай галля, з шумам, абрынуўся ў ваду. Ён вынырнуў з ашалелымі вачыма, боўтаўся, спрабуючы выплыць, а каманда трымалася за жываты. Усё выйшла, як я і казаў.
    Са спінінгам было яшчэ адно смешнае здарэнне. Увогуле, з плыта зручна кідаць спінінг, бо перад табою ўвесь рачны прастор, а калі і ўчэпіцца блешня, то плыт можна спыніць каля берага і паспрабаваць вызваліць яе. У нас маецца і гумовая лодка, на ёй таксама можна хуценька падплысці і выратаваць дарагую прыладу. Неяк на Бярэзіне  наш таварыш Табола Сяргей доўга выпрабоўваў сваё рыбацкае шчасце, але яму не пашанцавала. Сяргей прысеў за стол і стомлена сачыў за вадою. У гэты час недалёка ад плыта, каля берага, вынырнуў і плюхнуўся ў ваду здаравенны шчупак.
    - Сяргей, кідай хутчэй спінінг! - гукнуў нехта.
    Сяргей падскочыў, схапіў спінінг і знянацку цалкам  кінуў  яго  ў ваду. Праз імгненне, ачомаўшыся, кінуўся  ў адзенні і сам за ім, бо каштаваў спінінг нямала. Мы рагаталі да слёз, калі мокры і ўчырванелы Сяргей, выправіўшы памылку, плыў да плыта.
НАДВОР’Е
    Як пяецца ў вядомай песні: “У природы нет плохой погоды…”, але ж дрэннае надвор’е людзі ўсё адно праклінаюць. У нас, на Беларусі, пад надвор’е трэба падладжвацца, яно  не пестуе людзей, а лета не заўсёды бывае цёплым – гэта не далёкія афрыканскія курорты кшалту Егіпта, дзе ледзьве не  круглы год сонца.  Яно ўсё добра, калі ў меру і цяпла,  і холаду.  Мы  ж  загадзя планавалі свае вандроўкі і,  якое б не было надвор’е, адпраўляліся ў падарожжа. Інакш нельга – у каго водпуск, яго не перасунеш, нехта адпрасіўся з працы і гэтак далей. І, канешне, вельмі хацелі, каб  нябесная канцэлярыя нам спрыяла. Але ж, па невядомай прычыне, у апошнія гады нашых вандровак  ліпень, асабліва яго пачатак, выдаваўся не вельмі пагодлівым, нам не шанцавала на сонечныя дні. Цёплае, нават спякотнае, надвор’е стаяла толькі ў 2001 і 2002 гадах, ды напрыканцы нашага падарожжа ў 2006. А яшчэ раней, да майго удзелу ў плаваннях, таварышы расказвалі, што пагодлівых дзён было больш. Яны  моцна пакутавалі ад спёкі, калі плавалі на лодках, бо спальвалі на сонцы твары і рукі – увесь дзень сядзіш з вяслом. На плыту ж нашмат  зручней, можна схавацца пад тэнтам. У першыя гады, калі стаяла спякотнае надвор’е, я ўвогуле большую частку дня праводзіў у вадзе, то папіхаючы плыт, то плывучы перад ім.
    Некалькі разоў быў моцны сустрэчны вецер, які прыбіваў плыт да берага. У такіх выпадках мы крыху цягнулі яго па беразе за вяроўку, іншы раз – калі хапала часу –  чакалі спрыяльнага моманту.  Было і такое, што  траплялі пад град, часам буйны.  У ліпені 2001 года на Бярэзіне нас заспеў град велічынёю з галубінае яйка, вада вакол плыта аж кіпела.  Усё гэта знята на відэа і можна добра ўбачыць, якога  памеру градзіны лупілі па тэнту. Але ўсё гэта дробязі ў параўнанні з тым, калі ўсталёўваецца халоднае і даджлівае  надвор’е.  Настрой у падарожнікаў псуецца, бо  ні  табе пагуляць па лесе, ні паплюхацца ў рэчцы, спаць халаднавата, ежу гатаваць нязручна. Адно ратавала – тое, што ў нашай камандзе  падбіраліся такія падарожнікі, якіх не пужала ні надвор’е, ні цяжкасці. Ніхто ніколі не скардзіўся і не ўцякаў назад, хіба што сварыліся на нябесную канцылярыю. Так было неаднаразова: у 2004 годзе, не нашмат лепш у 2006, а найгорш у 2007. У тыя гады мы плылі адзетыя ў курткі і абутыя ў боты ці красоўкі. Тэмпература паветра часам даходзіла ўсяга да дзесяці градусаў цяпла. І ў такія дні ніхто асабліва не лез купацца, акрамя мяне. Я з маладых год прывык да халоднай вады яшчэ за час службы ў Хабараўску. Таму кожную раніцу ў вандроўках пачынаў аднолькава: лёгкая зарадка і купанне, якая б ні была тэмпература. Халодная вада бадзёрыць, падымае настрой. А  пасля яшчэ сербанеш кубак гарачай і духмянай гарбаты, пахнучай дымам кастра, то любое надвор’е становіцца  ў радасць. Калі  лета выпадала даджлівае, то зручнасць для нас была толькі адна: высокая вада давала магчымасць плыту бесперашкодна праходзіць па рэчцы. Тады ўсе патанулыя дзеравіны і карчы заставаліся на дне. Але і рыба лавілася вельмі слаба, што не вельмі радавала.
    Сапраўдным выпрабаваннем стаў для нас ліпень 2007 года. Ад’язджалі   з Навагрудка пад цягучы пошум дажджу і надакучлівае бурчанне Аляксандравай маці:
    - І чаго вам дома не сядзіцца? Дождж ідзе, перадавалі, што ўвесь тыдзень гэтак будзе. Куды вас нясе?
    Але мы сабралі плыт і адплылі. Напачатку надвор’е, як бы выправілася: дождж скончыўся, а назаўтра, і ўвогуле, паблісквала сонца. А тое, што халаднавата, дык гэта не бяда: нашы падарожнікі іншы раз  маглі падняць градус і штучна, з дапамогай  “чароўнай вадкасці”.  На працягу таго  нашага плавання на Бярэзіне дажджы  ішлі амаль штодзень. Перад выхадам у Нёман стаянку  зрабілі менавіта ў тым месцы, дзе зліваюцца рэкі. Ад  палатак да месца стыку было не больш дваццаці-трыццаці крокаў. Вось там нас заспеў моцны дождж, які  ліў амаль цэлы дзень і усю ноч. Раніцай дождж скончыўся,  мы адплылі. Праз некаторы час, за некалькі кіламетраў да Мікалаева, разбілі лагер на правым беразе Нёмана. Пасля абеду зноў пайшоў дождж, стала халадаць. У гэты час мне патэлефанавалі сябры, аднакурснікі па вайсковаму вучылішчу і паведамілі, што на паслязаўтра плануецца сустрэча. Павінны былі прыехаць і тыя, каго я не бачыў ужо дваццаць год. Я, канешне, вельмі загарэўся. Каманда падтрымала маю просьбу, назаўтра  з раніцы Аляксандр пераправіў мяне на лодцы на Навагрудскі бераг. Лесам я пратэпаў кіламетраў з пяць-сем  і трапіў на вёску Вераскава, адкуль мяне забраў сябар. Аб тым, што адбывалася далей на плыту,  ведаю з відэазапісу і расказаў сяброў.
    Яны адплылі недзе пад абед, а дождж так і не скончыўся. Да таго ж усхадзіўся моцны вецер. Плыт увесь час зносіла ў балоцістую затоку, заганяла ў лазовыя кусты. Хлопцы  спрабавалі цягнуць плыт на вяроўцы, але дапамагала тое слаба. Пакуль яны змагаліся з дажджом і ветрам, хутка сцямнела. Потым было крыху смешнае здарэнне. Віктар Навагран хацеў патлумачыць, як можна цягнуць плыт, а Аляксандр яго не зразумеў і ў выніку Навагран  зваліўся ў ваду. Сухога адзення ў яго не было,  Віктара адзелі ў жаночае. На відэа гэты малюнак глядзіцца вельмі смешна.  Падарожнікам прыйшлося начаваць на плыту ў затоцы. Дроў не было, а тэмпература панізілася ў тую ліпеньскую ноч да сямі-пяці градусаў. Аляксандру прыйшлося  грэць паяльнай лямпай на газу нашы камяні для лазні, каб вандроўнікі  маглі пагрэцца, бо дождж з ветрам вымачыў усіх.  Да раніцы закончыўся і газ, а дождж не спыняўся. У выніку было прынята рашэнне дабрацца да Мікалаева, якое было побач,  ды скончыць плаванне. Недзе да гадзіны дня вандроўнікі разабралі плыт, а за імі прыехала машына.
ТАМ, ДЗЕ ЗЛІВАЮЦЦА РЭКІ
    Думаецца, далёка не ўсе  могуць пахваліцца тым, што хоць аднойчы пабывалі ў месцы зліцця дзвюх, даволі буйных, рэк. Бо ніхто не наладжвае такія экскурсіі, часам  і дабрацца туды нялёгка. Мне пашанцавала пабачыць такое незвычайнае месца неаднаразова. Здавалася, што там цікавага: ну, упадае адна рэчка ў другую, больш буйную? І што  такога асаблівага? Каб гэта зразумець, трэба пабываць там. Нейкае  пачуццё невядомай   урачыстасці ахоплівае душу, хвалююча б’ецца сэрца, а ты сам з заміраннем глядзіш на непаўторны малюнак велічы і вечнасці. Пад нагамі абрывісты бераг, рака  закручвае лёгкія віры, несучы свае воды ў далёкае Балтыйскае мора.  І добра прыкметна, як Нёман   становіцца ледзь не ў два разы шырэйшым, як запавольваецца плынь, як вырастае далягляд. Злева – Нёман, справа – Бярэзіна,  адна нага стаіць на нёманскім беразе, а другая бярэзінскім. Правы бераг Бярэзіны ў месцы зліцця   ніжэйшы, туды нанесла пяску, глею,  ён густа парос аерам і лазою,  далей падняўся кучаравы алешнік. Па сведчанню нашага капітана Аляксандра год дзесяць-пятнаццаць назад там цякла Бярэзіна. На яе левым беразе  і правым Нёмана – шматлікія дробныя заросшыя азярыны ад старога рэчышча ды купчастая лаза. І зусім побач ад месца зліцця рэк, якраз па цэнтру, красуецца малады, зялёны і моцны прыгажун-дуб. Менавіта пад ім мы ладзілі сваю стаянку ў 2007 годзе. Там  жа выратавалі ад пагібелі маленькага – памерам з далонь – соміка. Я, ідучы па беразе, убачыў у вадзе лёску. Пацягнуў яе на сябе і выцягнуў нечыю донку. На кручку трапятаўся ледзьве жывы сомік. Было відаць, што пра донку проста нехта забыўся. Рыбакоў там нідзе не было, а ні вечарам, ні раніцай да нас пасля ніхто не падыходзіў. Мы знялі будучага рачнога велікана на відэа і адпусцілі на волю. Сомік нейкае імгненне затрымаўся, нібы не верачы ў сваё вызваленне, слаба матлянуў хвастом і знік у цьмянай прахалодзе. Жыві, браце, набірайся моцы ды не трапляйся на кручок!
    Берагі ў гэтым месцы абтоптаныя, хоць машынай сюды не кожны даедзе. Трэба ведаць дарогу, каб трапіць у Набярэжную, крайнюю вёску Наваградскага раёну, потым з яе ж, лесам даехаць да зараснікаў лазняку і адтуль дабрацца да берага. Рыбакі сюды трапляюць у асноўным пехатою з Дзяляціч, ад маста. А імкнуцца сюды яны нездарма. Глыбіня ў месцы зліцця дзвюх рэк немалая, ўшыркі раскідваецца плынь і  добрай рыбе хапае прастору, каб жыраваць. Тут можа пашанцаваць на сома.
    Кожны раз, уплываючы ў Нёман, мы ўскліквалі:
    - Да пабачэння, матухна-Бярэзіна! Прывітанне, бацька-Нёман!
ЛОРД
    Жывая істота  заўсёды  надае своеасаблівы каларыт  любому падарожжу і скрадвае яго аднастайнасць. У нашых вандроўках гэту пачэсную ролю выконваў Аляксандраў сабака Лорд – калматы, з доўгай поўсцю, як у коллі,  але ў цэлым кемлівы і  добра разумеючы,  што да чаго. Акрамя таго, што ён мог угрызнуць  чалавека, які яму нечым не спадабаўся, Лорд панічна баяўся навальніцы, выбухаў, страляніны і ўсяго, што   ўзрывалася. З-за гэтага ў нас і здаралася нямала камічных выпадкаў.
    У першую ж вандроўку мне прыйшлося добра вывучыць усе асаблівасці характару Лорда. Лета тады было спякотнае,  мы ўсе шмат купаліся. Лорд, убачыўшы, што гаспадар плавае ў рэчцы падымаўся і пачынаў узбуджана бегаць па плыту. Заўсёды знаходзіўся “дабрадзей”, які спадцішка спіхваў сабаку ў ваду. Вады той не баяўся і выдатна плаваў. Але ж, у рэшце рэшт, трэба было ўзбірацца назад,  на плыт. З дапамогай аднаго з  членаў каманды сабака ўзлазіў і тады пачыналася самае цікавае. З Лордавай  поўсці сцякалі цэлыя ручаі,  яму абавязкова трэба было абтрэсціся. З усіх бакоў крычалі:
    - Лорд, не трасіся!
    Але Лорд не мог не трэсціся. І тады ва ўсе бакі ляцелі пырскі, а з плыта даносіўся піск і абуральныя воклічы.
    Калі ж мы ўвечары пачыналі запускаць нашы “салюты”, Лорда, як карова языком злізвала. Падціснуўшы хвост, ён кідаўся ў кусты і хаваўся недзе ў лесе. Пакуль мы не клаліся спаць, сабака не з’яўляўся. Іншы раз ён ратаваўся тым, што кідаўся ў нечыю палатку, а выгнаць яго адтуль можна было толькі з дапамогай гаспадара. Аднойчы ён кінуўся да маёй палаткі, але я апярэдзіў яго і гераічна упаў на ўваходзе, закрыўшы яе сваімі грудзямі. З мяне потым смяяліся. Тады ён кінуўся ў другую, але і  там  не пусцілі. Прыйшлося яму зноў бегчы ў лес. 
    З такой доўгай поўсцю, камары яго асабліва не турбавалі, хіба што толькі грызлі за пысу. Калі-нікалі Лорд  спрабаваў хавацца ад іх зноў жа ў нашы палаткі. У сабакі хапіла кемлівасці дапетрыць, што і ён можа расшпіліць маланку на ўваходзе. Лорд разганяўся і цаляў носам  у ніз палаткі. Замок разыходзіўся, а сабака зашываўся ў вугал і спакойна спаў. У сваё першае ж падарожжа ў 2001 годзе я пацярпеў ад гэтага. Прачнуўся ноччу ад таго, што мяне кусалі камары. Іх гула пад вухам цэлая плойма.  “ Што за халера, - падумаў я, - калі зашморгваў палатку, не было ніводнага камара”. Глянуў наперад і ўбачыў, што на ўваходзе свеціцца неба. Потым намацаў каля сябе нешта калматае. Я пацягнуў яго на сябе і тое калматае пагрозліва завурчала. Зразумеўшы, што  Лорда   не змагу выгнаць,   ўкрыўся  спальнікам з галавою і так  драмаў да раніцы, хоць было вельмі душна. Потым мы абачліва сталі звязваць ніз  маланкі палаткі  дротам.  З-за доўгай поўсці Лорд пакутаваў ад кляшчоў. К канцу нашага падарожжа ён станавіўся вялым, адмаўляўся ад ежы. Тады Аляксандр садзіўся за ачыстку сабакі, з гадзіну старанна шукаў і выцягваў крывасмокаў.
    У адной з чарговых вандровак  Андрэй, сын-падлетак Віктара Драчылоўскага, кідаў спінінг. Нейкім чынам блешня трапіла ў Лорда і мёртвай хваткай ўчапілася ў яго поўсць. Перапалоханы сабака стаў бегаць туды-сюды, разматваючы лёску,  хлопчык разгубіўся і моўчкі лыпаў вачыма. Ніхто не ведаў, як падступіцца да сабакі, бо той мог і ўкусіць.
    - Саша, звяжы пысу, - прапанаваў я.
    Аляксандр злавіў Лорда, скарыстаўся парадай і пасля мы сяк-так выразалі блешню з добрым кавалкам поўсці.
    Паказаў сваю кемлівасць і рассмяшыў нас сабака  яшчэ падчас аднаго выпадку. З намі ў той раз падарожнічаў хлапец Арцём, навучэнец ПТВ. Ён стаяў у вадзе з сачком у руках, а Лорд падыйшоў да берага  пахлябтаць вады. Арцём вырашыў зацягнуць сабаку ў рэчку. Ён накінуў Лорду сачок на галаву, перакруціў яго, заціснуў і стаў цягнуць сабаку ў рэчку. Той упіраўся, што было моцы, пасля нават сцягнуў сачок, але не не стаў вызваляцца,  з гырчаннем учапіўся зубамі ў капронавую сетку. Арцём упёрся нагамі і  напяўшыся, цягнуў у свой бок. Як толькі хлапчук напружыў усе свае сілы, сабака разявіў пашчу, а Арцём з галавою кульнуўся ў рэчку. 
    Вельмі любіў сабака гуляць з намі ў футбол. Праўда, гуляў ён адразу за абедзве каманды. Выглядала ўсё так. Як толькі мы пачыналі гульню, ён кідаўся да мяча і стараўся схапіць яго зубамі. Як ён умудраўся  зрабіць гэта, застаецца загадкай. Усе, канешне, білі па мячу, іншы раз траплялі Лорду па пысе, ён павіскваў ад болю, але  не здаваўся: весела бегаў паміж гульцоў   і, ў рэшце рэшт,  завалодваў трафеем. Тады сабака адбягаўся ў кусты, лажыўся, трымаў мяч лапамі і нікому не аддаваў. Калі ж хто спрабаваў адабраць, гырчаў, а на больш настойлівага  мог і накінуцца. Мы ўсе гэта ведалі, але не хваляваліся, бо любілі і самі падражніцца з  Лордам. Потым мяч выбівалі з-пад сабакі  палкаю або яго адбіраў сам гаспадар. Тады ўсё пачыналася спачатку: вясёлая гульня, смех і гучныя воклічы над рэчкаю. Калі ж Аляксандр прывязваў сабаку і не даваў гуляць з намі, той пакрыўджана вішчаў, потым гаўкаў, выказваючы сваё абурэнне, а пасля лажыўся  і з няшчасным выглядам сачыў за нашаю гульнёю. На сёняшні дзень Лорда, на жаль,  ужо няма: ён памёр некалькі год таму назад.
9. КІНО
    Падчас плавання, як быццам бы, клопату нямала: то трэба на вёслах сядзець, на стаянцы  гатаваць вячэру ці абед, па лесу прайсціся за грыбамі, ягадамі  ці з вудай  пасядзець. Але зрабіўшы некалькі вандровак, я ўбачыў, што на відэа мы знімаем нямала і агульнага, таго, што бачылі ўжо не раз. І глядзець ўсё тое, што мы наздымалі,  потым нецікава. Таму я прапанаваў сябрам, не зважаючы на штодзённыя клопаты,  паспрабаваць зрабіць на аснове нашага плавання нешта кшалту мастацкага фільма. У 2007 годзе мы зрабілі, як бы рэпетыцыю, а ў наступным заняліся ўвасабленнем маёй ідэі ў жыццё.
    Пра што можна зняць фільм, калі штодзень адзін і той жа малюнак: рэчка, плыт і лес, а колькасць людзей абмежаваная? Я напісаў лёгкі і смешны сцэнарый пра рачных піратаў, якія шукалі скарбы на берагах Нёмана і Бярэзіны на” многія мільёны песа”, змяшаўшы ў кучу  кнігу “Выспа скарбаў” і фільм “Піраты Карыбскага мора”. Сабе я адвёў ролю аднаногага Джона Сільвера: начапіў пірацкую фуражку са скрыжаванымі касцямі, свой вайсковы парадны кіцель, закурыў трубку, на плячо пасадзіў цацачнага папугая і доўга спрабаваў стаць аднаногім. З гэтай маёй нагі насмяяліся ўволю, бо прыладжвалі яе ледзь не ўсім калектывам. “Акторы”, канешне, ленаваліся, больш пацвельваліся і  не надта хацелі рабіць “за так” і мне, як рэжысёру, прыйшлося нямала павалтузіцца, каб яны хоць гаварылі тое, што трэба. Да таго ж бюджэт фільма быў вельмі сціплы: ўсяго дзесяць даляраў. І, на жаль, у нас не было тэхнічнай магчымасці рабіць па некалькі дубляў, усё здымалася з першага разу.
    У тое плаванне мы ўзялі дзве відэакамеры: на адну здымалі само падарожжа, а на другую кіно. Наш плыт стаў цяпер называцца “Чорнай жамчужынай”  аб чым сведчыла таблічка на борце, а на верхняй перакладзіне трапятаўся пірацкі сцяг. Для фільма я напісаў дзве песні, якія так і называліся: “Песенка піратаў” і “Песня марака”. Першая атрымалася доволі вясёлая, заліхвацкая і прыпеў усе “піраты”  гарланілі разам са мною.  Вось як выглядае “Песенка піратаў”:
                Не ўведаць нам ніяк спакою,
Сябруем з ветрам мы салёным,
  На караблі імкнуцца ўсе да бою
   І не месца тут хлапцам зялёным.
Вясёлы Роджар – сцяг пірацкі
                А справы нашы на мазі,
Цябе заспее  смерць знянацку
                Калі грошай  не дасі.
ПРЫПЕЎ:
                Мы піраты, мы бандыты,
                Нас не чакаюць жонкі дома,
 Маем мы  адно кампас пабіты
        Кінжал, шпагу ды бутэлька рому.

                Клічуць нас марскія мілі
    Ды скарб які – то сто адсоткаў,
                Шторм і буры нам па сіле
 Калі ром пальецца ў глотку.
  Даўно ўжо зніклі выспы тыя,
    Дзе нарабавана шмат багацця,
 А мы грошы любім залатыя,
Нам на вочы  не трапляйся.

    Другая песня выконвалася пад заканчэнне фільма. Аляксандру, які  з’яўляеццца пастаянным кінааператарам, вельмі спадабалася менавіта канцоўка, калі услед адплываючыму плыту, на развітанне,  гучала гэтая лірычная і спакойная  песня.
    Канешне, знятае намі  фільмам можна назваць, мабыць, умоўна, бо там шмат хібаў. Але ж  усе фармальнасці, як і ў сапраўднай кінастужцы,  былі выкананы і потым мы, нашы сябры і знаёмыя, з задавальненнем глядзелі саракапяціхвіліннае смешнае відэа. За час  здымак некаторыя нават паверылі, што робім сапраўднае кіно. Першы раз гэта было на трэці дзень  плавання. Па Бярэзіне  праплывала на некалькіх вялікіх, аранжавых марскіх плытах, добрая кампанія, чалавек каля трыццаці. Калі яны ўбачылі мяне ў кіцелі,  тое, што мы нешта вырабляем, а вакол ходзіць чалавек з дзвюма камерамі на грудзях, то закрычалі:
    - Што вы робіце?
    - Кіно здымаем, - адказаў я.
    - Нічога сабе, - адгукнуліся з плытоў. - А на якім канале будуць паказваць?
    - Пакуль не ведаем, сачыце за рэкламай.
    - А як называецца фільм?
    - Нёманскія піраты, - смеючыся, адказаў я.
    Вандроўнікі паплылі далей, ажыўлена перагаворваючыся  і тыцкаючы пальцам у наш бок. На наступны дзень мы былі ў вёсцы Чапунь Іўеўскага раёна, здымалі сцэну для фільма. З бліжэйшай хаты выбегла цікаўная дзетвара: некалькі хлопчыкаў і дзяўчынак, што прыехалі на лета да дзядуль з бабулямі. Заінтрыгаваныя нашым працэсам, яны звярнуліся да мяне з пытаннем.
    - Не бачыце, кіно здымаем, - паведаміў я з сур’ёзным выглядам.
    - А калі будуць паказваць? - наперабой закрычалі дзеці.
    - Не ведаю пакуль, але гэты фільм здымаецца для Канскага кінафестывалю, - пажартаваў я.
    - Ух ты, - усклікнула нейкая дзяўчынка, - як цікава. А вы дайце на аўтограф, калі ласка.
    Гэта было ўжо залішне і я адгаварыўся:
    У мяне няма  аўтаручкі. Ды мы ўжо адплываем, так што прабачце.
    Але, і  ўвогуле,  глядзець на сцэны пірацкіх боек, на тое, як мы шукаем скарб, без смеху нельга. Фільм падымае настрой, а гэта галоўнае.
    Кожны раз, як толькі заканчвалася наша падарожжа, мяне агортвалі два процілеглыя  пачуцці: радасці  і жалю. Радасна, што  пасля тыднёвай разлукі  мы вярнуся дамоў, убачу сваіх блізкіх. Але заўсёды  шкадаваў, што плаванне завяршылася, што не будзе больш, прынамсі  у гэтым годзе, чароўных ціхіх раніц, бадзёрачых купанняў, вячэрніх размоў і вясёлых гісторый  каля кастра. Праходзіць нейкі час і тады зноў хочацца трапіць на тую  светлую рачулку з яе зялёнымі берагамі, напоўніцу надыхацца чысцюткага  і салодкага паветра, адчуць  чаканыя цішыню і спакой. Узімку, пераглядаючы зняты матэрыял, міжволі пачынаеш смуткаваць, што лета так далёка,  рэчка спіць пад ледзяным панцырам,  трэба чакаць жаданага падарожжа.  І тады разумееш: як жа мала для шчасця трэба чалавеку. Усяго толькі вось так проста  пабыць на ўлонні матухны-прыроды, на ўлонні нашай беларускай зямлі, якая заўсёды прыме цябе,  як роднага сына, калі ты гэтага сам пажадаеш, уволю надыхацца яе гаючым паветрам, зліцца з ёю ўсёю сваёю душою.  І толькі хочацца папрасіць усіх: беражыце, шануйце нашу зямлю, рэчкі і азёры, не засмечвайце, не забружвайце  іх. Бо яны – наша багацце, якое мы можам непапраўна згубіць.
ТАМ, ДЗЕ ЗЛІВАЮЦЦА РЭКІ-2
    Вось і прыйшоў доўгачаканы  дзень. Дзень, якога я чакаў пяць год.  Амаль пяць год таму назад  скончылася мая апошняя вандроўка па Бярэзіне і Нёману. Па розных абставінах і прычынах – ох, ужо гэтыя абставіны і прычыны – я не змог паўдзельнічаць у плаваннях. Дзеля праўды, трэба сказаць, што плаванняў амаль і не было, бо за ўсе гэтыя гады хлопцы сабраліся толькі адзін раз  невялічкай камандай у чатыры чалавекі. Што паробіш – жыццё  падкідае свае сюрпрызы, прыходзіцца вырашаць розныя праблемы, у чымсьці сябе абмяжоўваць. Але ж у гэтым, 2013 годзе, мы змаглі сабрацца, аб’яднацца, каб зноў выйсці на рачныя прасторы, зноў рушыць наперад насуперак усім цяжкасцям і акалічнасцям. Правераны нашы прычындалы, наш плыт, закуплены прадукты, спакаваны торбы, дамоўлена з транспартам, прыехаў з Падмаскоўя наш сябар – Віктар Драчылоўскі разам з сынам. Значыць, падарожжа адбудзецца. У добры шлях.
ДЗЕНЬ ПЕРШЫ
 Сёння – 30 чэрвеня, нядзеля. Дзень адметны яшчэ і тым, што сёння ў мяне і ў Вікта   ра Драчылоўскага – дзень народзінаў. І менавіта сёння мы адплываем. Падняўся я а шостай гадзіне раніцы каб прагуляць свайго сабаку Рэма – у сем мы павінны былі ўжо грузіць аўтамабіль. Сабака ў мяне вялікі – аўчар, жыве на вуліцы ў будзе, але прывык да таго, каб яго выгульвалі. Трывае па патрэбе і чакае, калі з ім выйдуць на  шпацыр. Толькі  выйшаў з сабакаю, як патэлефанаваў Віктар:
    - З днём нараджэння!
    - І цябе, дарагі сябар!
    Цікава, ўсё ж, пачуць такое: з днём нараджэння, а ў адказ – і цябе таксама. Быццам, нейкае  звычайнае  свята. Ранішні званок падбаўляе бадзёрасці, хоць настрой  і так нядрэнны – ідзём у плаванне.
    У пачатку восьмай гадзіны грузім рэчы на машыну. У гэтым годзе  каманда складаецца з шасці чалавек, навічкоў сярод іх няма. Гэта наш нязменны “генерал” Аляксандр Апановіч; яго племяннік Аляксандр Ціхановіч – мінчанін; раней хадзіў з намі яшчэ падлеткам, а цяпер ужо дарослы і амаль двухразовы бацька (яго жонка ў хуткім часе павінна нарадзіць другое дзіця) Арцём Дзядовіч; Драчылоўскі Віктар з дваццацічатырохгадовым сынам Андрэем і я. У хуткім часе машына выбіраецца за горад. Я сяджу з шафёрам Міхасём  і вяду з ім размову. Міхась па-добраму зайдросціць нам. Сам ён прыахвоціўся да падводнага палявання і ўсю дарогу – амаль з гадзіну – расказвае пра свае рыбацкія прыгоды.
    Надвор’е спрыяе: не холадна, але і не спякотна, дажджу няма. Збіраць плыт  будзе адно задавальненне. Мы з Міхасём крыху блукаем, бо усе астатнія паехалі на легкавым аўтамабілі, але стэлефанаваўшыся, знаходзім дарогу. За Бакштамі зварочваем управа, да Бярэзіны. За высокімі лазовымі кустамі, урэшце, паказваецца і яна – чыстая, блакітнавокая і доўгачаканая. Мы збіраем плыт хутка, недзе за дзве з паловаю гадзіны. На плыце разам з намі  сядаюць за стол паснедаць ці папалуднаваць і праважатыя: Майя – нявеста Сашы Ціхановіча, Аляксандравы дочкі з дзецьмі ды яго позні сын – сямігадовы Аляксей, які плача ад крыўды бо бацька не бярэ  з сабою. Вось сказаны апошнія развітальныя словы, адцалованы апошнія пацалункі – і плыт адпраўляецца ў чарговае падарожжа.
    Ура! Мы ідзём. Усе ў добрым настроі. З радыё даносіцца нейкая мелодыя, сцелюцца па вадзе водарасці, уюцца за намі рыбкі, а буйныя сінія стракозы аблюбавалі   вясло і раз-пораз спрабуюць на яго сесці. Ціха шапоча асака па беразе, накалыхваючы даўнія ўспаміны і так прыемна, так здорава, што я бяру ў рукі гітару. Здаецца, што акрамя нас больш нікога няма на белым свеце. Гучыць мая песня пад назваю “Родная старонка”. І тут, на рэчцы, яна разносіцца далёка-далёка, а гітара гучыць проста цудоўна. За чарговым паваротам выяўляецца: мы не адны  на белым свеце. Пажылы рыбак з вудаю з цікавасцю сочыць за намі. Вітаемся.
    - Далёка кіруеце, хлопцы?
    - Да Іўеўскага маста.
    - Зразумела. А песня добрая.
    - А што, чуваць было?
    - Аняго ж.
    Парадаваўшы незнаёмага чалавека добрай песняй,  плывём далей. Паказаліся дахі невялічкай прыбярэжнай вёсачкі, хутка схаваўшыся за паваротам і высокімі зараснікамі чароту. У гэты момант заўважаем вужа, які пераплывае раку. Пагаманіўшы, забываем пра яго. Але праз хвіліну Сашка ўскаквае:
    - Гляньце, во халера!
    - Што такое?
   - Вуж уладкаваўся на гумовым балоне і плыве разам з намі. Я аж спалохаўся.
    - Ага, заяц, - засмяяўся Віктар. - Гані яго, калі не хоча плаціць.
    Спуджаны вуж плюхаецца ў ваду і хуценька плыве да берага.
    Мінаем  чарговую вёску. На бераг выходзяць мужчына з жанчынаю, праводзячы зацікаўленым позіркам. Што ж, такі плыт – з’ява рэдкая ў гэтых мясцінах.
    Праз пяць гадзін  даплываем да першай стаянкі: утульнага высакаватага берага з хвойнічкам і чарніцамі. Тут звычайна мы і спыняемся. Як толькі зайсці крыху ў лес адразу ж накідаюцца камары, а вось на беразе іх пакуль што няма. Мы старанна завіхаемся: у першы ж дзень вырашылі зрабіць сабе  паходную лазню, а потым ужо адзначыць,  наш з Віктарам, дзень нараджэння. Балазе, часу хапае. Папарыўшыся, лезем у ваду, але яна халаднаватая і доўга ў рэчцы не пасядзіш.  Вечарэе. У гэтым месцы рэчка робіць плаўны паварот,  на процілеглым беразе – шырокі луг. Там штогод пасяляецца драч. І сёлета ён зноў дзярэ сваю глотку. Заходзячае сонца  выдае настолькі прыгожае відовішча, што Аляксандр здымае гэты момант на камеру. А малюнак і сапраўды надзвычай прыгожы:  сонца садзіцца ў абрамленні трох невялікіх хмарак і выглядае сярод іх, як жывая вогненная ікона. Яно падсвечвае воблачкі   з  усіх бакоў, хмаркі палымнеюць і барвою, і чырванню, і золатам, а сонца,  як бы купаецца ў гэтым ззянні.  І цішыня, якая цішыня! Дзе яшчэ можна ўбачыць такі заход? Ды нідзе, а толькі тут, на беразе невялікай беларускай рэчкі. Эх, шкада, што не ўмею маляваць!
    Потым сябры віншуюць нас са святам. Мы дурэем і свавольнічаем, а калі сцямнела выпускаем у паветра агульны падарунак ад каманды  – вялікі фейерверк. А потым проста сядзім каля вогнішча, слухаем песні, размаўляем. Засынае родная зямля – такая блізкая і добрая. Дабранач табе.
ДЗЕНЬ ДРУГІ
    Падымаюся  вельмі рана. Такую выснову можна зрабіць хаця б па тым, што сонца яшчэ ледзь паднялося і даволі халаднавата. Я мяркую, што будзе недзе каля шасці ці крыху больш і выходжу  з палаткі. Кастрышча яшчэ тлее, падкідаю дроў, стаўлю  ваду і лезу купацца. Халодная вада бадзёрыць, праганяе рэшткі сну і я завіхаюся каля стала: трэба перамыць посуд, што застаўся пасля вячэры. Навёўшы парадак, п’ю каву, але больш ніхто так і не падымаецца. Дзіва. Лезу па мабільны тэлефон: вось табе і маеш, яшчэ толькі палова сёмай. Выходзіць, што я падняўся недзе ў пяць. Я сяджу каля вогнішча, насалоджваючыся цішынёй. Можна пасядзець  і паслухаць, як  падае важкая халодная кропля з елкі, як ціха хаваецца ад сонца туман у глыбіню лесу, як прачынаецца лес, рэчка і ўсё наваколле. Рака супакойвае. Цяплее ў паветры, цяплее на душы.
    Падымаецца  і Аляксандр. Папіўшы кавы, ён накіроўваецца ў лес і ў хуткім часе прыносіць некалькі жмень лісічак:
    - Тут старая дарога праходзіць, па ёй і сабраў.
    Мне надакучвае  сядзець аднаму, вырашаю прабудзіць войска. Арцём браў з сабою петарды і я  кідаю адну з іх у агонь. Пабубнеўшы крыху, усе вылазяць: пачынаецца новы паходны дзень.
    Плыт адплывае. Сёняшні дзень такі, як і ўчарашні, халаднаваты. Таму не пакупаешся і сядзець прыходзіцца ў лёгкіх куртках. Але, калі хмаркі рассейваюцца і сонца прыпякае, можна нават загараць. Навокал суцэльныя завалы з паваленых дрэў, на іх навісла трава, рознае смецце, якое прынесла паводка. Гледзячы на смецце, мы прыходзім да высновы, што паводка была вышынёю каля двух метраў. А гэта значыць вышэй берагоў. Шмат трапляецца качак. Маладыя спрытна ныраюць і за некалькі разоў выплываюць ужо за плытом. А дарослыя ідуць па вадзе на крыллях з такой хуткасцю, што дзіву даешся.
    - Глядзіце, што гэта? - гукае Андрэй.
    - Дзе?
    - Вунь, на беразе.
    Мы глядзім. А на беразе, сярод высокай зялёнай асакі, стаіць невялічкая пярэстая казуля. Яна прыйшла на вадапой, убачыла наш плыт і з цікавасцю разглядае незвычайнае відовішча. Мы плывём ціха, таму жывёліна не палохаецца нас. Паспяваем зняць яе на камеру, сфатаграваць, перш, чым казуля  хаваецца ў лесе. Прайшло ўсяго некалькі хвілін і наша ўвага скіроўваецца на Віктара: яму ўдаецца зацугляць шчупака. Мы ўжо бачым у вадзе буйнае светла-зялёнае тулава, яго цела выгінаецца, драпежнік – а ён быў не менш, як тры кілаграмы –  кідаецца наперад, потым убок і каля самага плыта знікае. Усе ў роспачы крычаць, нехта моцна лаецца: адзін  шчупак – і таго ўпусцілі. Выяўляецца, што падвёў спінінг: разагнулася кальцо. Віктар  з новай сілае спінінгуе, але ўсё безвынікова, удача адварочваецца ад яго.
    А рака зноў выкручваецца: то ўправа, то ўлева, толькі паспявай веславаць, каб не трапіць у завал. У адным месцы Аляксандр заўважае буйны – недзе ў паўтара абхвата – дуб, якога паваліла паводка. З нашай дапамогай ён адпілоўвае добрую калодку, мы грузім яе на плыт. Дуб цвёрды, моцны, не гледзячы на тое, што праляжаў у вадзе. А берагі, якія берагі! То суцэльны гушчар з непралазным хмызняком, то светлая прагаліна з асінкамі і бярозкамі, за імі старыца, ў якую вядуць з рэчкі бабрыныя тропы. Непарушаная, нечапаная прырода і ёю можна любавацца бясконца.
    Другая наша стаянка на Бярэзіне – на правераным месцы, дзе мы спыняліся не раз.Тут прасторная паляна, побач сасоннічак, бераг не абрывісты, ёсць дровы. Зноў вырашаем  зрабіць лазню бо ўчарашняя атрымалася не надта, напалілі слабавата.  Кожнаму ёсць занятак. Адно псуе настрой – камары, якія накідаюцца на нас, ледзь толькі крыху цямнее. Рэпеленты хоць і  дапамагаюць, але  крывасмокаў тут процьма і ўсе яны галодныя. У дадатак да ўсяго выяўляецца, што да Віктара прысмактаўся клешч. Яго мы адрываем, але не вельмі ўдала: хабаток застаўся. Прыходзіцца пасядзець над ім. Усе  правяраюць адзін аднаго і на мне таксама знаходзяць кляшча, але  мне шанцуе: той не паспеў прысмактацца і яго лёгка здымаюць. Такая акалічнасць нікога не бянтэжыць, мы – вандроўнікі са стажам,  нас не напалохаеш камарамі ды кляшчамі.
    Зноў надыходзіць ціхі вечар, а вецер, які падганяў нас у спіну, супакойваецца. Плынь, як бы замаруджваецца, рака на вачах спакайнее, лагоднее, прырода рыхтуецца да сну. Запальваюцца першыя зоркі, патрэскаваюць дровы ў вогнішчы, а мы сядзім вакол яго, назіраем. Мінуў летні дзень, яшчэ адзін дзень нашага жыцця.
ДЗЕНЬ  ТРЭЦІ
    Што ні кажы, але як прыемна прачынацца  на свежым гаючым паветры пад  ласкавы птушыны шчэбет, ласкавыя ранішнія промні, сярод зеляніны і цішыні,  на ўлонні блакітнай рачулкі. Потым выйсці на бераг, прайсціся басанож па роснай траве, пагрэцца пад  пяшчотным сонцам.  І падумаць: наперадзе яшчэ не адзін такі дзень. Дзякуй Богу і за гэта.
    Сёння наша войска падымаецца роўна і дружна. Відаць, усе добра адаспаліся. На абед будзе смачны грыбны булён з учарашніх лісічак, а на снеданне ў нас грэчка з тушонкай, салата з гуркоў і памідораў, кава ці гарбата, а да яе батон з варэннем. Апетыт ва ўсіх добры, свежае паветра спрыяе гэтаму. Дарэчы, не залежваецца  сала, якое любяць усе, яго мы знішчаем за некалькі дзён, хоць меўся ладны кавалак.
    Сёння становіцца крыху цяплей, але яшчэ не так, каб плюхацца з плыта і плаваць у рэчцы. Сонца мала, неба хмарнае  і нават не загараем. Паціху плывём, Віктар  стараецца парадаваць нас уловам. Бярэцца за спінінг і Аляксандр. Яму шанцуе: літаральна на працягу першых хвілін наш капітан выцягвае на плыт шчупачка вагою каля кілаграма. Што ж, ёсць першы улоў. Віктар спрабуе і так, і гэтак, але шчупакі упарта ігнаруюць яго бляшню. Тады ён вырашае  перасесці  ў гумовую лодку і, ў рэшце рэшт, ловіць толькі сярэдніх памераў акунька. Потым увогуле  застаецца ззаду, каб спакойна паспінінгаваць. Хутка сустракаем нешта нязвыклае для рэчкі: недалёка ад берага, зачапіўшыся за патанулы дубок, тырчыць невялікі плыт. Яго аснова зроблена з мяшкоў,  запоўненых пустымі пластыкавымі бутэлькамі. Плыт накрыты дошкамі, а на іх густа парасла трава.
    - Гэта  ж той самы плыт, што мы знайшлі шмат вышэй па цячэнню ў 2009 годзе, - здзіўляецца Аляксандр. - Ён тады знаходзіўся каля вёскі, мы нават крыху плылі на ім. Бачыш, куды яго прынесла паводка. Даўно, мабыць, стаіць, трава якая вырасла.
    Праз нейкі час нас даганяе Віктар: мокры і пануры.
    - Што здарылася? - пытаюся я.
    - Спінінг утапіў.
    - Як?
    - Ды хацеў спыніцца ў адным месцы, пакідаць спінінг. Падплыў да пахіленай бярозы, учапіўся за яе, а лодка малая, кульнулася. То схапіў спачатку заплечнік з блешнямі, донкамі і іншым начыннем, а спінінг не паспеў. А вы былі далёка, вас паклікаць на дапамогу ніяк не мог.
    - Нічога, добра, што сам жывы. А то, баронь Бог, магло і што горшае здарыцца, - супакойвае яго Аляксандр.
    У хуткім часе паказваеца вёска Карукі. Тут мы павінны прайсці пад драўляным мастом на палях і ўпісацца ў шырыню пралёта. Але памеры нашага плыта вывераны, тут праблем няма. Вось толькі  калі пралёты забітыя прынесенымі дзеравінамі, тады горш – трэба спыняцца і пілаваць іх. На падыходзе да маста бачна, што адзін пралёт свабодны, а ўсе астатнія завалены дубкамі, дошкамі, травою  і іншым смеццем. Да таго ж паводка звярнула адну палю і каля левага берага мост прасеў – цяпер па ім рызыкоўна ехаць. А дубок, які ляжыць каля паляў будзе каля дзесяці метраў у даўжыню  і крыху меней, як  у абхват. Якую ж моц мае паводка, каб прынесці такую дзеравіну!
    Праз дзве гадзіны  наступная вёска – Мільва. Як і ў папярэдняй, так і ў гэтай, мясцовых жыхароў амаль няма, большасць домоў выкупленя мінчукамі пад лецішчы. Некаторыя паспелі зрабіць  доволі дыхтоўны рамонт і такія дамы выглядаюць на фоне вёскі, як палацы. Мост каля Мільвы металічны, паводка яму не страшная. Тут нам трэба ўпісацца па вышыні. Бо калі вада вялікая,  прыйдзецца апускаць  на плыту мачту і бакавыя стойкі. З доўгаю лазінаю я іду вымяраць вышыню: здаецца, праходзім.
    - Ну, глядзі, - пагражае Віктар, - калі не пройдзем і зламаем верх – скінем цябе ў ваду.
    Паціху падплываем да шырокага пралёта і ледзь-ледзь праціскваемся пад мастом, крыху знёсшы тэнт.
    - Як ты там мераў? - крычаць хлопцы.
    - Галоўнае – прайшлі, - бадзёра адказваю я.
    Праз тры гадзіны пасля гэтага мы павінны дайсці да месца зліцця дзвюх рэк. На падыходзе да вёскі Набярэжная Навагрудскага раёна наша моладзь вырашае схадзіць у краму, а потым берагам прыйсці да нас. Утраіх – я, Віктар і Аляксандр – мы плывём далей.  З вёскі на нас глядзяць  цікаўныя дзіцячыя вочы, а ў адным месцы з ракі цягнецца тонкая труба: нехта зрабіў імправізаваны вадаправод.  Мінае яшчэ адна гадзіна і непадалёку ад месца ўпадзення Бярэзіны ў Нёман мы ўрэшце хочам спыніцца  на правым беразе на добраўладкаваную стаянку, але яна занятая. Нічога не паробіш, мы кіруем на левы бок і спыняемся на самым рагу. Вось ён – прастор! Адсюль неверагодны далягляд, вада віруе і пеніцца, цямнее, унізе – чырвоная гліна з пяском. К вечару прыкметна цяплее, можна купацца. Што мы з задавальненнем і робім.
    Тут каманда выяўляе жаданне  пастаяць два дні. Моладзь прынесла з крамы замарожаную курыцу і з яе вырашаем зрабіць шашлык. Вось і вячэра саспела. Толькі сядаем за за стол, як паказваецца байдарка з якой нас гукае яшчэ адзін навагрудчанін, Аляксандраў сусед, Міша. Ён вырашыў прайсціся на лодцы разам са сваёю жанчынаю. Запрашаем за стол і іх. Вечар працягваецца. Потым зноў гітара, ціхія і не надта песні пры трапяткім свеце вогнішча, першыя зоркі на небе. Ніхто не хоча ісці спаць:  на беразе  хораша, заспакойваюча шапоча плынь, полымя  кідае цьмяныя водсветы на твары сяброў, а душа адпачывае.  Што рыхтуе жыццё нам далей, якія дарогі і выпрабаванні чакаюць?
ДЗЕНЬ  ЧАЦВЁРТЫ
    Сёняшні дзень – усё роўна, як выхадны. Мы нікуды не плывём, таму кожны можа займацца, чым хоча. Падняўшыся, адразу лезу ў ваду. Люблю ваду, можа з-за таго, што я Рак – хто яго ведае – але плаваю добра і мне гэта падабаецца. Што цікава: вада ў Бярэзіне на некалькі градусаў халаднейшая, гэта заўважаеш, калі праплыўшы з дзесятак метраў трапляеш у Нёман. А тлумачыцца ўсё вельмі проста:  Нёман, у большасці, шырокі і нясе свае воды на прасторы, корміцца ўпадаючымі ў яго рэчкамі,  а Бярэзіна, наадварот, туляецца сярод высокіх цяністых лясоў, папаўняецца невялікімі, як ручаі, халоднымі крынічнымі рачулкамі  і не паспявае добра прагрэцца. Сёння пацяплела яшчэ больш, бадай што, усталёўваецца сапраўднае летняе надвор’е.  Пасля снедання я вырашаю  пасядзець з вудаю. Прыладкоўваюся  каля лазовага куста, чапляю чарвяка і закідаю. Мне шанцуе – у хуткім часе выцягваю ладнага падлешчыка, за ім другога. А потым апаноўваюць авадні, пачынаецца спёка і баюся каб не згарэць. Таму зматваю вуду і брыду да нашага лагера.
    Недзе пад поўдзень да нас прыязджае наш  знаёмы,  малады навагрудскі хлапец Арцём са сваім родзічам Уладзімірам,  на падводнае паляванне. Арцём мае нейкі стаж у гэтай справе, родзіч – навічок. Яны апранаюцца ў свае  “даспехі”, бяруць ружжы для палявання і ідуць у Нёман. Раз-пораз з’яўляюцца на паверхні іхнія то спіны, то галовы, а мы, лежачы на беразе сочым за незвычайнымі паляўнічымі.  Недзе праз гадзіну хлопцы вылазяць: стомленыя і з пустымі рукамі, а Уладзімір яшчэ і  без ружжа.
    - Нічога няма, - скардзіцца Арцём, - вада мутная, бачнасць дрэнная.
    - А як жа ён ружжо ўтапіў?
    - Дык на нас бабёр з кустоў выплыў. Я хацеў у яго было стрэліць, але ж гэта не рыбіна, магло дрэнна скончыцца. А Уладзімір крыху разгубіўся, упусціў ружжо. Мы ныралі і так, і гэтак, але безвынікова.
    - Што цікавага бачылі?
    - Ой, мужыкі, тут такая глыбіня, - ускліквае Арцём, - метраў  пад дзесяць. Навымывала плынню нейкія прыступкі. Я спускаўся, спускаўся, аж боязна зрабілася. Не, лепш туды не лезці.
    Хлопцы кідаюць свой занятак і адпачываюць разам з намі. У гэты момант на Нёмане паказваецца плыт: крыху менш за наш, на ім стаіць высокая, як гандлёвая, палатка для ценю, а  ўнутры стол.  На плыту трапечацца сцяг- даволі вялікае белае палотнішча з выявай нейкага герба.
   - Гэй, мужыкі, - крычым мы, - прывітанне аднадумцам!
    - Го-го-го! – адказваюць з плыта.
    - Адкуль будзяце?
    - З Ашмянаў.
    - А што за сцяг?
    - Дык ашмянскі!
    Малайцы хлопцы, нічога не скажаш. Цікавая ідэя, трэба і нам падумаць у наступны раз ды  ісці пад навагрудскім сцягам.
    Пасля абеду, размораныя, адпачываем у цяньку: малады моцны дубок, што трывала пусціў свае карані на беразе, дае  добрую прахалоду. Але, мяркуючы па тым, як вада змывае бераг, некалі дойдзе чарга і да яго. А шкада, дубок добры, зялёны і стройны. Як толькі гарачыня трохі спадае, капітан зноў камандуе: палім лазню, балазе дроў хапае. Мы іх напілавалі яшчэ на Бярэзіне і прывезлі з сабою, бо ў гэтых мясцінах дроў няма. Увогуле цяпер нам такая палёгка, калі Аляксандр абзавёўся бензапілою. А ў першых вандроўках прыходзілася шчыраваць двухручкаю  “Дружбаю-2”. Паціху сонца  пачынае садзіцца і на нёманскай гладзі з’яўляецца яшчэ адно відовішча: новы плыт. Ён невялікі, але па цэнтры збудаваная каюта, на каюце месціцца выратвальны круг з надпісам “Боцман”. На плыце бачым толькі мужчыну, жанчыну і  сабаку-аўчара. Мы вітаемся і распытваем новых вандроўнікаў, пакуль яны павольна мінаюць нас.
    - Вось вырашылі адпачыць з жонкаю,  - ахвотна тлумачыць мужчына год пяцідзесяці пяці, - сёння цэлы дзень збіралі свой плаўсродак. Пад насцілам дзве тысячы бутэлек у мяхах.
    - Малайцы, прыемнага вам адпачынку!
    - Дзякуй.
    А сабака заходзіцца ад брэху і перашкаджае нашай размове.  Але ж якія малайцы, застаецца толькі па-добраму пазайдросціць гэтай сямейнай пары: адны на плыце насустрач лету. Спыняцца дзе захочуць, насалодзяцца цішынёй і чысцінёй паветра – і толькі яны ўдваіх. Не, яшчэ верны сябар з імі, але ж ён не будзе замінаць. Што ж, папутнага вам ветру!
    Хутка “Боцман” схаваўся за паваротам, а мы лезем у паходную лазню. Свежыя дубовыя венічкі і накаленыя камяні  напаўнілі лазенку гаючым водарам, тэмпература такая, што вушы скручваюцца і мы хвошчамся, падбадзёрваючы адзін аднаго, потым кідаемся  ў Нёман ці Бярэзіну – на выбар. Во раскоша, дзе яшчэ такое будзе, каб выбіраць у якой рэчцы купацца.  А пасля такога пару адразу праходзяць укусы ад камароў і аваднёў, скура, можна сказаць, маладзее на вачах. Навокал цішэе, адно толькі гучна плёхае рыба, часам так моцна, што прыходзяць думкі: так, самы тут дакладна палююць. Мы п’ём гарбату, звесіўшы ногі з берага і глядзім, як сыходзіць чацвёрты дзень нашага паходу.
ДЗЕНЬ  ПЯТЫ
    Пад’ём а восьмай гадзіне. Росна. Я ўставаў ноччу каля трох, то ўвогуле было вельмі сыра, туман стаяў такі густы, хоць рэж, як масла. Пасля па снедання  прапаную “экіпажу” паспрабаваць зняць кіно. Сюжэт я  прыдумаў даволі просты, улічваючы тое, што “актораў” будзе ўсяго пяць. Бацька з сынам адпачывюць на плыце, а іх захопліваюць у закладнікі збеглыя зэкі. Далей падзеі разгортваюцца на плыце, потым на іх набрыдае участковы інспектар міліцыі, якога таксама захопліваюць у закладнікі. Але міліцыянту ўдаецца вырвацца, ён хаваецца ў лесе, а адзін з зэкаў спрабуе дагнаць яго з пісталетам. У рэшце рэшт  усё скончваецца добра: крыху  паранены участковы, з дапамогаю адпачываючых, звязвае зэкаў. Хлопцы не надта хочуць здымацца, але я іх угаворваю – самім будзе цікава потым паглядзець і пасмяяцца. Здымкі прайшлі, можна сказаць, паспяхова,  улічваючы, што ўсё здымалася з першага дубля.  Асабліва ўсім спадабаўся Арцём у ролі участковага інспектара. Забягаючы наперад, адзначу, што фільм і сапраўды атрымаўся месцамі смешны, хоць жанр намагаў іншага стаўлення. Што ж, акторы і рэжысёр пакуль яшчэ не прафесіяналы.
    У гэтым паходзе нам шанцуе і з надвор’ем, і з ветрам. Ніводнага дажджу, вецер амаль увесь час у спіну. А з сёняшняга дня ўсталёўваецца сапраўднае летняе надвор’е: цёпла, у поўдзень нават спякотна і ад гарачыні нас выратоўвае тэнт. Можна, як і ў былыя гады, даць нырца з плыта, паплаваць, што мы і робім. Каля Мікалаева сустракаем групу байдарачнікаў, якія адпачываюць на беразе. За вёскаю нашым вачам адкрываецца будоўля: проста на беразе рэчкі, ў лесе, вымалёўваецца даволі буйная база адпачынку. Там праглядваюцца дыхтоўныя домікі са спутнікавымі антэнамі, стаянка для катамаранаў і лодак, высокі плот. Праз дзве гадзіны падплываем да Ляхавіч. На правым беразе, каля парэшткаў былога хутара, спрабуем знайсці дзікіх клубніц, але безвынікова. Іх зусім мала, а тыя, што ёсць, зялёныя. Стаянку разбіць не можам, высокая трава, а значыць вечарам  камары,  ды і  дроў няма. Вырашаем ісці далей. Мінаем вёску, якае жыве сваім няспешным жыццём. Некалькі рыбакоў з вудамі на беразе, бегае па вуліцы дзіця, жанчына палошча бялізну, а хтосьці проста сядзіць на лавачцы. Мы ўсе стаміліся, бо плывём, як ніколі, доўга – болей, як дзевяць гадзін. А стаянкі ўсе занятыя, на іх кругом рыбакі. На процілеглым беразе сядзіць мужчына  з сабакаю. Сабака, убачыўшы плыт, пачынае гучна, нейкім хрыплым голасам, брахаць на нас. Хтосьці падзадорвае яго, паціскаўшы на сігнал з  ровара, які замацаваны на перакладзіне і выдае гукі, падобныя  на качынае крэканне. Сабака пачынае падвываць. Зноў сігналім і сабака вые. Мы кладзёмся ад смеху, гледзячы на такі імправізаваны канцэрт.
    У рэшце рэшт знаходзім добрую і вольную стаянку. Тут хапае дроў, сасновы лес і амаль няма камароў. Хутка гатуем вячэру, а пасля кожны займаецца сваёю справаю. Я з Аляксандрам вяжу венікі для лазні: зіма доўгая, а ў лазню ездзім амаль кожны тыдзень. Таму трэба парупіцца. А месца тут выдатнае, шмат маладых дубкоў і бярозак. На вачах цямнее і шмат зрабіць не паспяваем. Стомленыя за дзень  кладзёмся спаць.
ДЗЕНЬ  ШОСТЫ
    Раней за ўсіх падымаецца  Аляксандр – яшчэ да сямі гадзін раніцы –  і ідзе у лес. Я чую, як заціхаюць яго крокі, а праз нейкі час да мяне даносіцца  шум і трэск. Выходжу з палаткі, а калі вяртаецца капітан,  жартую:
    - Што там было? Ты з дуба зваліўся?
    - Не, там у кустах, нейкі звер быў. Толькі я падыйшоў ён так ламануўся, што толькі трэск у гушчары стаяў. Ці то лось які, ці то яшчэ хто – невядома. Аж самому страшнавата зрабілася.
    - О, калі табе страшна, то я дакладна не пайду.
    Ідзём купацца і з задавальненнем плюхаемся ў асвяжаючай плыні. Паснедаўшы, хутка збіраемся і адплываем. Адпачылі, настрой бадзёры, купаемся і жартуем. Удалечыні паказваецца, лінія ЛЭП, што цягнецца праз раку, а за ёю – Іўеўскі мост. Сёння там нас пакіне Саша: у яго шмат працы, заказчыкаў і таму  усе гэтыя дні, нават на рэчцы,  ў яго раз-пораз звініць мабільны тэлефон. Калі Сашка адказвае кліентам, мы стараемся пакпіць над ім,  ён адварочваецца, а мы выбухаем рогатам над чарговым жартам. У гэты ж час заўважаем на беразе трох жанчын, якія рыбачаць. З’ява рэдкая і таму мы ўважліва назіраем за імі. Адна з жанчын хвацка кідае спінінг, другая завіхаецца  з вудамі, а трэцяя, самая старэйшая, сядзіць у крэсле і чытае газету.
    Вось і мост. Мы прычальваем да берага, высаджваем Сашу, выносім яго рэчы і чакаем машыну. Хвілін праз дваццаць адплываем. Нёман значна пашыраецца, недзе метраў да ста пяцідзясяці, калі не болей. Прастор, рака  не  віхляе, вецер падганяе нас у спіну і можна адпачываць. Аляксандр спіць, хлопцы гуляюць у карты, а я занатоўваю пройдзены шлях. А плыт мінае новыя вёскі Іўеўскага раёна: Крывічы і Морына. У Морына, амаль на беразе, месцяцца шыкоўныя двухпавярховыя дамы са свежага брусу. Цікава, хто ж тут набудаваўся, бо іх тут пяць-шэсць.
    - Трэба сфатаграфаваць і адправіць у камітэт дзяржкантролю, - жартуе нехта, - хай разбяруцца.
    За Морына нас чакаюць мелі, дзе вады менш, чым па калені. Плыт узбіваецца на адну з іх, усім прыходзіцца злазіць і цягнуць яго на глыбейшае. А потым і ўвогуле бачым пасярод ракі  авальную, недзе метраў на дваццаць у даўжыню і дзесяць у шырыню, выспу. Сапраўдная выспа, парослая густою зялёнаю травою, яна трывала тут замацавалася і відаць, што ўжо не першы год. Цікавыя выкрутасы падкідае бацька Нёман. Ён пачынае пакрысе зноў мяняцца: крута зварачаць то ўлева, то направа, пачынаюцца густыя цяністыя лясы. На беразе заўважаем ашмянскі плыт. Хлопцы вітаюцца з намі.
    - Як рыбалка? – крычыць Віктар.
    - Дрэнна.
    - І ў нас.
    Перад вёскай Альхоўка Навагрудскага раёна прыходзіцца папрацаваць на вёслах. Рака віхляе і наваліла нямала леса, толькі і глядзі, каб не трапіць у завал. А пасля заўважаем цікавы малюнак, які сцвярджае, што рыба ў рэчцы ёсць. На беразе сядзіць нейкі нехлямяжы мужычок, а ў Нёмане нырае малады хлопец у масцы і чамусьці з адною ластаю. Ён дае нырца, хаваецца пад вадою на хвіліну ці болей, а потым з’яўляецца з даволі буйнаю рыбінаю ў руках і кідае таму, што на беразе. Так паўтараецца разоў з пяць.
    - Вось так. А Арцём з Уладзімірам у касцюмах, ластах, масках і з ружжамі нічога не злавілі. А тут чалавек з адню ластаю, - выдае Аляксандр.
    - Вось і скажы, што рыбы няма. Лавіць трэба ўмець, - падводжу я вынік.
    - Ды ну яе, гэтую рыбалку, - злуецца Віктар, - лепш адпачываць.
    Спыняемся і  пілуем дровы, бо невядома ці будуць яны на месцы начлегу. Так яно і здараецца потым. Аляксандр па праву капітана вырашае спыніцца ў прыгожым месцы: насупраць нас у Нёман упадае Дзітва. Тут не так маляўніча і прыгожа, як каля зліцця Бярэзіны і Нёмана, бо Дзітва шмат меншая. На нашым беразе жоўты пясочак, далей лазовыя кусты. Тут можна з прыемнасцю пахадзіць басанож, паляжаць на мяккім і пульхным, як мука,  пясочку. Прама на беразе, каля вады, распальваем вогнішча і рыхтуем вячэру.  Потым я знаходжу маладняк з дубоў і бярозак, таму  іду па венікі. Вечар цёплы, камароў няма і сядзець на рэчцы – суцэльнае задавальненне. Асабліва пад Арцёмавы байкі пра яго паездкі за мяжу. Арцём ужо некалькі год працуе дальнабойшчыкам, паездзіў па Заходняй Еўропе, нямала пабачыў. Таму ледзь не штовечар ён карыстаецца павышанай увагай з нашага боку. Сёння не абходзіцца без чаркі, хлопцы весялеюць, а размовы становяцца больш гучнымі.
    Як толькі добра змяркаецца і наваколле суцішваецца, добра чуецца гул машын. Не так далёка праходзіць траса Мінск-Гродна. Днём яно не так адчувалася, а цяпер здаецца, што дарога побач, бо гул стаіць, не раўнуючы як  у горадзе. Кладучыся спаць, задумваюся: куды мы ўсе спяшаемся, куды імчымся? Большасць за грашыма, нехта за славаю, хтосьці яшчэ за чым, але навошта яно? Жыццё такое хуткаплыннае, мы не шануем таго, што маем: сяброўства, дабрыні, цішыні і спакою ды шмат таго, чым абдзяляем сябе ў бясконцай пагоні. У чалавецтва, як мне здаецца, было некалькі шляхоў развіцця, але выбрала яно не самы лепшы – індустрыяльны. К дабру гэта ці не –  час пакажа.
ДЗЕНЬ  СЁМЫ
    Зноў выдатная цёплая і светлая раніца. А на такім  цудоўным плёсе гэта прыемна адчуваць удвая. Каля плыта ўецца безліч малькоў, якія зусім не баяцца чалавека і адразу накідваюцца на парэшткі нашай ўчарашняй вячэры. Традыцыі не мяняюцца: купанне, пахучая гарбата з варэннем – любата. Рыхтуем сняданак і абед – і наперад. Выхадныя. Нёманскія берагі запоўнены адпачываючымі з машынамі і палаткамі,  людзі з цікаўнасцю разглядаюць плыт. Многія махаюць рукамі, вітаюць нас, некаторыя здымаюць на мабільныя тэлефоны і фотааапараты, сёй-той распытвае, хто мы і адкуль плывём. У хуткім часе рака зноў мяняецца, паваротаў становіцца менш. Мінаем вёску Васілевічы Навагрудскага раёна, яе амаль не бачна, бо яна далекавата знаходзіцца ад берага. Тут вецер пачынае зносіць плыт і прыходзіцца змагацца з моцнымі парывамі. Але праз нейкі час нам зноў шанцуе, вецер цішэе. Рака робіць чарговы плаўны паворот і мы бачым мужчыну сярэдняга ўзросту, які нервова ходзіць па беразе. У рэчку закінуты з дзесятак донак на доўгіх вудзільнах і таму рыбак крычыць нам:
    - Донкі, донкі мае не парвіце!
    - Ды не зачэпім мы твае донкі, - бурчыць нехта з нас, - не сляпыя.
    Мы няспешна адграбаем на сярэдзіну. З другога боку сёлеташняя паводка паклала ў раку з дзясятак буйных дзеравін, сосен і бяроз, з якіх атрымаліся суцэльныя завалы. Мы здымаем гэта, фатаграфуем і ў гэты час паказваецца маторная лодка. Кіруе ёю малады мужчына, а лодцы сядзяць трое дзяцей. Мужчына кіруе да нас, а рыбак на беразе пачынае бегаць і махаць рукамі:
    - Донкі, донкі мае!
    Між тым лодка набліжаецца да плыта, і сам кіроўца, і дзеці з цікавасцю разглядаюць плыт, распытваюць нас. Хутка мы адплываем ад лодкі, а мужчына, зрабіўшы рэзкі віраж, усёж-такі наматвае на вінт тыя злашчасныя донкі і глушыць рухавік. Рыбак бегае па беразе, пагражае мужчыне і брыдка лаецца. Мы ўсе абураемся: як жа так можна? У лодцы дзеці, а ён крые мацюкамі. Шкада, што мы далекавата адплылі, так і хацелася правучыць нервовага і нявыхаванага рыбака. Сам  жа малады чалавек прамаўчаў, адчуваючы сябе вінаватым. Абыйшлося, праўда, усё добра. Ён падплыў да рыбака і яны вызвалілі донкі.
    Не праходзіць і паўгадзіны, мы прычальваем да берага. Каля нас – вёска Дакудава Лідскага раёна. Хлопцы вырашаюць схадзіць у краму за півам і смятанай. Вырашылі сёння зрабіць на вячэру  бульбяных бліноў,  бо бульбы яшчэ  хапае, а ў нас, лічы, апошні дзень паходу. На плыце засталіся толькі я і Аляксандр. Праз нейкі час да нас падлятае тая самая лодка. Толькі цяпер замест дзяцей з мужчынам дзве маладыя дзяўчыны.
    - Прывітанне. А можна паглядзець ваш плыт?
    - Калі ласка.
    Дзяўчаты заходзяць да нас і не з пустымі рукамі. З сабою прынеслі пачастунак: два стаканы шампанскага, рулеты з рыбаю і курыцай, памідоры, агуркі, кілбасу. Цэлае багацце.
    - Дзяўчаты не верылі мне, што я бачыў такі плыт і ўпрасілі мяне адвезці іх, - тлумачыць мужчына, які назваўся Канстанцінам.
    Дзяўчаты фатаграфуюцца на фоне плыта, а Аляксандр у адказ частуе іх нашай самагонкай, якую мы бралі з сабою. Яны смела спрабуюць незвычайнае пітво і ледзь вытрымліваюць такі ўдар. Аляксандр смяецца:
    - Гэта не шампанскае, тут пад шэсцьдзясят градусаў.
    Даведаўшыся, што мы будзем рабіць лазню, дзяўчаты-мінчанкі, якія адпачываюць тут, у Дакудава, кампаніяй, загараюцца прыехаць да нас. Яны пакідаюць плыт, вяртаюцца нашы хлопцы і мы працягваем шлях.   
    Узнімаецца вецер, на шчасце, папутны і нас проста нясе наперад, як на крылах. Літаральна за гадзіну мы праплылі столькі, колькі іншы раз плывём паўдня. Мінаем яшчэ адну вялікую выспу пасярод Нёмана, потым сустракаем надзвычай прыгожую лебядзіную пару. Беласнежныя велічныя птушкі чамусьці плаваюць на рэчцы і нас асабліва не баяцца. Выбіраем месца для начлегу і спыняемся. Сёння – Купалле. Мы рыхтуем лазню, вогнішча, я бяруся за бліны. Крыху ніжэй нас чуюцца крыкі: там атабарылася вялікая кампанія для святкавання Купалля. Між тым, мы займаемся сваёю справаю. Пасля лазні спаборнічаем: хто далей дасць нырца. У гэтым месцы глыбакавата, бераг з невысокім абрывам і можна пазабаўляцца. Нацешыўшыся, сядаем вячэраць. Першыя бліны ў мяне не атрымліваюцца, па парадзе Віктара падбаўляю мукі і справы ідуць лепш. Бліны, яшчэ гарачыя, у момант знікаюць з талеркі. Неяк удаецца накарміць войска, мы садзімся адпачыць каля вонішча. Сонца амаль села. Кампанія святкуе ва ўсю: там грыміць музыка, крычаць п’яныя галасы. А да нас ніхто не прыязджае – Косця з дзяўчатамі не даплываюць да нас, бо мы далёка адыйшлі ад вёскі. А можа яны вырашылі адпачываць сваёй кампаніяй.
    Недзе каля дзесяці гадзін мы чуем шум і трэск, які даносіцца з лесу. Спачатку паказваецца карова з вяроўкаю на шыі, за ёю з дзесятак палахлівых авечак на чале з бараном. Усе яны брыдуць  ўздоўж берага.
    - Адкуль гэта? – здзіўляюся я.
- Мабыць, зблудзілі, вёскі ж паблізу няма. Трэба іх гнаць на дарогу. Тут нейкая дарога праходзіць,- адказвае нехта з нашых.
    Мы падганяем авечак і тыя кідаюцца ўбок. Праз нейкі час з лесу выходзіць  чорны кудлаты сабака, а следам хударлявы сіваваты мужчына  год шасцідзесяці  з кійком у руках.   Ён  не падобны на рыбака ці адпачываючага. Заўважыўшы нас, мужчына  спыняецца:
    - Здаровы былі, хлопцы.
    Мы хорам адказваем, а я пытаюся:
    - Тут нейкія авечкі з кароваю брылі. Відаць, зблудзілі. Можа ведаеце, чые яны?
    - Дык гэта ж мае. Яны самі добра дарогу ведаюць дадому.
    - Вось яно што. А мы пагналі іх на гэтую лясную дарогу.
    - А яна вядзе ў Бярозаўку ( гарадскі пасёлак  Лідскага раёну, адметны і вядомы сваім шклозаводам - заўв. аўтара) і да яе адсюль сем кіламетраў. А я жыву на хутары каля вёскі Пудзіна. Толікам мяне зваць.
    Мы разгаварыліся і высвятляем, што Толік жыве на хутары адзін, ніколі не быў жанаты, а раней працаваў настаўнікам. Цяпер трымае тры каровы, з дзесятак авечак, курэй. Сабака садзіцца каля гаспадара і ўважліва сочыць  за намі. Я кідаю яму парэшткі ад нашай вячэры. Сабака бярэцца есці.
    - Разумны, - пахваліў Толік, - Жулікам клічу. Я неяк у Бярозаўку прыехаў на ровары у краму. І мне  там дрэнна зрабілася, хуткую выклікалі. Дык ён сядзеў каля ровара, ахоўваў яго і нікога не падпускаў, пакуль я не вярнуўся праз некалькі гадзін.
    - А ці прадаецца ў вашай вёсцы самагонка? - спытаўся я  дзеля цікавасці. Гэтая вёска ўваходзіць у зону абслугоўвання майго брата, які служыць у мясцовым РАУС участковым інспектарам міліцыі і такая інфармацыя яму б не зашкодзіла.
    Толік хітравата ўсміхнуўся:
    - Ёсць адна бабулька, але яна чужым не прадае. Калі трэба – то магу паведаміць дзе, але спасылайцеся на мяне, тады прадасць.
    Толік працягвае свой шлях. Каманда ўладкоўваеца  каля вогнішча, слухаючы песні пад гітару і бавячы час размовамі.  Недзе праз гадзіну ці болей да нас прыбягае Жулік і садзіцца зводдаль, як бы выпрашваючы яшчэ пачастунку. Частую яго. Сабака не адмаўляецца, а з’еўшы, знікае. А праз нейкі час зноў з’яўляецца тая самая карова, яна сунецца ў цемры, як прывід, за ёю, як за павадыром – авечкі.
    - Яны што, і ноччу пасуцца? – здзіўляемся мы, але спытаць няма ў каго, Толік больш не з’яўляецца.
    Камары асабліва не назаляюць,  ціха і цёпла. Вячэрнюю цішыню псуе  толькі гучная музыка, а пасля і ўвогуле неба стала азарацца ўспышкамі фейерверкаў. Яны выбухалі не толькі тут, паблізу нас, але і далей па рэчцы, ў некалькіх месцах. Зрабілася неяк сумна: у што ж людзі пераўтвараюць прыгожае народнае свята? У п’янку-гулянку пад папсовую музыку у якой галоўнае не сэнс слоў, а ўдалая рытмічная музыка. І крыўдна, што гэта ўсё ўспрымае моладзь, якая, у большасці, і так далёкая і ад роднай мовы, і ад роднай культуры. Трэба нешта рабіць з гэтым. І тэрмінова.
ДЗЕНЬ  ВОСЬМЫ
    Ноччу мяне прабудзіў шоргат нечыіх ног. Невядомы прайшоў каля маёй палаткі уздоўж берага. Глянуў на мабільнік: тры з паловаю гадзіны. Усё ж такі выбіраюся па патрэбе. Неба ледзь-ледзь праясняецца, густы туман сцелецца па траве, навокал ціха-ціха. Нават п’яная кампанія ўжо ўгаманілася. У метрах ста ад нашага лагера віднеюцца постаці дзвюх рыбакоў. Сапраўды, ахвота горш за няволю: людзі гатовы ўсю ноч не спаць дзеля таго каб вылавіць рыбу з рэчкі. Не, я ўсё-такі пайду спаць.
    А восьмай раніцы. Як і ва ўсе папярэднія дні, сёння сонечна і цёпла. І сёння апошні дзень нашага падарожжа. Як жа хутка яно пралятае, не паспелі аглянуцца – вось зноў прыйдзецца развітвацца з непаўторнымі малюнкамі рачной прыгажосці. Хлопцы няспешна мыюцца, снедаюць і збіраюцца ў дарогу. Нам застаецца недзе каля трох гадзін шляху і пад мастом каля Бярозаўкі мы прычалім каб завершыць паход.
    Вецер зноў прыспешвае нас, іншым разам зносячы да левага берага. І зноў сустракаем лебядзіную пару, якая грацыёзна плавае ў невялікай, парослай жоўтымі гарлачыкамі і  белымі лілеямі, старыцы. На берагах сустракаецца нямала адпачываючых. Мы ж з нецярпеннем глядзім калі пакажаца мост. Вось і ён, канчатковы пункт нашага падарожжа. Плыт хутка разбіраецца, пад’язджае машына, пакуюцца рэчы.  Зноў трохі сумна  ад развітання з падарожжам і радасна ад сустрэчы з домам.
    Завершваецца чарговае плаванне, якое надае столькі ўражанняў і  станоўчых эмоцый, што іх хопіць на цэлы год. За гэты час у цішыні і на вольным улонні столькі перадумана, асэнсавана, што здаецца – ты зусім іншы чалавек. І так хочацца, каб мы ўсе навучыліся любіць прыроду, сваю зямлю, навучыліся слухаць цішыню і шанавалі тое, што маем.  А ўсім сваім сябрам, Нёману і Бярэзіне, лясам і лугам хочацца сказаць толькі адно: да пабачэння, да новых сустрэч!

АПАВЯДАННІ
РАЗВІТАННЕ З ЛЕТАМ

    Канец  жніўня… Неўпрыкмет праляцела  гаманлівае, яскравае і светлае лета, пакінуўшы за сабой яшчэ адзін год жыцця. Я адмяраю свае жыццёвыя адрэзкі па лету. У чэрвені мой дзень нараджэння, летнія месяцы любыя майму  сэрцу, як і  асенні верасень.  Думаю, не памылюся, калі скажу, што  для любога чалавека цяпло лепш, чым сцюжа. Хто не любіць лета?
    На ўтульным нёманскім пяску яшчэ цёпла, калі не спякотна. На процілеглым беразе  ціха калышацца лаза, ківае вершалінамі малады алешнік. Вада маніць прахалодай і свежасцю, лес дорыць спакой, напаўняе наваколле рознымі пахамі. Не хочаца нікуды ісці. Чаму б не застацца тут, жыць каля гэтай  велічнай хуткаплыннай рэчкі? Не можа чалавек рабіць тое, што захоча, вечны раб нейкіх абавязкаў  і праблем. І ў гэты момант мне, чамусьці, узгадваецца далёкае дзяцінства. Не сказаць каб бесклапотнае, але дарагое, непаўторнае і па-свойму шчаслівае…
    Вось так, напрыканцы жніўня, я стаяў некалі  на беразе сваёй роднай Пцічы.  Я прыйшоў на рэчку памыцца, бо ўлетку лазня ў вёсцы не працавала. Да школы засталіся лічаныя дні. Амаль усё лета я пасвіў замест бацькі калгасны статак і толькі цяпер займеў некалькі вольных дзён. Памыўшыся, і ўволю накупаўшыся, вылез на бераг і прылёг на зялёную мураву. Пасля купанння настрой бадзёры. І яшчэ рады таму, што пазбавіўся абрыдлай  за лета пастуховай долі. Думкі і мары напаўняюць душу. Я разумею, што дзяцінства праходзіць, калі не прайшло. Хутка ўступаць у новае, дарослае, жыццё. Якім яно будзе для мяне?
    Сонца хаваецца за хмарку, адразу  ў паветры свяжэе. Гляджу на процілеглы бераг і бачу, што зеляніна ўжо не тая. Не так ярка блішчыць лістота, зніклі  шматлікія буслы, апусцелі буслянкі.  І вада, здаецца,  сёння была не такой цёплай, як раней. У паветры вісіць лёгкая, ледзь улоўная смуга. Восень  не на парозе, яна ўжо ступіла ў хату. І што,  на гэтым усё? Лета больш не будзе?
    Аднекуль набягае незразумелая, невыказаная туга. Я не ведаю адкуль яна, чаму прыйшла, чаму сэрца поўніцца жалем і журбою.  Каго я шкадую ці чаго? Тады мне было цяжка патлумачыць свае пачуцці, разабрацца ў сабе. І толькі праз гады  я разумею, што гэта не проста нейкі гарманальны ўсплёск, перабудова арганізма, калі настрой часта змяняецца, калі нешта невядомае варушыцца ў табе, вымушаючы шукаць патаемныя куткі для перажыванняў. То было  развітанне з летам і з няспраўджанымі  дзіцячымі марамі, насцярожана-трывожнае чаканне будучыні і надзея на сустрэчу з тымі марамі, якія павінны абавязкова збыцца. Усе пачуцці  перапоўнілі маю дзіцячую душу, нібы яна чакала адказу. Толькі адказаць не было каму.
    Няма таго хлопчыка, ён вырас. Штосьці збылося, штосьці згінула ў жыццёвых віхурах. Але да болю ў сэрцы хочацца яшчэ раз вярнуцца туды, у тое дзяцінства і на той бераг, каб зноў развітацца з летам.
   
СВАТЫ
Сюжэт апавядання пабудаваны на аснове рэальных падзей, якія мелі месца  ў раённым горадзе N. ў 2014 годзе.
     У кватэры Зяленскіх ужо некалькі дзён  адчувалася нязвыклая ўзрушанасць, а часам, нават, і мітусня. Васіль Пятровіч – сціплы, ціхі, сярэдняга росту мужчынка з непрыкметным тварам  пакорліва выконваў усе жончыны даручэнні, ездзіў па крамах і на мясцовы рынак, цягаў на свой чацвёрты паверх нейкія бясконцыя пакункі. Куды ж ты дзенешся ад гэтай мітрэнгі – усё павінна быць не горш, як у людзей. Тым болей, што сваты  важныя, не абы хто. Па-першае, жывуць аж у Маскве; па-другое, сват, Аркадзь Сяргеевіч Данілаў – распаўнелы,  гаваркі, упэўнены ў сабе чалавек – палкоўнік запасу; свацея, Надзея Паўлаўна – у адрозненне ад мужа, худаватая, ў акулярах – кандыдат  нейкіх там навук. А хто ён, Васіль Пятровіч Зяленскі? Просты слесар, “рабацяга”, як кажуць, дваццаць сёмы год трубіць на родным заводзе. Праўда, не без граху, іншы раз можа і добра закласці за каўнер. Бывала, што  потым меў добрага прачуханцу ад жонкі, але ж на тое  і баба ў хаце каб парадак быў. Жонка яго, Тамара Іванаўна – мажная, разваротлівая, з кароткаю стрыжкаю – таксама невысокага звання, усяго прадавец у краме прамтавараў.
    Вось выйшла неяк так, што Зяленскі, ціхмяны і небагаты чалавек,  сватоў  займеў – любы пазайдросціць. А ўсё пачалося з таго, што адзіная дачка Зяленскіх, Святлана, якая працавала  тэхнолагам на малочным камбінаце, паехала на экскурсію ў Санкт-Пецярбург. І трэба ж было ёй там, у паўночнай сталіцы, сустрэцца з Аляксеем Данілавым, нейкім топ-менеджэрам буйнага камерцыйнага банку. Пасля той паездкі  пачалася перапіска ў сеціве, званкі і ўжо праз паўгода Света пераехала да закаханага ў яе Аляксея. Малодшы Данілаў меў сваю кватэру, прыгожую машыну і добры заробак. Васіль Пятровіч, як чалавек старой закваскі, хацеў было запярэчыць: распуста нейкая. Не пазнаёміліся толкам, не пажаніліся, а жывуць разам. Але жонка штурханула яго ў бок і загадала не лезці – не варт  упускаць такога выгаднага жаніха. Тым болей, што ўсё склалася добра. Яшчэ праз паўгода згулялі вяселле ў Маскве. Як потым даведаўся Зяленскі Данілавы-старэйшыя былі супраць шлюбу са Святланаю – яны  жадалі для сына больш выгаднай партыі, але малодшы Данілаў упёрся рогам. Старэйшыя мусілі саступіць. Васіля Пятровіча  агаломшыў размах і багацце застолля. У царкву маладыя ехалі на прыгожай  карэце, запрэжанай белымі коньмі, у загс суправаджала цэлая калона чорных “мерсэдэсаў”, рэстаран забіваў духі раскошай. А ўжо што рабілася на стале – лепш не пераказваць. Зяленскі не ведаў і паловы з тых страў, што  падавалі ў рэстаране.
    А цяпер, як кажуць у народзе, “алаверды” – сваты едуць да іх у госці, у адведкі. У Зяленскіх простая трохпакаёвачка, з больш-менш прыстойным рамонтам, але ж не раўня чатырохпакаёвым харомам маскоўскага свата, дзе і ступаць боязна. Жонкі хутка знайшлі агульную  мову, і Васіль Пятровіч даведаўся, што Аркадзь Сяргеевіч займаў  у свой час “хлебную” пасаду ў аддзеле тылавога забяспячэння, таму і жыве, “як чалавек”. Ды такой бяды, хай сабе жывуць, Зяленскім галоўнае не ўдарыць тварам перад дарагімі сватамі.
    Так думаў Васіль Пятровіч, стоячы на вакзале. Вось-вось павінен прыбыць цягнік на якім прыедуць сваты. Дачка з зяцем прыкацілі некалькі дзён таму на сваім аўтамабілі, пакруціліся дзень ці два, засумавалі ды вырашылі наведаць Нарач з кампаніяй моладзі, паабяцаўшы вярнуцца заўтра. Таму  сёння сватоў прыйдзецца абхаджваць самому.
    - Не стой, як слуп, - штурханула яго жонка ў бок, - вунь выходзяць з вагону. Пайшлі хутчэй.
    Сваты паважна выйшлі на перон, углядаючыся ў сустракаючых.  Тамара Іванаўна таранам прайшлася ўздоўж  трэцяга вагону, высвеціла на твары найвялікшую радасць і раскінула рукі  для абдымкаў:
    - Сваточкі, любыя, даражэнькія мае! Мы такія радыя, такія радыя! Як даехалі?
    - Спасибо,  нормально, только вот жарковато да грязно в наших поездах, - адазваўся сват незадаволеным голасам.
    - Добра што прыехалі, мы такія радыя, такія радыя!
    Свацці расцалаваліся, Аркадзь Сяргеевіч стрымана падставіў шчаку для пацалалунку,  а Васіль Пятровіч, нясмела паціснуўшы руку свату,  падхапіў у рукі дзве даволі габарытныя валізкі. Данілаў пакруціў галавою па баках:
    - Что это вы, Василий Петрович, сами? Носильщика бы  надо нанять.
    - Ды што вы, сваток, хіба ж я ўломак які – сам данясу. Дый лішнюю капейчыну аддаваць за гэта?
    Аркадзь Сяргеевіч гмыкнуў, але прамаўчаў. Хутка дайшлі да машыны, ўладкаваліся, і старэнькая “аўдзі” паімчала на родную Савецкую вуліцу.
    - Праходзьце, калі ласка, праходзьце, - Тамара Іванаўна мітусілася, не ведаючы, як яшчэ запрасіць у кватэру  дарагіх гасцей. – Распранайцеся, аглядайцеся, а я хуценька падагрэю стравы.
     Потым аглянулася на  мужа:
    - Вася, не стой, як зачараваны, запрашай Аркадзя Сяргеевіча і Надзею Паўлаўну. Пакажы кватэру.
    Схамянуўшыся, Зяленскі гукнуў:
    - Праходзьце, сваточак, во сюды, у гэты пакой – тут мы для вас ложак паслалі. Ага, будзьце, як дома. У нас тут ціха, вуліца не самая ажыўленая, двор зялёны – не раўнуючы, як на дачы.
    Сваты ўвахпнуліся  ў невялічкую зашклёную лоджыю, ляніва слізганулі па рослых таполях, што падпіралі ліствою пад дом ды вярнуліся ў кватэру.
    - Вы, мужчины, поговорите здесь, а я помогу Тамаре Ивановне, - Надзея Паўлаўна пайшла на кухню.
    Данілаў прайшоўся па пакоі, заклаўшы рукі за спіну, і спытаўся:
    - Как вы, Василий Петрович, здесь, в Белоруссии,  поживаете? 
    І, не чакаючы адказу,  сам загаварыў далей:
    - Небогато, смотрю, но чисто везде. Правда, названия смешные какие-то попадаются, язык сломаешь от ваших слов.
    Пасля гэтага ён самазадаволена засмяяўся.
    -  Яно так сваток, - пагадзіўся Васіль Пятровіч, - небагата жывём, затое ціха – не было б горш. Ну, а мова нашая простая, канешне, але мы прывыклі. Праўда, мала хто цяпер гаворыць на чысцюткай, ўсё болей  па-руску.  Гэта некалі даўней, калі я ў вёсцы рос – вось там то трасянкі амаль не было.
    - Это хорошо, что переходите на нормальную речь – я это одобряю, правильную линию гнёт ваш президент. Вон в Украине что творится. А всё эти националисты виноваты.
    - Хіба разбярэшся, хто вінаваты, а  хто не, - уздыхнуў Васіль Пятровіч.
    - Ну ўсё, Аркадзь Сяргеевіч, просім да стала, просім, -  у пакой увайшла Тамара Іванаўна, выціраючы рукі.
    Пасля паўтарагадзіннага застолля твары ў гасцей і гаспадароў прыкметна паружавелі. Нават Тамара Іванаўна, якая амаль не ўжывала моцнага алкаголю, і тая выпіла некалькі кілішкаў гарэлкі. Васіль Пятровіч пажвавеў, пасмялеў і, з прыязнасцю гледзячы на свата, падтрымліваў ажыўленую гамонку за сталом. Спачатку  выпілі за маладых, за іх будучае шчаслівае жыццё і за будучых унукаў, пасля размова перайшла на сёняшнія эканамічныя рэаліі і ўвогуле палітычную сітуацыю ў свеце.
    - Нужно держать народ в узде – тогда и порядок будет. Вон Сталин не давал голову поднимать разным националистам, придушил всю нечисть и тихо было. Хорошо, что в России навели порядок, пора и этих бандеровцев в Украине прижать, - нахрапіста даводзіў Данілаў.
    - Не скажыце сват, - смела запярэчыў Васіль Пятровіч, - быў я там год таму ў іх – брат у мяне жыве ў Хмяльніцку. Не бачыў я там ніякіх бандэраўцаў,  людзі,  як людзі – добрыя, гасцінныя.
    - Ситуация меняется, - даводзіў Аркадзь Сяргеевіч, - а всё из-за того, что уходят они от нашего братства, в угоду дяде Сэму предают Россию, предают веками устоявшуюся дружбу.  Ещё и хотят, что бы русские там говорили на их тарабарском языке. Вот и ты, Вася, вместо того, чтобы говорить по-нормальному, употребляешь какие-то словечки, ну прямо, чёрт-те что.
     І Данілаў, падрабляючыся пад голас Васіля Пятровіча, перадражніў яго:
    - Ажыў, цяпер, годзе. Тьфу ты, язык сломаешь.
    - Не, сваток, не згодзен я, чаму вы лічыце, што гэта дрэнныя словы? Нармальныя словы, - зноў не пагадзіўся з ім  ажыўлены Зяленскі, - я ж вырас на гэтым. Што ж, мне  адмаўляцца ад роднага слова, ад роднай мовы?
    - Да какие там слова – быдлячьи прямо. Мова, ну надо же,  - скрывіўся Данілаў. - На русском надо говорить, это великий и могучий язык, как сказал классик, язык признанный всем миром.
    - Вы, сват, хочаце сказаць, што мы быдла? – Васіль Пятровіч шчыра абурыўся  і грукнуў кулаком па сталу.
    - Супакойся ты, набраўся, дык будзь чалавекам, - зашыпела на яго жонка і кінула ўмольны позірк на Данілава:
    - Прабачце яго, Аркадзь Сяргеевіч, выпіў лішняга.
    Сват, як  не пачуў яе прабачэнняў. Ён нахіліўся да Васіля Пятровіча і ў запале махнуў рукою, нібыта выносячы прысуд:
    - А разве нет? Да если бы не русский человек, не Россия – сидели бы вы, как партизаны, в своём вонючем болоте и дальше.
    - Дык што, мы ўсе – быдла? – Васіль Пятровіч прыўзняўся.
    Аркадзь Сяргеевіч выпіў падстаўлены Тамарай Іванаўнай кілішак і, не закусваючы, матлянуў галавою:
    - Не горячись, Вася.
   Потым ён  устаў і,  панібрацку ляпнуўшы Зяленскага па плячу, заявіў:
    - Вам давно пора по-настоящему приобщиться к нашей великой культуре, иначе так и останетесь бульбашами неотёсанными, партизанами, ха-ха-ха.
    - Ах так?!
    Відаць, пасля гэтых слоў  нешта перакруцілася ў галаве ў Васіля Пятровіча – ён не на жарт раз’юшыўся:
    - Вось табе за быдла.
    І, схапіўшы сталовы нож,  саўгануў ім Аркадзю Сяргеевічу ў бок. Надзея Паўлаўна дзіка завішчала, а Тамара Іванаўна, коратка ўскрыкнуўшы, ударыла мужа па руцы. Нож упаў на плітку, глуха звякнуўшы.  Данілаў збялеў, і, вырачыўшы вочы, схапіўся за бок. Надзея Паўлаўна, згледзеўшы кроў на мужавай  кашулі, страціла прытомнасць – Зяленская ледзь паспела падхапіць яе. Тамара Іванаўна разгубілася, не ведаючы,  каго ёй ратаваць. Пасля кароткага замяшальніцтва Васіль Пятровіч сам ачомоўся і загаласіў:
    - Сваточак, даражэнькі, прабачце, я ж не хацеў! Авой, што ж я нарабіў?!
    - Скорую вызови, - прахрыпеў сват.
    Васіль Пятровіч кінуўся да тэлефона, а Тамара Іванаўна, пырскаючы  мінеральнаю вадою ў твар Надзеі Паўлаўне,  спрабавала прывесці яе да свядомасці. У хуткім часе  ў двор уварваліся гукі сірэны.
    Васіль Пятровіч сядзеў у крэсле, і,  схапіўшыся за галаву, мармытаў сабе пад нос:
    - Што я нарабіў, што я нарабіў!?
    - Алкаш няшчасны, каб на цябе немач, - ўсхліпвала Тамара Іванаўна, - гэта ж трэба – такая ганьба, такая ганьба! Божа ж мой, што цяпер будзе?
    У суседнім пакоі ўрач аглядаў Данілава.  Праз нейкі час ён выйшаў:
     - Мы забіраем пацярпелага з сабою.  Ён тут прапісаны?
     - Не, - прашаптаў Васіль Пятровіч.
     - А дзе яго пашпарт?
     -Зараз, я спытаюся, - усхліпваючы і, на хаду выціраючы слёзы,  падхапілася Тамара Іванаўна.
    Урач сеў за стол пісаць нейкія паперы. Васіль Пятровіч на ватных незгібаючыхся нагах пайшоў за жонкаю ў суседні пакой. Надзея Паўлаўна паўзляжала на шырокім мяккім крэсле, прыклаўшы да галавы мокры ручнік. Аркадзь Сяргеевіч  сядзеў на ложку з голым торсам, збоку ў яго, на брушыне, бялела свежая павязка.
    - Сваток, прабачце дурня, не ведаю, што на мяне найшло, - зніякавелы  Васіль Пятровіч, ледзьве дыхаючы, апусціў галаву. – Гарэлка, праклятая, вінаватая, гары яна гарам. Прабачце.
     - Ладно, Вася, не клянчи – рана неглубокая. Хорошо, что нож тупой, ты мне только  кожу рассадил. Доктор ваш пообещал заштопать так,  что даже знака  потом не останется,  - Аркадзь Сяргеевіч, зморшчыўшыся ад болю,  падняўся. – А ему я сказал, что порезался о разбитое стекло. Как не крути – родня мы теперь.  Лучше помоги мне одеться.
    Зяленскі  расшпіліў чамадан, выцягнуў  чыстую кашулю і дапамог свату апрануцца. Ужо потым, Васіль Пятровіч,  падтрымліваючы Аркадзя Сяргеевіча пад локаць і, дапамагаючы  спускацца па лесвіцы, усё шаптаў:
    - Асцярожна, сваточак, асцярожна. Так, вось яшчэ адна прыступачка, яшчэ адна. Ах, каб мяне пярун, дурня недапечанага. Усё праклятая гарэлка   даводзіць. Асцярожна, сваточак, асцярожна.

ЖУРАВІН ЗАБЫТЫХ ПЕСНЯ
    Пакінуўшы машыну пры дарозе, Анатоль Паўлавіч адразу ж скіраваў на невысокі грудок, што спрэс кучаравіўся танканогімі бярозкамі ды купчастымі хвойкамі. Некалі,  пахадзіўшы ўсяго з паўгадзіны, ён мог нарэзаць на ім з кошык  грыбоў. Але сёння, акрамя чытырох чарвівых баравічкоў, больш  нічога не знайшоў. Яно і зразумела: такая сухмень стаяла летам. І тады  стаў спускацца ўніз, у лагчыну, якая далей скончвалася вялікім старым балотам. Даўнавата  быў ён у гэтых мясцінах у апошні раз, мабыць, некалькі год таму назад. Вось толькі цяпер, калі выйшаў на пенсію  можа аддацца свайму любімаму занятку, так званаму ціхаму паляванню, ездзіць усюды, куды захочацца.
    Праходзячы каля купкі маладога бярэзнічку  адчуў, як злева, ў грудзях, нешта кальнула. І чаго б гэта яно?  Раней ніколі сэрца   асабліва не турбавала. Анатоль Паўлавіч спыніўся, расшпіліў кашулю і пацёр грудзіну. Як быццам бы прайшло, можна ісці далей. І ў гэты час  на вока трапіўся  першы тугі крамяны   грыб, што  вылез на яго шляху з бледна-зялёнага моху. Акуратна зрэзаўшы прыгожы баравічок, Анатоль Паўлавіч рушыў быў далей ды заўважыў, што ледзь не стаптаў жоўценькія кругленькія лісічкі. І пайшло. Ён так захапіўся, што не заўважыў, як ушчыльную падступіўся да балота. Там, у глыбіні,  было яно зусім брыдкае – з амаль згніўшымі струпамі бярозавых камлёў, чорнай масляністай тванню ды прыхованай у рэдкай і нізкай траве шэрай паныласцю. Затое на ўскрайку аксамітная траўка вабіла сваёй гарэзлівай зелянню, як маладая дзяўчына, што толькі-толькі адчула ў  сабе  трапяткую радасць першага кахання, непаўторнасць новага пачуцця  і   асалоду  ад жыцця.  І зусім чароўна-маляўніча  глядзеліся  сярод  травы, балота і нейкай спалохана-насцярожанай цішыні  чырвоныя каралі журавін. Іх было няшмат, яны як бы стаіліся ў злёгку парыжэлых купінах і  прылеглай траве, але прайсці міма гэтай сціплай прыгажосці  ён не змог. Прысеў, асцярожна сарваў журавінку, хацеў пакласці яе ў рот і нечага перадумаў. Прыслухаўся.  Неверагодная цішыня. Такая ж цішыня стаяла тады, калі ён быў тут з Марыйкаю. Ах, Марыйка, Марыйка…
    Тым, такім жа цёплым вераснёўскім днём, ён зманіў яе паехаць сюды па грыбы. Марыйка першая знайшла журавіны і паклікала яго:
    - Толя, глядзі, журавінкі! Якая   прыгажосць!
    Ён узяў, кінуў адну ў рот і скрывіўся:
    - Ух, кіслэча.
    - Дурненькі, - засмяялася Марыйка. - Хто ж іх цяпер   есць? Гэта пазней   
яны будуць  смачнейшыя. Да таго ж карысныя вельмі.
    Потым заплюшчыла вочы і на нейкі час змоўкла.
    - Толя,  ты чуеш? - раптам сказала яна.
    - Што?
    - Як журавіны спяваюць.
    Ён прыслухаўся. Стаяла цішыня. Такая цішыня, што рэзала вуха і ён нічога не пачуў, аніводнага гуку.
    - Не, ты добра паслухай, -  настойліва паўтарыла яна. І было нешта такое   
ў  яе твары, ва ўсёй яе постаці, ад чаго Толева  сэрца здрыганулася і замерла. Была яна ў той момант незямной багіняй, лясной прыгажуняй, чароўнай прынцэсай з сярэднявечнага малюнка,  русалкай і німфай, усім адразу – ніколі ён  не бачыў  яе такой, як цяпер.  Што тады яна хацела сказаць, а ён не змог адчуць? Ці не аб тым, як журавіны спяваюць песню лесу і балоту, вятрам і прасторам: спачатку  дзілінь-дзілінь, потым ціхенька бум-бум, пасля зноў дзілінь-дзілінь. Ды яшчэ  шэпчуць словы падзякі роднай зямлі, вадзе і сонцу, дню  і ночы за тое, што тыя далі ім жыццё, сілу і прыгажосць. Расказваюць, якія тут на дзіва цудоўныя светлыя раніцы, як хораша спяваюць птушкі, як добра жыць на белым свеце.  А напрыканцы сваёй песні  развітваюцца з цёплым летам, вітаюць  восень і зіму, каб  зноў абудзіцца і сустрэць вясну. І ўсё гэта яна, мабыць, і хацела яму расказаць, а ён не зразумеў.
    - Ах  ты, летуценніца мая, - засмяяўся ён і прытуліў да сябе Марыйку. -Ведаю, ты  любіш  марыць,  вось і ўявіла сабе  гэтую песню.
    - Не, - з нейкім смуткам адказала яна, - гэта не  так. Шкада, што ты не
змог яе пачуць, шкада, што журавіны не захацелі  праспяваць яе для цябе. Я сапраўды  чула журавінавую песню. Яны так цудоўна спяваюць, гэта такая добрая песня, што мне хочацца ад яе плакаць. Чаму мне хочацца сёння  плакаць ад яе, Толя? Што са мною робіцца?
    І была яна цэлы дзень потым задумлівая, як бы сама не свая. Можа, ужо тады, прадчувала ўсё? Бо потым  усё адбылося, як у якімсьці дрэнным і непраўдзівым серыяле. Недзе праз месяц яны пасварыліся з-за  дробязі – ён  незаслужана зарэўнаваў Мырыйку. А таму  самаўпэўнена лічыў, што яна павінна першая прыйсці прасіць прабачэння, бо не ён жа вінаваты. Марыйка не ішла. Пасля ён якраз паехаў у камандзіроўку на цэлы месяц і вырашыў нічога ёй не пісаць. Ды не змог, каханне аказалася  мацней за яго дурную дзіцячую ўпартасць. Напісаў некалькі лістоў, але адказу не атрымаў. Ён не ведаў, што і думаць. Калі ж вярнуўся ў горад, даведаўся, што яна так і не паспела атрымаць яго лісты, бо разлічылася і з’ехала дахаты, пакінуўшы  кароткае пісьмо:
    “ Прабач, мой любы, я не магу заставацца тут, дзё ўсё напамінае аб табе.  Паеду да бацькоў, паспрабую ўладкавацца там.  Мне невыносна цяжка ад таго, што ты не прыходзіш і не пішаш, бо я цябе ўсё так жа кахаю. Не ведаю, што будзе далей, але я хачу каб ты быў шчаслівы.  Марыя.”
    Ад яе сяброўкі ён даведаўся Марыйкін адрас, напісаў ліст,  у якім прасіў прабачэння і абяцаў прыехаць. Не паспеў. Замест яе  адказала малодшая сястра. Абухам  аглушыла страшная вестка: Марыйкі больш няма, яе збіла машына. Ён страціў сваё каханне, ён так і не змог папрасіць прабачэння…
    Анатоль Паўлавіч  падняўся і аглядзеўся. Цішыня – ані гуку, аніякага руху. Цішыня заўладарыла наваколлем, цішыня  агарнула гэты куток, даючы зразумець, што ты толькі пясчынка ў бясконцым палёце Сусвету. А жыццё такое непрадсказальнае.  І тут у сэрцы зноў так кальнула, што яму зрабілася млосна. Ён асунуўся на зямлю, заплюшчыў вочы. І   пачуў.  Ці, можа, адчуў? Так, так, выразна адчуў, як ад журавін даносіцца ціхая-ціхая, ледзь улоўная мілагучная мелодыя: дзілінь-дзілінь, бум-бум, дзілінь-дзілінь. Быццам недзе побач пад ветрыкам гойдаюцца  лёгкія,  празрыстыя, як крыштальныя  званочкі, спяваючы ў такт нябачным павевам: дзілінь-дзілінь, бум-бум. Ён стаіў дыханне, баючыся парушыць, згубіць чароўную мелодыю. А яна не сціхала, наадварот, яна мацнела, шырылася,  хутка на ўсім белым свеце не было нічога, акрамя ціхай журботнай мелодыі. І яшчэ нехта нябачны нашэптваў яму  словы песні, што так даўно рваліся з душы. Залатая мая, каханая Марыйка, чаму  да  пары ты знікла? Чаму пайшло каханне тваё маладое, чаму пакінула ты мяне аднаго на гэтым свеце? Журавінка мая, прабач за надзей неспраўджанае мора.  Маё каханне  не памерла, я памятаю цябе дагэтуль і не забуду ніколі. Прабач мяне, прабач… Нясцерпны жаль агарнуў  душу, яму стала так хораша і, адначасова, невыносна балюча,  здавалася, што сэрца не вытрымае ўсіх гэтых пачуццяў  і разарвецца на кавалкі. О, Божа, як хораша спяваюць журавінкі, так,  што хочацца плакаць!   Марыйка, Марыйка, Марыйка…
    Анатоль Паўлавіч сядзеў, прыціснуўшыся да маладой бярэзінкі. Сэрца сціснула, як абцугамі, яно замерла,  боль разліўся па ўсёй грудзіне і ён не мог нават дыхнуць. Трэба бегчы да машыны, там ёсць аптэчка. Толькі не,  не  дабегчы, далёка да яе і сілы няма, каб падняцца. Прыйдзецца, мабыць,  у гэтым месцы развітацца з жыццём, каб недзе ў другім жыцці сустрэцца з Марыйкаю. Забыты вобраз з’явіўся, як у тумане: мілая харошая ўсмешка, ласкавыя васільковыя вочы. Ён усвядоміў, не, ён ведаў: яна даўным-даўно прабачыла яго, бо сапраўднае каханне не можа жыць без даравання.  І боль стаў адступаць, сэрца зноў варухнулася і затрапяталася, Анатоль Паўлавіч  цяжка і коратка задыхаў.   Ён зразумеў, што  сёння да яго прыходзіла, каб развітацца назаўсёды, тое першае  і, самае дарагое, каханне.
ВЫПАДКОВЫ СПАДАРОЖНІК
    Сырым і халодным, няўтульным восеньскім вечарам Міхась адвозіў у Баранавічы даўняга знаёмага, якому трэба было трапіць на цягнік.  Кастрычніцкая стыласць не падбаўляла бадзёрасці і, развітаўшыся з госцем, кіроўца не стаў затрымлівацца на  прыцямнелым, спахмураным чыгуначным вакзале. Зрэдку накрапваў дробны дождж, кідаючы на лабавое шкло мноства цягучых кропелек і тады шклоачышчальнікі з лёгкім скрыгітаннем сцягвалі ваду у зеўра ночы. Ціха і манатонна  паблісквала магнітола, выдаючы  знаёмыя гукі старых мелодый.
    Ужо за горадам, на скрыжаванні дарог, кіроўца заўважыў прыгорбленую адзінокую фігуру невядомага чалавека, які  галасаваў, нясмела ўзмахваючы рукою. Міхась не паспеў яшчэ і падумаць, што трэба было б падвезці незнаёмага, як нага сама ўжо націснула на тормаз: мужчына стаяў на мыліцах. Машына спынілася  побач з невядомым і той, пераставіўшы мыліцы, пацягнуўся да дзверцы.
    - Прабачце, можа возьмеце да Навагрудка? - у прыадчыненыя дзверы зазірнуў заросшы сівой шчэццю вільготны твар.
    - Так, сядайце, я якраз туды еду, - адгукнуўся Міхась.
    - Дзякуй, сынок, от жа мне пашанцавала, - узрадаваны стары  тут жа пасунуўся ў легкавік.
    Ён асцярожна перакінуў здаровую нагу, абапёршыся на мыліцы, сеў, ўладкаваўся на месцы і з палёгкаю ўздыхнуў. Машына некалькі разоў мільганула жоўтымі агеньчыкамі, плаўна выехала на дарогу і набрала хуткасць. Кіроўца  асцярожна глянуў на спадарожніка. Хударлявы, сярэдняга росту, з ускалмачанымі і даўно нястрыжанымі валасамі, стары нібыта пільна ўглядаўся наперад. Рукамі ён трымаў  нейкую торбачку, паклаўшы яе на знявечаную правую нагу.
    - Куды ж вы, дзядуля, выбраліся гэткаю нядобраю парою? - спытаў Міхась.
    Стары ўздыхнуў, нейкі  час памаўчаў, потым адказаў:
    - Думаў, што застануся тут, у Баранавічах.  Ды выйшла так, што прыйшлося вяртацца. Мабыць, не трэба было ехаць.
    - Не чакалі там гасцей?
    - Яно,канешне, не чакалі, - пагадзіўся стары, - але не ў гэтым справа. Мабыць, паспяшаўся я, не падумаў добра.
    Стары прымоўк, а Міхасю было няёмка распытваць незнаёмага чалавека і ў машыне стала ціха. Адно толькі мерна вуркацеў рухавік і з калонак даносіўся прыглушаны голас нейкага спявака аб згубленым каханні. Але спадарожнік маўчаў нядоўга.
    - Хто ж некалі думаў, што так усё складзецца, - ціха сказаў ён. - Але ж нічога   не вернеш назад. Прыйдзецца, хутчэй за ўсё, дажываць так, як ёсць.
    На нейкі час ён зноў змоўк,  потым працягнуў такім жа ціхім голасам:
    - У малодасці я быў здаровым і дужым, у касьбе абганяў усіх на вёсцы. Ведаеш, толькі мне  вельмі хацелася свет паглядзець, дзе і як людзі жывуць. Таму, калі напрыканцы тэрміновай службы нас сталі вербаваць ехаць у Карэлію, паехаў не раздумваючы. Тады, здавалася, горы магу звярнуць. Рабіў, як вол, зарабляў нядрэнныя, па тых часах, грошы, крыху адсылаў бацькам, але і сабе заставалася нямала. Яны, тыя грошы, мяне і загубілі.  Былі ў мяне, на той час, сябры, такія ж як і я. Калі выпадала магчымасць, мы шыкавалі, гулялі, як маглі. Ужо дзяўчат мянялі, дык і казаць не хачу.   Адным словам, мора нам было па калена. Потым паехалі мы на Далёкі Усход, адтуль вярнуліся зноў у Карэлію.  Запала тады ў сэрца мне адна дзяўчына: добрая, спакойная, прыгожая. Я адразу свае гульбы закінуў, вырашыў ажаніцца, паехалі мы да бацькоў. А пасля надумалі асесці тут, на Радзіме. Сынок у нас нарадзіўся, што казаць, жыві і радуйся.  Ды мала ўсё было для мяне тых грошай. Як мяне жонка не ўпрошвала, паехаў я зноў на лесанарыхтоўкі. Ну, і вядома ж, хутка забыў сямейнае жыццё, загуляў зноў і назад ужо не вярнуўся. Неяк думалася, паспею, куды яны падзенуцца, грошай зараблю і вярнуся. Але ж вольнае жыццё засмактала. Выйшла так, што з адною прыжыўся, потым з другою. Так і бадзяўся па свету, пакуль быў здаровы. Некалькі разоў спрабаваў напісаць жонцы, але яна не адказвала, я і кінуў. Так выйшла, што калі мне было  недзе пад пяцьдзясят пяць, жанчына з якой я жыў, памерла. Яе дзеці выселілі мяне   з кватэры, бо я там быў не прапісаны, а кватэра мне не належала. Прыехаў на Радзіму, думаў, што знайду былую жонку ці яшчэ каго, але сям’я кудысьці пераехала. Ох і цяжка мне было: без жылля, без блізкіх, ды і здароўе стала не тое. Пенсію я  атрымаў, але далей як жыць?  Стаў  рабіць дакументы і неяк   уладкаваўся ў інтэрнат для састарэлых, бо на той час у мяне стала дрэнна з нагою і яе аднялі.
    Стары зноў замаўчаў: успаміны расхвалявалі яго.
    - І вось  прыйшлі неяк да нас на свята дзеці: павіншаваць, канцэрт невялікі наладзілі. Паглядзеў я на дзяцей і так мне радасна стала: у мяне, думаю, таксама недзе ўнукі такія   ж павінны быць. Хіба ж яны не будуць рады дзядулі? Загарэўся я знайсці сваю сям’ю. Наш дырэктар, дзякуй яму, сабраў патрэбныя звесткі і адшукаў  адрас сына. Я ледзь не плакаў: як жа так, сын побач жыве, ўсяго шэсцьдзесят кіламетраў, а я нічога не ведаў.  Адпрасіўся тады і паехаў да сына. Не паверыш, хваляваўся, аж сэрца калацілася, столькі год яго не бачыў. Я ж пакінуў сям’ю, калі яму толькі пару год было.  Знайшоў патрэбны адрас, падняўся паціху на трэці паверх. Падыйшоў да дзвярэй з паперкаю ў руках, гасцінцы ў торбачцы трымаю, стаю  і баюся націснуць на кнопку, сэрца тахкае, на пот прабіла. Чую за дзвярамі дзіцячыя галасы, смех нейкі. І тут да мяне дайшло: куды я сунуся, хто я такі? Сын мяне не памятае, бо я не клапаціўся аб ім, ніколі не дапамог, нічым не паспрыяў. Хто я для яго цяпер? Так, выпадковы чалавек. Заяўлюся ў кватэру: вось я, ваш бацька і дзядуля, інвалід, трымайце падарунак. І так балюча мне стала ад гэтай праўды, што я не стаў званіць, заплакаў і паклыпаў на вуліцу. Няма мне там месца. Вось так.
    Гэтымі словамі, нібы прысудам,  ён скончыў свой аповед. Спадцішка глянуўшы на яго , Міхась заўважыў, што ў старэчых вачах  блішчаць слёзы.   
    - Можа, дарэмна вы так? - ён не стрымаўся. - Магчыма, сын  дараваў бы
вам.  Як-ніяк, вы ж бацька.
    - А ты дараваў бы? -  выпадковы спадарожнік   павярнуў да яго твар. Міхась сумеўся і пасля хвіліны маўчання не змог схлусіць старому чалавеку:
    - Не ведаю.   
    - Так і я падумаў. 
    - Ведаеце што, - ажывіўся кіроўца, -  напішыце яму пісьмо, раскажыце
ўсё, што  расказвалі мне: усе свае пачуцці, перажыванні, думкі. Ён убачыць, што вы пішаце не дзеля таго, каб дадаць яму нейкага клопату, а тое, што вы жывы чалавек, такі ж як і ён, што  ён усё адно ваш сын, вы яго любіце. Не можа быць, каб ён гэтага не зразумеў. Я упэўнены: ён сам прыедзе да вас.
    - Так, напэўна,  так, - узрадавана пагадзіўся стары. - Ён павінен зразумець. Я так і зраблю, абавязкова напішу. 
    Кіроўца высадзіў старога каля інтэрната, адхіліўшы яго руку з грашыма.
    - Дзякуй табе, сынок. Я абавязкова напішу. Дзякуй.
   Выязджаючы на галоўную дарогу, Міхась глянуў у люстэрка, але старога ўжо не было відаць у цемры.  Калі ж ён павярнуў галаву наперад, то ўбачыў на лабавым шкле адзінокі  жоўты ліст, які зачапіўся за шклоачышчальнік. Край ліста часта матляўся пад напорам сустрэчнага ветру, але сам ён  нейкім цудам ўпарта трымаўся там,  як бы не жадаючы адрывацца і ляцець у чорную халодную пустэчу. 
АДВЕЧНАЕ
1
    На бальнічным калідоры, нібы на гарадскім праспекце, было шматлюдна. Заклапочаныя  людзі  беглі па сваіх справах, хадзілі медсёстры з капельніцамі, ляпалі дзверы ў палатах.  Зыркае майскае сонца заліло святлом  цемнаваты доўгі калідор, сястрынскі пост і груду нейкіх скрынак, што  не паспелі разабраць ад учарашняга. З палаты пад нумарам сем выглянуў сіваваты мужчына з маршчыністым тварам, зірнуў на ўваходныя дзверы аддзялення і, трымаючыся за сцяну,  пайшоў у прыбіральню. Праз нейкі час ён выйшаў, зноў зірнуў на ўваходныя дзверы, нечага ўздыхнуў і павольна пайшоў у палату.   
    Абход  даўно скончыўся, некаторыя хворыя паглядвалі ў бок сталоўкі – падходзіў час абеду. Па калідору няспешна ішоў малады – год каля трыццаці пяці – мужчына з невялічкім пакункам у руках. Выглядаў ён, як выглядае чалавек пасля цяжкай і доўгай працы: стомлены непаголены твар, змятыя джынсы, спахмураны позірк.  На  яго плячах вісеў  засціраны бальнічны халат  з шэрым адценнем, а брудныя чаравікі слізгалі па падлозе, нібы ў нямоглага чалавека. Наведвальнік звярнуў да палаты пад нумарам сем і рашуча адчыніў дзверы. На яго скіраваліся позіркі ўсіх, траіх, хворых. Сіваваты мужчына ажывіўся і прыпадняўся ў ложку.
    - Як, ты, тата? - малады сеў на вольны ложак, паклаў свой пакуначак перад старым.
    - Нічога, - стары сеў, падлажыў пад спіну падушку і змоўк, пільна ўглядаючыся ў сына.
    - Змітравіч, мы пойдзем на абед. Вам прынесці сюды? - спытаў у старога адзін з хворых – невысокі паўнаваты мужчына з рудымі пракуранымі вусамі.
    - Не, дзякуй, нічога я не хачу. Не лезе яно мне.
    - Я ўсё роўна прынясу, трэба есці, - настаяў сусед.
    Калі суседзі па палаце выйшлі, Змітравіч зірнуў на сына:
    - У цябе, бачу, нічога не змянілася?
    - Тата, давай не будзем аб гэтым. Гэта маё жыццё і я сам разбяруся. Усё  будзе добра, - адвёў позірк той.
    - Эх, Паша, каб ты ведаў, як нядобра ў мяне на душы, калі ведаю, што хутка паміраць, а ў адзінага сына жыццё пад адхон пайшло. Навошта ты п’еш? Што табе гэта дасць?
   - Тата, я ж сказаў – давай не будзем аб гэтым, - незадаволена буркнуў Павел. - Вось паправішся, прыедзеш дахаты, там і пагаворым.
    - Не, адсюль у  мяне  ўжо толькі адзін шлях, - стары заплюшчыў вочы і крыху скрывіўся ад болю. - Як там маці?
    - Нічога. Сёння я пайшоў да цябе, то яна заўтра будзе.
    - Скажы – хай нічога не нясе. І Наташы патэлефануй, каб прыехала. Мне няшмат засталося.
    - Тата, кінь ты…
    - Досыць мяне супакойваць, - перабіў яго бацька, - я не маленькае дзіця. Сына даўно бачыў?
    - Тыдзень назад.
    - І што?
    - Нічога: пабачыліся, пагуляў з ім крыху.
    Нейкі час  яны маўчалі. Сын падняўся:
    - Добра, тата, я пайду. Ты папалуднуй, адпачні.
    - Пачакай, - бацька слаба варухнуў рукою. - Прысядзь.
    Павел паслухмяна сеў. Змітравіч паправіў падушку, зірнуў ў акно, на пакрытыя клейкай зелянінай бярозы.
    - Я цябе папрашу нешта зрабіць, але абяцай, што гэта ты зробіш абавязкова, - стары  ўважліва зірнуў на сына.
    - Добра, зраблю.
     - Не адмахвайся, памятай – ты абяцаў. Калі я буду ведаць, што выканаеш гэта, то змагу спакойна памерці. Я прашу, каб ты памірыўся з Дашаю і вярнуўся ў сям’ю.
    - Як ты сабе гэта ўяўляеш, калі яна нават гаварыць са мною не хоча?
    - Думай сам. Але ты абяцаў мне і павінен зрабіць. Ідзі, падай на калені, прасі. Я хачу, каб вы прыйшлі заўтра сюды ўсе разам: ты, Даша і Яўгенка. Ідзі.
-2-
    Павел выйшаў на вуліцу, закурыў і спыніўся ў роздуме. Задаў яму стары задачу. Не, адмахнуцца нельга, ўрач сказаў, што бацьку і сапраўды блага, усё  можа скончыцца ў любы момант. І ён будзе чакаць іх заўтра. У адваротным выпадку Павел не зможа больш пабачыцца з бацькам – той проста выгане яго з палаты. Такі ўжо характар у старога. Што ж рабіць?
    З Дашай яны пражылі шэсць год. Ці то Павел не быў гатовы да сямейнага жыцця, ці то характар ў яго такі, але ён не змог пазбавіцца сваіх халасцяцкіх звычак і пакінуць кола сваіх сяброў. Яны часта выязджалі на рыбалкі, збіраліся перакінуцца ў карты, іншы раз пасядзець у бары. Даша псіхавала, яны пачыналі сварыцца, але напачатку ўсё абходзілася. Свайго жылля не мелі, жылі разам з цёшчай у яе кватэры. Людміла Міхайлаўна ў цэлым неблагая жанчына, але ж яна, канешне, падтрымлівала дачку. Калі ж нарадзіўся Яўген, клопату пабольшала. Павел радаваўся нараджэнню сына, стараўся часцей бываць дома і ў іх у сям’і усё было выдатна.  Не так даўно сыну споўнілася чатыры. Якраз тады ў офіс прыйшла новая супрацоўніца – Алена. Неяк так склалася, што Паўлу прыйшлося  выконваць з ёю сумесную работу і ён заўважыў, што падабаецца дзяўчыне. Карацей кажучы, у іх было некалькі кароткіх сустрэч. Не, кідаць сям’ю ён не  збіраўся, нават і не думаў, гэты раман быў для яго  проста лёгкай інтрыжкай. Толькі ў офісе нічога не ўтоіш і, хутчэй за ўсё, нехта паведаміў Дашы. Інакш як бы яна даведалася? Месяц таму назад  яны моцна пасварыліся, але Павел ні ў чым не збіраўся прызнавацца, даводзіў, што ўсё нагаварылі злыя языкі. Тады Даша кінулася да  яго мабільнага тэлефона і стала паказваць паведамленні, што ён пісаў Алене. Павел  кінуўся адбіраць тэлефон, Даша хапала яго за рукі і ён у запале не стрымаўся – ударыў жонку па твары.
    Пасля таго Даша не хацела яго бачыць і размаўляць з ім. Павел вярнуўся ў бацькоўскую кватэру – добра, што хоць там было месца. Малодшая сястра год таму назад выйшла замуж і пераехала ў другі горад. У дадатак да ўсіх непрыемнасцей  шэф не прадоўжыў з ім кантракт,  Павел застаўся без работы.  Ён апусціў рукі, стаў выпіваць.  Сына  бачыў толькі ў садзіку перад тым, як яго забірала ці сама Даша, ці Людміла Міхайлаўна. А тут яшчэ і бацьку раптоўна дрэнна стала. Хвароба, як выявілася, была запушчанай і цяпер няма ніякай надзеі. Вось як цяпер Паўлу ўгаварыць Дашу, як?
    Ён чакаў Дашу каля пад’езда, хаваючыся за  дрэва, як злодзей. Сын першым заўважыў яго, радасна ўсміхнуўся  і паімкнуўся бегчы да бацькі:
    - Тата!
    Дашын твар адчужана спахмурнеў, яна адвярнулася і пацягнула малога за сабою:
    - Пайшлі дадому, хутчэй!
    - Пачакай, Даша, пачакай, - Павел кінуўся наперад і запыніў яе. – Прабач, што я цябе затрымліваю: нам трэба пагаварыць.
    - Пайшоў прэч адсюль! Я не жадаю з табою гаварыць, - яна хацела абыйсці яго.
    - Прабач мяне, я вінаваты перад табою, я не хацеў гэтага. Пачакай! Прашу цябе, затрымайся  толькі на хвілінку. Ведаеш, тату вельмі дрэнна.
    Даша спынілася і ўважліва паглядзела на яго.
    - Праўда, я не маню. Ён прасіў, каб ты з сынам наведала яго.
    - Добра, мы заўтра  зойдзем да яго, - коратка кінула Даша і зрабіла крок наперад.
    - Ён прасіў, каб мы прыйшлі ўсе разам.
    - Гэта немагчыма: я больш не хачу цябе бачыць.
    Даша пацягнула Яўгена за  сабою. Малы папешліва тупаў за ёю, разгублена азіраючыся на Паўла.
-3-
    Аляксей  Змітравіч не спаў. Боль станавіўся невыносным і ён, стрымліваючыся, каб не застагнаць, падняўся і сеў на ложку. Суседзі спалі: коратка, як задыхана,  пахрапваў  Іван, ложак якога стаяў вышэй, і зусім нячутна, як малое дзіця,  пасопваў  цёзка Аляксей, малады яшчэ мужчына, бацька траіх дзяцей.  Змітравіч  стаў на ногі, падыйшоў да вакна. Цёплая майская ноч агарнула наваколле. Ён прыадчыніў фортку і палату палілося свежае пахучае паветра. Яно было настолькі пахкае, насычанае веснавой свежасцю, жыццём, што здавалася ў цемені густым, як масла: бяры і маж яго на хлеб.  Мяккай лістотай супакойваюча шалясцелі бярозы і ён міжволі ўявіў сабе, што некалі вось так, над яго магілаю, будуць слацца дзве маладыя бярозкі. Чаму дзве? Хто яго ведае, але яму здавалася, што  будзе менавіта так. Вось і ўсё, Аляксей, прыйшоў твой час. Нечакана. І вось у гэтую пару, калі ўсё буяе, квітнее, ажывае пад цёплымі сонечнымі промнямі,  трэба адыходзіць у вечнасць. Не хочацца яшчэ паміраць, але не, ён не баіцца смерці. За гэты час, што ён ляжыць у палаце столькі перадумана… Шкада толькі аднаго – зламалася жыццё ў Пашкі. Што ж з табою рабіць, сынок?
    У іх доўга не было дзяцей. Дактары нічога, як быццам, не знаходзілі і тады яны паехалі да нейкай бабкі: знаёмая жонкі, Марыі, падсказала. Бабка, якая жыла ў глухой, Богам забытай вёсцы, акурвала іх нейкімі травамі, нешта шаптала, малілася і на развітанне сказала, што ў іх будзе двое дзетак. Ён тады не паверыў: нейкія шэпты, малітвы. Але калі ў хуткім часе Марыя стала цяжарнай узрадаваўся і паверыў. Калі нарадзіўся сын, ён быў на сёмым небе ад шчасця. Мо ад таго, што сын быў такі доўгачаканы, яны пеставалі яго. Нават, калі потым нарадзілася і Наташа, ён усё роўна застаўся  мамчыным і татавым любімчыкам: усё лепшае належала яму. З цяперашняга розуму Аляксей Змітравіч разумее, што яны няправільна рабілі. Як быццам, яны выхавалі сына прыстойным чалавекам, далі адукацыю, але ж ён прывык жыць толькі для сябе, а цяпер і ўвогуле нікога не хоча слухаць. І жонка сыну трапілася добрая – нявестка яму адразу спадабалася. Да іх з Марыяю адносілася з павагаю, сына глядзела, акуратная і прыязная. Вось толькі сын ніяк не супакойваўся, а колькі ж ён, бацька, яму даводзіў: глядзі сям’ю.  Вось табе і нагледзеў.
    Недзе за вуглом завыла сірэна: машына хуткай дапамогі паімчала на выклік. Неба як бы крыху пасвятлела, хутка пачне світаць, пачнецца яшчэ адзін дзень. Сёння павінны прыйсці яны ўсе разам. Ці прыйдуць толькі? Ён ведаў сына: калі абяцаў, то павінен зрабіць. Бо гэтак сам выхаваў яго.  Але ж нявестка можа і не паслухаць. Як жа хочацца іх памірыць, хочацца, каб у сына ўсё было добра. Павел перажывае – ён гэта бачыць – хоча вярнуцца да яе. Толькі, як не круці, сам натварыў, сам вінаваты. Што ж вам сказаць, каб вы зразумелі: жыццё даецца не на адзін дзень, трэба ўмець дараваць адзін аднаму, трэба вучыцца жыць разам? Што табе сказаць сынок, каб ты мог пачуць свайго бацьку? Вось памру і ніхто аб табе не паклапоціцца. Ад гэтай думкі ён чамусьці зажаліўся і па шчацы скацілася скупая мужчынская слязінка.
-4-
    Павел ішоў у палату, уяўляючы бацькавы папрокі: што ж ты, маўляў, не папрасіў прабачэння ў Дашы, не стаў на калені, каб даравала. Прасіў жа прабачэнння, а яна слухаць не хоча.  Самому мутарна на душы. Апошнім часам усё валіцца з рук, пошукамі працы не займаецца, маці ледзь не штодзень плача: і па бацьку, і з-за яго. Гэта становіцца невыносным, прыходзіцца сыходзіць з хаты, ісці да сяброў. Ён разумее, што так нельга, але змяніць нешта не стае сілы. Маці ўчора адведвала бацьку, плакала потым: казала зусім блага выглядаў. Яна не ўсё ведае: толькі Паўлу доктар сказаў праўду.  Маці ж яшчэ спадзяецца на лепшае. Магчыма і ведае, але яму не кажа.
    Павел любіў і паважаў бацьку, які быў для яго аўтарытэтам. І маніць яму не хоча,  скажа, як ёсць. Не хоча Даша  яму дараваць, тут нічога не паробіш. Ад яго ж тут нічога не залежыць. Так, у яго зраз чорная паласа ў жыцці, але ён возьме сябе ў рукі і ўсё наладзіць. Абавязкова. Павел адчыніў дзверы і зірнуў на бацькаў ложак: там нікога не было.
    - Добры дзень. А куды тата выйшаў? - ён зірнуў на бацькавага суседа.
    - Той ляжаў у ложку, але не спаў. Убачыўшы Паўла,  хутка падняўся, апусціў вочы і неяк разгублена сказаў:
    - Дык яно… гэта… яго мо з паўгадзіны назад забралі.
    - Куды забралі?
    - Дык гэта, - мужчына са страхам глянуў на яго, - ён… памёр.
    - Што?!
    Павел выбег з палаты, кінуўся спачатку бегчы ў ардынатарскую, потым рэзка спыніўся і прысланіўся да сцяны. Да яго дайшло: усё, таты больш няма і няма сэнсу кудысьці бегчы. Як не на сваіх нагах  спусціўся з трэцяга паверха, выйшаў на вуліцу,  сеў на лавачку. Ён так і не паспеў папрасіць у таты прабачэння, не паспеў сказаць яму, што любіць яго не выканаў тое, што абяцаў. І больш ніколі ўжо не скажа. Ён перад усімі вінаваты: і перад татаю, і перад Дашаю. Толькі ён.  Нейкі камяк сціснуў шыю, ён закрыў твар рукамі і заплакаў: бязгучна, толькі цяклі слёзы і ўздрыгвалі плечы. Раптам нехта крануў яго за калена. Павел узняў галаву: перад ім стаялі Даша і Яўгенка. Сын трымаў яго за  калена і з непаразуменнем глядзеў: чаго гэта тата плача? Павел выцер слёзы і глуха сказаў:
    - Таты больш няма.
    - Потым ён апусціўся перад Дашай на калені:
    - Даруй, калі можаш, я вінаваты перад табою. Але я, як і раней, кахаю цябе. Праўда. Даруй.
    Ён абхапіў Дашу рукамі і прыціснуў да сябе.
    - Устань, - ціха адказала яна. - Я ўчора наведвала Аляксея Змітравіча. Мы з ім доўга гаварылі, я многае зразумела. І  абяцала, што дам табе шанец. Пайшлі дахаты, у нас шмат спраў.
ДУРАНЬ ВІЦЬКА
    Ранні прыцемак млява асеў на заціхаючую і амаль сонную вёску. Сырое, халоднае паветра прыціснула голае чорнае вецце на дрэвах,  заімгліла  доўгую пустую вуліцу і шэрыя нізкія стрэхі. З-за хлявоў, сцелючыся па зямлі,  выпаўзаў цяжкі вільготны  туман. Ніякія гукі не парушалі цішыню і надыходзячую цемрадзь. Здавалася, што вёска вымерла. Толькі рэдкія агеньчыкі ў вокнах, што выходзілі на вуліцу як бы гаварылі: не, вёска яшчэ жыве. Але ж яна і сапраўды ўжо была не тая, што некалі. Сёлета школа з сярэдняй стала базавай, паменшала дзяцей і настаўнікаў, калгаснае праўленне апусцела ў сувязі з аб’яднаннем двух калгасаў. Што і казаць, у тыя гады вёска гудзела. Некалі тады адбыліся і гэтыя падзеі.
    Па цэнтральнай Школьнай вуліцы  ішлі дзве жанчыны – вярталіся з крамы. Яны аб нечым гаманілі, але раптам адна спынілася і прыслухалася.
    - А-а-а-а, -   гучна галасіў нехта   на суседняй  вуліцы, Савецкай, якая цягнулася праз усю вёску і многія называлі яе яшчэ па-старому – загуменнем. Калісьці,   у даваенныя  і нават дарэвалюцыйныя  часы,  вяскоўцы ставілі  там  хлявы і  гумны. Даўно ўжо няма  тых гумнаў, нават знаку ад іх не засталося, вырасла цэлая вуліца хат, а назва жыве і ўжо дзеці паўтараюць яе ўслед за дарослымі.
    - Што гэта? - спытала тая, што спынілася.
    - Ды не звяртай  увагі, -  адказала яе каляжанка, - няйначай зноў Віцька-дурань усхадзіўся. Не ўнаравілі яму нешта, вось і галосіць.
    Хадосікаў Віцька, дваццацігадовы пераростак, быў вядомай на вёсцы фігурай. Нарадзіўся ён хворым, маці раілі адмовіцца ад яго яшчэ ў раддоме, але тая не кінула сына, стала гадаваць, як магла. Ён позна навучыўся хадзіць, паціху вырас, але розумам  застаўся на дзіцячым узроўні. Гаварыць Віцька нічога не гаварыў, толькі мэкаў і бэкаў з людзьмі,  ды яшчэ  гучна роў, калі што выходзіла не па ім. Увогуле ён быў бяскрыўдным, ні да кога не чапляўся,  на вёсцы да яго прывыклі і звалі няйнакш, як Віцька-дурань. Днямі ён сядзеў на лавачцы каля хаты, нешта мэкаў кожнаму сустрэчнаму, як бы размаўляючы.
    - Здароў, брат, - гаварыў які-небудзь аднавясковец, ідучы ў краму ці яшчэ куды і вітаўся з Віцькам за руку.
    - М-м, у-у, - нешта адказваў Віцька.
    - Як, справы?
    - У-у-у, - выдаваў хлопец.
    - Сядзіш, значыць? Ну, давай, сядзі. А не, пайшлі са мною па цукеркі.
    - У-у, м-м, - тыцкаў Віцька пальцам сабе ў грудзі, паказваючы, што ён любіць цукеркі.
    Некаторыя малыя падшыванцы, ведаючы гэта, бывала дражніліся з ім: з’ядуць салодкае, а ў абгортку пакладуць кавалачак гліны. Віцька рады старацца:  разгорне і, згледзеўшы зман, пачынае злавацца: тупае нагамі, топча “цукерку” і гучна крычыць. Іншы раз ён цягнуўся за жэўжыкамі глядзець на іхнія гулі і радасна галёкаў бегаючы за дзецьмі. Але адносіны да Віці рэзка змяніліся пасля аднаго выпадку.
    Халады  прыйшлі тады  рана, яшчэ ў кастрычніку, нават снег выпаў, але амаль адразу  знік. Адразу ж пасля гэтага ўзяўся   лёгкі марозік, які пратрымаўся болей  за тыдзень і паспеў зашкліць лядком усе лужыны ды  канавы. Пеці Канцавому, што  верхаводзіў сярод сваіх аднагодкаў, даўно карцела агледзець Хвядосаву копанку ды зладзіць першую гульню ў хакей. Копанку тую  выкапалі недзе год з трыццаць назад адразу за вёскаю на месцы балоцістай нізінкі, што знаходзілася  каля калгаснай майстэрні,  потым берагі зараслі хвашчом і аерам, нехта запусціў рыбу. Летам на копанцы сядзелі рыбакі, купалася ці не ўся вёска, а ўзімку мясцовая дзетвара, рассунуўшы снег, насілася там з клюшкамі  да першых зорак. Да яе прывыклі і не ўяўлялі, як раней жылі без гэтага вадаёма.
    Скупое асенняе сонца толькі паднялося над старою таполяю каля майстэрні, а Пецька ўжо вёў цэлую каманду хлапчукоў на першую лядовую баталію. Пад нагамі пахрумстваў белы лёд, дзеці з нецярпеннем падфутбольвалі перад сабою  клюшкамі падмёрзлыя камякі  і каменьчыкі. Уся дружына весела прабеглася па Савецкай вуліцы і спынілася каля копанкі.
    - Што, пачынаем? - гукнуў Пецька. - Усё, дзелімся на дзве каманды, ставім вароты і гайда.
    - Пачакай, давай лёд праверым. Можа, яшчэ слабы, - падаў голас Паша Лабовік з шостага класа.
    - Слабы, - перадражніў яго Пецька. - Сам ты слабы. Глядзі.
    Ён выбег на лёд без канькоў і, разагнаўшыся, прабегся некалькі метраў. Недзе  затрашчала, усё роўна, як стрэліла, аж пранеслася рэха, але лёд   не трэснуў, застаўся роўным і гладкім. Пецька прабегся яшчэ некалькі метраў уздоўж берага, стукнуў клюшкаю па лёдзе:
    - Ну вось, нармалёк. Я ж кажу можна гуляць.
    Дзеці высыпалі на лёд, застукалі клюшкамі. Нехта кінуў шайбу, якая крутануўшыся, пакацілася да сярэдзіны копанкі. Пецька першы панёсся да яе. Пад лёдам зноў нешта злавесна  стрэліла, усе пераглянуліся.
    - Чаго застылі? - гукнуў Пецька, які быў амаль на сярэдзіне копанкі. - Я ж кажу – лёд вытрымае.
    Нібы ў доказ, ён тупнуў нагою. У той жа момант  на гэтым месцы з’явіліся трэшчыны і хутка распаўзліся ў розныя бакі, а над копанкаю зноў прагучаў пагрозлівы трэск.
    - Пецька, давай назад, нешта трашчыць усё, - крыкнуў нехта з хлапчукоў.
    Той і сам спалохана глянуў кругом,  хацеў было бегчы ўжо да берага. Але  не паспеў зрабіць і кроку – лёд праламіўся. Хлопчык  шухнуў у ваду, але паспеў учапіцца за абламаны край. Ён спрабаваў выбрацца наверх, хапаўся рукамі, гроб перад сабою клюшкаю, але  лёд ламаўся і Пецька з’язджаў зноў у палонку.
    - Дапамажыце, хутчэй! - крыкнуў ён. - Хто-нібудзь, падайце клюшку!
    Дзеці ўжо  паспелі выскачыць на бераг. Нехта ступіў на лёд, зрабіў некалькі крокаў наперад, але перад ім так пагрозліва затрашчала, што хлопчык спыніўся. Паша Лабовік крыкнуў:
    - Пецька, трымайся, я за дарослымі на майстэрню!
    Ён кінуўся бегчы.
    - Памажэце, я не магу больш, - хліпаючы, гукнуў Пецька, - рукі не трымаюць.
    Разгубленыя дзеці тапталіся на беразе, але  ніхто так і не рызыкнуў палезці на лёд. Раптам нехта скочыў з-за хлапечай купкі, ступіў на лёд, апусціўся і папоўз да Пецькі.
    - Гэта ж Віцька-дурань, глянь! - ахнуў Сашка, якога ўсе звалі толькі па мянушцы – Куля.
    Віцька, з клюшкай у руках, поўз наперад, не аглядаючыся. Пецька заўважыў яго і трымаўся з апошніх сіл. Кругом патрэсквала, але Віцька не зважаў на гэта і смела сунуўся далей. Хутка ён працягнуў Пецьку клюшку:
    - У-у-у.
    Удзеравянелымі рукамі Пецька схапіўся за яе. Віцька азірнуўся на дяцей і працягнуў вольную руку:
    - М-м-м, у-у.
    - Ён хоча, каб яму падалі клюшку, - зразумеў Куля. - Хлопцы, хапайцеся адзін за аднаго – давайце зробім ланцужок.
    Ён   хуценька папоўз да Віцькі, працягнуў яму клюшку, а сам учапіўся ў суседаву. Знясілены Пецька, перабіраючы рукамі, стаў падцягвацца і ўзлазіць на лёд. Тыя, што засталіся на беразе, сталі цягнуць на сябе ўвесь ланцужок. Віцька мэкаў і ўпарта трымаўся за клюшку. Праз нейкую хвіліну Пецьку выцягнулі на лёд, адцягнулі ад палонкі на бяспечную адлегласць і ён апынуўся каля берага. У гэты час на дарозе спынілася машына, а з яе выскачыў старэйшы Пецькаў брат Валодзя, за ім два калгасныя трактарысты і Пашка Лабовік. Дарослыя падбеглі да Пецькі, падхапілі яго за рукі:
    - Жывы?!
    - Ага, - ледзь хаўкаючы, адказаў той. - Каб не Віцька-дурань – не ведаю, ці ўратаваўся б. Так страшна было.
    І Пецька нечакана зарумзаў, уткнуўшыся брату ў ватоўку.
    - Давайце яго ў машыну і хутчэй дахаты, - распарадзіўся Валодзя. - А дома я табе ўляплю. Хакеіст.
    Дзеці стаялі кружком, апусціўшы галовы. Віцька, як ні ў чым не бывала, весела ўсміхаўся, гледзячы на ўсіх. Валодзя падыйшоў да яго, ляпнуў па плячы:
    - Малайчына, сапраўдны мужык вырас. Малайца, Віця.
    І  паціснуў таму руку. Потым павярнуўся да дзяцей:
    - Няхай яшчэ нехта хоць раз скажа на Віцю дурань – галаву адкручу. Каб я больш не чуў такога слова ў яго бок. Зразумелі? Адкручу галаву.
    Потым ён паспяшаўся да машыны, але спыніўся і крыкнуў:
    - Так усім і перадайце. Усім.
    Развярнуўшыся, Валодзя упэўнена пакрочыў да машыны. Віця глядзеў яму ўслед і ўсё так жа ўсміхаўся.


Рецензии