Янка, шмурдз к, Бухматка ды ншыя

Міхась Зізюк
ЯНКА, ШМУРДЗІК, БУХМАТКА І ІНШЫЯ
Казка для дзяцей дашкольнага і  малодшага школьнага ўзросту

ЧАСТКА 1
Першы Янкаў дзень у вёсцы і  знаёмства са Шмурдзікам

    Прачнуўся ранкам Янка, пакруціў галавою  і нічога не  зразумеў: дзе гэта ён? Дзе яго ўтульны пакой з яркімі шпалерамі, на якіх  весела трубяць маленькія слонікі, дзе яго  ложак са стракатай коўдрай, дзе яго скрыня з цацкамі? Ён хацеў ужо клікаць маму  ды  ўспомніў, што ўчора тата прывёз яго у вёску, да бабулі з дзядуляй. Адхінуўшы коўдру,  хлопчык  устаў і хуценька падбег да акна. Зусім дзіўны –  прыгожы  і незнаёмы –  малюнак адкрыўся яго вачам: яркая зеляніна, драўляныя платы і нейкія пабудовы ў двары па якім ходзяць жывыя куры. Так, Янка памятае, як мама паказвала яму кніжку, дзе  былі намаляваны розныя хатнія жывёлы, у тым ліку і куры, але сам ён іх не бачыў, бо  яшчэ  ні разу не быў у вёсцы. Калі сказаць дакладней, то  некалі  яго прывозілі сюды. Так казаў тата. Толькі ў той час хлопчыку было ўсяго два з паловай гады і ў памяці амаль нічога не засталася з той паездкі.   І вось Янка  ў  вёсцы, перад яго вачыма ходзяць жывыя куры. Іх трэба абавязкова паглядзець. І хлопчык  кумільгам кінуўся ў дзверы, але якраз у пакой увайшоў тата.
- Прачнуўся? - ён  падаў хлопчыку вопратку. - Давай будзем апранацца, мыцца і снедаць.
- Тата, я хачу паглядзець на курэй, - запярэчыў Янка.
- Не спяшайся, яны нікуды не знікнуць, - супакоіў  яго тата.
Малы мусіў патрываць. Увогуле Янка  быў добры хлопчык – не капрызны, паслушлівы. Ён ужо навучыўся  крыху чытаць, лічыць, ведаў, што яму пяць год. Дарэчы, апошнім часам, тата казаў, што яму амаль шэсць і  праз два з паловай  месяцы трэба будзе ісці ў школу.  Яшчэ  Янка ведаў адкуль ён з’явіўся на свет:  яго нарадзіла мама. Аднойчы, калі малы  спытаў у яе аб гэтым, мама патлумачыла: спачатку  той быў вельмі маленькі і  рос у яе ў жывоціку. А калі падрос, то яе паклалі ў раддом, дзе  хлопчык і нарадзіўся. У Янкі ёсць старэйшая сястрычка Алеська, але ў дадзены момант яна засталася ў горадзе з мамай. Справа ў тым, што Алеська хварэе і мама вымушана знаходзіцца з ёю ў бальніцы. А тата не можа кінуць працу, бо трэба зарабляць грошы на сям’ю. Таму хлопчыка на нейкі час вырашылі адвезці  да дзядулі і бабулі. Усю гэту размову малы падслухаў яшчэ пазаўчора. А ўчора тата склаў Янкавы рэчы, пасадзіў яго ў машыну і яны паехалі. Мама нечага плакала, а малому было зусім не страшна, бо ён ехаў з татам, навокал было мноства цікавых рэчаў. Мільгалі шумныя плошчы і вуліцы, зялёныя паркі і скверы. На адным светлафоры, дзе спыніўся тата, нейкі юнак гарэзліва падміргнуў Янку і памахаў яму рукою. Хутка горад застаўся ззаду, а хлопчык заснуў і не памятае, як яны трапілі ў вёску.
   Тата паставіў перад ім кубак пахучага пеннага малака,  накарміў на дзіва смачнай яечняй  з блінамі і  выпусціў на вуліцу:
- Ідзі, сынок, пагуляй у двары, пазнаёмся з бабулінымі курачкамі. Я хутка выйду да цябе.
 Янка выйшаў і спыніўся: колькі новых гукаў і пахаў ён пачуў! Усё такое цікавае  і незнаёмаё. Куры капошыліся ў жвіры, паміж імі паходжваў певень, раз-пораз голасна кукарэкаючы. У цяньку, на лаўцы, ляжаў шэры з тыгровымі палоскамі  кот. У драўлянай пабудове нехта ціха рохкаў. А крыху далей, у вялікім металічным карыце, пакрэкваючы, плёскаліся валюхастыя качкі. Каля курэй скакалі шэрыя вераб’і, за якімі спадцішка, расплюшчыўшы адно вока,  цікаваў кот. А ўсе пахі у двары былі малому незнаёмыя. Янка прыслухаўся: сакочучы, куры размаўлялі аб нечым сваім. Так, не здзіўляйцеся, яны сапраўды  аб нечым перагаворваліся. Справа ў тым, што ў такім узросце дзеці яшчэ не паспяваюць разарваць  нябачную повязь з прыродай, часта могуць чуць і  бачыць тое, чаго не могуць пачуць дарослыя. Яшчэ яны могуць разумець жывёл і птушак, размаўляць з імі на сваёй дзіцячай мове.  Так і Янка пачуў, што куры перагаворваюцца.
- Ко-ко, прэч, прэч, гэта я першая  знайшла таго чарвячка, - сакатала невялікая пярэстая курачка.
- Адчапіся, ко-ко, - адказала ёй беленькая, - а то зараз дзюбну за нахабства.
- Чаго вы там не падзялілі. Зараз наш Пеця, ко-ко, ўсыпле абедзвюм, - ўмяшалася ў іх спрэчку трэцяя – уся бухмаценькая і прыгожая.
Пеця гучна пракрычаў:
- Ку-ка-рэ-ку. Глядзіце там у мяне.
З лаўкі адазваўся шэры кот:
- Цішэй вы, раскрычаліся. Гляньце – у нас новы жыхар з’явіўся.
Куры прыціхлі і ўзнялі галовы. Але іх цікавасць хутка прайшла і яны зноў сталі разграбаць жвір. Толькі бухмаценькая падыйшла  да Янкі, нейкі час  з цікавасцю  глядзела на яго і потым спытала:
- Які харошы хлопчык. Ты цяпер будзеш тут жыць?
- Так.
Курачка хацела яшчэ нешта сказаць, але не паспела. У гэты момант Пеця голасна закрычаў, ззываючы ўсіх да сябе: ён нешта знайшоў у жвіры. Курачка кінулася да яго.
  Янка падыйшоў да ката і паспрабаваў прылашчыцць, але той ляніва пазяхнуў і сказаў:
- Вось яшчэ, трэба мне твае пагладжванні. Лепш даў бы чаго смачнага.
- У мяне нічога няма, Але я потым прынясу. Як цябе зваць?
- Мяне Шмурдзікам клічуць. А ты адкуль зваліўся сюды?
- Мяне  зваць Янкам, я прыехаў з горада. Тут жывуць мае бабуля і дзядуля. Вось так.
- Зразумела. Гэта значыць, што ты тут нікога не ведаеш.
- Ага, - пагадзіўся хлопчык, - нікога.
- А я тут ужо тры гады жыву, - пахваліўся Шмурдзік, - часам лаўлю мышэй, часам палюю на гэтых.
Ён зноў пазірнуў на вераб’ёў, якія старанна мітусіліся каля нейкага запэцканнага вядра.
     - Ты што? - жахнуўся Янка. - Хіба цябе не кормяць?
     - Ды не, кормяць і малака даюць. Але ж так і цягне каго-нібудзь упаляваць, - прызнаўся Шмурдзік і раптам спытаў:
     - Хочаш са мною сябраваць?
     - Хачу, - шчыра ўзрадаваўся Янка.
     - Добра, будзем сябрамі, бо ў мяне толькі адзін сябар – суседскі кот Рыжык.  Пайшлі я пакажу табе наш двор і пазнаёмлю з усімі.
Шмурдзік пацягнуўся, мякка скочыў з лаўкі і  стаў  каля Янкі.



Частка 2
Як Янка знаёміўся з дзедавай гаспадаркай

      Як толькі Шмурдзік скочыў з лаўкі, вераб’і разляцеліся ў розныя бакі. Кот, задраўшы хвост, паважна пайшоў да доўгай драўлянай пабудовы. Янка патупаў за ім.
- Тут хлеў, дзе жывуць  Яшка і Тошка, а таксама карова Зорачка. Толькі яе пакуль няма – яна на пашы, - патлумачыў новы Янкаў сябар. - А ты хоць ведаеш адкуль бярэцца малако?
- Не, - шчыра прызнаўся Янка.
- Зорачка на лузе цэлы дзень есць зялёную траву, а  пасля ў яе страўніку атрымліваецца  пеннае і  пахучае белае малако. А вечарам твая бабуля доіць карову і частуе мяне. Малако я вельмі люблю, - пры гэтым Шмурдзік аблізнуўся. - Яшчэ з малака робяць смятану, тварог, масла.  Добра, пайшлі, паглядзіш на нашых парсюкоў.
Кот шмыгнуў у прыадчыненыя дзверы. У хляве пахла нечым моцна пахла: адзін пах прыемна казытаў ноздры, а ад другога, не вельмі прыемнага, малы крыху зморшчыўся. Шмурдзік, азірнуўшыся, сказаў:
- Што, не падабаецца пах гною? Нічога, прывыкнеш. А вось сена прыемна пахне. Я часта на  сенавале начую, калі палюю на мышэй. Любата – мякка, хораша. Давай, не затрымлівайся.
Яны спыніліся каля загарадзі. Янка ўбачыў, што праз дошкі на яго глядзяць дзве пары цікаўных вачэй. На падлозе ляжалі  парсюкі і ціха рохкалі.
- Каго ты прывёў? - адзін з іх крыху прыўзняў галаву, звяртаючыся да ката.
- Гэта Янка – унук нашых гаспадароў і мой новы сябар, - зазначыў той. - А вы ўсё ляжыце. Як вам не надаесць.
- Добра, - рохнуў другі парсюк, - паеў – і ляжыш. Гэта ты ўсё недзе швэндаешся. А нам і тут добра.
- Пайшлі  адсюль, - Шмурдзік, пагардліва глянуўшы  на Яшку і Тошку,
пасунуўся  ў дзверы.
Як толькі яны выйшлі на вуліцу да іх падбегла тая самая прыгожая курачка, што супакойвала сварлівых сябровак:
- Шмурдзік, а куды вы цяпер? Я з вамі.
- Бухматка, а ты чаго? Атрымаеш ад Пеці, - азваўся кот.
- Я сваё яйка знесла і цяпер маю права крыху пагуляць, - не здалася Бухматка.
- Глядзі, Пеця раззлуецца. А  ўвогуле – як сабе хочаш.
Кот павёў Янку далей за хлеў. За ім,   пад адкрытым навесам, ляжала вялікая куча дроў, а каля плоту стаяла яшчэ нешта металічнае: з колам і ручкай.
- Што гэта? - спытаў малы.
- Гэта сячкарняй называецца. Узімку твой дзядуля рэжа з яе дапамогай сена і салому для Зорачкі. А вось тут агарод, дзе вырошчваюць гародніну: моркву, буракі, цыбулю і яшчэ шмат чаго.
Янка паглядзеў за штыкетнік. Там усё зелянела і квітнела, а над квеценню ляталі руплівыя пчолкі. Ад цёплай зямлі прыемна патыхала нечым салодкім.
- Хочаш, пакажу табе суседскага сабаку Пірата? - спытаў Шмурдзік.
- Хачу.
Кот няспешна скіраваў на вуліцу праз веснічкі, за ім пайшоў Янка, за Янкам Бухматка.  Янка зазірнуў за плот. У суседнім двары расло некалькі яблыняў, а за імі – бліжэй да хаты – каля будкі, ляжаў белы з чорнымі плямамі сабака і спаў, падклаўшы лапы пад галаву. Шмурдзік спрытна скочыў на плот, падняўся на галінку яблыні і гукнуў  таму:
- Гэй, ты, кавалак шэрсці! Вось  ляжыш там, а я сяджу на тваёй яблыні і ты мяне не зможаш дастаць. Вось так, мяў-мяў.
Апошнія словы, мабыць, былі асабліва абразлівымі для сабакі бо той, натапарыўшы спачатку толькі вушы, пасля ірвануўся да яблыні і стаў з брэхам скакаць вакол яе. А Шмурдзік зноў падражніўся:
- Не дастанеш, не дастанеш.
- Я цябе ўсё роўна злаўлю і парву тваё агіднае кацінае футра, гаў-гаў, - Пірат гучна брахаў, задраўшы галаву. - Толькі спусціся ўніз, я табе адпомшчу за ўсё, гаў-гаў.
Кот, падражніўшыся яшчэ крыху, такім жа шляхам спусціўся на плот і скокнуў да Янкі. А за плотам заходзіўся Пірат.
- Малайчына, Шмурдзік, - зазначыла Бухматка, - мне было, ко-ко, вельмі смешна. Заўтра зноў падражнім яго.
Як толькі яны вярнуліся, з хаты выйшаў тата і здзіўлена спытаў:
- Дзе гэта ты ўжо  быў? Са двара адзін не выходзь.
- Я не адзін, мы са Шмурдзікам хадзілі.
- Ну, калі са Шмурдзікам, то тады іншая справа, - засмяяўся тата.

Частка 3
Янкавы прыгоды на рэчцы.

   Апоўдні дамоў прыйшлі дзядуля з бабуляй, а тата паехаў у горад. Янку дазволілі гуляць у двары. Што рабіць малому аднаму? Цацак было мала, ды і тыя яму ўжо даўно надакучылі. Шмурдзік недзе знік, Бухматка схавалася разам з іншымі курамі пад кустамі парэчкі. Сумна. Янка выглянуў на вуліцу. Там таксама нікога не было, акрамя трох хлопчыкаў, што мімаходзь  прайшлі з вудамі. Малы зразумеў, што тыя пайшлі на рэчку. Вось бы і яму туды, але ж  дзядуля забараніў выходзіць за веснічкі.   У гэты момант ён убачыў Шмурдзіка – той вылез з-за суседскага плоту і няспешна ішоў дахаты.
- Добра што ты з’явіўся, - узрадаваўся Янка, - давай збегаем на рэчку. Дзядуля пакуль заняты, бабуля ў агародзе, а мы з табою хутка справімся. Ты ведаеш дзе рэчка?
- Канешне ведаю. Добра, пайшлі. А ты не баішся, што табе пападзе?
- Я разумею, што мне забараняюць ісці аднаму. Але мы хуценька, а лезці ў ваду я не буду. Да таго ж са мною ты – сябар. Так?
-   Так.
-   Тады пабеглі.
І яны паімчаліся ў той бок, куды пайшлі хлопчыкі з вудамі. Праз колькі хвілін вёска скончылася, а за ёй паказаліся лазовыя кусты. Хутка мільганула і блакітная стужка рачулкі.
- Рэчка! Ура! - Янка спыніўся на беразе.
- Вось каб ты рыбы яшчэ злавіў, - аблізнуўся кот.
- Я папрашу дзядулю  і мы сходзім на рыбалку, - запэўніў хлопчык. - Давай пройдземся ўздож берага, паглядзім што там далей.
Берагі вузкай рачулкі параслі кустоўем і Янка са Шмурдзікам, крыху збочыўшы, пайшлі  лугам.  Па траве скакалі зялёныя конікі, трашчалі цвыркуны, над кветкамі ляталі матылькі, гудзелі пчолы.
- Як тут прыгожа! - хлопчык спыніўся і прысеў каля нейкіх маленькіх жоўтых кветачак.
- Нічога асаблівага, у нас такое ўсюды. Пайшлі далей, - адказаў кот.
Хутка шлях ім шлях перагарадзіла азярына з белымі і жоўтымі кветкамі на паверхні,   берагі якой   параслі альхою і лазою. Янка  заўважыў, што некаторыя дрэўцы знізу пагрызеныя, каля іх ляжала шчапа, а да вады цягнуліся пратаптаныя сцежкі.  Цікава, хто ж гэта грыз дзеравіну? Раптам ён пачуў, як пад густым лазовым кустом нехта плача.
- Хто там? - здзівіўся малы.
- Не ведаю. Давай паглядзім, - адказаў кот.
Яны асцярожна падыйшлі да куста, адхінулі зялёныя  дубцы. Забіўшыся ў самы гушчар там сядзеў і румзаў нейкі невялічкі звярок з цёмна-карычневай поўсцю і шырокім, як вясло, хвастом. Угледзеўшы незнаёмцаў, ён спалохана  здрыгануўся і паспрабаваў яшчэ больш зашыцца ў куст.
- Не бойся, мы цябе не пакрыўдзім, - Янка прысеў каля звярка. - Ты хто?
- Я бабраня Ласунчык.
- Я – Янка, а гэта кот Шмурдзік. Чаго ты плачаш?
- Я згубіўся і не ведаю куды ісці, - Ласунчык зноў стаў плакаць.
- Не плач, мы табе дапаможам. Так, Шмурдзік?
- Дапаможам, чаму ж не, - зазначыў кот. -  Выходзь да нас.
Ласунчык перастаў румзаць і вылез.
- Ты памятаеш з якога боку ішоў? - спытаў Янка.
- Здаецца, адтуль, - няўпэнена паказала бабраня ўлева.
Хлопчык паглядзеў і ўбачыў, што туды таксама вядзе ледзь прыкметная сцяжынка. Утраіх яны паціху пайшлі налева, уздоўж азярыны.
- Што ты тут рабіў? - спытаў Янка у Ласунчыка.
- З татам і мамай мы грызлі смачныя зялёныя дубцы і збіралі слімакоў у вадзе. Я адыйшоўся крыху і згубіў іх.
Яны мінулі невялічкую, амаль перасохлую, лужыну, перабралія праз паваленае дрэва і Ласунчык радасна ўскрыкнуў:
- Вунь мая хатка!
Янка са Шмурдзікам спыніліся. У азярыне віднеліся зробленыя з галля і дубцоў бабровыя хаткі. А з густой зялёнай асакі паказаўся дарослы бабёр. Малое бабраня кінулася да яго:
- Мама, мама, я знайшоў вас!
Мама прытуліла да сябе Ласунчыка:
- Я ж табе казала – не адыходзься. Мы шукалі цябе ўсюды, а ты недзе знік. Мы з татам вельмі хваляваліся.
- Гэта Янка і Шмурдзік  дапамаглі мне знайсці вас, - сказала бабраня.
- Дзякуй вам, што не пакінулі маё дзіця ў бядзе, - мама ўдзячна пакланілася хлопчыку з катом.
- Калі ласка.
- Чым жа мне аддзячыць вас?
- Не, нам нічога не трэба, - Шмурдзік махнуў лапай, а потым спытаў:
- А ці шмат у возеры рыбы?
- Так, нямала, - падцвердзіла мама Ласунчыка, - у тым канцы, дзе ў возера ўпадае рачулка, мы зрабілі грэблю з галля. Узровень вады там падняўся, стала больш  спажывы. Вы прыходзьце да нас яшчэ, мы зловім для вас рыбы.
Як толькі  бабры зніклі за асакой хлопчык схамянуўся:
- Хутчэй дахаты – магчыма, мяне бабуля з дзядуляй шукаюць.
Калі, засопшыся,  Янка адчыніў веснічкі, то ўбачыў, што бабуля Алена ўсё яшчэ ў агародзе, а дзядуля Іван нешта выглядае за хлявом.  Ён хуценька забег у хату і прысеў на лаву.
- Янка, Янка, ты дзе? - пачуў ён як яго гукае дзядуля.
- Я тут, дзядуля, - хлопчык выглянуў з хаты.
- Вой, дык цябе ж не было ў хаце, - здзівіўся дзядуля.
- Не, я быў. Мабыць, я якраз выбег, калі гуляў са Шмурдзікам, таму ты мяне і не знайшоў - зманіў малы.
Дзядуля развёў рукамі. А  Янка па-змоўніцку падміргнуў Шмурдзіку і пайшоў у хату за малаком, каб пачаставаць свайго сябра.

Частка 4
Янка  і Бухматка трапляюць у пчаліны вулей

    Увечары Янка пазнаёміўся з Зорачкай. Карова паважна зайшла у двор, шумна уздыхнула,  узяла з Янкавай далоні падрыхтаваны загадзя хлеб, а потым  - у знак падзякі – лізнула малому руку. Так хлопчыку  параіла зрабіць  бабуля. Яна сказала, што цяпер Зорачка будзе любіць і яго, стане даваць больш смачнага малака. Павячэраўшы, хлопчык хутка пайшоў спаць. Стомлены дзённымі справамі  ўвачавідкі заснуў.
    Прачнуўся ён рана. Успомніў пра ўчарашнія прыгоды і хуценька падняўся. Паснедаўшы,  выйшаў на вуліцу. Сонейка паднялося над хатай, у двары было ціха і ўтульна, па траве  хадзілі куры. Бухматка адразу падыйшла да хлопчыка.
- Прывітанне, Янка. Ко-ко, куды ідзеш?
- Прывітанне, Бухматка. Вось выйшаў пагуляць. Ты не бачыла Шмурдзіка? Нешта не відаць яго.
- Не, ён з раніцы, ко-ко,  некуды пайшоў. А ты што будзеш рабіць?
- Пайду ў агарод, пагляджу, што там расце.
- І я з табою.
Янка заглянуў у агарод, напоўнены пахамі квітнеючых раслін: розных кветак, ды яшчэ агуркоў, памідораў, гарбузоў і кропу. Над кветкамі старанна гудзелі пчолы. Хлопчык прысеў, разглядаючы, як пчолка апусцілася на кветку. Ён нахіліўся да яе, Бухматка ўслед за ім выцягнула шыю.
- Ко-ко, што там?
- Ціха, бачыш – пчолка мёд збірае.
- Гэта пакуль яшчэ не мёд, - ціха прагудзела пчолка, - я збіраю кветкавую пыльцу. Потым я аднясу яе ў вулей, пакладу ў васковыя  соты, іх дапоўняць мае сяброўкі. Вось тады будзе мёд – смачны і карысны.
- Цікава, - уздыхнула Бухматка.
- Вось паглядзець на гэта хоць адным вокам. Мяне завуць Янка, а гэта – Бухматка.  Прабач, не ведаю, як цябе зваць, але ці можаш ты паказаць нам свой  вулей? - спытаў Янка.
- Я – пчолка Кропелька. Напэўна, што я магу ўзяць вас з сабою. Толькі нахіліцеся нізка-нізка да гэтай кветкі, тры разы ўдыхніце пыльцы – і вы станеце такімі маленькімі, што я змагу пасадзіць вас на сябе.
Янка і Бухматка зрабілі, як параіла Кропелька. Тут жа хлопчык стаў змяншацца ў памерах, зрабіўся меншы за пчалу. Такою ж маленькаю стала і курачка. Пчолка дапамагла ім узлезці.
- Трымайцеся, - яна загудзела і ўзнялася ў паветра.
У хлопчыка захапіла  дух ад вышыні і  ад таго, што ўсё зрабілася нейкім вялізным, неабсяжным. Вецер свістаў у вушах. Але хутка Кропелька спусцілася ніжэй і скіравала на свой вулей. Ён быў падобны на хатку: з дахам і сценамі, толькі  ў ім не было вакон, а замест дзвярэй  - шчыліна.  Пчолка  прызямлілася на латок каля шчыліны і папаўзла у вулей. Янка ажно разгубіўся ад шуму і мітусні: усюды гудзелі  руплівыя пчолы. Адны накіроўваліся ў домік, другія паўзлі на выхад – усе шчыравалі. Каля шчыліны стаялі дзве пчолкі з дзідамі. Яны пагрозліва  выставілі сваю зброю і прагудзелі:
- Хто такія? Куды ідзяце?
- Не чапайце іх, гэта мае сябры, яны не зробяць шкоды, - сказала Кропелька. - Я зараз спытаю дазволу ў нашага галоўнага  ахоўніка.
Яна хутка вярнулася, паклікала хлопчыка і курачку:
- Пайшлі, вам дазволілі прайсці.
 Хлопчык убачыў, як іх новая знаёмая падпаўзла да нейкага жаўтаватага і пахучага латка з мноствам невялікіх акенцаў і паклала ў адно з іх сваю ношу. Гэта і былі тыя самыя соты. За Кропелькаю тут жа  падпаўзалі іншыя пчолкі і запаўнялі пахучай пылцою жоўтыя акенцы.
- Ідзіце за мною, я пакажу вам вулей, - прагудзела Кропелька.
Янка і Бухматка пайшлі за ёю. Бухматка паспела на хаду некалькі разоў  дзюбнуць мёду.
- Смаката, - зажмурылася курачка.
- Не чапай, нам жа ніхто не дазваляў, - спыніў яе Янка.
Тым часам яны зайшлі ў глыбіню вулля. Там таксама усюды гудзелі пчолы і сярод  іх хлопчык заўважыў нейкіх вялікіх, амаль напалову большых за звычайных. Кропелька патлумачыла:
- Гэта  - трутні. Яны не збіраюць мёд, а увесь час знаходзяцца  у вуллі.
- Чаму так? - здзівіўся хлопчык.
- Бо яны патрэбны нашай матцы, якая выводзіць нам новых пчолак. Яна сама знаходзіцца там, далей.
Яны прайшлі па сотах, ускарабкаліся  вышэй і там Кропелька здалёку паказала ім вялізную пчалу, што сядзела ў атачэнні пчалінай аховы   і з павагай сказала:
- Вось яна – наша матка.
Янка падзівіўся таму, наколькі вялікай аказалася матка. А пчолка, тым часам, павяла іх зноў уніз, да выхаду. Каля сотаў, даверху запоўненых пахучым бурштынавым мёдам, яна спынілася:
- Частуйцеся, вы ж нашы госці.
Янка і Бухматка з задавальненнем сталі ласавацца салодкім і смачным мёдам. Калі яны паелі і адыйшліся, Кропелька сказала:
- Сядайце на мяне, я адвязу вас назад.
Хлопчык і курачка ўскараскаліся на пчолку. Праз нейкі час яна апусцілася  на агародзе сярод квецені. Кропелька паказала ім на кветку:
- Цяпер зноў удыхніце з яе  тры разы і вы станеце такімі, як былі.
- Дзякуй табе, Кропелька, - Янка паціснуў пчолцы лапку, - мы столькі цікавага і новага даведаліся. І за пачастунак дзякуй.
- Калі ласка.  І мне прыемна было пазнаёміцца з вамі.
Кропелька ўзнялася ў паветра і паляцела  далей  збіраць пылцу. Янка з Бухматкай, удыхнуўшы кветкавага водару, зноў зрабіліся вялікімі.
- Цікава у іх у вуллі, - сказала курачка, - мне там спадабалася. А табе?
- Мне таксама, - пагадзіўся хлопчык, - спадзяюся, мы яшчэ некалі наведаемся да Кропелькі.
І яны пайшлі ў двор.

ЧАСТКА 5
ЛЯСНЫЯ СЦЯЖЫНКІ
    
    Янка сядзеў на зэдліку, еў смачныя і пахучыя клубніцы, якія разам з бабуляй сабраў на агародзе. Спелыя і сакавітыя – яны проста раставалі ў роце. Ён хацеў пачаставаць імі і Шмурдзіка, але той адмовіўся:
- Не, я гэтага есці не буду. Лепш прынясі мне кілбасы ці смятаны.
- Добра, хутка я пайду вячэраць, тады і прынясу табе чаго-небудзь.
Затое Бухматка з задавальненнем падзюбала разам з хлопчыкам буйных чырвоных ягад. Потым пачысціла сваё пер’е і пабегла да сябровак.
     Вечарэла, сонца хілілася на на захад і садзілася за лес.
- Цікава, а што там за лесам? - спытаўся Янка.
- Не ведаю, я так далёка ніколі не хадзіў, - пазяхнуў Шмурдзік.
- Давай сходзім пасля вячэры, - прапанаваў хлопчык.
- Ага, ты потым будзеш спаць, а мне трэба мышэй лавіць, - адказаў кот.
 Потым крыху падумаў і дадаў:
- Хіба крышку пройдземся, да лесу.
Янка, як і абяцаў, пачаставаў свайго сябра, кавалкам кілбасы. Кот з’еў, аблізнуўся і кінуў хлопчыку:
- Толькі не адставай.
Яны выйшлі  за хлеў,  а за ім,  у плоце,  былі веснічкі. А тыя, ў сваю чаргу, выводзілі іх на дарогу. За дарогай шумела каласамі высокая, яшчэ яшчэ зеленаватая, з жоўтым адценнем,  збажына. Яна была вышэй за Янку. А праз поле да лесу вяла вузкая сцяжынка. Гэтай сцежкай і пайшлі сябры.
- Ці ведаеш, што тут расце? - спытаўся Шмурдзік.
- Не.
- Тут расце жыта. Увесну поле зааралі, пасеялі зярняты і ўзышло жыта. Потым яго даглядалі ад розных шкоднікаў.  Калі яно саспее, то пажаўцее канчаткова. Тады сюды прыедуць камбайны, змалоцяць збожжа. Пасля яго адвязуць на зернесховішча, прасушаць. І толькі потым зярняткі змелюць і спякуць з мукі хлеб, які мы з табой ядзім. Вось так, - растлумачыў кот.
- Ух ты, - здзівіўся хлопчык, - гэтулькі працы. Слухай, а адкуль ты ўсё гэта ведаеш?
- Дык я ж жыву ў вёсцы і павінен гэта ведаць.
Непрыкметна, за размовамі, яны дайшлі да лесу, які сустрэў іх белымі бярозкамі, высокай зялёнай травой і цішынёй. І тут жа, на ўскрайку, хлопчык ледзь не наступіў на нейкі калючы клубочак.
- Гэй, ты  хто? - гукнуў яму Янка.
Клубочак заварочаўся і асцярожна  высунуў пыску:
- Пых-пых, я вожык. А што вы тут робіце?
- Мы прыйшлі паглядзець на лес.
- І вы не будзеце мяне чапаць, пых-пых?
- Ды не, што ты.
Вожык канчаткова пасмялеў і раскруціўся.
- Адкуль вы?
- Мы з вёскі. Мяне клічуць Янкам, а майго сябра – Шмурдзікам.
- А я – Фых-пых, жыву тут недалёка, ў кустах малінніку. Вось, пых-пых, выйшаў сабраць чаго-нібудзь на вячэру сваёй сям’і – жонцы і чацвярым дзеткам. Яны чакаюць мяне.
- Мы табе дапаможам, - узрадаваўся Янка. - А што вы ясце?
- Усё – і грыбы, і ягады, і вусеняў розных, і мышэй, і змеяў, - адказаў Фых-пых. - Пых-пых, буду ўдзячны, калі дапаможаце.
- Мы хутка. Шмурдзік, давай дапаможам.
Хлопчык заглянуў за адзін куст, за другі. Там ён знайшоў некалькі грыбоў. Потым яго паклікаў кот:
- Янка дапамажы.
Шмурдзік знайшоў стары трухлявы пень у якім – як ён думаў – павінны былі быць тлустыя вусені і чарвякі. Так яно і было: калі хлопчык націснуў і звярнуў пень, усярэдзіне яны знайшлі добрую спажыву для новага знаёмага. Яны паклікалі Фых-пыха, які ўзрадаваўся багатай знаходцы.  Потым хлопчык паклаў яму на спіну грыбы, а вожык сабраў вусеняў і чарвякоў у торбачку.
- Вялікі дзякуй вам. Даўно я не збіраў столькі здабычы, - падзякаваў вожык. - Пых-пых, сёння мая сям’я  смачна павячэрае. Наша  хатка, дарэчы, тут недалёка, можаце зайсці, я пазнаёмлю вас са сваімі дзеткамі.
- Згода.
Вожык патупаў наперад, за ім пайшлі кот з хлопчыкам. Праз некалькі хвілін Фых-пых  спыніўся каля куста маліны і гукнуў:
-Гэй, дзеткі слаўныя мае, пы-пых, выходзьце сюды да мяне, я вам вячэру прынёс.
 Пад кустом зашамацела сухая трава і лісце, адтуль паказаліся чацвёра маленькіх смешных клубочкаў. Яны, такжа як і тата, старанна тупалі і пыхкалі. За імі вылезла іхняя маці. Важаняты дружна затупалі каля Фых-пыха і заспявалі:
      -   Татка, татка прыйшоў, ён паесці нам прынёс!
       -   Якія яны смешныя, - Шмурдзік засмяяўся, - маленькія і шэранькія.
       - Дзеткі, гэта Янка і Шмурдзік. Яны дапамагалі мне сабраць ежу.                Падзякуйце ім, - сказаў тата.
         -    Дзякуй, дзякуй, - заспявалі важаняты.
Фых-пых паклаў пачастунак і малыя сталі есці.
- Прыходзьце да нас, я пазнаёмлю вас з суседзямі: зайцам Кароткахвосцікам і вавёрачкай Іскаркай.
- Так, другім разам. А цяпер нам час  вяртацца, - адказаў кот.
Янка і Шмурдзік развіталіся з дружнай вожыкавай сямейкай і пайшлі дахаты. У двары іх ужо чакала Зорачка. Яна паглядзела на Янку:
- Ці пачастуеш мяне сёння? Вось каб мне лустачку хлеба з соллю – я б табе аддзячыла, болей малака дала.
- Пачастую, канешне, - хлопчык пабег у хату, адрэзаў лусту хлеба, пасыпаў соллю і вынес карове.
- М-м-м, смаката, - зажмурылася Зорачка ад задавальнення, змахнуўшы хлеб языком.  - Дзякуй.
Праз нейкі час ужо Янка і Шмурдзік смакавалі цёплае і пеннае свежае малако ды ўспаміналі  цікавую сустрэчу на лясной сцяжынцы.


ЧАСТКА 6
ЯНКА БАРОНІЦЬ БУХМАТКУ І ЯЕ СЯБРОВАК
    Янка дапамагаў дзеду сенаваць каля возера. Дзядуля даў яму маленькія граблі і хлопчык завіхаўся разам з ім, падграбаючы сена. Ён  так стараўся, што хутка ўспацеў і стаміўся.
-Адпачні, унучак, - сказаў дзядуля, - я пакуль сам. А ты пасядзі каля капы. Калі адпачнеш – зноў дапаможаш.
Сядзець было нецікава і малы падыйшоў да возера. Яно радавала  вока  жоўтымі гарлачыкамі і белымі лілеямі. А яшчэ па ім плавалі белыя прыгажуны – лебядзі. Янка з захапленнем глядзеў на велічных птушак. Каля дарослых плавалі малыя. Хлопчык  пайшоў да капы сена  і неўпрыкмет ад дзядулі выцягнуў з яго торбы некалькі лустаў хлеба. Потым зноў вярнуўся да возера і стаў кідаць хлеб. Малыя з ахвотай накінуліся пачастунак.
-Ты добры хлопчык, - дарослы лебядзь грацыёзна схіліў галаву. - Дзякуй. Як цябе зваць?
- Янка. Калі ласка, - адказаў хлопчык. - Няхай ядуць. Я магу яшчэ прынесці. Мне падабаецца назіраць за вамі.
У гэты час адно з лебядзянят падплыло за кавалкам хлеба  амаль да самага берага і стала валтузіцца, жаласліва пішчаць. Дарослы кінуўся яму на дапамогу, але нічога не мог зрабіць: малое ўблыталася ў жмут нейкіх вяровак і дроту. Хлопчык  хуценька спусціўся да вады, сяк-так разблытаў вузел і вызваліў маленькага.
-Яшчэ раз дзякуй табе,  хлопчык, - сказаў лебядзь і працягнуў Янку малюсенькі свісток. - Мяне клічуць Шыпулікам. Гэта табе падарунак за тваё добрае сэрца. Калі  спатрэбіцца дапамога – падуй у яго і я ў тое ж імгненне з’яўлюся.
Янка прыняў падарунак і падзякаваў птушку. Потым  стала горача і яны з дзедам сабраліся дахаты.  Крыху адпачыўшы,  дзед пайшоў варушыць учарашнія пакосы, а малога пакінуў пад наглядам бабулі. Яна займалася сваімі справамі, а хлопчык гуляў з цацкамі. Хутка гэта яму надакучыла. Шмурдзік зноў недзе знік і гуляць не было з кім.  У гэты час Янка заўважыў, што ўсе куры, як адна,  забіліся пад кусты парэчкі і сядзелі, не высоўваючы галавы. Ён падыйшоў да Бухматкі, якая таксама сядзела пад кустом:
          - Чаго гэта вы ўсе пахаваліся?
- Ой, Яначка, ко-ко,  ты ж  яшчэ не ведаеш, - курачка бядотна схіліла галаву.  -  Мы  вельмі  баімся.
- Што здарылася?
- У суседнім двары каршун напаў на нашых сябровак і схапіў двое малых куранят. А цяпер  ён тут недзе  лятае, кружыць і мы баімся, што  нападзе на нас і схопіць.
- Я абараню вас, - запэўніў Янка.
- Як жа ты нас абароніш?
- Не бойцеся, выходзьце. Я вазьму добры кій і як толькі гэты нягоднік паспрабуе вас зачапіць, то атрымае ад мяне.
Певень паслухаў хлопчыка і рашуча сказаў:
-Ку-ка-рэ-ку, выходзьце. Я таксама накінуся на яго. Мы правучым  гэтага драпежніка і ён перастане нас крыўдзіць.
Куры выйшлі на волю, абтрэсліся і сталі хадзіць па двары, шукаць чарвячкоў ды шчыпаць  траву. Янка узяў у рукі  важкі кій і стаў сачыць за небам, але акрамя невялічкіх сініх аблачынак там ён нічога не ўбачыў. Ён яшчэ крыху патупаў па двары і супакоіўся: выбраўшы зручнае месца, прысеў. Сонейка ласкава прыгравала, лёгкі ветрык пагойдваў вершаліны яблынь – усюды было спакойна. Раптам куры з крыкам кінуліся ўрассыпную, а над зямлёю мільгнуў чорны цень. Хлопчык убачыў доволі буйную чорную  птушку, якая распасцёршы кіпцюры і крылы, каменем упала на курэй. Пеця, натапырыўшы грэбень, кінуўся на драпежніка, хлопчык з кіем паспяшаўся да месца здарэння. Але каршун аказаўся  спрытнейшым: ён схапіў кіпцюрамі Бухматку і, цяжка махаючы крыламі, узняўся ў паветра. Малы нічым не змог дапамагчы курачцы. А яе сяброўкі з болем засакаталі:
-Прапала  наша Бухматка, загубіць яе нягоднік. Што ж рабіць?
У гэты момант Янка ўспомніў пра лебедзеў падарунак. Ён хуценька выцягнуў свісток і падуў у яго. У тое ж імгненне перад ім прызямлілася прыгожая белая птушка:
- Што здарылася? Ты зваў мяне на дапамогу.
- Так. Дапамажы. Каршун схапіў Бухматку і яна можа загінуць. Трэба выратаваць яе.
- Сядай на мяне і трымайся, - адказаў Шыпулік.
Янка сеў на лебедзя, абняў за шыю, а той узляцеў. Шыпулік так замахаў магутнымі крыламі, што ў момант нагнаў драпежніка. Каршун азірнуўся, убачыў, што яго вось-вось дагоняць і дадаў хуткасці.
-Трымайся, Бухматка, - закрычаў Янка, - мы не кінем цябе.
І ён узняў свой кій, каб, пры неабходнасці, скарыстацца ім. Хутка Шыпулік параўняўся з каршуном і ўладна загадаў:
-Адпусці курачку. Інакш табе дрэнна прыйдзецца.
- Так, - крыкнуў хлопчык, - адпусці. І малых куранятак аддай. Бо мы з Шыпулікам усыплем табе.
Каршун пакасіўся на магутнага лебядзя, на Янкаў кій і хрыпла каркнуў:
-Здаюся. Забірайце сваю курыцу.
Шыпулік наблізіўся да драпежніка і хлопчык перахапіў перапалоханую Бухматку. Яна ўся калацілася.
-Давай, ляці да гнязда і аддай нам  куранятак, - загадаў лебядзь.
Каршун стаў апускацца ніжэй, падляцеў да высокага дрэва  і сеў на галіну. Шыпулік  прызямліўся побач. Потым драпежнік  схаваўся ў вецці і праз нейкі час паказаўся, трымаючы ў лапах жоўтых куранятак, якія гучна пішчалі. Янка схапіў малых і лебядзь паляцеў дахаты. Шчаслівы Янка асцярожна трымаў  выратаванных куранят, а Бухматка заплюшчыла вочы і адддана прыціснулася да хлопчыка. А пад імі праплываў найпрыгажэйшы малюнак: зял ёны луг, шумлівы лес, поле са збажыною, бліскучая стужка рачулкі. У Янкі захапіла дух ад такой прагажосці. Вось паказалася вёска. Шыпулік прызямліўся пасярод двара.
-Бухматка, ты жывая! Якое шчасце! - радасныя  сяброўкі кінуліся
абдымаць  курачку. А Пеця на радасцях скочыў на плот і некалькі разоў  гучна пракукарэкаў. Янка аднёс куранятак да плоту і выпусціў іх у суседні двор.
-Кох-кох, дзеткі мае, вы жывыя і са мною! Якое шчасце! - заквахтала курыца-мама. - Дзякуй табе, хлопчык, дзякуй.
Янка вярнуўся ў двор і  шчыра падзякаваў Шыпуліка.
-Так і павінна быць, - адказаў лебядзь, - дапамажы, каму можаш і цябе не кінуць у бядзе іншыя. Запомні гэта, Янка.
Шыпулік паляцеў, а хлопчык і курачкі яшчэ доўга махалі яму ўслед, дзякуючы   за выратаванне Бухматкі і куранятак.

ЧАСТКА 7
ЯНКА І ШМУРДЗІК ТРАПЛЯЮЦЬ НА КУДЫКІНУ ГАРУ

      Янка і Шмурдзік  ляжалі ў двары на дзяружцы. Хлопчык загараў, а кот таксама грэўся на сонцы. Нейкі час яны ляжалі моўчкі, потым Шмурдзік  варухнуўся і расплюшчыў вочы:
- Янка, ведаеш,  што я ўспомніў?
- Што?
- Сёння ноччу мой сябар,  суседскі кот  Рыжык,  сказаў, што  пры жаданні можна трапіць на Кудыкіну гару. Яму, як быццам, аб гэтым расказваў яго бацька. Рыжык сказаў, што трэба ў поўнач прыйсці  за наш хлеў, спыніцца там, тупнуць тры разы нагою і ты апынішся на чароўнай  Кудыкінай гары.
- А што гэта за  гара  такая?
- Я і сам добра не ведаю, - шчыра прызнаўся Шмурдзік, - але Рыжык казаў, што там можна сустрэць каго заўгодна. Бо гэта чароўнае месца.
- Вось бы глянуць хоць адным вокам, - зацікаўлены хлопчык падняўся. – Слухай, а давай мы з табою сёння ноччу  даведаемся ці не схлусіў ён?
- Давай, - пагадзіўся кот.
Малы не мог дачакацца ночы. Яны дамовіліся, што  апоўначы кот прабудзіць яго і яны разам пойдуць за хлеў. Шмурдзік  павінен быў пралезці  ў хату праз акно, якое Янка  загадзя  пакіне прыадчыненым. Хлопчык хацеў сам дачакацца поўначы, але непрыкметна заснуў. Прачнуўся ад таго, што яго асцярожна казытаў хвастом сябар і  шаптаў:
-Падымайся, час ужо. Толькі ціха, не прабудзі дзядулю і бабулю.
-Добра, - малы вылез з-пад цёплай коўдры, адзеўся і асцярожна ступаючы пайшоў за дзверы.
Яны прайшлі праз асветлены месяцам двор, звярнулі за хлеў і спыніліся.
-Што далей? - спытаўся хлопчык.
-Вось тут трэба стаць і тупнуць тры разы нагою, - паказаў кот.
-Давай паспрабуем.
- Не баішся?
- Нічога, мы ж разам будзем, - адказаў Янка.
Ён набраў  у  грудзі паветра, як бы набіраючыся смеласці,  і тры разы тупнуў нагою. Але нічога не змянілася: стаяла цішыня, цьмяна свяціў месяц і больш нічога. Хлопчык разгублена глянуў на сябра і хацеў сказаць яму, што Рыжык напэўна зманіў, як раптам у паветры нешта мільгатнула і цемра знікла. Яны апынуліся  на  светлай, залітай сонцам палянцы, абапал якой  мякка калыхаліся  прыгожыя маладыя бярозкі. Янка аглянуўся – палянка месцілася на пагорку, а ўдалечыні віднелася нейкая хатка, яшчэ далей  даволі высокая чырвоная вежа.
- Ух ты, атрымалася, - прамовіў Шмурдзік.
- Паглядзім, што тут ёсць, - сказаў Янка і рушыў наперад.
Сябар пайшоў за ім. Наўкола ўсё квітнела і спявала, самыя разнастайныя кветкі буялі пад кустамі і дрэвамі, невядомыя птушкі заліваліся сваімі чароўнымі мелодыямі.   Праз некалькі хвілін аднекуль выскачыў   вялікі шэры заяц. Адно вуха ў яго было заломлена ўбок. Ён павітаўся:
- Прывітанне. Вы хто такія?
- Мяне клічуць Янкам, а гэта мой сябар Шмурдзік, - адказаў хлопчык.
- Не ведаю такіх на нашай гары. Адкуль вы?
- З вёскі.
-З якой яшчэ вёскі? - здзівіўся заяц. - Ой, глядзіце, будзьце асцярожнымі. Бо Баба-Яга не любіць чужынцаў. Вой, мабыць гэта яна.
Спалоханы заяц кінуўся ў кусты і знік. У небе пацямнела, зашумела і на невялічкую прагаліну з гулам апусцілася пачарнелая ад часу драўляная ступа. У ступе стаяла сівая згорбленая бубуля  ў чорнай спадніцы з доўгімі валасамі і доўгім кручкаватым носам. У руках яна трымала тоўсты кій з бярозавым венікам. Ступа спачатку ціха гула, потым змоўкла, а праз нейкі час зноў загула. Баба-Яга вылезла, таўханула яе  нагой  і сярдзіта прамовіла  сама сабе хрыплым голасам:
-Каб на цябе немач. Трэба ж – шашаль убіўся, патачыў, цяпер яна  дрэнна працуе. Вось трэба ж.
Потым яна  з шумам пацягнула носам і павярнулася да Янкі са Шмурдзікам:
- Што за чужынцы ў нас? Адкуль узяліся?
- Мы з вёскі, - адказаў Шмурдзік.
- Ага, так я і ведала, чужынцы аб’явіліся ў нас. Зараз я з вамі разбяруся.
Яна задаволена пацерла рукі:
- Цябе, - яна паказала на Янку, - я засмажу ў печы і з’ем. А ты, - яна паглядзела на Шмурдзіка, - будзеш мне мышэй і зайцоў лавіць.
Хлопчык пераглянуўся з катом і адказаў:
- Нічога ты нам не зробіш.
- Як гэта? - Баба-Яга папярхнулася.
- Бо мы цябе не баімся.
- Як гэта не баіцеся? Вось я зараз вам пакажу.
Яна замахала мятлою над галавою і нешта забубніла сабе пад нос. У гэты момант на прагаліну выйшаў невысокі стары дзед  у пазелянелай апратцы з доўгай барадой і  сівымі валасамі. На плячах у яго сядзелі дзве птушачкі. Стары гукнуў:
- Чаго ты тут разыйшлася, Ягоўна?
          - Вось, зараз, зараз я ім пакажу. Будуць ведаць, хто я такая.
           - Спыніся ты, не парушай мне цішыню ў лесе.
           - Эх, Лесавік, чаму ты такі? - Баба-Яга апусціла мятлу. - Трэба каб мяне ўсе баяліся, разумееш?
          - Кінь ты, кажу. Што гэта за людзі?
          - Чужынцы. Я чую, як ад іх нясе не нашым пахам.
          - Што вы ўсё заладзілі: чужынцы, чужынцы, - Шмурдзік незадаволена мяўкнуў. - Так гасцей не сустракаюць.
          - Вось бачыш, - Баба-Яга зірнула на Лесавіка, - нічога не баяцца.
          - Так, - Лесавік пагладзіў бараду, - як жа вы апынуліся на Кудыкінай гары? Хто такія?
          - Мяне клічуць Янка, а яго Шмурдзікам, - патлумачыў хлопчык, - нам захацелася паглядзець на вашу гару. Вось мы і прыйшлі сюды.
         - Так, так, гара наша чароўная, тут шмат чаго ёсць. Але не кожнаму дазволена тут бываць. Ды яшчэ трэба ведаць, што калі не трапіш на тое месца, дзе першапачаткова  апынуўся ў нас, то назад ніколі не вернешся.
            - Не, мы хочам вярнуцца назад. Але дазвольце, калі ласка, ужо не сёння, а другім разам, паглядзець на вашы мясціны.
            - Хм, - хмыкнуў Лесавік, - калі ты такі ветлівы хлопчык, то, мабыць, можна. Але абяцайце, што не будзеце шкоднічаць у маім лесе, чапаць звяроў і птушак,  пужаць жывёлу.
              - Абяцаем, абяцаем, - дружна пагадзіліся хлопчык і кот.
              - А я супраць, - тупнула нагою Баба-Яга, - я злосная і сварлівая.
              -Хе-хе, - засмяяўся Лесавік, - ідзі лепш нечысць каля балота паганяй.
 Баба-Яга зыркнула на яго, нешта забубнела, ускочыла ў ступу і ўзмахнула мятлою. Ступа загула, фыркнула і ўзнялася ў паветра.
- Дзякуй вам, - сказаў Янка Лесавіку, - мы абавязкова вернемся паглядзець вашы мясціны. Пабеглі, Шмурдзік, шукаць паляну.
Яны павярнуліся і пайшлі ў тым напрамку, адкуль трапілі сюды. Яны ішлі і ішлі, а палянкі  ўсё  не было. 
- Штосьці не так, - сказаў Шмурдзік, - мы павінны былі ўжо выйсці на наша месца. Мабыць, мы заблудзіліся. Што будзем рабіць?
- І я не ведаю, - разгубіўся Янка.
Яны спыніліся і сталі аглядацца. Раптам з-за кустоў зноў вылез той самы заяц, што  першым сустрэў іх.
- Што, не ведаеце куды ісці?
- Так, - прызнаўся хлопчык.
- Гэта Баба-Яга нарабіла, - запэўніў сяброў заяц, - яна увесь час шкодзіць каму-нібудзь. І напэўна хоча, каб вы не вярнуліся ў сваю вёску.
- Што ж нам рабіць? - хлопчык жахнуўся ад думкі, што яны не змогуць трапіць дахаты.
- Стойце тут. Я паклічу Лесавіка, ён вам дапаможа, - заяц знік за кустамі.
Пакуль Янка і Шмурдзік перагаворваліся, ён неўзабаве зноў выбег да іх.
- Вось, знайшоў яго, - ён кіўнуў на валадара лесу, які паказаўся за ім.
- Што, заблукалі? - ласкава спытаў стары ў сяброў.
Тыя толькі апусцілі галаву.
- Нічога, дапаможам.
Лесавік тупнуў нагою, пляснуў у далоні і зычна гукнуў:
- Гэй, мае птахі лятучыя ды звяры лясныя! Клічу вас да сябе!
Амаль тут жа да яго сталі злятацца птушкі, маленькія і вялікія, збягацца звяры,  драпежныя і траваядныя. Хутка постаць Лесавіка абляпілі птушкі,якія нешта шчабяталі яму на вуха  ды акружыла рознае звяр’ё , якое нешта тлумачыла. У хуткім часе ён махнуў рукою і ўсе разляцеліся і разбегліся ў розныя бакі. Стары павярнуўся да хлопчыка з катом:
- Так і ёсць, замяла наша Ягоўна вам дарогу, каб не знайшлі вы яе. Ды цяпер я ўсё ведаю. Вось яна – ваша паляна.
Лесавік  некалькі разоў дзьмухнуў у складзеныя далоні  і перад ім вырасла сонечная палянка.
- Ура! - узрадаваўся Янка. - Дзякуй  вам за дапамогу.
- Дзякуй, - падтрымаў яго і Шмурдзік, паціснуўшы лапу зайцу.
Янка тры разы тупнуў нагою і хутка яны апынуліся за хлявом.
- Каб яе, тую Бабу-Ягу, - сказаў Шмурдзік.  - У наступны раз падрапаю ёй твар. Я таксама спужаўся, што мы не знойдзем дарогу.
- Так, добра, што мы вярнуліся. Мне ўжо спаць моцна хочацца. Дабранач, Шмурдзік.
- І табе дабранач.
Янка зайшоў у хату, распрануўся, лёг у ложак і моцна-моцна заснуў.


ЧАСТКА 8
НА РЫБАЛЦЫ

     Янка доўга прасіўся  ў дзядулі, каб  схадзіць разам на рыбалку. Але той быў моцна заняты рознымі справамі. Неяк ён усё ж  паабяцаў, што у нядзелю   абавязкова пойдуць на рэчку.  Хлопчык паведаміў аб гэтым Шмурдзіку і яны з нецярпеннем чакалі нядзелі. Напярэдадні, хлопчык з дзядулем падрыхтаваліся, як мае быць: накапалі чарвей, напарылі гароху, сабралі вуды. Шмурдзік таксама быў у нецярпенні – яму вельмі хацелася паласавацца свежай рыбай.
    Дзядуля прабудзіў хлопчыка рана, калі сонца яшчэ не паспела высока ўзняцца,  а на  трава  ляжала буйная раса. Янка ўпершыню бачыў ранішнюю, туманную і ціхую, як сонную,  рэчку, мокры росны луг, абуджэнне прыроды. Ён крыху недаспаў, але выгляду не падаваў і з цікавасцю разглядаў  маляўнічае наваколле. Затое Шмурдзіку хацелася толькі аднаго – каб хто-нібудзь  як мага хутчэй  злавіў рыбу. Дзед з Янкам селі на беразе,  разматалі вуды, начапілі чарвяка і закінулі.  Недалёка сінела тое самае возера, дзе Янка і Шмурдзік сустрэлі Ласунчыка.  Прайшло хвілін з дзесяць: клёву не было.
- Пасядзі, ўнучак тут. Толькі нікуды не адыходзься і не лезь да вады.  Я пайду гляну – можа дзе лепшая мясцінка ёсць.
Дзед пайшоў, а Шмурдзік пазяхнуў:
- Ну, вось, нічога не злавілі. А я спадзяваўся.
- Пачакай, - сказаў Янка, - зараз дзядуля добрую мясцінку знойдзе. Там  напэўна  зловім.
- Дачакаешся тут, - кот адвярнуўся і заплюшчыў вочы.
Янка глядзеў на лазовыя кусты, якімі густа парос бераг. У гэты момант пад кустом нешта моцна плюхнула і адтуль паказаўся бабёр: гэта была мама Ласунчыка.
- Вы? - здзіўлена спыталася яна. - Вось дык сустрэча.
- А дзе ж Ласунчык? - пацікавіўся Янка.
- Тут ён, зараз паклічу, - мама схавалася ў куст і праз нейкі час паказалася бабраня. Ласунчык павітаўся:
- Првітанне, Янка. Прывітанне, Шмурдзік. Як справы?
- Добра, - бадзёра адказаў Янка.
- А што вы тут робіце?
- Рыбу ловім, - уставіў слова  кот, - толькі нічога не злавілі. А яны ўсё абяцаюць. Мне  вельмі хочацца  рыбы.
- Мы з мамай вам дапаможам. Праўда, мама?
- Так, сынок.  Чакайце нас.
Бабры  плюхнуліся ў рэчку і зніклі. Шмурдзік ажыўлена захадзіў па беразе, углядаючыся ў ваду. Не прайшло і хвіліны, як бабры зноў паказаліся з вады, трымаючы ў лапах рыбу.
- Вось, трымайце, - яны паклалі перад хлопчкам некалькі буйных плотак,
два акуні і ляшча.
- Ура, рыба! - кот схапіў плотку і са смакам стаў есці.
- Дзякуй, - сказаў Янка, - добра, што сустрэлі вас.
- Мы зрабілі так, каб  рыба ў вас лавілася. Увогуле, прыходзьце  калі захочаце.  А цяпер прабачце –  нам час ісці, бо будуем новую хату. Да пабачэння, - бабры зніклі у вадзе.
У гэты момант кусты на беразе зашамацелі і з іх вылез дзядуля. Ад здзіўлення ён спыніўся і доўга гядзеў то Янку, то на рыбу:
- Калі гэта ты паспеў столькі злавіць?
- Мне, дзядуля, бабры дапамаглі, - шчыра прызнаўся Янка.
Але дзед, мабыць, не паверыў. Ён пачапіў новага чарвяка і закінуў вуду. Амаль адразу паплавок заторгаўся і даў нырца. Дзед пацягнуў на сябе вудзільна. Праз  момант у яго руках затрапятался серабрыстая плотка. Потым заскакаў паплавок у Янкі і ён па-сапраўднаму выцягнуў сваю першую рыбіну. За некалькі хвілін яны з дзедам злавілі больш дзесяці  буйных плотак. Шмурдзік задаволена аблізваўся.
- Во гэта клёў, - азваўся дзядуля, - малайчына, Янка. Не ведаю як, але нечым ты прыманіў рыбу.
Яны пасядзелі яшчэ крыху, але больш нічога не злавілі. Тады дзед павёў іх на новае месца. Там ён злавіў ладнага шчупака. Хлопчык упершыню бачыў рачнога драпежніка:  яго выцягнутую пляскатую пашчу з мноствам дробных вострых зубоў, прадаўгаватае тулава з зеленаватым адценнем. Шчупак падскакваў на траве і, як бы пагражаючы, разяўляў пашчу. Нават Шмурдзік не стаў падыходзіць да яго. Пасля гэтага ні хлопчык, ні дзед нічога не выцягнулі з вады.
- На сёння хопіць, - вырашыў дзядуля. - Пойдзем дадому, але не па вуліцы, а праз луг. Трэба паглядзець на наш сенакос.
Дзед павёў яго за сабою, а  Шмурдзік пайшоў дахаты.  Дзед з Янкам  пайшлі ўздоўж берага, выйшлі да возера з яго жоўтымі гарлачыкамі і белымі лілеямі. Пасля  скіравалі ўбок і яны нейкі час ішлі па лесе. За невялічкай забалочаннай азярынкай паказалася сонечная паляна, а далей, за дрэвамі –  поле. Хлопчык пазнаў гэтае месца: недзе побач з гэтай палянай яны сустрэлі Фых-пыха.
- Вось і наш сенакос, - кіўнуў дзядуля.
 Сярод  невысокіх зялёных алешын віднелася даволі вялікая  прадаўгаватая паляна, на якой пад ветрыкам мякка  калыхалася  трава.  Дзядуля пакінуў рыбу і  вуды, а сам пайшоў уздоўж паляны. Янка застаўся чакаць яго на гэтым месцы. Раптам хлопчык убачыў, як бліжэйшы да яго лазовы куст зашамацеў і з яго высунуўся  Фых-пых:
     - Прывітанне, Янка. Ты  што тут робіш?
     - Прывітанне. Мяне дзядуля прывёў. А дзе твая сямейка?
     - Яны там, у лесе, збіраюць грыбы і слімакоў. Мае дзеткі добра ўжо падраслі, хутка самастойнымі стануць. Яны памятаюць, як вы з Шмурдзікам прынеслі ім пачастунак.
     - Добра, прывітанне ім ад нас.
     - Дзякуй. Пайду ім дапамагаць. Да сустрэчы.
Хутка дзядуля  вярнуўся  і яны пайшлі з лесу. А дома хлопчык пераказаў сябру пра сваю сустрэчу з вожыкам.
ЧАСТКА 9
ЯК ВЫРАТАВАЦЬ ЯБЛЫНЬКУ

    Стаяў  гарачы  летні дзень. Янка сядзеў пад яблынькай і меркаваў, чым яму заняцца. Ён даўно ведаў, што па суседству з дзедавай хатай  у вёсцы няма дзяцей яго ўзросту, таму яму няма з кім  тут гуляць. Спачатку яго гэта засмучала. Але паступова ён прызвычаіўся бавіць час то са  Шмурдзікам і Бухматкай, то з дзядулем, а іншы раз і гуляў адзін.  Хлопчык успомніў, як учора святкавалі яго дзень нараджэння. Спачатку патэлефанавалі мама з Алеськаю, павіншавалі, а бабуля з дзядулем аддалі яму свой падарунак –  цукеркі і прыгожы ёмкі ранец, як будучаму школьніку. Потым бабуля за святочным сталом частавала пірагом з клубніцамі. Шмурдзік не хацеў есці такого пірага і хлопчык употайкі кінуў яму некалькі кавалкаў кілбасы. Пасля яны з сябрам пайшлі  ў двор і гулялі з ім хованкі. Дзеля праўды трэба сказаць, што амаль заўсёды ў такіх выпадках перамагаў кот, бо ён так хаваўся, што хлопчык не мог яго знайсці.
    Сёння Янка Шмурдзіка пакуль не бачыў: той недзе пайшоў. Да хлопчыка падыйшла Бухматка:
     - Чаго сумуеш, Янка?
     - Ды не, я не сумую. Але сапраўды мне няма з кім гуляць.
     - Так, Шмурдзік  не вельмі даўно пайшоў з Рыжыкам. Ведаеш, што я пачула? - Бухматка падыйшла бліжэй. - Рыжык угаварыў яго пайсці і дабрацца да шпакоўні. Жах – яны хочуць выцягнуць птушанят.
     - Іх трэба спыніць! - Янка падскочыў.
     - Але я не ведаю куды яны пайшлі, - курачка ўздыхнула.
     - Вось Рыжык – нягоднік.  Толькі прыйдуць – абодва атрымаюць ад мяне. Але ж яны наробяць шкоды. Дзе ж іх шукаць?
Тут над хлопчыкавай галавой нехта як бы застагнаў.
    - Бухматка, ты чула? - Янка стаў азірацца.
    - Так, чула.
    - Хто ж гэта можа быць?
    - Гэта я – яблынька, - прагучаў тоненькі галасок. - Бо мне вельмі цяжка. На мае лісточкі насела тля, яблыкі ядуць вусені, а карані падрывае крот. Каб вы ведалі, як я пакутую ад усяго гэтага.
    - Мы дапаможам табе, - хлопчык рашуча ўзняўся і тут жа спыніўся. - Бухматка, як мы выратуем яблыньку?
    - Не ведаю, Янка, - курачка апусціла крылы. - Калі б я магла ўзлезці на дрэва, то падзюбала б вусеняў і тлю. Толькі я не ўмею лазіць па дрэвах. А вось шпакі умеюць.
    - Тады пабеглі іх шукаць.
Хлопчык і курачка выбеглі на вуліцу і пайшлі па ёй, углядаючыся, каб убачыць, дзе ёсць шпакоўня. Праз некалькі хат яны заўважылі, як каля старой таполі з крыкам мітусіцца цэлая чародка шпакоў. Янка вырашыў, што нехта непакоіць іх. Ён  падыйшоў бліжэй. Так і ёсць – на суку, прыціснуўшы вушы,  сядзеў Шмурдзік. А Рыжык, чапляючыся за кару і фыркаючы на  насядаючых птушак, стараўся дабрацца да шпакоўні ў якой ўстрывожана пішчалі птушаняты. Дарослыя  птушкі  так і стараліся дзюбнуць ката
    - Шмурдзік! Злазьзе адтуль, бо адлупцую вас абодвух, - загадаў хлопчык.
 Шмурдзік глянуў на яго, потым на Рыжыка і незадаволена выказаўся:
   - Мяў, я ж казаў яму, што нічога не атрымаецца. А цяпер яшчэ і Янка прыйшоў. Рыжык, злазь.
Рыжык глянуўшы ўверх, потым уніз, спачатку памарудзіў, пасля стаў злазіць на сук, на якім сядзеў Шмурдзік, а той палез уніз. Шпакі закружылі над катамі з новаю сілай і адзін з іх дзюбнуў Рыжыка.  Абараняючыся, Рыжык не ўтрымаўся і зваліўся на Шмурдзіка. Пасля гэтага  каты разам  паляцелі ўніз і грымнуліся вобзем.
     - Так вам і трэба, - сказала Бухматка, - як быццам вам няма чаго есці.
     - Шмат ты ведаеш, - пакрыўджана мяўкнуў Рыжык, абтрасаючы поўсць. – Можа ў  нас паляўнічы інстынкт жыве  і  інакш не можам. Зразумела?
     - Не, птушак не трэба чапаць, - зазначыў Янка. - Тым больш, што яны дапамогуць выратаваць яблыньку.   
Дзве птушкі спусціліся на ніжэйшы сук і прасвісталі  на сваёй шпачынай мове:
      - Дзякуй табе, хлопчык.
      - Калі ласка. Але ж у мяне ёсць просьба да вас – дапамажыце нам выратаваць яблыньку ад тлі і вусеняў. Яна там, у нашым двары.
      - Канешне, мы абавязкова аддзячым –  зараз жа паляцім і зробім гэта.
Шпакі свіснулі, да іх далучылася яшчэ некалькі птушак і яны паляцелі  на дзядулін  надворак. Калі  хлопчык з катом і курачкай вярнуліся у двор, шпакі ўжо шчыравалі на яблыньцы, спрытна і старанна аббіраючы шкоднікаў з лісця. Яблынька аж пасвятлела.
      - А як  мы крата прагонім? Ён жа жыве пад зямлёю, - спытала курачка.
      - А давайце яго адпудзім, - прапанаваў Шмурдзік, які сядзеў пад яблыняй.
      - Вось тут кратовая нара. Мы ў адтуліну засунем трубу і такі гвалт падымем, што ён вылезе.
Янка пагадзіўся. Пад хлявом, каля сцяны стаяў кавалак металічнай трубы. Хлопчык прасунуў яе ў адтуліну і стаў звонка крычаць.
     - Давай цяпер я, - Шмурдзік таксама з усёй моцы заенчыў у трубу. Праз нейкую хвіліну з суседняй кратовіны высунуўся маленькі  - памерам з добрую мыш, толькі без хваста і з вочкамі, як макавае зерня – чорненькі звярок і закрычаў:
      - Вы што, з глузду з’ехалі? Я ледзьве не аглух.
      - А чаму ты шкодзіш нашай яблыньцы, падрываеш ёй карэнне? Ёй і так цяжка – столькі яблыкаў трэба вырасціць, - выступіла наперад Бухматка.
      - Бо тут вельмі тлустыя і смачныя  чарвякі, - адказаў крот.
      - Калі не хочаш, каб мы цябе трывожылі – то лепш рый там, пад травой. А яблыньку не чапай, - грозна заявіў Шмурдзік.
      - Добра, добра, не буду, толькі адчапіцеся,  - адазваўся крот і схаваўся пад зямлю. Янка задаволена ўсміхнуўся:
      - Здаецца, атрымалася. Як там наша яблынька?
      - Ой, вялікі дзякуй вам усім, - ціха прашаптала тая. - Так лёгка стала маім лісточкам. А калі і мае карэньчыкі  ніхто не будзе падрываць, то я аддзячу вам вялікімі і салодкімі яблыкамі. Вы такія добрыя.
       - Вось цяпер можна і адпачыць. Ці не так, Шмурдзік? - сказаў Янка.
       - Так, можна. Толькі мне за дапамогу – малака.
       - Будзе табе малако, - засмяяўся хлопчык.

ЧАСТКА 10
ПАДАРОЖЖА ПА КУДЫКІНАЙ ГАРЫ

    Неяк было вельмі дрэннае надвор’е: цэлы дзень ліў дождж, халодны  вецер  стукаўся ў аконнае шкло і завываў у коміне. Таму Янку прыйшлося сядзець дома. Шмурдзік таксама нікуды не пайшоў, схаваўся на печы і спаў. Хлопчык палез да яго і стаў будзіць:
       - Хопіць спаць. Лепш давай пагуляем у якую-небудзь гульню.
       - Не, гэткім надвор’ем вельмі добра спіцца, - пазяхнуў кот. - Лажыся і ты каля мяне, будзе разам спаць. Я табе памурлычу – у момант заснеш.
Хлопчыку спаць не хацелася, але сябар так і не згадзіўся на гульню. Тады Янка лёг побач з ім. І сапраўды – Шмурдзік так прыемна  муркаў, а на печы было так цёпла і ўтульна, што хлопчык непрыкметна заснуў. Праспалі яны, відаць, доўга. Бо калі бабуля нечым загрымела ў сенцах і  хлопчык прачнуўся, на вуліцы прыкметна пашарэла. Пасля вячэры бабуля і дзядуля заняліся сваімі справамі, а Янка застаўся глядзець тэлевізар. Гледзячы   нейкую перадачу,  ён  успомніў: яны ж даўно збіраліся пападарожнічаць па Кудыкінай гары. І хлопчык спытаў у сябра:
     - Слухай, можа нам сёння ноччу наведацца на Кудыкіну гару?
      - Чаму б і не, - пагадзіўся той, - мне так і хочацца падрапаць руку ці нагу гэтай паганай Бабе-Язе.
      - Ты што, не трэба, - не пагадзіўся хлопчык, - лепш нам не сустракацца з ёю. А мне вельмі хочацца паглядзець што там ёсць.
Янка добра выспаўся  яшчэ ўдзень. Таму ён лёгка падняўся, калі стрэлкі гадзінніка наблізіліся да поўначы. Сябры выйшлі за хлеў і праз некалькі хвілін аж прыжмурыліся ад яркага сонечнага святла – на Кудыкінай гары, як і ў той раз, стаяў цёплы, лагодны і светлы дзень. Палянка, здаецца, яшчэ больш папрыгажэла – яна ўкрылася мноствам маленькіх блакітненькіх  кветачак, якія цягнулі свае галоўкі да сонца.
      - Куды пойдзем? - спытаў Шмурдзік.
      - Давай сходзім да чырвонай вежы.
      - Давай.
У той бок схіл быў больш круцейшы і яны пайшлі з асцярожнасцю. Сябры паціху спусціліся па схілу і пайшлі па лесу. Зноў, як і ў першы раз, з кустоў вылез заяц з заламаным вухам. Ён гукнуў ім, як старым знаёмым:
      - Прывітанне. Вы зноў тут. Не баіцеся Бабы-Ягі?
      - Яшчэ чаго, - фыркнуў Шмурдзік, - хай лепш яна нас баіцца. Калі што – накінуся і падзяру яе кіпцюрамі. А ты што, палахлівец?
      - Ну, ведаеш, у нас свае правілы. Вам добра – прыйшлі і пайшлі, а мне тут жыць, - уздыхнуў заяц.
      - Як цябе зваць?
      - Грыбок. Бо я пад грыбам нарадзіўся, - патлумачыў заяц.
      - Не бойся, Грыбок. Пайшлі з намі, - сказаў Янка.  - Раскажы нам, што гэта за прыгожая чырвоная вежа ўдалечыні.
      - О, там знаходзіцца замак, - ажывіўся Грыбок і ахвотна падзяліўся сваімі ведамі. - А ў замку жыве наш кароль Асот і каралева Крапіва, злыя і нядобрыя. У іх  ёсць сын і дачка. Звычайна кароль увесь час бавіць у замку, праводзіць шумныя балі. Але іншы раз выязджае сюды, на Кудыкіну гару. Тады мы ўсе хаваемся, бо сам кароль і яго ахова  на чале з генералам Дзядоўнікам  усчынаюць стральбу. У тыя хвіліны  нават  Баба-Яга  хаваецца ў сваёй хатцы ў глыбіні лесу. Яшчэ кажуць, што некалі  даўно  кароль паланіў людажэра, што жыў у нашым лесе і трымае цяпер яго ў холодным склепе на тэрыторыі замка. А вы не баіцеся ісці да замка? Раптам кароль загадае вас схапіць?
    - Што ты ўсё чаўпеш: баіцеся, баіцеся. Мы з Янкам не палахлівыя. Я нават суседскага сабаку Пірата не баюся і хаджу дражніцца з ім, - самаўпэўнена заявіў Шмурдзік, задраўшы свой пушысты хвост трубою.
Пакуль яны размаўлялі паціху прайшлі амаль палову дарогі да вежы. Лес скончыўся і наперадзе, перад замкам, паказалася адкрытае месца. Цяпер замак можна было добра разглядзець.  Сцены  з буйнага абкоранага кругляка  сышліся сваім трохкутнікам на высокай чырвонай вежы, да якой было недзе з паўкіламетра. У прасценкі будаўнікі ўмуравалі  прамавугольныя цагляныя слупы. На самой вежы пагойдваўся  жоўты сцяг з выявай нейкай чорнай птушкі. На дзвух другіх вуглах былі прымайстраваныя невысокія  вежы авальнай формы, таксама з чырвонай цэглы. Усе спыніліся.
      - Прыгожа, - зазначыў Янка.
      - Так, - пагадзіўся Грыбок, - а я ніколі сюды не падыходзіў – баяўся.
У гэты момант каля высокай вежы расчынілася брама,  адтуль выехаў вазок, запрэжаны парай коней. Коні паімчалі у бок спадарожнікаў.
      - Што ж рабіць? Трэба хавацца, - замітусіўся Грыбок.
      - Не бойся, - супакоіў яго Янка, - мы ж нікому нічога дрэннага не рабілі. І нас ніхто не будзе чапаць.
Грыбок схаваўся за яго спіну. Вазок хутка пад’ехаў  да іх і спыніўся. Ім кіраваў невысокі і тоўсценькі мужчына з доўгімі закручаннымі вусамі. Абапал яго сядзелі двое, па ўсяму відаць, ахоўнікаў, бо ў руках яны трымалі кароткія дзіды. Адзін з ахоўнікаў саскочыў, адчыніў дзверы і дапамог сыйсці высокай прыгожай  маладой жанчыне. Але яе прыгожы твар псаваў зласлівы і поўны нейкай незадаволенасці выгляд. За ёю выйшла  маленькая дзяўчынка, недзе Янкавага ўзросту, ў пышнай бялюткай сукенцы і  прыгожы бялявы хлопчык год дзесяці. Янка здагадаўся, што гэта каралева з дзецьмі.  Яна  агледзела спадарожнікаў і пагардліва спытала у ахоўніка:
      - Хто гэта?
Ахоўнік лыпнуў вачыма, выцягнуўся і грозна закрычаў на хлопчыка з катом:
      - Хто гэта?
      - Я – Янка, а гэта мае сябры Шмурдзік і Грыбок, - адказаў за ўсіх хлопчык.
Ахоўнік павярнуўся і агучыў яго адказ жанчыне:
       - Я – Янка,  а гэта мае сябры Шмурдзік і Грыбок.
 Шмурдзік захіхікаў, Янка усміхнуўся, а каралева чамусьці спахмурнела і загадала:
      - Разбярыцеся з імі.
Потым яна павярнулася к дзецям:
      - Садзіцеся назад, ды хутчэй.
 Дзеці неахвотна павярнуліся і палезлі ў вазок, каралева за імі. Вазок паехаў, а  ахоўнік павярнуўся да Янкі:
      - Вы ўсе пойдзеце ў замак.
       - Чаму? - здзівіўся Янка. - Мы ж нікога не зачапілі і не пакрыўдзілі.
       - Разбярыцеся з імі, - раптам гаркнуў ахоўнік, потым змоўк і лыпнуў вачыма. Праз нейкі час  зноў загадаў:
       - Вы ўсе пойдзеце ў замак.
      - Яшчэ чаго, - фыркнуў Шмурдзік, - мы пойдзем назад, на паляну. Калі нас так сустракаюць, мы не пойдзем у замак.
Ён павярнуўся назад і пайшоў, за ім, прыціснуўшы вушы, Грыбок, а следам і Янка. Ахоўнік разгубіўся – ён, відаць, не чакаў такога. Калі ўсе крыху адыйшліся, ён закрычаў услед:
     - Куды вы пайшлі? Я загадваю вам ісці ў замак.
Але яго ніхто не паслухаў. Ахоўнік застыў, як слуп і змоўк.  Калі хлопчык з катом і зайцам увайшлі ў лес, Грыбок сказаў:
     - Якія вы смелыя – не пабаяліся каралевы і ахоўнікаў!
     - Вось яшчэ – баяцца іх, - адазваўся Шмурдзік.
     - Дзіўныя людзі. Мы ж ім нічога дрэннага не зрабілі, - выказаўся і Янка. – Але, калі так, пагуляем па вашых мясцінах. Што ў вас  цікавага яшчэ ёсць?
     - Што яшчэ? - Грыбок на імгненне задумаўся. - З Бабай-Ягой і Лесавіком вы пазнаёміліся, з каралевай сустрэліся, замак бачылі. А каралю лепш не трапляцца – ён такі злосны, яшчэ горшы за каралеву. Так, у нас яшчэ ёсць адно цікавае месца – чароўнае балота.
    - Чым жа яно цікавае?
    -  Уга, там і кветкі незвычайныя растуць, і жабы, якія спяваюць песні хорам, і нават прывіды ёсць. Вось так. Увогуле…
Грыбок хацеў яшчэ нешта сказаць, але недзе недалёка, за іх спінамі, пачуліся крыкі. Усе выразна пачулі:
      - Хутчэй, хутчэй затрымаць іх!
      - Гэта за намі. Мабыць, іх шмат, - спалохаўся заяц, - бяжыце хутчэй да паляны і хавайцеся ў сваёй вёсцы.
      - А ты? - спытаў Янка.
      - За мяне не хвалюйцеся – у мяне шмат хованак. Да пабачэння.
І Грыбок шмыгнуў у кусты.
       - Пабеглі, Шмурдзік!
Янка, што было моцы, кінуўся наўцёкі. Кот, крыху памарудзіўшы, пабег за ім і хутка абагнаў. Калі яны дабраліся да паляны, хлопчык цяжка дыхаў, бо трэба было бегчы ўгару. Ледзь яны ступілі на тое самае месца, адкуль можна было трапіць дахаты, з-за дрэў паказалася пяцёра ахоўнікаў.
      - Не дагналі, не дагналі, - паздзекваўся з іх Шмурдзік і паказаў язык. - Давай, Янка.
Янка не марудзіў, бо ахоўнікі беглі да іх. Праз імгненне яны былі ўжо у бяспечным месцы – за хлявом.
      - Фу, - хлопчык выцер успатнелы лоб, - мы ледзьве паспелі.
      - Недарэкі, - скрывіўся кот, - хіба яны мяне дагоняць. Добра, пайшлі адпачываць. Але мы абавязкова вернемся. Трэба паглядзець, што там за балота ў іх. Да раніцы, Янка.
      - Да раніцы.
Шмурдзік пайшоў на сенавал, а Янка вярнуўся ў хату.

 
ЧАСТКА 11
КРОПЕЛЬКА Ў НЕБЯСПЕЦЫ
   
Бабуля гатавала булён і папрасіла Янку схадзіць у агарод:  прынесці цыбуліну і крыху кропу. За час свайго знаходжання  ў вёсцы  хлопчык  з дапамогай дзядулі і бабулі паспеў вывучыць усю  гародніну ведаў што і дзе расце.  Ён вырваў цыбуліну, нашчыпаў кропу і ўжо збіраўся выходзіць у двор, як убачыў, што каля яго закружылася пчала і села на плячо. Хлопчык  пазнаў Кропельку. Пчолка загаварыла першая:
        - Бяда, Янка, нават і не ведаю, што рабіць.
        - Што здарылася?
         - На наш вулей напалі шэршні. Яны вялікія, у два разы большыя за нас, пчол, і мацнейшыя. Шэршні паланілі ахову і матку, хочуць забраць увесь мёд. А калі яны забяруць наш мёд, нам можа не хапіць яго на доўгую зіму і мы загінем. Я ледзь уратавалася. Што рабіць?
        - Трэба неадкладна выгнаць шэршняў. Вось нягоднікі, - абурыўся Янка.
       - Гэта вельмі складана і небяспечна, - з горыччу зазначыла пчолка, - бо ў шэршняў нашмат большыя, чым у нас жалы і яны могуць забіць, не толькі нас, але і людзей. Да таго ж іх шмат. Мабыць, мы ўсе загінем.
      - Не, мы з сябрамі  што-нібудзь прыдумаем. Чакай мяне тут, Кропелька.
Янка пабег у двор. Пакінуўшы бабулі гародніну, стаў  шукаць Шмурдзіка, але тагого нідзе не было. Дапамагла Бухматка. Яна паведаміла, што кот спіць за хатай на сянніку, які бабуля паклала на сонца падсушыцца.
      - Уставай, трэба тэрмінова ратаваць пчол! - Янка прабудзіў сябра.
      - Што там яшчэ нарабілася? - кот лена пазяхнуў, але не падняўся.
      - Шэршні напалі на вулей, а Кропелька ледзь выратавалася. Трэба нешта рабіць, а не то  пчолы загінуць.
      - Вось яшчэ не хапала, - Шмурдзік незадаволена сеў на сянніку. - Як жа мы будзем ваяваць з з шэршнямі?
      - Не ведаю. Давай прыдумаем.
Яны задумаліся, а Бухматка прымасцілася побач. Праз нейкую хвіліну кот рашуча падняўся:
      - Не, нешта мне не думаецца. Пайду знайду Рыжыка – можа, ён што параіць, бо ён старэйшы за мяне.
Як толькі кот пайшоў, курачка раптам прапанавала:
      - А давай мы, куры, усе пойдзем і падзяўбаем гэтых шэршняў.
      - Дык яны ж схаваліся ў вуллі. Так не атрымаецца, - адказаў хлопчык.
Яны зноў задумаліся. З-за вугла выйшаў Шмурдзік, а за ім яго сябар.
      - Ведаеш, Рыжык прапанаваў выкурыць шэршняў дымам. Ён  казаў, што бачыў, як пчаляры такім чынам адганяюць пчол, калі збіраюць мёд, - адразу ж сказаў Шмурдзік.
     - А як жа пчолы?
     - А што ім зробіцца? Кропелька ім паведаміць, што гэтак мы выганяем  нахабнікаў і пчолы потым вернуцца дахаты.
     - Так, так, добрая прапанова, - пагадзілася Бухматка.
     - Кропелька казала, што ў іх вельмі вострыя і вялікія жалы. Таму нам трэба прыдумаць нейкую абарону, каб яны нас не зачапілі, - успомніў Янка.
     - Слухай, у дзеда ў хляве стаіць вялікая драўляная бочка. Мы пусцім дым на вулей, а самі схаваемся пад ёю, - знайшоў выйсце Шмурдзік.
    - Выдатна! Так і зробім, - узрадаваўся хлопчык.
Усе разам яны вярнуліся ў двор. Янка знайшоў Кропельку і расказаў, як яны збіраюцца змагацца з шэршнямі. Радасная пчолка паляцела ў вулей каб паведаміць астатнім пра добрую навіну. Хлопчык стаў збіраць у пакет старыя анучы, знайшоў некалькі кавалкаў гумы. А Рыжык з Шмурдзікам пабеглі да вулея і сталі збіраць там рознае вецце – ад яго будзе больш дыму. Бухматка таксама дапамагала хлопчыку – цягала сухую траву, розныя трэскі. У хуткім часе Янка каціў бочку па дарозе. Калі ён дабраўся да вулля, то  пачуў, як у ім бесперапынна гудуць і пчолы, і шэршні. Сябры дапамаглі хлопчыку скласці усё, што сабралі, у вогнішча. Янка запаліў агонь. Калі ён добра ўгарэўся, сябры сталі класці на яго рознае рыззё, вецце, анучы. Едкі дым укрыў вулей. Адтуль вылецелі устрывожаныя і раззлаваныя шэршні. За імі выбраліся  пчолы і роем паляцелі да бліжэйшага дрэва. Шэршні сярдзіта загулі і, выставіўшы вострыя  ядавітыя жалы, кінуліся на Янку з сябрамі, а яны ўсе схаваліся пад бочку. Раззлаваныя нахабнікі дарэмна стукаліся ў драўляную паверхню – пралезці пад яе ў іх не атрымалася. Хутка гул сціх.
      - Давайце я пагляджу, што там. Яны не параняць мяне праз маё пер’е, - прапанавала Бухматка.
Хлопчык выпусціў яе. Курачка агледзелася і закрычала:
      - Ко-ко, выходзьце, яны збеглі!
Янка, Шмурдзік і Рыжык выйшлі. Вулей яшчэ быў задымлены, але вогнішча ужо паменшала. Шэршняў нідзе не было відаць.
      - А раптам яны вернуцца? Трэба падрыхтавацца да гэтага, - занепакоіўся хлопчык.
Ён нейкі час  падумаў і ўсклікнуў:
     - Прыдумаў! Мы укрыем вулей, каб яны не улезлі ў яго, а вогнішча  няхай яшчэ пагарыць. І тады яны падумаюць, што ім тут няма чаго рабіць.
Янка пабег дахаты, прынёс кавалак  поліэтыленавай плёнкі і разам з сябрамі укрыў вулей. Потым яны яшчэ падкінулі галля каб вогнішча дымела. У хуткім часе Янкава думка падцвердзілася – з-за яблыні вылецеў невялікі рой шэршняў і закружыўся над вуллем. Яны паспрабавалі улезці ў сярэдзіну, але безвынікова. Ды яшчэ падзьмуў вецер і падагнаў дыму. Ушчэнт раззлаваныя шэршні паляцелі ў зваротным накірунку.
     - Ура! Мы перамаглі! - закрычаў Янка. - Пчолы могуць вярнуцца.
Ён сцягнуў плёнку і рой пчол на чале з маткаю абляпіў вулей. Кропелька падляцела да Янкі:
     - Вялікі табе дзякуй ад усіх нас. Якое шчасце, што я пазнаёмілася з табою, Янка. Інакш мы  загінулі б.
    - Я адзін не нічога не зрабіў бы, каб не мае сябры. Гэта ім скажы дзякуй.
    - Дзякуй, усім вам  дзякуй, - ціха прагудзела Кропелька. - Потым мы абавязкова пачастуем вас духмяным і салодкім мёдам.
Сябры пайшлі дахаты. Усе былі шчаслівыя і задаволеныя, што змаглі дапамагчы пчолам.

ЧАСТКА 12
РАМОНАК І ШЫПШЫНА
   Шмурдзік са смакам хлябтаў малако, а Янка назіраў за тым, як яго ружовенькі язычок мільгаў туды-сюды. Здаволіўшыся, кот  сеў, аблізнуўся некалькі разоў і задаволена сказаў:
- Смаката. Люблю малако.
- І я таксама люблю, - пагадзіўся хлопчык.  - Мне  цяпер падабаецца калі бабуля прыносіць сырадой. Ён  такі пахучы, з пенкаю.
- Так, згодзен, - падцвердзіў сябар. - Слухай, дык мы вернемся на Кудыкіну гару ці не? Мне хочацца паглядзець што там робіцца.
       - Можа,  давай  сёння?
       - Згода.
Удзень  хлопчык  дапамагаў  дзядулі  складаць  дровы, якія  той накалоў яшчэ ўчора: Янка складаў дровы на  невялічкую цялежку, а дзед адвозіў і складаў у паленніцу. Хутка яна вырасла вышэй за дзядулю. Вечарам хлопчык з задавальннем выпіў кубак сырадою, павячэраў і пайшоў спаць
       - Стаміўся, унучак? - заклапочана спытала бабуля.
       - Так, - адказаў малы.
 Дзеля праўды трэба сказаць, што ён і сапраўды стаміўся за дзень, але найбольш не хацеў казаць, што іх са Шмурдзікам чакаюць начныя прыгоды і яму хочацца набрацца сіл. Бабуля клапатліва паправіла коўдру, ласкава пагладзіла па яго па галаве і неўзабаве Янка ціха засоп носам.
     Як і ў тыя разы, сябар не праспаў: Шмурдзік пабудзіў яго ў час. На Кудыкінай гары ўсё так жа ззяла сонца і  шапацелі дрэвы.
       - Куды пойдзем? - спыніўся  кот.
       - Агледзім  спачатку замак, бо мы яго так і не пабачылі. А потым можна паглядзець і балота,  - прапанаваў хлопчык.
       - Тады пайшлі.
Шмурдзік бадзёра пакрочыў у напрамку вежы. Яны ўжо добра бачылі  вежу і амаль выйшлі з лесу, як ззаду  за імі нешта зашумела. Сябры азірнуліся. З неба ў ступе ледзьве не на іх галовы апускалася ступа з Бабаю-Ягою. Сябры міжволі расступіліся – ступа амаль звалілася на траву. Раззлаваная Баба-Яга пагрозліва закрычала:
      - Зноў вы тут? Не, даражэнькія,  сёння я да вас дабяруся.
Яна замахала мятлою і нешта забубніла.
      - Бабуля, чаму вы  заўсёды такая злосная? - спытаў Янка.
      - Што? - разгубілася старая.
      - Я пытаюся: чаму вы такая злосная? Мы ж вам нічога дрэннага не зрабілі.
       - Бо я…, я…, - чамусьці усчырванелася старая, -  я вам зараз пакажу.
Што яна хацела паказаць, сябры не паспелі даведацца, бо Баба-Яга  спынілася і моўчкі залыпала вычыма.  Да іх выйшлі хлопчык і дзяўчынка. Хлопчык  пазнаў дзяцей – гэта былі тыя самыя, што ехалі ў вазку з каралеваю. Хлопчык тупнуў нагою на на Бабу-Ягу:
        - Прэч адсюль! А не – дык   паскарджуся на цябе тату і ён разнясе тваю хатку на курынай назе.
 Старая нешта ціха прабубніла ў адказ, але тут жа села ў ступу, якая зачмыхаўшы і закашляўшы, узнялася ў паветра.
 Дзяўчынка з хлопчыкам  ўтаропіліся ў Янку з Шмурдзікам.
         - Адкуль вы? Хто такія? - першым спытаў хлопчык.
         - З вёскі? - адказаў Янка.
         - З якой вёскі? У нас тут няма ніякіх вёсак.
         - З якой, з якой, - улез у размову Шмурдзік. - Да вас сюды як трапіш – толькі роспыты і пагрозы. Мы не адгэтуль і сюды трапілі праз чароўнае месца. Зразумела?
Хлпчык толькі адкрыў рот, каб нешта сказаць, але дзяўчынка яго перабіла:
          - Рамонак, сапраўды, што  ты распытваеш? Давай лепш з імі пазнаёмімся. Мяне завуць Шыпшына, а яго – Рамонак. А вось як вас зваць – мы ўжо ведаем. А што вы сёння ў нас робіце?
          - Нічога, - Янка паціснуў плячыма. - Вырашылі паглядзець ваш замак. А вы як тут апынуліся адны?
         - А мы збеглі ад мамы і ахоўнікаў, - шчыра прызнаўся Рамонак. – Надакучылі ўсе.
         - А хочаце – мы пакажам вам замак? - прапанавала Шыпшына.
         - Хочам, - у адзін голас сказалі Янка і Шмурдзік.
Усе разам яны выйшлі з лесу.  Зноў паказаліся высокія непрыступныя вежы маляўнічага трохкутнага замка.
        - А нас не затрымаюць ахоўнікі, калі мы падыйдзем туды? – пацікавіўся Янка. - Бо ў той раз яны гналіся за намі.
       - Я не дазволю, - Рамонак ганарыста ўзняў галаву. - Хай толькі паспрабуюць. Я папрашу тату і мы атрымаем дазвол.
Размаўляючы, дзеці наблізіліся да замка. Паблізу ён выглядаў яшчэ прыгажэй. З вежы высунуўся ахоўнік і са здзіўленнем утаропіўся ў незвычайную кампанію. Рамонак патрабавальна  грукнуў ў вароты і яны расчыніліся. Да дзяцей адразу ж падбег  сівавалосы стары дзед з доўгімі вусамі і барадою. На ім быў пінжак з мноствам бліскучых медалек. Ён гучна закрычаў:
        - Ваша высокасць, прынц Рамонак! Прынцэсса Шыпшына! Чаму вы збеглі? Я з ног збіўся, шукаючы вас. Кароль будзе незадаволены, калі я яму раскажу. А хто гэта з вамі?
          - Гэта нашы сябры, генерал Дзядоўнік. Не чапай іх, - зноў ганарыста задраў нос Рамонак. – Мы пакажам ім наш замак..
          - Але ж…, - спрабаваў запярэчыць генерал, але прынц перабіў яго:
           - Я сказаў і ўсё.
Шыпшына адразу ж зашчабятала:
 - Пайшлі, пайшлі, я пакажу наш сад. Там у нас вельмі прыгожа.
Сапраўды, справа за варотамі пышна цвілі нейкія кветкі, кусты і дрэвы. Калі ўсе падыйшлі бліжэй, Янка ўбачыў, што на дрэвах шмат птушак, а па дарожцы яшчэ і гуляюць невядомыя яму пярнатыя  з доўгімі хвастамі і яркай афарбоўкай. Наўкол было так прыгожа, што нават Шмурдзік з цікавасцю круціў галавою па баках. Шыпшына з захапленнем расказвала пра сад, пра тое, як яна дапамагала садзіць некаторыя кветкі. У гэты час на дарожцы паказаўся высокі худы  чарнявы чалавек з раздражнёным выразам твару. За ім, прыгнуўшыся, сунуўся генерал і прыдушана паўтараў:
      - Ваша вялікасць, я ім казаў, я ім казаў…
Янка здагадаўся, што гэта сам кароль Асот. Кароль спыніўся і, насупіўшы бровы, спытаў у Рамонка:
       - Чаму вы выйшлі за межы замка?
       - Бо нам надакучыла ўсё тут. Мы хочам хоць з некім пагуляць. Нам ужо абрыдлі гэтыя тупыя ахоўнікі і дурны генерал.
       - Я з табою потым разбяруся, - сурова адказаў кароль. - А зараз ідзіце ў пакоі. Неадкладна.
        - Татачка, татачка,  гэта нашы сябры Янка і Шмурдзік, дазволь ім пайсці з намі, - зашчабятала Шыпшынка.
        - Сёння ніякіх сяброў, бо вы парушылі мой загад. Яны  павінны пайсці адсюль. Неадкладна.
Шыпшынка апусціла галаву, але не стала пярэчыць. Янку здзівіла, што кароль не даў ніякіх загадаў адносна іх, а дазволіў  бесперашкодна  пакінуць замак. Як толькі дзеці падыйшлі да варот, Шыпшына нахілілася да хлопчыка і прашаптала:
        - Прыходзьце заўтра да нас. Я ўпрашу тату і ён дазволіць нам з намі гуляць. Я буду вас чакаць, ды і Рамонак таксама.
Янка паабяцаў, што яны прыйдуць.   
        - Табе спадабалася Шыпшынка? - спытаў ён у сябра.
        - Нічога асаблівага, дзяўчынка як  дзяўчынка. Але мне не спадабалася, што яны нас нічым не пачаставалі. Гэта называецца – запрасілі да сябе. Хоць бы малака ці кавалачак мяса далі, - пакрыўджана муркнуў Шмурдзік.
        - А мне Шыпшынка спадабалася, - чамусьці ўздыхнуў Янка.
У хуткім часе сябры былі дома. Янка пракраўся да свайго ложка, лёг і  перад тым, як заснуць, на хвілінку уявіў сабе замак, Шыпшынку і Рамонка. Не, заўтра трэба з імі пабачыцца. Абавязкова.



ЧАСТКА 13
НА ПАЛЯНЦЫ Ў  ФЫХ-ПЫХА.
    Як толькі Янка прачнуўся, бабуля пазвала яго снедаць. Хлопчык, канешне, не забыў і пра сяброў: ён паклікаў Шмурдзіка і пачаставаў таго кавалкам яешні і малаком, а Бухматку – хлебам. Бабуля сказала яму, што яны пойдуць на луг, бо дзядуля зранку косіць там сена і яны аднясуць яму сняданак, а потым будуць разам варушыць  падсохлую траву. Хлопчык  сабраўся хутка.
    Сонца ўзнялося высока,  станавілася горача. Пакуль яны дайшлі да дзядулі, хлопчык  ўспацеў.
- Ты, унучак, пагуляй тут, адпачні, а я пайду дапамагаць дзядулі, - сказала бабуля, падвязала хустку і пайшла з граблямі на пракосы.
Янка пасядзеў крыху. Без занятку было сумна і ён стаў разглядаць  лес і луг. Дзядуля яму расказваў пра навакольную прыроду,  хлопчык  ужо  адрозніваў дрэвы  і ведаў іх назвы. Вось побач   з ім вольхі – шэрыя, з шурпатаю карою і амаль чорнымі пацеркамі насення, што вытыркаюцца з зеляніны. Побач купяцца лазовыя кусты – з вузкім, доўгім лісцем, за імі расце магутны дуб – тоўсты, пакручасты. А лісточкі ў яго шырокія, разлапістыя, на голллі пагойдваюцца яшчэ зялёныя жалуды. Янка зрываў іх. Яны такія цікавыя – прадаўгаватыя, з цвёрдым шкарлупіннем, а зверху на кожным капялюшык з хвосцікам. Зверху на дубе зрабілі  гняздо буслы. Цяпер цыбаты бусел ходзіць па сенакосу і шукае жаб, а з гнязда выглядаюць  цікаўныя малыя бусляняты.  З другога боку сенакоса віднеюцца беластвольныя гнуткія бярозкі з шапатлівымі мягкімі лісточкамі. Задумаўшыся, хлопчык не адразу пачуў, што ў яго  за спіною зашамацела трава. Калі  аглянуўся, то ўбачыў старога знаёмага – Фых-пыха.
         - Прывітанне, Янка, - павітаўся вожык. - Пых-пых, вось не чакаў цябе зноў тут сустрэць.
         - Тут наш сенакос. А як твае справы?
         - Добра. А я шукаў спажыву у гэтым месцы. Гляджу – ты сядзіш. Калі хочаш – пайшлі са мною. Сёння на нашай палянцы весела. Кароткахвосцік прывёў сваіх дзетак і яны гуляюць разам з маімі. Да таго ж там ёсць чарніцы.
          - Хачу, - загарэўся хлопчык, - толькі адпрашуся ў дзядулі і бабулі.
Ён падбег да іх.
           - Дзядуля, можна я тут, на палянцы, чарніц пазбіраю? Калі ласка.
          - Добра. Толькі не адыходзься нікуды з паляны, бо згубішся.
          - Абяцаю.
Янка кінуўся назад да вожыка. У хуткім часе ён быў ужо на паляне. Сапраўды, там было весела. Чацвёра важанят і сямёра зайчанят, пастаўшы ў круг, падкідалі  ўгару буйны пустацелы стары арэх. Калі камусьці не ўдавалася злавіць арэх, яго ставілі ў круг і ён спрабаваў перахапіць мяч. Малыя стараліся скокнуць вышэй, але ў іх гэта не надта атрымлівалася і яны куляліся ў траву. Гульня выглядала вельмі пацешна і рассмяшыла хлопчыка. Важаняты заўважылі яго і дружна праспявалі:
         - Вітаем Янку, вітаем Янку!
Зайчаняты спачатку, нібы спалохаўшыся, кінулі гульню і  спыніліся, але зразумеўшы, што ім нічога не пагражае, зноў падкінулі мяч. Дарослыя зайцы ў гэты час рвалі нейкія маленькія зялёныя лісточкі.
         - Гэта – Янка, а гэта –  Кароткахвосцік і Шарачка, - пазнаёміў хлопчыка Фых-пых з сваімі сябрамі. Зайцы прывітальна махнулі лапкай і працягнулі свой занятак.
          - А што яны робяць? - пацікавіўся хлопчык.
          - Яны збіраюць кісліцу – заечаю капусту, - патлумачыў Фых-пых. – Паспрабуй, яна смачная.
Хлопчык паспрабаваў. І сапраўды, заечая капуста аказалася з даволі прыемным кіславатым смакам. А за кустамі ён ўбачыў чарніцы.
       - Мы цябе пачастуем, - сказаў вожык. - Ты нас частаваў, а мы цябе. Дзеткі мае, пакіньце  пакуль гульню. Давайце назбіраем для Янкі чарніц.
Дружныя важаняты заспяшаліся да таты, а зайчаняты, тым часам,  падбеглі да бацькоў і сталі ласавацца капустай. Важаняты  гэтак жа дружна  сталі збіраць ягады: двое браліся за кусцік, нахілялі яго і трымалі, а двое другіх  маленькімі лапкамі спрытна абіралі ягады і кідалі іх у такі ж маленькі кошычак. Янка таксама стаў збіраць чорныя сакавітыя ягады. Праз нейкі час кошычак напоўніўся. Фых-пых пасунуў яго да хлопчыка:
         - Частуйся
         - Дзякуй, - Янка ўзяў жменьку чарніц.
Ягады  аказаліся буйнымі, спелымі і смачнымі. Хлопчык з ахвотаю пачаставаўся. А малыя гарэзы сталі зноў гуляць у свой мяч.
         - Добра ім тут, - зазначыў Янка.
         - Так, - адазваўся Кароткахвосцік, які ўжо адпачываў  пад кустом, - днём і паблізу ад вёскі нас ніхто асабліва не турбуе. А вось ноччу прыходзіцца хавацца і асцерагацца амаль усіх: і ваўкі, і лісы, і совы – усе на нас палююць
Заяц цяжка ўздыхнуў.
          - Нічога.Затое твае малыя так бегаюць, што іх ніхто не дагоніць, Не тое, што  мы – толькі крок зробім, а вас і след прастыў, - пажартаваў Фых-пых.   
У гэты час малыя нечага завішчалі. Янка азірнуўся. Аказваецца зайчаняты, ловячы мяч, упалі на важанятка і ўкалоліся.
        - Вось бачыш, - засмяяўся заяц, - і ў вас абарона ёсць. Хай хто зачэпіць.
Хлопчык пачуў, як яго гукае бабуля
       - Іду, бабуля, - адгукнуўся ён. - Бывайце. З вамі цікава, але  мне трэба ісці. Дзякуй за пачастунак.
         - Да пабачэння, да пабачэння, Янка, - заспявалі важаняты.
          - Да сустрэчы, -  развіталіся Фых-Пых і Кароткахвосцік.
З сабою Янка прыхапіў чарніц і пачаставаў дзядулю з бабуляю.
          - Малайчына, - пахваліў яго дзед. -  Як жа ты паспеў  і нам ягад сабраць,  і сам  паесці?
          - А мне вожыкі дапамаглі, - шчыра прызнаўся хлопчык.
      - Вось дык цуд, - засмяяўся дзядуля. - Табе і бабры, і вожыкі дапамагаюць. Спраўны ты ў мяне – усюды сяброў маеш.
 Янка толькі ўсміхнуўся ў адказ.
ЧАСТКА 14
ЗНОЎ У ЗАМКУ
    Перад вячэраю хлопчык знайшоў Шмурдзіка: той, як звычайна,  драмаў, грэчыся на сонцы.
      - Мы пойдзем сёння да Шыпшыны і Рамонка? - спытаўся Янка у ката.
      - Нешта мне не вельмі хочацца, - Шмурдзік ляніва прыжмурыў вочы.
      - Але ж я абяцаў.
      - Вось ты наабяцаеш, а мне думай. Добра, пойдзем. Але калі яны нас не будуць нічым частаваць – больш не пойдзем.
      - Даліся табе гэтыя пачастункі. Я магу дома даць табе нешта смачнае.
      - Гэта дома, а там – павінны пачаставаць, бо мы ў гасцях. Вось так, - зазначыў кот. - Добра, чакай мяне, як звычайна.
     Калі сябры выбраліся на знаёмую паляну, там усё так жа было ціха і ўтульна. Яны  бесперашкодна прайшлі праз лес і рушылі да замка. Каля варот  нерашуча спыніліся: іх ніхто не сустракаў.
       - Ну вось, дзе твая дзяўчынка? - прабурчаў кот.
       - Не ведаю, - хлопчык развёў рукамі.
Але ў гэты момант вароты расчыніліся і да іх выйшлі Шыпшына з Рамонкам. Дзяўчынка радасна ўсміхнулася:
        - Як добра, што вы прыйшлі! Мы вас чакалі.
        - Прывітанне, - адказаў Янка. - А нас ніхто не пагоніць?
        - Прывітанне. З татам мы дамовіліся, а астатнія мяне не цікавяць. Ідзіце за мною, - Рамонак пайшоў першым.
Усе разам яны накіраваліся па дарожцы ў бок  вялікай прыгожай альтанкі.
       - Як добра, што вы прыйшлі. А то нам так сумна – няма з кім  гуляць, - прызналася дзяўчынка. - Давайце пагуляем у якую-небудзь гульню.
       - Давайце, - падтрымаў яе Шмурдзік. - Я прапаную ў хованкі.
       - Не-е, - скрывіўся Рамонак, - не хачу. Давайце лепш у выбівалкі.
       - А што гэта? - здзівіўся Янка.
       - Зараз я паклічу ахоўніка, загадаю  стаяць на месцы і мы будзем шпурляць у яго каменнем. Хто больш разоў трапіць  - той выйграў.
      - Ты што!? Яму ж будзе балець! - жахнуўся малы.
      - Дык што? - не зразумеў прынц.
      - Не, Рамонак, мы не будзем у гэта гуляць. Ты ж ведаеш, я не люблю, калі каго-нібудзь б’юць. Ты становішся такім, як тата, - запярэчыла Шыпшына.
     - Давайце лепш пагуляем  у цягнік, - прапанаваў Янка.
Усе  няўцямна паглядзелі ў яго бок.
    -  Гэта калі  паравозік цягне за сабою па рэйках вагоны. Я буду паравозікам, а вы – вагонамі. Давайце я пакажу, а потым   будзем мяняцца.
Яго прапанову падтрымалі: за Янку зачапіўся Рамонак, за ім Шыпшына, апошнім прыладкаваўся Шмурдзік.
    - Чух-чух-чух, - затрубіў Янка і цягнічок рушыў па садовай дарожцы. Каралеўскія дзеці хутка сцямілі што да чаго і падтрымлівалі малога радаснымі воклічамі. Зрабіўшы невялікі круг, Янка стаў за Шыпшынай, а на месца паравозіка перамясціўся Рамонак. Дзеці раззадорыліся  і весела смяяліся, падштурхваючы адзін аднаго. Пасля дзяўчынкі  малы  зноў павёў цягнічок. Ён бег, смеючыся, калі Рамонак падштурхваў яго і не заўважыў, як на некага наляцеў. Хлопчык падняў галаву: перад ім стаяла злая і надзьмутая каралева Крапіва. Усе спыніліся.
    - Мама, а мы гуляем, - весела паведаміла Шыпшына.
Каралева неяк нядобра зыркнула на хлопчыка з катом, але нічога не сказала і моўчкі пайшла далей. Хлопчык адразу зніякавеў, але  Рамонак падпіхнуў Янку і яны паімчалі далей. Потым усе гулялі з мячыкам, пасля ў любімую Шмурдзікаву гульню – хованкі. Канешне,  кот хаваўся лепш за ўсіх  і выйшаў пераможцам, што незадаволіла прынца, але ён нічога не сказаў. Нагуляўшыся, паселі у альтанцы за сталом.
    - Фу, даўно так не бегаў, - выцер узмакрэлы лоб прынц.
    - Ага, цудоўна пагулялі, - усміхнулася дзяўчынка.
    - А вось я нешта прагаладаўся, - пачухаў за вухам кот.
    - Зараз, - жыва адгукнуўся Рамонак.
Ён узяў са стала  маленькі званочак і патрос. Праз нейкі час у альтанку зайшлі дзве жанчыны, моўчкі  паставілі на стол  збанок з пітвом і талеркі з ежаю. Там была і гародніна, і садавіна, і мяса. Шмурдзік адразу  схапіў кавалак мяса:
      - Вось гэта мне падабаецца.
Дзеці таксама адчулі, што прагаладаліся і накінуліся спачатку на садавіну. Падсілкаваўшыся, яны яшчэ крыху паразмаўлялі, а потым Рамонак прапанаваў:
     - А хочаце, я пакажу, дзе тата трымае людажэра, якога ён злавіў?
     - Ой, я баюся, - Шыпшына затуліла твар рукамі.
     - Чаго яго баяцца, ён жа за кратамі? Я вось нікога не баюся, - фанабэрыста заявіў  прынц.
Янка не паспеў нічога сказаць, як той падняўся і кіўнуў:
    - За мною.
Усе моўчкі пайшлі. Яны прайшлі праз сад, абагнулі вялікую будыніну і спыніліся каля абабітых жалезам дзвярэй, якія вялі ў склеп.
     - Тут, - паказаў прынц. - А збоку ёсць акенца.
Ён  падыйшоў да  закратаванага акенца і зазірнуў туды, потым гукнуў Янку:
    - Хадзі сюды.
Янка падыйшоў і зазірнуў. У склепе было цёмна і ён нічога не змог разгледзець. Раптам адтуль данёсся  такі гучны і жудасны роў, што ад яго  затрымцелі дзверы. Дзеці  спалохана запішчалі і кінуліся наўцёкі.  Калі адбегліся даволі далёка і спыніліся, Шмурдзік сказаў:
    - Не, на сёння хопіць. Не хапала мне яшчэ гэтага людажэра. Уяўляю, які ён страшны, калі так крычыць.
   - Я казала не трэба хадзіць, - аглядваючыся па баках, адазвалася дзяўчынка.
   - Ну вось, адны баязліўцы, - скрывіўся Рамонак.
   - Чаму ж ты тады  бег, калі такі смелы? - спытаў у яго Янка.
   - Бо ўсе беглі, - незадаволена адказаў прынц.
   - Але мабыць нам час вяртацца, - занепакоіўся Янка.
   - Так, мы забавіліся тут, - падтрымаў яго сябар.
Шыпшына і Рамонак правялі іх за вароты.
   - Шкада, што вы пойдзеце. З вамі было так весела, - з сумам зазначыла дзяўчынка. - Прыходзьце да нас яшчэ.
   - Так, прыходзьце, - запрасіў  і прынц.
   -  Канешне, мы яшчэ прыйдзем, - паабяцаў Янка.
Калі хлопчык з катом увайшлі ў лес, то сустрэлі старога знаёмага – зайца. Грыбок вылез з-пад куста і павітаўся:
    - Прывітанне. Я бачу, што вы тут ужо смела гуляеце.
    - А чаму мы павінны некага баяцца?  Мы з Рамонкам і Шыпшынай гулялі, нас ніхто не ганяў, - адказаў хлопчык. - А як твае справы?
    - Добра. Вось іду на заечую паляну, там мяне чакаюць.
    - Тады бывай, бо нам час ісці. Пайшлі, - Шмурдзік пацягнуў хлопчыка.
Ужо ў хаце Янка адчуў, што ён вельмі стаміўся – вочы самі заплюшчваліся. Ён хуценька сцягнуў з сябе адзенне і лёг у ложак.



ЧАСТКА 15
НА ЛУГУ
    Аднойчы, калі  Зорачка вярнулася з пашы, дзед сказаў хлопчыку, што заўтра яго чарга адпасваць каровы і ён  можа ўзяць з сабою Янку. Малы ўзрадаваўся гэтай навіне. Ён прапанаваў і Шмурдзіку пасвіць каровы. Той пачухаў за вухам і адказаў:
      -Не, я не хачу. Звычайна сабак бяруць каб тыя пільнавалі кароў. А я чаго буду сноўдацца па гарачыні? Лепш ты з дзедам удваіх, а я вас дома пачакаю.
Затое Бухматка, паслухаўшы ката, уздыхнула:
     - А вось я, ко-ко, вельмі хачу паглядзець свет, бо нідзе не была далей нашага двара і вуліцы. А там,  мабыць, так прыгожа. Толькі я не магу далёка хадзіць, а лятаць не атрымліваецца.
    -  Шкада. Бо і на рэчцы прыгожа, і ў лесе. Мы з Шмурдзікам былі там, - пагадзіўся хлопчык. - Я табе, Бухматка, калі атрымаецца, прынясу якіх-небудзь ягадак і пачастую.
    - Дзякуй, Янка. А я для цябе знясу смачнае яйка.
    Дзед прабудзіў малога раніцай, калі сонца выглядала, як вялізны чырвоны шар, што вісеў за далёкім лесам. Янка падняўся, паснедаў разам з дзедам і выйшаў на вуліцу. Зорачка ўжо далучылася да статка. Заўважыўшы хлопчыка, яна павярнулася і павіталася:
   - Прывітанне, Янка. Ты сёння будзеш з намі на пашы?
   - Так.
   - Добра, я пакажу табе ўсё цікавае, што там ёсць.
Статак  паволі выбраўся за вёску і накіраваўся на луг. Удалечыні, за кустамі лазы, блішчэла рэчка.  Хлопчык хадзіў за дзедам. Той патлумачыў, што трэба наглядаць за  каровамі, каб яны не адбіліся ад статка і не засталіся, калі астатнія пойдуць далей. Сонца, тым часам, паднялося вышэй. Раса пачала падсыхаць, над травою закурэўся лёгкі пар. Наўкола ўсё стала ажываць: застракаталі і заскакалі конікі, над кветкамі закружыліся матылі і пчолы, зашчабяталі птушкі. Тут Зорачка паклікала малога да сябе. Той падыйшоў.
    - Глядзі,  тут жывуць і зімуюць  чмялі. Яны падобныя на пчол і таксама збіраюць мёд.
Хлопчык заўважыў у траве маленькую купіну з адтулінай. Вылятаючы з адтуліны, грозна гудзелі чмялі: крыху  большыя і круглейшыя  за пчол, з яркай жоўта-чорнай, у палоску,  афарбоўкай. Адзін з іх падляцеў да Янкі:
    - Чаго тут круцішся? Хочаш наш мёд адабраць?
    - Не, што ты, - запярэчыў малы, - проста я ніколі не бачыў чмялёў і мне  цікава паназіраць за вамі.
   - Глядзець можна.
І чмель паляцеў да кветак. Хлопчык яшчэ нейкі час назіраў, як чмялі адзін за адным знікаюць у сваёй хатцы-норцы, а потым  выпаўзаюць і адлятаюць. Яны шчыравалі, бо трэба было рабіць запас на доўгую зіму. Карова пайшла далей скубсці траву, а Янка падаўся да дзеда.  Статак няспешна дайшоў да заросшай кустоўем азярыны. Дзед застаўся ззаду статку, а малы пайшоў уздоўж азярыны. Зорачка ціха наблізілася да яго:
    - За гэтым кустом жыве вывадак дзікіх качак. Падыйдзі бліжэй  - і ты іх убачыш.
Янка асцярожна заглянуў за лазовы куст. Сапраўды, там, спрытна даючы нырца, жыравалі качкі. Хлопчык стараўся ступіць цішэй, але яго ўсё роўна пачулі. Птушкі адразу кінуліся хавацца за куст.
     - Не бойцеся, я вас не зачаплю, - крыкнуў Янка.
     - Ты адзін? - спытаў дарослы качар.
     - Так, адзін.
     - Дзеці, выплывайце, не бойцеся – хлопчык тут адзін.
Качкі дружна выбраліся на водную прастору і загергеталі:
      - Кра-кра, а мы спалохаліся, думалі, што паляўнічыя прыйшлі. А тыт тут што робіш?
     - З дзедам каровы пасу.
     - Давай да нас. У вадзе так цікава: розныя рыбкі плаваюць, казуркі. І зеляніна тут вельмі смачная.
     - Не, мне нельга, - уздыхнуў Янка, - я плаваць не ўмею. Ды і дзеду трэба дапамагаць.
Качкі дружна ўзяліся жыраваць. Хлопчык паназіраў за тым, як яны апускаюць галаву ў ваду  і нешта адшукваюць там, потым пайшоў да дзеда.
       Сонца ўзнялося вышэй, каровы палеглі і сталі  перажоўваць траву. Дзед прылёг пад дубам. Янка спачатку пасядзеў каля яго, а потым падыйшоў да каровы:
     - Слухай, Зорачка, а чаму вы цяпер ляжыце і нешта перажоўваеце? Я адразу ўсё з’ядаю і ўсё. А вы не так робіце. Чаму?
     - Бо ў нас, Янка,  вельмі складаны страўнік у адрозненне ад людзей. Мы спачатку скубём траву, яна ў страўніку крыху пераварваецца, а потым адрыгваем,  дажоўваем і толькі пасля гэтага наша  трава канчаткова вяртаецца ў страўнік.
     - Цікава ты расказваеш. Зорачка, я вось падумаў: а чаму малако ў цябе белае? Трава ж зялёная.
     - Бо падчас пераварвання травы  ў нашым страўніку вырабляецца шмат розных рэчываў, у тым ліку і такое, якое называецца  казеін. Менавіта ён  надае малаку белую афарбоўку. З-за гэтага казеіну малако ва ўсіх жывёл белае. А ты любіш маё малако?
     - Так, асабліва калі  цябе падоіць і дасць мне яго папіць.  Тады яно такое смачнае: пахучае і цёплае, а на вуснах пена асядае.
     - Добра, Янка, увечары зноў пачастую цябе малаком. 
Хлопчык вярнуўся да дзеда. Праз нейкі час яны падагналі кароў бліжэй да вёскі  на невялічкі лужок. З вёскі сталі выходзіць гаспадыні, каб падаіць  сваіх рагуль. Бабуля прынесла паесці і Янка з дзедам папалуднавалі. Хлопчык з апетытам уплятаў ежу – на ўлонні прыроды яна здавалася найсмачнейшай. Потым яны зноў пагналі  кароў на пашу, якія прыняліся старанна скубсці траву. Хлопчык крыху адстаў ад дзеда  і убачыў, што крыху зводдаль ад яго, каля маленькай азярынкі,  ходзіць чырвонадзюбы цыбаты бусел.  Янка падыйшоў да яго:
     - Прывітанне. Ты тут жаб ловіш?
     - Прывітанне. - адказаў бусел. -  Чаму толькі жаб? Мы ўжываем у ежу і змеяў, і рыбу, і яшчарак, увогуле ўсё, што можам злавіць. Маім дзецям трэба шмат есці, бо часу застаецца няшмат, а ім трэба навучыцца добра лятаць, набрацца сіл. Хутка мы паляцім зімаваць у цёплую краіну.
     - А дзе вы зімуеце?
     - Вельмі далёка адсюль, - уздыхнуў бусел, - аж у Афрыцы. Туды доўга трэба ляцець.
     - А вы вернецеся сюды?
     - А як жа, тут наша радзіма. На ўскраіне гэтага луга маё гняздо, я тут нарадзіўся, тут нарадзіліся мае дзеці. Мы абавязкова вернемся сюды.
     - Да пабачэння, - сказаў хлопчык, - вяртайся і мы з табою сустрэнемся ў наступным годзе.
      Калі сонца стала хіліцца ўніз, дзядуля стаў падганяць кароў бліжэй да вёскі. Янка ўспомніў, што абяцаў прынесці нечага смачнага Бухматцы, але за цэлы дзень ён так і не натрапіў на ягады. Што ж рабіць? Хлопчык засмуціўся, што не змог выканаць абяцанае. Ён засунуў руку ў кішэню і знайшоў там засохлы  акрайчык хлеба, што застаўся ад палуднавання. А што, калі курачку гэтым пачаставаць?
       Зорачка паважна ўвайшла ў двор. Куры сядзелі на сваім  звыклым месцы, каля кустоў парэчкі. Янка падыйшоў да Бухматкі:
       - Прабач, Бухматка, я не знайшоў табе ніякіх ягад. Але ў мяне ёсць цудоўная скарыначка, якая сёння пабывала са мною на лузе і ўвабрала ў сябе пахі розных траў. Можа яна табе спадабаецца?
Ён пакрышыў хлеб курачкам. Бухматка паспела клюнуць толькі некалькі разоў, бо наляцелі яе сяброўкі і ад хлопчыкавага гасцінца нічога не засталося.
        - Ах, які смачны хлеб! - засакаталі курачкі.
       - Дзякуй, Янка, хлеб і сапраўды вельмі смачны, - сказал Бухматка. - І вялікі дзякуй  за тое, што не забыў пра мяне. А я для цябе знесла сёння яйка.
Стомлены і задаволены хлопчык павячэраў ды хутка пайшоў спаць. Заўтра яго чакаюць новыя прыгоды і трэба добра адпачыць.

ЧАСТКА 16
ЯНКА ВЫРАТОЎВАЕ ШЫПШЫНУ

       Хлопчык  гуляў пад яблыняю з Рыжыкам і Шмурдзікам. Ён забавіўся і не заўважыў, як падыйшла бабуля. Яна гукнула:
        - Унучак,  нядаўна тэлефанаваў тата і сказаў, што паслязаўтра прыедзе каб забраць цябе ў горад.
       - Як? Чаму? - здзівіўся хлопчык.
       - Ці ты забыў – табе ж хутка ў школу.
Бабуля пайшла, а хлопчык злёгку зажурыўся.
        - Ты чаго, Янка? - спытаўся сябар.
        - Бо праз два дні я паеду ад вас і мы больш не будзем гуляць разам, не будзе больш ніякіх прыгод у нас.
        - А табе абавязкова ехаць?
        - Так, бо трэба ісці ў школу, вучыцца.
        - Прыдумалі нейкую школу, - Шмурдзік лена махнуў лапаю, - а мы з Рыжыкам без усялякай школы добра жывём. Праўда, Рыжык?
        - Так, - падцвердзіў той.
        - Бо ўсе хлопчыкі і дзяўчынкі  вучацца, інакш нельга, - зазначыў Янка. – Ды і мама з Алеськаю, мабыць, па мне засумавалі. Слухай, а як жа Шыпшынка? Яна ж будзе нас чакаць. Давай сёння наведаем Кудыкіну гару.
        - Добра, я не супраць. Рыжык, ты пойдзеш з намі?
        - Не, я не змагу. Мяне сёння зноў зачыняць у кладоўцы, каб я мышэй вылавіў, - паскардзіўся Рыжык.
         Ноччу сябры зноў трапілі на знаёмае месца, якое сустрэла іх сонцам і цішынёю. Яны упэўнена пайшлі ў напрамку да чырвонай вежы. Шмурдзік раптам спыніўся:
         - Нейкі шум наперадзе.
Хлопчык прыслухаўся: і сапраўды, ўдалечыні чуліся нейкія крыкі і воклічы. Пераглянуўшыся, яны асцярожна пайшлі далей, але да краю леса не паспелі дайсці. З-за куста іх гукнуў Грыбок:
           - Хавайцеся, хутчэй сюды!
 Сябры схаваліся за куст. Грыбок увесь час азіраўся па баках.
            - Што ў вас тут нарабілася? - незадаволена адазваўся кот.
           - Ага, вы ж не ведаеце, - узбуджаны заяц пачухаў сваё заламанае вуха.  - Тут такое нарабілася – людажэр нейкім чынам уцёк з палону. Мала таго, што ўцёк, дык ён схапіў  прынцэсу і павалок з сабою. Цяпер усе ахоўнікі на чале з генералам Дзядоўнікам бегаюць і шукаюць яе, трасуць увесь лес.
       - Людажэр схапіў Шыпшынку!? - Янка падхапіўся.  - Дык чаго ж мы стаім, яе трэба ратаваць і  неадкладна.
        - Ты што, -  Грыбок учапіўся ха хлопчыкаву руку. - Яго шукаюць узброеныя ахоўнікі, кароль Асот недзе носіцца.  А куды палезеш ты? Людажэр  схопіць і цябе.
        - Мы не можам сядзець, пакуль Шыпшына ў яго.
        - Ты нават не ведаш, дзе ён, - умяшаўся Шмурдзік.
        - Сапраўды, - засмучаны хлопчык прысеў. - Грыбок, ты ж усюды бегаеш, можа ты бачыў, дзе хаваецца людажэр?
         - Не, я не бачыў.
         - Дапамажы нам знайсці яе, калі ласка, я цябе прашу, - Янка ўмольна паглядзеў на зайца.
         - Я не ведаю, дзе ён, праўда. Але я магу пагаварыць з іншымі зайцамі. Магчыма, яны нешта бачылі.
         - Калі ласка, давай хутчэй.
Грыбок асцярожна аглянуўся, скокнуў убок і хутка знік. Хлопчык з катом засталіся за кустом. Наперадзе ўсё сціхла, хутчэй за ўсё ахоўнікі пайшлі далей у лес.  Сябры моўчкі прасядзелі нейкі час, пакуль не вярнуўся задыханы заяц.
          - Ну што? - падскочыў Янка.
          - Пачакай, дай аддыхацца, - стомлены Грыбок сеў каля хлопчыка. -Карацей кажучы, двое з нашых бачылі яго. Здаецца,  ён хаваецца не надта далёка – у самым пачатку балота.
           - Пайшлі хутчэй, - хлопчык падскочыў.
           - Не, вы ідзіце першыя, у тым напрамку, а я за вамі, - сказаў заяц і махнуў лапаю, паказваючы, куды ісці.
Сябры  звярнулі ўправа. Іхні шлях пралягаў праз бярозавы лес. Хутка пад нагамі стаў спружыніць зялёны мох,  з-пад ног праступаць вільгаць. Шмурдзік ішоў наперадзе, уважліва аглядаючыся навокал.
  - Цікава, ці далёка нам яшчэ ісці. Але ж у гэтага баязліўца не дапытаешся, - кот спыніўся. - Дзе ты там? Колькі  нам яшчэ ісці?
  - Я не ведаю, - ззаду, з-за купіны  асцярожна выглянуў заяц, - але балота вось-вось пачнецца. Недзе тут яго і бачылі.
Янка нахіліўся і падабраў з зямлі важкі бярозавы кіёк – трэба ж нечым змагацца з гэтай пачварай. Шмурдзік рушыў наперад. Бярозавы лес скончыўся, пачалося кустоўе і шматлікія купіны, пад нагамі зачвякала смярдзючая рудая вада. Хлопчык здагадаўся, што яны трапілі на балота.
          - Далей не пойдзем, - Шмурдзік спыніўся, - бо там увогуле не прайсці. Давай пашукаем яго тут. Толькі ціха.
        - Ага.
Хлопчык і кот пайшлі ўздоўж балота, асцярожна абыходзячы кусты. Шмурдзік, як больш вопытны і чуйны, ішоў першым. Праз нейкі час ён шэптам паведаміў Янку:
       - Ведаеш, вунь там, - ён паказаў на густы  і высокі куст, - я чую, як быццам нехта шавеліцца. Давай абыйдзем яго з дзвух бакоў.
Хлопчык пайшоў налева, а кот направа. Янка асцярожна наблізіўся  і выглянуў. Ад убачанага ў яго перахапіла дыханне: на траве ляжала Шыпшына, а каля яе сядзела тоўстая, валасатая істота з калматай галавой, падобная на чалавека. Людажэр быў ростам крыху  вышэй за хлопчыка, але значна  таўсцейшы і большы ў шырыню. Мабыць, ён моцна стаміўся, бо заплюшчыўшы вочы,  цяжка дыхаў і выціраў пот. Хлопчык сціснуў кій у руках: трэба нешта вырашаць. У гэты момант людажэр заўважыў хлопчыка і падскочыў. Ён глуха раўнуў, распасцёр рукі, як бы збіраючыся напасці на Янку, а той узняў свой кій, рыхтуючыся абараняцца. Пачвара, цяжка сапучы, пасунулася на хлопчыка, але ён не бачыў, што ззаду выйшаў Шмурдзік. Кот завішчаў, скокнуў людажэру на плечы і ўпусціў свае кіпцюры яму ў шыю. Людажэр зароў ад болю так гучна, што рэха панеслася ва ўсе бакі, закруціўся на месцы, стараючыся вызваліцца ад нечаканага праціўніка. Янка не губляў часу. Ён падбег да Шыпшыны, якая паспела прыйсці ў свядомасць і са страхам глядзела на раз’юшаную пачвару:
        - Бяжым, хутчэй!
Хлопчык схапіў прынцэсу за руку і кінуўся бегчы ў лес. Адбегшыся, Янка крыкнуў сябру:
         - Шмурдзік, хутчэй да нас! Уцякайма!
Кот, убачыўшы, што Янка з Шыпшынай паспелі ўцячы на некалькі дзесяткаў крокаў, скочыў з людажэра і імкліва панёсся да іх. Пачвара заўважыўла, што здабыча можа збегчы,  дзіка зараўла і кінулася за ўцекачамі. Янка пабег, што было моцы, не адпускаючы руку дзяўчынкі. Галінкі білі іх па твары, а яны не зважалі на гэта, беглі наперад, бо за спіною чуўся цяжкі тупат людажэра. Шмурдзік лёгка дагнаў іх і бег зусім не напружваючыся. Скончылася ўсё нечакана. Калі ўцекачы выбеглі на невялічкую паляну, то сутыкнуліся з генералам Дзядоўнікам. За ім стаялі ахоўнікі і трымалі ў руках вялікую сетку. Як толькі людажэр выскачыў на паляну, ахоўнікі накінулі на яго  гэтую сетку і скруцілі. Паланёная пачвара гучна раўла, але нічога не магла зрабіць. Янка з Шыпшынай цяжка дыхалі і глядзелі адзін на другога, нібы не разумеючы, што ўсё скончана. Хутка на кані пад’ехаў  сам кароль Асот, а следам  за ім і Рамонак. Шыпшына кінулася да іх:
          - Тата! Рамонак! Я так спужалася, - і яна заплакала.
Кароль злез каня, прыціснуў дзяўчынку да сябе.
-Ён злоўлены, ваша вялікасць, - казырнуў генерал, - прынцэса выратаваная.
- Вы гэта зрабілі?
- Так, ваша вялікасць.
- Тата, ён маніць, - дзяўчынка выцерла слёзы і выступіла наперад. – Гэта Янка і Шмурдзік мяне выратавалі.
- Так, кх-м, - генерал пачырванеў і закашляўся, - але потым яго злавілі мы. Цяпер  ён нікому не пагражае.
- Добра, - кароль павярнуўся да хлопчыка з катом. - Прасіце чаго хочаце – вы выратавалі прынцэсу.
- Нам нічога не трэба, - Янка паціснуў плячыма. - Хіба толькі хачу сказаць, каб вы адззячылі Грыбка – гэта ён дапамог нам знайсці Шыпшыну.
- Каго? - перапытаў кароль.
- Заяц у вас ёсць якога клічуць Грыбком.
- А я хачу каб мяне заўсёды частавалі нечым смачным, калі я буду ў вас, - умяшаўся Шмурдзік. - Калі Янка не хоча, то гэта яго справа. А я не супраць пачастунку.
- Добра, усё будзе, як вы пажадалі, - адказаў кароль і звярнуўся да генерала. - Генерал Дзядоўнік,  цяпер цягніце яго ў самы глыбокі склеп.
Ахоўнікі пацягнулі людажэра, следам за імі падаўся сівы генерал.
         - Шыпшына, паехалі дадому, - загадаў кароль.
         - Тата, а Янка са Шмурдзікам?
         - Яны таксама могуць паехаць з намі.
         - Нам, відаць, час ужо дахаты, - уздыхнуў Янка. – Мы ж прыйшлі развітацца з вамі, Шыпшына. Я ад’язджаю  ў горад і мы не зможам прыходзіць сюды гуляць. Я хутка пайду ў школу.
          - А што такое школа? - Рамонак  следам за сястрою падыйшоў да Янкі.
          - Там збіраюць шмат хлопчыкаў і дзяўчынак  і вучаць розным навукам.
          - Добра вам, там весела, - сказала дзяўчынка сумным голасам. – Як шкада, што мы не ўбачымся – з вамі  было так весела і цікава.
           - Я пастараюся прыехаць сюды ў наступным годзе, - паабяцаў Янка. – Да таго ж Шмурдзік са сваім сябрам Рыжыкам можа прыходзіць гуляць разам з вамі.
           - Тады да пабачэння, Янка. Дзякуй табе за ўсё. Я  буду чакаць цябе, - Шыпшына паціснула яму руку.
            - Да пабачэння, - Рамонак таксама паціснуў Янкаву руку. – Я таксама  буду цябе чакаць. А ты, Шмурдзік, - звярнуўся ён да ката, - прыходзь. Абавязкова.
            - Бывайце.
Развітаўшыся, Янка і Шмурдзік пайшлі ў бок чароўнай паляны.
            - Але ж ты малайчына, - сказаў хлопчык кату, - так смела кінуўся на людажэра, хоць ён вельмі страшны.
             - Вось яшчэ, - Шмурдзік фанабэрыста задраў галаву, - ты не бачыў, як я адзін змагаюся  з некалькімі вялікімі пацукамі.  Але  ж ты таксама смелы, не пабаяўся яго, выратаваў Шыпшыну. Будзе Рыжык шкадаваць, што прапусціў такія цікавыя прыгоды.
ЧАСТКА 17
ЯНКА РАЗВІТВАЕЦЦА З ВЁСКАЮ І СЯБРАМІ
       Паснедаўшы, Янка стаў складаць свае рэчы. Хутка прыедзе тата і ён павінен быць падрыхтаваны да ад’езду. Хлопчыку неяк не хацелася пакідаць вёску: ён прывык  да дзядулі з бабуляю, пасябраваў з Шмурдзікам і Бухматкаю,  Шыпшынаю, Рамонкам, пазнаёміўся бабрамі, вожыкамі, зайцамі, пчоламі і шмат яшчэ з кім. Столькі цікавага адбылося! Але ж тата прыедзе і ён мусіць пайсці ў школу, бо трэба вучыцца. З такімі думкамі хлопчык паціху сабраў свае цацкі і рэчы. Потым ён выйшаў у двор. Шмурдзік ляжаў на сваім прывычным месцы – на лаўцы.
         - Усё, Шмурдзік, я хутка паеду. Эх, шкада, што цябе не будзе ў горадзе. Слухай, а калі я папрашу тату, каб ён і цябе ўзяў разам з намі? - раптам ажывіўся хлопчык.
         - Не, што я там буду рабіць, - адмовіўся кот. - Тут я лаўлю мышэй, аберагаю гаспадарку ад шкоднікаў. Ды і не хочацца  ехаць, мне тут добра, прастора. Буду цябе чакаць да наступнага лета.
         - Бадай што так лепш, - пагадзіўся Янка, - пайду развітаюся з Бухматкай.
Хлопчык знайшоў яе збоку за хлявом, дзе яна з усімі астатнімі курачкамі грэлася на сонцы.
          - Бывай, Бухматка. Прыйшоў з табою развітацца.
          - Шкада,  Янка, што ты ад’язджаеш, - курачка засакатала, - ко-ко, ты такі добры, любіш нас, заўсёды пачастуеш нечым смачным. А мы для цябе ўчора ўсе знеслі па яйку. Забярэш з сабою ў горад і будзеш ўспамінаць нас.
        - Дзякуй, Бухматка. Да пабачэння.
Янка  заглянуў да парсюкоў, потым зайшоў у агарод у надзеі сустрэць Кропельку, але пчолкі там не аказалася. Яго паклікала яблынька:
        - Янка, пачастуйся маімі яблыкамі. Яны амаль саспелі. Ты дапамог мне і я дапамагу табе выбраць самы лепшыя.
       - Дзякуй, яблынька.
Хлопчык сабраў з дзесятак буйных і чырвонабокіх яблыкаў, адно з іх надкусіў. І сапраўды, яблык быў салодкі, сакавіты.
       Праз нейкі час каля хаты спынілася татава машына. Янка падбег да яе. Тата вылез і ўскінуў хлопчыка на руках:
       - Уга, які ты ў мяне вырас! Прызнавайся: слухаўся  бабулю з дзядуляю?
      - Слухаўся, - адказала за хлопчыка бабуля, пацалаваўшы тату, - нават і дапамагаў нам.
      - А ў мяне шмат сяброў з’явілася, - не ўтрымаўся і пахваліўся Янка, - і Шмурдзік, і Бухматка, і іншыя. А яшчэ мы з дзядуляю на рыбалку хадзілі, сенавалі  сена, пасвілі кароў.
        - Малайчына, калі ўсё так, - адказаў тата. - Зараз паедзем да мамы з Алесяю, бо яны па табе засумавалі.
         Калі машына мінала вёску Янка доўга ўглядаўся ў знаёмыя мясціны. Ён з лёгкім смуткам пакідаў тое, да чаго паспеў прывыкнуць. Але ж гэта не  бяда. Хлопчык быў упэўнены, што абавязкова ўбачыцца з усімі наступным летам.

      


Рецензии