Пра Чорнага Змея i злую Царыцу

Казка навыварат

У Горадзе Зіхатлівым жыла злая Царыца, і мела яна каханкам Чорнага Змея.
Змей сядзеў у пячоры на жалезнай гары, што над морам стаяла.
Штовечар, як сонца зайдзе, брала Царыца гарлач віна, выходзіла да мора, падымалася на жалезную гару і тайнай сцяжынкай ішла ў змееву пячору, дзе каханак чакаў.
Змей, гарлач схапіўшы,  выпіваў віно ў тры глытка і казаў Царыцы: “Цяпер разуй мяне!”
Разувала Царыца Змея, сама чаравікі скідвала, клаліся яны ў ложак і спачывалі, абняўшыся, да самага рання.
Неяк увечары прыйшла Царыца да змеевай пячоры – а Змей яе сустракаць не ідзе, віна піць не хоча, ляжыць у ложку, не падымаецца, сам  стогне ды енчыць.
Пытаецца ў яго Царыца:
– Што з табой, любы мой, ці не хвароба напаткала?
Адказвае  Змей:
– Бяда са мной сталася. Пайшоў я быў ваяваць суседняе царства, а там віцязі надта лютыя.  Мячамі мяне пасеклі, дзідамі скалолі, стрэламі зджалілі, ледзь жывы я дадому вярнуўся. Ляжу цяпер без сіл, раны – вох! – смыляць, косці мне ломіць, вантробы круціць.  Памру я хутка.
Плача Царыца, валасы на галаве рве:
– А ты ж мой любы, каханы, ненаглядны! Каго цяпер буду разуваць, з кім да рання ў ложку спаць? Як цябе адратаваць? Усё зраблю, толькі скажы.
Кажа Змей:
– Ёсць адзін сродак. Прынясі мне, Царыца, мужа твайго сэрца. З’ем яго незгатаваным – адразу ачуняю.
Нядоўга думала Царыца, бо Змея любіла больш за мужа.
Дачакала яна, пакуль муж спачываць ляжа, схапіла меч булатны ды знесла яму, соннаму,  галаву. Вострым лязом рассекла забітаму грудзі, выразала сэрца і Змею ў пячору панесла.
Праглынуў Змей сэрца, а Царыца пытаецца:
– Ці не лепей табе, мой любы?
Кажа Змей:
– Трохі лепей, ды раны ўсё смыляць, і сілы не маю, з ложка не падняцца. Прынясі мне, Царыца, сына твайго сэрца. З’ем яго сырым – ачуняю.
Завагалася была Царыца, ды хутка раздумалася, бо Змея любіла больш за сына.
Паклікала яна сваіх служак і кажа:
– Вазьміце мячы вострыя, ідзіце да сына майго ў спачывальню, мячамі голаў яму адатніце, а з грудзей сэрца выміце ды мне прынясіце.
Пайшлі служкі, зрабілі, як было загадана.
Схапіла Царыца сэрца, у хустку ядвабную загарнула ды Змею панесла.
Змей сэрца праглынуў, а Царыца пытаецца:
– Ці не палепшала табе, мой каханы?
Змей у адказ:
– Палепшала, раны больш не баляць, ды сілы не маю, з ложка не падымуся, віна не нап’юся і цябе, Царыца, не разую.
Тая ў слёзы:
– А ты ж мой гаротны! Як цябе адратаваць? Скажы – усё зраблю.
Кажа Змей:
– Чуў я, што нявестка твая нядаўна дзіця нарадзіла. Прынясі мне, Царыца, немаўляці сэрца. З’ем яго не печаным, не вараным, і вернецца да мяне сіла.
Тут Царыца ўзрадавалася, бо нявестку не любіла.
Паклікала яна сваю прыслужніцу, дзеўку-чарняўку, дала ёй нож наточаны і кажа:
– Ідзі да нявесткі маёй у святліцу, немаўля забяры з калыскі,  горла яму перарэж, а з грудзей сэрца вымі ды мне прынясі.
Пайшла дзеўка-чарняўка, забрала дзіця з калыскі, у кошык паклала, з кошыкам з горада выйшла, каля брамы села і заплакала. Дзеўка сэрца мела добрае, шкада ёй было немаўля, а Царыцы не паслухацца – страшна.
Ішла па дарозе старая, вяла на вяроўчыне малое ягня. Спынілася, спыталася:
– Што, дачушка, плачаш? Чаго, прыгажуня, слёзы льеш?
Чарняўка ў адказ:
– Загадала мне Царыца немаўлятка забіць, сэрца з грудзей выняць ды ёй аднесці. Не хачу я, бабуля, душу нявінную губіць, ды валадарку аслухацца боязна.
Кажа старая:
– А давай, дачушка, памяняемся. Аддам я табе ягня, а ты мне немаўля. Ягнятка ты зарэж, сэрца вымі ды валадарцы аддай. Аб дзіцяці я паклапачуся.
Усцешылася дзеўка-чарняўка, аддала немаўлятка, забрала ягнятка ды зрабіла, як старая навучыла.
Схапіла Царыца сэрца, у хустку шаўковую загарнула ды Змею панесла.
Праглынуў Змей сэрца, і...

(Метатэкставая ўрэзка. Была б гэта казка правільная, то Змей, сэрца ягняткі пакаштаваўшы, адразу бы падавіўся, паваліўся і здох. Ды казка наша бязладная і няскладная, вывернутая ды перакручаная, хто яе слухае, той упадзе ў дэпрэсію, захварэе на насмарк і цэлы тыдзень будзе чхаць жэстачайша. Таму справа была так:)

Праглынуў Змей сэрца, пакрывіўся:
– Нешта нясмачна. Не люблю я гэтых немаўлят.
Царыца пытаецца:
– Ці добра табе, ненаглядны мой?
Страсянуўся Змей, пацягнуўся, ускочыў  з ложка ды на ногі стаў.
–  Цяпер, –  кажа, –  добра! Так добра, што словам не апісаць.
Зарагатаў Змей, бо насамрэч не быў ён ні хворы, ні паранены, а хацеў увесь царскі род пад корань звесці ды на трон сесці.
І сталася так, як Змей пажадаў.
Ажаніўся Чорны Змей са злой  Царыцай,  і сталі яны ўладарыць над Горадам Зіхатлівым. І насталі цёмныя часіны –  пошасць ды смерць, варажнеча ды калатнеча па ўсёй зямлі. А Змей сядзеў на троне, піў віно, заядаў сэрцамі чалавечымі  і цешыўся.

(Метатэкставая ўрэзка. Гэта ўсё-ткі казка, хай сабе і вывернутая, таму фінал мы зробім больш аптымістычным.)

А Змей сядзеў на троне, піў віно, заядаў сэрцамі чалавечымі  і цешыўся, бо думаў, што так будзе заўсёды. Не ведаў паганы, што недзе расце і сталее дзіця, ягняткам уратаванае.


Рецензии