Практыкаваннi у стылi

///Куратар даў заданне: паўтарыць Раймона Кено. Выконваю.///

Сінопсіс

Туманным восеньскім світанкам крамольнік і маргінал перасякаюць мяжу таталітарнай дзяржавы  з пэўнай мэтай (не ўдакладняецца).

Фізкультурна-аздараўленчае

Бягом, бягом, бягом! Не спыняцца! Дыхаць не забываем! Увага – каляіна! Яшчэ міля, трываем!

Зрок

Раўніна ў тумане, ён шчыльны, як вата. За хмарамі тлее світанак.
Глядзець пад ногі – каляіны.  Наперадзе маячаць слупы загароды з радамі калючага дроту. Імглу працінае прамень пражэктара.

Слых

Гуд рухавіка дзесьці побач. "Долу!" Плёхаемся мордамі ў гразь. Рыпіць кабура, шчоўкае засцерагальнік. "Цяпер ня рыпацца".  Сталёвая туша набліжаецца з ляскам і грукатам.

Баявая машына

Гыр-р-р. Дых-дых-дых. Гыр-р-р. Бачнасць нуль. Гарызонт не прастрэльваецца.

Пах

Гар у паветры. Ад зямлі пахне торфам, жалезам, машыннай алівай. З блізкага балота цягне гніллю.  Машына прапаўзае  міма,  вырыгваючы клубы едкага дыму.

Дзеясловы

Аддаляецца. Сціхае.  Не страляць. Прамінула.

Салдафонскае

Чыста. Рота, пад'ём! Бягом – руш!

Крамольнік

Нікому нельга давяраць. Нават маргіналам, якія па-за Сістэмай. Сістэма запусціла свае шчупальцы ва ўсе сферы жыцця. Кожны можа аказацца агентам спецслужбаў. Твой сусед. Супрацоўнік. Сябар. Сваяк. Нават ты сам…
Чорт,  каляіна!

Маргінал

Я магу здаць яго спецслужбам. А магу не здаваць. Калі здам, буду апошняй паскудай. Затое заплацяць тысячу імперыялаў золатам. Вярнуся ў шыхт, стану паважаным чалавекам. І да канца жыцця мяне будзе грызці сумленне. Буду піць і гуляць, каб забыцца. Прагуляю ўсе імперыялы і здохну п'яны пад плотам. Чортаў крамольнік.
– Каму сказаў – пад ногі глядзець!

Эпітэты

З разбегу пераскокваем штучны роў, пракапаны ўздоўж лініі мяжы. Дрот на слупах,  як мокрыя вяроўкі. На калючках пабліскваюць кроплі халоднай расы. У нас нейкая чвэрць гадзіны, перш чым запрацуе генератар. Падцягваем дрот адмысловымі падпоркамі, зрабіўшы невялікі пралаз. Асцярожна прапіхваем пад дратамі заплечнікі і пералазім на той бок. Генератар выдае нягучны шчаўчок, і калючая загарода ажывае. Драты з гудам напінаюцца, па жалезных нітках бягуць, патрэскваючы,  тонкія сінія маланкі. Паспелі своечасова. 

Калючы дрот

Мяне стварылі дзеля рэпрэсій і застрашвання. А я хачу быць цярноўнікам. Вясной убірацца ў кветкі і пяшчотную лістоту, улетку даваць прытулак птушкам-саракушам, а восенню адорваць свет салодкімі пладамі. Я рэпрэсірую і застрашваю, але гэта не мой выбар. Мяне такім стварылі.

Турысты ў цэпеліне

Добрай раніцы, дарагія таварышы! Вас вітае экіпаж круізнага лайнера "Барвовы імпэт". Наша паветранае судна дасягнула дзяржаўнай мяжы і зараз пойдзе па перыметры. Надвор'е шэпча – унізе аблокі і шчыльны туман, за бортам яснае неба і ўзыходзячае сонца азарае пяшчотнымі промнямі неабсяжныя абшары нашай вялікай дзяржавы. Пасля фіззарадкі, гігіенічных працэдур, сняданку і гадзіны палітінфармацыі запрашаем усіх на верхнюю палубу. Будзем аглядаць абшары.

Жаба ў каляіне

Нешта крамольнікі разбегаліся. Пэўна, пойдзе дождж. Прынамсі, так было заўчора.


Рецензии