Медыцынскi факт

"Но я же вас просил — не поднимайте этот вопрос вообще, он закрыт в Беларуси. У нас два государственных языка — русский и белорусский. Ни украинский, ни российский — русский… в который мы душу вложили. Люди гибли, вместе с русскими людьми воевали, это наше общее достояние. Если кто-то хочет потерять разум, он потеряет русский язык, если он хочет потерять свое сердце, он потеряет белорусский язык".
Цытата належыць кіраўніку незалежнае краіны з назваю Рэспубліка Беларусь.

Медыцынскі факт

У выпадку, калі сэрца спыняецца, розум здольны да паўнавартаснага жыцця не болей за чатыры хвіліны.
У выпадку, калі сэрца спынілася, але зноў запрацавала праз пяць ці болей хвілін, наступствы для розуму кепскія: страты незаменныя, розум стаецца бедным, прымітыўным і непрадказальным, з'яўляюцца суіцыдальныя прыхільнасці.
У выпадку, калі сэрца не працуе больш дзесяці хвілін, розум ніколі больш не ачуняе. Арганізм прысуджаны да вегетатыўнага, расліннага існавання.
Ахалоджаны розум здольны вытрываць працяглы час браку сэрца, але ахаладзіць розум раптоўна ці паслядоўна - задача складаная. Бо розум забяспечаны ад наваколля не толькі тоўстай касцяной чарапушкай, але й рэгуляванымі механізмамі абароны ад знешніх уздеянняў.

У выпадку, калі розум страчваецца па незалежных ад сэрца прычын, арганізм без розуму (ці з неналежным розумам) здольны да пашкоджання ўласнага сэрца, ці сістэм падтрымання сэрца пры жыцці (самазабойства), але ў выпадку нават цалкавітай страты розуму, механічна непашкоджанае сэрца можа сабе існаваць у арганізме пры падтрымцы сістэмы жыццязабяспячэння даволі працяглы час.
Сэрца магчыма нават выняць з арганізму з пашкоджаным розумам і ажыццявіць трансплантацыю ў арганізм з розумам актыўным, бо сэрца мае сваё ўласнае аўтаномнае жыццё.
Сэрца, прызначанае дзеля трансплантацыі, можна некаторы час захоўваць у спецыяльным прыстасаванні са штучным крыватокам, але нават і проста ў лёдзе. Сэрца цянюткае і пяшчотнае, яго лёгка ахаладзіць.
Нават значна пашкоджанае сэрца (у выніку змярцвення - інфаркту міякарду, ці запалення - міякардыту) застаецца здольным падтрымліваць такую-сякую разумовую працу, пры ўмове амаль цалкавітага паралічу астатняга арганізму. Бо кожны лішні рух ці там ініцыятыва вымушае арганізм засяродзіцца выключна на подыху, на фізіялогіі, дзеля якой розум увогуле непатрэбны.

Аўтапераклад на палітычны лад робіцца так: замест слоў "сэрца" і "розум" ставім суадносна словы "беларуская мова" і "русскій язык".

Подпіс: Кардыяміяцыт, уласнай персонай.


Рецензии