Пропуск у зону

ПРОПУСК У ЗОНУ

3 мая 2019-га,напісаўшы папярэдне заяву ў КВК(крымінальна-выканаўчую камісію),прыехаў я ў чыстую,як на Радуніцу могілкі,сталіцу нашай Радзімы Менск.
Выйшаў з электрычкі,значыцца,шкандыбаю ў макдакаўскі дабл адліць,і нараджаецца ў мяне вярэдлівая думка:а ці не прайсьціся мне сьцежкамі сваёй маладосьці праз галоўкорпус БДУ?
Задумана - зроблена!Спаражніўся культурненька,паглядзеўся ў люстэрка,з прыязнасцю падміргнуў сваёй лысай фрызуры тыднёвай даўніны, - іду.
А трэба заўважыць,што прыкінуты я,як амаль заўжды,стылёва і тым самым правакатыўна:сьветла-крэмавы плашчык,зьлёгку настаўлены каўнер,шаўковае кашнэ адпаведнага колеру,сіняга сукна штаны ў тонкую палоску,скураныя чорныя чаравічкі і першы раз адзетыя крэмавыя шкарпэтачкі.У правай руцэ - дубовы кіёк для форс-мажорных сітуацый і залатая пячатка з чорным каменем на безыменным пальцы.
Іду,значыць,такі наструнены - як струна на скрыпцы Страдыварыя,на левым плячы сумку з рукапісам новага раману папраўляю. І вось я ўжо вароты ўваходныя мінуў,струну паходкі прыадпускаю,і тут чую, што ахоўнік за мной сьпяшаецца,спыніць мяне настроены...У гэты момант я своечасова ўспамінаю свой рэальны статус асуджанага па 205-м частка 2 да двух гадоў без накіраваньня,і прытармажваю.Далей адбываецца блабла-пінгпонгавы абмен рэплікамі,каржакаваты ахоўнік тэрыторыі вакол галоўкорпусу БДУ патрабуе пропуск і нават тлумачыць,паказваючы прыклеены да будкі аховы ліст з распараджэньнем рэктара,што на самой справе ў 2015-м годзе мус РБ дало каманду "в целях обеспечения безопасности взять под охрану" і так далей. Урэшце рэшт я дастаю сваё чырвонае пісьменьніцкае пасьведчаньне, і яно імгненна робіць сваю справу:ахоўнік прыціхае,выбачаецца і нават жадае мне посьпехаў на сустрэчы з студэнтамі...
3-га мая 2019-га на першым паверсе галоўкорпуса БДУ стаялі чорныя інфарматыўныя стэнды на тэму халакосту дзесьці пад Менскам.Пра Курапаты не заўважыў,хоць і ўглядаўся.А ўжо на выхадзе спыніла маю ўвагу інсталяцыя з трох сьцягоў:сіні ўніверсітэцкі,дзяржаўны чырвона-зялёны і - сьцяг фэйкава-бюджэтнай "Белайрусі".Стаю,ага, абураюся сабе,фота-відэа раблю.І тут ізноў да мяне са сьпіны ахоўнік падрульвае,ужо іншы,каторы на ўваходзе ў БДУ з боку плошчы Незалежнасьці стаіць, - такі ж самы,адзін да аднаго з першым:каржакаваты,вусы,касьцюмчык... Карацей,учарашні мент з райаддзелу.Гэтым разам я зусім у дыялог не ўступаў - толькі свае барвовыя "коркі" паказаў,схаваў у кішэню фотапрыборы і з прыкрай палёгкай выйшаў з будынку.

8 мая 2019г.,
г. Марыліна Горка


Рецензии