Справаздача, альбо Атакаваць за 7 хвилин

Справаздача, альбо Атакаваць за 7 хвілін
                апавяданьне
                — начальнику штаба прецесии*;
                — руководителю “Школы тактических занятий”;
                — куратору гранта «Управляемый террор»
                Рапорт...
* * *
«…З многіх варыянтаў атакі мы спачатку выбралі тры: напад на прадстаўніцтва нафтавага канцэрну «Лукой»; правакацыя каля Пасольства і захоп закладніка, на ролю якога намі быў прызначаны сын прэзідэнта. Некаторыя з нашай групы настойвалі на тым, што трэба працаваць з жывым матэрыялам; што толькі тады, калі вораг сваёй патыліцай адчуе вільготны подых сьмерці, толькі тады…
А пакуль нам замінала, напрыклад, тое, што ў нас не было глушыльніка — варанёнага такога цыліндрыка грамаў на 400. Хаваць пісталет у падушку не выпадала, але і шуму рабіць
— таксама.
Каб узяць закладніка — бракавала людзей. Нас усяго было тры
чалавекі, прычым трэці зусім ня ведаў, што ў час «Ч» ён будзе
браць удзел у акцыі нашай баявой групы.
Штурмаваць будынак канцэрну выглядала таксама праблематычным — заміналі адкрытыя подступы да аб’екта, якія былі б і нашымі шляхамі адыходу…
Урэшце мы спыніліся на Пасольстве. Ад ужывання стралковай адмовіліся — рашылі закідаць яго гранатамі. І вось настаў дзень «Ч». Ён настаў, як і ўсе іншыя незлічоныя дні да яго — незаўважна і неўнікнёна. Мы адчулі яго адначасова,і калі напарнік пазваніў мне, я адказаў: «Без пытанняў».
Неверагодна, але я ня думаў пра паразу, я проста, відаць, не
дапускаў і самой спробы падумаць, а што будзе, калі наша
аперацыя праваліцца, пацерпіць крах… Так, відаць, мы проста не
дапускалі думкі пра магчымы правал.
І таму ў той дзень мы выглядалі спакойнымі і нават  упэўненымі.Прынамсі выглядалі.
Было гадзіны тры па паўдні,калі мы сустрэліся каля дому, у
якім жыў напарнік, і падняліся
да яго ў кватэрку. Адчыніла нам ягоная жонка Марыя, выбегла з
пакоя дачка Люба.Неўзабаве гаспадыня накрыла
на стол. Усё было нашае, класічнае: вараная бульба, селядзец,
тоўстыя вясковыя кілбасы, хлеб «Нарачанскі», цыбуля, запраўленая алеем, і марынаваны чоснік…
Гаспадар паставіў бутэльку гарэлкі «Усяслаў Чарадзей».Шкло бутэлькі было падобнае да колеру валовага вока. Валавокае было шкло.
Да пачатку запланаванай акцыі заставалася яшчэ даволі часу.
Пілося як гарэлка, але не пякло як вада. Відаць, у той момант,
за некалькі гадзін да атакі, і рактыфікат ня меў бы над намі
ніякай сілы.
Так было — мы выпілі і з’елі амаль што моўчкі. Марыя расказала, што яна сёння разам з намі чыста выпадкова — гандляры на
Камароўскім рынку забаставалі.
Потым я выходзіў на лесвічную пляцоўку курнуць. Потым
мы паставілі касэту і ўключылі відэапрайгравальнік. Гэта быў
фільм «Майкл Колінз». Асабліва блізкай нам здалася канцоўка
стужкі, у якой апантаны барацьбой малады ірландзец страляе
ў свайго старэйшага таварыша — лідэра паўсталай Ірландыі Майкла Колінза.
Калі мы выйшлі з кватэры, пакінуўшы Марыю з дачкой адных, я пазваніў трэцяму з нас — дробнаму гандляру на пенсіі і з машынай «Жыгулі» ў руках.
Ён не пытаўся, куды і навошта мы паедзем. Ён проста верыў мне, верыў, можа, больш, чым самому сабе. 700 грамовы «Усяслаў» выветрыўся з нас яшчэ пры пад’ездзе да зоны візуальнага агляду аб’екта. У дварах Траецкага прадмесця мы распалавінілі
яшчэ адну гарэлкі. Трэцюю пакінулі на шчаслівае «пасля».
Набліжалася 11-я вечара. Канчаўся 30-ы дзень мая. Было
цёпла, ціха і спакойна. Рэдкія наведнікі Траецкіх півярняў
вышмыгвалі з дзьвярэй у чэрава сталіцы. Пахла сьвежым лістом,
інсэкты бзыкалі над кустамі бэзу. Сьвяцілася макаўка пераможнага гранітнага фаласу на Круглай. Міргалі зялёныя габарытныя агеньчыкі тэлевежы на Чырвонай. Позьнія аматары тэлебачаньня лавілі відэасігналы тутэйшай рэдакцыі.
Я нічога не тлумачыў гаспадару старых савецкіх «Жыгулёў»,
толькі паказваў, куды і як хутка рухацца. У салоне было брудна,
сьмярдзела бензінам.Акурат такая машына і   пасавала,нам,патэнцыйным сьмяротнікам.
Мы прыехалі на месца высадкі хвілінаў за 15 да пачатку.Я папрасіў шафёра не глушыць рухавік, прыадчыніў пярэднія
дзьверцы і, адвярнуўшы галаву ўправа, прыглушана пажадаў
напарніку: «З Богам!»
Ён выйшаў з машыны роўна за 7 хвілінаў да 23-й гадзіны вечара.
На дарогу прыпадалі хвіліна-паўтары. На сам напад — 4 хвіліны
разьліковага часу.
Паўтараю, надвор’е было выключна майскае. Было неверагодна ціха як для цэнтру горада, і толькі на станцыі «Усход-сартавальны» разы два глуха бразганулі счэпамі таварныя вагоны. Гэтыя выпадковыя гукі з чыгункі ў протасферы апошняй майскае
начы і змікшыравалі трэск ад разрыву першай «лімонкі» напарніка. Гаспадар машыны нічым ня выдаў свайго настрою, адно
заўважыў, што ці не навальніца гэта пачынаецца. «Напэўна»,
— буркнуў я ў адказ.
Пасля другога выбуху наш трэці не сказаў нічога. Паветра
стаяла цёплае і сухое. Неба — зорнае, над намі сьвяціліся Коўш і Палярная зорка. Нішто не нагадвала пра навальніцу.
Шчасліва вярнуўся напарнік, паклаў сабе на калені пустую на
выгляд зялёную сумку, і тады ўжо  я гэтак жа глуха сказаў шафёру: «Давай!». Мы яшчэ ехалі па вуліцы Чырвонай, тыламі Опернага тэатру, а мянтоўскія «Волгі» ўжо несьліся па Багдановіча да
толькі што атакаванага Пасольства. Мы далі дарогу заклапочанаму картэжу і прадоўжылі свой рух у адваротны бок. На каленях у напарніка, у зялёнай
моднай сумцы ляжаў варанёны караткаствольны аўтамат бліжняга бою. Каля Жоўтай царквы мы з напарнікам выскачылі са старых савецкіх «Жыгулёў» нашага гераічнага трэцяга, пажадалі яму
«шчасліва» і разьбегліся кожны ў свой бок».
1 июня 2001 года, г. Минск
Старший опергруппы
подполковник Борусов
(подпись)
_____________________________________________
* Комплекс падрыўных мерапрыемстваў, якія адна дзяржава
ажыцьцяўляе на тэрыторыі іншай з дапамогай сваёй «пятай калоны


Рецензии