Пашанцавала Лесiку! казка для дзяцей

У казачным лесе жылі казачныя звяры – мядзведзі і ваўкі, лісы і зайцы, вавёркі і вожыкі. І вось цуд так цуд, усе яны любілі займацца спортам! Аднойчы людзі дазналіся, што ёсць такія незвычайна таленавітыя звяркі, і пачалі запрашаць іх на свае спаборніцтвы ў якасці талісманаў. Але не падумайце нічога дрэннага. Людзі палюбілі звяркоў і хвалілі за жаданне займацца тым ці іншым відам спорту, за поспехі, а не простае баўленне часу ў лесе.
У 1980 годзе людзі абралі ў якасці свайго талісмана на знакамітыя ХХII Алімпійскія гульні казачнага медзведзяня Мішу. Ён з дзяцінства валодаў незвычайнай сілай і цвёрдым байцоўскім характарам. Яго хваліў лясны трэнер па дзюдо.
З таго часу прайшло шмат гадоў, Міша ператварыўся ў вялікага старога мядзведзя. Маладыя жыхары казачнага лесу цяпер не вельмі верылі яго подзвігам. А калі людзі ізноў прыйшлі ў іх лес шукаць новага талісмана на сур'ёзныя спаборніцтвы – чэмпіянат свету па хакеі 2014 года, усім жыхарам казачнага лесу было зразумела, што такім талісманам павінен стаць ніхто іншы, як зубраня Волат, бацькі каго нядаўна пераехалі жыць у казачны лес з Белавежскай пушчы. Там няма спартыўнай секцыі, а іх адоранае зубраня вельмі жадае займацца спортам. Вось так зубраня Волат і стаў спартсменам – хакеістам, ды не простым, а такім, хто падае вялікія надзеі на будучыя поспехі ў гэтым відзе спорту. Праз некаторы час закончылася хакейнае спаборніцтва, і лясны Волат вярнуўся ў свой казачны лес сапраўдным вопытным спартсменам, які распавёў і паказаў сябрам такія хакейныя прыёмы, пасля чаго ўсе лясныя хакеісты запаважалі малайца і прызначылі яго капітанам хакейнай каманды.
Прайшло яшчэ некалькі гадоў, і зноў важнае спартыўнае спаборніцтва прымусіла людзей звярнуцца ў казачны лес у пошуках талісмана цяпер ужо чэмпіянату свету па футболе 2018 года. Хто ж, як ні воўк па мянушцы Забівака, мог прэтэндаваць на такое высокае званне. Гэты воўк яшчэ не стары, але вельмі вопытны. У яго скарбонцы было больш за сотню забітых мячоў у вароты сапернікаў на лясным футбольным полі.
– Жыве, – казалі людзям казачныя звяры, – у нашым лесе такі жвавы і адважны воўк, аднак ён зусім не агрэсіўны, проста неверагодна захоплены футболам.
Вядома ж, Забівака не мог не спадабацца людзям. Запрасілі яны ваўка да сябе на спаборніцтвы ў курортны горад Сочы, які знаходзіцца на беразе Чорнага мора.
Скончыліся цікавыя спаборніцтвы, прайшло некалькі гадоў. І зноў спартсменам не сядзіцца спакойна, хочацца чагосьці такога, няпростага, дзе можна паказаць сваю сілу і цягавітасць. Вось і арганізавалі яны новыя спаборніцтвы ў 2019 годзе – II Еўрапейскія гульні, ды зноў пайшлі ў казачны лес шукаць прэтэндэнта на талісман гэтых гульняў. Цяпер ім быў патрэбен лёгкаатлет. Каго ж яны выбралі? Вядома ж, Лесіка – вясёлага і спрытнага лісяня. Ён і на ровары ўмее катацца, і ў спартыўную лясную залу ходзіць. Там ён займаецца гімнастыкай, бегае, навучыўся гуляць у настольны тэніс, бадмінтон, скакаць на батуце, страляць з лука. Задаволены Лесік вярнуўся ў свой казачны спартыўны лес знакамітасцю!
Усё добра ў Лесіка, а ў лесе некаторыя плачуць. Хто ж і чаму? Гэта маленькія важаняты, ваверчаняты, бабраняты, зайчаняты. Іх яшчэ ні разу нікуды не выбіралі. Засумавалі звяркі і гуляць ім не ў што не хочацца.
Ды толькі мамы іх супакойваюць:
– Не хвалюйцеся, – кажуць яны сваім дзеткам. – Яшчэ шмат спаборніцтваў прыдумаюць людзі, калі-небудзь дойдзе чарга і да вас. Толькі не лянуецеся, не сядзіце без справы, займайцеся спортам, каб вырасці адважнымі, разумнымі і спрытнымі звяркамі.

22.06.19


Рецензии
С улыбкой. Читал, наслаждаясь звучанием разговора: каждого слова в каждой буквице...

Замечательно!

Анатолий Святов   23.06.2019 20:35     Заявить о нарушении
Вялікі дзякуй!
З усмешкай

Татьяна Домаренок   24.06.2019 15:57   Заявить о нарушении
На это произведение написаны 2 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.