У эфiры - сон
Вот я иногда думаю, что там, на небе, собрался молодой творческий коллектив. Работа у них такая. Креативная.
(Ольга Демидюк, «Не бесите Вселенную»)
– Я SkyDream-15, кіраванне прыняў. Да эфіру дзесяць хвілін, пачынаю планавую праверку.
– Я SkyDream-49, да праверкі гатовы.
– Нумар сну?
– Дваццаць шэсць нуль дзевяць.
– Відэаматэрыялы?
– У наяўнасці.
– Структура сну?
– Дзве развілкі, тры дыялогі, сорак пяць магчымых рэплік. Фінал агульны для ўсіх адгуліна... Цьфу, чорт! Для ўсіх ад-га-лі-на-ванняў.
– Праграма пераключэння развілак і рэплік?
– Загружана.
– Праграма аварыйнага завяршэння сеансу?
– Загружана.
– Абсталяванне ментальнай сувязі з кліентам?
– Наладжана. Электрамагнітных перашкод не назіраецца.
– Пульт кіравання сном?
– Працуе ў штатным рэжыме.
– Стан кліента?
– Стан... Віталіч, як там?
– Ш-ш-ш, глядзі на манітор! Аўдыёзапіс ідзе.
– Так вас разгэтак!.. Кома чацвёртай ступені, тэмпература і ціск паніжаныя.
– Супрацьпаказанні?
– Адсутнічаюць.
– Я SkyDream-15, праверку скончыў, магчымасць укаранення сну пацвярджаю. Да эфіру гатовы.
– Я SkyDream-49, чортаву праверку скончыў, да эфіру таксама гатовы...
Гаспадар пазыўнога «SkyDream-15» (ён жа Пашка, ён жа вядучы аператар пульта кіравання) адкінуўся на спінку крэсла і прабег вачыма па незлічоных кнопках, рычажках, пераключальніках... Стрэлкі прыбораў падрыгвалі каля патрэбных рысачак, лямпачкі пераміргваліся жоўтымі і зялёнымі агеньчыкамі. «Ну хоць на гэты раз без чырвоных. Выдатны будзе сігнал!» – не прамінуў адзначыць задаволены Пашка. Дзіва, што не перашкаджае шалёны лівень, які так злосна барабаніць па шыбах маленькай студыі, што не дапамагае і гукаізаляцыя.
Экраны, якія шырокім паўкругам абступалі пульт кіравання, стракацелі схемамі і праграмнымі кодамі, але галоўны экран – самы вялікі – пакуль пуставаў. Ды і што яму паказваць, калі ў эфіры зараз «фортка»? Недзе ў неверагоднай далечыні кліент (а дакладней, кліентка) у непрытомнасці матыляецца між зямным светам і светам нябесным, і перавага апошняга робіцца ўсё больш прыкметнай з кожнай хвілінай. У такія моманты нават перадавыя кампаніі больш не імкнуцца ўвапхнуць у эфір сон-другі: надыходзіць час спецыяльнага сну, якім сімвалічна завяршаецца жыццё чалавека. Сцэнарыі могуць быць розныя, але ў падобных выпадках развязку яны маюць аднолькавую – такая вось спецыфіка сноў-перадсмяротнікаў.
Кудлаты аператар-стажор па мянушцы Пірат насуплена гайдаўся на крэсле, скрыжаваўшы рукі на грудзях. На фоне гэтага неахайнага гарбаватага хлапчыны Пашка выглядаў існым джэнтльменам – хоць бы таму, што старанна трымаў плечы распраўленымі, быццам кіраваў не сном, а баявымі дзеяннямі. Праўда, у рэжысёра атрымлівалася нашмат прыгажэй і натуральней, але Пашка не журыўся. Калі намагаешся наблізіцца да ўзроўню майстра, напачатку пераплюнь дылетантаў, а пакрысе і сераднячкі адпадуць. Тут галоўнае звычка і ўпартасць. Нават не важна, што трымаць спіну пакуль удаецца толькі за пультам.
Пашка выключыў абодва галаўныя мікрафоны (свой і Піратаў), паправіў навушнік, каб не прапусціць выклік дыспетчара, і пакасіўся на хмурнага суседа:
– Чаго хандрыш? Дай здагадаюся: ізноў заўвага?
– Што значыць ізноў? І што значыць заўвага? – імгненна ашчэрыўся той. – Ты не блытай, у мяне толькі «апошнія папярэджанні». Розніца! Плюс учарашняе дзяжурства было дзённае, а днём да мяне не прыкалупваюцца. Няма сноў – няма папярэджанняў, лагічна?
– Калі добра пастарацца, можна і ў час «форткі» атрымаць на арэхі, – са значэннем хмыкнуў Пашка. – Асабліва калі бузіць на працоўным месцы.
Пірат праз сціснутыя зубы гыркнуў:
– А цябе хіба не выводзіць гэты міністэрскі правяральшчык? Якога хрэна прыпёрся за паўгадзіны да эфіру? А яго першая фраза – увогуле проста трэш! «Малады чалавек, ці не маглі б вы патлумачыць, чаму каманда яшчэ не ў зборы?»
Пашка зрабіў выгляд, што паліруе рукавом куточак аднаго з экранаў, а сам утаропіўся ў цьмянае адлюстраванне студыі – звыклы прыёмчык, які дазваляў сачыць за прысутнымі, не прыцягваючы іх увагі. Нежаданы візіцёр прымасціўся на канапе за часопісным столікам і дэманстратыўна кідаў позіркі на наручны гадзіннік. І гэта пры тым, што літаральна насупраць, паміж экранамі, заклікальна свяцілася масіўнае табло гадзінніка электроннага; нават безнадзейна блізарукая вахцёрка цёця Тося бачыла лічбы ажно з калідора, і для гэтага ёй не патрабаваліся ніякія дадатковыя прылады. Посны выраз твару міністэрскага служачага наводзіў на думку, што ён мысленна выкрэслівае адзін пункт патрабаванняў за другім: і гэта яму не так, і тое не гэтак... Адным словам, па яго меркаванні, маленькая кампанія SkyDream не выглядала сур’ёзнай арганізацыяй, якую ён мог бы ўважыць сваёй прысутнасцю. Так, ахламоны нейкія!
Сітуацыю не ратаваў і Сямён Данілавіч, кругленькі пажылы работнік з аддзела лёсаў, які, падсеўшы да госця, раз-пораз рабіў няўклюдныя спробы ўцягнуць яго ў размову. У добрых вачах Сямёна Данілавіча трапятала пакутлівая няёмкасць: ну не ўмеў ён забаўляць усялякіх важных персон, ну не ведаў, з якога боку да іх падступіцца! Кожная няўдалая фраза ўганяла яго глыбей у бездань засмучэння, і ён змаўкаў, разгублена паціраючы рукі.
Магчыма, у такіх абставінах самым правільным было ўмяшацца і нейкім чынам выручыць бедака, але Пашка працягваў маладушна лупаць у экран, адчуваючы, як у грудзях непрыемна варушыцца сорам. «Я вядучы аператар, у мяне дзяжурства, – вяла абараняўся ён, цудоўна разумеючы, што гэта не апраўданне. – Вы трымайцеся там, дзядзь Сём, а я потым раздабуду вам білеты на які-небудзь архіўны зямны кінафільм...»
Ясная справа, выкладваць усё гэта Пірату – не варыянт, таму Пашка толькі ўхіліста мармытнуў:
– Хто б мяне ні выводзіў, гэта не нагода шукаць праблемы на сваю галаву. І не хацелася бы запароць Хрысцінкін дыпломны праект. Дзяўчо расстроіцца...
Пірат закаціў вочы:
– А дзе ж яна дасюль швэндаецца, Хрысціначка наша ненаглядная? Нешта яе не цікавіць лёс уласнага дыплома!
– Ну, спазняецца, падумаеш. Студэнты – такія студэнты... Дык і надвор’е не цукар: дождж так і лупіць, хутка вокны вынесе. Ты як, плаваць умееш?
– Яшчэ й не тое ўмею. Зараз у гэнага рэвізора выдатна паплыве ў вачах. Сядзіць увесь такі нявінны: на каленках нататнічак, на носе акулярчыкі, зенкамі лып-лып... А сам сканіруе – дзе б да чаго прычапіцца? Проста шалею ад такіх суб’ектаў, ажно рукі свярбяць!
Тут пасуровеў і памяркоўны Пашка:
– Ану завяжы свае рукі вузлом і сачы за паказаннямі прыбораў! Не хапала яшчэ, каб гэты фрукт і насамрэч якую паперку накатаў. Дзякуй богу, ад цябе тут нічога не залежыць, хіба што я напартачу.
Пірат непакорліва прыжмурыў адно вока, прымяраючыся да вытанчанай контратакі, але ў студыю, ляпнуўшы дзвярыма, куляй уляцела мокрая як мыш Хрысцінка: капюшон куртачкі насунуты на самыя вочы, з чорных хвосцікаў струменіцца дажджавая вада.
– Усім-дзень-добры-колькі-да-эфіру? – скорагаворкай прапыхкала яна, ледзь пераводзячы дух.
– Шэсць хвілін і трыццаць пяць секунд, – машынальна азваўся Пашка, зірнуўшы на таймер у кутку экрана.
– Фу-ух, паспела... – Хрысцінка знясілена прыхілілася да сцяны.
Павесялелы Пірат рагатнуў:
– Пашка, бач ты – некаму ўсё ж давялося плысці! Чаго парасон не прыхапіла? Ганарліва гартуешся, гаротніца?
– Я і хацела ўзяць, але ў апошні момант перадумала. Само сабой, варта было выйсці – дождж лінуў!
– Дык вярнулася б. Ці ты прымхлівая?
Адціскаючы з хвосцікаў ваду, Хрысцінка вымучана ўсміхнулася:
– У інтэрнаце ліфт зламаўся, дык у мяне трэці дзень нешта кшталту пазапланавай фізкультуры. Чатырнаццаць паверхаў уніз, чатырнаццаць уверх...
Пірат прысвіснуў:
– Ого, як жа ты ногі цягаеш? Ну ты, блін, спартсменка-камсамолка! Я дык і поўзаць развучыўся б.
Хрысцінка адліпла ад сцяны, пацерла твар і сама сабе скамандавала:
– Не спаць, не спаць... Вочы расплюшчыць... Так, усё, стартую!
Яна сцягнула куртачку, метка закінула яе на кручок вешалкі – абцякаць – і таропка пашлёпала да пульта кіравання, пакідаючы мокрыя сляды.
– Ой, і вам добры дзень! – спахапілася яна, прыкмеціўшы незнаёмца.
– Добры-добры, – кісла павітаўся рэвізор. Яго ідэальна сухое паліто вісела на суседнім кручку, і меліся ўсе падставы непакоіцца, што такім яно застанецца ненадоўга.
Уцягнуўшы галаву ў плечы, Хрысцінка хутчэй шмыгнула да Пашкі з Піратам.
– А гэта што яшчэ за дзядзька? – прашаптала яна.
– З Міністэрства лёсаў, – напаўголасу растлумачыў Пашка. – Будзе правяраць, ці не сапсуем мы праграму жыцця, якую яны там распрацавалі для кліента.
– Але ж у нас перадсмяротнік! – акругліла вочы Хрысцінка. – Нашто правяраць, калі жыцця больш не будзе?
– Вось і я хачу запытацца, – прабурчаў Пірат. – Па-мойму, лёсавікі шныраць проста для ўласнага задавальнення, каб пазнаходзіць памылачкі. Добра хоць не ва ўсе сны лезуць, а то мы б ужо адурэлі. І ахвота ім марнаваць час? Можна спрасціць на раз-два: пагарталі сцэнарый, чырканулі грыф узгаднення – і баста! Не трэба цягацца па студыях, кантраляваць... Я б так і рабіў. Тым больш з перадсмяротнікамі.
Хрысцінка няўцямна паміргала.
– Так-так-так, спакойна... Мне капец.
Яна напаўпрытомна паплялася да «апендыкса» пульта кіравання – стала з некалькімі дадатковымі камп’ютарамі. Дзяжурны медык Віталіч, сонна прыапусціўшы павекі, меланхалічна пазіраў у свой манітор, куды выводзіліся паказчыкі стану кліенткі. Хрысцінка накіравалася да суседняга працоўнага месца і плюхнула перад сабой падмоклую папку са сцэнарыем, а сама плюхнулася на крэсла. Папка была з тых бессмяротных, кардонных, што завязваюцца на вяровачкі і маюць клапатлівы надпіс «Дело №», хоць у дадзеным выпадку ўнутры і не «дело» зусім, а заказ.
– Ну ўсё, у мяне пачынаецца калатун, – бездапаможна пралепятала Хрысцінка, адкрываючы папку. – Хоць бы дыялогі паўтарыць, ці што...
Яна дрыготкімі рукамі адклала пакет дакументаў, які суправаджаў заказ, і паглыбілася ў сцэнарый (зусім танюткі, не тое што азначаныя дакументы). Толькі задумацца: стосік паперы, косенька раздрукаваны на прынтары, – а столькі ўсяго ад яго залежыць! Ніжэйшая планка – дыпломны праект, вышэйшую і ўявіць боязна.
Аднак перачытаць сцэнарый Хрысцінцы не давялося.
– Стук-стук, я не спазнілася? – пачуўся бойкі ўпэўнены голас, і ў студыю пырхнула дагледжаная бландзінка Анжэла – таго тыпу жанчын невызначальнага ўзросту, якім і ў васямнаццаць, і ў сорак гадоў стабільна даеш дваццаць пяць.
Пірат, не зважаючы на прысутнасць рэвізора, гучна пашкадаваў:
– Трэба ж – і на гэты раз паспела. Бедная яна няшчасная, не суджана ёй спазніцца...
– Не трэніруй на мне сваю з’едлівасць, добранька? Я толькі са здымак, магу і пакусаць, – парыравала Анжэла і павярнулася да вялікага люстэрка. – Цьфу, ізноў сляды ад налобнай камеры! Ну што яна так цісне? Пасля нейкай пары дубляў хоць на вуліцу не выходзь.
Яна адышла ад люстэрка на колькі крокаў і прыдзірліва ацаніла: ці вельмі прыкметна? Хада ў яе была тая самая, фірмова плыўная, па якой можна здалёк пазнаць тытульную актрысу сну. І зусім не таму, што яны ўсе скрозь зазнаюцца, а таму, што хада – іх прафесійная рыса. Вось паспрабуй зняць сон здавальняючай якасці, калі камера пачэпленая на лоб! Без пастаўленай хады наздымаеш з такімі хістаннямі, што пры праглядзе ажно будзе кружыцца галава, а гэта добра толькі для сноў-жахлівак і сноў-пагоняў. Таму больш-менш папулярныя кампаніі аддаюць перавагу тым акторам, якія маюць адпаведную адукацыю і хоць нейкі вопыт. Нават калі пунктуальнасць кульгае ў іх на абедзве нагі.
Пашка, не адрываючыся ад манітора, параіў:
– Дык падключы сваё прыроднае абаянне і выбі нам новыя камеры. Паўгода чакаем, ніяк не дачакаемся.
– Ты гэта мне, ці што? – Анжэла карцінна ўзняла бровы. – Не на той адрас, дружа. Вось шаноўны Раман Сяргеіч можа выбіць і камеры, і камп’ютары, і розныя там прыбамбасы для пульта кіравання, і суперсучасныя версіі праграм для апрацоўкі... Прычым выбіць нават не выбіваючы нікому зубы, – адным дарам пераканання. Моцна, га? Не рэжысёр, а каштоўнасць. Яшчэ і нежанаты... – яна мнагазначна падміргнула свайму адлюстраванню.
Хрысцінка, якая марна спрабавала засяродзіцца на паўтарэнні, нарэшце капітулявала і з надзеяй запыталася:
– А ніхто не ведае, калі ён будзе?
– Да заўтра можна не чакаць, – расчаравала яе Анжэла. – Усё-ткі дзяржзаказ, натурныя здымкі поўным ходам...
– У такі лівень? – захоплена вылупіў вочы Пірат. – От будзе камусьці сон!
Мабыць, Хрысцінка не выглядала б такой ашаломленай, нават калі б яе вытурылі з універсітэта за пяць хвілін да ўручэння дыплома.
– Не, стоп, як жа гэта... Раман Сяргеевіч абяцаў! Я і за сцэнарый яшчэ не ўзялася, а ён ужо запэўніў, што будзе на ўкараненні. Не можа ён так проста...
– Прабачце? – перарваў яе рэвізор, не верачы сваім вушам. – Вы хочаце сказаць, што кіраўнік праекта будзе адсутнічаць?
Дагэтуль ён яшчэ стрымліваўся, пакорліва выслухваючы асабістыя размовы работнікаў, але цяпер... Не, скайдрымаўцы дакладна пабілі ўсе рэкорды па бесталковасці!
– А вам дакументы трэба? – спужалася Хрысцінка. – Дык усё тут, у мяне. І подпісы ёсць, і ўсялякія пячаткі... Калі трэба – наце...
Яна пачала збянтэжана ўставаць з крэсла, але рэвізор нецярпліва звёў бровы:
– Дзякую, з дакументамі Мінлёс азнаёмлены. Растлумачце мне, калі ласка, хто панясе адказнасць у выпадку няўдалага эфіру. Аператары? Аўтар сцэнарыя? Хто ўскладзе на сябе абавязак кіраваць пераключэннем дыялогаў?
Шкельцы яго акуляраў бліснулі так строга і патрабавальна, што Хрысцінка сцялася.
– К-кіраваць буду я сама, але... але якая такая адказнасць? Мне ні пра што такое не гаварылі, а я ж толькі першы раз... – блытана замармытала яна.
Пашка адкашляўся, намацваючы ў памяці неабходныя фразы, і звярнуў на рэвізора непранікальны позірк чалавека, звыклага да падобных канфрантацый.
– Магчыма, я змагу ўнесці яснасць у гэтую сітуацыю, – прамовіў ён, захоўваючы вывераную пачціва-цвёрдую інтанацыю. – Паколькі аўтар сцэнарыя не мае вопыту работы і працуе на палову стаўкі, сумяшчаючы гэта з вучобай ва ўніверсітэце, па законе яго не маюць права прыцягнуць да адказнасці за вынікі эфіру. Тое самае тычыцца і памочніка аператара, бо ён праходзіць стажыроўку. У такіх абставінах адказнасць за праект нясе вядучы аператар, які непасрэдна праводзіць укараненне. Калі ў вас ёсць пытанні ці заўвагі, можаце адрасаваць іх мне.
Рэвізор падціснуў вусны:
– Бачу, кіраўніка праекта не цікавіць, што ён пакідае ў студыі адных студэнтаў ды стажораў. У святле дадзеных акалічнасцей яго бездакорная рэпутацыя выклікае... некаторыя сумненні.
Пакуль грунтоўны Пашка фармуляваў адказ, эстафету перахапіла няўрымслівая Анжэла.
– Хвіліначку, шаноўны! – заявіла яна, балансуючы на танюткай мяжы ўпэўненасці і нахабнасці. – У Рамана Сяргеіча яшчэ пяток заказаў акрамя гэтага, і ўсе яны тэрмінам «трэба было ўчора». Між іншым, як і ва ўсіх нас! Круцімся як можам, працуем па шалёных графіках, а паважаны Мінлёс толькі прыспешвае: хутчэй, не ўкладаецеся! Чым гнаць коней, падказалі б, як прымудрыцца быць у двух месцах адначасова. Дурныя мы, нявопытныя, ніяк не даўмецца!
– Вы надзвычай слушна заўважылі, што ў такіх умовах працуем мы ўсе, і Міністэрства лёсаў не выключэнне, – рэвізор зняў акуляры і стаў педантычна праціраць іх насоўкай. – Ці не хаваецца прычына вашых непрыемнасцяў менавіта ў графіку работы?
Анжэла скрыжавала рукі на грудзях:
– А можна стрэчнае пытанне? Вы праўда з Мінлёса – ці ўсё-ткі з нейкіх іншых структур? А то каментарыі больш наконт дысцыпліны, чым наконт жыцця кліенткі. Вунь і дарагі наш Сямён Данілыч нешта засумаваў...
Работнік з аддзела лёсаў, да якога так нечакана прыцягнулі ўсеагульную ўвагу, замітусіўся, чагосьці таксама схапіўся за акуляры, кругленькія, як і ён сам, і рахмана заўсміхаўся:
– Што вы, Анжэла Віктараўна, па нашых лёсавых справах мы ўжо трошачкі пагутарылі, абмазгавалі сёе-тое, ну і досыць нам гэтага, чаму не... Ізноў жа, Валерый Аляксеіч – чалавек, можна сказаць, знаёмы, не першы раз на праверцы. Хіба даўнавата быў: гадочкі тры-чатыры мінула, штось гэтакае...
Перакрываючы ягонае лапатанне, у Пашкаў навушнік упоўз маркотны голас дыспетчара:
– SkyDream-15, укараненне дазваляю.
– Прынята! – заспяшаўся пацвердзіць Пашка, хаця таймер яшчэ адлічваў час да эфіру. Ніколі ў іх там не абыходзіцца без накладак!
– Чаго маўчыце, SkyDream-15? – незадаволена прагугнявілі ў навушніку.
Пашка ледзьве стрымаўся, каб не вылаяцца: сам жа выключыў абодва мікрафоны! Калі б не займеў звычку мянціць языком перад эфірам...
Выправіўшы памылку, ён гучней паўтарыў:
– Прынята, пачынаю ўкараненне!
Тры гэтыя словы ўчынілі маленькі пярэпалах: Хрысцінка вохнула і, ускочыўшы, выпадкова змахнула локцем сцэнарый. Старонкі з такой гатоўнасцю разляцеліся па падлозе, нібы даўным-даўно прадумалі гэты падступны план. Хрысцінка, з пакораю звесіўшы рукі, суправадзіла іх пахавальна-жалобным позіркам:
– А без гэтага ніяк? На стале вам, значыць, не ляжыцца?
Анжэла дэманстратыўна абышла рэвізора, які паспеў узброіцца нататнікам і ручкай, і вытанчана апусцілася на канапу па другі бок ад Сямёна Данілавіча, радага такому суседству.
– Хрысця, і ты сядай! – бадзёра прапанавала яна. – Месца знойдзецца!
– Не змагу я ўседзець, я ж нічагу-усенькі не паўтарыла, – прастагнала Хрысцінка, падбіраючы лісткі. – У памяці як пыласосам прайшліся...
– Максімум венікам, – супакоіла яе Анжэла, – а венік толькі разганяе пыл. Не грузіся, усё ты памятаеш. Сама ж пісала!
Пашка яшчэ раз абмацаў вачыма пульт і для праформы запытаўся:
– Як там кліент?
– Без змен, – пазяхнуў непрабіўны Пірат.
– Тады паехалі? – Пашка тыцнуў пару разоў у сэнсарны экран, выстаўляючы настройкі, і бойка абвясціў: – Я SkyDream-15, увага, эфір!
Мёртвая чарната галоўнага экрана стала гусцець, і ў яе атрамантавай глыбіні заварушыліся таямнічыя вобразы – цьмяныя, бясформенныя і ад таго страшнаватыя, асабліва пад шум праліўнога дажджу. Вобразы клубіліся, як дым, і няспынна перацякалі адзін у другі, абуджаючы нечаканыя асацыяцыі і ўспаміны, якія, здавалася б, даўно схаваныя на самым донцы свядомасці.
На адным з экранаў успыхнула падрабязная блок-схема сну, дзе адлюстроўваліся ўсе элементы структуры і павуцінкі-сувязі між імі. Пашка націснуў на верхні чатырохкутнік:
– Загружаю блок першы.
І галоўны экран засвяціўся.
//...Пад нагамі весела парыпвае снег, гурбы зіхцяць-падміргваюць мільёнамі іскрынак, ажно вачам балюча, а ўзбоч праплываюць бялюткія прыгажуні вербы, хілячы галіны да прыхопленай лядком вады. Над галавою распасцёртае пранізліва-сіняе неба, якое патыхае бадзёрай сцюжай, і ад гэтага паху душа поўніцца дзіцячым захапленнем, а сэрца чамусьці тужліва сціскаецца...//
– Што за мелодыя! Такая, ведаеце... зачаравальная... – Сямён Данілавіч міжвольна падаўся наперад, прыслухоўваючыся да пяшчотных гукаў, што ліліся з дынамікаў. – А чаму так ціхенька? Кліентцы хіба чутно?
Анжэла зірнула на яго з лёгкім дакорам:
– Злітуйцеся, даражэнькі Сямён Данілыч! Вы і ў мінулы раз пыталіся. У тым жа і фішка, што не чутно! Гэта не музыка зусім, а настрой. Таму кожны сон і мае сваю ўласную атмасферу, сваё... не ведаю... унікальнае адценне? Можна і гучней, калі для нас з вамі, але кліентам без розніцы.
– Я што, праўда пытаўся, ці як? Няўжо забыўся? – прамямліў ён з бездапаможнай усмешкай. – Бач ты – настрой... Калі так, яно канешне... Тады нашто гучнейшая музыка? Само сабой, без патрэбы...
– Ды не пакутуйце вы – з якой ласкі вам гэткія прамудрасці ведаць? – шкадуючы яго, велікадушна адмахнулася Анжэла. – У вас праца іншая – знай сабе адпаведнасць лёсу адсочвай, а за тэхнічным бокам прыгледзяць адказныя.
Хрысцінка і чула іх, і не чула: затаіўшы дыханне, яна напружана ўтаропілася ў галоўны экран, дзе панавала зіма. Ногі аслабелі, тахканне сэрца паскорылася, а ўсё цела пачало дробна-дробна скаланацца ад дрыжыкаў. Гэта яе неадступнае хваляванне? Ці, можа, справа ў вільготных кедах ды мокрых халодных джынсах, якія малапрыемна аблепліваюць ногі?.. А, ну і хай сабе! Толькі б нічога не сарвалася!
//Трымаючыся берагу вадасховішча, яна павольна ідзе вузкай пратаптанай сцяжынкай. Кульганне амаль сцішылася, амаль не замінае – куды больш замінаюць ланцужкі-карункі сабачых слядоў, якія так і прыцягваюць позірк, крыжуючыся ў снезе абапал сцежкі. Не трэба ёй тут гуляць, не трэба... Скрутак павадка ўвогуле залішні. Але звычка мацнейшая за яе: бадай што сямнаццаць гадоў (ледзь не палову жыцця, між іншым), выходзячы з кватэры, яна машынальна хапае з тумбачкі або сумку, або павадок. А каб ні таго, ні другога – неяк пуставата, няма чым рукі заняць...
Ля самай вады шнырыць нейкі невыразны цень сабачага вобразу і падабенства. Счуўшы крокі, ён ускідае галаву і цяжкавата ўзбягае па схіле, матляючы віслымі вушамі. І вось вакол яе кружыць чорны з падпалінамі спаніэль – ён пазнаў, ён раўніва даследуе пахі на яе ботах: дзе там яна хадзіла без яго, з якімі такімі незнаёмцамі мела справы? А яна, няўцямна прыпыніўшыся, толькі маўчком варушыць вуснамі і ўсё намагаецца асэнсаваць.
«Легран? Ці гэта ты?» – урэшце выціскае яна.//
Хрысцінка цішком выдыхнула: яна ўсё трэслася, што кліентка так і не загаворыць. Яна ж у коме, а кома – штука незразумелая, хто б чаго ні казаў. Ану раптам свядомасць не можа кантраляваць сон? Тады ўсе запланаваныя развілкі і дыялогі кату пад хвост, а ў гэтым выпадку каюк і перадсмяротніку, і дыплому, і ёй, Хрысцінцы, заадно. Хоць яе і запэўнілі, што такія сны практыкуюцца літаральна паўсюль, але яна, навучаная горкім вопытам, прывыкла не губляць пільнасці. Калі за справу бярэцца Хрысцінка, чакай праблем – от гэта праверана!
//Нават праз тоўстыя зімовыя пальчаткі яна адчувае цеплыню і мяккасць яго поўсці. Здаецца, так не бывае, але што ёй да таго? Чаму гэта не можа быць рэальнасцю, калі Легран так знаёма жмурыць слепаватыя вочы і калі ў яго зусім ранейшы строгі позірк? Не, насамрэч ён ніякі не змрочны тып, проста вочы абведзеныя чорнымі «акулярамі», а светлыя плямкі-бровы быццам заўсёды нахмураныя...//
– Паш, яна прыглядаецца! – запанікавала Хрысцінка. – Гордану дрэнна зафарбавалі лоб, там жа адразу бачна!
– Гэта і Кузя мог выправіць. Ён жа потым карэктаваў форму пысы, дык чаго б не мазнуць па лбе? – паморшчыўся Пашка, дадаючы размытасці ў акенцы відэарэдактара. Добра, што ў Гордана мала буйных планаў, а то прыйшлося б яго па ўсёй частцы замазваць. Здалёк хоць не відаць: камера так сабе.
//Седзячы на кукішках, яна гладзіць Леграна па схуднелай спіне і беражліва разбірае пасмы ачосаў.
«Старэча ты мой, старэча... Што, усё ж не пакідаеш мяне адну? Прызнавайся: нябось, проста пабегаць яшчэ ахвота? Ага, раскусіла!»
Пазнаўшы магічнае слова «пабегаць», ён вывальвае язык і, затанцаваўшы ад нецярпення, шалёна віляе хвастом.
«Здраднік ты, Леграша, вось хто! – жартаўліва ўпікае яна, падбіраючы палку. – Нейкае гойсанне даражэйшае за гаспадыню – што за нявытрыманы сабака?»
Ён падціскае вушы, але не адрывае прагнага позірку ад палкі. З грудзей так і рвецца просьбітнае скавытанне: ну кідай, кідай, я заўжды гатовы!
«Э, не, так не пойдзе. Трэніроўку ніхто не адмяняў. Ляжаць!»
Легран доўга перамінаецца з лапы на лапу і нарэшце з найвялікшым нежаданнем укладаецца, быццам робіць паслугу. Але яна не спяшаецца верыць у яго пакорлівасць. Само сабой, варта трохі адысці, як ён свавольна падпаўзае, шкрэбаючы жыватом па снезе. Яна вяртаецца, прысядае побач:
«Ляжы, Легран, ляжы. Вось тут, разумееш?»
Пара крокаў назад... Ён заліваецца нецярплівым брэхам і пругка падхопліваецца, не зважаючы на яе руку, узнятую ў забараняльным жэсце. Яго неадольна цягне бегчы, і ён ажно дрыжыць, ён імкнецца наперад усёй сваёй неўтаймаванай істотай – ніякім загадам не па сілах яго спыніць!//
Рэвізор з абыякавым выразам твару працадзіў:
– Калі не памыляюся, такіх няўпэўненых каманд Легран ніколі не слухаўся. Адпаведна, ва ўмовах рэальнага жыцця яны б яго не стрымалі.
– Па-першае, Легран не слухаўся ўсіх тых каманд, якія перашкаджалі яму бегаць, – адрэзала Анжэла. – Па-другое, кліентка сабак не баіцца, а я баюся, і вашы папрокі не зробяць маю ігру больш упэўненай. Як ні душы эмоцыі, снаведы ўсё роўна іх адчуваюць. Яны ж усё адчуваюць! Калі вагаешся. Калі не верыш уласнай ігры. Калі не любіш свайго персанажа. А яшчэ бывае, што асобныя звышразумныя рэжысёры (такія сустракаюцца) замяняюць тытульнага актора дублёрам супрацьлеглага полу. «На хвіліначку», само сабой!
– Раю вам абмеркаваць дадзеныя моманты менавіта са звышразумнымі рэжысёрамі, паколькі я не ўпаўнаважаны гэта вырашыць. Зараз размова тычыцца...
– Калі ла-а-аска, паберажыце красамоўства для іншых выпадкаў, – закаціла яна вочы. – Гордан – найбяскрыўднейшае стварэнне, але ён таксама зубасты. Зірнуць бы, як пратрымаліся б вы самі. Дваццаць дубляў слухаць, як на цябе гаўкаюць, – гэта ж заікай можна зрабіцца!
//«Р-р-гаў! Гаў! Давай! Давай! Давай!» – як апантаны, брэша Легран і ні ў якую не кладзецца – а вочы да краёў паўнюткія азарту, трывогі, страху... З кожным годам яго вытрымка ўсё меншае, саступаючы месца хваравітай падазронасці. Яму ж не забароняць, праўда? А калі і забароняць, дык ён усё роўна будзе! Не стары ён зусім, яму толькі крыху за шаснаццаць – можна бегаць, і бегаць, і бегаць!..
Яна ў які раз дзівіцца гэтаму невычэрпнаму запалу, і на яе вуснах нараджаецца міжвольная ўсмешка. Ну ці не дурніца яна расчароўвацца ў жыцці, калі ёй няшчасныя трыццаць сем?
Яна хуценька адступае, шырока размахваецца... Легран з тонкім захопленым цяўкам зрываецца з месца. Няма цяжару гадоў, застаўся толькі ён і бег, бег і ён! Ды яшчэ вунь тая лавачка, за якую звалілася палка...
Гаспадыня, стаіўшы дыханне, глядзіць яму ўслед, і мроіцца ёй, што гэты бар’ер будзе для яго нязначнай, дробязнай перашкодай. Канешне, Легран з налёту яго перамахне, як перамахнуў бы нейкія два гады таму!//
Але часам цуды не здараюцца нават у сне.
//Стары сабака нязграбна ўзлазіць на лавачку, саскоквае з другога боку і мэтанакіравана нырае ў хмызы...//
Хрысцінка раптам злавіла сябе на тым, што працягвае стаяць як слуп, хаця над ёю дамоклавым мячом навісаюць першая развілка і першы дыялог, а ў старонках сцэнарыя па-ранейшаму поўны непарадак. Давай жа, бесталач, хутчэй раскладай усё як мае быць – і ў сцэнарыі, і ў думках! Расслабляцца рана, бо гэта ж быў толькі зімовы ўрывак!
– Блок другі, – лаканічна паведаміў Пашка.
//Яны паднімаюцца ад вадасховішча па доўгай лесвіцы, а навокал залаціцца восень. Легран, які скінуў дзясятак гадоў, носіцца па прыступках уверх-уніз і з асалодай прыхоплівае зубамі хрусткае апалае лісце. Ён бы і рады трымацца побач з гаспадыняй, але дзянёчак такі сонечны, паветра такое духмянае – як не пусціцца стрымгалоў?
А ў яе зноў разбалелася клятае калена, так і працінае пры кожным кроку. Ой, бяда Леграну з ёю: такі таленавіты спрытняга вымушаны векаваць век з нейкай чыкільгавай. Ён гатовы дзень і ноч гойсаць, а яна вісіць на ім непад’ёмным ярмом.
Лесвіца чамусьці прыводзіць іх не да пешаходнага пераходу, а адразу ва ўтульны дворык, дзе ўвесь дол засыпаны гладкімі бліскучымі каштанчыкамі. Легран губляе цікавасць да ўсяго навакольнага свету і неадкладна іх атакуе. А яна... яна спыняецца, натрапіўшы позіркам на злавесна знаёмую постаць каля пад’езда. Чорная скуранка, чорныя цяжкія боты, чорны матацыкл з нечакана яркімі чырвонымі ўстаўкамі. Крэпкі, коратка пастрыжаны малады мужчына, склаўшы рукі на грудзях, у адкрытую аглядае яе сваімі чорнымі вачамі – пільна, вывучальна, з прахалодай. Прахалода гэтая адчуваецца ледзь не на фізічным узроўні, такая яна сканцэнтраваная. Ногі бы прымярзаюць да зямлі, па спіне прабягаюць дрыжыкі...//
– Давай-давай, родненькая, падыходзь! – маліла Хрысцінка, якая і сама трэслася не на жарт. – Ну нашто я прапісала гэтую развілку? Прамое разгортванне сну – што можа быць спакайней?
– А я думаў, у вас там патрабаванне – не менш як дзве развілкі ў дыпломе, – адзначыў Пашка, па-аператарску супаставіўшы інфармацыю. А ў думках тут жа зазлаваў на сябе: ну што ён за аўтамат такі – усё пераправяраць ды пралічваць?
Пірат ляніва закінуў рукі за галаву:
– Якія праблемы? Яна ўпіхцярыла б развілку ў нейкі іншы эпізод. Ну хоць з тым жа Лебланам... Легранам чаго замуціла. Біяграфія нішто такая, ёсць дзе разгарнуцца.
Пашка не міргаючы ўглядаўся ў схему сну, рыхтуючыся націснуць на адзін з пабочных восеньскіх блокаў. Кліентка вагалася, разрываючыся паміж двума варыянтамі развіцця падзей, і блокі напераменку падсвечваліся зялёным: левы, правы, левы, правы... Пашка цярпліва чакаў канчатковага рашэння і ўсё запавольваў відэа, метадычна стукаючы па клавішы «Прабел».
//Секунды расцягваюцца, дворык замірае... Яна марудзіць, не ў сілах выбраць. Паспрабаваць пагаварыць – ці слабавольна ўцячы, не закранаючы балючую тэму?//
– Вырашай, вырашай, – манатонна заклінаў Пашка. – Час цікае, нельга затрымлівацца...
//Але скажыце, калі ласка, пра што ім пасля вядомых падзей размаўляць? Пра тое, як ёй шкада? Ну не, якраз гэтага ён не дачакаецца! Ці мала яна праз яго напакутавалася?//
Правы блок заззяў роўным зялёным колерам.
Пашка занёс палец над сэнсарным экранам, для вернасці счакаў секунду-другую, потым націснуў на блок:
– Развілка першая, шлях другі.
//Яна паварочваецца:
«Легран, за мной!»//
– Стоп, што? Яны не будуць гутарыць?! – у Хрысцінкі ад узрушэння станчэў голас. – А як жа ўсе дублі, усе рэплікі? Нашто я дзве ночы пералапачвала яго жыццё і аналізавала характар?
– Значыць, вось так, – з націскам пацвердзіў Пашка, непахісна трымаючы абарону. Ну і плечы заадно. Яны, праўда, слухаліся без ахвоты. – Што, прапануеш сілком перанакіраваць на той шлях?
Анжэла хмыкнула:
– Ай, ды праца ў нас такая – разменьвацца на дарэмнае. У каго сцэнарый, у каго дублі, у каго касцюмы і дэталі інтэр’ера... Ты, Хрысця, прывыкай, скрозь так будзе. Яшчэ і цэлыя сны выпадаюць, калі кліент абуджаецца не ў час. Добра, калі назаўтра можна пусціць па-новай. Мам дарагая, на што мы жыццё марнуем?..
//Упарта гледзячы сабе пад ногі, яна кульгае міма матацыкліста. Леграна ў полі зроку няма: ён, адстаўшы, усё ганяе каштанчыкі і з цікавасцю юнага натураліста спрабуе іх на зуб. А ў яе думках пануе трывожнае бязладдзе. Няўжо яна пройдзе і не скажа яму ані слоўца? Як ні круці, а больш ім не сустрэцца, таму трэба лавіць шанц!//
Схема быццам з глузду з’ехала: правы блок пацьмянеў, хаця працягваў падсвечвацца, а левы заміргаў, як няспраўны святлафор.
– Я ж ведала, ведала, што яна захоча пагаварыць, – затараторыла Хрысцінка, – хутчэй выпраўляйце, пакуль не позна!
Пашка з уздыхам пакруціў галавой, але спрактыкавана пераматаў відэа на колькі кадраў назад і тыцнуў у левы блок:
– Развілка першая, шлях першы...
//Атрымліваецца, на самой справе нікуды яна не ішла, а стаяла на месцы. А той чорны чалавек – вось ён, па-ранейшаму наперадзе. Здранцвелыя ногі амаль не слухаюцца, і яна набліжацца так марудна, нібы яе чакае гільяціна. І страшна, і няёмка, і нават сорамна, але яна па макулінках збірае цвёрдасць. Лепш вылажыць усё напрасцяк, не блукаючы па звілістых лабірынтах далікатнасці.
Аднак яна не паспявае нанесці ўдар першай.
«Што, злуешся на мяне? – з халоднай усмешкай пытаецца ён. – Хоць і шкадуеш, а злуешся. Супярэчліва, га? Яшчэ як. Толькі бессэнсоўна».
«Дык вы мяркуеце, што прычыны злавацца ў мяне няма? – стрымана прыжмурваецца яна. – Можа, вы і віны ніякай не адчуваеце?»//
Адкрыўшы рот, Хрысцінка лавіла кожны сказ. Зараз яе выхад, важна не лапухнуцца.
– Хрысцін, фразу! – прыспешыў Пашка, затрымліваючы сон.
– Чакай, я зараз, зараз... – Начыста забыўшыся пра сцэнарый, яна спешна прыглядалася да слупка рэплік на сэнсарным экране. – Давай тую, «б». Не, стоп, «г»! Дакладна «г»!
– Кхм... Дыялог першы, рэпліка «г».
//Ён хмурна заяўляе:
«Ну не мог я нічога зрабіць, і кропка! Не чапляйся, сама разумніца яшчэ тая. Трэ было галавой думаць, а не тым самым месцам. Ну напраўду – знайшла дзе тырчаць!»//
Адлюстраванне пачало натужліва пацепвацца, пабеглі хвалі перашкод... Пашка з пагрозай утаропіўся ў галоўны экран, загадваючы яму не дурэць. Перашкоды слухмяна прапалі, але замест дворыка чамусьці ўзнік людны аўтобусны прыпынак, такі яркі і дакладны, што ад мільёнаў драбнюткіх дэталяў застракацела ў вачах. Усё роўна што чалавеку з дрэнным зрокам апрануць новенькія акуляры, нашмат мацнейшыя за папярэднія.
– Тэк-с, не зразумеў... – Пашка недаверліва ўгледзеўся ў праграмныя коды.
//Яна спазняецца на працу. Спазняецца настолькі безнадзейна, што яе нават перастае грызці пачуццё віны. А, усё роўна цяпер ад яе самой нічога не залежыць! Не пехатою ж, насамрэч, тупаць, раз аўтобус не пажадаў яе дачакацца! Значыць, далей адказнасць перакладаецца на маршрутку. Калі прыедзе, тады прыедзе, а да той пары можна, не забіваючы сабе галаву, трошкі пагрэцца на бядачым восеньскім сонейку, якое то загразне ў шматпавярховых хмарах, то зноў з палёгкай вынырне на вольнае паветра.//
– Н-народ, а гэта... што гэта такое? – ломкім галаском замармытала Хрысцінка. – Адкуль яно вылезла? Мы такога не здымалі...
Анжэла звузіла вочы і пераканана заявіла:
– Гэта і не наша. Глянь, што за якасць і перадача колераў! Нашы камеры такое не пацягнуць.
– Яна ўсё скардзіцца і скардзіцца! – фальшыва ўгневаўся Пірат. – Хай на наступных здымках менавіта для цябе вылучаць рарытэтную гаргару мінулага стагоддзя. Былі б жывыя тадышнія снатворцы, яны б табе во як паспачувалі!
Хрысцінка, якая тапталася за аператарскімі крэсламі, дрыготкай рукой паказала на пульт:
– Па-аш, а ў вас там нейкая чырвоная лямпачка мігціць...
Ён зірнуў і замітусіўся:
– Пірат, блін, ты за прыборамі глядзіш? У нас аслабеў сігнал, вось і лезуць усякія пхальнікі!
– Хто? – не сцяміла Хрысцінка.
– Ну злачынцы. Узламалі базу даных, нарэзалі ўспамінаў кліента – і давай пхаць у эфір.
Яна асцярожненька так запыталася:
– А гэта крытычна? Для сну.
– Мяркуй сама: канчатковы варыянт такі і застанецца. Яго і панясеш на абарону дыплома.
Хрысцінка схапілася за галаву, а Пашка засяроджана кінуў Пірату:
– Выклікай дыспетчара, а я паспрабую пашаманіць з настройкамі.
– Ізноў сумятня, ізноў праблемы – ніякага спакою! – заныў той і нехаця забубніў: – Марфей, Марфей, Марфей*, гэта SkyDream-49... Рэйкі гну! Пхальнікі ў нас арудуюць. Зараз жа выкідайце іх з эфіру, тут перадсмяротнік... Ну вы не бачыце, а я бачу!..
Рэвізор сядзеў з каменным тварам, толькі ў вачах усё выразней выяўляўся скепсіс. Ну-ну, таварышы, паглядзім, чаго вы ўрэшце наробіце! Горш проста няма куды. Паспрабуй потым напісаць талковую справаздачу!
//І вось яна стаіць на ўскрайку тратуара (гэта каб адразу заскочыць у маршрутку) і легкадумна сочыць за галубамі, якія, здаецца, наладзілі своеасаблівае спаборніцтва: хто ніжэй і плаўней пераляціць цераз праезную частку. Шчыльна мосцячыся на даху і падаконнях дома на супрацьлеглым баку дарогі, яны па чарзе планіруюць да прыпынку, а потым паважна разгульваюць сярод чалавечых ног.//
Хрысцінка з падазрэннем прыгледзелася да галоўнага экрана і раптам жаласна загаласіла:
– Не-не-не, толькі не гэты ўспамін! Калі ласка, не трэба... Які іншы – пхайце сабе на здароўе, ну толькі не гэты!
– А чаго там будзе? – навастрыла вушы Анжэла. – Не маўчы, мне ж цікава! Сямён Данілыч, хоць вы каліцеся. Вы ж таксама ў курсе?
Ён хваравіта ўсміхнуўся, зябка паціраючы адной рукой другую.
//Яна пазірае ўсё больш на крылатых канкурсантаў, чым на нумары маршрутак, і чакае, калі ж пакажа клас «кіраўніцтва» – галубы, што прыстроіліся вышэй за ўсіх. Ці не выкладчыкі яны ў птушыным лётным універы? Ці не прымаюць экзамен у маладых ды ранніх? Яна нават фаварыта сабе выбрала – белага, дзе-нідзе ў чорных пёрках, прыкметнага здалёк. Спадар выкладчык, зрабіце ласку, прадэманструйце ўзорны палёт, а то ж ёй на працы спакою не будзе!
Быццам пачуўшы яе заклік, голуб знімаецца з месца, імкліва пікіруе... Ён не дасягае яшчэ і сярэдзіны дарогі, а ў яе свядомасці ўжо пралічваецца далейшая траекторыя. Нешта нізкавата ідзе, здаецца?..
Да яе вушэй далятае роў матора, яна паварочваецца... Чорна-чырвоны матацыкл, чорная скуранка, чорныя цяжкія боты – яна счытвае ўсё гэта за нейкае імгненне ды яшчэ паспявае мімалётна здзівіцца: увесь у чорным, а «каня» сабе выбраў з чырванню!
Белы голуб вытанчана праплывае над праезнай часткай... і жорстка, з глухім моташным гукам уразаецца ў чорны шлем. Матацыкл наравіста выбрыквае, дзесьці побач істэрычна ўзвывае гудок – а яна няўцямна вытарашчвае вочы і нават не здагадваецца захінуцца рукамі...//
Карцінка здрыганулася, і ўсе міжволі здрыгануліся таксама, але гэта Пашка здолеў пераключыцца назад на перадсмяротнік.
– Такі прарваўся, – перавёў ён дух. – Усё ж паспеў.
Хрысцінка ледзь не асела на падлогу ад палёгкі:
– Паш, я цябе люблю! Мне хапіла і аднаго прагляду, больш не трэба...
//Ціхмяны дворык, цалюткі матацыкл. Чорны чалавек глядзіць на яе спадылба і чакае адказу. Яна праглынае і здушана ўскліквае:
«Але чаго ж вы хацелі? Можа, падзякі? Мне ўсяго дваццаць сем...»//
Кіруючыся маланкавым натхненнем, Пашка без дазволу выбраў:
– Рэпліка «ж»!
//«Калі што, мы з табой раўнютка аднаго ўзросту. Годзе жаліцца, гэты нумар не пройдзе».
«А вы ведаеце, што мяне ўсю пераламала?! Што калена... Было дзве аперацыі!» – яна зрываецца на крык. Ёй хочацца выглядаць лютай і рашучай, але ў голасе чуецца здрадніцкае дрыжанне.//
– Давай «л», – шэптам параіла Хрысцінка.
– «Л»...
//«Значыць, па-твойму, я абышоўся лягчэй, – іранічна канстатуе ён з намёкам на пытальную інтанацыю. – У чымсьці праўда, ну. Табе да скону шкандыбаць, а мне...»
Ёй крыўдна да слёз, яе раздзірае жаданне асыпаць яго праклёнамі, і прытым над ёю высіцца незамутнелая ісціна: гэты чортаў паганец мае рацыю! А сама яна проста шкадуе сябе, як апошняя эгаістка!
«У мяне сустрэча з рэдактарам, – рэзка кідае яна, – і я не збіраюся губляць час на ўсялякія дурныя размовы! Вы сапсавалі мне жыццё, і я вас не прабачаю – гэта ўсё, што я хацела сказаць. Коратка і ясна».
Урачыстасць моманту таксама сапсаваная: Легран круціцца пад нагамі і няспынна тузае павадок.//
– А я знайшоў ляп! – задаволена абвясціў Пірат. – Яна ж не трымала сабаку на павадку!
– Дзякуй, Кэп, а мы і не ведалі, – скрывілася Анжэла. – Гордан так дурэў ад каштанаў, што ў выніку мы яго прывязалі, каб не сарваў здымку. У Леграна свае забабоны, а ў Гордана свае.
– Празаічна, аднак, – фыркнуў Пірат. – Я спачатку падумаў быў – нейкі сімвал забацалі. А іх і так куды ні плюнь...
Размова відавочна была завершана, таму Пашка пераматаў восеньскі блок у самы канец.
//Яна горда кульгае прэч, спрабуючы мацней прыпадаць на хворую нагу, каб Той Кляты Чалавек хоць на долю секунды адчуў сябе вінаватым. Няхай палюбуецца, што нарабіў! Яшчэ не хапала, каб яна раскідвалася дараваннямі направа і налева!//
Экран мігнуў і завалокся мутнаценню.
– Пралезлі, заразы, – філасофскі зазначыў Пашка. – Дыспетчара на мыла! І дарэчы – мне абсалютна ўсё роўна, што гэтыя словы запісваюцца.
//Праз вату болю яна асэнсоўвае цвёрдую шурпатасць асфальту. Рэхам аддаецца скрыгат металу, які дзяўбе і дзяўбе ў вушы, замінаючы разабрацца ў нязвязным мармытанні думак. Ды калі ён там сціхне? Ці ён даўно сціх, а гэта проста пульс грукоча? Ну хоць у вачах паяснела, але ўсё роўна не нашмат. Напрыклад, што там такое трапечацца? Не разгледзець – белаватая пляма ды і ўсё. Ну і ліха з ёю. А наводдаль распасціраецца нейкая памятая чарната. Чарната і чырвань. Гэта нешта знаёмае, яна такое дзесьці бачыла... Толькі чаму іх цяпер ледзь не пароўну?..
Не, чакайце, усё гэта ёй мроіцца. Яна ж не на прыпынку зусім, яна ідзе ў рэдакцыю абмяркоўваць сваё апавяданне. А матацыкліст, канешне, праводзіць яе сваім чорным позіркам. Вось таму яна і завязла ва ўспамінах!//
– Я не гляджу, я не гляджу... – Хрысцінка старанна закрывала далонямі вочы. – Скажаце, калі будзе наш кавалак? Калі ўвогуле будзе...
– Ужо ідзе, дыспетчар іх блакіраваў. І года не прайшло, – Пашка звяраўся са схемай сну. – Ну што, давай блок трэці?
– Які трэці? Яна ж так і не прабачыла! Ой, дурніца я, дурніца! Чаму не падумала? Ёй бы цяпер зірнуць на яго і... Паш, зрабі што-небудзь гэтакае!
– У нас няма такіх кадраў.
– Сама ведаю! Сцэнарыст я ці хто? Ну хоць неяк выкруціся, ну калі ласка! А то дзеля чаго нам гэты блок?
Роўна на тры секунды Пашка замёр, раздумваючы, а потым з падвойным імпэтам застукаў па клавіятуры, перапісваючы коды праграмы.
//Яна ідзе і пахмурна глядзіць у зямлю, але ёй усё бачыцца яго напружаны твар і дапытлівы халаднаваты позірк. Як гэта спалучаецца – апалае лісце, якое шамаціць пад нагамі, і матацыкліст, які застаўся далёка за спінай?//
– Цярпець не магу касячны мантаж, – сумна пракаментаваў Пашка.
//Але ён жа і сапраўды далёка, так? Ён не пачуе, калі яна скажа ціхенька-ціхенька. Проста самой сабе і проста для таго, каб заціснутая кволая думачка не згубілася ў гурце бойкіх хамаватых суседзяў.
«Вось ты гнеш сваё, а я ж насамрэч цябе шкадую. Можа, і сказала б, але ты, атрымліваецца, такі ўпёрты ёлуп, што адпадае ўсякае жаданне. І, так, прызнаю, усё ж ты не зусім вінаваты. Працэнтаў недзе на пяцьдзясят. Але вінаваты! Не задзірай там нос, зразумеў? Калі што, я не прабачыла, бо праз цябе і Леграну нясоладка. Папсаваць жыццё мне самой – гэта яшчэ нічога так, але ж сабаку...»
Адносіны да матацыкліста канчаткова вызначаныя, і яна ўвачавідкі весялее. Ох і цяжка было валачы на сабе гэтую неакрэсленасць, гэтае ваганне! Цяпер і ногі нясуць бы крылы, а на душы бесклапотна, як у сямнаццаць...
Яна цягне дзверы пад’езда і слізгае ў цемрадзь, намацваючы прыступкі.//
– Блок трэці, – уздыхнуў Пашка. Вечна з гэтымі перадсмяротнікамі ўсё складана, і доўга, і няпэўна...
Хрысцінка зморана паматала галавой, спрабуючы праветрыць думкі ад ліпкага туману.
– Калі дажыву да завяршэння сну, лепш дабіце мяне. Не хачу, не хачу ніякай абароны дыплома, хачу ў садзік – гуляць, кушаць і спаць...
//Пад’езд нечакана сустракае яе бязладнай гаманой вузкіх універсітэцкіх калідораў, дзе вірлівымі ручаямі, рачулкамі і цэлымі патокамі цякуць студэнты. Калі б не правілы дарожнага руху, гэтым своеасаблівым малекулам было б суджана немінуча загразнуць у натоўпе супляменнікаў і ператварыць плынь у балота. Аднак паколькі яны былі надзеленыя сякім-такім малекулярным інтэлектам, то парадак перамяшчэння ў прасторы засвоілі ўдала: усмакталі яго з малаком наваяўленай альма-матэр.
Яна ўліваецца ў адзін з патокаў, звыкла трымаючыся правай сцяны, і ляціць паўзабытай пругкай хадою – студэнцкае спалучэнне дзелавітасці і жыццярадаснасці. Міма спяшаюцца незлічоныя хлопцы і дзяўчаты: у каго запознена пазычаныя канспекты, у каго скруткі страшнавата-закавырыстых чарцяжоў, у каго таўшчэзныя папкі, якія распіраюцца... «Гатовай работай?» – паспрабуе здагадацца не-студэнт. Хм, на самой справе – мільёнам няўдалых чарнавікоў, пакрэсленых бязлітаснай рукой выкладчыка. Знадворку ж буяе чэрвень, які знячэўку выскачыў з-за спіны летуценніка мая і абрынуўся на студэнтаў каменяпадам курсавых работ, залікаў і дыпломных праектаў. А наперадзе шматзначна падміргвае сесія, паціраючы рукі ў чаканні тых шчасліўчыкаў, якія прымудрацца не працягнуць ногі да экзаменаў.
Як прывабна цягне аднекуль пахам булачак!.. Не, яна будзе стойкай і не паддасца на іх заманлівы покліч. Няўжо ёй увесь перапынак целяпацца ў даўжэзнай чарзе, калі трэба тэрмінова запырхнуць на кафедру? Адвечны выбар: або ежа, або справы. Прычым, што характэрна, гэтыя справы яна арганізавала сабе асабіста. Творчаму чалавеку толькі дай падставу заняцца сваімі мастацкімі дзецішчамі, дык ён махне рукой нават на экзамены, не тое што на нейкую ежу.
Яна прытарможвае каля патрэбных дзвярэй і, аддыхваючыся, маральна рыхтуецца да размовы з выкладчыкам. Неўпрыкмет пачынаюць падкошвацца ногі, а шыльдачка на дзвярах відавочна цямнее, так што не разабраць і нумар кабінета. Скокнуў ціск, ці што? Калі-небудзь гэтыя штосекундныя хваляванні яе давядуць!//
Розніца ў асвятленні не схавалася ад вопытнага позірку Пашкі.
«Ізноў ты, Кузя, даў маху. Ну добра, сцэна масавая, трэба падставіць успаміны. Дык было б няблага іх апрацаваць, як думаеш? І змяніць не толькі рэзкасць, але і яркасць! Нам пашэнціць, калі правяральшчык не зверне ўвагу. Хаця вунь строчыць... Ну, Кузя-Кукурузя, рыхтуйся да разбору палётаў! Паша хоць і памяркоўны хлопча, але не лопух. Вось складу поўны спіс тваіх ляпсусаў – тут і Раман Сяргеевіч не стане далікатнічаць!»
//А можа, не варта заходзіць менавіта сёння? Можа, ён пакуль і не браўся чытаць? Або – горш – прачытаў не да канца? Не хапала яшчэ, каб яна сунулася на якім-небудзь з тых момантаў! Не, лепш хай чытае цалкам, гэта хоць не так няёмка. Зайсці б заўтра... Чакайце, заўтра ў яе абарона трох лаб і залік, яна ж выключыцца з усяго свету і будзе без перадыху паўтараць. А па пятніцах і суботах яго не бывае ва ўніверы... Значыць, трэба сёння. Але што, калі ён не прачытаў?..
Адчуваючы, што губляе розум ад бескантрольнай панікі, яна імкліва стукае ў дзверы і, баючыся перадумаць, залятае ў кабінет.//
– Дыялог другі. Хрысцін, баявая гатоўнасць.
//«Добры дзень, можна? Я на хвіліначку...»
«А, гэта наша юная пісьменніца! Заходзьце-заходзьце», – усміхаецца невысокі выкладчык, які перасоўвае нешта на палічцы шафы. Нягледзячы на ўзрост, ён і дагэтуль крэпкі і падцягнуты, але гады даўным-даўно запатрабавалі ў якасці даніны прыродны колер валасоў, пасля чаго спахапіліся і надумалі скампенсаваць страту «бонусам» – паважнай сеткай зморшчын.
Выкладчык кідае на яе ажыўлены позірк:
«Бачу, студэнтамі ўладарыць летні настрой?»
«Які там настрой, калі хутка сесія?» – саромеецца яна. Збольшага ад таго, што сёння на ёй не заўсёдныя штаны, а легкадумная пярэстая сукеначка, ледзь не адзіная ў гардэробе. Ну навошта было яе апранаць? Увесь дзень ходзіш і нервуешся, дзе што не так.
«Ды вы не стойце – сядайце!» – прапануе выкладчык і сам рухава пераходзіць да свайго стала.
Яна мосціцца насупраць і крадком прабягае позіркам па горах дакументаў, папак, студэнцкіх сшыткаў... А вось і яно – яе каштоўнае апавяданне, якое яна выціскала з сябе доўгімі напружанымі вечарамі, а потым неміласэрна адшліфоўвала сотняй самакрытычных правак. І няхай кароценькае, у дзясятак старонак, але бясконца дарагое і выпакутаванае. Павага, захапленне, боль – усё ў ім, і ўсё канцэнтраванае, як серная кіслата... Не, хутчэй як раптоўныя шчырыя слёзы.//
Пашка памкнуўся быў націснуць на адну з рэплік выкладчыка, але чуйная Хрысцінка перахапіла яго руку:
– Стой, яна будзе гаварыць!
//Ёй страшна, што ён можа проста зараз пачаць выказвацца наконт яе безабароннага твора, і яна, пужліва гледзячы ў стол, спяшаючыся, блытаючыся, спрабуе апярэдзіць яго магчымыя заўвагі:
«Вы толькі не падумайце, што я пісала спецыяльна на той універскі конкурс, я б і без яго напісала, праўда-праўда, але ўсё не было як, а тут такая нагода, вось я і асмелілася... А тое, што перамагла, – прыемна, канешне, і гэтак далей, але мне яно не важна, мне важна, што ўвогуле напісала, і калі яно горш, чым ранейшае, – няхай, затое больш сапраўднае і пра рэальнае, а то ж доўга насіла ў сабе, мучылася, а трэба было запісаць, хоць бы і як апавяданне, але, мусіць, эсэ выйшла б куды больш дакладным, не ведаю, бо людзей з жыцця я зусім не ўмею апісваць, а тут давялося, ды яшчэ каго!.. Можа, вы пакрыўдзіліся на мяне за гэтыя дзяўчачыя наіўныя пісулькі, можа, скажаце, што я вас там у нечым абняславіла перад тымі, хто чытаў... Я... Я за ўсё за гэта прашу прабачэння, і мне дзіка няёмка апраўдвацца, і я зараз проста вазьму ды расплачуся, таму за гэта я таксама прашу прабачэння... М-можа, нават няправільна было пісаць гэтае апавяданне, але ж вы самі ведаеце, колькі для мяне зрабілі, і пасля вашай смерці мне і пайсці няма да каго, бо ніхто так не выправіць твор, ніхто не параіць трапны сюжэтны ход, ніхто не падкажа, што вось тут і тут яны размаўляюць не па сваім характары, і ўсё такое іншае...»//
Хрысцінка хапала ротам паветра і спрабавала зачапіцца за якую фразу, каб уставіць адну з падрыхтаваных рэплік, але плынь слоў усё лілася і лілася, а Пашка стукаў і стукаў па «Прабеле» (натуральна, позірк у стол быў зняты для даволі абмежаванага прамежку часу).
– Размывай! – толькі і змагла хрыплавата выціснуць Хрысцінка. – Цалкам размывай!
//Перад вачамі плыве, і яна на паўслове перарывае прамову, каб і сапраўды не заплакаць. Вось гэта лішняе, гэтага не трэба...
«Карацей, не буду я гаварыць шмат, проста мне так хацелася, каб вы гэта прачыталі і даведаліся, як я вас паважаю, і добра, што гэта ўсё ж сталася, хоць вас і няма больш... Толькі ці ўдала выйшла – не ведаю, дык я і замаўчаць баюся, бо сорамна...»
Яна па-ранейшаму не адводзіць позірк ад стальніцы, таму не можа бачыць яго твар і не здагадваецца, як ён успрымае яе шчырасці. Праз грукат уласнага сэрца яна чуе нягучны голас, у якім тоіцца спагадлівая ўсмешка:
«Не хвалюйцеся, калі ласка, у вас цудоўны твор. Ведаеце, я прачытаў і... і апынуўся ў даволі няёмкім становішчы. Пра мяне ж ніхто ніколі не пісаў апавяданняў, вось я і разгубіўся трошачкі. Гэта незвычайна, гэта ўражвае, гэта... Я б адважыўся назваць такую рэч найвялікшым прызнаннем, але гучыць нешта замоцна для такога маленькага чалавечка, як я», – ціха смяецца ён.
Яе вусны расплываюцца ў нястрымнай усмешцы, і яна з неверагоднай палёгкай і ўдзячнасцю ўзнімае позірк.//
Пашка ледзь паспеў адзначыць для сябе, што ўсё нарэшце ўстаканілася, як адлюстраванне пачало імкліва блякнуць.
– Сігнал нешта зусім слабы, – задуменна мармытнуў ён, падкручваючы рэгулятары. Якасць капрызна балансавала паміж дрэннай і вельмі дрэннай. – А слабець якраз ранавата, мы ідзем больш-менш па графіку. Няўжо яна... Так, народ, трэба актыўней, а то не ўкладземся.
Хрысцінка з асцярогай праглынула сліну, але аддана вытарашчылася: я зраблю, я гатовая, толькі загадвай!
//«Калі ласка, не бойцеся пісаць на тэмы, якія для вас важнейшыя за ўсё на свеце, – натхнёна працягвае ён. – Давайце ўявім наступную сітуацыю. Дапусцім, у вас не хапае смеласці ўзяцца за вашу галоўную тэму. Па якіх прычынах? Пункт А: ніхто пра такое не піша... або ўсе пішуць пра гэта інакш. Пункт Б: свае пачуцці выстаўляць сорамна, няхай хто іншы возьмецца. Гэтак утульней. Але ж абодва гэтыя пункты элементарна неістотныя! Нікому не напісаць акурат так, як гэта задумаеце вы. Ніхто не выкажацца сапраўды вашымі словамі, не выбудуе характары вашых персанажаў (няма розніцы, з рэальнасці або з вашай свядомасці), ніхто не прыхавае па ўсім тэксце загадкі, сімвалы і асацыяцыі, якія належаць толькі вам і нікому іншаму... Ці мала што яшчэ? Так гаротная тэма і змарнее без вашага непаўторнага ўкладу. Няўжо не крыўдна? Хоць, можа, і сорамна, але хто, калі не вы? Хто здолеў бы замест вас напісаць, напрыклад, вось гэтае ваша апавяданне?»
Яна прагна прыслухоўваецца, адчайна канцэнтруецца на размове, аднак яе нібыта адносіць у заснежаную далеч... Не, ёй не хочацца зноў вязнуць у тым кашмары! Не хочацца раз за разам пражываць тую раніцу, калі яна цягнецца на пары па намеценых гурбах, а наперадзе павялічваецца будынак універсітэта...//
Пашка ахапіў дзікім позіркам галоўны экран і раптам ускіпеў:
– Тваю ж!.. Ну ўсё, годзе з мяне. Кіраванне здаў! – І, сарваўшы мікрафон і навушнік, кінуўся міма аслупянелай Хрысцінкі ў глыб студыі.
– К-кіраванне прыняў! – Пірат ад нечаканасці падхапіўся і сеў роўна. – Куды?! Ачмурэў, ці што? Я ж ніколі сам не...
Пашка таропка трыбушыў заплечнік:
– Вазьмі маю напамінку. Там, на пульце, злева...
– Ты здзекуешся, паганец? – нема ўзвыў Пірат. – А ну давай назад! Я ўсё завалю, разумееш ты?
Але думкі вядучага аператара пераскочылі на іншыя рэйкі і не горш за трамвай пакацілі ў адным вызначаным накірунку. Ён вывудзіў з нетраў заплечніка нэтбук і пераможна ўсклікнуў:
– Зараз мы іх заспеем, гэтых чортавых пхальнікаў!
//Яна ўзбягае на ганак: толькі б нырнуць у цяпло, толькі б схавацца ад марознага ветру, які студзіць твар і выціскае з вачэй слёзы. Здаецца, і не надта холадна, але ж вецер...//
– Стары-ыя знаёмцы! – праз зубы цягнуў Пашка, з маланкавай хуткасцю набіраючы штосьці ў нэтбуку. Ён уладкаваўся проста на падлозе – дзе стаяў, там і сеў. Што зробіш, студэнцкія звычкі лёгка не выкарчоўваюцца... Ды і спіна ўсё намагаецца прыгорбіцца, за ёю не ўсочыш. – Пракалоліся, дарагія таварышы! Чаго вы пхаеце ў яе сны адзін і той жа ўрывак? Думаеце, я не запамінаю, га? Ды вас вылічыць – раз плюнуць!
//У холе гразка ад бруднага расталага снегу, нанесенага ботамі, і яна спяшаецца сунуць пальчаткі ў кішэні, каб незнарок не выраніць і не прамачыць. Мімалётна слізгануўшы позіркам па дошцы аб’яў, яна раптам прыпыняецца, угледзеўшы сярод будзённых паперак з абвяшчэннем алімпіяд і спаборніцтваў нейкі незвычайны ліст. Па вачах б’е знаёмае прозвішча, імя, імя па бацьку... Напісана і нешта яшчэ, але мурашкі-літаркі не даюцца, разбягаюцца, бо навыперадкі лезуць злавесныя лічбы, якія быццам уганяюць у яе сэрца свае вострыя канцы і перахопліваюць горла крукамі і петлямі:
31.10.1931–01.12.1996
Студэнты абыякава абмінаюць яе, з невытлумачальным пастаянствам чапляючы сумку, а яна стаіць, звесіўшы рукі, і пустым позіркам глядзіць на ракавы ліст...//
– Пірат, націсні там на якую рэпліку! – скамандаваў Пашка з падлогі. – Калі пашчасціць, прарвемся.
– Сеў бы і сам націснуў! – агрызнуўся Пірат. – І якую ж рэпліку? Гэтая пойдзе?..
– Стой, не яе! – са спазненнем піскнула Хрысцінка і, застагнаўшы, маркотна закрыла твар рукамі. – Чаго ты робіш, дурань, яна ж не зараз...
– Ну, звіняйце! Сказана: рэпліку, дык вось вам рэпліка! Чыя праблема, што іх тут на цэлы батальён хопіць?.. А якасць, між іншым, вярнулася! Аднаго мяне і чакала, Пашка яе не задавольваў.
«Як бы яго заткнуць? – флегматычна разважаў тым часам Пашка. – Няўжо яму без розніцы, што аўдыё з яго лухтой будзе захоўвацца паўсотні гадоў пасля смерці кліента? Нябось, і гэтыя пары прагуляў, сачок».
//Ох, нарэшце кашмар яе выпусціў! Хоць бы не прыйшлося туды вяртацца! Затое на кантрасце ёй мацней адчуваецца, як жа хораша сядзець вось так на кафедры, быццам нічога не было, і свабодна абмяркоўваць сваё, творчае.
«Цесна вам тут, ва ўніверсітэце, – задуменна гаворыць выкладчык і папраўляецца: – У плане творчасці, я маю на ўвазе. Ёсць жа конкурсы і па-за межамі нашай установы, толькі яны самі не прыбягаюць, іх шукаць трэба. Вось і шукайце! Выбірайцеся з гняздзечка на волю, распраўляйце крыльцы і ляціце! А то чаго сядзець ды на творы глядзець?»
«Але ж мне ўсяго сямнаццаць. Што я магу?» – выціскае яна з жаласнай усмешкай.//
– Я сама, сама! Не кранаць! – Хрысцінка ў каціным кідку ляпнула па патрэбнай рэпліцы.
//«Ясачка, ніхто з нас не ведае, колькі каму адмерана, – у яго цёплых арэхавых вачах прамяніцца пяшчотная журбінка. – Вы можаце дацягнуць да найглыбейшай старасці і выдаць тры раманы-эпапеі, а можаце, крый божа, памерці ў дваццаць, пакінуўшы нізачку апавяданняў. Проста ўявіце: пасля вас застанецца толькі пара рукапісаў! Ці не жахліва? Пра вашу здольнасць да пісьменніцтва стануць разважаць па тых крыхах, якія вы неяк перанеслі на паперу. А ў планах яшчэ столькі ўсяго – атрымалася б цэлая бібліятэка! Дык нашто чакаць лепшых магчымасцяў, калі смяротна неабходна пісаць зараз жа? І прытым так, каб паспець укласці туды сябе...»//
– Нельга не пагадзіцца, што грымёр і спецыяліст па візуальных эфектах маюць належны ўзровень падрыхтоўкі, аднак я вымушаны зазначыць, што вочы выкладчыка мелі зялёны колер.
Сямён Данілавіч з вінаватым выглядам паціраў рукі:
– Дальбог, гаварыў я яму... гэтаму самаму спецыялісту... Гаварыў: зялёны трэба, зялёны. А ён, бачце, не змяніў, такія справы...
– Халтуршчык ён, гэты Кукурузік! – раздражнёна кінуў Пірат. – Што я, не бачыў, як ён працуе? У навушніках музончык, у браўзеры сацсетка, і давай тыкаць у відэарэдактары, толькі каб хутчэй скончыць...
Анжэла драпежна прыжмурылася і гаўкнула на яго:
– А ну закрыў зяпу! Кіруеш сабе – вось і кіруй, а мы без смаркатых разбяромся!
Яна велічна павярнулася да рэвізора і, досыць падобна падрабляючы яго манеру размаўляць, ветліва паведаміла:
– Рызыкну выказаць здагадку, што ў дадзеным выпадку перад стваральнікамі праекта стаяла мэта перадаць не знешняе падабенства, а ўнутранае, то бок духоўнае, і мала хто здолеў бы дасягнуць гэтай мэты так таленавіта, як зрабіў наш шаноўны Раман Сяргеіч...
А Пірат занерваваўся:
– Досыць языком малоць, у нас вунь што – якасць ізноў паляцела! Так яно і зусім навярнецца...
Хрысцінка самааддана працягвала падбіраць рэплікі, не зважаючы на хаос, які патроху запаланяў студыю. «Хоць я буду астраўком спакою, – суцішала яна сябе, а ў самой зуб на зуб не трапляў. – Галоўнае не самлець і не зваліцца з якім-небудзь сардэчным прыступам».
//Ён нечакана смяецца, і зморшчынкі смяюцца разам з ім.
«А ведаеце што? Я тут шмат чаго нагарадзіў, але вы не прымайце слепа на веру. Або прымайце так, выбарачна. Ува мне ж гаворыць стары выкладчык, які гады і гады біўся, каб хоць неяк уцягнуць гультаяватых студэнтаў у нейкія мерапрыемствы. Але шчасце не ў конкурсах, не... Можна сабраць хоць цэлую выставу дыпломаў – а карысці з іх?» – І ён паказвае ў бок шафы. На палічцы сапраўды выстраіліся яе нешматлікія дыпломы, а наперадзе – галоўны для яе, той, што яна атрымала ў дваццаць пяць. Вось толькі як след разгледзець усё гэта не ўдаецца, бо ў кабінеце неяк залішне светла...//
– Паш-Паш-Паш, я не магу, я не буду! – заікаючыся, часціў Пірат. – Ідзі сюды і кіруй, а я дзе-небудзь за прыборамі... Паш, я не жартую! Яна памрэ, а я напартачу, а сон сапсуецца...
У голасе Пашкі загучалі жалезныя ноткі:
– Ты што, хочаш, каб нас ізноў перарвалі? У мяне тут сваіх клопатаў хапае! А ты па інструкцыі павінен замяніць вядучага аператара і кіраваць далей.
– Але яна зараз напраўду загнецца! Што за чартаўшчына такая?! Віталіч, чаго там з яе пульсам? Алё, Віталіч!
Медык, які даўно ціхамірна соп, апусціўшы галаву на рукі, страпянуўся і ашалела матнуў галавой:
– Чаму, за што?..
– Ку-ку, добрай ранічкі! Ну і людзі пайшлі, я звярэю. У нас смяротны сон зрываецца, а ён ізноў перайшоў у спячы рэжым! Май на ўвазе: калі зараз жа не падключышся, мы справім яшчэ і тваё скананне.
Віталіч працёр вочы і мутным позіркам утаропіўся ў свой манітор.
– Так, стаяначка... Таварышы снатворцы, а ў нас дакладна перадсмяротнік? Ці, можа, я зноў паблытаў? Ёй нешта не паміраецца...
Рэвізор міргнуў і перастаў пратакаліраваць сон. Потым міргнуў двойчы, адгартаў пару старонак назад і тупа зірнуў на сённяшнюю дату, каля якой красаваўся педантычны, строга вертыкальны клічнік. «21:12. SkyDream. Перадсмяротны сон. Не забыцца запісаць гадзіну/хвіліну/секунду смерці». Міргнуўшы тройчы, ён запаволена, быццам робат з няспраўным механізмам, закрыў нататнік і сунуў яго ў партфель.
//«Я што хачу сказаць? Трэба публікавацца, гэта і ёсць самае важнае. Дапусцім, вы пішаце, а вас не чытаюць – тады навошта было ўвогуле за гэта брацца? Вы, канешне, скажаце, што ў вашых творах занадта многа вас саміх, што яны не прызначаныя для масавага прачытання. Яно ў нечым так, толькі давайце ўсё роўна паразважаем. Успаміны пра нейкія падзеі і нейкіх людзей сталі для вас асабістымі. Але ці не знойдуцца дзесьці іншыя асобы, якіх цікавіць тое самае? Тады ўсё асабістае ператварыцца ў вашу агульную спадчыну. Дык публікуйцеся – выпраўляйце творы ў плаванне, падчас якога іх пабачыць мноства розных людзей. Як жа яшчэ адшукаць тых, хто падобны да вас?»
«Вы гаворыце ну дакладна як мая мама! – ззяе яна. – Для яе таксама было важна публікавацца. Маўляў, без гэтага аўтар не аўтар...»//
Сямён Данілавіч азіраўся з такім дзіцячым спалохам, што на яго было шкада глядзець.
– Моладзь, а як жа ж так? – збянтэжана лепятаў ён. – І заказ ёсцека, і ўзгаднілі без пытанняў, і эфір ладзім... З чаго ёй надумалася жыць далей?
– Я ж не выдумляю. Я кажу, што бачу, і ўсё, – Віталіч безуважна лыпаў вачыма, спрасонку не цямячы, у чым галоўная праблема. – Самі гляньце, паказчыкі як па падручніку. Ды і чаму, па-вашаму, такі светлы экран? Неахвота чалавеку валяцца ў коме, вось і прарываецца назад.
Яго раптам заглушыў Хрысцінкін палахлівы віск:
– Я не хацела! Не хацела я! Спыніце гэта хто-небудзь!
Яна прамахнулася міма рэплікі і выпадкова трапіла пальцам у чацвёрты блок. Трэба аддаць Пірату належнае, ён вокамгненна тыцнуў кнопку паўзы. Перадсмяротнік паспяхова застопарыўся між двума блокамі, і экран выдаў нешта пераходнае, ні адтуль, ні адсюль: унізе грувасціўся завалены паперамі кафедральны стол, а ўверсе ўжо разліваўся негусты аксамітны паўзмрок. Мелодыя, якая з першага блока стала ўспрымацца як фон, таксама змоўкла, і ў нечаканай цішыні тужлівей загучаў бязладны перастук дажджу.
– Вярнуць, хутчэй вярнуць! – замітусілася Хрысцінка. – Пірат, перамотвай! Там жа не скончылася, там будзе...
– Ніякіх перамотак! – узвысіў голас Пашка. – Далей пойдзе як ёсць, бо ў нас і так форс-мажор. Невядома, колькі нам дадзена часу... Увогуле трэба закругляцца, прыйдзецца сям-там скараціць.
Хрысцінка жахнулася:
– Ты што? Фінальную частку рэзаць нельга! Яна ж... фінальная, ну!
– Усунем максімальна, але эфір не гумавы. Кліентка зараз як возьме, як апрытомнее...
Са сваёю ўласнай прытомнасцю Хрысцінка была гатовая развітацца.
– Ну чаму ўсё так дрэнна, чаму ўсё вечна не так? – ледзь не плачучы, залямантавала яна. – Лепш бы я выбрала заказ Міністэрства мар!
Атмасфера трывогі і змрочнасці пагусцела, дасягнуўшы найвышэйшай канцэнтрацыі... аднак у гэты самы момант раптам шырока расчыніліся дзверы – і парог студыі пераступіў той, чыйго візіту яны даўно перасталі чакаць, але хто заўсёды тонка адчуваў, дзе ў ім па-сапраўднаму маюць патрэбу.
– Усіх вітаю! Як вы знаходзіце наша цудоўнае надвор’е? Па маім сціплым меркаванні, яно так і схіляе да працы! – усмешліва абвясціў Раман Сяргеевіч і акуратна, без пырскаў адкрыў парасон, з якога капала на падлогу. Светлай куртцы ад дажджу амаль не дасталося: відаць, парасон мужна прыняў асноўны ўдар на сябе. – Ну, што я прапусціў? – Ён мімаходам ацаніў стан блок-схемы і прабегся позіркам па студыі. – Ого, стажор прагнаў з-за пульта вядучага аператара! Павел, вы хоць не сядзіце на падлозе – холадна!
Пашка зірнуў на яго разгорнутыя па-баявому плечы і тут жа паспяшаўся расправіць свае. Хто здагадаўся б, што новапрыбыўшы – той самы выкладчык, які толькі-толькі знік з галоўнага экрана? Ніякай сівізны, ніякіх зморшчын – ды і не дзіва, бо гадоў яму зусім не пад семдзесят, а пад сорак. Бадай, усяго і падабенства, што невысокі рост, але і гэта не надта прыкметна. Далёка не ўсе маюць талент запаўняць сваім настроем любы пакой, куды прывядзе іх лёс, ну а прыўзнятым настроем – тым больш.
Спакутаваная Хрысцінка кінулася Раману Сяргеевічу насустрач:
– Як хораша, што вы ўсё ж прыйшлі! А нас тут такое робіцца, такое... Ой, катастрофа!
Ён беражліва прытрымаў яе за плечы:
– Хрысціна, мілая! Наша галоўная катастрофа – тое, што вы ўся дрыжыце як асінавы ліст. Ай-яй-яй, ды ў вас джынсы наскрозь мокрыя!
Яна нецярпліва адмахнулася:
– Без розніцы, высахне як на сабаку... Стоп-стоп, не тое... Цьфу, ды не важна.
– Яшчэ як важна! Што б нам хуценька прыдумаць? Мо давайце хоць так...
Хрысцінка і апамятацца не паспела, як на яе накінулі куртку.
– Не трэба мне, забярыце! Так няправільна! Зараз жа вазьміце, чуеце? – паспешліва залапатала яна ў спіну Раману Сяргеевічу, які дзейна крочыў да канапы.
– Але ж вам больш ніхто не прапанаваў, – азірнуўся ён. – Столькі патэнцыйных кавалераў, а ні адзін не паклапаціўся! Праўда, Сямён Данілыч? – Ён дружалюбна працягнуў старому руку для прывітання.
Ад праяўленай да яго ўвагі той ажно расквітнеў і дробна засмяяўся:
– Праўда, як ёсць праўда! Вы, галоўнае, не запісвайце ў кавалеры мяне самога, а то ж і я засаромлюся няўважлівасці...
– У мяне і свая куртка ёсць, – заікнулася была Хрысцінка.
Раман Сяргеевіч кінуў на яе лагодны хітраваты позірк:
– А то я не бачыў! Не забудзьцеся яе выкруціць, перш чым апрануць.
Яна са знарочыстай непакораю выпнула ніжнюю губу, але, калі ён адвярнуўся паціснуць руку рэвізору, яе вусны расцягнуліся ў замілаванай усмешцы.
– Анжэла, а з вамі не вітаюся! – Раман Сяргеевіч з падкрэсленым расчараваннем склаў рукі на грудзях. – Я думаў, калі няма тут сапраўдных мужчын, дык знойдзецца хоць сапраўдная жанчына, якая прасочыць за парадкам.
Анжэла какетліва ўздыхнула:
– Нам, сапраўдным, так цяжка дзейнічаць у адзіночку. Можа, аб’яднаемся і навядзем парадак разам?
Тут жаласна падаў голас Пірат:
– Гэй, людцы! Чаго вы кінулі мяне сам-насам з перадсмяротнікам? Ціснуць мне «Пуск» ці не? А то, можа, наогул гэтую справу таго... адрубіць?
– Вось мы скончым чацвёрты блок, і вы асабіста ўсё адрубіце, – паабяцаў Раман Сяргеевіч. Пераходзячы да пульта, ён па дарозе далікатна пахлопаў Віталіча па плячы: – Не спім, даражэнькі, не спім!.. Ну і што тут у нас здарылася?
Сказана гэта было такім дамашнім тонам, ад якога разам знікала жаданне хвалявацца.
– Кліентка і не памірае зусім, – бухнуў Пірат, – яна ажывае!
Глыбокія арэхавыя вочы, старыя-старыя, як у выкладчыка з летняга блока, унутрана асвяціліся, і нязменная чуллівая журбінка запрыкмецілася ясней.
– То давайце дапаможам ёй вярнуцца, – проста вымавіў ён.
Рэвізор рашуча падхапіўся на ногі:
– Але ці ўсведамляеце вы, што ўсё гэта ідзе ўразрэз з праграмай жыцця і карэнным чынам...
Раман Сяргеевіч мякка, але настойліва перарваў яго:
– Выбачайце, як вас завуць? Валерый...
– Аляксеевіч.
– Валерый Аляксеіч, я ўпэўнены, што вы не будзеце супраць абмеркаваць усе-ўсе неабходныя пытанні пасля эфіру, калі жыццё кліенткі апынецца па-за небяспекай. Без усякага сумнення, зараз варта прытрымлівацца менавіта гэтай праграмы.
У рэвізора так і адняло мову. Ён адступіў на два крокі і машынальна паправіў акуляры, падсвядома чапляючыся за гэты звыклы жэст.
– Пасля эфіру, значыць, – надламаным голасам паўтарыў ён. – Ну, значыць, пасля...
Перастаўшы звяртаць на яго ўвагу, Раман Сяргеевіч злёгку абапёрся на крэсла Пірата і мірна дазволіў:
– Пускайце-пускайце, Кірыла, я сачу.
Пірат уздрыгнуў, пачуўшы зварот па імені, і недаверліва хмыкнуў.
– Тады – блок чацвёрты! – брава выгукнуў ён.
//Яна нацягвае коўдру да падбародка і скручваецца ў камячок, з асалодай адчуваючы свежую прахалоду прасціны. У маленькім пакойчыку напаўцёмна: агульнае святло пагашана, і толькі лямпа на стале выпраменьвае ўтульнае ззянне. Яно шырока разліваецца па столі, але да куткоў не дацягваецца, і там загадкава туляцца цені. Туды лепш не глядзець, а то пачнуць мроіцца розныя жудасці. Аднаго разу яна такога напрыдумляла, што цэлы тыдзень не магла спакойна заснуць, кожны вечар варочалася, пакуль мама не ўкладвалася побач. Да таго ж зараз у акно звар’яцела хвошча веснавы дождж...//
...трывожныя гукі якога нараджалі ў душы міжвольны неспакой. Кроплі ўсё барабанілі і барабанілі па падаконні, прыкра не трапляючы ў рытм сэрца, а асілак-вецер з прыстрашлівым завываннем хіліў дрэвы...
//...намагаючыся ці то пераламіць іх напалам, ці то з каранямі выдраць з зямлі. На дварэ холадна і мокра, а дома цёпла і суха; там непрасвяцімая цемрадзь, а тут настольная лямпа – маленькае жыццярадаснае сонейка...//
– Крышачку далей, калі ласка, – па твары Рамана Сяргеевіча блукала ціхая сонечная ўсмешка. – Вось дасюль, дзякуй...
//Мама за сталом – штосьці піша, нетаропка выводзячы радок за радком. Узняўшы галаву, шэптам пытаецца:
«Лапушка, табе не светла?»
Хочацца горача запэўніць: «Не, мам, зусім не светла, хораша!» – але, можа, лепш прыкінуцца, што яна спіць? Як бы выбраць?//
– Развілка другая, – з напругай папярэдзіў Пірат, апасліва пазіраючы на схему. Вось так заўсёды: як пачнуць кліенты вагацца, так блокі і мігцяць удваіх. Ну і што націскаць, прабачце? Ён не Пашка, яму потым не пераматаць так удала назад.
А Раман Сяргеевіч дык зусім не вагаўся:
– Калі ласка, другі шлях.
Хрысцінка не хацела яму пярэчыць, тым больш што ўгрэлася ў яго куртцы і больш не дрыжала, аднак усё-ткі слаба запратэставала:
– Але ў першым шляху дыялог, а іх якраз неабходна тры штукі... Мне ж камісія галаву зніме!
– Разумееце, Хрысціна, з дыялогам мы ну ніяк не паспеем. Вы асмеліцеся даверыць мне сваю галаву і свой дыпломны праект?
Яна варухнула вуснамі і бездапаможна ўсміхнулася:
– Я б даверыла вам сон для маёй уласнай смерці.
//Не, не будзе яна азывацца: мама яшчэ падумае, што ёй занадта светла і яна не можа заснуць. А на самой справе гэтыя штовечаровыя паляжанкі пры ззянні настольнай лямпы ёй дужа падабаюцца. Яна прывыкла ўладкавацца пасярэдзіне ложка, дзе злучаюцца дзве падушкі (бо маміну яна любіць больш за сваю), і засцярожліва, адным вокам выглядаць з паглыблення між імі.//
Не ўтрымаўшыся, Сямён Данілавіч захапіўся:
– Ну скажыце – ці не малайчынка наша Ксюня? У сем гадочкаў так упраўляцца з камерай!
– А то! Гэта ўсё мой неацэнны ўплыў, – неадкладна ўсунулася Анжэла. У гэтым блоку яна выступала ў іншай іпастасі. – Між іншым, неблагая тытульная актрыса расце!
//А мама піша. Вяртаецца з працы, дацямна разбіраецца з гатаваннем-мыццём-прасаванннем, дапамагае падрыхтавацца да школы – і толькі тады, калі дачка пакладзеная спаць, дастае свае сшыткі, колькасць якіх стабільна павялічваецца з кожным месяцам. А яна – яна тоіцца пад коўдрай, нібы звярок у норцы, і крадком назірае, як поўзае па старонцы сшытка аловак – то спрытней, то павольней – і як у свеце лямпы зачаравальна адбліскваюць валасы, скручаныя ў цяжкі вузел...//
– Ізноў блякне, Раман Сяргеевіч! У каторы раз! – пажалілася Хрысцінка.
– Нічога-нічога, яна мае поўнае права хоць ненадоўга адчуць сябе шчаслівай. – Ён цераз плячо Пірата падкарэктаваў пару рэгулятараў, і якасць трошкі выраўнялася, амаль арганічна ўпісаўшыся ў агульную атмасферу сну. – Кірыла, давайце пераскочым адразу на трыццатую секунду.
Пірат моўчкі паслухаўся, змакрэлы са страху паблытаць кнопкі меню, незнарок зачапіць які пераключальнік, пераматаць не туды... Але рэжысёр трымаў рукі на спінцы яго крэсла, і гэта магічным чынам усяляла ўпэўненасць.
//На дзверцы шафы цямнеецца школьная форма, на якой ціхмяна зіхціць акцябрацкі значок, і праз сон здаецца ёй, што гэта не значок зусім, а сапраўдная чырвоная зорачка, якая прыветна падміргвае ёй з вечаровага неба. Складкі коўдры, шчодра аблітыя святлом лямпы, па волі ўяўлення ператвараюцца ў заснежаныя пагоркі, пазалочаныя сонцам, – пагоркі, па якіх калісьці гулялі яны з Легранам... Гулялі ці толькі будуць гуляць? Мінулае гэта ці будучыня?.. А як слепіць сонца на захадзе! Нічога не відаць, акрамя магутнага ззяння, якое шырыцца і ўсё ярчэе, ярчэе...//
Экран пасвятлеў да жамчужнай белаты – і рэзка згас.
Цішыня.
Нехта крануў Пірата за плячо, і ён, схамянуўшыся, хрыпата паведаміў:
– Я... я SkyDream-49, укараненне правёў і... кіраванне здаў.
Сцягнуўшы дрыготкімі рукамі амуніцыю аператара, ён павярнуўся... і ўгледзеў побач з Раманам Сяргеевічам вельмі задаволенага Пашку.
– Ты што – скончыў?! – узарваўся Пірат, здзічэлы ад напружання. – А якога чорта я тут за цябе гарбачуся?
– Але ты быў такі сабраны, адчайны... Я пабаяўся да цябе лезці, – шчыра прызнаўся Пашка. Ну добра, амаль шчыра.
Віталіч пачухаў патыліцу:
– Н-да, сон хоць і бліскучы, толькі ніякі не перадсмяротны. Кліентка адназначна будзе ў шоку. Спачуваю вам, сябры мае: у наступны раз прыйдзецца запіліць нешта такое ж маштабнае.
Хрысцінка без сіл рухнула на Пашкава крэсла.
– Ніколі... ніколі ніякіх перадсмяротнікаў... – невыразна прамармытала яна. – Адны мройнікі, і кропка...
Але супакоілася яна ранавата.
– Я ўсё яшчэ не губляю надзеі праясніць некаторыя ключавыя моманты, – рэвізор, далёка не такі паважны, як напачатку, гаварыў цяпер нашмат хутчэй. – У прыватнасці, у мяне ўзнікла пытанне наконт адпаведнасці сцэнарыя перадсмяротнага сну патрабаванням, вызначаным Міністэрствам лёсаў.
Хрысцінка спалохана ўцягнула галаву ў плечы, але Раман Сяргеевіч міралюбіва прамовіў:
– Паколькі на грыфе ўзгаднення стаіць пячатка менавіта Міністэрства лёсаў, я мяркую, што гэтае пытанне можна адразу зняць.
Рэвізор сустрэў яго ясны адкрыты позірк і чамусьці занерваваўся:
– Так, сцэнарый сапраўды быў пільна прааналізаваны і прызнаны здавальняючым, але гэта не адмяняе таго факту, што ўкараненне мела, мякка кажучы, не зусім тыя вынікі, якія былі запланаваныя. У заключэнні спецыяліста прамым тэкстам сказана, што сон не змяшчае элементаў, якія могуць паўплываць на спраектаваны лёс. Тым не менш лёс быў кардынальна зменены. Чым вы можаце гэта растлумачыць?
– Як мінімум тым, што спецыяліст не ўлічыў сілу, з якой кліентка імкнецца да жыцця. Вы ж і самі ведаеце: хоць адну дэталь не прадумаеш – і планы ідуць прахам.
– Смею вас запэўніць, усе магчымыя складанасці былі разгледжаныя асобна, і ўзнікненне любой з іх было поўнасцю выключана. Гэта надзвычай карпатлівая работа, якая не церпіць халатнасці, таму да яе дапускаюцца толькі спрактыкаваныя спецыялісты.
Раман Сяргеевіч дапытліва пазіраў наўпрост яму ў вочы, і рэвізор з усё большым неспакоем паводзіў плячыма, нягледзячы на тое што быў па меншай меры на галаву вышэй за свайго апанента.
– Вы дазволіце мне таксама задаць вам пытанне? Прызнацца, даволі нетактоўнае, – Раман Сяргеевіч заставаўся нязменна мяккім і карэктным. – Скажыце, калі ласка, колькі вам гадоў?
– Мне сорак чатыры, – суха прамовіў рэвізор.
– Прабачце велікадушна, я павінен быў спытаць – колькі вам поўных гадоў?
– Поўных, так? – ягоны голас няпэўна хістануўся, але выправіўся. – Ну што ж, поўных... шэсць плюс сорак чатыры.
Бровы Хрысцінкі ўражана ўзляцелі на лоб, а ў позірку Рамана Сяргеевіча мільгнула спачуванне:
– Шэсць зямных гадоў? Валерый Аляксеіч, вось гэтага не ведаў, даруйце. Ну а мне семдзесят дзевяць зямных плюс трыццаць восем нябесных. Так атрымалася, што ў мяне за плячыма і грамадзянская, і фінская, і Вялікая Айчынная...
Рэвізор рэзкавата перабіў яго:
– З падрабязнасцямі вашай агульнай біяграфіі азнаёмлены любы чалавек, які лічыць сябе знаўцам кінематографа сноў. У дадзеным выпадку гэта не мае дачынення да...
– Альбо ўзяць Сямёна Данілавіча. Ён у нас таксама даўгавечнік – сорак пятага года смерці. – Па меры таго як міністэрскі служачы пачынаў праяўляць нецярпенне, рэжысёр, наадварот, прыцішаў голас. – Ведаеце, мы з ім набачыліся самых розных людзей у самых розных абставінах. Але і нам не прадказаць «усе магчымыя складанасці». Нават самі людзі не маюць уяўлення, дзе яны сарвуцца, а дзе здужаюць, дык чаму гэта павінна быць вядома нейкаму нябеснаму Міністэрству?
– Мы карыстаемся методыкамі, якія правераны часам.
– Але ж яны не растлумачаць вам самую сутнасць. Калі чалавеку ёсць дзеля чаго жыць і ёсць да каго вярнуцца – ён вернецца, хоць бы яго выпраўлялі ў іншы свет усе вашы калегі супольна.
Рэвізор з крывой усмешкай адчаканіў:
– Справа заключаецца менавіта ў тым, што кліентцы няма да каго вяртацца.
– А яна вярнулася. Таму што несла ўсіх з сабой і ў сабе. – Пранікнёныя вочы Рамана Сяргеевіча таксама затойвалі ўсмешку, толькі летуценную і задумлівую. – Гэта як... агеньчык. Зусім маленечкі, але яркі. Пакуль ён гарыць унутры і грэе душу, ці можа перахацецца жыць? Ніякія падзеі, нават самыя непрыемныя, не закрануць настолькі, каб...
Недзе ў рэвізоравай кішэні настойліва завібраваў мабільны тэлефон, і для гаспадара не было таямніцай, каму ён нечакана спатрэбіўся.
– Затое з-за адной непрыемнай падзеі цяпер цэлае падраздзяленне будзе стаяць на вушах, – праз зубы кінуў ён, усё ж захоўваючы сякую-такую вытрымку. – Прабачце, я павінен адказаць на званок. Дзякую за пазнавальную размову, але ад мяне ў тэрміновым парадку чакаюць новую праграму жыцця, і адцягненыя разважанні тут не дапамогуць. Усяго добрага!
Ён падхапіў партфель, сарваў з вешалкі вільгатнаватае паліто і шпарка выйшаў, але дзверы зачыніў з нязменнай акуратнасцю і дакладнасцю.
– Не хацела б я быць лёсавікам, – працягнула Хрысцінка. – Ім, бедакам, куды цяжэй, чым нам.
Анжэла недаверліва схіліла галаву набок:
– Я гляджу, прагулянка пад дажджом дарма не прайшла. Ты б тэмпературу памерала, ці што...
– Ужо і пашкадаваць чалавека нельга! – разгарачылася Хрысцінка. – Праз мяне яму цяпер гарбець над гэтай праграмай, а ён жа не вінаваты! Яшчэ і зямнога жыцця ў яго, лічыце, не было, адно дзяцінства. Хто-хто, а я разумею! Нараджаешся, жывеш сабе, ходзіш у школу. Потым паміраеш. Ізноў нараджаешся, толькі тут, ізноў жывеш, ізноў у школу... Цэлых два юнацтвы, а сталасці пакуль ніводнай – усё роўна што займець адно-адзінюсенькае жыццё замест двух. Несправядліва гэта і крыўдна!
Раман Сяргеевіч цяжкавата апусціўся на канапу побач з Сямёнам Данілавічам і са стомай пацёр павекі.
– У Мінлёс любяць браць якраз раннепамерлых, бо тады стаўленне да кліентаў бесстаронняе... Канешне, мы толькі снатворцы, мы не абавязаныя ва ўсё гэта лезці. Мы нават абавязаныя ў гэта не лезці. Але атрымліваецца, што зямныя лёсы вырашаюцца ў большасці тымі, хто і зямнога свету толкам не бачыў. Уся бесстароннасць у адным сказе: яны сваё не дажылі – і вы не дажывяце... Толькі не крыўдуйце, Сямён Данілыч, вас не тычыцца. Вы хоць і лёсавік, але свой, не міністэрскі.
Стары ўздыхнуў:
– Якія крыўды? Правільныя рэчы кажаце. Вы ж агульнымі-та гадочкамі ўсё-ткі сталейшы за мяне, а ад таго і вопытнейшы... Самім бы вам у гэнае Міністэрства. Ох, не стае ім такіх, як вы...
Раман Сяргеевіч пасміхнуўся:
– Вялікіх пасад на ўсіх не хапае. Давайце проста застанемся пры сваім і будзем годна рабіць сваю работу. Мы ж не зямныя жыхары, гэта ў іх на кожнага па мэце жыцця. А ў нас мэта адна на ўсіх – забяспечваць іх жыццё.
Ён заўважыў, што Пашка з-за спіны Хрысцінкі падае яму нейкія таямнічыя знакі, і спахапіўся:
– Хрысціна, даруйце мне маю злачынную няпамятлівасць! Хоць у вас атрымаўся досыць неардынарны дэбют, гэта не падстава парушаць традыцыю.
Яна пужліва натапырылася, як загнаны звярок:
– Мамачкі, што яшчэ не так?
Аднак тут у студыі грымнулі ўсеагульныя воплескі; Віталіч, які зноў прыдрамаў, ледзь не зваліўся са стула.
Хрысцінка сарамліва закрыла рукамі твар:
– Народ, вы што? Знайшлі з чым віншаваць. Ну хопіць, хопіць, праўда! Канешне – давайце разам адсвяткуем, як я заваліла дыплом. Цяпер і тэма не падыходзіць, і ўвогуле... Не, не буду я задумвацца! Так і з глузду можна з’ехаць са страху. Колькі ўсяго перарабіць... А да абароны месяц!
Пірат у рашучым неўразуменні пахістаў галавой:
– Не пра тое ў цябе думкі! Глядзіце на гэтую дзівачку: немаведама як прымудрылася вывесці чалавека з комы, а трасецца з-за нейкіх універскіх спраў!
Раман Сяргеевіч таксама не раздзяляў Хрысцінкінай трывогі:
– Вы пачакайце палохацца, давайце раскладзем усё па палічках. З чаго вы ўзялі, што трэба мяняць тэму? У вас па-ранейшаму сцэнарый перадсмяротніка, проста вынік укаранення нетыповы. Калі ўмела падвесці да тых высноў, якія нам патрэбныя... Ці ваш дыплом гатовы цалкам?
– Н-напалову, – густа расчырванелася Хрысцінка. І праўду казаць сорамна, і хлусіць ніякавата. Хаця чаго там, акругліла ў большы бок...
– Тады і зусім нястрашна! Усё роўна за ўводзіны і заключэнне бяруцца ў апошнюю чаргу. Чаму б не дадаць у тэарэтычны раздзел нешта кшталту... Зараз прыкінем... Ну хоць пункт «Асаблівасці выкарыстання перадсмяротных сноў у мэтах... м-м-м... вяртання кліентаў да жыцця». Між іншым, гэта цягне ажно на магістарскую. Я б над гэтым падумаў, а вы, Хрысціна?
– Мне б хоць з дыпломам сяк-так разабрацца, – нацягнута ўсміхнулася яна. – І гэта быў першы і апошні раз, калі я кагосьці ажывіла.
Практычная Анжэла параіла:
– Ты давай вушамі не хлопай, на гэтым можна зрабіць кар’еру. Толькі ўяві: славутая сцэнарыстка, якая практыкуе адмену наканаванай смерці шляхам уплыву на кліентаў праз сны. Смяротніца, елкі-палкі!
– Вось і ахрысцілі цябе, Хрысціначка, – падкалупнуў Пірат. – А што, Смяротніца – гэта гучыць зухавата!
– Маўчаў бы ты, Пірат ад слова «апіратар»! – фыркнула Анжэла. – Ці то непісьменны, ці то бяспамятны, ці то дурны – патрэбнае падкрэсліць.
– Годзе дзяўбсці, задрала! Перапісаў жа я тую заяву, не пакінуў так. От прыдумаць бы табе акторскі псеўданім – такі, каб ва ўсіх кампаніях з ходу адмаўлялі...
Яна нецярпліва запляскала ў далоні:
– Ну ўсё, усё, не магу я больш наконт працы! Шаноўныя снатворцы, гайда заўтра ў кіно! Ясная справа, на чале з Хрысцінкай. У мяне якраз вагон прэміяльных білецікаў, няма куды падзець.
– Нячэсна, што акторам даюць больш! – абурыўся Пірат. – Думаеце, адным вам матаюць нервы? Тут пакуль перашчоўкаеш сон, псіханеш стопяцьсот разоў. Ды аператарам толькі за перадсмяротнікі павінны падвоіць колькасць халяўных сеансаў!
– Ну-ну, з цябе любы актор пасмяецца. Сядзіш сабе ў цёпленькай студыі ды разважаеш. Узяць бы цябе зараз – і пад дожджык, на здымкі. Пасля першай пары гадзін занервуешся не горш, гэта я табе гарантую!
Пашка ажывіўся:
– Дарэчы, якраз выйшаў фільм пра жыццё і працу аднаго зямнога актора, як бо яго... Фу ты, забыўся, дурань! І прозвішча такое вядомае... Ну, хай. Карацей, нядаўна рассакрэцілі яго ўспаміны і зманціравалі біяграфію. Можа, на яе і сходзім?
Анжэла зморшчылася:
– А можа, ну іх, гэтыя біяграфіі? Усе кіношкі імі акупіраваныя, аж зубы зводзіць. Што нам трэба, дык гэта старая добрая архіўка, знятая не ад вачэй, а з нармальных зямных ракурсаў. Чаго ні кажы, а ўмеюць там рабіць годныя фільмы! Махнуць бы на якіх «Мізэрных»...
– Ну і на каторую з экранізацый? – Пашка быў настроены скептычна. – Мы ж усе розных гадоў нараджэння і смерці, так што возьмемся выбіраць ды перагрыземся. Адзін абагаўляе версію пяцьдзясят восьмага года, другому падавай трыццаць пятага, трэці без розуму ад семдзесят восьмага...
– А мюзікл як жа? – страпянулася Хрысцінка. – Той, сучасны, пару гадоў назад выпусцілі...
Раман Сяргеевіч нягучна засмяяўся:
– Памылковы ў вас падыход, рабяткі! Віктора Гюго трэба не глядзець, а чытаць.
Анжэла ўперла рукі ў бокі:
– Нешта мне не падабаецца гэты падазроны тон! Ці не збіраецеся вы цішком адкасіць ад нашага культпаходу? Ой, не раю вам гэтага, ой, перастану здымацца ў вашых снах!
– Не, моладзь, вы ўжо адпачывайце сабе, як прывыклі, а я залішне стары для такой кампаніі. – Ён усміхаўся, але ў яго вачах па-ранейшаму прамяніўся сумны ўсёведны агеньчык. – Нам, развалінам, не дагнаць час, мы жылі даўным-даўно ды там і засталіся. Ці не так, Сямён Данілыч? Як маецца ваша няшчасная рука, усё ные?
– Ные, родненькая, куды ж яна падзенецца, – уздыхнуў той. – Гадочкаў бадай дваццаць адгукаецца на кожны дождж, і не глядзі, што ў сорак другім ламаная. Дзівосы: жыццё іншае, цела іншае – а рука ные...
Анжэла ўскочыла і дзелавіта падагульніла:
– Карацей, потым яшчэ спішамся і ўсё як след абмяркуем, а цяпер давайце разбягацца. Не ведаю, як вы, а я не збіраюся кукаваць тут усю ноч. Хрысця, за мной! Нам па дарозе, падкіну цябе да інтэрната. Мне тэрмінова трэба зрабіць якую добрую справу, а то некаторыя сапраўдныя мужчыны і зусім перастануць са мной размаўляць. Як тады жыць?
– Можа, і мяне падкінеш? – улез Пірат. – Я сёння маладзец, заслужыў.
– Ага, зараз жа! – асадзіў яго Пашка. Ён прапусціў Хрысцінку і заняў сваё месца за пультам. – Змена скончыцца – тады рухай куды пажадаеш, а пакуль у нас яшчэ два ўкараненні.
– Абза-а-ац...
– Нешта я сумняваюся, што ты хоць адкрываў план.
Пірат адкашляўся:
– Адкрываў. І нават чытаў. Праўда, па дыяганалі...
Знясіленая Хрысцінка беспярэчна тупала следам за Анжэлай. Ля дзвярэй яна спахапілася, хуценька скінула куртку Рамана Сяргеевіча і азірнулася. Пажвавелы Сямён Данілавіч нешта захоплена расказваў, а рэжысёр з задуменнай цікавасцю слухаў, і з яго позірку ўсё не знікала пяшчотная журбінка, ад якой так і шчыміла сэрца.
Хрысцінка пастаяла, нерашуча трымаючы куртку, а потым клапатліва павесіла яе на кручок і ўпотайкі паклала ў кішэню цукерку.
У дзверы нясмела паскрэбліся, і ўсунуўся тварык маладзенькай работніцы з аддзела лёсаў:
– Прабачце, можна? Мы на ўкараненне, у нас папярэджаннік...
Пашка прысунуў бліжэй напамінку, узнаўляючы схему наступнага сну, зверыўся з электронным гадзіннікам і расправіў плечы. Ну што, збіраемся з сіламі – і ў бой?
– Я SkyDream-15, кіраванне прыняў. Да эфіру дзесяць хвілін, пачынаю планавую праверку...
АД АЎТАРА
Мне б хацелася прысвяціць гэты твор памяці тых, хто так натуральна ступіў з рэальнага жыцця на гэтыя старонкі і тым самым застаўся ў жывых назаўсёды. Але трэба адзначыць, што апавяданне ні ў якім выпадку не прэтэндуе на біяграфічнасць і з’яўляецца ў першую чаргу мастацкім творам.
Дзякую непакорліваму і непераможнаму Леграну – беларускай легендзе спаборніцтваў па аджыліці. Ён са сваёй гаспадыняй-трэнерам прабягаў трасу нават у глыбокай сабачай старасці, нягледзячы на тое што некаторыя бар’еры адмаўляліся прызнаць яго бясспрэчны аўтарытэт. На жаль, свой сямнаццаты дзень нараджэння ён не адсвяткаваў.
Дзякую Яновічу У. І., зусім невядомаму мне. Ён згадваецца толькі ў эпізодзе ля дошкі аб’яў – эпізодзе маленечкім, але, веру, для некага вельмі важным. Гады жыцця змененыя.
Дзякую Л. Б., які сыграў тут ролю Рамана Сяргеевіча – сыграў гэтак жа пранікнёна, як і ўсе свае ролі. Мусіць, таму, што таксама прапусціў яе праз сваё шматпакутнае сэрца. І хоць часам яго чуллівы матор барахліў (бо нават вялікаму сэрцу не знесці такога цяжару), але сапраўдная вайсковая непахіснасць, якая ззяла глыбока ў крылатай душы, дала яму мужнасць пратрымацца да самай апошняй хвіліны.
І напрыканцы яшчэ адна, у чымсьці нечаканая падзяка – Наталлі Юннікавай. Смерць напаткала яе ў той самы дзень, калі мне падалося, што гэты твор застанецца недапісаным. Яна памерла ў трыццаць сем гадоў, знаходзячыся ў коме, і я не ведаю, як растлумачыць супадзенне маёй фантазіі з рэальным жыццём. Дзякую за маё дзяцінства, праведзенае поруч з «Вяртаннем Мухтара», і спадзяюся, што яна паспяхова адшукае сваё месца ў нябесным свеце.
*У радыётэлеграфнай сувязі прыняты сугучны сігнал Mayday, які выкарыстоўваецца ў надзвычайнай сітуацыі нароўні з сігналам SOS. Асмелімся сцвярджаць, што ўкараненне сну – справа ў пэўнай ступені важная, таму заслугоўвае ўласны сігнал няшчасця.
24.08–24.10.2017
Значонак, Д. У эфіры – сон / Дар’я Значонак // Маладосць. – 2018. – № 7. – С. 32–59.
Свидетельство о публикации №219072101446