Камiтэт
Лічаць што пасёлак мой Лявада, што недалёчка ад вёскі Старая Буда, узнік у дваццатых гадах мінулага стагоддзя.Але на сам рэч гэта не зусім так. Але я не аб тым.
Кожны раз, калі зімою прыязджаю я ў родную вёсачку, спяшаюся я ў гэты цудоўны куток прыроды, названы вяскоўцамі "Камітэтам".Нават тыя, хто ў пачатку мінулага стагоддзя ўжо жылі тут, не маглі даць зразумелага адказу - чаму менавіта "Камітэт"? А можа таму, што адказ на пытанне так і застаўся ў сівой мінуўшчыне.Адна з найбольш праўдападобных версій тлумачыць, у нейкай меры, гэтаю назву.Будучы яшчэ хлапчуком запамятаваў я як здабывалі на гэтым балоце торф: выкопвалі прастакутнікі правільнай формы торфу і тут жа, на больш высокіх месцах, сушылі яго, каб зімой выкарыстоўваць у якасці паліва.У канцы трыццатых, на гэтых землях паўсталі першыя арцелі-камітэты з сялян, якія ствараліся па ініцыятыве Савецкай улады для вядзення калектыўных гаспадарак.Не выключана, што адным з заняткаў гэтых арцеляў і была здабыча торфу. А балотца адпаведна празвалі"Камітэтам".
Іншыя лічаць што пад час рэвалюцыйных падзей калі лес быў адразу за пасёлкам збіраліся тут актывісты на свае сходкі.Таму і месца адпаведна атрымала назву "Камітэта".
Здабычу торфу даўно спынілі, балотца зарасло альховым хмызняком і асакой, а ў глыбіні, дзе зараснікі асабліва густыя, збудавалі тут свой домік бабры.Гэтакая хаціна, з мноствам хадоў, вялікая частка якой знаходзілася пад вадой.Падчас зімовых халадоў, вада вакол бабровай хаткі замярзала, што дазваляла нам з раніцы да вечара, у выхадныя ад школы дні, знікаць у гэтых імправізаваных джунглях, гуляючы то ў вайну, то ў іншыя гульні.Там жа, на адкрытых участках вады, пакрытых чыстым празрыстым лёдам, гулялі мы ў хакей, з'яўляючыся дадому амаль у прыцемках.Прапахлыя потам і дымам, мы былі тымі палескімі рабінзонамі, пра прыгоды якіх даведваліся з аповесці Янкі Маўра.Маці скрушна ківала галавой, накладваючы новыя латы на падранае адзенне, а бацька спрабаваў да раніцы высушыць амаль мокрыя боты.
А яшчэ, калі спадалі маразы і лёд надзімаўся і жаўцеў, ставілі вяскоўцы тут гіркі (плеценыя кошы з вузкім горлам) на ўюноў, зрабіўшы палонкі і апусціўшы туды кошыка.Раніцай, багаты ўлоў (даходзіла да цэлага вядра, а то і больш) неслі ў вёску, дзе ўюноў пяклі, сушылі і нават салілі, частуючы тых, у каго іх не было.
Час змяніў кожнага з нас, але гэты куток так і застаўся тым Камітэтам, дзе прайшло наша дзяцінства, куды прыязджаючы кожны раз іду пабадзяцца і ўспомніць усё тое, што забываецца ў паўсядзённых клопатах.А яшчэ люблю расказваць пра гэта дзецям і ўнукам, бачачы якую жывую цікавасць яны праяўляюць да апавяданняў аб Малой Радзіме!
Свидетельство о публикации №219082001074