Дзве любови
– Пачакай, часу яшчэ хапае.
– Пабеглі на прыпынак!
– Ні за што. Дай падыхаць вясной! Па Гасцінцу так добра ісці зараз. Глядзі, які вечар, якое сонца, якая цішыня!
– Знайшла цішыню! Ці ты забылася, як ціха было ўвечары ў Зарэчным?
Не забылася. Магла б і не нагадваць.
Моўчкі іду насустрач сонцу. Яна не вытрымлівае першай:
– А памятаеш, як ты бегла дадому па беразе праз балота? Гэткі ж вечар быў.
Усміхаюся:
– Памятаю. Я ў дрыгву па калена правалілася. І шлёпак там застаўся. А бабуля ж галаву адарве за страту! Нейкай галінай намацала цвёрдае ў брудзе – і руку туды па локаць! Выцягнула, але жаху нацярпелася першакласнага.
– Ты яшчэ шорты потым у рацэ адмывала.
– Ой, не кажы! Сёння б тыя беды!
Адразу зялёны – пашчасціла. Мінаем скрыжаванне, накіроўваемся да парка. Не нагляджуся на буйства зялёнага – а толькі ж учора, здаецца, была мёртвая зіма!
Заўважыла:
– Ці ж гэта лес? Ці памятаеш, колькі грыбоў мы ў Здорніку збіралі? А тут што! Абрэзаныя, зняволеныя дрэвы.
– Няпраўда! Яны прыгожыя! І ім тут – вольна!
Адварочваецца, задзірае нос. Я тым часам хутка даходжу да двух самаробных азёраў. Перагінаюся праз агароджу і выглядаю рыбак.
Даганяе:
– Ці ж гэта рыбнае месца! Ці памятаеш, як мы карасёў у сажалцы на полі цягалі? А як ты пайшла ў заклад і жаб'ю лапку з'ела? А як дзед Пеця нас рыбу лавіць вучыў? Паплавок павінен стаяць як...
Са смехам і сорамам заціскаю ёй рот:
– Ціха ты! Людзі вакол!
Стаім побач, глядзім на рыбак. Памятаем смак найлепшай у свеце юшкі, што бурлела на вогнішчы ў бязносым чайніку. Хоць і былі тыя карасі з палец, хоць і было лускі ў супе дахалеры, але ж лепшай юшкі мы і дагэтуль не паспрабавалі.
Усхопваецца:
– Мы ж амаль спазніліся! Знайшла час на ўспаміны!
– Ты першая пачала! А я казала, што і тут няблага. Вунь якія рыбіны, з локаць будуць. І альтанкі прыгожыя, а ў нас толькі самаробны навесік быў.
– І лепшы ў свеце!
– Безумоўна.
Бяру яе за руку і павольна, але настойліва цягну ў бог стэлы. На ўзгорак падымаемся моўчкі, ісці цяжэй. Але не бурчым. Дзе ж яшчэ быць вечнаму агню, калі не на самым версе.
Маўчым каля помніка і ціха ідзем далей. Яна сядае на лаву:
– Паўхвіліначкі! Замарылася я.
Азіраюся навокал:
– А я тут вершы пісала. На гэтай самай лаўцы. І яшчэ на дзясятку іншых. Тут прыгожа і бяспечна.
Смяецца:
– Бяспечна было на гары хавацца, калі мы ў суседкі абрыкос сцягнулі. Столькі крыку было, а да нас ніхто не дабраўся! А які водар быў у таго сена!
Незабыўны.
Незаўважна лашчу спіну нашай лавы. Пакуль спадарожніца падымаецца і робіць крок наперад, нахіляюся і мармычу:
– Ты ўсё роўна вельмі прыгожая. І горад твой прыгожы. Сена – не галоўнае.
Узнімаюся і даганяю яе. Ідзем да выхаду і паварочваем да стадыёна. Згадваю нешта разумнае з сеціва і выдаю:
– А ты ведаеш, што тут гістарычныя мясціны? У Гелянова гарнізон быў у дваццатыя-трыццатыя, і яшчэ арка была.
– Трыумфальная?!
– Вось няма чаго смяяцца, менавіта трыумфальная. І амаль усе гэтыя будынкі для ваеннага гарадка ўзводзілі.
– Усё адно да нашай "вайны" ім далёка. Памятаеш, як беркаўскія хадзілі нас, зарэчанскіх, біць? Мы на мосце сядзелі, а яны па полі ішлі. Наперадзе самы дарослы і прыгожы, за ім адзін аднаго меншыя, потым дзяўчынка і самы малы – з во-о-ось такім дрынам!
Трымаюся за жывот ад смеху. Хто ж ведаў, што так мы і пасябруем з Беркаўшчынай. Нашыя дзве вёскі шмат прыгодаў пабачылі з таго часу.
Заварочваем налева. З палёгкай уздыхаю:
– Вось і драмтэатр. Нікога няма яшчэ, а ты растурбавалася. Паспелі. Дарэчы, тут раней быў клуб афіцэраў.
– Ой, ну добра ўжо. Горад – гістарычны, горад – прыгожы, горад – сёе, горад – тое, і што? Гэта ўсё роўна не вёска!
– Ведаю. Але ж вёскі для нас больш няма. Там нас чакаюць толькі могілкі, памятаеш?
Адвярнулася. Шмыргае носам. Падыходжу, абдымаю за плечы:
– Мне таксама шкада. Але нас туды ўжо не вернеш. Мы іншыя. Усё іншае. Не адштурхоўвай Маладзечна з-за першай любові. Яно годнае другой.
Утыркаецца носам мне ў грудзі і раве, галосіць. Непрыгожая, счырванелая, размазвае мне па сукенцы слёзы ды соплі.
***
– Машка, а ты ўжо тут! Верталёт ты наш! – сяброўкі абступаюць мяне кругам. – Ты дзе ўсмешку згубіла? Мы ж на "Камедыю", а не на трагедыю збіраемся!
Расціраю кулаком грудзі ў тым месцы, дзе толькі што пакутавала яна. Я. Слаба ўсміхаюся:
– Нічога, дзяўчаты. Так... Узгадалася.
23.04.2018
Свидетельство о публикации №219091800583