Залаты рай

Раніца была салодкай. Як даўно я не бачыла гэтай вагонкі над галавой, гэтай чырвонай печкі ў нагах! Гэтай фіранкі ў кветачкі, што трымаецца на дроце, працягнутым паміж печкай і шафай...
Сядаю і ласкава праводжу рукой па металічным каркасе ложка ў галовах, па спляценнях вітых пруткоў. Дома. Нарэшце дома.
Спускаю ногі – цяпер яны амаль дацягваюцца да падлогі. Зусім вялікая зрабілася...
Дзень прайшоў так, як і павінен быў. Бабуліны прысмакі, прагулкі і размовы са старымі і новымі знаёмымі – на гэты раз я прыцягнула з сабой мінскіх сяброў. Нарэшце надыходзіць вечар, і мы ціха размаўляем у пакоі.
Раптам нешта пралятае ў мяне над вухам і ўтыркаецца ў сцяну. Падыходжу бліжэй. Доўгая моцная ігла, вымазаная нейкім рэчывам з ядавітым пахам. Што за халера?! Рэзка аглядаюся: за акном знаёмая постаць ворага. Ён рыхтуецца да новага стрэлу.
– Сябры! Там забойца!
Ім не трэба нічога тлумачыць. Мы імчымся на двор, каб спыніць злачынцу. Але ён не адзін. І вось ужо на дварышчы кіпіць бойка. Добра, што нашыя хлопцы такія моцныя! Некалькі добрых удараў – і хаўруснікі ляжаць непрытомныя. А ў далоні забойцы блішчыць лязо. Мы кідаемся на яго адначасова.
Злачынцы абясшкоджаны. А мяне нясуць на руках у той жа пакой. Высокі стол, за якім я малявала калісьці. Ікона «Замілаванне» ў куце. Цвёрдая бабуліна канапа. На яе мяне і кладуць.
Міліцыя з;ехала з вязнямі, склаўшы ўсе пратаколы. Хуткая таксама не затрымалася. «Мы не дапаможам. Чакайце скону», – сказалі людзі ў белым, паківаўшы галовамі. Сышлі пасля развітання з пакою родныя і сябры, заціх удалечыні плач.
Боль не моцны, але неадступны. Кроў пакідае маё цела праз вузкую глыбокую рану ў левым баку. Слабасць нарастае разам з бездапаможнасцю.
Чамусьці у пакоі робіцца поўна смуглых людзей у рознакаляровым адзенні. Хілыя мужчыны, крыклівыя жанчыны, пісклявыя дзеці. Мой саслабелы розум ледзьве ўсведамляе, што іх тут быць не павінна.
– Вы... Вы дэманы? – хутчэй, зграя чарцей, але я баюся іх абразіць. Яны не зважаюць на пытанне. І так зразумела.
Значыць, гэта ўсё. Па маю душу. Здаецца, перад смерцю трэба маліцца? Малітвы спяваць, напэўна... Слабасць, голасу ўжо амаль няма, але я пачынаю спяваць што прыходзіць на ўспамін.
Яны не пужаюць і не замінаюць. Яны пачынаюць падпяваць! Спачатку збіваюць, спяваюць фальшыва і не ў лад (трымаюся!), але потым атрымліваецца нейкі жудасны, але амаль прыгожы хор. Гэта таксама няправільна, не слухаю, трымаюся свайго.
Жыццё адыходзіць павольна. Наперадзе невядомасць, жахлівая і непазбежная. Я аддаю апошнія сілы спеву. Чэрці спяваюць побач. І гэта доўжыцца вечна.

Месца раны пульсуе ныючым болем.
Вагонка над галавой. Печка ў нагах. Лагодны холад металу ў галовах. Гэта быў сон!
Апранаюся, праходжу пустую хату. Разбіраюся з кручкамі. Чорны і моцны, з прыгожым фігурным абрысам, унізе. Бліскучы і просты, з тоўстага дроту, наверсе. Расчыняю дзверы, выходжу ў калідор. Яшчэ два кручкі. І... вяроўка, закручаная на ручку дзвярэй. Ласкава ўсміхаюся бабулінай паранойі і адкручваю вяроўку. Паветра ліецца проста ў маё сэрца, і залаты вечар залівае сусвет.
Крочу па пустой вуліцы. Трэба прайсці вёску з канца ў канец, упэўніцца, што тут усё добра.
Золата, золата паўсюль! Залатыя прамяні, залаты пыл у іх, залаты пясок дарогі. Мінаю скрыжаванне, іду па другім канцы вёскі. Гляджу на голыя дрэвы па баках дарогі і заўважаю маладую жанчыну, што аздабляе іх галінкі кветкамі з атласных стужак. Зараз яна трымае ў руках мелкія фіялетавыя, а на галінках ужо ззяюць белыя, залатыя, ружовыя. Гэта так прыгожа і радасна! Быццам сёння вялікае свята...

Іду далей. І разумею, што не так. Ніводнага старога! Ды й вёска занадта прыгожая, я ніколі не бачыла яе такой, залітай золатам наскрозь.
Я ўжо ведаю, што адбылося. Толькі не хачу даслухваць гэтую думку да канца. Не хачу прызнацца, што на самай справе памерла на той канапе. Што гэта рай уваскрэслай вёскі, куды яна міласэрна прымае сваіх памаладзелых жыхароў. А можа быць, тая прыгажуня і ёсць...

Гэта абуджэнне было куды больш балючым. Я ляжала на вялікай мяккай канапе, над галавой былі белыя шпалеры, унізе, наверсе і па баках – безліч аднолькавых пакойчыкаў цаглянага мурашніка. Балеў бок, рэзала соллю вочы, выкручвала сэрца туга. І ўсё ж было яшчэ нешта.

След залатога паветра, што трымціць у канцы дарогі.

17.07.2018


Рецензии