Удивил так удивил

   Зойка, яшчэ са школы была галасная i завадная. Без яе ўдзелу не абыходзiлася нi адно мерапрыемства: нi ў школе, нi ў мясцовым клубе, нi потым у iнстытуце, а пасля зноў школе, дзе яна стала працаваць настаўнiцай першых класаў.
   А вось мужа яна сабе выбрала рахманага, зусiм не баявога, як яна сама. За гэта яго Зойка ўсяляк дапiкала, але той цярпеў, бо кахаў сваю няўрымслiвую жонку. Зрэдку ён збягаў ад галасной Зойкi, якая «не давала яму дыхнуць», на рэчку. Рыбалку ён лiчыў за сапраўдны мужчынскi занятак, а Зойка – наадварот.
   – Ну, во – зноў выхадныя дарэмна прагуляў! Ужо можна было рамонт распачаць. Хутка лета праляцiць, дзецi павернуцца ад бацькоў, а тут i конь не валяўся. Што гэта за ёлупень такi – нi на што не прыдатны! Ты ж нават здзiвiць мяне не можаш – зноў прынёс сваю задрыпаную платвiчку. Сабе ж пад пiва. А не – купiць хоць бы камбалы якой на патэльню, – бушавала Зойка.
   Гвалт ёй быў узняты пасля чарговай рыбалкi мужа, калi той замест сапраўднага ўлова прынёс сваёй благавернай нiзку худзенькай дробнай плытвiчкi, па яе дагадцы прыдбанай iм у хлапчукоў-рыбакоў. Пятро ў разуменнi жонкi быў не прыдатны не толькi да лоўлi рыбы ў прамысловых масштабах, але i да другой якой работы «сваiмi рукамi».
   На гэты раз Пятро не вытрымаў:
   – Я? Здзiвiць не магу? Яшчэ i як магу! – ускiнуўся ён i тут жа выдаў:
   – А давай паспрачаемся на скрынку рэчыцкага светлага…
   Зойка, упэўненая ў мужавай няздатнасцi не толькi на лоўлю рыбы для смажання, а тым больш на дзiва з яго боку, лёгка дала згоду.
   – Колькi часу табе патрэбна? – дзелавiта спытала яна Пятра.
   – Ды ўсяго пару дзён, – доўга не думаючы выдаў муж. – Ты, даражэнькая, праедзь на выхадныя ў вёску, наведай дзяцей i нашых (мелася на ўвазе бацькоў – Зоя з Пятром былi з адной вёскi), а я тут за гэты час i ўпраўлюся.
   Зойка была трохi збянтэжана такiм рашучым паваротам, але не падаўшы выгляду, хутка сабрала рэчы i паiмчала на аўтавакзал. У роднай вёсцы яна праведала сваiх дзетак, двух хлопчыкаў-падшыванцаў, якiя бавiлi ўсё лета ў абох мацярок. Дапамагла свякроўцы прыбрацца ў хаце, на градах, нанасiла ёй пра запас вады з суседскага калодзежа. Тое ж самае прарабiла ў сваёй мацi. Не згледзела, як праляцелi адпушчаныя ёй два днi. Увесь гэты час яна, заiнтрыгаваная мужам, што б нi рабiла, ўсё думала: што ж той, нягоднiк, такое можа прыдумаць-утнуць, каб яе здзiвiць? Думкi распiралi галаву.
   «Мусiць раскашэлiцца на якiя духi? Дык у чым тут дзiва? Не, не тое! А… можа займе ў сяброў грошай ды прыкупiць, нарэшце, ёй футра, на якое яна ўвесь час косiць вокам? Ага, гэта якраз той, што возьме ды разбяжыцца. А можа запросiць яе ў тэатр, альбо на канцэрт якой зоркi? Ух, ты! Але ў чым жа яна пойдзе ў той тэатр? У яе ж няма тэатральнай сукенкi. А да яе ж яшчэ колькi ўсяго патрэбна: туфлi, сумачка, прыкрасы ды яшчэ розная дробязь. Не, тэатр ёй не свецiць – яны ж з Пецем рамонт збiралiся рабiць у кватэры. А можа…».
   Гэтых «можа?» было безлiч i бедалага Зойка ледзь дачакалася канца сваёй «камандыроўкi».
   Напоўненая думкамi-прадчуваннямi, трымцячымi ад хвалявання рукамi Зойка адамкнула замкi на дзвярах сваёй кватэры i хацела ляцець-глядзець на мужава дзiва, ды так i засталася стаяць у парозе. З яе абвiслых рук выпалi сумкi з вясковымi гасцiнцамi ад бацькоў (толькi слаба дзынкнулi, разбiўшыся, слоiкi з грыбамi i варэннямi) – нечуванае i небачанае дагэтуль дзiва было перад ёй. Пачыналася яно ад самага парога кватэры з пафарбованай у… белы колер падлогi, на якую боязна было ступiць у яе здарожаных чаравiках, а прадоўжылася столлю, таксама пафарбованай, але ў… карычневы колер. 
   У першы момант маладзiцы здалося, што яна апынулася на столi, а падлога навiсла над ёй.
   «А можа гэта я так здарожылася i ў мяне звычайныя памарокi ў галаве? Дык яны зараз пройдуць», – адганяючы небачанае дагэтуль вiдовiшча, падумала пра сябе i страсянула галавой Зойка. Але карцiна навокал не змянiлася, а наадварот – ажывiлася: з глыбiнi калiдора да яе наблiжаўся муж Пятро, якi шпацыраваў да яе ў бялюткiх тапцях, а ў руцэ нёс i ёй… такiя ж. Ад завяршальнай карцiны дзiва Зоя знепрытомнела i цiха апусцiлася ў парозе.
   Прачнулася бедалага на канапе са змакрэлым ушчэнт тварам. Побач сядзеў муж i, набiраючы са шклянкi ў рот ваду раз-пораз фыркаў на яе.
   – Можаш нiчога мне не казаць, сам бачу, што здзiвiў, ды яшчэ як! А ты сумнявалася, – абрадавана заявiў Пятро ажыўшай жонцы. – Дык скрынка пiва за табой, мая даражэнькая! А тараноў я ўжо неяк расстараюся сам.

   А вы кажаце, што нашы чалавекi не здатны здзiўляць сваiх палавiн.


Рецензии
Здравствуйте Григорий Варфоломеевич! Замечательно вы описали быт и нравы древних щорсов. спасибо вам огромное

Алексей Смит   17.11.2019 11:54     Заявить о нарушении