Як Тадорка парасят дзялiла

   Неяк мае знаёмыя – Аркадзь з жонкай Кацярынай i дзецьмi-падлеткамi – выбралiся ў вёску да яе бацькоў. Бацькi, як заведзена, пасадзiлi дарагiх гасцей за стол. А тут – рум у хату, родзiчка, дзесятая вада на кiсяле – цётка Тадорка. Гаспадар пры яе паяве скрывiўся нечага, але дзявацца было некуды, «на гарачым» застукала Тадорка. Пасадзiлi i яе за стол. Тая перакулiла чарку i кажа:
   – Свiння ў мяне апарасiлася надоечы, дык воцета (вось гэта) зайшла пасаветавацца, як парасят падзялiць, кеб жа i вас не абдзялiць, i дзетак вашых, i ўнучкоў.
   Цесць Аркадзя на такую заяву Тадоркi мiгам напоўнiў да краёў яе чарку.
   – Ганьцы сваёй дам кабанчыка (дачцэ), Нюрцы (дачцэ) – свiнку выдзялю, вам – свiнча якое дам, Хведару (брату) – падкiну кабанчыка, Параску (сястру) не абдзялю …
   На словы Тадоркi «дзеткам вашым, а як жа – кабанчыка» – цесць зноў налiў чарку, а цешча падсунула блiжэй да яе талерку са шкваркамi. Тадорка выпiла, укiнула ў рот шкварку i прадоўжыла дзялiць:
   – Унучкам вашым па парасятку дам – няхай цешацца малыя; сабе, ведама, парачку на развод пакiну – свiнку i кабанчыка…
   А госць-зяць, якi збiўся «са шчоту», вазьмi ды i запытай Тадорку:
   – Цётка Тадорка, а колькi парасят прывяла свiння?
   – Пяцерка ўсяго, дзетачка, – нiчога не падазраючы, адказала машынальна Тадорка, водзячы вачыма па сталу ў пошуках чаго-небудзь смачненькага.
   – А кабанчыкаў колькi?
   – Двоечку, дзеткi, i свiнак троечку.
   – Цётка, а цётка, нам i аднаго хопiць, – кажа той Аркадзь. – Дык хадземце – я гляну на «свайго» кабанчыка, ды памечу яго, каб каму iншаму не дастаўся, – працягвае ён i тут жа падымаецца з-за стала.
Але не тут та было – яго апярэдзiла Тадорка: як ветрам выдула маладзiцу з-за стала.
   – Iншым разам, дзеткi, iншым разам, я ж зараз так спяшу, так спяшу, работы ж у мяне – край колькi няробленай. Крапiвы ж прынясцi з балота, яшчэ сёе-тое…, – а сама – задам, задам, ды ходу с хаты, толькi тую Тадорку i бачылi.
  – Стары дурань! Навошта налiваў ёй столькi? Зноў падсебрылася i правяла нас, шэльма! – раззлавалася цешча.
  – А сама ты, разумная? Чаго ёй шкваркi падсоўвала? Парасят захацела i сабе, i дачцэ, i унучкам? У яе ж зiмой снегу не выпрасiш. Гэта ж твая радня, не мая, такая скнарыстая…
  – Дык вы зналi, што яна такая? – запытаў зяць сваякоў.
  – А як жа – ведалi. Яна такая скнара, а хiтрая-прахiтрая, як тая лiса. А якая любiцелька пагасцяваць на дурнiцу! Другой такой i не знайдзеш у вёсцы. Так i сочыць, так i вывiжоўвае: хто дзе прайдзе, хто к каму зайдзе, дык яна – следам. Прайдзiсветка! – так абсаромiць перад зяцем?! – выдала цешча. – Ну, няхай толькi нарысуецца шчэ раз – муталем з хаты выляцiць.

   Праз колькi часу зноў прыязджаюць дачка з зяцем да бацькоў. Тыя – зноў iх за стол. I зноў: тут як тут – на парозе Тадорка.
  – Воцета свiння мая апарасiлася надоечы, – пачала Тадорка, падбiраючыся да застаўленага талеркамi i… бутэлькамi, чаго граха таiць, стала.
  – А колькi кабанчыкаў прывяла? А «наш» кабанчык ужо вялiкi мабыць стаў? Дык мы ж за iм прыехалi, – Аркадзь зрабiў выгляд, што падымаецца з-за стала, куды нацэлiлася ўмасцiцца Тадорка.
   – А мае ж вы родненькiя, а мае даражэнькiя, а я ж воцета забылася, што мне да Марусi трэба на край вёскi бегчы…– Тадорка куляй вылецела з хаты, як i не было яе там. Услед ёй раздаўся рогат…
   – Ну цяпер яна ў мяне паспытае чарку, а ў цябе шкварку, – глянуў на жонку цесць. Як толькi Тадорка на парог, – мяшок у рукi i патрабуй парасят: сваiх i iхных, – кiўнуў на дзяцей. Яна ж нам таксама абяцала.


Рецензии