Интервью-6. Нас двое и Модильяни

Як я ўплывала на творчы
працэс


 І зноў спытаем ў паэткі з Сіліч:-Як там справы з Мадзільяні?

Маша:- Аксана, як мне спадабалася твая паштоўка, дзе карціна Мадзільяні і я захацела атрымаць яе копію. Я ўбачыла дом, падобны на крэпасць, я адчула ягоны лёс. Дом стаяў на беразе вялікай вады, буйныя кроплі на сценах, як на целе, а магчыма гэта была проста вільгаць мора. У падножжа ўжо падымаўся мох, спрабаваўся падняцца. Здавалася,  што дом пусты, што ён нежылы, але нечакана заўважаеш яшчэ жывое, ружаватае адценне на сцяне, магчыма ад сонца, ці гэта унутранае святло?  Адразу здагадваешся, што дом яшчэ жывы. Магчыма яму вельмі цяжка, яму надакучыла стаяць на гэтым месцы. І яму захацелася сысці, там дзе сушэй. Відаць сходкі і сцежку. Сходкі то падымаліся, то апускаліся ўніз. Акно, шыбы не блішчэлі, не было відаць зрэнак. Цёмнае, цёмнае акно. Настолькі дом быў падобны на старога  чалавека, які ужо нажыўся, але ў той жа час нейкая згадка, нейкая звестка была з акна, з лесвіцы, з дзвярэй наверсе, што ён яшчэ хацеў жыць. Во стаяла дрэва, і нікога нідзе не было. І чалавека ўбачыць немагчыма. Дом жыў сам па сабе. А дрэва побач, таксама гэта адзіны ягоны сусед. Так заўсёды: мы садзім дрэва ля дома. Дзеля чаго? Мне здаецца, што гэтае дрэва патрэбна не толькі чалавеку, а менавіта самой хаце, самому дому, самой крэпасці, каб падаць знак, што ён жывы, не, што ён не адзінокі. І мне захацелася  мець копію гэтага дома. І праз вулачку выдавалася плячо суседняга дома, таксама стромкага, тяжкога, каменнага, так хацелася ўбачыць што гэта за сусед? Але гэта было немагчыма, трэба было толькі прыдумаць. Мне захацелася мець гэты дом-крэпасць, захацелася мець копію. Я заказала знаёмаму мастаку, якога мне рэкамендавалі як добрага капіроўшчыка, зрабіць гэтую работу.
І ён прынёс. Я была, у мяне не стала мовы, я не валодала  мовай. Мне здавалася,  што я нападу на яго, як робяць дзікія людзі ці лучнікі, што найперш мая прырода  змушвае-ухапіцца за стралу! Там стаяў зусім накшы дом. Там быў фанерны. Такі робяць звычайна кіншчыкі, а потым разбіраюць пасля з’ёмак, адным пальцам разбураюць. Я пачынала тлумачыць, ён мяне не разумеў. І тое, што ён не разумеў што ён змярцвіў дом, ён пачаў тлумачыць, злавацца, што можна зрабіць і так і гэтак. Я казала, што нас тут трое-Хто трэці?  -пытаўся ён.
- Нас двое і Мадзільяні! Ты не маеш права яго перапісаць, ты ня можаш змярцвіць гэты дом. Ты ня меў такога права!
 
Я кідалася раз’юшана не пазнаючы самую сябе. Для мяне мастак заўсёды было нешта асабовае, нешта такое… Я зайздросціла таму, хто ўмеў маляваць і зараз, калі я губляла зрок, я разумела што марыць пра маляванне ужо не змагу
Мы разышліся, пасварыліся. Мы не пасварыліся, мы назаўсёды  разыйшліся.
Нечакана мы аказаліся ў адной кампаніі разам. Ён  сядзеў насупраць, на ім была новая кашуля, яна была надзета як не сваімі рукамі, быццам яго нехта апранаў (не раўнуючы  як нябожчыка). Ён сядзеў сівы, ён нешта многа гаварыў, як ніколі, я  насупраць і слухала і мне гэта не перашкаджала, гэта не псавала мой настрой. Я не памятала, што ён няўдалы капіроўшчык. Ён нечакана пастарэў, ён трапіў ў разрад маіх любімых людзей, дзяцей і старых, як бы яны не выглядалі, што б яны не рабілі. Я заўсёды іх шкадую і тых і другіх.
Яшчэ хвіліна.Ужо развітваючыся, ён падняўся першым з-за столу. На маёй талерцы яшчэ заставаўся дранік. Ён па птушынаму лёгка, крадучыся як вялікая птушка, схапіў гэты дранік і хуценька з’еў. І знік нейдзе ўверсе. У мяне было адчуванне, што магчыма ён паляцеў капіраваць для кагосьці непаўторнага Шагала. Я сядзела і адчувала даўно забытую блізкасць гэтага чалавека, якой у нас ніколі не было, быццам мы даўно елі з адной талеркі і кармілі  адзін  аднаго сваёй лыжкай!


Марыя Вайцяшонак вядомая паэтка і журналістка.


Рецензии