У Мiнску без ападкау

Тэмпература паветра +27…+28 °С,
ясна, вецер паўднёвы, 0…2 м/с.

        З архіва прагнозу надвор’я
        на 26 мая 2014 г. (meteo.by)


13:28

Я кінула ў гарбату два кубікі цукру і пабоўтала ў кубку лыжачкай, паныла гледзячы на дысплей, дзе па мапе Беларусі курсіравалі аблачынкі. Цьфу, ніколі б не падумала, што працаваць прыйдзецца і пасля смерці. Яшчэ і шэсць дзён на тыдзень, ну вы падумайце! І не забудзьцеся на пазапланавыя дзяжурствы ў адзінюткі выхадны – панядзелак, які на генетычным узроўні ўспрымаецца як дзень непрыемнасцей. А ўсё чаму? Таму што нармальныя жыхары нябеснага свету ўдосталь напрацуюцца ў мітуслівую суботу і нядзелю і рвануць на заслужаны адпачынак, а на пасту давядзецца знемагаць тым, хто стармазіў у час састаўлення графіка. Ну і тым, хто стабільна не ў пашане ў кіраўніцтва. Карацей, будзьце разумнічкамі, не будзьце як я.

Увогуле падзяжурыць лішнюю змену не так і страшна: ніхто не замінае ціхамірна папіваць гарбату з якой-небудзь смачнінкай. Уся немалая зала ў тваім распараджэнні – хоць скідай назапашаныя калорыі, наварочваючы кругі вакол спячых інтэрактыўных мап рэгулявання ападкаў (у народзе ІМРАмі клічуць, бо лянота выгаворваць). Але ж сумна, людцы, сумна… Ва ўніверы хоць і апынаешся перыядычна пад дамоклавым мячом дэдлайну, затое тужыць няма калі. А тут… Ні табе формулак, ні задачак – сядзі і тыкай у мапу, усё разлічана за цябе. З чаго мне надумалася ісці ў нябесныя метэаролагі, калі ў іх ад нудоты памрэш нанова?

Дарэчы, я не прадставілася – Дзінка. Дзінка-адзінка, якая куды больш любіць лічбы, чым сваю нецікавую работу.

У цэнтры мапы Беларусі, падобнай на профіль таямнічага насата-вусата-валасатага пісьменніка, вісела агромністая хмарына – зусім як вуха. Я без ахвоты цюкнула яго па мочцы і, звяраючыся з планам, падкарэктавала сёй-той параметр. Насамрэч у мяне іншы фрагмент мапы, самы што ні ёсць дрымучы, але сёння я тут за ўвесь аддзел ападкаў, таму і шныру па ўсёй тэрыторыі. А даверыць кіраванне слепаглуханямой праграме – гэта як акругліць лічбу «пі» да тройкі і парадавацца, што можна абысціся без калькулятара. Адным словам, з такой хібнасцю шквальнае воблака папросту заляціць у Егіпет, а птушкі змогуць перазімаваць у Антарктыдзе.

Я так, утрырую. Трэба ж нечым пацешыць сябе, а то ва ўсім цэнтры ціша, як на экзамене, толькі шпаргалкі не шапацяць…

Накаркала! За спінай страшэнна грукнулі дзверы – я здрыганулася, і гарбата плёснула цераз край, апёкшы рукі. Натуральна, дысплей ІМРы таксама ўпрыгожыўся карычневатымі пацёкамі… і безнадзейна звар’яцеў. Аблачынкі спатыкнуліся і пакутна затрымцелі, намагаючыся зрушыцца з месца, прытым хуткасць ветру імгненна зашкаліла; параметры хмарыны хаатычна заміргалі: імжа, град, лівень, дождж, град, імжа, лівень…

Я з усяго маху ляпнула амаль пустым кубкам аб стол і люта насунулася на новенькага метэадыспетчара Валодзю – яшчэ адну ахвяру графіка дзяжурстваў.

– Гэта ты вінаваты, інтэграл цябе падзяры! Я табе так пагрукаю – будзеш хрысціцца ад кожнага шораху!

Валодзя паспешліва адступаў, перабіраючы даўжэзнымі нагамі, і ўсё церабіў нейкую паперку:

– Я чаго… Новую інфу далі: тэрміновы дождж у Мінск. І я куляй сюды…

– А тэлефон нашто? Пазваніць нельга? Трэба перціся ўласнай дурной персонай?!

Адчувальная да вільгаці ІМРА (дарма што ападкі рэгулюе) папярхнулася шыпеннем, выплюнула іскрынку-другую – і ўрэшце з дакорам згасла.

Я з’едліва склала рукі на грудзях:

– Што, дабіўся свайго? Бачыце, дожджык яму заказалі! Окей, вось табе самы сапраўдны дажджавы апакаліпсіс!


13:31

«Гармонікавы» спрытняга тралейбус ляцеў па Нямізе, скрыгочучы і шурхаючы ўсімі сучляненнямі, а Маруся, паглыбленая ў канспект, чаплялася за поручань і краем вуха лавіла назвы прыпынкаў. Момант, калі па запыленых, стамлёных ад спёкі шыбах пацяклі першыя струменьчыкі, яна прапусціла, затое выдатна ўчула незнаёмы зацяты перастук. Узняўшы галаву, надоўга падвісла: знадворку ўладарыў дождж, імкліва перарастаючы ў лівень, а ад вокнаў, аўтамабіляў, асфальту, расквітнелых парасонаў, самотных чалавечых постацей адскоквалі бязлітасныя ледзяныя гарошыны…

– Асцярожна, дзверы зачыняюцца, наступны прыпынак – «Музычны тэатр»!

З пачуццём блізкага смяротнага пакарання Маруся запхнула канспект паглыбей у заплечнік і папаўзла да выхаду, распростваючы парасон (добра, што яна па нейкай старэчай звычцы цягала яго з сабой, не зважаючы на надвор’е). У дзвярах усплыла адлюстраванне: майка з вачастым коцікам, светлыя штонікі да калена, адкрытыя басаножкі…

Жах як не хочацца вонкі! Але што ёй – у Малінаўку каціць? Універ не чакае!

Дзверы рассунуліся, як загародка для коней на скачках, і Маруся з віскам стартавала, рынуўшыся праз ліўневую сцяну. Яна згледзела слепаватае зялёнае вока святлафора, выскачыла на праезную частку – а трапіла ў раку, якая бруілася вакол шчыкалатак і забівала басаножкі ледзяшамі-кругляшамі. Мамачкі, якая ж халаднючая вада! А тут яшчэ падступнік вецер з моташлівым хрустам вывернуў хісткі Марусін парасончык і ўзяўся бамбардзіраваць яе градзінамі ўпярэмешку з дажджом. Яна панічна ўчапілася ў ручку, рыўком развярнула парасон супраць ветру і забілася пад самы купал. Спіцы жаласна стагналі і прагіналіся, пругкія струмені ліўня бесперашкодна сцябалі ногі…


13:36

– Чакаю карысных прапаноў! – пагрозліва запатрабавала я, калі высветлілася, што ажываць ІМРА не збіраецца. – Ты нахамутаў – ты і выпраўляй. І зараз жа, бо там робіцца Эйлер ведае што! Трэба ўсё хутчэй перанастроіць!

Валодзя вінавата пяліўся на мяне зверху ўніз:

– А ты ўключы другую мапу і настройвай сабе…

– От малайчынка, разумны хлопчык! Яны ж усе запароленыя, каб некаторыя асобы не ўздумалі сунуць у праграму свавольныя ручкі! І пароль я толькі ад сваёй ІМРы ведаю.

– Ну… А гэта што – таксама ІМРА? – Ён патупаў у далёкі кут, дзе пылілася нейкае старажытнае метэаралагічнае страшыдла, і сцягнуў брызент. Ну і агрэгат – упяцёх не абхопіш і трактарам не зрушыш! А спераду надпіс: «Дзьмухавец-1101».

Я пакалупала пакрыты ржой рубільнік і зрабіла запрашальны жэст:

– Калі ўмееш упраўляцца – калі ласка да пульта!

– Я што, метэаролаг? – уразіўся Валодзя. – Гэта вы там павінны былі праходзіць…

– Праходзілі, ды міма. Гэтая кветачка, нябось, яшчэ на напалеонаўскія войскі сняжок церушыла. Нашто яе вывучаць?

– Але… яна хіба не мінулага стагоддзя выпуску?

Падобна, гэты нуль без палачкі і з гіпербалай не знаёмы. Ні ў літаратурным плане, ні, баюся, у матэматычным.

Я плюнула і сама павярнула рубільнік. Апарат натужліва закрактаў, замігцеў лямпачкамі, і на пукатым чорным экране выявіліся знаёмыя абрысы – усмешлівы парсючок з адным лішнім капытком і ў капелюшы. Дзякуй дыферэнцыялу, гэты монстр «Дзьмухавец» рабочы! Ды яшчэ настроены адразу на каардынаты Мінскай вобласці!

Я знайшла колца маштабу і павялічыла адлюстраванне да контураў Мінска, скрыжаванага стрэлачкамі вятроў. Хм, яшчэ б асвоіць кіраванне… Само сабой, экран не сэнсарны. Вядома, мышкі няма. Ясны пень, у наяўнасці толькі прыборная панэль. А кнопак жа, кнопак! Ну хоць падпісаныя па-нашаму, і то добра.

Экран высвеціў поле для набору, і я напружылася:

– Бач, тэмпературу паветра запытвае, у яго свой алгарытм… Блін, ды не тармазі! Дзе той лісток з параметрамі?

Валодзя паслужліва хапнуў з майго стала скамечаную паперку:

– Плюс дваццаць тры градусы!

– Плюс дваццаць тры... «Пацвердзіць», – мармытнула я і прагна ўтаропілася ў дысплей. Спрацуе ці не?

Апарат старанна думаў.

– Не вісні ты, ну! – я гвазданула кулаком па металічным боку.

– Стой, ён проста сувязь не ловіць! – сцяміў Валодзя і тыцнуў у зашклёны прыбор, стрэлка якога ўздрыгвала каля самага нуля. Сунуўшыся да апарата з тылу, ён радасна падаў голас: – Антэна тут разбоўталася! Зараз мы яе…

Стрэлка скаканула да максімуму і з палёгкай хіснулася да сярэдніх значэнняў, а згодлівы «Дзьмухавец» выдаў новае поле.

Вось толькі паперку герой-дыспетчар прыхапіў з сабой.

– Ты трымай і дыктуй! – раўнула я. – Што там пра вецер?

– Паўднёвы, адзін метр у секунду…

Я агледзела кнопкі і вылаялася:

– Зараза, а літар жа няма, адны лічбы! Як я набяру напрамак?

Валодзя высунуў галаву, палыпаў вачыма:

– А калі… у градусах?

– Сячэш! – ажывілася я і, прысунуўшы стул, азартна застукала па кнопках.


13:43

Маруся на зыходзе сіл прабівалася скрозь непагадзь, сагнуўшыся ў тры пагібелі. Градзіны балюча стукалі па пальцах на нагах, вецер знасіў, з грудзей напераменку вырываліся то маленні, то праклёны – зараз яна скочыла б у салон першай жа машыны, хоць і самага бандыцкага выгляду. Але ж навокал панавала сюрэалістычная самота, як у фільме жахаў. Адзіны ў яе быў абаронца – ваяўнік-парасон, які працягваў мужна трымацца, страціўшы дзве спіцы ў няроўным баі…

Міма пракаціў аўтобус, разразаючы коламі вірлівы паток, і рассунуў дзверы на патрэбным Марусі прыпынку. Божачкі, як далёка! Яна наддала ходу, потым, адольваючы вецер, пусцілася бягом… Далёка, не паспець – а прыпынак нават без казырка!..

Аўтобус чакаў.

Апошні рывок! Яна ўвалілася ў заднія дзверы і, аддыхваючыся, удзячна павісла на поручні, а аўтобус пыхнуў і марудна пацягнуўся да чыгуначнага вакзала. І не важна, не важна, што праязны ў яе толькі на тралік…

Трохі апрытомнеўшы, Маруся намацала ў мокрым заплечніку тэлефон і, размазаўшы па экране пацёкі вады, набрала старасту.

– Ксанка, ты? Слухай… я таго, спазнюся… Хай не адзначаюць, добра?

– Ты не спяшайся, выкладчыцы таксама няма! – зацурчэў з дынаміка бойкі голас. – Я званіла Веранічцы, яны там абедзве ў метро маяцца, і гэта надоўга. Я наогул усіх нашых абзвоньваю… Ты сама як, жывая-здаровая? Жах, што робіцца! На Нямізе вады па самае не хачу, усё плыве…

Ліплі да ног пацямнелыя, наскрозь мокрыя штонікі, з басаножак струменіліся цэлыя ручаі. Коціку на майцы таксама давялося вымачыць лапкі, і ён прыкра тарашчыўся на пасажыраў, якія маладушна пераседжвалі навальніцу ў аўтобусе.

А першая пара – у камп’ютарным класе. Смех ды й толькі!


13:50

Я выцерла пот з ілба і расслаблена спаўзла ніжэй па стуле. Перад вачамі скакалі праграмныя коды ападкаў, каардынаты, градусы, працэнты…

Прыміраная пасля зносін з улюбёнымі лічбамі, я глядзела на Валодзю з большай сімпатыяй. Канешне, вылічыць лагарыфм я б яму не даверыла, але дыскрымінант ужо магла б.

– А нічога ў нас тандэм атрымаўся! Не хочаш перакваліфікавацца ў метэаролага? Арганізуем на пару ледніковы перыяд…

– Не, я пас. – Валодзя маркотна шморгнуў носам. – Тэхнікі і без таго зараз прыбягуць вытрасаць з мяне пыл, а начальства шчэ і дадасць.

Глядзі ты, не з нас вытрасаць, а з яго аднаго. Ці не рыцарскія замашкі гэта прадзёўбваюцца? Так пакрысе і адэкватным чалавекам стане, яму б толькі належную выхавацельку… Не, на з’ядзенне тэхнікам я гэтага лопуха не аддам. Удваіх адбівацца дык удваіх.

– Не трусь, вылузнемся, – паблажліва заявіла я. – Думаеш, мы такія першыя? Ну, вылічаць кошт ІМРы з зарплаты, ну, падзяжурым колькі тыдняў запар у дзве змены…

Яго вочы шалёна акругліліся, і я хіхікнула:

– Жартую-жартую, толькі прэмію вылічаць. А дзяжурствы штрафнікоў – у начную. Ты, галоўнае, дзвярыма не грукай, бо ў нас калі-нікалі сігналка буяніць. Сардэчна запрашаю ў клуб няўдачнікаў!


13:55

Маруся стаяла на святлафоры, дзівячыся, як хутка град змяніўся бяскрыўдным дажджом, калі з «Галілеа» выскачыла нейкая дзяўчына і шмыгнула пад яе парасон:

– Да цябе можна? Ты ж таксама ў тэхналожку, праўда?

– Туды! Я з першага курса, а ты?

– З другога. Але ўнівер так і не навучыў мяне браць з сабой парасон!

Маруся ацаніла мікраскапічнасць яе спадніцы і пырснула:

– З надвор’ем мы прамахнуліся, так? Я ўвогуле да апошняга хацела сукенку апрануць. Во прыгажунька была б!

Яны пашлёпалі цераз дарогу наўпрост па неабсяжных лужынах і ўліліся ў разнашэрсны паток людзей. Тыя з пытаннем кшталту: «Ой, я да вас, нічога?» – набіваліся пад парасоны да незнаёмцаў і крочылі далей па двое, па трое, рагочучы з кудлатых валасоў, размазанай касметыкі і мокрай да ніткі вопраткі.

І ніякая тэорыя імавернасцяў не растлумачыць, чаму адзін чалавек раптам напаткаў другога.

Проста лёсы залежаць ад выпадковага збегу абставін.

Гэта аксіёма.


11.01–18.02.2018


Рецензии