А якое раздолле для дзяцей

Нарыхтоука торфу.


З цягам часу, калi становiшся сталейшым, успамiнаеш тыя аповеды  бацькоў, бабуль i дзядуль. Вельмi шкада, што калiсьцi не надаваў гэтаму  пэўнай увагi. Успамiнаю, як мацi распавядала, як яны хадзiлi ў лес на нарыхтоўку лыка, потым плялi лапцi, якiя былi вельмi зручным абуткам, у iх нават хадзiлi  на танцы. Боты абувалi толькi калi iшлi да царквы, ды i то перад самым уваходам у яе. Па дарозе, у залежнасцi ад надвор’я, iшлi босыя альбо ў лапцях,  боты неслi звязаныя на палачцы за спiной.  Калi б вярнуць той час, то вельмi аб многiм я хацела бы iх распытаць.
    Вось таму i хачу расказать аб тым, як у Дубiне  iшла нарыхтоўка торфу, бо ужо, нават, для цяперашнiх падлеткаў  гэта навiна.
    Як толькi вяскоўцы ўпраўлялiся з агародам i заканчвалi пасадку бульбы, пачыналася пара нарыхтоўкi торфу. Цяперашняя моладзь запытае: а навошта? Асаблiва тая, якая жыве ў дамах з газам. Торфам Дубiнцы цеплiлi печы ў сваiх хатах. На гэта былi тры прычыны: па-першае, было блiзка балота; па-другое, бераглi лес; па-трэцяе, торф лепш трымаў цяпло. Але былi i недахопы – гэта тое, што ў хаце было болш курава. Людзi вымушаны былi часцей мыць столь i працiраць сцены.
    У часы нарыхтоўкi торфу  балота было падобна на пчалiны вулей, яно ўсё гудзела. Хтосьцi   пра нешта апавядаў, іншы спяваў, а хто сварыўся цi залiваўся смехам. Асаблiва гучна было ў час палудня,  людзi бераглi час i, звычайна, не хадзiлi дамоў, а палуднавалi на балоце. У гэтыя хвiлiны жанчыны заводзiлi песнi. Усё вакол замiрала, нават  конiкi пераставалi стракатаць, а, падавалася, седзячы на  травіках, нахiляючы іх долу, уважлiва слухалi дубiнскiя песнi.  На балоце ў гэты час можна было пачуць аб усiм. Калi б ты навастрыў вушы, то даведаўся б не толькi аб вясковых навiнах, але i аб тым, што адбываецца  на ўсiм белым свеце.
    Нарыхтоўка торфу пачыналася з таго, што кожны абгарожваў сабе ўчастачак, на якiм размяшчалася месца для капання торфу i палянка, на якой ён сушыўся. Спачатку на ўчастку, дзе збiралiся капаць торф, счышчалi ўсю зямлю аж да ўшчыльненага тарфянога пласта. На глыбiню  ў трыдцаць сантыметраў капалi разаком некалькi радоў торфу ў першым пласце, потым апускалiся нiжэй i капалi другi пласт. І так адзiн за другiм  аж да самага глею. Па атрыманых прыступках  рэзчык паднiмаўся наверх i зноў пласт за пластом  праходзiў да глiнiстага дна. Чым нiжэй спускаўся рэзчык, тым усе больш вiльготнымi  станавiлiся тарфяныя пласты. Апошнiя з iх амаль цалкам былi ў вадзе, якую  перад капаннем трэба было вычарпаць. Выразаныя цаглiнкi рэзчык падымаў наверх. Звычайна жонка i дзецi падхоплiвалi гэтыя кавалачкi i рассцiлалi iх па паляне так, каб яны не краналiся адзiн  другога. Па меры таго як торф прасыхаў, яго пераварочвалi, потым складвалi ў домiкi, а затым у кучкi i, нарэшце , у штабялi, якiя зверху пакрывалi цыратай, бо не было часу звозiць дамоў, таму што пачынаўся сенакос. І толькі  калi торф абагрэты сонечнымi праменьчыкамi i аблашчаны свежым балотным вецярком нагадваў буханку хлеба з падсмажанымi скарыначкамi, яго звозiлi у хлявы.
     Аднойчы, калi мы iшлi з бацькам на балота, ён сказаў, что разак для нарыхтоўкi торфу прыдумаў мой дзед у час капання студняў. А я падумала, што дзед, напэуна, прывёз гэту прыладу ў вёску, калi ездзiў на Усход здабываць соль. Вось калi я вучылася ў педвучылiшчы, дык успомнiла аб гэтым i запыталася ў дзяучынак, якiя прыехалi з Палесся. Але яны на мяне глядзелi вялiкiмi вачымi i не разумелi, аб якiм разаку iдзе размова. На маё пытанне, чым яны капаюць торф,  дружна адказалi, што лапатай. Так мы i разышлiся, яны не зразумелi мой разак, а я -  iх лапату.
      І вось цяпер, калi з’явiўся iнтэрнэт, я задала гэта пытанне яму. Але мой разак ён таксама не зразумеў. А на маё пытанне аб прыладах для нарыхтоўкi торфу,  выдаў шэраг вельмi нязграбных у парауненнi з нашым разаком прыстасаванняў.

      Цяпер я ўпэўнена, што гэта прылада, якая мела выгляд рамачкi, сапраўды нарадзiлася ў Дубiне, i не важна, хто з Дубiнцоў яе прыдумаў, а можа i калектыуна: адзiн адно прапанаваў, другi трошкi ўдасканалiў, а ў вынiку атрымалася вельмi эстэтычнае прыстасаванне, якое давала магчымасць выразаць кавалачкi  вельмi прыгожай i зручнай для сушкi формы, пры тым само было дастаткова лёгкiм i дазваляла сцячы вадзе ў час пад’ёма цаглiнкi наверх.

       Вось я распавядала пра ручную нарыхтоўку торфу, але на Дубiнскiм балоце торф здабывалi i механiзаваным спосабам. У паселку Беразiнскае ў 1959 годзе быў пабудаваны Торфабрыкетны завод, на iм працавала вельмi многа Дубiнцоў.
      За апошнiя двадцать гадоў дужа змянiўся ландшафт вакол Дубiны. На тым месцы, дзе цяпер разросся хмызняк (бярозкi, асiны, сасёнкi), у час майго дзяцiнства i юнацтва было асушанае балота. Увесь участак быў парэзаны канавамi, па якiх цякла вада. Плошчы, якiя ляжалi памiж канаў, называлi картамi. Пры дапамозе тэхнiкi, на трактарах з пычэпленымi да iх рознымi прыстасаваннямi, гэтыя карты ўзрыхлялi, потым  пры дапамозе вялiкіх торфаўборчных машын сабiралi тарфяную крошку i згружалi яе ў караваны, якiя зверху варушылi i раўнялi, каб яны хутчэй прасыхалi.

   А якое раздолле было для нас, дзяцей, асаблiва калi пасвiлi кароў. На кардонках альбо на кавалачках фанеры мы з’язджалi з тарфяных караванаў, як са снежных горак, а потым, усе мурзатыя  ад торфу,  з вялiкiм задавальненнем бегалi па канавах i лавiлi рыбак. Так,  у канавах вадзiлiся ваўчкi i келбачкi. Гэтых рыбак было вельмi шмат, яны iшлi чарадой. Дзетвара з дапамогай кошыка албо рукамi iх лавiла,  гэта было так забаўна. Ваўчкi калолi рукi, а келбачкi былi вельмi слiзкiмi. Было шмат смеху калi ты спрабаваў схапiць гэту невялiчкую рыбку, а яна, як вуж, выкручвалася i нават магла  падскочыць ды  хвастом “пацалаваць”  цябе ў нос.
     Ад Вузбалацi да Беразiнскага была пракладзена вузкакалейка, па якой хадзiлi матавозы, як грузавыя, так i тыя, што перавозiлi людзей. Iх называлi пасажыркамi. Хадзiў яшчэ маленькi вагончык, якi напамiнаў электрычку ў мiнiяцюры, яму чамусьцi дубiнцы далi назву Матрыса. Аднойчы здарыўся такi казус. Да Карзюкоў ехаў брат з сям’ёй  з Масквы. Калi ён на цягнiку прыехаў з Маладзечна ў Беразiнскае, то спадарожнiкi падказалi, што па вузкакалейцы можна даехаць да Дубiны i ў гэтым яму дапаможа дыспетчар. Масквiч задаволены пайшоў да дыспечара i папрасiў яго давезцi да сястры. Той не раздумваючы адказаў, что вось зараз прыйдзе Матрыса i ўсе паедуць у Дубiну. Госць цiха чакаў аж пакуль да дыспечара не направiлася вельмi зграбная жанчынка, якая працавала дзяжурнай. Масквiч вiхрам ускочыў з месца , бо баяўся каб хаця не застацца, падбег да гэтай кабеты i запытаў: гэта Вы Матрыса, завязiце мяне ў Дубiну. Пачуўшы  гэта,  усе развесялiлicя. Рагаталi з намi i гэта кабета i ён сам. Вось як бачыце,  дубiнцы  не толькi працавiтыя, але i вельмi жартаўлiвыя.
       Калi тарфяная крошка ў караванах высыхала, яе пагружалi ў вагоны i па вузкакалейцы адвозiлi на завод,  дзе нашы продкi рабiлi брыкет, які быў лепшым ва ўсей Беларусi.
      На тым месцы, дзе цяпер разлiвы, быў участак, якi называуся Багер, там з крана цякла газаваная вада, дзетвара, набегаўшыся за каровамi i па канавах у пошуках рыбак, гучным гуртам бегала туды папiць газiроўкi.
     А якiя смачныя грыбы раслi на балоце. Калi вярталiся з работы нашы бацькi, то яны неслi за плячыма па вялiкаму мяшку з грыбамi. Яны  былi беленькiя на тоўстай ножцы, i нагадвалi баравiчкi. Гэта сапраўды, што калi ў цябе ў хаце былi грыбочкi з балота, то на лясныя ты не звяртаў увагi.
    Цяпер, ва узросце, вельмi часта смуткуеш аб тых добрых часiнах з дзяцiнства i вельмi хочацца папiць той газiроўкi i са смакам з’есцi тых салодкiх грыбочкаў.


Рецензии
На это произведение написаны 3 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.