Акно у цемру

З дзён тыдня Валерый Аляксеевіч больш за ўсё не любіў нядзелю. Чаму нядзелю, спытаеце вы? Ды менавіта ў гэты дзень, які папярэднічаў адзінаму выхадному, на шостым паверсе Міністэрства лёсаў выстройвалася даўгахвостая чарга тых, каму абавязкова трэ было трапіць на прыём да інспектара вышэйшай катэгорыі, каб вырашыць пытанні нябеснага жыцця і зямной смерці – або наадварот.

Увогуле прыёмных дзён было два. Але ў сераду плынь жадаючых можна было перакрыць жалезабетоннай дамбай абедзеннага перапынку і наступных міністэрскіх спраў, а вось у нядзелю прыём пачынаўся ў другой палове дня і тэарэтычна мог доўжыцца да аўторка – абы ахвота была. На працягу як мінімум чатырох гадзін у кабінет уваходзілі, праслізгвалі, па-гаспадарску ўрываліся грамадзяне рознай ступені трывожнасці ды выплюхвалі вадаспад бессістэмнай балбатні.

Не была выключэннем і маладая жанчына ў шэрым паліто, якая пераступіла парог а палове на пятую.

– Разумееце, я... Мне даўно раілі адправіць запыт. Урэшце наважылася, а тут... вось... І ўжо заўтра! Трэба нешта зрабіць, не ведаю... Вы зможаце? Для мяне гэта страшэнна важна!..

Пакуль сыпаліся фразы, Валерый Аляксеевіч паспеў адшукаць наведвальніцу ў электроннай базе жыхароў раёна і прасканаваць спрактыкаваным позіркам асноўную інфармацыю. Прозвішча-імя-імя-па-бацьку (запамінаць гэтыя графы ён не браўся ніколі), зямное жыццё – з 1978 па 1990 год, не замужам, дзяцей не мае, раней у Мінлёс не звярталася...

– Прапаную сесці і сабрацца з думкамі, – суха сказаў ён і паправіў акуляры на доўгім носе. – У вас тры хвіліны. Зрабіце ласку, не затрымлівайце чаргу.

Яна хапанула ротам паветра і бездапаможна азірнулася на сакратарку, якая ў боегатоўнасці схіліла над стосам бланкаў прылізаную галаву.

– Добра, я... паспрабую. З чаго пачаць? – твар яе быў бялейшы, чым золкі восеньскі туман, які клубіўся за акном. Яна ўсё не садзілася і танклявымі нервовымі пальцамі пакручвала гузік паліто. – Мая просьба тычыцца...

– Хуткай смерці члена сям’і? – Валерый Аляксеевіч даследаваў схему сваяцкіх сувязей. – Члена сям’і мінулага жыцця.

– Так, і прытым яна...

– Алена Антонаўна? Год нараджэння – пяцідзясяты?

– Правільна, а...

– А дата смерці – 29 кастрычніка бягучага года, панядзелак, разліковы час – 21:45. Што ж, ясна. Не пазней чым праз тры гадзіны пасля здарэння вы атрымаеце засведчаны міністэрствам ліст з канчатковымі абставінамі. Але ўлічыце, што панядзелак – выхадны, таму верагодныя рознага кшталту накладкі.

Яна таропка захістала галавой, надламана ўсміхнулася:

– Стойце, вы не зразумелі... Не трэба ліста! Ліста не будзе. І абставін не будзе! Нічога не здарыцца вечарам панядзелка! Я якраз і прыйшла...

– Па ўсім відаць, гэта вам пакуль незразумелыя межы ўмяшання ў лёс чалавека зямнога свету. Надалей раю ўважлівей вывучаць рэкамендацыі для жадаючых наведаць дзяржустановы з мэтай вырашыць падобныя пытанні. А таксама азнаёміцца з падрабязным спісам падзей, якія дазволена змяняць.

Твар яе скамянеў. Блукаючы позіркам па кабінеце, яна ў замяшанні заправіла за вуха пасму светла-русых валасоў.

– Не, не, мы напэўна пра рознае! Я зусім не хачу  з м я н і ц ь  гэтую падзею. Я хачу яе  а д м я н і ц ь!

– Ці пачулі вы мяне? – ён звёў бровы. – Адмяніць смерць! Вы ўсведамляеце, водгалас якіх маштабаў выкліча дадзены спантанны ўчынак? Паспрабуйце ўявіць, з якой колькасцю арганізацый спатрэбіцца яго ўзгадніць!

– Але мне здавалася... Я хачу сказаць – хіба не ў гэтым заключаецца ваша... вашы прамыя абавязкі і...

– Міністэрства сапраўды аказвае жыхарам нябеснага свету некаторыя паслугі, прызначэнне якіх – палегчыць долю блізкіх, пакінутых у мінулым жыцці. Але выконваюцца такія заказы не ў сціслыя тэрміны. І выключна пасля пільнай падрыхтоўчай працы.

Яна ўхапілася за апошнія словы:

– Вось, у маім выпадку яна зусім не патрэбная! Паглядзіце там, у сябе... Гэта ж будзе не рабаванне якое... не забойства... Сюды не ўблытаны ніхто старонні! Гэта закранае толькі аднаго чалавека і ўплывае...

– ...на ўсіх, з кім ён будзе кантактаваць у далейшым жыцці. Найменшая змена запускае ланцуговую рэакцыю, кожнае калена якой неабходна выверыць, каб ацаніць агульнае ўздзеянне. У некаторых сітуацыях для такой карпатлівай працы недастаткова і тыдня.

Жанчына парывіста ступіла насустрач:

– І ўсё-ткі – зрабіце выключэнне! Калі ласка, хоць на гэты раз! Можна ж працягваць і пасля таго, як чалавека ўратуюць... Галоўнае – паспець выправіць хоць штосьці!

– Магу вас упэўніць: падрыхтоўка знакаў, якія перасцерагаюць ад небяспекі, – таксама справа не хуткая, – Валерый Аляксеевіч зрабіў глыток вады са шклянкі, не грэбуючы тым, каб абдумаць расклад крыху глыбей, чым пры павярхоўных прыкідках. – На лёс магчыма паўплываць праз сны, пачутыя размовы, сродкі масавай інфармацыі, а праца з імі патрабуе часу. Якога ў гэтым выпадку не назіраецца. Сон-прадвеснік не зманціраваць за гадзіну. Выпадковых спадарожнікаў трэба вылічыць задоўга да размовы і прасачыць за іх перасоўваннямі. У тэле- ці радыёэфіры павінна прагучаць максімальна канкрэтная фраза – а каб яе пачуць, неабходна яшчэ ўключыць адпаведнае ўстройства ў вызначаны час. У дадатак пры выкарыстанні любога з пералічаных спосабаў усё роўна застаецца верагоднасць, што кліент не надасць эпізоду ўвагі або ўвогуле будзе заняты сваімі думкамі. У выніку магчымасць прадухіліць здарэнне...

– Я ўсё слухаю, слухаю вас – і, шчыра, адчуванне, быццам нікога, акрамя мяне, не турбуе, што заўтра ў зямным свеце стане на аднаго чалавека менш. І гэтая смерць не ад старасці, не! Раптоўная заўчасная смерць – а яе можа не здарыцца! – яна падступіла яшчэ бліжэй, свідруючы яго напружаным позіркам. – Яна ўпадзе... У кватэры нікога... Немагчыма  т а к, разумееце? Я не дазволю  т а к!

Валерый Аляксеевіч, прамы і непахісны, як ліхтарны слуп у эпіцэнтры завірухі, перавёў позірк на манітор.

– Вымушаны паведаміць, што час, адведзены на прыём аднаго наведвальніка, заканчваецца. Вы атрымалі разгорнуты каментарый і змаглі ўпэўніцца, што ў вашым выпадку міністэрства прапанаваць сваю дапамогу не можа. Выказваем спачуванне і спадзяемся, што ў далейшым такіх сітуацый атрымаецца пазбегнуць.

– Чакайце... Што? Як вы можаце казаць пра час? Хіба скончыць прыём важней, чым... захаваць жыццё?..

– Усё мае адносную важнасць. У вашага пакорнага слугі зарэгістраваная найменшая колькасць скаргаў грамадзян з прычыны затрымкі пасля завяршэння прыёму. Смею заўважыць – менавіта дзякуючы фіксаванаму часу.

Вось тут яе вочы палымнулі сапраўднай лютасцю.

– Вы, урэшце, чалавек ці машына?! Няўжо, калі б з сэрцам стала блага вашай уласнай маці, вы сказалі б тое самае? Я не выйду адсюль, пакуль не пераканаюся, што мая заява будзе разгледжана і што згодна з ёю зараз жа пачнуць працу! – у голасе яе, раней няпэўным, трапяткім, прарэзаўся раптам метал, ад чаго сакратарка выраніла ручку. – Няхай мама выкліча сантэхніка паправіць кран, няхай суседка прыйдзе выпіць гарбаты, няхай хуткая заблудзіцца ў дварах і стане пад вокнамі! Няхай міліцыя пераблытае дзверы і ўзломіць кватэру! Хіба мала выпадковасцей можна падабраць, калі  х а ц е ц ь  гэтага?!

Гарачыня кінулася ёй у твар, чырвоныя плямы праступілі на шчоках. Яна рыўкамі раскруціла шалік і адкінула на крэсла, незнарок расхінула паліто... Валерый Аляксеевіч востра зірнуў скрозь акуляры на велікаваты жывот пад тонкім швэдрам. Цяжарнай не хапала!

– Прашу сесці! – сказаў ён з націскам. – Вашу пазіцыю я зразумеў і прыняў да ведама, цяпер вы паспрабуйце зразумець маю.

Пад яго чакальным позіркам жанчына звузіла вочы, але не скранулася з месца. Ён паклаў рукі перад сабой і пераплёў пальцы.

– Як вы маглі заўважыць, у мяне поўны калідор такіх, як вы. Двойчы на тыдзень. У сераду – з дзевяці да гадзіны, у нядзелю – з дзвюх да шасці. Па восемдзесят чалавек. Без «тэхнічных перапынкаў» на каву. Без перакураў і паходаў у супермаркет. Паводле статыстыкі...

– Раз вы не жадаеце пайсці насустрач, мне таксама напляваць на вашы праблемы! Вы працуеце з чалавечымі лёсамі, дык будзьце ласкавы зрабіць так, каб адзін з іх не перарваўся!

– ...паводле статыстыкі, семдзесят сем працэнтаў наведванняў тычацца калецтва або смерці сваяка. Калі б усе падобныя заявы задавольваліся, у зямным свеце не засталося б ніводнага чалавека з абмежаванымі магчымасцямі, а таксама ў пагражальныя тэрміны здарылася б перанасяленне. У сваю чаргу, пацярпеў бы і нябесны свет, у якім нараджальнасць знізілася б не менш чым напалову... што для вас з’яўляецца актуальным пытаннем. Услед за тым рэзка ўпала б колькасць працоўных рук – і прывяла да немагчымасці выконваць хаця б тыя функцыі, якія сёння мы можам на сябе ўскласці. Ці атрымалася ў мяне намаляваць карціну наступстваў?

Жанчына ўдыхнула, раздзьмуўшы ноздры, і павольна-павольна выдыхнула праз рот, узнаўляючы душэўную раўнавагу. Рашучы крок, яшчэ адзін – і яна абаперлася рукамі на стол, аж заплёскалася вада на дне шклянкі. Яго позірк міжволі выхапіў бледныя худыя пальцы з сіняватымі пазногцямі – напэўна халодныя.

– Добра! Добра. Паслухайце мяне ўважліва, Валерый Аляксеіч, – зрывіста загаварыла яна. – Забудзем пакуль пра зямныя лёсы: мая ўласная прафесія не мае да іх прамога дачынення. Я працую ў галіне медыцыны. Кім – не важна... Зрэшты, у вашай базе ўсё і так адзначана. Галоўнае – аб’ект маіх даследаванняў. Памяць. Пра тое, далёкае жыццё. Старыя ўспаміны сыходзяць, перакрываюцца свежымі... асабліва калі перакрываць амаль што няма чаго. А для вас – для вас гэта можа з’яўляцца «актуальным пытаннем». Бо зямны даўгавечнік не падняўся б у Мінлёсе да вашай пасады.

У Валерыя Аляксеевіча ўздрыгнулі вусны.

Яна настойліва працягвала:

– Успаміны – рэч кволая і ад таго каштоўная ўдвая. Імя і ўспаміны – усё, што застаецца ад мінулага. Згубіць іх – значыць згубіць самога сябе, сябе тагачаснага... А гэта якраз тое, што хочацца пранесці ў сабе да канца. Я ведаю! У мяне было толькі дванаццаць гадоў. Большая частка такога кароткага прамежку не захоўваецца ў памяці, бо ранняе знікае першым... Або захоўваецца – калі ўзмацніць памяць з дапамогай спецыяльна распрацаваных лекаў. Гэтыя лекі пакуль прадаюцца толькі па рэцэпце. У мяне ёсць паўнамоцтвы выпісаць такі рэцэпт.

Сакратарка ўцягнула галаву ў плечы.

Валерый Аляксеевіч вытрымаў паўзу, апусціўшы павекі. Вусны яго раз-пораз расціскаліся, але ж, не выпусціўшы ні гуку, ізноў змыкаліся. Урэшце ён загаварыў – нягучным размераным голасам, амаль шэптам:

– Першае. Падобныя словы ў сценах гэтай установы могуць быць расцэненыя няправільна, таму будзем лічыць, што я нічога не чуў.

Шкрабнулі па стальніцы пазногці – жанчына імкліва выпрасталася.

– Другое. Пры працягласці зямнога жыцця, якая адпавядала б, скажам, палове вашага тэрміну, колькасць захаваных успамінаў імкнулася б да нуля. А з узростам верагоднасць поўнай страты гэтых успамінаў павышаецца хутчэй, чым верагоднасць ускладненняў ад позняй вятранкі. Такія рэчы або выпраўляюцца своечасова, або не выпраўляюцца зусім. Вы, як медыцынскі работнік, гэта таксама ведаеце. І трэцяе...

Расплюшчыўшы вочы, ён раптам устаў – яна адхіснулася, нязграбна натрапіла на крэсла і села.

– Трэцяе. Як медык, ізноў жа, вы павінны ўсведамляць, што з пэўнымі сардэчнымі захворваннямі чалавек да ста гадоў не пражыве. Рана ці позна цела не вытрымае – і ў дадзеным выпадку лепей рана. Ці не прыходзіла вам у галаву, што якраз сэрца можа ўратаваць ад такой смерці, якой вы не пажадалі б нават мне? Не ўсе паміраюць лёгка, не ўсе паміраюць ад хвароб. Ды і ад хваробы памерці лёгка давядзецца не кожнаму. А сканаць ад голаду на падлозе ў пустой кватэры, не маючы сіл дабрацца да тэлефона... Дарэчы, не выключны выпадак, – удакладніў ён, пабачыўшы, як пашырыліся ў яе вочы. – Паўтараю: не кожнаму выпадае развітацца з жыццём лёгка, як наканавана Алене Антонаўне. Калі гэта з’яўляецца для вас слабым суцяшэннем, успомніце Закон кампенсацыі, згодна з якім нешчаслівае зямное жыццё кампенсуецца шчаслівым нябесным. І наадварот. Мяркую, дазволіць чалавеку апынуцца там, дзе ён пазбавіцца самоты, – не самы подлы ўчынак з пункту гледжання гуманнасці. Яшчэ пытанні?

Сустрэўшы пусты пакорлівы позірк, ён сеў і залпам асушыў шклянку.

– Што выпісваць? – паўшэптам спытала сакратарка.

– Як звычайна. І... наліце яшчэ вады, калі ласка.

– Бягу! – яна маланкай вывела на бланку дзяжурны радок і перакінула аркуш на яго стол. Схапіўшыся за графін, азірнулася на наведвальніцу: – Можа, і вам вады? Гэй, чуеце?

Жанчына безуважна глядзела ў паркет.

– А ведаеце... Мне зараз столькі ж гадоў, колькі было ёй, калі я нарадзілася, – яе рука лягла на жывот. – А... у вашым выпадку ён спрацаваў? Асабіста для вас Закон кампенсацыі спрацаваў?

Ручка Валерыя Аляксеевіча з нечага памарудзіла над бланкам.

– Каб адказаць на гэтае пытанне, трэба ведаць, ці шчаслівым было тое жыццё.

Ён распісаўся стрымана, спрытна і востра, і на дакумент апусцілася пячатка.

Крыху павярнуўшы галаву, жанчына ўгледзелася ў бляклы прыцемак за акном. Ударылі па падаконні першыя дажджавыя кроплі, і кабінет адразу паменшаў, сціснуўся...


***

Кружыліся знадворку бязважкія камячкі снегу, валілі густа, быццам іх сыпанулі шчодрай рукой. Усюды сляпучая бель і чысціня: белае неба, белыя сцены, белы халат маладой смяшлівай доктаркі, чыя рыжая шавялюра, сцягнутая ў вузел, – адзіная тут яркая пляма. А халат такі ёсць і ў яе самой. Да дэкрэту яшчэ магчыма было яго зашпіліць, цяпер жа на гэтым жываце безнадзейна губляецца і датчык ультрагукавога даследавання.

– Не шкадуеш, што нельга будзе выбраць імя? Бач, і ў зямным жыцці справа не выгарала, і тут аблом!

– Ты здзівішся, але... не, не шкадую. Наадварот – раз нічога не змяніць, толькі спакайней. Галоўнае, прозвішча маё... Там хоць нармальна, а? Давай, забі...

– Усё пуцём, Свецік! Ужо можна сканаваць галаўны мозг. Відно выдатненька! Ты як, гатовая да гістарычнага моманту?

– Баюся, што не.

– Не дрэйф, маньякі ды самазабойцы да цябе не прыліпнуць! Усё, пачынаю. Заадно імейка дазнаемся. Хаця я б на тваім месцы больш імем па бацьку азадачылася. Што твой голуб пералётны? Залётны, блін... Як яго – Пецька, Федзька?

– Мікіта. Не маю ўяўлення. Думала, хаця б наконт мамы паўплывае... А мог жа.

– Цю, Мікіты ўсе такія! Думаеш, чаму іх татамі ніхто не прызнае? Вось я за абодва свае жыцці ніводнага Мікітавіча не сустрэла! І ніводную Мікітаўну. Пры тым, што аб’яднанымі гадкамі хутка сотню перасягну! Дарэчы, на юбілей зазываю апрыёры, родамі цур не адгаворвацца... Не нагадаеш сваё прозвішча з таго жыцця? Я картку запаўняю...

Голас у доктаркі не змяніўся ні на ёту – прафесія такая, – але сэрца пацыенткі затахкала трывожна.

– Што там?

– Ды нармалёк, чаго ты адразу...

– Што там выдала?

У жываце патрабавальна штурхануліся: хопіць, маўляў, грукатаць пульсам, у агляднай будучыні і так цішы не прадбачыцца!

Доктарка, больш не хаваючыся, працягла прысвіснула.

– Ведаеш... тут такія пірагі... Карацей, Леначка ў цябе, раднуля. Леначка!

– Хто?! – яна памкнулася сесці, але атрымала знутры новы нездаволены выспятак і з вохканнем абаперлася локцем. – Ды не магла душа, ёй жа сорак дзён і... Хаця... Рытка, падлічы! Падлічы зараз жа! Колькі прайшло, Рыт?..

Але тая захоплена рагатала:

– Такі падфарціла табе, сябровачка! Гэта ж каб сваяк трапіўся – адзін выпадак з трох тысяч! Ой, не магу... А каб хто з бацькоў – памнож на пяць-дзя-сят!.. Э, без каманды нюні не распускаць, мы за вас абедзвюх яшчэ ўсім кагалам келіхі паднімем! Во – за тое, каб маці з дачкой часцей у адным целе сустракаліся!

«Леначка, значыць», – падумала яна і праглынула камяк у горле, праводзячы позіркам вялізныя пухкія сняжынкі – нібы злучыліся па дзве, па тры, па шэсць, жадаючы ляцець разам. А памяць падсоўвала вобраз іншага акна, за якім былі толькі цемра і слота.

Ведаў ён ці не ведаў? Ведаў ці не?..


15–20.01.2019
(рэд. 19.02.2023)

Значонак, Д. Акно ў цемру / Д. Значонак // Маладосць. – 2019. – № 10. – С. 19–23.


Рецензии