Пушынка

Я задумалася. Дакладна не магу сказаць аб чым. Хутчэй – не ведаю, бо здараюцца такія выпадкі, калі немагчыма злавіць свае думкі.

Зачараваная водарам гарачай кавы, сагрэтая вясновым сонейкам, я сядзела і аб нечым – нават не ведаю аб чым – думала, і глядзела ў адну кропку: радкі на маніторы камп’ютара то расплываліся, то зліваліся.

І раптам перада мной праляцела пушынка ад дзьмухаўца (адкуль яна з’явілася? Дзьмухаўцам яшчэ не час) і «села» каля маіх рук. І мне ўспомнілася…

У дзяцінстве мы з сяброўкай загадвалі такой вось пушынцы жаданне. Гэта ўсё Марынка прыдумала (а мо і не прыдумала?!). Яна ўвогуле ведала больш, бо ў яе была старэйшая сястра. Таму я заўсёды верыла сяброўцы. Марынка і расказала мне, што, калі загадаць жаданне на пушынку, а потым пусціць яе, жаданне абавязкова спраўдзіцца. Мы разам і загадалі. Праўда, не памятаю, аб чым мы тады прасілі і ці спраўдзілася тое жаданне – нам з Марынкай было па пяць-шэсць гадоў…

Зараз мне трошкі больш... Але я ўсё так жа веру сваёй Марынцы і таму, што яна мне некалі разказвала.

Вось вазьму пушынку і загадаю жаданне! А потым выпушчу яе ў адчыненае акенца – хай ляціць. І маё жаданне абавязкова спраўдзіцца. Я веру…


Рецензии