Родная вёска
А зараз яна, ідучы па дарозе, што праз вёску і лес вяла да палёў, на якіх некалі калгас вырошчваў сланечнік, адчувала сябе той маленькай дзяўчынкай, якая кожны год прыяжджала да сваіх любімых бабулі і дзядулі.
У блакітным небе гуляла цёплае сонейка. Дзяўчыне здавалася – не, успаміналася – што ў гэтай вёсцы заўсёды было толькі сонечнае надвор’е і ніколі не было дажджу...
Дзяўчына ішла і бачыла, як яна, толькі яшчэ маленькая, будуе на гэтай дарозе вялікі замак з пяску, у якім абавязкова будзе жыць прынцэса са сваім прынцам. А вось яна лепіць піражкі – пэўна, смачныя, бо робіць іх сваімі маленькімі ручкамі вельмі старанна.
А вось яна па-гаспадарску садзіць і праполвае агарод – дапамагае бабулі. Тая распавядае малой пра сваё жыццё: як амаль што не памятае свайго дзяцінства, як пакутвалі ў час вайны, як потым жылі ў зямлянках, як пайшла замуж, нарадзіла дзвюх дачушак, як працавала ў калгасе. А дзяўчынка слухае, не перабівае…
Недзе за хатай дзядуля навівае воз сена, кліча ўнучку – бо добра ведае, што тая любіць катацца на коніку. Яна бяжыць да яго. Дзядуля садзіць яе на вялікі воз, і яны вязуць сена ў пуню. Едуць праз вялікі сад. Вельмі смачна пахне яблыкамі, але ж з’есці іх яшчэ нельга – зялёныя.
На ўскрайку сада расце елка. Іх тут саджалі дзве – кожную ў год нараджэння дачушак. Але засталася толькі адна, маміна…
– Бабуля, я вырасту і буду тут жыць, – засынаючы, абяцае дзяўчынка.
– Навошта, малеча, табе гэта старая хата? – пытаецца бабуля. – Яна ж разваліцца.
– Не, бабуль, не разваліцца. Я адрамантую і буду жыць. І нават тваю шафу, у якой дзвярынка паламался, адрамантую. Не выкіну, не. Яна мне пра цябе напамінаць будзе.
…Амаль што нічога не змянілася ў вёсцы. Усё так жа стаяць у ёй шэсць хат. Хаця некалі, як расказвала бабуля, тут было дваццаць два двары. І тады маленькае яшчэ дзяўчо не ўяўляла, як яны тут умяшчаліся – вакол жа лес?
Вёска засталася ўсё той жа ўтульнай і роднай. Толькі вось гасціннасці ў ёй не стала – сустракаць гасцей ужо няма каму…
Сцяжынка да хаты бабулі і дзядулі зарасла травой у рост чалавека. Не бачна стала і калодзежа, у якім заўсёды была такая студзёная і такая смачная вадзіца. Ды і хата з пунямі і хлевам пакасіліся…
Дзяўчына падышла да роднай хаты, прысела на ганак… Вакол панавала цішыня…
Свидетельство о публикации №220021301823