Згадкi

***
Люблю хуткасць!
Тата вязе мяне ў вазку. Але я ў ім не сяджу, а стаю. Мне так больш падабаецца.
Тата вязе мяне бягом.
Я еду хутка.
А па дарозе я ірву гарох з калгаснага поля, якое набягае на нас…


***
У садку давалі боршч. Смачны. Але без смятаны…
Пасля абеду мяне з садка забірае тата. Мы едзем у калгасную кантору – у яго там справы. Тата просіць, каб я пачакала яго ў аўтобусе. Абяцаю.
Але чакаць не магу. Выходжу з аўтобуса адразу за татам. Праўда, ён гэтага не заўважыў.
Тата заходзіць да старшыні калгаса. Але я забегаю наперад і дакладваю:
– А ў садку смятаны няма!
Нямая сцэна…
З таго часу смятана ў садку была заўсёды.


***
Па тэлевізары ў нейкай дзіцячай перадачы паказвалі фокусы. Дзядзька-чарадзей з чорнымі вусамі пракалоў прутком паветраны шарык, але той не лопнуў.
У мяне з сёстрамі таксама ёсць шарыкі. Я хачу паказаць ім фокус…
Цяпер у мяне няма шарыка.
Я – не фокуснік…


***
Тата расказаў, што яны ў дзяцінстве зямлянку капалі…
– Марынка, давай і мы зямлянку выкапаем, – прапаноўваю я сваёй сяброўцы.
Марынка згаджаецца.
Пачынаем капаць. У двары. Лыжкамі…
Хвілін праз пятнаццаць зразумелі, што месца для нашай зямлянкі не падыходзіць.
Употай ад бацькоў узялі рыдлёўкі і пайшлі капаць “пад горку” (за лазнямі стаяла гара).
І у нас з Марынкай таксама была зямлянка.


***
Мы ўжо амаль дарослыя, нам па 11-12 гадоў. Па вечарах мы палім вогнішча “пад горкай”.
З суседняй вёскі да нас прыйшлі хлопцы. Пасядзелі, пагутарылі…
А потым мы праводзім сваіх гасцей – яны кажуць, што баяцца нашых сабак.
Што зробіш – час такі: цяпер дзяўчаты праводзяць хлопцаў да дому…


***
Вечар. Ідзём з сяброўкамі праз поле да суседняй вёскі – так бліжэй. З намі хлопцы.
Амаль выйшлі на вясковую дарогу. Бачу – з-за паварота з’яўляецца святло.
– Машына, – выказваю думку.
Усе валяцца ў траву, як па трывозе…
– Не, здалося, – супакойваю я. – Гэта святло ў вокнах хаты.
Усе ўстаюць. Адбой трывогі!


***
– Я ніколі не бачыла, як цвіце лён, – кажа мне сястра.
– Як не бачыла? – здзіўляюся я. – Успомні, калі да бабулі з дзядулем ездзілі і пошту з мамай насілі – каля дарогі лён рос. Ён да абеду цвіце. Беленькі і блакітны.
– Не, не бачыла.
Адчуваю сябе дыназаўрам. А я ж старэйшая за сястру ўсяго на адзін год!


***
Я баюся павукоў. Яны, пэўна, пра гэта ведаюць, таму заўсёды трапляюцца мне на вочы.
Сяджу чытаю кнігу. І раптам заўважваю: па сцяне, як па праспекце, да мяне ідзе павук, хуценька перастаўляючы вялікія ногі…
З ложка мяне здзьмула ветрам…
Добра, што мая суседка не баіцца павукоў: яна выратавала мяне ад павука, а павука – ад мяне…


***
Мая сяброўка Ірка заўсёды была модніцай. Ёй першай у вёсцы бацькі купілі чорныя джынсы.
– Джынсы “Джордас”, – кажа Ірка, – у іх вырасла ўся Амерыка.
А я думаю: і навошта было такія купляць – уся Амерыка насіла гэтыя джынсы, а цяпер Ірка іх данашваць будзе…


***
– Нельга вечарам малым дзецям па вуліцы хадзіць, – кажуць старэйшыя дзяўчаты ў маёй вёсцы. – За імі леў ззаду ходзіць.
А мне цікава – трэба праверыць, ці ёсць у нашай вёсцы леў.
Пасля вячэры, калі на вуліцы ўжо пашарэла, ціхенька выходжу на ганак і спіной станаўлюся да дзвярэй – мне з трох старон будзе відаць, калі леў прыйдзе (у хаце ж яго няма).
Хвілін дзесяць стаяла. Леў не прыйшоў…


Рецензии