Трэба дома бываць часцей

          Трэба дома бываць часцей,
          Трэба дома бываць не госцем,
          Каб душою не ачарсцвець,
          Каб не страціць святое штосьці.
                Р. Барадулін

***
Трэба дома бываць часцей…
Але там ужо ніхто не чакае –
І сустрэчы з радзімай радзей,
І сцяжына да хаты ўжо зарастае…

Б’ецца ў вокны галінкамі вішня,
Нібы просіць хоць кроплю цяпла,
І пытае: ну як жа так выйшла,
Што няма болей у хаце святла?

Ужо даўно не вядуць да ганка
Узоры вывучаных слядоў…
І чамусьці за вокнамі ранкам
Не насмажыць ніхто бліноў.

І маўчыць на сцяне гадзіннік –
То спыніўся не час, жыццё…
Галасоў не чуваць тут гасцінных
І ўсмешкі сышлі ў забыццё…

Вецер ціха па садзе гуляе,
Нібы варту ахоўнік нясе –
Паміж градак стаптаных віхляе,
Ураджай сціплых яблынь трасе.

Рыпнуць дошкі старыя ў плоце,
Калыхнецца нябачна трава –
Колькі год жыве хата ў самоце,
Але ўсё чакае гаспадара…
               
                Снежань 2018


Рецензии