Рабы звычак. Дурыбары

РАБЫ ЗВЫЧАК. ДУРЫБАРЫ
Людзі рабы звычак. Як прывыклі так і робяць. Іншы раз да абсурду даходзіць. Перавучвацца цяжка. Ды і не заўсёды відавочна чалавеку, што ён робіць няправільна. Прывык так рабіць і робіць машынальна, не задумваецца нават. А потым раптам: “Оп! Нічога сабе… А калі так? Эўрыка!” І пачынае па-новаму рабіць, дайшло нарэшце, што яго ранейшыя дзеянні былі неразумныя.
Вось адкажыце мне, як вы напаўняецце вадой ванну? Я дваццаць гадоў напаўняў “дожджыкам”, -- кідаў гнуткі металічны шланг на дно ванны і адкрываў кран. Яшчэ іншы раз гантэляю зверху прыціскаў, бо ад напора вады шланг мог выкручвацца вужакай і дожджык пырскаў на сцены. І толькі год таму здагадаўся, што ванну можна напаўняць “гусаком”. Ніякіх праблем табе. Адвярнуў гусак з ракавіны ў бок ванны, -- і цурчыць сабе струмень, і ніякіх праблем! Спытаўся ў жонкі. Аказваецца, і яна, і дзеці напаўнялі ванну “праблемным” чынам. Не ведаю, хто і чаму ўвёў такі абсурдны метад. Прывыклі так, і рабілі так, не задумваючыся.
Або другі прыклад з іншай оперы. Гадоў сем я працаваў на радыё. І многія праграмы рабіліся журналістамі па такому алгарытму. Замаўляецца студыя, запрашаецца субяседнік, запісваецца праграма, манціруецца… Здымаецца тэкст, аркушы складваюцца ў “мікрафонную” тэчку і нясуцца на подпіс. Збіраеш подпісы і праграма запускаецца ў эфір. Адзін з подпісаў “цэнзара” (ён называўся іншым словам, але без яго подпіса праграма не магла трапіць у эфір, гэтую пасаду займаў Душкевіч, прозвішча гаварыла само за сябе). І вось аднойчы, ён прачытаў тэкст перадачы і загадвае: “Здыміце вось гэтае, і гэтае, і гэтае выкіньце!”.
- Я не магу так зрабіць.
- Чаму?
- Перадача ўжо запісана. Калі я выкіну, памяняецца хронаметраж, парушыцца логіка…
- Ага, вось яно што! Наступным разам прыносьце мне тэкст перад запісам.
- Добра.
Праз колькі дзён прыношу перад запісам яму на столь некалькі дзесяткаў пытанняў. Ён глядзіць: “Што гэта?”
- Пытанні, якія я магу задаць у студыі выступоўцу, а магу і не задаць. Я ж не ведаю, якім рэчышчам пацячэ размова.
Шпурляе мае аркушы: “Што вы тут дурня ўключылі. Калі запішаце перадачу, калі яна бузе гатоваю, тады і прыносьце!”
- Дык калі я запішу, то тэкст будзе ўжо і на плёнцы, і яго без пашкоджанняў немагчыма будзе выкінуць.
“Цэнзар” задумаўся. Думаў доўга: “Ну ўсе ж астатнія неяк робіць?” – паціснуў ён плячыма.
- Вось так і робяць. А я не буду.
Ці валёнкам прыкінуўся “цэнзар”, ці сапраўды не ведаў, што ўсе проста займаюцца падлогам, а ў эфір ідзе зусім іншае, ну, зусім не тое, што ляжыць у мікрафоннай папцы, у якой ён ставіць свой салідны і такі неабходны подпіс. Доўга ён са мной ваяваў. Я не здаваўся і не хацеў сам рабіцца дурнем і рабіць так, як робяць усе. Праз колькі месяцаў нарэшце празрэла Чайка (мой галоўны рэдактар): “А ён жа праўду кажа! Гэта ж нейкі абсурд, тое, што мы робім, гэта ж суцэльнае глупства? Навошта той Душкевіч увогуле там сядзіць?”. Разам з Чайкай пайшлі да Ядранцава (ён тады галоўным быў на радыё), -- таго доўга пераконваць не прышлося. Неяк адразу ўсё зразумеў і з усім пагадзіўся. Мне дазволілі абыходзіцца без подпісу “цэнзара”, калі праграма запісваецца ў студыі. А я вельмі добра ведаю, чаму Ядранцава не прыйшлося доўга пераконваць, бо ў свой час, калі Лукашэнка ішоў у прэзідэнты, просты журналіст Ядранцаў падмануў Душкевіча і крамольны матэрыял пайшоў у эфір… Пасля таго Ядранцаў і стаў начальнікам на радыё.
Я да чаго ўсё гэта распавядаю? Да таго, што на носе зноў чарговыя прэзідэнцкія выбары. І беларусы зноў будуць галасаваць “тайна” і зноў праз кароткі час іх яўна і нахабна падмануць, калі будуць аб’яўляць канчатковыя вынікі. Вы скажаце, “заваёва дэмакратыі”, “ва ўсім свеце так робяць”? А калі ўсе пойдуць тапіцца, і беларусы следам пабягуць? Ці ўсё ж такі задумаюцца… Мы ж не да такой ступені рабы?


Рецензии