Вирусныя аблоки

Вірусныя аблокі
Я зайшоў у аўтобус. Усяго два пасажыры былі ў масках. Вось, падумаў я, і сюды паніка пачала пранікаць і прысеў на свабоднае месца. Жанчына, што стаяла каля мяне і трымалася за поручань, пачала заходзіцца кашлем, на яе твары не толькі не было маскі, але яна нават не прыкрывала даланёй магчымыя вірусы, што разсейвала па салоне. Хоць і не надта баюся каронавіруса, але было крыху непрыемна. Хацелася сказаць, вы хоць прыкрываліся б, але я прамаўчаў.
 
Выходзячы з аўтобуса, вынес з сабою думку, што Гасподзь гаворыць з чалавецтвам і праз вірус. Нешта ж хоча Ён сказаць гэтай нечаканай пандэміяй і панікай, што забіла ўсе сацыяльныя сеткі і паволі выплёскваецца на вуліцу. Бачыў учора відэа: у Кіеве адзін закашляў у аўтобусе, дык яго тут жа пабілі і выкінулі на вуліцу. Беларусы ж пакуль церпяць, нават заўваг не робяць. Праўда, некаторыя пішчом лезуць у каранцін. Мо хто з прыродазнаўцаў бачыў такую карціну, вуж (гадзюка) гіпнатызуе позіркам жабу, глядзіць на яе з адкрытай пашчай, жаба пішчыць, упіраецца, але ўсё адно сама лезе ў рот. Так і некаторыя людзі, пішчаць, упіраюцца, але самі лезуць у каранцін.

Так, Бог знойдзе спосаб сказаць чалавеку, або нават усяму чалавецтву тое, што ён хоча данясці. Праз сны, праз думкі, пачуцці, праз супадзенні… У лютым навальніца з грымотамі была, гэта Неба гаварыла з людзьмі, але ці пачулі? У гэтым годзе снега зімою амаль не было, зямля ўвогуле не прамёрзла, а гэта ж Гасподзь нешта сказаць хацеў? Можа пра той самы каронавірус папярэджваў?

Не думаю, што Творца будзе даводзіць сваю волю людзям, як некалі прарокам даносіў, громагласным голасам з нябёсаў, ці гаварыцьме з куста палаючай смакоўніцы. Хутчэй за ўсё ён прамаўляціме праз жывое, праз прыроду, надвор’е, праз братоў нашых меньшых, праз птушак і жывёл. Скажам так, захоча Айцец Нябесны выбраць сярод мільярдаў для асобнай місіі аднаго з сваіх сыноў і захоча паказаць свайго абранніка іншым. І нашле на гэтага чалавека птушак, усякую жыўнасць… Куды б ні пайшоў чалавек, а за ім следам птушкі ляцяць, -- галубы, вароны, галкі, вераб’і… Буслы, хоць іх і рэдка ўбачыш у мегаполісе, што там буслы – колькі страусаў прытопае з самое Афрыкі і будуць хадзіць за тым чалавекам. А людзі здзіўляцца будуць, што гэта такое робіцца, чаму птушкі толькі за гэтым чалавекам лётаюць? Сабакі рвуцца з павадкоў і бегаюць за тым чалавекам, быццам ён Цар прыроды, бегаюць, каб усе зразумелі, што для нечага ён абраны. І ўсе пачнуць задавацца пытаннем, што ў тым чалавеку ёсць такога, што няма ў іншых? Прыйдзе чалавек дахаты, а каля пад’езда лось стаіць, з лесу прыйшоў, стаіць і грукаецца рагамі ў яго пад’езд. Адчыніць кватэру, а там… Нагу няма куды паставіць, -- жучкі, павучкі, матылькі, пазаляталі, пазапаўзалі праз адкрытую фортачку. І сам ён задумаецца тады, чаму на яго ўсё жывое паказвае, што хочуць ад яго, чаго чакаюць? І людзі пачнуць даставаць яго пытаннямі. Цэлая камісія прыйдзе, сядзе ў кватэры і скажа: “Ну, давай! Гавары, што нам рабіць далей і як жыць, каб усё добра было?”. Чалавек спачатку адгрэбвацца пачне, маўляў, нічога я не ведаю, я такі ж як і ўсе… Але ж яны не адстануць, самі пачнуць даказваць, што ён нешта такое ведае. Сядзе нарэшце чалавек, і задумаецца… І пачне разважаць і дзяліцца сваімі думкамі. З тым чалавекам і будзе Гасподзь.

Вось так разважаў я, ідучы па тратуары, каб сустрэцца з жонкаю і сёе-тое прыкупіць з прадукатаў у супермаркеце. І раптам падняў галаву і глянуў у неба. І абамлеў. Проста перад вычым ў вышыні нябёсаў белымі аблокамі былі выпісаны тры літары, усяго тры літары, але ж якія! На небе было напісана слова “БОГ”, выразна так чыталася, акрэслена. Я аглянуўся па баках і ўбачыў, што непадалёк таксама стаіць мужчына, гадоў сарака, і глядзіць у неба.
- Вы бачыце? – падбег я да яго і нават смыкнуў таго за рукаў, -- бачыце, што напісана?
- Бачу, бачу… Нічога дзіўнага, я ехаў у тралейбусе і прасіў Госпада, каб ён падаў мне знак…Вось ён і падаў.
Я уважліва паглядзеў у твар чалавеку, нават адхіснуўся ад яго, быцца ад агню, зноў зірнуў на неба… Толькі тры размытыя белыя плямкі.
         24.03.2020 г.


Рецензии