Вятрак

Млын стаяў узбоч дарогі, нерухомы і маркотны, нібы застыў у прадчуванні нейкае бяды. У нябёсах адна за другой насоўваліся хмаркі, зліваліся ў адну цяжкую набраклую хмурыну. Яна ў роздуме завісла над ветраком,  па яе бухматай шчацэ скацілася слязінка, затым другая… Мокрыя кропелькі ўпалі на крыло млына… Той не зварухнуўся. Расплакалася раптам хмара, нібы адзінокая  бабуля над пакінутым жытлом і сыпанула дажджом. Недзе незадаволена завуркатаў гром і паспяшаўся паглядзець, хто гэта асмеліўся разбудзіць яго так рана. Ноч яшчэ панавала ў прасторы, ухутаўшыся  ў мяккую коўдру смугі. Хмарка на момант сумелася, пасінела, нібыта садно,  затым здрыганулася і амаль зайшлася плачам. Гром не на жарт усхадзіўся. Ён бегаў па небе, як смаркатае хлапчанё,  галёкаў раззлавана то тут, то там, затым з грукатам скааціўся на дно апраметнай і заціх недзе ў віру на калу  разам з рэхам. У лагоднай цішы ціха крочыў дождж.
Наплакаўшыся, хмара пасунулася далей, падабраўшы лахманы сваёй шырокай спадніцы. Раптам з-пад яе карункаў вынырнуў сярпок месяца, а за ім, нібыта жнейкі ў полі, жменька бліскучых зорак. Гром яшчэ раз азваўся і захлынуўся ў хвалях  суцьмені.. Дажджу як і не было. Толькі адзінокі вятрак ля дарогі блішчэў і пераліваўся серабром у водблесках месяца.Прачнуўся ветрык, падзьмуў  і млын ажыў на вачах. Спачатку павольна, але рашуча разагнаўся і залопаў  усімі сваімі крыламі,  раскалыхваючы начную цішыню. І яна расступілася. Неба праяснілася, прарасло першымі сонечнымі промнямі. Зямля таксама ўсімі сваімі парасткамі  пацягнулася ў нябёсы. А старэнькі вятрак махаў і махаў  крылллем пад  залівісты спеў птушак.  Яму трэба было перамалоць усе свае  дні і ночы, каб струменілася наваколле жыццём.   
 А наш Сусвет? Ці не нагадвае ён  Вятрак,  на крылах якога прымасцілася і наша маленькая  планета?


Рецензии