Скрыня

СКРЫНЯ
 
    Ветах месяца заглядваў  сваім  рогам у шыбіну, бы  карова з-за вугла.  Ісці на вуліцу не хацелася. Заснежана і сцюдзёна, хоць і сціхла завіруха яшчэ ўчора, познім вечарам. Праз шырму  з другога пакоя чуўся мерны храп. Гэля, пазяхаючы, абулася ў цётчыны буркі, нацягнула вязаную камізэльку і сунулася ў сенцы. Намацала клямку, адкрыла процілеглыя дзверы, ступіла на парог. Калісьці тут быў  “дзядзінец”, так называла старую хату прадзедаў з акалічнымі забудовамі цётка Параска. Цяперака, справа ад Гэлі, было пустое месца для парасяці, крыку воддаль – стойла для каровы Зоркі….--Му- у –у! – пазвала тая дзяўчынку. Відаць, пазнала, не забылася, хто вадзіў яе на сакавітыя  кундалькі летам.  Сёлетняй восенню Гэля стала першакласніцай…
 Дзяўчо зрабіла крокі два ўперад, затым два ў бок левы, прысела і падняла карункі прасторнай начнушкі.  Бліснулі ў прыцемку голыя ногі, затым з-пад іх баўна* папаўзла цякоміна*, пранікаючы ў халодны земляны дол. Карова яшчэ разок няўпэўнена мукнула, але падымацца, з нагрэтай уласным целам саломы, не стала. Над ёй, на тоўстай сваі, неахвотна завуркаталі куры.  Гэля падхапілася, хуценька падалася назад, да дзвярэй. Зачапілася за нейкую дзеравяку, пахіснулася, схапіўшыся  за вугал скрыні, што аказаўся пад рукой. Цяпер справа ад яе было акно, з якога падала халоднае святло  ад сумётаў на пограбе, што насупраць. Высвеціўся бялюткі, нібы здань, Гэлін тварык.  Ды і на двары пачало залчэць, а на тварыку сутунелі цікаўныя вачаняты, што ўтаропіліся на нейкія літары на дашаку: Х В.  Пальцы самі ляглі на засаўку ў клямцы, адсунулі яе. Рукі ўхапіліся за вечка, адкінулі да сцяны. Зверху ляжала нейкае друхло: з’едзеная моллю  квяцістая гаруска*, кашуля-вышыванка з іржавым гаплікам і адарваным рукавом, засыня ад жырандолі, а пад ёй - палінялы вахлец*, пусты гаманец*, ды нейкая скамечаная насоўка… Не, здаецца, не скамечаная, а завязаная ў вузельчык. Дзяўчынка спрытненька адкалупала сваімі пазногцікамі канцы хусцінкі, развязала яе. І аж войкнула. На яе зіхоткімі пырскамі глядзела брошка. Нейкі момант Гэля заслупенілася* на яе, затым паклала  ў кішэню вязанай апранахі.  Плаўна апусціла вечка скрыні… Хомар* раставаў у цішы, нібы напаўняючы яе дымам. Гэля хуценька шмыгнула за парог, мільганула цераз сенцы, прасунула галаву ў хату і не адпускаючы ручкі дзвярэй, прыкрыла іх.
- Не спіцца табе? – буркнула сонная цётка. – Яшчэ нават пеўні не кукарэкалі!
А тыя, быццам пачуўшы яе, навыперадкі загаласілі па розных кутках ваколіцы. Самы басавіты быў певень цёткі Параскі. Пэўна ж, запявала! Яму азваўся тоненькі  задзірысты галасок  суседскага пеўніка і, як снежны ком, пакаціўся разам з другімі адгалоскамі над вёскай ажно да самых Ведзерак, асядаючы там на белае футра ялін.
- Трэ ўставаць…- выплыла з-за шырмы цётка і закруціла куксу на галаве. – Ты што, да ветру бегала? Казала ж, вядро ў кутку, каля вілачніку…
- Ай, ванець будзе,- заўважыла  Гэля, схаваўшыся пад коўдру.
- Не будзе, калі вынесеш…
- Смешная гэта цётка, - разважала дзяўчынка,- схадзі сама і выносіць не трэба… Але спаць расхацелася. У вачах стаялі зіхоткі ад нечаканай знаходкі.
- Чыя гэта цацка? Цётчына? Сказаць ёй ці не?
Яна чула, як расчыніліся дзверы, як азвалася пустая даёнка…  Пэўна, цётка вывела Зорку ў сенцы…
- Зараз сырадоем паіць будзе, - ляніва пацягнулася дзяўчо пад цёплай коўдрай сну.
…Сонечны праменьчык ушчаміўся ў вугал адкрытай форткі, слізгануў па сцяне, заглянуў на прыпечак, за якім жвава скакаў агонь, юркнуў на печ, і спыніўся на вейцы дзяўчынкі. Заварушыліся вусны, крануліся ўверх бровы і раскрыліся вачаняты, але тут жа зажмурыліся ад сонца. Гэля падхапілася, нібы праспала нешта важнае… З палёгкай уздыхнула, спусціла ногі з чарэні: не, сёння нядзеля, у школу ісці не трэба. Маці адпусціла яе начаваць да бацькавай сястры. Летам дзяўчынка “прападала” тут, балазе побач, адразу за кундалькамі – рэчка. Кундалькі  за гародамі. Якіх толькі кветак там не было!  Жоўтая лотаць, бэзавыя і ружовыя званочкі, рамонкі, блакіцістыя незабудкі, чырвоныя “часікі”, зязюльчыны слёзкі… Нават зімой  занудзілася, папрасілася  да цёткі на выхадныя… Некалі яе бацькі жылі таксама тут, а цяперака ў новай хаце, на другім канцы вёскі, бліжэй да шашы, што шыбавала да горада.
Дзяўчо мякка каўзанула з печы на грубку, адтуль на драўляную падлогу, засланую даматканымі дыванамі ў палоску . Адкінула рукой русявую пасму са шчакі і  машынальна сунула руку ў кішэню камізэлькі… Брошка! Як быццам толькі што распукнулася чароўная кветка. У цэнтры, на залатых вусіках, успыхвалі тры празрыстыя кропелькі, адсвечваючыся ў чатырох буйных камянях- пялёстках. На сонцы яны ззялі, іскрылі, пераліваліся. У Гэлі аж перахапіла дых!
 У сенцах пачуліся крокі, у прыадчыненыя дзверы прасунулася цётка. У руках – паўнюткія вёдры з вадою. Яны занялі сваё пачэснае месца тут жа, на лаўцы, што каля акна.
- Гэта ты адчыняла скрыню? - спыталася Параска. – Клямка адсунута…Чаго стаіш басанож?
 Гэля ад нечаканасці разгубілася і сціснула знаходку ў жмені так, што тая  ўпілася ў пальцы.
- Так, гэта я ў цемнаце спатыкнулася і наляцела на яе. – А што гэта тамака за літары, на самым вуглу вечка? – Гэля абулася ў свае цёмна-сінія боцікі.
- Гэта мой дзед пакінуў напамін. Х В. – Хрыстос Васкресе! Хоць і  быў дзякам у царкве, але рэзаў па дрэве, як пяром пісаў. Колькі абразкоў было ім аздоблена…
- Дзед Сямен? Той, што згарэў?
- Так, мая пляменніца,- захлюпала носам цётка, прысеўшы на лаўку ля вёдраў з вадою. Гэля прымасцілася на ўслончыку насупраць.
- Вось толькі гэтая скрыня і ўцалела, ды ікона “Неапалімая купіна”, што над ёю вісела. Усё астатняе – наспрах! А затым і Багародзіца прапала. Куды падзелася, нікому не сказала.
- Ага, я чула.
- Тады пра гэта ўся вёска гудзела. Нейкія “вандалы” падпалілі. І што гэта за страхоцце такое, ніхто не бачыў, але ж нават на могілках гармідар учынілі…
Кажуць, што сярод іх ваўкалакі ёсцека. Родзічамі могуць прыкінуцца, вось як!  Адзін такі племяшом Сямёнавай жонкі назваўся. Камяні нейкія шукаў, брылянты… Прыдумаў жа, хлус смаркаты!  Аніся хоць і шляхеткай сябе звала, але нічогенька за душой, апроч  кашулі ды бліскучай сушпілкі* на ёй, падобнай на язьмін.  Дык мае пацеркі не горш былі, хіба што не так зіхцелі, бо чырвоныя, як буракі, але ж на шыі гарна сядзелі!
- А дзе яны цяпер? – загарэліся вочы ў пляменніцы.
- Ото ж, добра, што напомніла. У маёй шафе. Зараз! Параска знікла за шырмай, пакалупалася там і задаволена пасміхаючыся вынесла адтуль нізку бліскучых каменьчыкаў. Надзела на дзявочую шыю: “Насі!”
- Ой, як прыгожа! –заскакала Гэля перад люстэркам, што вісела на сцяне.- Ты самая лепшая цётка на свеце! – і павісла у той на шыі.
- Хопіць, задушыш!
Задаволеная жанчына зняла з жэрдкі, што вісела ўздоўж печы цадзілку з марлі, паклала зверху на гліняны глечык і стала цадзіць малако.
- Я ж не Аніся. Як ні прасіла даць сушпілку,  хаця б прымераць на сукню, ды дзе там! Як не чула, бо  з прыветам!  Глядзець было весела: прышпіліць толькі, калі па цеатрах у горад ездзіла. Дзетак нашых, бач ты, вучыла гаварыць, як немцы.  Скажа слоўца па іхняму,  дык быццам квактуха ў сенцах!  Вязе ёй, памерла раней дзеда, не бачыла яго абгарэлага. Чорны, як галавешка…
- Як галавешка?! - спалохана перапытала Гэлька.
- Ат, не слухай дурную! Калі па праўдзе – пляткую. Сама не бачыла, міліцыя не пусціла. Цётка наліла кубак сырадою, працягнула пляменніцы: “Пасмакуй”.
Гэля ўзяла, адпіла палову, аблізала вусны, паставіла кубак на стол.
- А вось сушпілка была залатая. Шкада, што згубілася.  Аніся казала – хвамільная. Гэта значыць таксама шляхетнага роду. І ты, жэўжык мой, не наброда. Паслухмяная і  ласкавая, і крамяная, і рухавая.  А як смехам зальешся – шляхетка і ўсё тут! А як жа іначай? Радуйся, дзіцятка, пакуль  сэрцайка скача. Не насмяешся – не налыбішся! Мне табе, ясачка, нічога не шкада, ні пацерак , ні сушпілкі. А ў той скрыні адны дабіркі. Як адкрыла – галаву схіліла: ні шыла, ні мыла, ні рукам не ўсцешна, ні вачам не міла . Глядзець ненашта, так і закрыла.
- Гаворыць, як сцішок чытае, - захапілася Гэлька.
Параска ўзяла недапіты  кубак, паднесла да рота, ды так і застыла, здзівавана  ўтаропіўшыся  на Гэліну далоньку, на якой пералівалася ўсімі колерамі  тая самая брошка-сушпілка! Кубак вываліўся з рукі, упаў і перакуліўся. Каля яго адразу, адкуль ні вазьміся, з’явіўся чорны кот і пачаў вылізваць малако. Але цётка не зварухнулася. І раптам у яе зноў прарэзаўся голас:
- А Божачка! – загаласіла яна. -  Адкуль гэта?
 І  перажагнулася на кут з іконамі.
- Гэта было там,  у хусцінцы… Гэля паказала рукой на сенцы і падалася да цёткі.
- Не! – спалохана замахала тая рукамі.  – Ты знайшла, значыцца так і трэба. Яна твая. 
Цётка куляй вылецела з хаты прама ў хлеў і адразу да скрыні. Гэлька за ёй. Не зважаючы на холад абедзьве жанчынкі нахіліліся над ёмішчам. У кут з сенам паляцела гаруска, кашуля, засыня, вахлец, гаманец , насоўка… Затым паказалася цёплая і даволі прыглядная ватола. Гэля любіла ўкрывацца ватнай коўдрай зімой, але зараз увага яе была скіравана на дно скрыні. Там ляжала ікона. Цётка дрыжачымі рукамі  падняла яе, павярнула да акна. На свет глядзеў Лік Багародзіцы. Гэта і была яна, “Неапалімая Купіна”. Цётка аберуч абняла яе, як роднае дзіця, як жывую істоту, апусцілася на калені і заплакала. Пацяклі слезы і па шчацэ дзяўчынкі. 
Суцішаныя , прасветленыя яны ўдваіх вярнуліся ў хату. Павесілі на кут Багародзіцу. Памаліліся.  Гэля прытулілася да цёткі, абняла яе.
- Трэба любіць адно аднаго, пакуль жывыя, інакш можна не паспець, - нібы самой сабе сказала цётка. - Збірайся, пойдзем у царкву.
Гэля адзела сукенку, грэбнем расчасала валасы, што спадалі на плечы, запляла ў касу, замацавала блакітнай стужкай,  завязала на галаву хустку. Параска завярнула ў гаруску ікону. Паварушыла ў печы вуглі, зграбла іх вакол вялікага чугунка і прыкрыла засланку. Праз нейкую хвіліну былі на дварэ. Ад хаты да вуліцы вяла прачышчаная ад снегу сцежка –дарожка.
Царква стаяла недалёка, дамоў гэтак дзесяць прайсці. Зусім старэнькая, але ўцалелая і пры Саветах, і ў вайну. Ахоўвалася, як помнік. Але ж злодзеі разы тры абіралі яе. Адзін раз нават папаліся. Гэта былі нейкія гультаі з суседняга сяла. Пасля гэтага тут дзяжурыла міліцыя. А нядаўна, пасля рамонту паставілі Раку з мошчамі святой. Гэля ніяк не магла запомніць, як яе завуць. Хацела перапытаць у цёткі, але не паспела – прыйшлі.
Людзей было даволі густа. Прыехалі з суседніх вёсак і нават з горада. Везлі сваіх блізкіх памаліцца, прыкласціся да мошчаў, папрасіць збавення ад хваробы.  Кажуць, аберагала і дапамагала святая, калі малітва была шчырай, ад чыстага сэрца. Служба ўжо пачалася.  Хто проста слухаў спеў псалмаў , а хто варушыў вуснамі, падпяваючы. Гэля паставілі свечкі перад абразамі. На некаторых віселі вышытыя крыжыкам набожнікі. Цётка падышла да матушкі, якая стаяла за прылаўкам, дзе ляжалі  - кнігі,прасвіркі, свечкі,  нешта сказала ёй на вуха і падала свой пакунак . Тая знікла за дзвярыма збоку. Затым вярнулася на месца ўжо без нічога і кіўнула цётцы галавой: “Чакайце!”
Служба заканчвалася, але ж Гэлька паспела акунуцца ў лёгкую плынь Божага слова, што ўздымала яе пад самы купал, туды, дзе яна адчувала сябе анёлкам. 
Пасля службы да іх падышоў Бацюшка. Доўга пра нешта гаварыў з цёткай. Калі царква амаль апусцела і чарга да Ракі закончылася, Бацюшка  разам з  манахам побач з ёй павесілі  “Неапалімую купіну”. Затым адамкнулі замочак і паднялі шкляное вечка. “Як і дзедава скрыня…” - падумалася  Гэлі.
- Памаліцеся каля адкрытых мошчаў! – звярнуўся Бацюшка  да цёткі Параскі і паклаў руку на галаву дзяўчынкі, асяніў крыжом.  Яны засталіся адны. Сталі на калені і схіліліся ў малітве. Колькі часу прайшло Гэля не заўважыла. Яна глядзела на лік Святой, на залатыя і срэбраныя пярсцёнкі з ланцужкамі, што віселі вакол. Іх пакінулі людзі, якім трэба было толькі адно: здароўе і благаславенне Ўсявышняга… Перахрысцілася, дастала брошку, пагладзіла пальчыкам зіхоткія пялёсткі, затым ціхенька паклала ў Раку.
На вуліцы іх сустрэла яркае сонца. Снег іскрыўся і пераліваўся, як пырскі той сушпілкі, якая стала знакам цнатлівай душы дзявочай і яе зусім не дзявочага розуму. І старая і малая адчувалі ў душы тую раскошу, якая магла абагрэць увесь свет.
- Ой, цётачка! – не ўтрымалася дзяўчо, - мне так радасна, што хочацца кожнага стрэчнага абняць! - Гэля чмокнула Параску ў  шчаку. – А ты таксама на сёмым небе?
- Як у Бога за пазухай!
Звінеў снег пад нагамі, сонца ў небе грала ўсімі колерамі вясёлкі, яго промні, нібы матылі кружыді над галовамі прыхажан, азараючы іх светлым німбам.
                Слоўнік
Скрыня – сундук
Ветах – палова месяца на сходзе.
Баўна- павольна, марудна
Цякоміна – струмень, вадкасць
Гаруска- квяцістая шарсцяная хустка
Вахлец – веер
Гаманец – кашалёк
Засыня – абажур
Жырандоля - люстра
Хомар- імгла, смуга
Гармідар – вэрхал, кавардак
Сушпілка – брошка
Раскоша - благадаць


Рецензии