Песцiкi i тычынкi

 Той школы даўно ўжо няма, як і няма паловы тых, хто некалі ў ёй вучыўся.
Пабудаваная адразу пасля вайны яна доўгія гады была для нас тым месцам, дзе пазнавалі мы навуку жыцця , адкуль расправіўшы крылы пачалі свой палёт.
Школы няма, а вось памяць аб ёй будзе жыць пакуль жывы хоць адзін з яе былых вучняў і потым, перажыўшы апошняга сведку, будзе ўсплываць яна ўспамінамі ў перыядычным друку, або загучыць адвячоркам у вершах мясцовага паэта ці ў аповесці празаіка, што расказвалі некалі пра родныя мясціны ў сваіх творах.
 Вось і першы свой расказ рашыў я распачаць аб падзеях тых дзён, калі я, вучань шостага класа, напісаў свой першы верш яшчэ не разумеючы мабыць, што ў мяне атрымалася.
 Акрамя галоўнай школы, з якой я і пачаў сваю водпаведзь, непадалёку знаходзіўся яшчэ адзін будынак, невялікая хата прыстасаваная пад майстэрню для працоўнага навучання і ўсяго адзіны вучэбны клас.Вось тут раз-пораз даводзілася нам вучыцца. Для нас гэта было маленькае свята бо, пакуль прыходзіў настаўнік з галоўнай школы, мы ўспявалі пагуляць у розныя гульні і адчуць сябе крышачку дарослымі. У класе нас было дваццаць чалавек:сем хлапчукоў і трынаццаць дзяўчынак. Як кажуць амаль два к аднаму не ў нашу карысць.
 Напрыканцы  была ўжо трэцяя чвэрць, вось вось пачнуцца вясновыя канікулы.
На вуліцы ярка свяціла сонейка і збоч дарогі ,у канаве, беглі вясёлыя раўчакі.
Снегу яшчэ было шмат, але на ўзвышшах ужо віднела трава, якая нібы дымілася парам прагрэтая сонцам і заклікала нас бегчы гуляць у лапту.На вербах, што раслі абапал сцяжынкі, ужо  жаўцелі і брунелі  коцікі, а на галінах чорнымі кропкамі сядзелі шпакі. Звонка ценькалі сініцы, а на кусты  каліны шэрай хмарай наляталі  шматлікія амялушкі сілкуючыся гронкамі ўцалеўшых ягад. Вясновы настрой перадаўся кожнаму з нас, таму ў клас не вельмі хацелася  ісці, але трэба было.
 У той памятны для мяне дзень, на ўрок батанікі прыехаў да нас правяраючы з РайАНА. Ён сядзеў адзін за партай, нешта памячаў у сваіх запісах, а мы адказвалі на пытанні кантрольнай працы.Яна была пісьмовай таму, хуценька выканаўшы ўсё, што датычыла песцікаў і тычынак, амаль з паў урока я сядзеў нічога не робячы. Крыху марна патраціўшы час я пачаў нешта пісаць.Гэтае нешта было падобна на верш, прыемна рыфмавалася і хвалявала мае пачуцці. Я ўявіў сабе як будуць здзіўлены мае сябры хлапчукі пачуўшы мой верш.
      Вясна прыйшла і к нам дарэчы
      І раўчакі вакол звіняць.
      Абняць бы мне цябе за плечы,
      Ды ў шостым- рана абдымаць.
      Але вясновая спакуса,
      Мне зноў спакою не дае.
      Нібы агонь  палаюць  вусны
      І кружыць нешта ў  галаве...
І чым далей я паглыбляўся ў свае мары, тым больш дарослымі былі пажаданні ў вершы.Канчатковы варыянт яго  без чырвані і чытаць было немагчыма, але гэта мяне тады  не палохала.Вось пачытаю сябрукам хуценька  ды і парву яго.
 Напрыканцы зусім добра атрымалася, амаль без крыўды для ўсіх дзеючых асоб.
      Трывожна неяк б, ецца сэрца,
      Бо трацім мы дарэмна час.
      Дзяўчаты нашы сумясь перцаў,
      Не заўважаюць нават нас.
 На перапынку, калі настаўнік з правяраючым пайшлі ў галоўную школы, я пачаў чытаць хлопцам свой верш.Здзіўленыя дзяўчаткі не маглі адразу зразумець прычыну нашай весялосці, але нарэшце,адна з іх выхапіла ў мяне з рук паперу ды і ўручыла яе настаўніцы, што прыйшла весці наступны урок.
 Настаўніца тая была яшчэ і нашай суседкай,таму мне не цяжка было здагадацца, што мяне чакае.Калі не выключаць са школы- бацькавага рамня ўжо дакладна не мінаваць!
 Настаўніца, азнаёміўшысь са зместам майго верша, у адрозненні ад хлопцаў, паводзіла сябе больш стрымана. Аднясу твайму бацьку -няхай парадуецца за сына.
 Што адчуваў я наступныя сорак пяць хвілін-ворагу не пажадаю.Як толькі  скончыўся ўрок  і настаўніца накіравалася ў галоўную школу, я пакрочыў услед за ёю, на хаду просячы на прамілы Бог, вярнуць мне тыя вершы.Калі Марыя Дзмітрыяўна адчула, што раскаянне дасягнула апагея, яна працягнула мне аркуш і параіла разарваць яго неадкладна.
 Падзякаваўшы настаўніцу, з вершам у руцэ, кінуўся я з усіх ног у туалет, дзе разарваўшы яго на маленькія кавалачкі, выкінуў у вурну. Так я развітаўся з першым сваім творам, развітаўся з палёгкай уздыхнуўшы і як аказалася запамятаваўшы на ўсё жыццё.
 На гэтым у гэтай гісторыі можна было б паставіць кропку, але яна яшчэ мела свой працяг.
 Мінула часу  трохі болей  за месяц і аднойчы забегшы ў хату з вуліцы, я ўбачыў там бацьку і дырэктара нашай школы Паўла Паўлавіча.Дарэчы кажучы былі яны сваякамі і з нейкай нагоды частаваліся за сталом.
 З дырэктарам, у свеце апошніх падзей, мне не вельмі хацелася сустракацца, таму я хуценька накіраваўся туды адкуль прыбег, але ля самага парога голас дырэктара супыніў мяне.-Трэба Лёша(бацьку звалі Аляксей)сына твайго ўжо жаніць!
Што казаў дырэктар далей невядома, бо выскачыў з хаты я як ашпараны, не разумеючы чым вызвана такая прапанова.
 Ужо шмат год пасля, калі не не ды і нахлынуць успаміны аб мінулым, зразумеў я, што дырэктар  усё ж ведаў  пра мой учынак, таму і выпраўляў  мяне такім чынам у дарослае жыццё.
Мінула амаль паўвека з той  пары, як зачыніліся за намі  дзверы школы і на доўгі час, ці на ўсё жыццё разлучыўшы нас хлопчыкаў і дзяўчынак разам з нашымі пачуццямі, з нашым каханнем, з нашым, розным у кожнага, лёсам , але  як сённі  перад вачамі і тая школа, і ўсе тыя вучні дзеля каго вершаваў я свае першыя радкі.
У пачатку гэтай зімы пазваніў я ў Мінск, той самай Марыі  Дзмітраўне, бо дасылаў ёй свае зборнікі вершаў і нагадаў ёй аб гэтым  выпадку . На жаль, а можа наадварот, адчуваючы як я зноў пачаў чырванець адказала яна, што не памятае менавіта гэтае. Але памятае іншае- экскурсію ў лес куды, апрача сала з хлебам, я прыхапіў чвэрць гарэлкі.
Але гэта ўжо зусім другая гісторыя.


Рецензии