Бяспройгрышная тактыка
Усё больш прытрымліваюся пяцігадовага ўзросту, дзе мой герой быў тым, кім быў я ў той гісторыі, бо яна, гэта гісторыя, ніколькі не прыдуманая, а запамятавалася мной з далёкага дзяцінства.
Вёска наша ў сямідзесятых, нібы паўнаводная рэчка, лілася шырокай дарогай з краю ў край, а з абодвух бакоў прыгажэлі палісадамі хаты. Шмат зеляніны : бярозы, ліпы і звісаючае на агароджы голле вішань ды сліў рабілі іх амаль непрыкметнымі, а бэз, што быў каля кожнай з іх, быў той адметнай рысай, што ўласціва нашым месцам. Каля сарака дамоў, паглядаючы адзін на аднаго, красаваліся сваімі аканіцамі упрыгожанымі разьбой па дрэве і сваімі жыхарамі : Лявадцамі!
Мае землякі! Колькі добрых слоў я паведаў і яшчэ паведаю пра Вас, расказваючы ўсім, якія тут непаўторныя месцы, якія цудоўныя добразычлівыя людзі жылі і хадзілі па гэтых вуліцах, дзе мне давялося нарадзіцца і пазнаць шчасце маленства і юнацтва. Чаму ў мінулым часе? Таму, што засталося ад вёскі ўсяго пяць хат.
Дажываюць тут тыя, хто памятае тыя шчаслівыя гады. Але ўжо, каб не згубілася наша вёсачка зусім, як тыя, што былі раней непадалёк ад нашай, не канула ў Лету-наш аднавясковец і мой кум узвёў на нашай вуліцы трохмятровы крыж з металічных труб ды і прымацаваў да яго запамінальную шыльду. А яшчэ быў бацюшка з царквы і асвяціў гэты крыж. І праз стагоддзі ўспомніць нехта лявадцаў і, мабыць, кветкі ўскладзе да крыжа.
Калі хто жыў у вёсцы ў той час, то будзе памятаць, як святкавалі свята Уваскрасення Хрыстова. Не ў горадзе крыху іншы быў парадак.
Дык вось, у Чырвоную суботу мама заўсёды тапіла печ, а потым красіла яйкі, выцягвала з печы прыгожыя кулічы і накрывала гэта ўсё саматканым ручніком на стале.
Хаты загадзя прыбіраліся і бяліліся. У чысты чацверг мы ўсе разам выносілі ўсю мэблю ва двор. Нават ложкі разбіралі. У пустой хаце заставалася толькі шафа. Потым маці разводзіла крэйду, дабаўляла туды лазурак ды, пачынаючы са столі, бяліла абодва пакоі. За дзень пабелка не ўспявала высахнуць, таму спалі мы, адсунуўшы ложкі ад сцяны. Малым я заўсёды баяўся скаціцца ўначы з ложка, таму з аднаго боку клалі старую коўдру, робячы невялічкі бар'ер, а з другога боку клаўся бацька. Для мяне гэта было таксама прыемна, бо спаў я заўсёды адзін, а ў гэтую ноч прасіў тату, каб ён расказаў мне што-небудзь са свайго жыцця. Пра тое, як служыў у арміі, як ваявалі з бандэраўцамі. Цікавыя гэта былі гісторыі, а цёплае бацькава плячо дапаўняла гэту ідылію дзіцячага шчасця. Хутка, набегаўшыся за дзень, я ўжо спаў, а бацька яшчэ нейкі час гладзіў мае валасы.
Раніцай Вялікадня, адзеты ўжо ва ўсё новае, крочыў я на суседнюю вуліцу, у самы яе канец.
Царквы ў нашай вёсцы не было, таму вяскоўцы нікуды не спяшаліся, разгаўляліся, як кажуць у народзе, дома, а потым выходзілі на вуліцу, каб пахрыстосавацца з іншымі.
Выносілі лаўкі, садзіліся побач адзін ля аднаго ды працягвалі частавацца.
Жанчыны ў вышытых фартухах ды прыгожых хустках жвава аб нечым гаварылі, а пасля і песню зацягвалі, а мужчыны рэзаліся ў даміно ці ў падкіднога.
У гэты час я ўжо крочыў назад. Крочыў такім чынам, каб мяне ўсе заўважылі. Дзе трэба было прыцягнуць да сябе ўвагу, я нават пачынаў спяваць. Добра спяваў, але слоў песні той не памятаю.
Тактыка, абраная мной, была бяспройгрышная. Пакуль мае сябры гулялі наўбіткі ці каталі яйкі ў ямачкі, а потым крыўдавалі адзін на аднога , я ўжо на сярэдзіне вуліцы меў поўныя кішэні яек і іншых пачастункаў.
Мяне гукаў хто-небудзь са старэйшых, дзякаваў за песні і абавязкова заўважаў мае новыя сандалі і шорты, што было вельмі прыемна і дзеля чаго я мусіць і рабіў гэты абход.
І дзядзька Мікола (бацькаў аднагодак і сябар) паклікаў да сябе, пачаставаў яйкамі і цукеркамі ды і параіў спяваць яго песню, якой ён мяне абяцаў навучыць.
Я адразу згадзіўся з прапановай і словы песні запамятаваў адразу.
Яшчэ ён дадаў, што песня гэта падабаецца асабліва жанчынам."Спявай і ўбачыш, як яны радуюцца кожнаму слову!"...
Калі я падыходзіў да сваёй хаты, ў мяне ўжо, акрамя кішэняў, быў поўны і картуз яек і розных пачастункаў. Недзе ў душы я быў вельмі ўдзячны дзядзьку Міколу за яго песню і гэты поспех...
На поплаве, каля нашай хаты, было ўжо шмат людзей. Тут і ў звычайныя дні збіраліся суседзі, каб пасядзець ля вогнішча, наварыць у чугуне бульбы на трынозе і паспяваць песні.
Вось тут я апошнім акордам і завяршаў свой святочны канцэрт, заспяваўшы ва ўвесь голас:
Вецер дуя з-пад калодкі
Дзеўкі любяць (мёд) салодкі.
Смяяцца пачалі ўсе, але бацька чамусь глядзеў на мяне неяк збянтэжана, а потым, калі я паўтарыў прыпеў яшчэ раз, схапіў лазіну і накіраваўся да мяне. "Хто цябе навучыў гэтаму?"- спытаўся ён, з усяе сілы трымаючыся, каб таксама не рассмяяцца. Я назваў свайго настаўніка, і ён, нешта буркнуўшы ў яго адрас,забараніў мне назаўсёды спяваць гэту прыпеўку.
Крыху пазней я даведаўся, што ў тым прыпеве было не так, і чаму заместа мёду частаваў я жанчын, дзякуючы майму настаўніку, зусім іншым. Хай даруюць яны мне гэта.
PS: Не, і тады, калі спяваў, я адчуваў, што ў прыпеве ёсць нейкі падман, але рызыкнуў, бо было на каго перавесці стрэлкі. А два дзесяткі яек і іншыя ласункі, што красаваліся ў рэшаце пасля, сведчылі – рызыка была апраўдана.
Як правіла, добрае забываецца хутка, а гэта і цераз паўвека нібы ўчора спявалася. Можа, таму і застаўся гэты ўспамін такім дарагім, як словы той песні жыцця, дзе мы сапраўды адчувалі сябе шчаслівымі!
Свидетельство о публикации №220050101684