Экскурсiя

У адзін з восеньскіх дзён, калі яшчэ па-летняму яскрава свяціла сонейка, а з ранку на траве блішчала раса, мы, вучні мясцовай школы сёмага яе класа, па папярэдняй дамоўленасці з настаўнікам, пачалі збірацца для паходу  ў  лес. Экскурсію ўзначаліла  настаўніца, што выкладала ў шостым класе батаніку, а зараз, карыстаючыся выпадкам, вяла нас у лес, каб замацаваць атрыманыя веды непасрэдна на прыродзе.
Напярэдадні гэтага дня дамовіліся, дзе будзем збірацца раніцай, як апрануцца ды што ўзяць з сабой.
Паход у лес усім класам быў для нас з'явай нязвыклай, параўнальнай хіба з паездкай у абласны цэнтр. Вучоба ж у школе нібы выступленне на арэне цырка. Абмежаваны прастор, кантраляваныя паводзіны, часовыя  межы - усё гэта не давала гарачаму юнацкаму характару той волі, якая з кожным днём сталення патрабавала ўсё большы і большы прастор.
Апошні раз мы хадзілі з настаўнікам на прыроду ў першым класе.Тых вучняў, хто добра вучыўся, па выніках першага года вучобы узнагароджвалі фотаздымкамі, якія рабілі на канаве за калгасным садам. Было нас пяць чалавек выдатнікаў. Першая узнагарода - першыя ўражанні.
А тут паход у лес, ды разам з дзяўчатамі! Успомніліся і Палескія рабінзоны, і шмат чаго іншага малявалася ў галаве, што магло здарыцца з намі. Вось дзе можа спатрэбіцца і наша дапамога. А што дзяўчаты хіба ж яны такія дужыя, як мы, хлопцы. Спалохаюцца чаго- небудзь  ці згубяцца ў гушчары, а мы тут як тут, і ўжо лагодная ўсмешка замест падзякі кране вусны прыгажуні. А потым ты, трымаючы яе за руку, прывядзеш да астатніх з выглядам жаніха ў ЗАГСе. Але гэта будзе апасля, трэба яшчэ ў лес трапiць…
А дзяўчаты, за лета паладнеўшыя нашы прыгажуні, ўжо саромеліся глядзець хлопцам у вочы, нібы баючыся выдаць нейкую тайну. І калі мы, звыкла,  надакучалі ім сваім прыставаннем, яны ўжо не беглі як дзеці ўслед за намі, каб адпомсціць, а неяк пазіралі на нас па-новаму і больш маўчалі.Такая рэакцыя на нашы ўчынкі была не зусім зразумелай для нас, але чапаць іх пасля гэтага ўжо не хацелася. Яны пасля лета былі нібы старэйшыя за нас, і к гэтаму таксама трэба было прывыкнуць.
Ды і цэлае лета канікул, што так доўга раз'ядноўвала нас, выклікала жаданне быць разам.
У дзевяць  гадзін раніцы вучні,  што жылі далей, сабраліся каля школы і ўжо з настаўніцай пакрочылі па вызначанаму маршруту. Адлегласць ад школы да лесу была прыкладна кіламетраў пяць, а можа і болей. Шлях туды праходзіў і праз нашу вёску, таму, дачакаўшыся  астатніх, мы, шасцёра аднавяскоўцаў, ўліліся ў іх рады і пакрочылі разам.
 Раніца амаль без ветру і з чыстым блакітам неба абяцала добрае надвор'е.
Спачатку ўсе туліліся да настаўніцы, але ісці так было не зручна, бо пясчаная каляiна дарогі перашкаджала гэтаму. Таму праз нейкі час, разбіўшыся на невялікія групкі, мы крочылі па  двое. Прайшоўшы палову пуці па невялікаму хвойніку, ўрэшце выйшлі на поле, за якім віднеўся  сапраўдны лес. Дарога была добрай, не разбітай, таму апошнія падраўняліся і мы пайшлі ўсе разам. Вось тут настаўніца і пачала ўжо правяраць нашы веды, паказваючы на роўныя радкі, што выдзяляліся на адрастаючым іржышчы канюшыны.
"Што гэта, дзеці,  паслана па траве? Хто адкажа?" Адказалі амаль усе разам. Гэта быў лён! І не таму адказалі, што добра ведалі расліну з вучэбніка, а таму, што кожнаму з нас і гэтым летам, як і іншыя гады, давялося браць гэты лён рукамі. Маці адмярала табе участак, дзе рос лён, і табе трэба было выбраць яго, павязаць у снапкі ды і саставіць у дзясяткі. І толькі потым цябе адпускалі пагуляць з сябрамі. Цяжкая гэта была праца. Дзіцячыя рукі праз гадзіну-дзве было не пазнаць. Лён не шкадаваў іх . Памятаю, як нехта ў вёсцы абвясціў, што ў полі робіць машына, якая бярэ лён. Мы беглі натоўпам на тое поле, а потым як зачараваныя пазіралі, як лён знікае ўнутры машыны, а пасля  сцелецца роўнымі радкамі  паза ёй. Колькі было радасці ў вачах дарослых, а нас яна перапаўняла цераз край. "А хто адкажа, якім колерам цвіце лён і калі?" Жадаючых адказаць таксама было шмат.
  Як лён цвіце -  дык нібы мора
  Ужо хвалюецца наўкол,
  І ўзят  блакіт з таго  узора,
  Як герба нашага дэкор!
А цвіце ён амаль два месяцы: з сярэдзіны чэрвеня да сярэдзіны  жніўня.
Вось так, адказваючы на пытанні настаўніцы, мы неўзабаве былі ўжо на ўскрайку лесу.
Тут заўсёды раслі ляшчыны або арэшнік. Мы гэта добра ведалі, бо калі патрэбна было вудзілішча для вуды, крочылі сюды. Ды і арэхі хадзілі збіраць. Крыху далей расло шмат папараці, якая сваім лісцем стварала нібы другі паверх над зямлёй, а  там, дзе папараці не было, рос нізкарослы сунічнік. Арэхі былі спелыя, і ўжо той- сёй спрабаваў пасілкавацца дарамі лесу. Праз колькі крокаў мы ўступілі ў хвойны лес. Сосны сваімі верхалінамі губляліся недзе ў небе, радзей трапляліся елкі ды бярозкі, а ў месцах больш нізкіх стаялі асіны ды вольхі.
 " А вось гэта што за дрэва?"-спыталася настаўніца, паказваючы на невысокае, але з вялікім  размахам галля дрэва. Рэдзенькая лісце, цёмны цвет кары і вельмі трывалая  драўніна - гэта дуб. Дарэчы, першыя жалуды на дубе з'яўляюцца ў трыццаці трох летнім узросце. Гэта мы не ведалі.
Яшчэ на адно дрэўца звярнулі ўсе ўвагу таму, што было яно вельмі прыгожым ад чырвоных ягад. « Не, гэта не каліна і не рабіна - папярэдзіла настаўніца, -гэта берасклет альбо курыная слепата. Прыгожая, але атрутная расліна». Вось так крочылі мы па лясе, а настаўніца, заўважыўшы нешта цікавае, клікала нас, і мы ўсе разам уважліва слухалі яе тлумачэнні.
Бэзава-ружовыя кветкі верасоў, пах ад якіх быў вельмі прыемным, таксама не абмінулі нашай увагі, тым больш, калі мы даведаліся, што  гэта яшчэ і лясны меданос.
Даволі паблукаўшы па лесе, мы выйшлі на невялічкую палянку, дзе вырашылі зрабіць прывал, а настаўніца растлумачыла, як небяспечна развесці вогнішча.
Што ў той час з ежы можна было ўзяць у лес? Абавязкова шматок сала з хлебам ды агурок ці памідор. Камусьці паклалі яшчэ вараныя яйкі, каржы з яблыкамі і нават малака налілі ў бутэльку.
Калі агонь добра разгарэўся, мы, зрабіўшы сабе і дзяўчатам лаўцы, пачалі смажыць сала. Лес быў абуджаны прыемным пахам смажаніны, а мы з нецярпеннем чакалі, калі прыйдзе наш чарод смажыць.
 Вось я і дабраўся да кульмінацыйнай кропкі майго апавядання, бо, акрамя сала з хлебам, улічваючы значнасць  выпадку,  прыхапіў я з дому чвэрць  гарэлкі. Стаяла яна  пад мостам у заднім пакоі ў трохлітровым слоіку. Стаяла на ўсялякі выпадак, як гэта заведзена  ў вёсцы: па неабходнасці.  Вылучыўшы час, калі бацькоў не было дома, я і напоўніў да краёў чакушачку, ды і схаваў яе ў сенцах. А потым непрыкметна забраў яе з хованкі.
Дома гэтай справай у нас не злоўжывалі, але гарэлка была заўсёды: то сена прывезці альбо дровы, то кабанчыка асвяжаваць. Трэба было наняць людзей, а потым пачаставаць іх. Ды і бацька, калі прыязджаў на абед, дазваляў крышачку выпіць для апетыту.
Аб тым, што я нясу ў лес, не ведаў ніхто.
Калі ежа была ўжо гатова, мы, а нас сямёра хлопцаў, адышлі крыху ў лес, нібы да ветру, ды па трохі і каўтанулі той гарэлкі. Вясёлыя звярнуліся да кастра і пачалі закусваць. Паелі ўсё тое, што бралі самі і яшчэ дзяўчатам дапамаглі.
 Праз некаторы час, ужо трохі стомленыя і асалавелыя ад ежы, мы адправіліся ў зваротны шлях.  Экскурсія ўсім спадабалася, а мы, хлопцы, адчувалі сябе амаль дарослымі. І нічога, што ніхто не згубіўся, ці яшчэ што, нам было добра быць разам!
Але, як люблю я казаць, гісторыя на гэтым не скончылася.
Мой аднакласнік  і аднавясковец  Міцька, па мянушцы Кікепка, вечарам тога ж дня расказваў сваім родным аб экскурсіі. Калі маці спыталася, ці еў ён сала (да гэтага не надта), адказаў, што з'еў усё ды яшчэ й мала было. Здзіўленая маці паглядала на сына, спрабуючы разабрацца, ці той жартуе ці не, а ён дадаў, што з'елі таму, што Ладыка (мая мянушка) ўзяў у лес гарэлкі, таму і апетыт быў добры.
Той вечар я жыў уражаннем ад паходу ў лес, успамінаў прыемныя дробязі знаёмства з прыродай і  крышачку ганарыўся сабой, бо ніхто з хлопцаў не дадумаўся ўзяць у лес гарэлкі. Узяць не таму што хацелася выпіць - не! Калі казаць, дык на той момант і не спрабаваў я яе зусім. Віна разы два давялося прыгубіць на застоллях.Тут было другое: нейкі азарт учынка, звязанага з доляй рызыкі. Нейкае самаахвяраванне дзеля іншых, а можа проста хлапчуковая мара быць усюды першым.
Вучыліся мы ў другую змену, таму бацьку з маці я пабачыў толькі ўвечары наступнага дня, пасля школы. У дзённіку красаваліся добрыя адзнакі, настрой быў адпаведны, таму і крочыў я да дому смела. А зайшоўшы ў хату, быў сустрэты пытаннем, а ці браў я ў лес учора гарэлку і з якой нагоды мне яна спатрэбілася?  Адышоўшы на некаторую дыстанцыю ад бацькоў, каб, калі будуць біць, дык успець згрупавацца, я вылажыў усё як на духу. Калі я рабіў якія ўчынкі, то, будучы ў гэтым заўважанным, заўсёды казаў праўду. Гэта дапамагала змякчыць прысуд, ды і адгаворкі шукаць не спатрэбілася.Таму, калі я кажу, што ў нашай сям'і ніхто не хлусіў то гэта праўда.
Бацька сядзеў за сталом моўчкі, але, відаць, не збіраўся пакуль умешвацца. Наогул маім выхаваннем займалася маці, а бацька калі ўжо браў рэмень, лупцаваў доўга -з адцягам, пакуль маці не пачынала адбараняць.
У гэты раз абышлося тым, што матуля зрабіла мне вымову, ды яшчэ трапчынай, што чыгуны выцягвае з печы, перацягнула  разы два. Але гэтага было відавочна мала, каб за справу выхавання  ўзяўся  бацька.
Колькі сябе памятаю, баяўся я хутчэй не фізічнага болю ад рэмня ці чаго другога, а тога выразу твараў маіх бацькоў, якімі яны рабіліся, калі я рабіў нейкую шкоду. Матчыны слёзы і збялелы ад злосці бацькаў твар мне не забыць ужо ніколі.
Можна было радавацца, што ўсё абышлося такім чынам,  але на душы было прыкра.
Я адчуваў сябе вінаватым у сапсаваным настроі бацькоў і яшчэ доўга ў той вечар не знаходзіў сабе месца. Але калі маці паклікала вячэраць, я ўжо зразумеў, што бяда мінавала, а жыццё працягваецца да наступнага ўчынку.


Рецензии