Мая вайна. Антон Лiпнiцкi

...Неяк прачытаў у «Звяздзе» артыкул «Мільёны непачутых гісторый» і вырашыў падзяліцца сваёй, бо з усіх тых хлапцоў, з якімі рос, застаўся я адзін. Яны рана пайшлі на той свет, што не дзіва: на долю нашага пакалення выпала столькі... Успамінаць гэта страшна, але ж моладзь павінна ведаць, праз што мы прайшлі.

Памятаю сам пачатак вайны. Мне было сем гадоў. Малы, цікаўны, я назіраў за калонамі невядомых машын. Раптам адна з іх скіравала проста на мяне... Я спалохаўся i сігануў за бярозу, а немцы зарагаталі.

Праз два-тры месяцы з таго боку, куды iшлi варожыя машыны, з`явiлася вялiкая група палонных салдат. Тыя, галодныя, на хаду рвалі буракi з калгаснага поля і тут жа, сырымі, грызлі іх. Мне шкада было людзей, я кінуўся ў хату, выхапiў з-пад сурвэткi хлеб, каб некаму перадаць. Але маці стрымала мяне – пабаялася, што за гэты ўчынак немцы маглi i забіць.

Кайкава апынулася ў руках немцаў. Фашысты ды іх памагатыя гаспадарылі ў торфаарцелі, на станцыі Міханавічы, ахоўвалі аэрадром у Мачулішчах. А ў лясах ужо з`явіліся партызаны. Так званы Кайкаўскi пасёлак – трынаццаць хат каля лесу асобна ад вёскi – быў партызанскi, там мы i жылi. Партызаны наведвалiся поцемкам за хлебам. Сабак хавалi, каб яны не брахалi на начных гасцей.

Мы кармілі і апраналі партызан, пакуль былi запасы. Сусед Юзік Казак, ляснік, пайшоў у лес з сям`ёй. Па яго просьбе мае цётка і бабуля пяклі хлеб у яго хаце, муку падвозіў нехта з лясніцтва. Для параненых гналі першачок – прамываць раны.

Розныя трапляліся людзі – харошыя і не вельмі. Адны прасілі паесці, другія патрабавалі. Памятаю, малады партызан папрасіў кажух, але атрымаў бацькаву куртку, бо мацi ужо аддала некаму кажух. Папрасіў кубак – далі. Другія ж прыходзілі з пагрозамі, патрабавалі самагон. Аднойчы заходзяць чужыя мужыкi, утрох, адзін у ваеннай форме, і пачынаюць збіраць з ложкаў коўдры і падушкі, з шафы – адзенне. Маці схапіла сваё любімае зялёнае паліто: «Не аддам!» Ваенны вырваў паліто з рук, штурхнуў маці, палез у кладоўку за салам і хлебам. Здабычу кiнулi на абрус, звязалi ў вузел, пагрузiлi на падводу i знiклi ў лесе.

Немцы залагоджвалі насельніцтва: загадалі на ноч заганяць скот на тэрыторыю торфаарцелі, каб не адабралі партызаны; дазволiлi падзяліць калгаснае поле i сабраць ўраджай. Мы нацягалi жыта з поля, зрабiлi запас мукi. Немцы нават беларускую школу адкрылi, але партызаны Юзiк Казак i Мiхаiл Дрозд, таксама наш аднавясковец, спаляць яе па загаду кiраўнiцтва, каб ворагi не ўродвалi свядомасць дзяцей сваёй жудаснай мараллю. 

Пост iх быў на гары за тоўстымi камлямi дрэў. З бездапаможнымі людзьмі немцы былі смелыя, а партызан баяліся і, калі з імі пачыналася перастрэлка, у лес не ішлі – з кулямётаў страчылі па вокнах хат. Нам, малым, мама загадвала тады падаць на падлогу. Немцы звярэлi, але ў лес не сунулiся.

А неяк раніцай ворагі ўварваліся да нас у хату і перавярнулі ўсё. Яны шукалі зброю нават у бочцы з агуркамі. Памятаю таго рыжага, надта злоснага, крыклiвага… Ён накiраваў зброю на мацi, потым на фатаграфiю бацькi. Ёй удалося растлумачыць, што бацька на фронце, а не ў партызанах. Пасля таго як рукi фашыста пабылi ў агурочным расоле, мама выкiнула вон усе агуркi, i мы засталiся на ўсю зiму без звыклай падтрымкi.

Усiх жыхароў сагналі ў пустое гумно. Сказалi, што ўсе мы партызаны, i зараз нас будуць палiць. Жанчыны не разгубіліся, узнялі сапраўдны лямант. Моцна крычала Надзея Савiч, «скардзілася», што з лесу наведваюцца партызаны – ім жыцця не даюць... Тым разам немцы нікога не забілі. Калі ж сіламі мсціўцаў была падарвана вадакачка, знішчаны эшалон з боепрыпасамі, адбыліся выбухі на чыгунцы, літасці ад фашыстаў ужо не стала. Яны палявалі на сем`і партызан, iх сваякоў, учынялi над iмi расправы. Жэню Суржыц, у якой два сыны былi ў партызанскiм руху, жывую ўкінулі ў студню, хату спалiлi.

У наступны раз сялян сагналi ў калгасны свiран i паабяцалi забiць усiх, калi не выйдуць тыя, у каго родныя ў партызанах. Абняўшыся, крок наперад зрабiлi дзве сястрычкi, iх тут жа расстралялi. Мацi i бацьку Чумакоў таксама расстралялi, але злiтавалiся над iх дачкой Валяй. Яна расла сiратой.

Дужых хлапцоў забiралi ў Германiю. Стэфан Мiцкевiч схаваўся пад падлогу. I так здарылася, што ў той самы час, калi ля iх хаты прыпынiлася нямецкая машына, ён гучна спытаў сястру, цi паехалi немцы. Я бачыў, як яго зброяй бiлi па спiне, а потым запiхнулi ў машыну. Дамоў ён не вярнуўся.

Летам 1943 года маiх бабулю i цётку схапiлi немцы i расстралялi за дапамогу партызанам. Маю мацi таксама, напэўна, забралi б, але яна была ў Баханах.

Яшчэ я бачыў, як немцы расстралялі з аўтаматаў чатырох партызан. Пасля вайны разам з дырэктарам школы мы перапахавалі іх у брацкую магілу побач з 69 іншымі змагарамі. А наогул за гады вайны ў Кайкаўскім сельсавеце (гэта тэрыторыя трох вёсак) загінула 288 чалавек.

Было ў нас i такое здарэнне: партызаны закатавалi самага актыўнага нямецкага памагатага-агiтатара.

А дату 28 жніўня мы запомнілі на ўсё жыццё. Маці ў той дзень пайшла на жніво, мы, пяцёра дзяцей, засталіся дома. Старэйшая сястра Мiра (ёй было адзінаццаць) карміла нас, трох братоў, на кухні, чацвёрты спаў у калысцы. І тут – моцны гул самалёта, стральба... Шыбы з вокнаў пасыпалiся на стол, посуд – на падлогу, а ў сцяне за намi – вялізная дзірка. Я выскачыў паглядзець на хату з вулiцы. У сенцах пачыналi гарэць сухiя травы i лён. У тую хвiлiну зноў прыляцеў самалёт, бомба ўпала на хлеў. Мяне моцна штурхнула на дзверы. Злева ад мяне ў сцяне дымiлася куля. З галавой нешта здарылася, шумела ў вушах. Я не мог з месца крануцца, сказаць сястры i братам, што хата гарыць. Таксама аглушаная i перапалоханая, Мiра спачатку вывела двух братоў, а потым вынесла Стасiка, якому быў год i чатыры месяцы. Яна выратавала жыццё малодшаму брацiку. Я пасля моцна шкадаваў, што мяне аглушыла выбухам. Калі б не, я таксама змог бы некага вынесці ці выратаваць хоць нешта з дабра...

Пакуль маці прыбегла з поля, хата згарэла, а дзед толькi пабудаваў яе напярэдаднi вайны. У нас нічога не засталося. Ды што там дом! Каб бомба ўзарвалася на кухнi, усiх дзяцей не было б. Вядома, галоўнае, што выжылі самі. Мама потым дала наказ: «Гэты дзень, 28 жнiўня 1943 года, вельмi страшны, але яго трэба памятаць. Бог выратаваў вас».

Мы засталiся без вопраткi, абутку, ежы. Здаралася, нехта дасць крыху мукі, мама зварыць зацірку. Якое ж гэта свята! Ды што там, галодныя, разутыя і раздзетыя – мы рады былі кожнай бульбіне, пры гэтым, калі прасіў дапамогі нехта з бежанцаў ці пагарэльцаў, маці старалася не адмовіць – дзялілася апошнім.
Аднойчы ноччу немцы цi iх памагатыя зрабiлi засаду на партызан. Была перастрэлка. Ранiцай на дарозе ляжаў забiты сыты конь без кумпяка. Мы гадалi: навошта немцам спатрэбiўся гэты кумпяк? Не ведалi мы тады, што канiну можна есцi, таму момантам не скарысталiся.

Усе нашы пабудовы згарэлі. Спачатку жылі ў калгасным гусятніку, спалi ў саломе. Потым сям'я Пукальчыкаў уступіла нам маленькі пакойчык. У ім быў ложак, і мы, усе пяцёра дзяцей, клаліся на яго ўпоперак і спалі, хоць які там сон, калі ногі долу? Крыху пазней нам дазволілі заняць аварыйную хату Бельскiх з такой дзіравай страхой, што ў дождж не хапала посуду, каб збіраць ваду.

Згарэла даведка, выдадзеная партызанамi за карову, канфiскаваную зiмой 1943 года. Мацi плакала тады, гаравала:
– Як малыя дзецi будуць жыць без малака?

Партызан адказаў:

– У лесе таксама дзецi, iх там многа. Не бядуйце, пераможам гiтлераўцаў, i кiраўнiцтва з усiмi разлiчыцца.

Памятаю нават колер той даведкi – так мы яе бераглi. Сапраўды, пасля вайны кароў вярталi, галандкамi iх называлi. Але ў нас даведкi не было...

Узiмку 1944 года да нас зайшоў знясiлены партызан i папрасiўся пераначаваць. Хата Бельскiх знаходзiлася далекавата ад гравiйкi, амаль на хутары. Ранiцай, яшчэ зацемна, мацi пачула гул машыны каля хаты Мiцкевiч Ядвiсi. Машына забуксавала ў снезе пад горкай. Гэта гурба снегу выратавала жыццё i нам, i партызану, якi спаў на падлозе ў вопратцы i абутку. Хаваючыся за кустамi, ён накiраваўся ў лес. На машыне ехалi памагатыя немцаў. Яны не паехалi далей праз лес па прасёлкавай дарозе – на Мачулiшчы, а завярнулi да нашай хаты, паставiлi кулямёт на склепе i доўга абстрэльвалi лес. Настралялi з вядро гiльз. Мы не зразумелi: цi то вучэнне якое, цi то проста страляюць дзеля галачкi? Загадалi з хаты не выходзiць, самi ж тым часам укралi сем курачак.

Гэты партызан адшукаў нас пасля вайны. Мы адбудавалiся, у сваёй хаце жылi. Даведалiся, што ў той дзень ён выконваў загад камандзiра. На ўчастку памiж прыпынкам «Асееўка» i станцыяй «Мачулiшчы» ён выбраў месца, прыкрытае дрэвамi, i залажыў зарад пад рэльсы. Ён мог iх адразу ўзарваць i ўцячы, але ж яму захацелася дачакацца эшалона. Пачуўшы лiтоўскiх палiцаяў, хутка падпалiў бiкфордаў шнур i кiнуўся ўцякаць. Свяцiў месяц, а ў яго не было нават маскiровачнага халата. Палiцаi яго заўважылi, пачалi па iм страляць з аўтаматаў. Дрэвы выратавалi. Выбух прагрымеў тады надта моцны. Партызан дабiраўся да нас па снежнаму полю – шэсць кiламетраў.

Мы пасябравалi. Ён наведваў таксама былога партызана Мiхаiла Дразда – прыязджаў да яго па яблыкi i вiшнi. Дапамог дастаць два матацыклы (вялiзны дэфiцыт у тыя гады!), адзiн – для грыбавара з Мядзельскага раёна, да якога ездзiлi па грыбы.

Жыў ён у Мiнску ў кватэры над кафэ «Вясна». Працаваў намеснiкам старшынi будаўнiчай арганiзацыi. Мяне на добрую працу ўладкаваў. Заслужанаму партызану далi кватэру ў раёне Камароўкi, але сям`я аб гэтым не здагадвалася… Чарка загубiла яго.

 
...Памятаю, вядома ж, і наступленне нашай арміі.

Вясна 1944 года. Перад наступленнем наша авiяцыя па начах бамбiла аэрадром у Мачулiшчах. Наш пасёлак знаходзiўся насупраць, пiлоты iншы раз памылялiся, i бомбы падалi каля нашай трухлявай хаты. Са столi на галаву сыпалiся кавалкi спарахнелага уцяпляльнiка, таму мы хавалiся ў склепе.

Летам 1944 года палiцаi падпалiлi склад з боепрыпасамi i ўцяклi. Усю ноч узрывалiся снарады. Праз дзень цi два танкi iмчалiся ў напрамку Мiнск – Слуцк, частка – на Мачулiшчы.

Сяляне выйшлi насустрач воiнам з кветкамi, жбанамi малака, а цётка Ядвiся – з вялiзным караваем хлеба. Танкi не спынялiся, таму цётка адломвала кавалкi хлеба i кiдала iх танкiстам. Здаралася, хлеб падаў на зямлю. Я прапанаваў ёй сваю дапамогу, i мы ўдваiх добра спраўлялiся, цётка ледзьве паспявала падаваць мне хлеб.

Артылерыя адкрыла агонь па ворагу. Гарматы стаялi на месцы былой смалакурнi. Адзiн салдат з бiноклем схаваўся за комiнам нашай хаты i каардынаваў агонь. Немцы люта супрацiўлялiся, па нас бiлi варожыя гарматы. Усе жыхары хавалiся ў падвалах. 

Каля мосцiка ляжаў паранены баец i сцякаў крывёй. Яго падабралi i некуды павезлi. У той дзень загiнула мацi Барыса Анцiлеўскага, i выпадковай куляй паранiла ў шыю майго сябра Шурку, сына Тонiка Матрончыка. Iх сям`я жыла праз дом ад нас. Нашы мацi таксама сябравалi. Шурку выносiлi на двор, i я сядзеў з iм. Не выжыў мой равеснiк... 

Ранiцай убачыў нямецкую легкавую машыну, якая паспрабавала вырвацца з акружэння на магiстраль па нашай гравiйцы, але не змагла. Падбягаю: пашкоджана пярэдняе правае кола, правы бок машыны пасечаны кулямi, у бардачку – губны гармонiк, запальнiца-пiсталет, трохкаляровы лiхтар i сцiзорык. На заднiм сядзеннi ляжаў кiцель у крывi, я выкiнуў яго з машыны. З кiшэнi выпаў крыж чырвонага колеру. Асаблiва парадаваўся, калi знайшоў аўтамат шнайзер. Схаваў яго ў хлеве. Братам спадабаўся гармонiк. Мацi адразу забрала яго, добра вымыла i выцерла. Ранiцай гармонiка не стала. Я навалiўся на братоў i сястру, пачалася сварка.

– Дзецi, не сварыцеся! – сказала мацi. – Вы заснулi, а да нас зноў прыходзiлi бежанцы. Напэўна, яны i забралi з сабой гармонiк.

Я любіў страляць над вадой, глядзець, як кулі рыкашэцяць ад паверхні вады. Месяц пастраляў, а потым па просьбе сястры аддаў свой шнайзер незнаёмым мужчынам.

У той час дзецi знаходзiлi многа зброi, нават зенiтку безгаспадарную можна было падабраць. Я лазiў у падбiтыя каля вёскi нямецкiя танкi, вывучаў iх сярэдзiну. Ваеннае дзяцiнства…

Праз месяц пасля вызвалення Мiнска па нашай гравiйцы гналi строем калоны палонных немцаў, з магiлёўкi ў бок слуцкай шашы. Шмат было iх, трапiўшых у кацёл... Мы, дзецi з вёскi Кайкава, суправаджалi калоны, час ад часу пастрэльвалi па немцах з рагатак, непрыкметна кiдалi ў iх каменьчыкi. Аднойчы з намi здарылася такое, што да гэтай пары няма мне спакою.

Палонныя немцы, галодныя, з цяжкасцю перасоўвалiся, многiя падалi. Калона прыпынiлася ля сажалкi – чакалi пяцярых параненых, якiя ледзьве перастаўлялi ногi. Самага слабога падтрымлiвалi на палачцы. Ахова не ўкладвалася ў тэрмiн, таму нервавалася. Параненых пасадзiлi на зямлю асобна ад калоны, прычым аднаго з iх канваiр схапiў за каўнер i кiнуў на зямлю. Параненыя разумелi: iх пакуты хутка скончацца. Здавалася, што яны нават цiха радавалiся будучаму вызваленню.

Ахоўнiк, нiзкарослы каржакаваты мужык, загадаў iм зняць галiфэ, пад якiмi чамусьцi не было бялiзны. Нас, пацаноў, было чалавек пятнаццаць-дваццаць, сярод нас была i дзяўчынка, Маркоўская Рэня, якая прыходзiлася мне цёткай – малодшая сястра маёй мамы. Дзяцей не пасаромеўся... Палонных расстралялi на нашых вачах. Дзецям загадалi адцягнуць забiтых немцаў за ногi i скiнуць у яму за чатырыста метраў ад сажалкi. Мы падпарадкавалiся, злёгку прысыпалi напаўголыя целы пяском – нагамi, бо рыдлёвак у нас не было. Да ямы падыйшоў чалавек: «Што вы, хлопцы, робiце? Мы ж тут пясок бярэм. Цягнiце iх у лес, у акопы!» Дасталi з ямы, зацягнулi ў лес i пакiнулi пад дрэвамi… распухлi, вядома ж… нехта потым iх закапаў…

Старэйшыя хлопцы паспелi памацаць па кiшэнях забiтых. Я знайшоў на зямлi прыгожую скрыначку з пер`ямi – iх выкiнулi за непатрэбнасцю. У 1944 годзе я пайшоў у школу i даведаўся, што такiмi пер`ямi карыстаюцца мастакi.

Прайшоў час. Аглядваўся на тыя падзеi i думаў: страшэнны грэх узяў я на душу. Не тым, што дапамог старэйшым, а тым, што адчуў салодкую радасць помсты за забiтых бабулю i цётку: вось i вам, фашысты, за ўсе здзекi! Мае сябры таксама былi задаволеныя тым, што далучылiся да расправы з ворагам. I штаны – з той жа серыi, яны ж нiкому не былi патрэбныя.

Можа, каб мне давялося помсцiць жывому немцу, я б так не каяўся? Але ён быў мёртвы. Нельга так з нябожчыкамi, нельга. Многае з жыцця забываецца, але той дзень памятаю вельмi добра…

I з крыжам атрымаўся непрыемны выпадак. Вiнаваты ў тым я. Стрыечны брат папрасiў у мяне крыж. Мы не заўважылi, як нямецкая ўзнагарода апынулася на яго грудзях. Мiма праходзiла калона салдат. Раптам адзiн баец падбягае да хлопчыка i крычыць: «Дзе ты ўзяў яго?» Ён вырваў з мясам той крыж i закiнуў у агарод Гараўскага Антона.

Не перадаць, праз якiя пакуты прыйшлося прайсцi. Маладому пакаленню нават цяжка зразумець. Цяпер не верыцца: на ежу кідаўся, не раўнуючы як галодны сабака. Увесь час хацелася есцi. У той светлы дзень вызвалення жанчына ў ваеннай форме дала мне два брыкецікі спрасаванага гароху, каб маці зварыла суп. Я, шчаслівы, схаваў іх за пазуху, каб ніхто не ўбачыў і не адабраў, але быў такі галодны, што не вытрымаў і адзін цвёрды, але такi смачны брыкецік па дарозе з`еў.

Знойдзены на зямлi кавалачак хлеба абдзьмухваў i еў, i быў упэўнены, што яго не выкiнулi, а згубiлi. Неяк на траве ў ляснiцтве трапiў на кучу варанай салёнай макароны, добра наеўся сам, а рэшткi сабраў у кашулю i прынёс дадому.

Нарэшце мы ўзялі крэдыт на будаўніцтва хаты на дзесяць гадоў. Але чым яго аддаваць, калі ў калгасе за працу амаль нічога не плацілі? Помню, мы ўчатырох (тата – інвалід другой групы, мама і я з сястрой) за год атрымалі 40 кілаграмаў жыта. Калі падзяліць іх на ўсю сям'ю, атрымаецца 16 г на дзень на чалавека. Усю бульбу, што вырошчвалі, і тытунь-самасад даводзілася прадаваць. Летам, і таксама на продаж, мы збіралі ягады і грыбы. Іх насілі на кірмаш. Самі жылі на галодным пайку: хлеба мама давала па тоненькай лустачцы.

У школу я пайшоў сапраўдным пудзілам – ва ўсім чужым, выпадковым. Нехта аддаў нам цыганскія жаночыя боцікі, ды яшчэ і на абцасах. Я насiў iх, бо iншага абутку не было. Дзяўчынкі смяяліся з мяне, я ж моўчкi пакутаваў. Аднойчы не стрываў, уцёк з урокаў на сажалку – вырашыў утапiцца. На шчасце, не атрымалася: вада была залiшне бруднай, а самае глыбокае месца – па шыю. Людзi ўбачылi хлапца, якi боўтаўся ў вадзе, правiльна ацанiлi ciтуацыю i выцягнулi небараку на бераг. Памятаю, было сорамна, пакуль мяне неслi дамоў. Мама ўсё зразумела без слоў, але магчымасцi змянiць знешнi выгляд сына яна не мела.

Замест школы я пачаў хадзiць да дзядзькi Якава на млын.

З фронту вярнуўся бацька, яму пераказалi пра маю «вучобу». Ён хутка сцямiў, у чым тут справа, i знайшоў выхад: да старых выкінутых ботаў прыладзіў новую падэшву з дрэва. Цяжка было хадзіць у такой «абноўцы», затое ўзiмку на сажалцы я адрываўся – абганяў нават тых, хто быў на каньках. 

Памятаю, як у 1947 годзе кружылася галава, нават знепрытомнеў аднойчы, калi iшлi са школы. Тады мацi пачала даваць мне больш хлеба.

Вось такое ў мяне было маленства. Яго трэба помніць.

Пасля армii ўладкаваўся ў Мiнску на добрую працу. Насiў салдацкую вопратку, усе грошы аддаваў на крэдыт. Неяк мы сабралiся вялiкай сям`ёй за сталом, шэсць хлапцоў i сястра. Успамiналi, як мы сустракалi Чырвоную армiю варожай узнагародай. Я апраўдваўся:

– Не я павесiў крыж на грудзi Сенi. Ты ж старэйшы, чаму не загадаў малому зняць крыж?

А мацi здзiвiла нас сваiм прызнаннем:

– Дзецi, прабачце мяне, я ж тады пра гармонiк няпраўду сказала. Не магла пагадзiцца з тым, што забойцы слюнявiлi яго, весялiлiся, а мае дзецi ў рот яго бяруць. Выкiнула яго ў яму ад бомбы каля хаты Бельскiх.

Пасля вайны Маркоўская Рэня, сястра мацi, стала дэпутатам сельсавета, потым загадвала млыном. Разумная была дзяўчына. Атруцiлася ва ўзросце трыццацi гадоў.

Мiхаiл Дрозд пайшоў на вайну бедняком, а вярнуўся з каровай, з гадзiннiкам на руцэ, i ў хаце ходзiкi павесiў. Мяне, малога, гэта вельмi ўразiла. Дарэчы, наша сям`я параднiлiся з Мiхаiлам Драздом: мой стрыечны брат нечакана ажанiўся з яго ўнучкай. Мы з Мiхаiлам часта ўспамiналi ваенны час. Парой размова пераходзiла ў сварку. Я яму:

– Добра, вы стралялi па торфаарцелi, але кулi нiводнай драпiны не пакiнулi на немцах, бо мясцовыя могiлкi на гары засланялi гэту арцель. Навошта стралялi?

Ён мне тлумачыў:

– Антон, зразумей, у немцаў былi кулямёты, а нам нават вiнтовак не хапала. Загад быў, каб зямля гарэла пад нагамi ў гiтлераўцаў, вось i палохалi немчуру, як маглi. Злосцi i нянавiсцi да ворага хапала кожнаму партызану, але як ваяваць без зброi? Аднак змагалiся! Ты ж памятаеш, колькi шкоды мы iм нарабiлi на чыгунцы!

Памятаю, вядома ж, усё памятаю.


Парой цiкавiць мяне думка: што б сказала мацi, калi б даведалася, што мая дачка выйдзе замуж за немца, дырэктара рэкламнага агенцтва? Яна скончыла ўнiверсiтэт у Германii, працуе ў аддзеле кадраў завода «Бош». Маюць трохпавярховы катэдж, трымаюць прыбiральшчыцу в`етнамку, садоўнiка нанiмаюць. На адпачынак выязджаюць у замежныя краiны. Сыну адзiнаццаць год. Шчаслiвая сям`я.

Мой лёс, лiчу, таксама склаўся ўдала. Атрымаў прафесiю фатографа. Не разлучаўся з фотатэхнiкай 41 год. Сустрэў сваё каханне, з жонкай Галiнай разам ужо больш за паўвека, у нас дзве дачкi, тры ўнукi.

Антон Лiпнiцкi, г.Мiнск, 2020


Рецензии